Бязмерны клопат дзяржавы пра нас, ветэранаў, немагчыма перабольшыць




Дата канвертавання30.03.2016
Памер25.25 Kb.
Бязмерны клопат дзяржавы пра нас, ветэранаў, немагчыма перабольшыць...”

Як ты толькі выжыў? Як перанёс такое? – спачувальна паўтарае Антаніна Аляксандраўна, якая ўжо каторы раз, але ўсё з такой жа непадробнай, шчырай увагай слухае аповед мужа-ветэрана – Кірыла Дзмітрыевіча Хоміча.

Зрэшты, расказвае ён пра ваеннае ліхалецце і выпрабаванні, што выпалі на ягоную долю, для нас – тых, хто ведае пра вайну толькі з кніг і кіно, ды вось з такіх жывых успамінаў салдат Перамогі.

Мы наведаліся да Хомічаў разам са старшынёй Ражанкаўскага сельвыканкама В.В. Бурдзеем. Кватэра ў ветэрана, што называцца, свежаадрамантаваная, утульная.

— Тут выкананы работы на суму 8 мільёнаў 676 тысяч рублёў, — тлумачыць Віктар Валянцінавіч. — Практычна ўсё адноўлена, устаноўлена новая ванна, воданагравальная сістэма. У свой час, з нагоды 60-годдзя Вялікай Перамогі, ветэрану бясплатна выдзелілі гэту кватэру ў мястэчку Ражанка, бо ў вёсцы Заполле жыў ён у старэнькай хаціне.

Гэту значную дапамогу ў сям’і Хомічаў надзвычай цэняць і выказваюць словы ўдзячнасці і роднай дзяржаве, за незалежнасць якой Кірыл Дзмітрыевіч жыцця не шкадаваў, і , зразумела, раённай уладзе.

Карыстаючыся выпадкам, яшчэ раз хачу сказаць вялікі дзякуй старшыні райвыканкама Сяргею Іосіфавічу Ушкевічу, які з такой увагай і клопатам ставіцца да ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, — гаворыць дачка ветэрана Таццяна Кірылаўна.

— І маё роднае прадпрыемства пра мяне не забывае, — дапаўняе Кірыл Дзмітрыевіч. – Сорак пяць мірных гадоў я прапрацаваў на вузле сувязі. Нават з Антанінай пазнаёміліся, калі ў іх доме радыё праводзіў. Дзякуй адміністрацыі РВЭС за значную матэрыяльную падтрымку.


 ... Ён быў зусім юным, слуцкі хлапец Кірыл Хоміч, калі пачалася Вялікая Айчынная. Вайна перакрэсліла яму бліскучую спартыўную кар’еру: больш за ўсё на свеце Кірыл любіў футбол і нават гуляў за мінскае “Дынама”.

— Як жа мне потым дапамагла спартыўная загартоўка! – гаворыць Кірыл Дзмітрыевіч. – Лагеры смерці двойчы прыйшлося прайсці, фашысты ўжо ў крэматорый везлі, а я на хаду, прабіўшы галавой шкло, выскачыў, куляўся так, што ніякае сальта не параўнаецца, і куля цудам абмінула. З сабакамі за мною гналіся – не дагналі. А другі раз ўцячы з канцлагера дапамог вартавы-чэх, калі даведаўся, што я прафесійны футбаліст. Той заядлым балельшчыкам аказаўся.


– На Сталінградскім фронце ваяваў, — працягвае свой расказ К.Д.Хоміч, — танкістам быў, а Перамогу ў Чэхаславакіі сустрэў. 

Дарэчы, старэйшы сын Кірыла Дзмітрыевіча Святаслаў нават гісторыю бацькі-франтавіка расказаў ў “Баладзе пра футбаліста”, дзе ёсць такія радкі:


Мой отец на войне был танкістом,

Из горящего танка воскрес,

Был пленен, но бежал от фашистов –

На войну – в партизанистый лес.

* * *

До войны был отец футболистом.

Его знала балельщиков рать.

Был на поле подобен артисту:

Мог в “десятку” голы забивать!..

Наогул, у Кірыла Дзмітрыевіча і Антаніны Аляксандраўны цудоўныя дзеці і ўнукі. Добрым словам адгукаюцца Хомічы і пра сацыяльнага работніка Марыну Леўчанка. Іх маладосць была апалена вайной, але ціхую, спакойную восень жыцця яны заслужылі. Такая вось раўнавага. Неўзабаве і 60 гадоў споўніцца, як Антаніна Аляксандраўна, дарэчы, былы бібліятэчны работнік, узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР, і  Кірыл Дзмітрыевіч Хомічы носяць адно прозвішча. Так-так, яны памятаюць пра знакавыя даты ў сваім сямейным жыцці і маюць намер адзначыць брыльянтавае вяселле, сабраць ва ўтульнай кватэрцы дзяцей і ўнукаў так, як сёлета акурат напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны, калі Кірыл Дзмітрыевіч адзначаў сваё 87-годдзе. Так трымаць і надалей! Прызнаўся ж дзядуля, што зусім не супраць і сёння паспрабаваць забіць гол у вароты.



Таццяна СТУПАКЕВІЧ.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка