Біяразнастайнасць Беларусі




Дата канвертавання30.03.2016
Памер26.76 Kb.


Фонскаломба: у Беларусі адзначаны новы, 65-ы від стракоз

На сайце “Біяразнастайнасць Беларусі” (www.florafauna.by) з’явілася новая страказа. Страказа Фонскаломба (Sympetrum fonscolombii) стала 65-м відам стракоз для Беларусі. Пра інвазію, запаздаласць адкрыцця і магчымасць паназіраць за стракозамі для любога жадаючага распавядае “Калумб” беларускай фонскаломбы, арнітолаг Дзяніс Кіцель.

Першая сустрэча з фонскаломба адбылася ў арнітолага 31 траўня. Пад час назіранняў за птушкамі на рыбгасе “Волма” у Чэрвенскім раёне. Але разуменне таго, што гэта новы від, прыйшло праз некалькі гадзін пасля фотаздымка.

- Страказу я ўбачыў акурат на дарозе, - расказвае Дзяніс. – Справа ў тым, што род Sympetrum не заўсёды трымаецца вады: ім падабаюцца палянкі, узвышшы. Хутка сфатаграфаваў і спачатку не прыдаў асаблівай увагі. Пазжэй разглядзеў фотаздымак і зразумеў: гэта новы від. Насамрэч адкрыццё можна лічыць запаздалым: у Латвіі, напрыклад, гэты від зарэгістраваны яшчэ ў 2009 годзе. Напэўна, і ў нас гэтая страказа была раней, але на гэта не звярталі дастаткова ўвагі, спецыялістаў няшмат.

Экспертам было дастаткова фотаздымка, каб падцвердзіць: гэта насамрэч фонскаломба. Гэты від адметны тым, што ў некаторыя гады здзяйсняе інвазію ў паўночныя арэалы. Напэўна, 2015 стаў годам інвазіі гэтай страказы ў Беларусь: від адзначаны ўжо ў некалькіх месцах.

5 чэрвеня з’явіліся звесткі пра 1 самца на рыбгасе “Чырвоная Зорка” ў Жыткавіцкім раёне, 6 чэрвеня 3 маладыя самкі і 1 дарослы самец былі адзначаны ў Маларыце на возеры Ваенным.

Да гэтага моманту ў Беларусі было адзначана 64 віда стракоз, 8 з іх – у Чырвонай кнізе краіны. Фонскаломба стала 65-м відам для Беларусі. Апошні раз новы від стракоз (Anax parthenope – рус. дозорщик темнолобый) бачылі ў 2009 годзе ў Бярэзінскім біясферным запаведніку. Калі параўнаць з птушкамі, якіх у Беларусі сустракаецца 325 відаў, то стракоз у нашай краіне ў 5 разоў меньш, чым птушак. Таму кожнае адкрыццё ў свеце беларускіх стракоз вельмі каштоўнае.

Даведка: што рабіць, калі вы бачыце страказу?

Калі вы ўбачылі страказу – паспрабуйце сфатаграфаваць яе. Эксперт вы ці не – ў дадзеным выпадку неістотна. Галоўнае – паспрабуйце зрабіць як мага больш якаснае фота. Загрузіце фотаздымак на сайт “Біяразнастайнасць Беларусі”, эксперты дапамогуць вызначыць від! Магчыма, менавіта ваша фота прынясе навукоўцам новую карысную інфармацыю, а краіне – новы від. У “Назіраннях” ёсць адмысловы раздзел “Стракозы”. Паглядзіце, што адзначаюць другія людзі, і дадавайце свае назіранні!

- У краінах-суседзях адзначана шмат стракоз, якія патэнцыяльна могуць быць і ў нашай краіне. Таму ёсць усе шанцы адзначыць новыя для Беларусі віды, - адзначае Дзяніс і запрашае далучацца і звяртаць на стракоз больш увагі.

За плячама Дзяніса Кіцеля дагэтуль было тры рэгістрацыі новых для Беларусі птушак: горная пліска (2009), чайканосая крычка (2012) і пячураўка-зарнічка (2014). Фонскаломба стала першай (і, думаецца, не апошняй) страказой, якую арнітолаг адкрыў для Беларусі.

Даведка АПБ:

"Ахова птушак Бацькаўшчыны"(АПБ) - найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і нацыянальны партнёр самай вялікай міжнароднай сеткі прыродаахоўных арганізацый "BirdLife International". АПБ - гэта больш за 3500 сябраў і прыхільнікаў і 14 аддзяленняў па ўсёй краіне.

АПБ працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да актыўнай прыродаахоўнай дзейнасці.
Кантакты арганізацыі:

г. Мінск, вул. Парніковaя 11, к.4

(+375 17) 263 06 13

(+375 29) 223 06 13



(+375 29) 101 68 87

info@ptushki.org


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка