Бязлепкіна А. П. Інстытут журналістыкі бду, Мінск




Дата канвертавання29.03.2016
Памер82.82 Kb.
Бязлепкіна А.П.

Інстытут журналістыкі БДУ, Мінск


гарадскІ фальклор і Беларуская літаратура: мэтазгоднасць узаемаўплываў
Прыблізна год таму, натхнёная сцверджаннем Т. Марозавай пра адсутнасць беларускамоўнага гарадскога фальклору [12, 13, 14, 15], я пачала займацца пытаннем узаемадзеяння гарадскога фальклору і беларускай літаратуры [9].

Насамрэч, ёсць пра што гаварыць. Шэраг беларускіх пісьменнікаў свядома працуе ў жанрах гарадскога фальклору. Можна назваць падслуханае [16] і гарадскія сагі Сяргея Балахонава [2, 5], рэканструкцыі даўніх жартаў [4, 6] ці гісторый крытыка Ганны Кісліцынай, што друкуюцца ў той жа «Звяздзе» [11]. Калі гаварыць пра эстэтычную якасць тэкстаў, то важна пазбавіцца магіі імёнаў: так, тэсты «звяздоўскіх» рубрык (напрыклад “Алё, народ на провадзе”), якія курыруе Валянціна Доўнар [1], не маюць прынцыповага адрознення ад тэкстаў, змешчаных пад аўтарствам вядомых літаратараў, а часам выглядаюць нават займальней і вастрэй.

Але гаворачы пра ўзаемадзеянне літаратуры з гарадскім фальклорам, натуральна, варта засяродзіцца на тэкстах, створаных аўтарамі, якія пазіцыянуюцца як пісьменнікі. Так, выданне «Я - мінчанін» [18], разлічанае на вельмі шырокую аўдыторыю, набывае іншую вагу, калі яно напісана вядомай пісьменніцай і крытыкам Людмілай Рублеўскай, якая, дбаючы пра міфалогію Мінска, прыдумала тапанімічныя паданні. Аўтарка стварыла гарадскую няказкавую прозу, спадзеючыся на тое, што з цягам часу выдуманыя ёю гарадскія гісторыі пачнуць жыць самастойным жыццём.

Дэманалагічныя гісторыі стварае Адам Глобус («Дамавікамерон», «Казкі»: новыя дэманы ўпісаны ў рэаліі гарадскога жыцця (напрыклад, Ліфтавік). Па-беларуску пра рускамоўнае войска распавёў Сяргей Балахонаў у «Дзёньніку ваеннаабавязанага», «Дзёньніку з нутраных войскаў» [3], эротыку з вуснай народнай творчасцю ў прыдатнай літаратрунай форме падаў Рыгор Барадулін у эсэ «Як беларусы сэксам займаюцца» [7].

Блатны беларускамоўны фальклор прысутнічае ў беларускай культурнай прасторы ў тэрапеўтычных дозах (напрыклад, «Чувіха клёвая» ў выкананні З. Вайцюшкевіча). Адбываюцца і пераклады прэцэдэнтных рускамоўных тэкстаў, напрыклад, «Мурка» ў перакладзе Алеся Камоцкага і «Уладзімірскі цэнтрал» у перастварэнні Сяргея Балахонава.

Сяргей Балахонаў, як ужо згадвалася, распавядае пра гарадскія выпадкі ў «Сучасных сагах», а пэўным адпаведнікам гарадскіх плётак могуць лічыцца «сУчаснікі» Адама Глобуса альбо “Фрашкі да пляшкі” Севярына Квяткоўскага [10].

Для працягу размовы варта ўзнавіць некаторыя высновы з маіх папярэдніх тэкстаў. З аднаго боку, аб’ектыўна існуе корпус тэкстаў, якія “нізка ацэньваюцца традыцыйным літаратуразнаўствам або наогул не падпадаюць пад яго юрысдыкцыю, мастацкі ўзровень некаторых твораў знаходзіцца на перыферыі аўтарскай увагі, і ад крытычнага лінчавання даследчыкі ўстрымліваюцца хіба што па пазалітаратурных прычынах” [9, c. 76]. З другога боку, я адзначала, што гэтыя тэксты ўзбуйняюцца, калі аналізаваць іх не як аўтарскі мастацкі тэкст, а як творы, створаныя ў жанрах гарадскога фальклору.

Усе характарыстыкі, што працавалі на паніжэнне мастацкай вартасці тэкстаў, з’яўляюцца абавязковымі для твораў гарадскога фальклору: напрыклад, панаванне стэрэатыпаў у паэтыцы, другаснасць сюжэтаў (эксплуатацыя паспяховых мадэлей, паўтарэнне чужога поспеху), вытлумачэнне жыццёвых з’яў і нацыянальных рэалій у простай форме (што тоесна своеасаблівай праверцы на свой/чужы), магчымасць да дакладнага ўзнаўлення (капіравання), экспрэсіўнасць (адпаведная лексіка, гумар, афарыстычнасць і г. д.) [17].

У прадукаванні беларускімі літаратарамі твораў у жанрах гарадскога фальклору (маюцца на ўвазе А. Глобус, У. Сцяпан, С. Балахонаў, Р. Барадулін, Л. Рублеўская, Г. Кісліцына) спачатку бачылася рэалізацыя іміджавых стратэгій: спроба заваяваць большую аўдыторыю меншымі намаганнямі. Гэта сапраўды стала магчыма пры змяненні (пераструктураванні) наяўнай сістэмы масавай камунікацыі: экспансіі літаратараў у інтэрнэт спадарожнічае адсутнасць пасярэднікаў паміж аўтарам і чытачом (=адсутнасць рэдактуры).

У блогах пісьменнікаў у наяўнасці дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі: вывешванне мастацкіх твораў (блог як публічнае) і размяшчэнне побытавых тэкстаў (блог як прыватнае) [8]. У выніку аўтары прыйшлі да своеасаблівага літаратурнага дэмпінгавання: пісаць проста і яшчэ прасцей, пісаць на побытавыя тэмы, пераказваць “барадатыя” гісторыі па-беларуску (у адпаведнай тэрміналогіі гэта будзе ўсяго толькі другаснасць сюжэта).

Такая стратэгія апынулася дзейснай, што магчыма пры адной умове: у гэтых тэкстаў ёсць спажывец. А таму мы можам аптымістычна сцвярджаць, што існуе чытач, для якога беларуская мова пазбаўлена сакральнасці, сімвалічнасці і… дэкаратыўнасці, для яго гэта мова побыту альбо мова камунікавання, не звязанага з прафесійнымі зацікаўленнямі. Найбольш заўважная канцэнтрацыя такіх людзей – у інтэрнэце. На попыт з’яўляецца прапанова.

Зніжэнне эстэтычнай вартасці твора аўтаматычна прыводзіць да павелічэння мэтавай аўдыторыі амаль без страты ранейшых прыхільнікаў: побыт з’яўляецца часткай жыцця любога чалавека, а тэксты ў жанрах гарадскога фальклору задавальняюць новыя патрэбы, што сведчыць пра своеасаблівы «прарыў» беларускай культуры ў штодзённасць.

Відавочна, што задавальняць побытавыя зацікаўленні чытачоў лягчэй інтэлектуальна і тэхнічна (а для папулярнасці ў блогасферы вельмі важным з’яўляецца сам факт публікацыі новага тэксту незалежна ад яго змястоўнасці ці эстэтычнай вартасці). Мэтавая аўдыторыя падобных тэкстаў у большасці выпадкаў не з’яўляецца актыўным спажыўцом літаратуры ў выглядзе кніг, але тэксты, напісаныя літаратарамі і надрукаваныя ў газеце, самі шукаюць свайго чытача (маюцца на ўвазе найперш аўтарскія рубрыкі А. Глобуса і Г. Кісліцынай ў “Звяздзе”).

Крыху іншая сітуацыя з пісьменніцкімі допісамі ў блогах: досыць часта на іх можна натрапіць, мэтанакіравана шукаючы літаратуру у інтэрнэце, выпадковае знаёмства з блогамі пісьменнікаў досыць абмежаванае. Нескладаны, часам знаёмы змест, зручная для ўспрымання форма – усё гэта прываблівае звычайнага чытача.

Тэксты ў жанрах гарадскога фальклору на падставе аўтарства памылкова адносяць да мастацкай літаратуры (маўляў, усё, напісанае літаратарам, - літаратура). Менавіта на інтэрнэт-пляцоўках пісьменнікі ва ўмовах адсутнасці аддзелаў па агітацыі і прапагандзе займелі магчымасць зноў сустрэцца з шараговым чытачом і атрымаць зваротную сувязь.

Здавалася б, гэта вельмі добра. Але не варта забываць пра ананімнасць інтэрнэт-прасторы і яе прэзумпцыю разумнасці, калі прафесар і школьнік роўныя, пакуль сваімі паводзінамі і рэплікамі не даказалі адваротнага. Літаратар, атрымаўшы ухвалу ці тэхнічна адсачыўшы павелічэнне колькасці наведвання канкрэтнага тэксту, не можа ведаць, хто ягоны прыхільнік.

Часам каментатар можа апынуцца так званым тролем, чалавекам, які правакуе аўтара і іншых каментатараў тэксту. А тролінг часам можа быць прыхаваны за кампліментамі, каб разумець гэтую з’яву і своечасова папярэджваць, трэба мець пачуццё гумару і самаіроніі (значыць, не быць вельмі сур’ёзным, не ставіцца да сваёй літаратурнай і калялітаратурнай дзейнасці занадта даткліва) і трэба ўмець паставіцца да вядзення блогу як да гульні.

Натуральна, можна спадзявацца, што прапанаваныя тэксты зацікавяць аўдыторыю і рэкрутуюць новых чытачоў для беларускай літаратуры, але верагодна, гэта памылковае меркаванне. Больш за тое стварэнне пісьменнікамі, якія па-ранейшаму працуюць у літаратуры, тэкстаў у жанрах гарадскога фальклору зніжае эстэтычныя патрабаванні і размывае межы: стэрэатыпнасць мыслення ці другаснасць сюжэту, цалкам натуральныя для гарадскога фальклору, забіваюць літаратуру. І чытача таксама, бо ў пэўны момант ён прыйдзе да відавочнай высновы “І я так магу”. Мы прысутнічаем у пераломным гістарычным перыядзе, калі з прычыны вусна-пісьмовага камунікавання ў інтэрнэце размываецца мяжа паміж тымі, хто піша, і тымі, хто чытае. Але паралельна існуюць рэшткі традыцыйнай іерархічнай сістэмы, дзе якасць тэксту па-ранейшаму з’яўляецца прафесійным крытэрыем. І якасная літаратура пачынае прайграваць колькасна. І вось ужо творы ў жанрах гарадскога фальклору могуць прэтэндаваць на тое, каб рэпрэзентаваць літаратуру. І дакладна ёсць людзі, для якіх гэта адбылося, што, вядома, не ідзе на карысць беларуская літаратуры, яе іміджу і стэрэатыпам пра яе.

Можна прыняць наяўнасць літаратурных твораў, створаных у жанрах гарадскога фальклору, як неабходнае ліха пры ўмове рэкрутавання новых чытачоў. Таму мне бачыцца, што інтэрнэт-рэсурсы выкарыстоўваюцца не поўнасцю. У часы папулярнасці Twitter’а і сацыяльных сетак з неверагоднымі магчымасцямі па распаўсюджанні кароткіх тэкстаў было б абсалютна натуральна скарыстаць гэтыя рэсурсы для прасоўвання беларускамоўных тэкстаў (маю на ўвазе найперш статусы УКантакце).

Такім чынам, падсумоўваючы вынікі ўзаемадзеяння гарадскога фальклору і беларускай літаратуры, варта адзначыць іх амбівалентнасць:



  1. Колькаснае заваяванне аўдыторыі мае наступствам пройгрыш у якасці тэкстаў і якасці аўдыторыі, шкоду для рэпутацыі пісьменніка;

  2. Задавальненне жадання аўдыторыі мець штодзённую беларускамоўную чытанку прыводзіць да зніжэння якасці тэкстаў;

  3. Наяўнасць моцнай і імгненнай зваротнай сувязі ад аўдыторыі на такія тэксты пагражае невысокай якасцю водгука (незмястоўнасцю, збыткоўнай эмацыйнасцю, шаблоннасцю).

Пры гэтым зніжэнне эстэтычнай вартасці твораў не кампенсуецца максімальным выкарыстаннем рэсурсаў для распаўсюджвання гэтых тэкстаў. Натуральна, гэта пытанне энтузіязму карыстальнікаў і аўтараў. На сённяшні момант можна канстатаваць, што ўзаемадзеянне гарадскога фальклору і беларускай літаратуры прыносіць літаратуры больш шкоды, чым карысці. Але сітуацыя (прынамсі, з распаўсюджваннем твораў у жанрах гарадскога фальклору ў сацыяльных сетках) можа змяніцца. Зрэшты, звяртаючыся да гэтай тэмы, я спадзяюся нешта зрушыць у гэтым кірунку.


  1. Алё, народ на провадзе! [Вядучая рубрыкі В. Доўнар] // Звязда [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: http://www.zvyazda.minsk.by/second.html?r=24&p=6&archiv=09082003. - Дата доступу: 13.04.2010.

  2. Балахонаў, С. Die modernen Sagen-6 / С. Балахонаў // Наша Ніва. – 1999. – 29 лістапада.

  3. Балахонаў, С. Не хвалюйся, маці, за сына («Дзёньнік ваеннаабавязанага») / С. Балахонаў [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://gw.lingvo.minsk.by/nn/2000/06/24.htm. - Дата доступу: 24.04.2010.

  4. Балахонаў, С. Старадаўнія беларускія жарты [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: http://balachon.livejournal.com/350915.html. - Дата доступу: 13.04.2010.

  5. Балахонаў, С. Сучасныя сагі / С. Балахонаў //Тэзэй беларускага постмадэрнізму: Проза: апавяданні, сагі, эсэ, артыкулы [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://balachonau.puls.by/proza.html. - Дата доступу: 24.04.2010.

  6. Балахонаў, С. Усмешкі далітоўскае пары [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: http://balachonau.puls.by/usmieszki-dalitouskija.html. Дата доступу: 13.04.2010.

  7. Барадулін, Р. Як беларусы сэксам займаюцца / Р. Барадулін // Дуліна ад Барадуліна (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе) / Р. Барадулін. — Радыё Свабодная Эўропа, Радыё Свабода, 2004. – С. 178-189.

  8. Бязлепкіна, А. Блогі беларускіх пісьменнікаў: публічнае vs прыватнае / А. Бязлепкіна // Журналістыка – 2009: матэрыялы 11-й Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 65-годдзю факультэта журналістыкі, Мінск, 3-4 снежня 2009 / БДУ. – Мінск, 2009. – С.481-483.

  9. Бязлепкіна, А.П. Уплыў СМІ і інтэрнэта на развіццё беларускай літаратуры / А.П. Бязлепкіна // Веснік БДУ. Серыя 4. – 2010 – №2. – С.76-79.

  10. Квяткоўскі, С. Фрашкі да пляшкі / С. Квяткоўскі. – Мінск: Логвінаў, 2007. — 156 с.

  11. Кісліцына, Г. Дзённік бландзінкі / Г. Кісліцына // Звязда [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.zvyazda.minsk.by/second.html?r=24&p=33. - Дата доступу: 24.04.2010.

  12. Марозава, Т. Сацыякультурныя асновы сучаснага гарадскога фальклору / Т. Марозава // Язык и социум: материалы 8-й Междунар. науч. конф. – Минск, 2008. – С. 40-42.

  13. Марозава, Т. Сучасны студэнцкі фальклор Беларусі: класіфікацыя, жанравая разнастайнасць // Міфалогія – фальклор – літаратура: праблемы паэтыкі. – Вып 5. – Мінск, 2007. – С. 77-82.

  14. Марозава, Т.А. Сучасны салдацкі (армейскі) фальклор Беларусі: умовы функцыянавання, формы бытавання / Т. Марозава // Фальклор і сучасная культура. – Минск, 2008. – С. 51-54.

  15. Марозава, Т. Сучасны фанацкі фальклор беларусаў: умовы функцыянавання, жанравы склад / Т. Марозава // Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: VIII Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння Янки Купалы і Якуба Коласа, 1-3 лістапада 2007, Мінск, БДУ. – Мінск, 2008. – С. 100-104.

  16. На тутэйшых прасторах пачутае [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: http://community.livejournal.com/overheard_be/. - Дата доступу: 13.04.2010.

  17. Неклюдов С. Устные традиции современного города: смена фольклорной парадигмы [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://www.ruthenia.ru/folklore/neckludov7.htm. Дата доступу: 13.04.2011.

  18. Рублеўская, Л. Я – мінчанін / Л. Рублеўская. – Мінск: Маст. літ., 2005. – 111 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка