Бонч-Асмалоўскі Радзівон Анатольевіч




Дата канвертавання24.03.2016
Памер12.7 Kb.
Бонч-Асмалоўскі Радзівон Анатольевіч, нарадзіўся ў 1884 г. у маёнтку Блонь. Тут ён скончыў народнае вучылішча. Потым вучыўся ў Мінскім камерцыйным вучылішчы. У час вучобы ў Мінску ён становіцца перакананым рэвалюцыянерам. У 1904 – 1908 гг. член партыі эсэраў, за што быў арыштаваны ў снежні 1905 г. і асуджаны на 3 гады зняволення ў крэпасці. За спробу ўцячы (вёў падкоп) быў закаваны ў кайданы.

У сваіх «Успамінах», якія ёсць у раённым краязнаўчым музеі, А.В. Бонч-Асмалоўскі піша: «Радзівон моцна пацярпеў пры арышце, яго моцна пабілі ў паліцыі».

Адбыўшы пакаранне, у 1913 г. паступіў на Пецярбургскія вышэйшыя сельскагаспадарчыя курсы, аднак пакінуў іх з 3-га курса і працаваў у земскім харчовым камітэце. У 1916 – 1917 гг. у арміі.

У 1917 – 1920 гг. працаваў у земскіх установах і харчовых камітэтах Ігумена і Мінска.



У час польскай акупацыі пражываў у Блоні. 3 1923 г. сакратар, загадчык сельскагаспадарчай секцыі Дзяржплана БССР. У 1920-ыя гг. выступаў у беларускім часопісе «Советское строительство БССР» па праблемах аднаўлення народнай гаспадаркі, зямельнай палітыкі, хутарызацыі, землеўпарадкавання. Распрацоўваў пытанні развіцця кааперацыі, саўгаснага будаўніцтва на Беларусі. У ліпені 1930 г. разам з Г.І. Гарэцкім, Л.Р. Опрам, А.А. Рыбаковым і інш. арыштаваны органамі ДПУ БССР. У 1931 г. беспадстаўна асуджаны за «прыналежнасць да Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі». Да 1936 г. працаваў на будаўніцтве Беламорканала, у 1938 г. – эканаміст-планавік на хімфармзаводзе ў г. Чымкент. У чэрвені 1938 г. арыштаваны органамі НКУС Паўднёва-Казахстанскай вобласці па абвінавачанні ва ўдзеле ў «шкодніцкай, контррэвалюцыйнай арганізацыі» і «шпіянажы на карысць янонскай разведкі». 10.10.1938 г. рашэннем «тройкі» пры Упраўленні НКУС па Паўднёва-Казахстанскай вобласці на падставе «ўласных прызнанняў» асуджаны да вышэйшай меры пакарання.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка