Д. У. Дубінін, бдпу (Мінск)




Дата канвертавання17.03.2016
Памер57.16 Kb.

powerpluswatermarkobject567267


ДЗЕЙНАСЦЬ КРАЯЗНАЎЧЫХ ГРАМАДСКІХ АБ’ЯДНАННЯЎ І НАВУКОВА-КУЛЬТУРНЫХ АРГАНІЗАЦЫЙ

У БЕЛАРУСІ НАПРЫКАНЦЫ ХХ ст.

Д.У. Дубінін, БДПУ (Мінск)


У другой палове 80-х гг. ХХ стагоддзя адметную ролю ў развіцці гістарычнага краязнаўства ў Беларусі адыгралі культурна-асветніцкія грамадскія аб’яднанні: краязнаўчая камісія Беларускага фонда культуры, Беларускае краязнаўчае таварыства, Беларуская краязнаўчая асацыяцыя, “нефармальныя” аб’яднанні “Талака”, “Паходня”, “Узгор’е”, “Машэка” і інш. Дзякуючы дзейнасці гісторыка-культурных аб’яднанняў ажывілася грамадская цікавасць да нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, былі выратаваны некаторыя помнікі гісторыі і культуры ў гарадах Беларусі.

Дзейнасць грамадскіх арганізацый краязнаўчай накіраванасці садзейнічала арганізацыі ў Беларусі музеяў краязнаўчага профілю, а таксама пераафармленню экспазіцый, якія не адпавядалі краязнаўчаму прынцыпу.

Былі папоўнены калекцыі і фонды абласных і рэспубліканскіх дзяржаўных архіўных сховішчаў, распрацавана канцэпцыя і выдадзены гісторыка-культурныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі з серыі “Памяць”.

У снежні 1989г. адбылася Усебеларуская канферэнцыя краязнаўцаў, якая аднесла да задач краязнаўчых арганізацый пошукавую архіўна-бібліяграфічную работу, выяўленне помнікаў гісторыі i культуры, арганізацыю музеяў, напісанне гісторыі вёсак і гарадоў, вывучэнне помнікаў прыроды, тапанімікі, збіранне вуснай народнай творчасці, дапамогу органам адукацыі і культуры.

На сённяшні дзень краязнаўствам займаюцца: Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі i культуры, Беларускае таварыства аховы прыроды, Беларускі фонд культуры, Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны i інш. Сабраныя краязнаўцамі матэрыялы ўключаюцца ў навуковыя даследаванні, экспазіцыі музеяў, выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы праектаў рэстаўрацыі помнікаў. У выніку пошукавай работы выяўляюцца мемарыяльныя i памятныя гістарычныя мясціны.

Дзейнасць арганізацый краязнаўчай накіраванасці асвятляецца ў перыядычных выданнях: бюлетэнь ”Помнікі гісторыі і культуры Беларусі” (з 1989г. – часопіс «Спадчына»), часопісы – «Беларускі гістарычны часопіс”, «Беларуская мінуўшчына”, «Родная прырода», «Роднае слова» i інш.

Сярод перыядычных выданнняў асноўнае месца займае “Краязнаўчая газета” (г. Мінск), якая выдаецца з красавіка 2003 г.. На старонках выдання змяшчаюцца артыкулы краязнаўцаў, прысвечаныя гісторыіі і традыцыям рэгіёнаў нашай краіны. Асобная ўвага надаецца публікацыям пра краязнаўчыя пошукі і працу музеяў у школах. Сярод найбольш папулярных рубрыкаў – “Малая краязнаўчая энцыклапедыя”, “Асоба ў краязнаўстве”, “На паліцу краязнаўцы”, “Царкоўнае краязнаўства”, “Даследуюць вучні”, “Рэгіён”, “ Землякі”.

У шэрагу раённых газет існуюць тэматычныя краязнаўчыя старонкі. У рэгіёнах выдаюцца неперыядычныя навуковыя краязнаўчыя зборнікі, часопісы i альманахі («Cвiцязь», «Гарадзенскія запісы», «Віцебскі сшытак», «Магілёўская даўніна»,“Maгілёўшчына”, «Палессе».

Краязнаўчымі даследаваннямі займаюцца беларускія навукова-культурныя арганізацыі за мяжой: Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША, Беларуская бібліятэка і музей імя Ф. Скарыны ў Лондане, Таварыства беларусаў ў Маскве, Згуртаванне беларусаў Казахстана і інш.

Дзейнасць БГТК накіравана на развіццё беларускай нацыянальнай асветы i культуры ў супрацоўніцтве i дыялогу з польскай культурай, а таксама з культурамі іншых нацыянальных меншасцей, якія пражываюць у краіне. БГКТ арганізоўвае агульнапольскі фестываль «Беларуская песня», які кожны год праводзіцца ў Беластоку, агляды фальклорных калектываў. Пры БГКТ працуюць літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Белавежа», каля 35 калектываў мастацкай самадзейнасці, клубы, бібліятэкі. Таварыства выдае «Беларускі каляндар», рэпертуарныя зборнікі, з’яўляецца заснавальнікам тыднёвіка «Ніва», наладжвае правядзенне радыёперадач на беларускай мове.

Грамадская навукова-культурная арганізацыя беларускай эміграцыі ў ЗША – Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва (БІНіМ)  мае філіялы ў Германіі (Мюнхен, з 1955г.) і Канадзе (Таронта, з 1967г.). Арганізацыя БІНіМ ў 1951г. была абумоўлена, па-першае, патрэбаю згуртаваць дзейсныя беларускія інтэлектуальныя кадры, а па-другое, пазнаёміць заходняе грамадцтва з Беларуссю. З канца 1980-х гадоў інстытут наладжвае кантакты з арганізацыямі Беларусі. У арганізацыі ёсць свой друкаваны орган — навуковы штогоднік «Запісы».

Беларуская бібліятэка і музей імя Францыска Скарыны ў Лондане —атрымала статус «незалежнай навукова-харытатыўнай установы» і з'яўляецца «ўласнасцю ўсіх беларусаў». Фондамі бібліятэкі могуць карытацца ўсе, хто цікавіцца беларусістыкай незалежна ад іх нацыянальнасці. Аснову бібліятэкі склалі прыватныя зборы беларускіх святароў  Ч. Сіповіча і Л. Гарошкі. У бібліятэцы і музеі захоўваецца каля 40 тыс. тамоў кніг і камплектаў газет і часопісаў. Сярод іх фрагмент першай кнігі «Царствы» Ф. Скарыны, Статут Вялікага княства Літоўскага 1588г., рэдкія беларускія выданні, надрукаваныя ў Вільні, першадрукі зборнікаў М. Багдановіча, К. Буйло, М. Гарэцкага, Я. Купалы, М. Танка і іншых беларускіх пісьменнікаў, першавыданні прац гісторыкаў А. Гваньіні, А. Каяловіча і інш., творы эмігранцкіх аўтараў. У калекцыі рукапісаў ёсць 24 беларускамоўных дакумента 1499—1682гг. У музейных пакоях экспануюцца ўзоры беларускага народнага ткацтва і вышыўкі, 2 слуцкія паясы і сшыты з паясоў арнат, сельскагаспадарчыя і хатнія прылады, калекцыя манет ВКЛ і інш.

У бібліятэцы вывешаны жывапісныя і графічныя работы К. Каганца, Б. Малкіна, П. Сергіевіча, мастакоў-эмігрантаў В. Жаўняровіча, П. Мірановіча, М. Наўмовіча, М. Паўлюкоўскага, М. Саўкі-Міхальскага і інш. Бібліятэка ажыццяўляе выдавецкую дзейнасць, праводзіць навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя юбілеям дзеячаў беларускай культуры, праблемам гістарычнай спадчыны, рэлігійнага жыцця, арганізуе штогадовыя курсы лекцый па беларусазнаўству, сустрэчы з гасцямі з Беларусі, вечары паэзіі. 3 бібліятэкай цесна супрацоўнічае Англа-беларускае таварыства.

Дзеля захавання беларускай прысутнасці ў свеце, яднання ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, павышэння аўтарытэту беларускай нацыі на міжнародным узроўні ў 1993 г. было створана згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».  Мэты згуртавання – адраджэнне Беларусі як суверэннай дзяржавы, кансалідацыя беларусаў як нацыі, роўнай сярод роўных у сусветнай супольнасці, выхаванне нацыянальнай свядомасці беларусаў, клопат пра духоўнае і фізічнае захаванне беларускай нацыі; спрыянне росту павагі беларусаў да сваёй гісторыі, культуры і мовы, любові да роднай зямлі; духоўнае, арганізацыйнае, эканамічнае яднанне ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі і на Бацькаўшчыне.

У 1987г. маскоўскімі студэнтамі была створана моладзевая суполка «Пагоня», а 26 кастрычніка 1988 г. атрымала афіцыйны статут Маскоўскае гарадцкое таварыства беларускай культуры імя Францішка Скарыны (ТБК). Гэта была першая афіцыйна ўтвораная суполка беларускай дыяспары ў Расійскай Федэрацыі. У склад згуртавання увайшлі беларускія літаратары, пісьменнікі, вайскоўцы, навукоўцы, сябры суполкі «Пагоня». Ад 1990 г.  выдаецца часопіс «Шляхам Скарыны». Да пачатку 1994г. ТБК наладзіла стасункі з 15 суполкамі беларускай дыяспары, а ў 1994г. увайшло ў склад Згуртавання Беларусаў Свету. На сённяшні дзень ТБК пэрыядычна арганізуе ў Маскве лекцыі беларускіх пісьменьнікаў, гісторыкаў і палітыкаў.

У адпаведнасці з планам работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на 2013 год і ў мэтах удасканалення краязнаўчай дзейнасці педагагічных работнікаў па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнскай моладзі 3-5 красавіка бягучага года у Нясвіжы прайшлі XIII рэспубліканскія педагагічныя краязнаўчыя чытанні па тэме: ”Краязнаўчы кампанент у сістэме грамадзянска і патрыятычнага станаўлення асобы“. У краязнаўчых чытаннях прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, навукоўцы, педагогі-краязнаўцы з усіх рэгіёнаў краіны, усяго 85 чалавек. Падчас краязнаўчых чытанняў былі заслуханы 28 выступленняў навукоўцаў і педагогаў-краязнаўцаў. Удзельнікі чытанняў абмяняліся вопытам работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнскай моладзі, абмеркавалі пытанні далучэння моладзі да даследавання гісторыка-культурных і прыродных адметнасцей краю.



На сёняшні дзень асноўнымі накірункамі дзейнасці краязнаўчых грамадскіх аб’яднанняў і навукова-культурных арганізацый з’яўляюцца: арганізацыя і правядзенне профільных краязнаўчых летнікаў, злётаў, канферэнцый, конкурсаў, семінараў і інш.; каардынацыя і метадычнае забеспячэнне дзейнасці музеяў, устаноў адукацыі; правядзення рэспубліканскіх акцый навучэнскай моладзі.
Літаратура

  1. Историческое краеведение Белоруссии: учеб. пособие / А. Н. Ваганова, Э. М. Загорульский, В. С. Костылев [и др.]; под. ред. Э. М. Загорульского. Минск, 1980.

  2. Лыч, Л. Беларуская нацыянальная ідэя: тэарэтычны і практычны аспекты /Лыч Леанід. - Мінск: 2000.

  3. Трэпет Л. Краязнаўства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т.4. Мінск, 1997.

  4. Трусаў, А.А. Роля гісторыка-культурнай спадчыны ў фармаванні беларускай ментальнасці // Наша слова, № 40, 5 кастрычніка 2011 г.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка