Цэнтр творчасці дзяцей І моладзі чыгуначнага раёна г. Гомеля сцэнарый калядных вячорак




Дата канвертавання01.05.2016
Памер136.46 Kb.


ЦЭНТР ТВОРЧАСЦІ ДЗЯЦЕЙ І МОЛАДЗІ ЧЫГУНАЧНАГА РАЁНА Г. ГОМЕЛЯ

СЦЭНАРЫЙ

КАЛЯДНЫХ ВЯЧОРАК

ПРЫЙШЛІ КАЛЯДЫ, УСЕ ЛЮДЗІ РАДЫ”



Падрыхтавала: культарганізатар
Пабудзінская Тамара Яўгенаўна

Гомель

2014

Важным сродкам фарміравання гарманічна-развітой асобы з’яўляюцца фальклорныя святы. Асаблівая каштоўнасць фальклорнага свята заключаецца ў тым, што яно не толькі прыносіць удзельнікам святочны настрой, але будзіць пачуцці прыгожага, уводзіць дзіця ў фантастычны свет абраднага дзеяння, сатканага з традыцыйных песень, вобразаў, сімвалаў.

Удзел дзяцей у абрадных святах заўсёды меў выхаваўчае значэнне. Прыгатаванне традыцыйных страў, афармленне святочнага стала, уборка хаты, выраб адпаведных атрыбутаў садзейнічаюць фарміраванню іх маральна-эстэтычнай арыентацыі, што перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Каляды – гэта свята дахрысціянскага паходжання, першае ў сялянскім земляробчым календары. Ім завяршалі стары год і пачыналі новы.

Слова “Каляда”, напэўна, утварылася ад назвы новага года ў старажытным Рыме і Візантыі – CALEHDAE. Яно увайшло ў мовы большасці славянскіх народаў. Як і многія язычніцкія святы, Каляды арганічна злучыліся з хрысціянскімі – Нараджэннем Хрыстовым і Вадахрышчам. У гэтыя дні людзі з дапамогай магічных дзеянняў імкнуліся стварыць жаданы вобраз дабрабыту, шчасця і міру ў сваіх хатах.

У беларускіх калядных абрадах яскрава выяўляюцца мясцовыя традыцыі і звычаі.

У апошні дзень посту дарослыя і дзеці нічога не елі да захаду сонца. Увечары ўся сям’я ўдзельнічала ў падрыхтоўцы каляднага стала. Вячэра называлася – куцця. Уласна куцця варылася з ячных круп і была поснай, як і ўсе іншыя стравы. Калі гаспадыня несла куццю на стол, дзеці мыкалі, рохкалі, кудахталі, кракалі, каб у гаспадарцы скаціна і птушкі вяліся. Акрамя куцці на стол ставілі квас, аўсяны кісель, піражкі з грыбамі, гарохам, бульбай, фасоллю і іншыя. У некаторых мясцовасцях на ражках стала клалі зубчыкі часнаку, металічныя прадметы, каб адпудзіць злых духаў. Усе стравы, якія ставіліся на стол абавязкова адкладваліся ў асобны посуд для духаў памершых продкаў, якія быццам таксама прыходзяць святкаваць. Пасля вячэры куццю адносілі скаціне, каб яна не крыўдзілася на гаспадароў. Гэты вечар і наступны дзень прысвячаліся рытуальнаму абыходжанню хат спецыяльнымі групамі дзяцей і дарослых. Калядоўшчыкі віталі гаспадароў і зычылі ім здароўя і багацця.

Калядоўшчыкі звычайна хадзілі з “Казой”, “Мядзведзем”, “Жоравам” і іншымі жывёламі, якія сімвалізавалі дабрабыт, а таксама выкарыстоўваліся ў камедыйных сцэнках для забавы публікі.

Калядаванне, абрадныя, гульнёвыя дзеянні, музыка, жарты – ўсё гэта надавала святу асаблівы настрой, выклікала эмацыянальны ўздым у яго ўдзельнікаў, садзейнічала збліжэнню і сяброўству людзей.

Деючыя асобы:

Гаспадар

Гаспадыня

Звяздар

Шышок (Механоша)

Шчодрая

Першая дзяшўчына

Другая дзяўчына

Трэцяя дзяўчына

Жораў

Павадыр Мядзведзя

Мядзведзь

Павадыр Казы

Каза

Алеся

Алесь

Дамавёнак Кузька

Баба Яга

Гандлярка

Мужык

Лекар

Хворы


(Свята праводзіцца ў зале з прытушаным святлом, прыбранай, як сялянская хата. Па кутах вісяць саматканыя абрусы, пасярэдзіне стаіць стол. На покуце вобраз (ікона). Гаспадыня ладзіць страву. Гаспадар чытае газету).
Гаспадыня: Прыйшлі Каляды,

Усе людзі рады,

Вепручкоў смаляць

І жыццё хваляць.


Гаспадар: Дзіва дзіўнае, адвечнае адбылося – павярнула Сонца ад зімы на вясну. Гэта час зімовага сонцастаяння. А пакуль лютуюць марозы, кружыць мяцеліца і завіруха, людзі чакаюць вясну і святкуюць.
Гаспадыня: А памятаеш, дзед, як раней было весела? Як па хатах хадзілі, Калядкі спявалі, гаспадароў велічалі, Святкі спраўлялі?
Гаспадар: А ці памятаеш, баба, як пераапраналіся ў Казу, Мядзведзя, Жорава, Каляду…?
Гаспадыня: А памятаеш, як варажылі бывала, пра долю сваю хацелі даведацца…! У зеркала, у гаршочкі заглядвалі… . А песні якія спявалі…?
Гаспадар: Ды хопіць нам маладосць успамінаць, можна і ў старасці пагуляць. А давай пойдзем да Змітрака з Антоляй калядаваць.
Гаспадыня: Ды не, Мікола. Сёння, ўнучка наша Алеська, казала, што з гуртком прыйдуць да нас Каляды святкаваць.
(Здалі чуюцца дзіцячыя галасы)
Гаспадар: Дык чаго ж ты стаіш, баба? Нясі хутчэй куццю на стол. Чуеш, ужо калядоўшчыкі ідуць. (Заглядвае у вакно) … і Казу з сабой вядуць… .
(Заходзяць калядоўшчыкі з песней “Ішла Каляда”)
Ішла Каляда, калядуючы.

Шчодры вячор, багаты вячор!

За ёй дзеўкі, шчадруючы.

Шчодры вячор, багаты вячор!

- Ці дома, дома сам пан гаспадар?

Шчодры вячор, багаты вячор!

Калі ты дома, накрывай на стол.

Шчодры вячор, багаты вячор!

Шышок: Ідзём талакою,

Усіх віншуем з Калядою,

Сеем, веем, рассяваем,

З Калядою ўсіх вітаем.



Звяздар: Добры вечар таму,

Хто ў гэтым даму!

Ці дазволіце калядаваць?
Гаспадар: Добры вечар! Калядуйце!
Шчодрая: Добры вечар, гаспадарочкі. Весялосці вам, ды рыдасці. Мір вашаму дому, быць пірагу ядому.
Першая дзяўчынка: Мы са “Шчодрай ” ідзём, на ўвесь свет радасць нясём. Прыйшлі да вашае хаты, каб была ваша сям’я багата. Каб увесь год быў шчаслівым, былі буйныя вашы нівы.
Другая дзяўчынка: Каб былі збожжа поўныя клеці. І каб мелі вы павагу ў цэлым свеце.
Звяздар: Пусціце пашчадраваці, ды вас павіншаваці!
Гаспадыня: Добры вечар! Міласці просім кожнага ў госці.
Жораў: Гаспадынечка-перапёлачка,

У цябе піражкоў поўная полачка,

А ты нас частаваць будзеш?
Гаспадыня: Буду!
Звяздар: Добры вечар, шчодры вечар

Твайму дому на ўвесь вечар,

Павітай жа і нас –

Прынясі нам каўбас.

Пахадзі каля печкі,

Пашукай там перапечкі.


Павадыр з Казой: Гаспадынька, не скупіся,

Каб твой ячмень урадзіўся.

Каб нажала сто коп жыта,

Каб сям’я была ўся сыта.


Павадыр з Мядзведзем: А мы цябе віншуем і са святам,

І з Калядою, і з добрым здароўечкам!


Усе разам: Добры вечар, шчодры вечар!

Гэтаму дому на ўвесь вечар!


Гаспадыня: Праходзьце, госцейкі вясёлыя,

Сядайце за лавы дубовыя.

Частуйцеся, чым Бог паслаў.

Дзякую ўсім, хто да нас завітаў.


Трэцяя дзяўчынка: Калядачкі – далёка,

Каўбасачкі – высока.

Калядачкі прыблізіліся,

Каўбасачкі панізіліся.

Я дзевачка маленькая,

У мяне сукеначка рабенькая.

Башмачкі карковенькі,

Будзьце са святам здаровенькія!


Гаспадар: І, як кажуць нашы людзі,

Хай усім даспадобы будуць

Жарты, песні, гучны смех,

Сумаваць сягодня – грэх!

Бо без песень –

Хоць ты трэсні,

Без гармоні і дуды –

Ходзяць ногі не туды.


Шчодрая: Ці шырокі вашы лавы, каб нам паляжаці? А ці добрая гаспадынька, каб нас пачаставаці?
Трэцяя дзяўчынка: Гаспадыня добрая, ды, нават, шчодрая. Ды за што ж нас частаваці, спачатку трэба паспяваці!
(Калядоўшчыкі спяваюць частушкі).
Першая дзяўчынка: На вячоркі мы прыйшлі

Дарагія дзевачкі.

Гарманіст у нас прыгожы,

Грае нам прыпевачкі.


Усе разам: Мы прыпеўкі вам спяваем,

Каб смяяліся ўвесь час.

Калі мы вам да спадобы,

Запрашайце ў госці нас.



Трэцяя дзяўчынка: Будзем рады мы сябрам,

Усіх адорым ласкай.

Няхай сонца свеціць вам

Нібы ў добрай казцы.


Другая дзяўчынка: Ці я ў мамкі не дачка?

Ці я не дачушка?

Хоць малая я расточкам,

Але ж весялушка.


Усе разам: Мае ногі тупацяць

І на месцы не стаяць.


Першая дзяўчынка: Гайда “Польку-бабачку” скакаць.
(Дзеці танцуюць танец “Полька-бабачка”)
Звяздар: Ідзём круга света,

Аж ад лета.

Мы ад лета ідзём

Казу вядзём.


Павадыр з Казой: Дзе Каза ходзіць,

Там жыта родзіць,

Дзе прабягае,

Там вылягае.

Дзе Каза хвастом,

Там жыта кустом,

Дзе Каза бывае,

Там шчасце вітае,

А дзе не бывае,

Шчасце мінае.



Павярніся, Каза, на капыцікі,

На крэпкія, на срэбныя.

Як пайшла Каза па ўсім сяле,

Да знайшла Каза гаспадынечку,

Гаспадыню добрую.
Каза: Гаспадынечка-маліначка!

Нам не шмат трэба:

Сем печ-перапеч

І кусок сала,

Каб Каза не ўпала. (Каза падае)

Гаспадыня: Ой-ой-ой,

Каб не было бяды,

Цягні Казу сюды.

Каб Каза ўстала –

На рожанькі –

Два пірожанькі.

На хвасточак –

Каўбасы шматочак.


Гаспадар: Што ж гэта мы ўсё спяваем ды скачам, а нічога смешнага не расказваем?
Звяздар: Зараз мы не толькі раскажам, але і пакажам смешныя гісторыі.

Лекар пытаецца ў хворага.


Лекар: Вы спіцё з адкрытым ротам?
Хворы: Праўду казаўшы, я яшчэ не бачыў, як я сплю, але з гэтай ночы буду прыглядацца.
Звяздар: Сястра пытаецца ў брата.
Сястра: Колькі чалавек у тваім класе?
Брат: Трыццаць адзін разам з настаўніцай.
Сястра: Значыць без настаўніцы будзе трыццаць?
Брат: Не - без настаўніцы ў класе нікога не будзе.
(Паказваецца сцэнка)
Гандлярка: Купляйце мядок! Грачнёвы мядок!
Мужык: Ці добры ў вас мёд, гаспадыня?
Гандлярка: Каштуйцеся. Людзі купляюць – не скардзяцца. Вось ужо толькі ў дне засталося.
Мужык: Прыйдзецца купіць, калі такі добры!
Гандлярка: Вам у што?
Мужык: Не ведаў, што такі мёд у вас добры. Ніякага посуду не маю. Хіба на хлеб вось адважце. Намажце гэтак – колькі ўлезе.
(Гаспадыня вылівае на хлеб амаль усе астаткі).
Мужык: А колькі ўсё гэта каштуе?
Гандлярка: Дваццаць тысяч, калі не шкада.
Мужык: Дваццаць? Гэта дорага! Забярыце свой мёд назад. Змажце, бо хлеб свой я не прадаю.
Павадыр з Мядзведзем: Кланяюся нізка ўсім. І Мішка таксама кланяецц. Ну-ка, Міша, пакажы, як бабы хлеб месяць? (Мядзведзь паказвае). А зараз, Міша, пакажы, як дзяўчаты перад люстэркам прыбіраюцца. (Мядзведзь паказвае, як дзяўчаты расчэсваюцца, касу заплятаюць, прыхарошваюцца, вусны малююць.) Так, так, Міхаіл, весялей, весялей.
Гаспадыня: Ну, Міша, за старанне трымай мядовы пернік.
Павадыр з Мядзведзем: Падзякуй усіх, Міхаіл.
(Мядзведзь кланяецца і адыходзіць у бок.)
Гаспадар: А ты, што сумуеш, Алесь? Нічога смешнага нам не расказваеш? Можа ты дзе быў? Дзіва-дзіўнае сустракаў? Ці што смешнае бачыў?
Алесь: (насупеўшыся)Бачыў.
Гаспадар: А карову, якая люльку курыць, бачыў?
Алесь: (насупеўшыся)Бачыў.
Гаспадар: А бачыў авечку, што несла яечкі?
Алесь: (насупеўшыся)Бачыў.
Гаспадар: А бачыў камара, што поле араў?
Алесь: (Смеючыся) Не!
Гаспадар: Тады ідзі да мяне. Зараз пагуляем у “Сляпка”.
(Праводзіцца гульня “Сляпок”. Удзельнікі гульні становяцца ў карагод. “Сляпка” астаўляюць у сярэдзіне круга і завязваюць хусцінкай вочы. Дзеці ходзяць па кругу прыгавараваючы:
Наша слепа бабулечка па вошчупу ходзіць.

Пытаемся ў бабулі, а хто цябе водзіць?

Ідзі, ідзі бабулечка, - усе цябе просім.

Разам с табой бабулечка, карагод паводзім.


На гэтых словах “Сляпок” павінен дакрануцца да любога ўдзельніка з карагода. І той, да каго дакрануўся “Сляпок” пакідае карагод. І гэтак далей, пакуль не застанецца апошні ўдзельнік.)
Гаспадыня: Гэй, дзяўчаты-хахатушкі,

Заспявайце-ка частушкі.

Заспявайце пахутчэй,

Каб парадаваць гасцей.


(Ражаныя спяваюць частушкі)
Алеся: Пачынаем мы частушкі

Просім не глуміцца.

Тут народу вельмі многа,

Можам разгубіцца.



Звяздар: Мая мілая красіва.

За ракой яна жыла.

Захацела павідацца.

У рашаце пераплыла.



Жораў: У балоце, на снягу

Укусіў камар блаху.

Сядзіць заец на бярозе,

Памрае со смеху.



Мядзведзь: Я знайшоў сабе нявесту,

Кажуць, што багатая.

Дзве падружкі у яе,

І каза рагатая.



Каза: Выхадзі скакаць мядзведзь,

Я частушкі буду пець.

Мы частушкі прапяём,

А затым у пляс пайдзём.



Мядзведзь: Ты калі пяеш, Каза,

Не закатвай вочы.

Спяваць ты не ўмееш,

Не пяеш, а бляеш.



Каза: А ты, Мішанька-мядзведзь,

Сам ты не ўмееш,

Ты тугі на вуха –

Ні голаса, ні слуха.


Шчодрая: Вы дазвольце паскакаць,

Вы дазвольце топнуць.

Няўжо ў гэтым доме

Палавіцы лопнуць.



Гаспадар: А давай музыка грай “Базар”.
(Калядоўшчыкі танцуюць танец “Базар”.)
Гаспадыня: Цішэй, рабяты, цішэй! Мне здаецца, што за печкай хтосці ёсць. Гэй! Хто там? Выхадзі!
(З-за печы вылазе дамавёнак Кузька.)
Кузька: Хто? Хто? Гэта я, дамавёнак Кузька! (Пацірае вочы і аглядаецца.)

А што гэта вы тут расспяваліся, распрыгаліся. Разбудзілі мяне.


Дзяўчаты: Каляды святкуем!
Кузька: А я! А мяне? Самага галоўнага гаспадара дома, не запрасілі! Пра мяне забыліся! Усё, пайду ад вас да Бабы Ягі жыць. Бабуля! Ягуля! А-у!?
Гаспадыня: Кузенька, прабач нас, калі ласка. Вось табе тарэлка кашкі. А на пацешкі – вось табе арэшкі.
(Дамавёнак задаволены з кашай і арэхамі зноў знікае за печчу.)
Алеся: А мы з вамі зараз давайце паварожым – у гаршочкі заглянём. Што каго у гэтым годзе чакае?
(Пакуль гаспадары і калядоўшчыкі ладзяцца да гадання, з’яўляецца Баба Яга.)
Баба Яга: Мне здаецца, што меня тут хтосьці клікаў. (Выглядае з-за шырмы і зноў хаваецца. Увесь час, пакуль дзеці гадаюць, Баба Яга падглядвае з-за шырмы. Праводзіцца гаданне).

Гаршочак з вяршочак,

Скажы нам дружочак.

Што збудзецца, што станецца?

Худое хай застанецца.

Каму вынецца – таму збудзецца.

Каму збудзецца – не мінуецца.



(Чаргова ўдзельнікі выбіраюць сабе гаршочкі. Дастаюць з гаршочкаў розныя рэчы, якія азначаюць:

  1. Клубок – доўгая дарога;

  2. Булка – дастатак у доме;

  3. Кальцо – да вяселля;

  4. Лента – да багацця;

  5. Гузік – шчаслівае жыццё;

  6. Галінка – да новай мятлы.)

Гаспадар: Ну і застаўся апошні гаршочак! (Выбягае Б.Яга, хватае гаршок.)
Баба Яга: І мне паваражыце! Я таксама шчасця хачу! (Дастае галінку з гаршка.)

Баба Яга: Што гэта?
Гаспадар: Відаць да новай мятлы.
Баба Яга: А калечка? Калечка няма?
Гаспадыня: Ды хто ж цябе замуж возьме? Такую мурзатую! Табе колькі год? (Усе смяюцца з Б.Ягі.)
Баба Яга: Ах, так! Ах вось вы як? Вы яшчэ і смяецеся з мяне? Вось зараз вы ў мяне паскачыце! “Крыбле – крабле бум!” (Усе пачынаюць скакаць.) Замрыце! Зараз я буду гаспадыней і ўчыню вам выпрабаванне! Не справіцеся – забяру ў вас Кузьку – і век вам тады шчасця не відаць. А выпрабаванне будзе такое – танец-гульня “Мікіта”. Калі танцуючы выпрабавальнік наступіць на рэечкі – не відаць вам Кузькі.
(Праводзіцца танец-гульня “Мікіта”)
Баба Яга: Справіліся з заданнем. Ваша ўзяла. (Аглядаючыся Б.Яга накіроўваецца да дзвярэй.)
Гаспадыня: Ну прабач нас Баба Яга. Мы не будзем цябе больш крыўдзіць. Заставайся з намі. Весяліся.

Баба Яга: Усе завуць мяне, рабяты!

Бабаю Ягою,

А я ў гэтым годзе

Стану маладою.

Буду добрай, а не злой

Ну і не касматай.

Палюбіце вы мяне

Госці і рабяты!



Гаспадыня: Сядайце, сядайце,

Куццю паспытайце.

Хто куцці болей зачэрпне,

Той у багацці год пражыве.


(Гаспадары частуюць калядоўшчыкаў і гасцей куццёй.)
Шышок: Смачная куцця! З мёдам!

Звяздар: Хопіць нам ужо, сябры,

Жартаваць, смяяцца!

Хутка ранак на двары,

Час і развітацца.



Шчодрая: Хоць шкада, а ўсе ж бывайце,

Толькі нас не забывайце.


Дзяўчаты: Дык будзьце здаровы, жывіце багата.
Усе разам: Хай шчаснаю долечкай поўніцца хата.

Гаспадар: Дружна жывіце!

Хутка расціце!

Край свой любіце!

А вось вам мех, адзін на ўсіх. Усё спажывайце, ды Каляды ўспамінайце.


Шчодрая: Дзякуй вам, людцы, за тое, што прынялі, з хаты нас не выганялі, з намі шчыра пагулялі, ды прысмакаў надавалі.

Каб у хаце ў вас быў мір і спакой.

У гумне жыта ракой.

Каб спінка не балела.

Каб скацінка не хварэла.

Звяздар: З Калядою ўсіх, ды з вясёлаю!

З зімачкаю яснаю!

З долечкаю шчаснаю!

Усе разам: Здаровы бывайце!

Праз год нас чакайце!



ЛІТАРАТУРА


  1. Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры ў Гомельскай вобласці. Уклад. В.А. Захарава і інш.: - Мн.: Універсітэцкае. 1989. – 384с.

  2. Внеклассные мероприятия: 5-11 классы / Авт.-сост.: Е.В. Савченко, О.Е. Жиренко – М.: ВАКО, 2007. –192с.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка