Час люстэрка, у якім кожны пабачыць сябе




Дата канвертавання08.05.2016
Памер22.71 Kb.
Час – люстэрка, у якім кожны пабачыць сябе”

7 красавіка ў Цэнтральнай бібліятэцы імя А. С. Пушкіна прайшоў заключны этап конкурсу чытальнікаў твораў беларускіх пісьменнікаў, прысвечанага 120-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы.
Як мы ўсе ведаем, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка аб’явіў 2016 год – Годам культуры. Якраз на гэты год прыпала шмат юбілейных дат вядомых беларускіх пісьменнікаў. І сярод іх імя Кандрата Крапівы.

Кандрат Кандратавіч Крапіва – беларускі пісьменнік, паэт, сатырык, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч, літаратуразнаўца. Талент сатырыка асабліва праявіўся ў жанры байкі. Байкі К.Крапівы былі надзвычай смелыя і рызыкоўныя для свайго часу і захавалі вастрыню да сённяшніх дзён. Яны сапраўды складаюць адну з самых багатых і яскравых старонак нашай сатырычнай паэзіі. Нямала ўласных афарызмаў пісьменніка ператварыліся ў прыказкі, прымаўкі, атрымалі агульнанародную вядомасць. Творчасць К.Крапівы – гэта ўрокі сапраўднага роздуму над жыццём, урокі на якіх маладыя вучацца быць людзьмі.

Удзельнікі конкурсу не засталіся абыякавымі да творчасці Кандрата Крапівы і паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі. Самымі папулярнымі, сярод прачытаных, былі байкі “Дзіця, вожык і змяя”, “Дзед і баба”, “Мурашка і жук”. Не засталіся па-за ўвагай і вершы Кандрата Крапівы.

Журы падвяло вынікі і вызначыла пераможцаў, якія былі ўзнагароджаны дыпломамі Аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама. У складзе членаў журы былі: Жвікава Святлана Іванаўна - дырэктар дзяржаўнай установы культуры "Аршанская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма", Лушчаева Людміла Віктараўна – намеснік загадчыка вучэбна – метадычнага кабінета Аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама, Хадкевіч Таццяна Віктараўна – метадыст вучэбна – метадычнага кабінета Аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама, Тараканава Ірына Анатольеўна – кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання бібліятэкараў устаноў адукацыі. Лепшымі з лепшых сярод чытальнікаў сталі: Капцерава Дзіана – вучаніца 11 класа СШ № 23, Рыжык Марына – вучаніца 9 класа Забалацкай сярэдняй школы, Лукін Данііл – вучань 8 класа гімназіі г. Барань, яны былі ўзнагароджаны дыпломамі 1 ступені. Таксама дыпломамі і падзякамі былі адзначаны: Горбач Дар’я (гімназія №2), Іовіцэ Анастасія (СШ №8), Калачынскі Ягор (СШ №11), Міранкова Сняжана (гімназія №1), Буракоў Серафім (Смальянская сярэдняя школа).

Асаблівы, нацыянальны каларыт мерапрыемству надалі нумары мастацкай самадзейнасці танцавальнага калектыва “Озорные завитушки” СШ №19 (кампазіцыя “Беларускае папуры”), ансамбля дамбрыстаў СШ №19 - у іх выкананні прагучала музычная кампазіцыя І. Лучанка “Дударики”, дуэт “Ксюшы” (Жалязнякова Ксенія і Астраух Ксенія) СШ №8 з песняй “Запрашаем у Беларусь”.

Супрацоўнікамі бібліятэкі была арганізавана выстава кніг Кандрата Крапівы. На ёй былі прадстаўлены: біяграфічныя звесткі, крытычныя матэрыялы па творчасці Кандрата Крапівы, зборнікі прозы, сатырыка-гумарыстычныя творы, п'есы, слоўнікі.

Кандрат Кандратавіч Крапіва пражыў доўгае, насычанае разнастайнымі падзеямі жыццё, пакінуў пасля сябе велізарную духоўную спадчыну і добры, цёплы ўспамін. А гэта так важна асабліва для маладых. Таму найбагацейшая творчая спадчына Крапівы застаецца з намі, працягвае і будзе працягваць жыць у новых пакаленнях людзей.

Бібліятэкар аддзела інфармацыі



і абслугоўвання ЦБ імя А. С. Пушкіна

Алена Давідовіч


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка