Цімох ліякумовіч пясняр палесся уладзімір Дубоўка І яго «Палеская рапсодыя»




Дата канвертавання07.05.2016
Памер119.6 Kb.
Цімох ЛІЯКУМОВІЧ
ПЯСНЯР ПАЛЕССЯ
Уладзімір Дубоўка і яго «Палеская рапсодыя»

Паэзія Уладзіміра Дубоўкі — яркая старонка беларускай літаратуры, дзе паэт выказаў захапленне Беларуссю і любоў да яе прыроды і людзей. Хараство роднай зямлі адгукнулася ў яго сэрцы задушэўнай песняй.

Хвалявалі Уладзіміра Дубоўку паданні і легенды пра Палескі край. Паэта заінтрыгавалі, паводле яго ўласнага прызнання, выказванні пра Палессе рускага пісьменніка Л. Вайталоў-скага (1876—1941) «...Якой гармоніяй, якой неўтаймаванаю прадуманасцю дыхала гэтая грубая, моцна збітая палеская праўда! I хто назаве гэтую стройную цэльную сістэму, якая абдымае ўвесь свет чалавечай думкі, забабонам альбо лухтой? Хіба не больш у ёй шырыні і разумення, мудрасці і выразнасці духу і чулай успрымальнасці да прыгажосці, чым у натурфіласофіі Шэлінга ці ў міфалогіі грэкаў» .

Уладзімір Дубоўка марыў пабываць на зямлі, што авеяна славай, таемнасцю і загадкамі. Сваё жаданне ён ажыццявіў толькі пасля рэабілітацыі, пасля трох дзесяцігоддзяў адарванасці ад Беларусі, калі атрымаў у 1958 г. магчымасць вырвацца з вымушанага шматгадовага маўчання, вярнуцца да творчай працы. Тады ж паэт наведаў родны Нарачанскі край, а ўлетку 1959 г. зрабіў падарожжа па Палессі.

У час гэтай паездкі Уладзімір Дубоўка, паводле сведчання яго спадарожніка Васіля Віткі, абышоў усе вуліцы і зялёныя ўскраіны Кобрына; ездзіў па Днепра-Бугскім канале; на кацеры дабіраўся з Шнека ў старажытны Тураў, а потым — у Мазыр. Уладзімір Дубоўка пабываў у самай глыбінцы Палесся — у вёсках Радзівілавічы, Букча, Тонеж на Тураўшчыне, якія славіліся сваімі спевакамі і танцорамі. Ён з цікавасцю знаёміўся з побытам палешукоў, з іх своеасаблівым нацыянальным каларытам жыцця, з даўнімі народнымі звычаямі.

3 юнацкай няўрымслівасцю і няўтольнай прагнасцю ўглядаўся Уладзімір Дубоўка ў жыццё. Гэта было яго вяртанне да сваіх вытокаў. Васіль Вітка засведчыў: «Майму дапытліваму спадарожніку хацелася як мага болей убачыць, пачуць, пагаварыць з кожным новым знаёмым...» .

Пазней Уладзімір Дубоўка ў размове з Сяргеем Грахоўскім прызнаўся, што ў час вандравання па гарадах і сёлах Палесся яго ўсё хвалявала і захапляла, прымушала прагна ўглядацца ў новыя рысы аблічча роднай зямлі, чуйна прыслухоўвацца да кожнага руху народнай душы, выклікалі замілаванне энергія і талент працоўнага чалавека .

У сваю чаргу палешукі цягнуліся да паэта, сівая барада якога, праніклівыя і вясёлыя вочы, лагодная ўсмешка рабілі яго падобным да сапраўднага чарадзея.

«Колькі мы пабачылі цікавага на Палессі! Колькі сустракалася нам добрых людзей, колькі мы наслухаліся цікавых апавяданняў, прыгожых песень і казак!.. Перадаць гэта коратка — нельга»,— захапляўся паэт . Уражанні ад прыроды і людзей Палесся былі настолькі вялікімі, што перасягнулі ўсе чаканні. Паэт не памыліўся, калі абраў палескі маршрут у пошуках творчага настрою.

На хвалі радасці вяртання да паўнацэннага жыцця, на хвалі паэтычнага ^ўзлёту стваралася каларытная кніга звонкіх вершаў «Палеская рапсодыя» (1961). Аб яе жыццёвай аснове сведчыць Васіль Вітка: «...Для мяне асабіста — вялікая асалода чытаць і перачытваць яе старонкі. За кожным вершам я пазнаю людзей, з якімі мы сустрака-ліся, прыгадваю мясціны, што асабліва ўразілі нас сваім хараством» .

Уладзіміра Дубоўку вабілі людзі Палескага краю, працавітыя, разважлівыя, спагадлівыя. Ён па-юнацку захапляў­ся іх духоўнай чысцінёй, адкрытасцю душы, шчырасцю і

чуласцю. Паэт сэрцам гарнуўся да людзей, якія, нягледзячы на тое, што «прыйшлося многа гора выпіць ... на балотах» ( “песні былі як вецер асенні, / капалі слёзы з тых песень/ над светам»), і ў пакутах не згубілі сваей чалавечай годнасці:



Народ палескі гэта волат,

яго і гора не схіліла.
Разважны, горды, працавіты,

ён перамог усе пакуты.

На ворага хадзіў у бітвы,

хоць вораг быў аж вельмі люты.
Ён у змаганні браў натхненне

да дзей выдатных і да працы.

Сушыў балоты, біў каменне,

каб лепшай долі дачакацца. (Люблю вясну)

Аб мінулым, аб цяжкай долі палешукоў, аб іх пакутных выпрабаваннях У. Дубоўка са спачуваннем расказаў у вер­шах «Картуз-Бяроза» («Абліты кожны камень тут слязьмі і на дарозе пліты»), «Палессе», «Вёска Бясхлебічы», «Герб Мазыра» і інш.


Потам крывавым абліты здабытак

Ехаў у панскія свірны, аруды.

Лёсам пакрыўджаны, лёсам забіты,

жыў тут народ, проста кажучы, цудам...
Людзі збіралі карэнне ў лесе,

шнітку сушылі з сасновай карою.
Так пра жыццё і спявалася ў песні:



«Хлеб наш нясмачны
кара з лебядою,

доля няшчасная

гора з бядою...». ( Вёска Бясхлебічы)

Для Уладзіміра Дубоўкі характэрна тонкае чуццё пераемнасці сучаснага з мінулым. Ён настойліва падкрэсліваў, што новае ўзнікае як вынік напружаных і самаахвярных намаганняў многіх пакаленняў, што імкнуліся да светлых мэт, да адраджэння роднай зямлі. Прыём кантрасту, супастаўленне даўнейшага з новым часам дазваляў пераканальна паказаць сваю думку, узмацніць яе актуальнасць. Адлюстраванне цеснага перапляцення гістарычнага мінулага з сучаснасцю выклікана філасафічным роздумам аб вечных за­конах жыцця: «не шкода дзён мінулых чалавеку, / калі сумленна ён служыў народу», «Жыццё яно такое: не спыніцца, не стане. / Прыводзіць за сабою ўсе новыя пытанні». Паэт услаўляў высокія гуманістычныя ідэалы. Пранікліва-ўдумлівыя назіранні за палешукамі навялі Уладзіміра Ду-боўку на думку, што «дзівіцца трэба ўпартасці і сіле, / якую меў заўсёды наш народ». Мужнасці і самаахвярнасці людзей ІІалескага краю, якім даводзілася ўзнімаць зброю толькі дзеля таго, «каб знішчыць здзек, няпраўду на зямлі», ён прысвяціў вершы «У Тураўскай пушчы», «Голас партызана» і іншыя, што ўспрымаюцца як балючая споведзь народнай памяці.

Уладзімір Дубоўка апаэтызаваў руплівую стваральную працу палешукоў, выказаў сваё захапленне іх кемлівасцю, майстэрствам рук, энтузіязмам («не вырастаюць самі камяніцы, I узносіць іх народ працоўны ўвысі»), у будзённых справах убачыў прыгажосць, адчуў сапраўдную паэзію («Думкі на будаўніцтве», «Завяршылі мур», «Стварыў ён залатое руна», «Старобінская казка — Салігорская быль» і інш.). Паэт, якому давялося ў час незаконнага пазбаўлення волі працаваць мулярам, сталяром, тынкоўшчыкам, маляром, эканамістам, бухгалтарам, сцвярджаў, што менавіта кожная праца павінна быць карыснай для Радзімы. Гэтым тлумачыцца рамантычнае ўслаўленне чалавека-стваральніка, шчырая зачараванасць тымі, хто аддае сябе ўсяго служэнню роднаму народу.

Замілаванне выклікала ў паэта маладое пакаленне палешукоў, якое ўмее натхнёна і ўпэўнена працаваць.

У «Палескай рапсодыі» шэраг такіх шчымлівых мініяцюр, у якіх скупыя радкі з ёмістым словам надаюць прыватнай падзеі ці канкрэтнаму факту значны сэнс. Добра вызначыў ролю вершаў невялікага аб'ёму у дубоўкаўскіх «палескіх» творах М. Ярош: «Мініяцюры быццам цэментуюць увесь цыкл. Падобныя невялічкім крыніцам, што выносяць на паверхню сцюдзёныя струменьчыкі захаванай у нетрах зямлі цудадзейнай вады, яны асобнымі «струменьчыкамі» выяўляюць глыбінную ідэю кніжкі — ідэю чалавечнасці» .

Прадстаўнікам маладога пакалення Уладзімір Дубоўка прысвяціў вершы «Волаты-асілкі”, «Шафёр таксі пасажыраў чакае, «На спеўцы ў Тураўскім клубе», «Тураўская Галя» і інш.

Уладзімір Дубоўка творча выкарыстаў сюжэты і матывы вуснай народнай творчасці. У зборнік увайшлі напісаныя паводле народнага вершаваныя казкі «Хто дужэйшы?», «Кветкі — сонцавы дзеткі», «Матчына парада», «3 і м а і Лета», «В я л ь м о ж н ы П ы х», у цэнтры якіх — просты чалавек з яго любоўю і нянавісцю зямной, з яго назіральнасцю, уменнем знайсці выхад са складанага становішча, з яго сакавітым гумарам і трапным словам. Дыяменты народнай творчасці ў гэтых казках заззялі новымі гранямі, узмацнілі мастацкую выразнасць твораў.

3 непасрэдным захапленнем і любасцю апісаў Уладзі­мір Дубоўка непаўторную прываблівасць палескіх гарадоў: «...прыгожы незвычайна Кобрын» («Н а аўтобусным вакзале ў Кобрыне»), «цудоўны Пінск, дзіця вякоў» («Пінск»), «быць прыгажэйшым немагчыма», чым Мазыр («Дождж у Мазыры»). Вялікая жыццелюбівая сіла заключана ў гэтых прызнаннях.

Як і ва ўсёй сваёй творчасці, у «Палескай рапсодыі» Ула­дзімір Дубоўка шмат увагі надае праблеме ўзаемаадносін чалавека з прыродай. Ён з эмацыйнай прыўзнятасцю і душэўнай цеплынёй апяваў палескія прасторы, лясы і рэкі. У харастве палескіх краявідаў паэту бачыліся рысы дзівоснай красы. На зямлі Палесся «дубы неба падпіраюць», «ад кветак улетку... водар духмяны, / увосень віюцца кілімы туману, I зіма свой абрус беласнежны пасцеле / з найлепшай, са срэбнай, з пушыстай кудзелі».

Асабліва зачаравала Уладзіміра Дубоўку Прыпяць. Паэт апяваў яе з рамантычнай узнёсласцю, з асаблівым замілаваннем: «Прыпяць і неба, і зоры калыша, / няма ні ліку, ні меры, ні краю» («Ноч на Прыпяці і казка пра зоры»), а сонечная «дарога ўперак Прыпяці» здавалася па­эту быццам «тканая з прамення, / або з крышталю ці са шкла / ці з самацветнага камення...» («Усход сонца п а П р ы п яці»).



Цудоўная ноч!

Не прыдумаць такую!

Ніяк не прыдумаць такую сумысна!

Ні гэткай дзяўчыны,

ні Прыпяць другую,

ні гэтых прастораў

квяцістых і пышных...

Кветкі —сонцавы дзеткі. У мажорнай настроенасці пейзажных вершаў прываблівае маляўнічая свежасць вобразаў, багатая метафарычнасць, сакавітасць і мілагучнасць мовы, шчырае захапленне палескімі краявідамі.

Палессе Уладзімір Дубоўка ўспрыняў, як «цудоўны, казачны кілім. . «Зачараваны палескай стараной», ён з любасцю ўсклікаў: «Залатое Палессе», «прыгажосць невыказная».
Паэт лічыў, што на зямлі няма другой такой цудоўнай старонкі, як Палессе. У вершы «Люблю вясну» сцвярджаў: «Анідзе, хоць свет прайдзі ты, / такога хараства не ўбачыш». «Падобнага няма нідзе, падобны нават не прысніцца»,— гэ­та ўжо з верша «Усход сонца на Прыпяці». Такое прызнанне з вуснаў чалавека, які нарадзіўся ў цудоўным Нарачанскім краі, аб'ездзіў усю краіну з захаду на ўсход, бачыў Волгу і Дон, Байкал і далёкаўсходнюю тайгу, заслугоўвае даверу. Адметна, урачыста, асабіста і пяшчотна гучыць апошні верш цыкла «Палеская рапсодыя»— «Фінальны акорд» :

Знікаюць вобразы, адлюстраваныя ў вадзе.

Знікаюць пушчы і гаі ў тумане.

А вобраз твой, Палессе,

і тваіх людзей

у сэрцы у маім ніколі не растане.

Уладзімір Дубоўка ўславіў адметную матэрыяльную і духоўную культуру палешукоў, выявіў і занатаваў у вершаваных радках іх сацыяльна-псіхалагічны склад, узаемапаразуменне з навакольным светам, іх характэрныя традыцыі і звычаі. Героі паэтавай лірыкі — носьбіты лепшых якасцей беларускага народа. Для У. Дубоўкі Палессе ўвасабляе ўсю Беларусь, яе славу і мудрасць, яе прыроднае хараство.

3 вышыні гадоў бачна, што сярод твораў пра Палессе ёсць і апісальныя вершы, і вершы без эмацыянальнага накалу, і вершы павярхоўна-публіцыстычныя, і ідылічна-лёгкаважкія, але, паводле трапнага назірання Аляксея Гардзіцкага, арганічнае, унутранае адчуванне і разуменне жыцця людзей і прыроды сведчаць, што Уладзімір Дубоўка быў паэтам народным, для якога блізкімі, роднымі з'яўляліся ідэалы на­рода, яго светаўспрыманне.

Вершы Уладзіміра Дубоўкі пра Палессе напоўнены верай у жыццё, у неабходнасць гарманічнага паразумення чалавека з прыродай, з навакольным светам. Яны насычаны аптымістычным настроем, мудрасцю. Грамадзянская палымянасць паэта адчуваецца ў кожным творы.

Лірычнае светаўспрыманне Уладзіміра Дубоўкі багатае, адметнае, свежае. Ён валодаў жыццярадасным талентам, маладой няўрымслівасцю, адчуваннем вечнага і непаўторнага ў штодзённых буднях. Паэт умеў бачыць унутранае багацце чалавека, захапляцца хараством чалавечай душы. Пяшчотна і мякка пісаў ён пра тое, што было яму дорага і выклікала захапленне.

Сталы майстар з вялікім жыццёвым вопытам, Уладзі­мір Дубоўка надаваў сваім творам адпаведную форму. Многія яго вершы напісаны ў выглядзе размовы з чытачом, другія — быццам роздум уголас, трэція — шчырыя прызнанні аб запаветным («Iнтрадукцыя», «Дарога», «Люблю вясну» і інш.).

Уладзімір Дубоўка ў палескім цыкле ў большасці выпадкаў карыстаўся традыцыйнымі чатырохрадковымі строфамі, але надаваў ім адметнае гучанне. Гэтаму спрыяла майстэрскае валоданне словам, уменне надаць яму патрэбную асэнсаваную нагрузку ў сказе, знайсці гнуткую інтанацыю, вытанчаную інструментоўку, своеасаблівую кампазіцыйную пабудову, напоўніць радок багаццем гукавых сугуччаў, яркімі рыфмамі (пшаніца прамяніцца, шукання — ка­мень, гронкі патомкі, умельцы каля Лельчыц і інш.).

Невыпадкова, напрыклад, выклікае ўсеагульнае захап­ленне «Дождж у Мазыры». Верш складаецца з дзевяці чатырохрадкоўяў, але не «распадаецца» на тры роўныя часткі. У першых чатырох строфах (спасылаемся на дзве з іх) — малюнак надыходзячай навальніцы:



Павольна, ціха над зямлёй,

нібы валы, бліжэюць хмары.

Дзе чарадой, дзе грамадой,

дзе падабраныя да пары...

Магчыма, там грыміць пярун?

Ці дзе варочаюцца жорны?
Ці, можа, ляскае бізун


за даляглядам цьмяна-чорным?..

Тут выразна акрэслена пераднавальнічная атмасфера. Да таго ж паўтор зычных р, г, ч, н, а таксама паўтор галоснай а, дакладна выяўлены гукавы воблік слоў дапамагаюць чытачу яскрава ўявіць тое, аб чым піша паэт.

У наступных трох строфах верша (спасылаемся на дзве з іх) — апісанне дажджу:

Знікае смага тая скрозь,
што панавала тут праз лета.
А дождж, як наймілейшы госц
ь,
вясёлы госць! ідзе над светам...
3 высокіх дрэў знікае пыл,

знікае з вуліц брукаваных.

У Прыпяць пыл увесь паплыў

завулкамі, як рукавамі.

Апісанне дажджу звонкае, радаснае. I не апошнюю ролю адыгрывае алітэрацыя гукаў з, с, якая дапамагае ўявіць тыя змены, што адбываюцца разам з дажджом у прыродзе. Такса­ма дарэчы выкарыстаны алітэрацыя і асананс у радку «У Прыпяць пыл увесь паплыў», якія дапамагаюць «здагадацца» аб радасных зменах, што адбудуцца пасля дажджу.

У каларытна-рэльефнай выразнасці радкоў не апошнюю ролю адыгрывае іх дынамічнасць.

I нарэшце, гэтыя заключныя, дзве цудоўныя страфы, у якіх гучыць урачысты акорд верша, удзячнасць прыродзе, якая дапамагла высветліць непаўторную прываблівасць аднаго з найбольш старажытных гарадоў Палесся:



Калі спыніўся дождж зусім,

а ён спыніўся каля золку,

ў праменні ясным, залатым

устала сонца над узгоркам.
Тады Мазыр ва ўсёй красе

раскінуўся перад вачыма.

Тады пазналі мы усе:

быць прыгажэйшым — немагчыма!

Непрытрымліванне кампазіцыйнай сіметрыі не парушыла, а наадварот, узмацніла змястоўнасць і мастацкую выразнасць верша, яго самабытную скульптурную пластыку.

Маляўніча яркі вобразна-метафарычны лад твораў Уладзіміра Дубоўкі сведчыць пра высокую культуру паэта, пра яго ўменне знітаваць у моцны непадзельны сплаў змест і форму, прафесійнае майстэрства адшліфоўкі мастацкага слова.

Шэраг вершаў («Дарога», «Тураўская Галя», «Герб Мазыра», «Прывітанне на Прыпяць» і інш.) напісаны Уладзімірам Дубоўкам двухрадковай страфой, сумежная рыфмоўка якой дае магчымасць адразу акрэсліць і вызначыць думку паэта.



Шляхі і гасцінцы ў прасторах радзімы.

Над вамі праходзяць і вёсны, і зімы,
і лета цвятлівае з сонцам гарачым,

і восень сцюдзёная з ветрам і плачам.

Дарога

Чалавек жа заўсёды знаходзіцца ў дарозе: канчаецца адна дарога — пачынаецца другая. Неабходныя людзям шляхі-гасцінцы ператвараюцца ва ўвасабленне трываласці, цягавітасці і вечнасці.

Асаблівую адметнасць Дубоўкаваму вершу надае непаўторны гукапіс радкоў. На асобныя бакі гэтага яго майстэр­ства звярталася ўвага пры размове пра «Дождж у Мазыры», але гукавая імітацыя ў яго творах настолькі дасканалая, што варта спаслацца на яшчэ некаторыя прыклады, каб паказаць, як умела карыстаецца паэт гукам дзеля больш поўнага выяўлення задумы твора. Так, у пяцірадкоўі «На спеўцы ў Тураўскім клубе» настойлівае паўтарэн-не націскных галосных стварае адчуванне выканання харавой народнай песні. Крытык Дз.Бугаёў паказаў, як бліскучы гукапіс надае асаблівае хараство вершу «На замчышчы ў Тураве», дапамагаючы стаць яму запамінальным творам: «Калі тут Дубоўка піша пра старых князёў: Яны загінулі. Іх звон замоўк,— дык мы і чуем, як, памалу слабеючы, заціхае пазвоньванне зброі. А вось жывыя перасыпы пясчаных дзюнаў: Гара з пяску, Гісторыя ў пяску. Завеяна, засыпана, забыта Ці ручаямі збегла ў раку... Адным словам, верш літаральна звініць, выяўляючы маладую шчодрасць эмоцый таленавітага мастака, выдатнага майстра гукавой інструментоўкі» .

«Палеская рапсодыя» —- адна з лепшых кніг паэта — жывілася не толькі жыццёвым вопытам Уладзіміра Дубоў­кі, але і творчай энергіяй і багаццем мудрасці народа, разнаколернымі фарбамі яго мовы. Яна атрымала шырокі розгалас на Беларусі і за яе межамі. У 1962 г. гэты арыгінальны зборнік адзначаны Літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы. Вершы з яго перакладалі на рускую мову Ганна Ахматава, Аляксандр Пракоф'еў, Усевалад Раждзественскі, Мікалай Браўн, Марыя Камісарава і іншыя паэты.



У «Палескай рапсодыі» Уладзімір Дубоўка выявіў сябе майстрам таямніц жывога слова. «Цэльнасць паэтычнага настрою», «сапраўдную беларускую мелодыю» адчуў у ёй Усевалад Раждзественскі . «Я не чытаў, а ўпіваўся патокам вобразаў глыбокага роздуму»,— прызнаваўся ўкраінскі пісьменнік Іван Сенчанка ў пачуццях, якія ахапілі яго пры чытанні палескага цыкла . Сяргей Грахоўскі захапляўся умен­нем паэта «ў самых будзённых з'явах убачыць сапраўдную высокую паэзію» . Вершы «Голас партызана» і «Дождж у Мазыры» Алег Лойка вызначыў як залацінкі нашай паэзіі канца 50-х гг. Васілю Вітку «Палеская рапсодыя» ўяўлялася кнігай цудоўных вершаў» . Шырокім шматфарбным творам пра Палессе бачылася яна Аркадзю Марціновічу . Крытык Дз. Бугаёў акрэсліў зборнік У. Дубоўкі як «паліфанічную песню пра Беларусь і яе народ» .

«Палеская рапсодыя» прасякнута любоўю да роднага краю, выклікае светлыя пачуцці. Уладзімір Дубоўка сказаў пра Палессе адметнае, мілагучнае і прываблівае слова, якое ўспрымаецца як песня аб красе, велічы і славе Беларусі.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка