Бывалы Юр у Менску




Дата канвертавання15.05.2016
Памер57.12 Kb.

Бывалы Юр у Менску


- Трэк... мг... трэк... трэба пайсці за імі паглядзець, што такое трэк, бо хоч не мала свету з'ездзіў, а трэка не бачыў.

Так размышляў Юрко Мілюк, ідучы па самай доўгай вуліцы нашага горада.

- А бач!.. Здаецца, Пракоп?

- Ён самы, а вы чы не Юры Мілюк?

- Але ж.

- А я і не пазнаў бы, каб не загаварылі.

- Бо даўно ж і бачыліся, гэта ж яшчэ як я на Капказі не быў. А ты тутака служыш, чы што?

- А як жа, вось у гэтым доме дворнікам, а вы докуль ідзеце?

- А вось іду трэка пабачыць, што за штука такая. Іду - чую, гэтыя паны кажуць да сябе: «Пойдзем на трэк». Я думаю, што за трэк, і пайшоў за імі назіркам. А ты бачыў калі трэк?

- А-ей, чы раз!.. Толькі там дарам не пусцяць, трэба білет браці.

- А шмат плаціці трэба?

- Не лішняе... па залатоўцы.

- А можа маеш час, так пойдзем разам, я і за цябе заплачу?!

- Ну што ж, хадзема! Ну што ў вас чуваць? Здаровы ўсе?

- Ат, што... Ад ліха ціха, добрага не чуваць. Жывём сяко-тако, дзякаваць богу. А гэта што за гай?

- Губернатарскі сад называецца, тут гарадскія гуляць ходзяць. Тутака і трэк, і тэатр ё, і рэстаран... Вось і трэк. Тутака ў гэтай будцы білеты браць трэба.

- А дзе гэта музыка іграе?

- А тутака ж на трэку...

- Так на ж табе, Пракоп, дзве залатоўкі, вазьмі білеты! Чы бачыш які кленнік харошы?.. Эх каб мне такі.

- Та вот лепей пойдзем! Наце білет! Толькі схавайце добра, каб не згубіці!

- А гэта што за паветка? Там нейкія цацкі відаць.

- Гэта тут у цэль страляюць, у гэтыя цацкі.

- Хіба яны плату вялікую бяруць за гэта, бо адкуль жа б гэтых цацак набралася!

- Та з гэтай стрэльбы нічога не папсуеш, толькі лясне, як бы гарошынай кінуў. А бяруць, добра не ведаю колькі, здаецца, чы ні па грыўні, а мо і па саракоўцы... не ведаю.

- А гэта шыбеніца што азначае?

- Гэта ж гімнастыка, тутака панскія дзеці чапляюцца, а гэта гыганы...

- Але... Гэта я зразу не разабраў. Вот мой божа! І гарадскія маюць ахвоту чапляцца... Нашы то за птушкамі, а яны птушак не маюць, так вось яку штуку прыдумалі. А дзе ж той трэк? Нешта я ніяк не цямлю, што гэта трэк.

- А вось гэта кругловіна.

- Так вось што трэк!.. Гэта ж тут на ласіпедах ганяюцца адзін за другім. А гэна пасярэдзіне што?

- Гэта?.. ай, та я і забыўся. Сапраўды, чакай!.. Здаецца, тры... гу... на. Ага, трыгуна - тутака пузатыя паны засядаюць і глядзяць, як падхорцістыя панічы кругом лятаюць, каторы каторага абгоніць.

- Цяпер я цямлю. А, бач, што гэта, чы гэта яны нарокам так у кучу ссыпаліся?

- Да дзе ў ліха нарокам... Адзін як скінуўся, так другі, разагнаўшыся, не можа здзержаці і валіцца на яго, а на таго трэці, і так усе.

- Калі так, то, пэўна, ім не да смеху, але здалёку гледзячы, так дужа ўцешна. Быў я ў цырку, так і там хораша скачуць, то ўсе на адзін лад, а тутака: той выпучыцца, той скуліцца, той набок перакрывіцца, той носам, той патыліцай, а ўсе рукамі і нагамі махаюць, быццам што злавіці хочуць. О! так аднача ім добра падаставалася... Бачыш, як крыўляюцца? Адзін так сам і не ўстане... Вось так забава! А паветкі гэтыя навошта?.. Ага, тут у невашта іграюць... у шашкі, чы што?

- Не, гэта не шашкі; у шашкі - так усе хвігуркі аднакай формы, толькі адны белыя, другія чорныя, а тут, бачыце, усякія: і малыя, і вялікія, то як бы вежы, то як коні, а гэта сама вышша то караля азначае, трошкі меншая - то каралева... Гэта па-расейску «шахматы» называецца, а паны называюць «шахы». А ў той паветцы нейкія галкі кідаюць, адно не ведаю, як ту ігру называюць.

- Давай лепш музыкі паслухайма! Гэта лепш за ўсё.

- Так сядзьма вось у лаўкі! Яны ж дзеля таго пастаўлены.

- Калі блізка вельмі, неяк глушыць. Пойдзем хіба на гору, у гэны хвойнічак, там пасядзім!

- Ідзема!

- Але тут такі месца харошае...

- Ат, нішто; і ўсё ж такі троха маркотна па старане, злашча як касьбу згадаеш.

- А каб гэта, Пракопе, нам у тэатр пайсці? Яшчэ ні разу не быў.

- Абы грошы.

- А колькі ж трэба?

- Зараз пабачым. Хадзем! Вось бачыце, вашэць, чырвону паперу наклеену! Там напісана.

- Гэта на той стадолі?

- Але... Гэта не стадоля, а тэатр.

- Ага. Я перш думаў, што гэта провар, але бачу - вокан няма, ні комінаў, так змеркаваў, што стадоля. Ажна гэта тэатр, мг...

- Сягоння іграць будуць «Хаджы-Мурата», а найменша плата, на галёрцы - семнаццаць капеек, толькі там стаяці трэба.

- Ну то што?.. чы мы не прывычны?

- Толькі яшчэ рана... тут пішуць, што зачынаюць прастаўляці ў дзевяць часоў, а тапер восьмы. Вашэць, мяне тутака пачакайце. Я толькі збегаю...

- А ты мяне знойдзеш?

- Знайду, толькі не адходзьце далечэ...

- Хаджы-Мурат... гэта штось як бы капказкае. Як бы бісурманьскае імя... Бачыш як здароўкаецца... адно мак зацвіў... вось зачырванелася... А вот і Пракоп.

- Вашэць тут? Хадзема білеты браць!

- Каб ты, Пракопе, ведаў... ха-ха-ха!.. што я тутака чуў і бачыў... ха-ха-ха!..

- Потым скажаце, тапер бярыце білеты! А то дайце грошы, я вазьму!

- На, браце. Ха-ха!.. вось так пацеха...

- Наце! хадзема месца заняці, а то потым не ўбіцца! Што вы такое смешнае ўбачылі?

- Та як тут не смех? Стаю я гэта, бачу: ідуць тры панічы як панічы, а насустрэчу ім якась пані садзіць. Пані маладая, ніштавата сабою, у капелюшы з рашато. Толькі мя зацікавіла, што яна на аднаго з тых панічоў неяк углядаецца. Ён пакланіўся і далей хацеў ісці, та яна яго прытрымала: «Чаму гэта, пытае, пан к нам ніколі ўжо не заходзіць?» - «Часу не маю, усё занят». - «Так ідзём тапер!» - «Не магу». - «Чаму?» - «Так... у тэатр іду». - «Ага... так прыходзь, пан, заўтра!» - «Добра... а калі пані дома бывае?» - «Хоч калі, буду чакаці». - «У восьмым часу можна?» - «Чаму не? Але прыходзь, пан, раней, штоб даўжэй разам пабыць!» - «Што?.. можа і даўнейшы часы можна будзе памянуць?» Пані пачырванела і кажа: «А што ж...» - «А муж?..» - «Мужа дома нямашака, але каб і быў, то нічагутка... Ён добры... Ну, бывай, пан, здароў! Чакаю». І гэтак пры народзе, чы ж гэта не смех? Ха-ха-ха!

- Чы гэта навіна! У нас гэта часта бывае. Нашто ўчора, вось на гэтай дарожцы, на той вось лаўцы, тры панічы і тры паненкі па пары абняўшыся сядзяць і чым дужы цалуюцца, Ну, але годзі! Трэба ісці, бо зараз прастаўленне зачнецца.

- Э... а на трэку такі музыка харашэй іграла... Ну, а чаму гэта ніякага прастаўлення не відаць?

- Чакайце, зараз гэту завесу чырвону падымуць.

- А бач! Вось дзе завеса прадрана, так праз тыя дзіркі відаць, як якіясь людзі там варушацца.

- Цсы, ужо вось падымаюць.

- Уга, так іх тутака шмат! І што гэта за народ прастаўляецца? Хіба запарожцы?.. Бо я на малюнках бачыў - так такая ж вопратка. Та як мне паведаў, то ў нас усё дваранства ў гэтакіх кунтушках хадзіла.

- Сказаў бы, та сам не ведаю.

- А гэты, што сядзіць і гарэлку п'е, то саўсім расейскі ямшчык, адно браню мае. Чакай, хіба гэтага паніча спытаю.

- Што ж, ён, пэўна, знае.

- Выбачайце, панічыку, што я ў вас спытаю!

- А што такое?

- Што гэта за народ і што яны прастаўляці будуць?

- Гэта грузіны, а прастаўляці будуць, як лезгін грузінску дзеўчыну ўкраў, нарачону аднаго малайца, а яна ад лезгіна ўцякла, і калі яго грузіны злавілі, хацелі расстраляці, аказалася, што гэта яе брат быў.

- Выбачце, панічыку, але яны неяк на грузінаў не пахожы... Я, бачыце, троха жыў на Капказі. Яны-то носяць кунтушы, та не такія зяхратыя. Што я бачыў, так суконныя цёмныя, а найболей саўсім чорныя, або шаўковыя серабрыстыя з лелевым пералівам. Толькі падбіўку зяхрату даюць, і кунтушы іхнія доўгія, аж па костачкі, а рукавы аж па лыткі вісяць. І гэта толькі старшыя дваране, а маладзеж, то ўсе ў чаркесках гуляюць.

- А хто іх знае. Можа ў тэатры вопратак грузінскіх няма.

- А хто гэта? Мяснік якісь, чы што?

- Гэта ж Хаджы-Мурат, лезгін, каторы мае грузінку ўкрасці.

- Цікавасць! Я колькі быў на Капразі, так пузатага лязгіна не бачыў, бо і дзе ж яму па гэтакіх гарах пуза цягаці. А яны ж як козы чапляюцца... Яны ж не жывуць пры месцы, як другія, бо яны гарачыні не любяць... На лета ідуць у самыя горы, а на зіму на ніз спускаюцца.

- Так вы бывалы чалавек.

- Ат, паездзіў па свеце. Бачыце, я ў дохтара служыў... Так за ім...

- А вось і грузінкі выйшлі. А вось і маладая... Гэта яны нарачонага выйшлі спаткаці.

- Мг!.. Чаму гэта я, што бачыў, то ўсе ў чорнай вопратцы, як манашкі, толькі на лобі абручок залацісты, так у пальцы два шырыні... Гэта лезгінкі і татаркі ў чырвонае адзяюцца, толькі татаркі паверх белае пакрывала яшчэ накідаюць. Дзякую, панічу, што аб'яснілі.

- Ну, Пракопе, мо пойдзем да мяне, павячэраем?!

- Яшчэ ж гэта не канец. Яшчэ дзве часці будуць.

- А бог з імі, калі нічога ўцешнага няма... А то паглядзім другой часці. Аднака звоняць ужо... Можа будзе весялейша.

- Ну што, як гэта спадабалася вашэці?

- Ат, мала. Адно гэты Давыдка так уцешны. Найболей як стаў прыказваць, а злашча пра Манджурыю, як нашы рускія храбрацы ўсё ліха забралі... ха-ха-ха!.. Но!.. Але ідзём!

 1902 г.

За родну краіну, звычай і мову,

За гонар груддзю ставайце!

Да будзьце верным сваему слову,

З праўдай заўсёды трывайце!
**********

Вось край лесу дуб магучы


Сваё голле прасцірае,
Так сказаў бы, не іначай,
Той лес веццем абнімае,
Як бы бацька свае дзеткі.
За плячыма яго
Хвойка-матка, ель-удавіца,
Клён кудравы, ясень светлы,
граб -дзядзька, ільміца.
арэшнік ўгору пнецца,
зляканая асіна,
Як бы вінна, трасецца…
Вербалоз
Як бы хоча памаліцца
У лясной да прахалодзі,
А на дуба спазірае
Белагрудая дзявіца –
У свежай зеляні бярозка,
косы разбірае.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка