Цябе няма. Цябе і не было Як не было сустрэч і развітанняў




Дата канвертавання11.06.2016
Памер26.42 Kb.
***

Цябе няма. Цябе і не было...

Як не было сустрэч і развітанняў.

Сама сабе прыдумала каханне

Зіме і сцюжы сённяшняй назло…
Цябе няма. Цябе і не было.

Халодны змрок і золкае світанне…

Я ведаю: дарэмнае чаканне,

Ды для цябе палю ўначы святло…


Цябе няма. Цябе і не было!

Са мной ніколі ты не быў, каханы,

І лёсам ты з другою паяднаны.

Мяне няма. Мяне і не было…


***

Чаму? – сама не разумею –

Прыходзяць да мяне часцей

Лагодны сум тваіх вачэй

І слоў пяшчотная завея.
Чаму? – сама не разумею.
На скрыжаванні ста дарог

Сустрэцца ўсё ж наканавана:

Ці позна ўвечары, ці рана

Ты завітаеш на парог…


Чаму? – сама не разумею –

Усмешка у тваіх вачах.

У нас з табою розны шлях:

Ты – ў белы дзень, а я – ў завею…


Чаму? Сама не разумею…
***

Так шчымліва у шчасце верыцца,

І не ведаеш, як даверыцца,

І не можаш ніяк адважыцца…

Як размову пачаць наважыцца,

Калі сэрца ў грудзях не месціцца,

Калі вочы, як зоры, свецяцца,

Калі думкамі песні родзяцца,

Калі слёзы ад шчасця коцяцца?..
…І не трэба ні пекла, ні раю,

Толькі б ЁН адказаў: “Кахаю!”


***

“Застанься! – шаптаў нясмела. –

Да рання яшчэ далёка…”

За вокнамі ноч шалела,

Залева глушыла крокі.
Быў з вечнасцю свет з’яднаны,

І шчасцем была пакута…

“Адзіны ты мой! Каханы!..”

І вусны, як мёд атрутны…


Гадзіннік стаіў дыханне.

Быў ранак нясцерпна золкі.

Ты словы шаптаў кахання,

І ў вечнасць ляцелі зоркі…


***

Засынаць на тваім плячы,

У пяшчоце тваіх абдымкаў…

Я твая да апошняй радзімкі –

Паланянка тваёй начы…
Словы – заўтра. Пакуль маўчы!

Палка танчаць ад свечак блікі…

У сусвет неспазнана вялікі

Я сягоння знайшла ключы…


З кім ты зоркі раней лічыў,

Каго першай назваў ты мілай,

Мне не важна, калі шчаслівы

Ты заснеш на маім плячы…


***

Так хочацца быць шчаслівай,

Наіўнай, крыху апантанай,

Прыгожай, даверлівай, мілай…

Так хочацца быць каханай…
Няхай і ўзлёт, і падзенне,

І прысмак гарклявы самоты…

Вясна – гэта час нараджэння,

А смутак пакінем на потым!


Жыццё – незагойная рана,

Ды ўсё-такі знойдуцца сілы…

Так хочацца быць каханай!

Так хочацца быць шчаслівай!


***

А мне так не хапае цябе,

Як паветра на беразе рыбіне,

Як дажджоў не хапае ў ліпені…

Любы, так не хапае цябе!
Як блукальніку даху, жытла,

Як у цемры – хоць ніткі святла,

Не хапае, як роднай зямлі

Спадарожнаму на караблі…


Любы, як мне цябе не хапае!!!


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка