Царква І адукацыя ў межах лебедзеўскага прыходу




Дата канвертавання20.03.2016
Памер60.54 Kb.
Царква і адукацыя ў межах лебедзеўскага прыходу

(другая палова ІХ – 30-я гг. Х ст.)

У канцы 50-х – пачатку 60–х гг. 19 ст. на тэрыторыі Беларусі адкрываліся народная пачатковыя вучылішчы. Тэрыторыя сучаснага Лебедзева ў той час уваходзіла ў склад Віленскай навучальнай акругі 4–га раёна. Цэнтрам асветы была царква. І, вядома, справа адукацыі мясцовых дзяцей была ўскладзена на яе. Пацвярджэнне гэтаму мы знаходзім у царкоўнай кнізе за 1860-1866 гады, знойдзенай пры Лебедзеўскай царкве ў час яе закрыцця ў 1962 годзе. У ёй чытаем, што ў 1860 годе народныя вучылішчы павінны быць адкрыты пры наступных цэрквах: Маладзечанскай, Насілаўскай, Лебедзеўскай, Маркаўскай, Хоўхлаўскай, Груздаўскай. Да 1862 г. у Віленскай губерні было адкрыта 34 навучальныя ўстановы. На 1 студзеня 1864 г. пачатковых народных вучылішчаў у Віленскай вучэбнай акрузе было 38.

23 сакавіка 1863 г. былі зацверджаны “ Часовыя правілы для народных школ Віленскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерань”, якія вызначалі некаторыя арганізацыйныя пытанні народных школ. “Часовымі правіламі ...” дазвалялася прымаць у вучылішчы дзяцей усіх саслоўяў і веравызнанняў. Народная школа фінансавалася на сродкі сялянскіх грамадстваў, часткова казны.

Пасля увядзеня “Часовых правіл ...” была выдадзена “Інструкцыя народным настаўнікам Віленскай вучэбнай акругі”, у якой гаварылася аб выкладанні прадметаў на рускай мове. Пры тлумачэнні незразумелых слоў можна было карыстацца “беларускай гаворкай”. У навучанні аддавалася перавага рэлігійна-маральнаму напрамку, падкрэслівалася неабходнасць паступовай перадачы ўсіх народных школ у распараджэнне царквы .

Размяшчалася Лебедзеўскае народнае вучылішча ў наёмнай хаце з платаю 20 рублёў у год. З дзяржаўнай казны на яго ўтрыманне выдаткоўвалася 200 рублёў. З часу заснавання народнага вучылішча ў Лебедзеве вучняў было няшмат: у 1861 -10 чалавек, у 1862 – колькасць іх узрасла да 16. Пацвярджэнне гэтаму – тая ж царкоўная кніга за 1860-1866гг. Інфармацыю аб Лебедзеўскім народным вучылішчы можна таксама знайсці ў “Памятнай кнізе” Віленскай вучэбнай акругі за 1874 год. У ёй мы чытаем: “Настаўніцай вучылішча была дачка свяшчэнніка Юрыя Лукінічна Чайкоўская, якая закончыла курс у Віленскім вучылішчы для дзяўчат духоўнага звання. Атрымоўвала 150 рублёў у год і кватэру. Быў і яшчэ адзін настаўнік - выкладчык Закона Божага – свяшчэннік Іосіф Іванавіч Малажавы. Адукацыю атрымаў у Літоўскай духоўнай семінарыі. Заробак яго складаў 25 рублёў. Працаваў у народным Лебедзеўскім вучылішчы з 1867 года” .

З працягам часу адносіны мясцовага насельніцтва да адукацыі змяняліся ў лепшы бок. Вучылішча з кожным годам прымала ў свае рады ўсё новых і новых вучняў. У 1886 годзе іх колькасць у параўнанні з 1861 годам узрасла больш як у тры разы . Вельмі нязначнай у школах была колькасць дзяўчынак. З 31 тысячы навучэнцаў ва ўстановах Віленскай навучальнай акругі ў 1866 г. дзяўчынак было 2600, што складала 8,36 % . “Часовыя правілы ...” давалі права дзяўчынкам навучацца ў народных вучылішчах нароўні з хлопчыкамі. Нядзельныя школы для дзяўчынак маглі адкрывацца асобна. Сярод навучэнцаў Лебездеўскага народнага вучылішча большасць таксама была за хлопчыкамі. Так у 1886 годзе з 44 вучняў было толькі 7 дзяўчынак.

Згодна з “Часовымі правіламі ...” і па “Інструкцыі народным настаўнікам Віленскай вучэбнай акругі” 1871 г. навучальны год павінен быў пачынацца з 1 верасня і заканчвацца 1 мая. Вучэбны тыдзень складаўся з 36 вучэбных гадзін ( па 6 урокаў у дзень- 4 да абеду і 2 пасля абеду ). На самой справе заняткі ў народных вучылішчах пачыналіся ў кастрычніку-лістападзе і заканчваліся ў красавіку-маі. Гэта было звязана з гаспадарчымі работамі ў вёсцы.

Дакладна вызначаных праграм для народных вучылішчаў да сямідзесятых гадоў 19 ст. не існавала, што неспрыяльна адбівалася на пастаноўцы навучання. Толькі ў 1671 г. былі распрацаваны і зацверджаны вучэбныя праграмы для народных пачатковых школ Віленскай вучэбнай акругі. “Часовыя правілы ...” устанавілі састаў вучэбных прадметаў у пачатковых народных вучылішчах Віленскай вучэбнай акругі: закон Божы (кароткі катэхізіс і свяшчэнная гісторыя ), руская мова, першыя чатыры дзеянні арыфметыкі, царкоуныя спевы. Напрыклад, згодна з праграмай для народных вучылішчаў Віленскай вучэбнай акругі на закон Божы, спевы малітваў адводзілася 5 гадзін, на разумовае лічэнне, арыфметыку-3 гадзіны.

У 1863 г. была выдадзена “Книга для чтения в народных училищах Виленского учебного округа”, у якую ўвайшлі апавяданні з рускай гісторыі. У кнізе былі змешчаны апавяданні на маральныя тэмы, аб прыродзе, байкі, вершы, а таксама прыказкі, прымаўкі, загадкі. У падручніку пераважаў матэрыял рэлігійнага зместу.

Да 1896/97 навучальнага года была выдадзена “Книга для чтения в народных училищах Северо-Западного края”. У параўнанні з “Книгой для чтения в народных училищах Виленского учебного округа” 1863 г. , тут большае месца займалі апісанні з’яў прыроды, змяшчаліся творы рускіх пісьменнікаў. Шмат месца займалі раздзелы царкоўнаславянскай граматы, расказы з біблейскай гісторыі, гісторыі царквы, рэлігійнага і павучальнага характару.

У 1881 г. праграмы для пачатковых народных вучылішчаў былі перагледжаны Віленскай вучэбнай акругай з мэтай “узмацнення рэлігійна-маральнага выхавання”. Перад пачаткам і ў канцы навучальнага года, а таксама ў час рэлігійных свят у школах арганізоўваліся малебны.

У 80-я гг. 19 ст. многія народныя вучылішчы былі закрыты, а на іх базе ствараліся царкоўна-прыходскія школы і школы граматы. Лебедзеўскае народнае вучылішча захавалася. Сёння мы маем скупую інфармацыю пра народнае Лебедзеўскае вучылішча па прычыне таго, што ў час закрыцця ў 1962 годе царквы было знішчана і згублена вялікая колькасць дакументаў звязаных з гісторыяй вёскі Лебедзева. Частка дакументаў, якія былі вывезены ў Маркаўскаю царкву, знаходзяцца там і цяпер. Сярод іх мы можам убачыць: “Извлечение из отчёта Литовского епархиального училищного совета о церковно – приходских школах и школах грамотности по апрель 1885 года», «Устав школ» і інш. У гісторыка - краязнаўчым музеі Лебедзеўскай АСШ ёсць цікавыя дакументы на выпускніка 1900 года Свіслацкай настаўніцкай семінарыі Шышко Антона Данілавіча, які працаваў у Лебедзеве настаўнікам з 1908 г.: “Пасведчанне аб заканчэнні семінарыі”, “Накіраванне на працу”, “Аб выдачы пенсіі па стану здароў’я “, “ Пасведчанне аб зачысленні у запас”, “Пасведчанне”. Названыя дакументы даюць нам уяўленне аб ролі рэлігіі, прадметах, якія выкладаліся ў вучэбнай установе, аб працоўным навучанні вучняў, аб сацыяльным і матэрыяльным становішчы настаўніка ў той час. Царква была цэнтрам культуры і адукацыі. Праўда, узровень атрыманых ведаў быў абмежаваны.

У дадатак да рамёстваў у Лебедзеўскім народным вучылішчы вучні атрымлівалі навыкі па садаводству і агародніцтву. У 1902 г. настаўнік Антон Шышко пашырыў атрыманую ў семінарыі адукацыю і праслухаў курсы па садаводству і агародніцтву. Гэтыя веды выкарыстоўваліся не толькі вучнямі, але і іх бацькамі. Сацыяльнае і матэрыальнае сановішча настаўніка ў параўнанні з другімі катэгорыямі насельніцтва было значна вышэйшым. Да выказванняў настаўнікаў прыслухоўваліся улады і насельніцтва, іх заробак забяспечваў дастатковы ўзровень жыцця.

Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Лебедзеве дзейнічалі адна-і двухкласныя народныя вучылішчы і царкоўна - прыходская жаночая школа; у Мароськах – царкоўна – прыходская школа, у вёсках Вялікае Сяло і Скавародшчына – народныя вучылішчы.

У гады Першай сусветнай вайны (1914-1918) амаль усе вясковыя настаўнікі былі прызваны ў рускую армію. Недалёка ад Лебедзева праходзілі баі. У весцы было шмат сясцёр міласэрнасці. Гэта былі адукаваныя жанчыны, якія не толькі лячылі хворых і раненых, але і дапамагалі вясковым дзецям авалодваць асновамі граматы, вучылі дзяўчынак шыць, наладжвалі святы.

У пачатку 20-х гадоў вучэбныя ўстановы, якія дзейнічалі ў межах Лебедзеўскага прыхода, спынілі сваю дзейнасць.

Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921г і ў выніку тэрытарыяльных змяненняў лебедзеўскі прыход апынуўся ў складзе Польскай дзяржавы. Гэта з’ява паўплывала на ролю праваслаўнай царквы ў грамадстве. Аднак перашкод у веравызнанні праваслаўных на тэрыторыі лебедзеўскай акругі не існавала. На фатаздымку сярэдзіны 30-х гг. 20 ст., які захаваўся ў Лебедзеўскім школьным гісторыка – краязнаўчым музеі , у час Навагодняга свята, якое арганізаваў Чырвоны Крыж для бедных дзяцей, разам з дырэктарам школы, войтам мы бачым і настаяцеля лебедзеўскай Свята-Троіцкай царквы. На фатаздымку 1937-1938гг. сярод вучняў і настаўнікаў у цэнтры, побач з дырэктарам школы, сядзіць айцец Ігнацій Нядзвецкі. Важным аргументам на карысць праваслаўных было і тое, што большасць насельніцтва ў Лебедзеве было праваслаўным. Са слоў Раманоўскай А.П. (1930 г.н., праваслаўная, да вайны была вучаніцай, а пасля яе працавала настаўніцай матэматыкі ў Лебедзеўскай СШ), кожны дзень урокі ў школе пачыналіся з малітвы. Спачатку агульнай для усіх на калідоры, пасля па класах:

”Калі ўстае ранішняя зорка,

Табе зямля, табе мора,

Табе спявае ўсё жывое:

Будзь блаславен, Вялікі Божа”.

Пасля заняткаў таксама маліліся. Дзякавалі за розум, прасілі ў Бога здароўя. ”Дзякуй, Табе Божа, за святло навукі...”. Маліліся на польскай мове. У час свята дзеці дзяліліся на групы: у адну - праваслаўныя, у другую -католікі. Ішлі на малебен адпаведна: ў царкву ці касцёл. Памаліўшыся, вярталіся ў школу. Толькі тады пачыналася ўрачыстасць. Адзін раз у тыдзень у школу прыходзіў настаяцель праваслаўнага храма і праводзіў з дзяцьмі праваслаўных заняткі па вывучэнню Закона Божага.



У савецкія часы рэлігія фактычна знаходзілася пад забаронай і ніякага ўплыву на выхаванне і навучанне дзяцей ў школе не мела.

Звесткі ўзяты з навуковай працы настаўніка гісторыі Апанасевіча Антона Антонавіча


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка