Ці правяраюць тэсты творчыя здольнасці ў абітурыентаў?




Дата канвертавання05.05.2016
Памер31.71 Kb.
Ці правяраюць тэсты творчыя здольнасці ў абітурыентаў?
Час ад часу ў прафесійным асяроддзі падчас аналізу заданняў цэнралізаванага тэсціравання можна пачуць думку – маўляў, заданні пазбаўлены творчага кампаненту.

Але ці так гэта?

Давайце звернемся да прыкладу. У заданні В12 на ЦТ 2014 г. па біялогіі трэба было назваць месца сінтэзу гармона і сам гармон у хворага з пачашчаным сэрцабіццём, пашыранымі бронхамі і зрэнкамі.

Да задання дадаюцца варыянты магчымых месцаў сінтэзу – А) яечнікі; Б) мазгавы слой наднырачнікаў; В) коркавы слой наднырачнікаў; і назвы гармонаў – 1) эстраген; 2) адрэналін; 3) аксітацын.

Для паспяховага выканання задання абітурыенту неабходна:

– прааналізаваць даныя;

– узгадаць функцыі гармонаў і месцы іх сінтэзу;

– выявіць сувязь паміж данымі;

– запісаць адказ у выглядзе спалучэння літары і лічбы.

Адзначаныя этапы дзеянняў не што іншае, як творчы працэс.

Трэба зыходзіць з таго, што вынікам творчай дзейнасці любой асобы з’яўляецца прымяненне на практыцы набытых ведаў і сфарміраваных уменняў. Таму адказ на любое пытанне ёсць вынік творчай дзейнасці.

Мы іншы раз успрымаем такі адказ як спантанную разумовую дзейнасць. На самай справе, гэта вынік творчага працэсу, у аснове якога ляжыць сфарміраваны (ці не сфарміраваны) навык, набыты ў час адукацыі ці самаадукацыі.

Нават пры вызначэнні ў тэставым заданні патрэбы ў шпалерах для рамонту кватэры абітурыент несвядома звяртаецца да формулы, па якой вызначаецца плошча прамавугольніка. Пры гэтым ён увесь час пагружаны ў пазнавальны працэс. Дакладней, прымяняе раней набытыя прыёмы творчай дзейнасці.

Таму асобныя меркаванні аб тым, што тэставыя заданні пазбаўлены магчымасці праверыць творчыя здольнасці абітурыентаў, – загадзя памылковыя.

Як самыя простыя, так і больш складаныя заданні патрабуюць пэўнага ўзроўню творчай дзейнасці. І нельга пагадзіцца, што заданне, дзе трэба знайсці залежнасць відавога складу расліннасці ад тыпу глебы, тэмпературных паказчыкаў і колькасці вільгаці, будзе творчым, а квадратнае ўраўненне тыпу ax2+bx+c=0 – не творчым.

Між тым, ці ёсць увогуле патрэба ў праверцы так званых творчых здольнасцей абітурыента?

Нават калі б не было прыведзеных вышэй аргументаў, правяраць трэба пэўныя веды і ўменні, якімі авалодаў абітурыент за час навучання, а не працэс, тэхніку засваення матэрыялу.

Пазнавальны працэс у нашым выпадку не можа быць аб’ектам кантролю, гэта сродак адукацыі, авалодання пэўнымі ведамі і ўменнямі.

Курсант аўташколы ў час іспытаў па ваджэнні аўтамабіля павінен прадэманстраваць экзаменатару навык кіравання транспартным сродкам, а не бездакорна растлумачыць і паказаць на схеме правілы яго паркоўкі на праезнай частцы вуліцы.

Па такім жа алгарытме праходзяць любыя іспыты па выяўленні канчатковага выніку адукацыйнага працэсу.

Некалькі дзіўна іншы раз чуць папрок ад калег, што нашы тэсты з’яўляюцца перашкодай у выяўленні творчых здольнасцей у таленавітых дзяцей. Але як паказваюць нашы назіранні, пераможцы алімпіяд і розных конкурсаў на цэнтралізаваным тэсціраванні таксама самыя лепшыя.

Доказу тэарэмы па геаметрыі трэба вучыць у школе. Чым больш розных так званых практычных заняткаў, тым вышэйшы будзе патэнцыял вучня ў творча-пазнавальным працэсе, тым вышэйшую адзнаку ён атрымае падчас выпускных і ўступных іспытаў.

Паказальным з’яўляецца прыклад з заданнямі на цэнтралізаванным тэсціраванні па вызначэнні плошчы прамавугольніка. Простае заданне выканалі 85 % ад ліку ўсіх удзелькаў іспытаў. А заданне на вылічэнне плошчы падлогі кухні ‒ толькі 72 %.

Калі ж абітурыентам прапанавалі вызначыць плошчу прамавугольнага кавалка стальнога ліста, які адрэзалі ад вялізнага рулона металу, то справілася з заданнем толькі 44 %.

Заўважым, што матэматыку на цэнтралізаваным тэсціраванні здаюць матываваныя абітурыенты, якія паступаюць на спецыяльнасці, дзе матэматыка ‒профільны прадмет.

Пагадзіцеся, што ўсе тры заданні ‒ аднаго ўзроўню складаннасці. Больш таго, ва ўсіх заданнях патрэбна было вызначыць плошчу прамавугольніка. Чаму ж мы назіраем адмоўную дынаміку ў адзнаках?

На мой погляд, справа ў тым, што абітурыенты дрэнна валодаюць абстрактным мысленнем.

Напэўна, у час вучобы трэба больш увагі надаваць заданням з так званым кампетэнтнасным падыходам.

Дарэчы, усе міжнародныя даследаванні, якія праводзяцца ў адукацыі, выкарыстоўваюць, як правіла, уніфікаваныя заданні.



Нагадаю, Беларусь збіраецца ўдзельнічаць у PISA у 2018 годзе.
М. Фяськоў, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка