Чабан Ірына Мікалаеўна педагог-арганізатар дуа “Негарэльская сярэдняя




Дата канвертавання01.05.2016
Памер134.52 Kb.
Чабан Ірына Мікалаеўна

педагог-арганізатар

ДУА “Негарэльская сярэдняя

агульнаадукацыйная школа №1”

Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці

КТС

ПАДАРОЖЖА ПА РОДНЫМ КРАІ”


Тэма: “Падарожжа па родным краі”

Форма: КТС

Мэта: -садзейнічаць фарміраванню патрыятычнасці і самасвядомасці вучняў.

Задачы:

  • садзейничаць развіцю пазнавальных і творчых здольнасцей вучняў да самастойных даследванняў;

  • развіваць у вучняў цікавасць да пазнання гісторыка-культурнай спадчыны роднай краіны і яе сучасных дасягненняў;

  • фарміраваць паважлівыя адносіны да сваёй Айчыны;

  • выхоўваць пачуццё гонару і глыбокай павагі да нацыянальных традыцый, звычаяў, культуры.

Абсталяванне: - метадычная выстава;

  • кніжная выстава;

  • музычны цэнтр;

  • тэлевізар (мультымедыйная прэзентацыя, відыаролікі)



Ход мерапрыемтсва:

Вядучая: Добры дзень паважаныя госці, калегі! Разам з вучнямі я запрашаю Вас на нашу сустрэчу “Падарожжа па родным краі”.

У снежні месяцы вучні атрымалі творчыя заданні на розныя тэмы: збіралі інфармацыю на тэму “Мой родны кут”, “Заўсёды ў памяці народнай”, “Дасягненні ў вучобе”, “Юныя таленты”, рабілі відыяролікі, прэзентацыі, візіткі класа.

А што ў нас атрымалася мы зараз і ўбачым. Адпраўляемся ў падарожжа.
(На фоне беларускай мелодыі выконваецца танец і вядучая чытае верш)
Вядучая: Зямля Беларусі! Бары і дубровы,

Жытнёвае поле, шаўковы мурог,

У промнях рабіны заход вечаровы

Што клёкат буслоў – ручаёў перамовы

І ў шумных прысадах істужкі дарог.
Зямля Беларусі! Вачамі азёраў

Глядзіш ты ў празрыстыя высі нябёс,

Начамі, што яблыкі, падаюць зоры,

Знікаюць па водах, па чорных разорах,

Па травах, абсыпаных кроплямі рос.
Былога быліны, старога паданні

Плывуць, як аблітыя сонцам чаўны

Па краю зялёным, прасторах бяскрайніх

Ад Нёмна да Сожа, ад Буга да Гайны,

Па хвалях Дняпра і шырокай Дзвіны.
Вядучая: І гэтыя словы стануць пачаткам у нашым падарожжы. Ітак, першы прыпынак “Мой родны кут”. Вам слова 1 група.
І прыпынак “Мой родны кут”
2 (На фоне песні “Мой родны кут”)

1 вучань: Між лясамі ды азёрамі-

Васільковыя палі…

Я не ведаю, не ведаю

Прыгажэйшае зямлі.


Льюцца песні жавароначкаў

Над прасторамі палёў,

І даносіцца тужлівае развітанне жураўлёў.
Слаўлю я свой край любімы,

Незгасальную зару.

Як ты сэрцу майму міла,

Дарагая Беларусь.


Мы ганарымся тым, што наша Радзіма – Беларусь!
3 (На фоне песні “Белавежская пушча”)

2 вучань: А якая дзіўная прырода ў Беларусі.
У Белавежу ўвайшоў, нібы ў храм.

Стромкіх дрэваў маўчаць калоны.

На кары каля шраму шрам,

Бы счарнелі старыя іконы.

Кроплі смольныя, нібы перлы.

Кроны купал неба падперлі.


Зубр на мох, бы ягнё, прылёг

Ля бярозаў у белай адзежы.

Калі недзе існуе Бог,

Тут ён, пэуна, у Белавежы.


Не, недарэмна хуткаплынны час у Белавежскай пушчы спыніўся, каб сівая мінуўшчына сустрэлася з днём сённяшнім і заўтрашнім. Тут наяве трапляем у казку, легенду, паданне ўжо больш за 600 гадоў. У пачатку навучальнага года мы адзначалі 600 год Белавежскай пушчы. Нам пад сілу захаваць гэты цудоўны разнастайны свет для будучых пакаленняў людзей.
Вядучая: Сучасная Беларусь – гэта унітарная, дэмакратычная, сацыяльная, прававая, эканамічная, прамысловая дзяржава.

Наша Беларусь развітая суверэнная дзяржава, у якой ствараюцца ўсе ўмовы для вучобы, работы, доўгага і шчаслівага жыцця кожнага яе грамадзяніна.


3 вучань: Любоў да Радзімы… У кожнага чалавека гэта пачуццё падобна вялікай рацэ. Але ў кожнай ракі ёсць істок – маленькі ручай, з якога ўсё пачынаецца. Такім ручаём з’яўляецца цудоўны Дзяржынскі раён.

Дзяржыншчына – зямля багатая глыбокай даўніной, сваімі гарадзішчамі і селішчамі, гістарычнымі, культурнымі і асветніцкімі цэнтрамі. Узнік раён 17 красавіка 1924 года. Гістарычнымі архітэктурнымі помнікамі з’яўляюцца: касцёл Святой Ганны, Свята-Пакроўская царква, руіны Свята-Мікалаеўскай царквы, сядзіба-паркавы ансамбаль у вёсцы Станькава.

“Там Беларусі вышэй усёй зямля Дзяржыншчыны маёй…” Менавіта гэта так. Гара Дзяржынская вышэйшая кропка Беларусі. Яе вышыня 345 м над узроўнем мора. Гара знаходзіцца ў вёсцы Скірмантава.
4 вучань: Сённяшняя Дзяржыншчына – сучасны, развіты, прамышленны рэгіён Беларусі. Дзяржыншчына сёння – гэта і цэнтры гандлю, швейная фабрыка “Эліз”, Дзяржынскі эсперыментальна-механічны завод, Дзяржынскі маторарамонтны завод, завод “Аграмаш”, прадпрыемства “МАВ”, існуе аграпрамысловы комплекс. Наш край развіваецца і квітнее з кожным днём.

Але самым вялікім скарбам з’яўляюцца людзі – цудоўныя, працавітыя, таленавітыя, любячыя свой раён.


4 (На фоне песні “Спадчына”)

5 вучань: Радзіма падобна вялікаму дрэву. А ўсялякае дрэва мае свае карані. Яны пітаюць дрэва. Карані для нас, жыхароў Дзяржынскага раёна,– гэта наш пасёлак Энергетыкаў, гэта наша гісторыя.

Зямля Негарэльская,

Зямля непаўторная

Саснова-сунічная,

Як мора чароўная.

Сінюткія хвалі

У Ператуці бруяцца,

Квяцістыя травы

У росах іскрацца.
Наш пасёлак вядомы з 16 стагоддзя пад назваю сяло Негарэлае, меў назвы маёнтак, фальварак Негарэлае.

З 1958 года на месцы вытворчай рамонтнай базы з’явіўся рабочы пасёлак Энергетыкаў.

На тэрыторыі нашага пасёлка працуюць механізаваная калона 93, вытворча-рамонтная база трэста “Захадэлектрасеткабуд”; Негарэльскі камбінат хлебапрадуктаў, здадзены ў эксплуатацыю ў 2001 годзе; камбінат бытавога абслугоўвання; школа, дзіцячы сад, Дом культуры, кінатэатр, бальніца, аптэка, аддзяленне сувязі, магазіны. З 2000 года працуе праваслаўная царква.

Наш пасёлак Энергетыкаў невялічкі. Але ў ім жывуць самыя працавітыя і шчодрыя людзі.

Вось, у якім цудоўным месцы мы жывём, расцем, вучымся ў сваёй школе.
5 (На фоне песні “Слуцкія ткачыхі”)

Вядучая: Беларускія краявіды…

Перазвоны азёр і бароў.

Над палеткамі бульбы і жыта-

Песня велічных курганоў.

Гэта наша зямля дарагая,

Гэта нашы лугі і палі,

Над якімі спрадвеку лунае

Бусел – сімвал бяссмерця Зямлі.


Родная старонка! Беларусь! За гэтымі словамі ўся прыгажосць і любоў да Радзімы.

І першая група вучняў нам гэта вельмі добра даказала. Малайцы!


Вядучая: Не ведаў ты страху ніколі,

Быў верны і храбры ў баю.

За край, за Радзіму, за волю

Аддаў маладосць ты сваю…


Словамі Якуба Коласа мы спыніліся на прыпынку “Заўсёды ў памяці народнай”.
ІІ прыпынак “Заўсёды ў памяці народнай
6 (На фоне песні “Хатынь”)

1 вучань: Грознае, страшнае слова – вайна! Жудасней слова ў жыцці не знайсці. Рушыць, паліць, забівае яна ўсё на сваім шляху! Беларусь мая сінявокая! Над гарадамі і сёламі тваімі за гады суровай вайны пракаціўся вогненны смерч. Беларусь спазнала ўвесь жах вайны.

Немцы лютавалі: яны знішчалі, палілі, растрэльвалі, катавалі мірных жыхароў Беларусі. Не шкадавалі нікога…

А вось і Хатынь! Помнік усім вёскам і вёсачкам. Якія і па сённяшні дзень не здолелі паўстаць з руін і попелу, бо былі знішчаны разам з жыхарамі. Растуць у Хатыні тры бярозкі, а на месцы той, дзе павінна расці чацвёртая, гарыць Вечны агонь – напамін пра тое, што кожны чацвёрты беларус загінуў у час вайны.
2 вучань: Вялікая Айчынная вайна не абмінула і Дзяржынскі раён. У 1943 годзе за некалькі месяцаў было знішчана 5 вёсак – Глухое Пярхурава, Літавец, Любажанка, Садкаўшчына, Скірмантава.
7 (На фоне песні “Рэквіем”)

Глухое Пярхурава – былая вёска на тэрыторыі Дзямідавіцкага сельсавета. Перад вайной у ёй жыло 125 чалавек. 30 студзеня 1943 года ў ходзе карнай аперацыі “Якаб” было забіта 120 мірных жыхароў. Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”.

Літавец – былая вёска на тэрыторыі Дабрынёўскага сельсавета. У ёй жылі 208 чалавек, быў створаны калгас “Ударнік”. 14 студзеня 1943 года фашысты напалі на вёску і забілі 190 жыхароў, у тым ліку 58 дзяцей. Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”.
3 вучань: Любажанка – былая вёска на тэрыторыі Дабрынёўскага сельсавета. Перад вайной у ёй пражывала 59 чалавек, 14 сямей. 8 студзеня 1943 года фашысты напалі на вёску і забілі 42 жыхара. У 1957 годзе пастаўлены абеліск.

Вёска Садкаўшчына – знаходзіцца ў Бараўскім сельсавеце. 2 лютага 1943 года атрад паліцаяў сагнаў яе 96 жыхароў і падпалілі.

Вёска Скірмантава Путчынскага сельсавета была спалена разам з жыхарамі 29 жніўня 1943 года. У 1956 годзе ў цэнтры вёскі Скірмантава пастаўлены абеліск.
Яны стаяць у кожным горадзе, у кожнай вёсцы – салдаты, адзетыя ў шынэлі. Яны стаяць як помнікі невядомым салдатам. Ветэраны гавораць з абеліскамі, як з загінуўшымі сябрамі. Моўчкі гавораць.
4 вучань: Менавіта ў нашым родным куточку – пасёлке Энергетыкаў, жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны Кравец Фёдар Ціханавіч.
Фёдар Ціханавіч у канцы лістапада 1940 года быў прызваны ў армію на пасаду фельдшэра роты. За гады вайны два разы быў ранены. За свой гераічны подзвіг Фёдар Ціханавіч узнагароджаны ардэнамі: Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны 2-ой ступені, 13 медалямі.

Кожны год у нашай школе праводзяцца піянерскія акцыі “Міласэрнасць”, “Ветэран жыве побач”, “Дом без адзіноты”. Мы-піянеры наведваем ветэранаў і іх сем’і, каб аказаць дапамогу і выказаць сваю ўдзячнасць за мірнае неба над галавой.


5 вучань: Рыхтуючыся да сённяшняга мерапрыемства мы-піянеры, не маглі не ўспомніць пра піянераў-герояў Вялікай Айчыннай вайны. І падрыхтавалі відыаролік.
Ролік “Піянеры-героі”
5 вучань: Канешне, мы не можам не ўспомніць піянера-героя Дзяржынскага раёна Марата Казея. Ён нарадзіўся 29 кастрычніка 1929 года ў вёсцы Станькава. 15-ці гадовы хлапчук 11 мая 1944 года папаў у засаду і ўступіў у няроўны бой з фашыстамі. Юны патрыёт адстрэльваўся да апошняга патрона, потым гранатай падарваў сябе і немцаў. Званне Героя Савецкага Саюза яму прысвоена 8 мая 1965 года. Памяць Марата Казея ўвекавечана ў вёсцы Станькава. Яму пастаўлены абеліск.
5 вучань: Мы нарадзіліся пасля вайны і не ведалі жахаў вайны. Але ж памяць аб ёй жыве па сённяшні дзень. Яна перадаецца з вуснаў у вусны, з пакаленняў у пакаленне, з сэрца ў сэрца.
Ролік “Вечныя святыні”.
Вядучая: Малайцы! Другая група з заданнем справіліся добра.
Вядучая: “Няма сілы больш магутнай за веды: чалавек, узброены ведамі, - непераможны. Чым больш ведае чалавек, тым ён мацнейшы”. Якуб Колас гаварыў: “Толькі тыя веды робяцца нашым сталым набыткам, калі мы прыходзім да іх , здабываем іх самі”. І мы апынуліся на ІІІ прыпынку “Дасягненні ў вучобе”.

У нашай дзяржаве кожнаму чалавеку прадстаўляецца магчымасць выкарыстаць свой розум і энергію на атрыманне неабходных ведаў, уменняў і навыкаў, каб дастойна выйсці ў самастойнае жыццё.


ІІІ прыпынак “Дасягненні ў вучобе”
1 вучань: Школа – гэта вялікая дзіцячая краіна. У Дзяржынскім раёне існуе 24 школы, у якіх навучаюцца амаль 7 тысяч вучняў. Па выніках працы школ Дзяржынскага раёна, Дзяржынскі раён займае ІІІ месца ў Мінскай вобласці.

А мы вучымся ў самай лепшай, самай прыгожай дзяржаўнай установе адукацыі “Негарэльская сярэдняя агульнаадукацыйная школа №1”, гэту назву яна атрымала ў 2005 годзе. У 2009 годзе наша школа адзначыла юбілей – 40 год.

Мы ганарымся нашымі настаўнікамі, кіраўнікамі школы. Гэта першы дырэктар Сямашка Алена Сцяпанаўна – заслужаны настаўнік БССР, ганаровы грамадзянін Дзяржынскага раёна. Другім дырэктарам быў Аляксандр Грыгоравіч Дробыш. Сёння кіраўніком нашай школы з’яўляецца Тэрэса Іосіфаўна Роўба – выдытнік адукацыі.
Таксама мы ганарымся заслужаным настаўнікам БССР, ганаровым грамадзянінам Дзяржынскага раёна Савіч Вольгай Васільеўнай. Какола Алена Пятроўна – кавалер ордэна Працоўнай Славы ІІІ ступені, мае бронзавую медаль ВДНХ СССР “За дасягнутыя поспехі ў развіцці народнага хазяйства СССР” (1987 год).
2 вучань: Гонар нашай школы – гэта нашы вучні – пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд.

Логвін Уладзімір – пераможца рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі.

Шавель Аляксей – па геаграфіі.

Філімонава Вольга – па беларускай мове і літаратуры.

Бахціярава Марыя – двойчы пераможца рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі.
3 вучань: А вось і мы!

Дзесяць – наша любімая лічба!

Гэта нашы адзнакі,

І першая лічба якой, нумар нашай школы!

А яна як зорачка.

Светлая, яркая, нежная.

Добрая і разумная!

Адным словам, Першая!

І мы ёй пад стаць!

Імкнемся быць такімі.

Хай у нас не ўсё атрымліваецца.

Дык мы яшчэ расцем, пачакайце крышку.

Ёсць у нас і поспехі.
4 вучань: Любельскі Уладзіслаў у 5-м классе на раённай алімпіядзе атрымаў дыплом ІІІ ступені па матэматыцы. А ў 6-м дыплом ІІ ступені.

Жук Ірына – у 5-м класе атрымала дыплом ІІІ ступені па беларускай мове. А ў 6-м дыплом І ступені.

Вучні нашага класа прымаюць удзел і ў дыстанцыённых алімпіядах. Сёлета ў дыстанцыённай алімпіядзе, прысвечанай 200-годзю Гогаля:

Філімонаў Уладзіслаў атрымаў дыплом ІІ ступені

Жук Ірына – дыплом ІІІ ступені

Кашэўскі Аляксандр – дыплом ІІІ ступені

Буднікава Юлія – дыплом ІІІ ступені

Абрамовіч Канстанцін атрымаў дыплом ІІІ ступені на дыстанцыённай алімпіядзе па інфарматыцы.


8 (На фоне песні “Русь мая Белая”)

5 вучань: Клас наш – вялікі фрэгат,

Што імкнецца наперад, да ведаў.

Мы не любім руху назад –

Вось такі мы рашучы народ.


Бо здольнасці ў кожным ёсць з нас,

Толькі патрэбна папрацаваць.

А мужнасць, розум і дабрыня

Дапамогуць нам усяго дабіцца.


Вядучая: Трэцяя група даказала нам, што ў нас ёсць дасягненні ў вучобе, і нам ёсць чым ганарыцца.
Вядучая: Падарожжа па родным краі працягваецца. І мы спыняемся на апошнім прыпынку “Юныя таленты”.

ІY прыпынак “Юныя таленты”
Максім Горкі сцвярджаў: “Талент – гэта вера ў сябе, у свае сілы. Талент развіваецца з пачуцця любові да справы, верагодна, што талент па сутнасці яго і ёсць толькі любоў да справы”.

Развіццё культуры сучаснай Беларусі немагчыма без удзелу таленавітай моладзі. Галоўнейшым прыарытэтам дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры з’яўляецца стварэнне ўмоў для пошуку, станаўлення і творчага развіцця таленавітых юнакоў і дзяўчынак.

Слова вам “Юныя таленты”.
1 вучань: Рыхтуючыся да мерапрыемства, мы вельмі доўга думалі, што расказаць, пра каго? Пацікавіўшыся ў інтэрнеце, мы прыйшлі да высновы, што гонарам таленту Дзяржынскага раёна з’яўляецца 10-ці гадовая дзяўчынка. Вы ўсе яе добра ведаеце – гэта Злата Ларчанка. У гэтым навучальным годзе яна прыняла ўдзел у конкурсе “Дзіцячае Еўрабачанне 2009” і прайшла ў фінал з песняй “Баба-Ёжка”. Мы жадаем ёй ў далейшым поспехаў.
2 вучань: Мы хочам вам расказаць пра наш клас. “Вось мы якія!”
9 (На фоне песні )

Візітка класа
10 (На фоне песні “Александрына”)

3 вучань: Цудоўную, багатую спадчыну маюць беларусы. Яна стваралася нашымі продкамі на працягу стагоддзяў. Гаварыць пра яе можна бясконца…

Мы павінны шанаваць гістарычную спадчыну. Захоўваць народныя традыцыі!


Мой край, мой рай бульбяна-жытны,

Зеленадолы, залаты!

Як спеў матулі старажытны,

Як песня любай-малады!


Якіх ты меў на зайздрасць свету

І цесляроў, і муляроў,

І летапісцаў, і паэтаў,

І музыкантаў-дудароў!



11 Песня “Астравы шчасця”
4 вучань: Мая Беларусь… Гэта – святы Купалле, гуканне вясны, дажынкі.

Гэта – зубры ў Белавежскай пушчы.

Гэта – бабры, мядзведзі ў Бярэзінскім запаведніку.

Гэта – ласі і дзікі ў Налібоцкай пушчы.

Гэта – векавыя дубы, ліпы, клёны, вербы, сасновыя бары, бярозавыя гаі, духмяныя лугі.

Куды б ні паехаў, цябе сустракаюць непаўторныя краявіды. А душа спявае і скача.


12 Танец “Полька беларуская”
Вядучая: Усе сыны ўсіх народаў

На памяць помняць родны верш.

І ганарацца песняй роднай,

З якой з калыскі ты жывеш.


Мілей мне кнігаўка, чым “чыбіс”,

Бо голас кнігаўкі ў душы.

І бульбу смажаную “чыпсам”

Ты зваць па модзе не спяшы.


І я на “клюкву” “журавіны”

Не прамяняю, не аддам.

І светлы край наш жураўліны

Я дзецям ціха перадам.


13 Песня “Беларусь” касета
Вядучая: Наступныя радкі, якія вам зачытаю, я хачу каб яны сталі вашым дэвізам:

“Жыві, шукай, усё рабі як след,



Каб на Радзіме твой свяціўся след”.
Хлопчыкі і дзяўчынкі, а давайце мы разам з вамі падвядзем вынікі наша мерапрыемства.
(Вусныя выказванні вучняў)
На гэтым наша падарожжа скончана. Ад свайго імя і ад імя прысутных вам вучні я хачу падзякаваць за якасную падрыхтоўку да мерапрыемства, за цікавы матэрыял, за прыгажосць роднай мовы. Гэты навучальны год пачынаўся у Год роднай зямлі, а працягваецца Годам якасці. І я жадаю вам “якаснага” здароўя, “якаснай” вучобы, “якаснай” творчай дзейнасці. Да новых сустрэч.
Літаратура:

  1. Блакітны скарб Беларусі: Рэкі, азёры, вадасховішчы/ Маст.: Ю.А. Тарэеў – Мн.: БелЭн., 2007

  2. Заповедные территории Беларуси/ Сост. П.И. Лобанок. – Мн.: Беларус. энцыклапедия імя П.Броўкі, 2008

  3. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна. –Мн.: БЕЛТА, 2004

  4. Аляхновіч А.М. Беларуская традыцыйная музычная спадчына. – Мн.: Беларусь, 2000

  5. Бадак А. Беларусь мая, песня мая. – Мн.: РВУ “Літаратура і мастацтва”, 2003

  6. Кулажанка Л.Я. Праваслаўныя святыні на Беларусі. – Мн.: Беларуская навука, 2005








База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка