Быков Василь Незагойная рана




Дата канвертавання17.05.2016
Памер124.98 Kb.

Быков Василь

Незагойная рана

Мiнаюць часiны - знiкаюць руiны,

Злятаюць з палёў груганы.

I толькi ў сэрцах баляць, не сцiхаюць

Незагойныя раны вайны.

Мiхась Васiлёк

Буяе над абшарамi сцюдзёны асеннi вецер, змятае пад прызбы пажоўклае лiсце, гайдае мокрае галлё ў садку. Гарэзным свавольнiкам выскаквае ён з-за вуглоў на цесны панадворак, цярэбiць саламяную страху хлеўчука, нiбы дурэючы, тузае па Тэклiнай спiне блытаныя махры яе хусткi. Ад ветру i холаду ў старой макрэюць запалыя вочы, яна раз-пораз выпростваецца i, прыставiўшы да чурбана выслiзганае тапарышча, ражком хусткi выцiрае слёзы. Потым яна стомлена ўздыхае i акiдвае позiркам тыя некалькi паленцаў, што ўжо адсечаны ад жардзiны. Жанчына вельмi стамiлася, а насекла столькi, што не хопiць i разу прапалiць у печы. Спачыўшы з хвiлiну i аддыхаўшыся, яна зноў прыступае нагой на тую жардзiну i ўзмахвае вышчарбленай сякерай.

Над пустым бульбянiшчам Тэклiнага агароду, над недалёкiм выганам i дарогай, што, узбегшы на ўзгорак, хаваецца ў шэрай далечы, марудна паўзе восеньскi адвячорак. Некуды спяшаюцца iмклiвыя пакудлачаныя хмары ў небе, за хатамi ў вёсцы трывожна бляе авечка i недзе разважна гяргечуць гусi.

Тэкля сячэ, адпачывае ў кароткiх перапынках i ўвесь час азiрае дарогу. Вiдаць па ўсiм, што яна кагосьцi чакае, i гэтае чаканне балючым адбiткам тугi i надзеi свецiцца ў яе слязлiвых вачах.

Нарэшце на пагорку з'яўляецца iмклiвая постаць веласiпедыста, i Тэкля па нейкiх адной ёй вядомых прыкметах пазнае ў iм калгаснага пiсьманосца. Веласiпедыст наблiжаецца абочынай дарогi, потым унiзе, пад пагоркам, злазiць з машыны, выводзiць яе з калдобiн i зноў сядае, локцем адкiнуўшы на спiну цяжкую сваю сумку.

Па меры яго наблiжэння старую ўсё больш ахоплiвае нецярплiвасць. Яна кладзе сякеру i з незагароджанага двара выходзiць на гразкую вулiцу. Рукi яе неспакойна блукаюць па грудзях, без патрэбы абмацваюць свiтку, твар зморшчыўся ў пакутлiвым выразе чакання, i ў вачах - нясцерпная туга надзеi. Калi пiсьманосец звярнуў з дарогi ў вулiцу, жанчына па гразi шкандыбае насустрач, нiбы баючыся, што ён без увагi абмiне яе.

Пiсьманосец прыцiшвае бег веласiпеда, але не спыняецца, а, узняўшы на жанчыну насуплены твар зморанага чалавека, груба папракае старую:

- Ну што ты мяне пiльнуеш усё? Няма ж табе нiчога. Нiчога няма! - крычыць ён у твар жанчыне i знiкае за рогам.

Старая нiбы камянее на месцы, доўга яшчэ глядзiць услед праезджаму, i ў вачах яе - боль i здзiўленне. Нейкi час яна стаiць так без слоў i без руху, аглушаная няласкай чалавека. "Нiчога няма", - шэпчуць яе засмяглыя палiнялыя вусны, i жанчына паволi ўнiкае ў сэнс гэтых грубых слоў. Разбiтай цяжкай хадою яна вяртаецца на панадворак да сваёй сякеры, але не падымае яе, а доўга стаiць над жардзiнай i ўсё пазiрае ў iмглiстую далеч. Па яе пасiвераных рудых шчоках цiха коцяцца слёзы.

Яна доўга яшчэ глядзiць на сумны пагорак, гразкую дарогу i бачыць над гэтай мясцiнай цёплы лiпеньскi дзень, высокае яснае неба i густое жыта абапал дарогi. Гэта было ў той, ужо далёкi, памятны год, калi пачалася вайна. I тады яна таксама стаяла тут i з роспаччу ў сэрцы пазiрала на гэты шлях, а ногi яе iмкнулiся бегчы туды, за iм, адзiным сынам, яе Васем. Шпаркай хадой рухавага чалавека ён хутка аддаляўся, па самыя плечы затулены ўмалотнай высокай збажыной, не азiрнуўся, аж покуль не адышоўся далёка. А яна, не адрываючы ад яго позiрку, несцiхана галасiла, вочы засцiлалi слёзы i не давалi нагледзецца апошнi раз на сваю васемнаццацiгадовую надзею, сваё шчасце, частку яе матчынага сэрца. Толькi пасля ён спынiўся, павярнуўся да маткi, да роднай хаты i вёскi, пастаяў так, памахаў рукой, бы навек развiтваўся з усiм родным, сваiм маленствам, маладосцю, i потым хутка знiк за пагоркам.

I знiк, вiдаць, назаўсёды...

Шаснаццаць страшных, нясцерпных год штогадзiнным болем адмералi свой лiк у матчыным сэрцы. Шаснаццаць год чакання, надзей, незабыўнага трывожнага спадзявання. Часам прыходзiлi пiсьмы ў розных канвертах i з зусiм аднолькавым зместам: радавы Сподак Васiль Iванавiч у спiсах забiтых i прапаўшых без вестак не значыцца. Яны бянтэжылi i абнадзейвалi, гэтыя пiсьмы, але iшоў час, а надзеi не спраўджвалiся. Суседзi часам казалi такое, супраць чаго з усёй матчынай сiлай пратэставала сэрца, якое верыла i чакала ўдзень i ўначы. Гэтая вера трымала старую ў жыццi, вымушала на клопаты аб сабе, але ж гэтулькi год мiнала дарэмна...

Тым часам марудна цямнела, далячынь спавiлася шэрай смугою, у паветры заснавала надакучлiвая восеньская золь. Абудзiўшыся ад задумення, старая сабрала на руку нарыхтаваныя паленцы i, крануўшы закрутку сенцаў, увайшла ў хату. Тут было ўжо цёмна, ледзь свяцiлася ў паўзмроку абшкрэбаная, закураная печ, стулiлiся ў куце стол i дзве лаўкi - уся хатняя абстаноўка. Светлымi квадрацiнамi сiнелi яшчэ два акенцы, у адным чарнела заткнутая шыба. Старая паклала ля печы дровы, прыслухалася да знаёмай цiшынi пустой хаты i, не распранаючыся. апусцiлася на лаўку. Так яна сядзела доўга, думала ўсё пра адно i тое ж: дзе ён, цi жывы, цi не?

Спакваля змрок зусiм затулiў пакой, толькi ўсё яшчэ бялела ля парога печ ды шарэлi вокны. Тэкля ўсё сядзела не кратаючыся, склаўшы на каленях рукi i схiлiўшы ў задуме голаў. Яна моцна скаланулася, калi на ганку грукнулi нечыя крокi, i, як заўсёды на ўсялякi стук, абамлела яе сэрца. "Ён!" Не маючы ўжо сiлы ўскочыць i кiнуцца насустрач, яна застыла ў напружаным пакутным чаканнi. Нехта ўвайшоў у сенцы, зашкрэбаў рукой па сцяне, шукаючы клямку, i хутка адчынiў дзверы. "Няўжо, няўжо, няўжо?" - у нямым запытаннi стукала сэрца i прагнула, каб было так. Але спадзяваннi жанчыны хутка рушылiся.

- Цi тут вы, цётка? - пачуўся з парога знаёмы голас суседскай дзяўчыны Ўльянкi. Збянтэжаная неспадзяванасцю Тэкля маўчала, не ў стане супакоiць даўнi прывычны боль.

- Што ж гэта вы лямпы не палiце? А я прыйшла па запалкi, калi багаты. У нас, каб на iх лiха, гэтыя курцы за дзень усе павыцягалi. Не накупляешся на iх, дымакураў.

Тэкля моўчкi слухала i не чула дзявочай гамонкi, у галаве яе плылi маркотныя даўнiя думкi. Неяк няўцямна старая намацала на прыпечку няпоўны карабок запалак, аддала дзяўчыне. Тая ўсё балбатала пра тое ды гэта, а потым, нiбы адчуўшы, як далёка яе размовы ад сэрца жанчыны, змоўкла i, ужо ўзяўшыся за клямку, уздыхнула.

- Не мучцеся вы ўжо. Што ж зробiш? Калi дзе жывы, дык вернецца. А калi не... Калi не, дык трэба забыцца ўжо.

- Цi ж можна забыцца? - пакутлiва адгукнулася Тэкля. - Калi б хоць ведала, што няма, дык лягчэй было б. А так вось... У заўтрашнi дзянёк якраз нарадзiўся ён, перад пакровамi. Нарадзiўся на белы свет, а шчасцейка, вiдаць, не суджана было. Ляжаць можа дзе адны костачкi - ведаць бы хоць, у якой зямельцы - цi ў сваёй, цi - крый божа - у нямецкай.

Дзяўчына няёмка пераступiла ля парога, баючыся, што старая расплачацца i немаведама як тады супакоiць яе матчына гора. Але працяглы боль ужо высушыў слёзы старой Тэклi, толькi сэрца гарэла ад нясцерпнай пакуты.

У гэты вечар яна не палiла ў грубцы i не засвяцiла лямпы. Яна ўзлезла на печ, трохi яшчэ цёплую зранку i, накрыўшыся свiткай, скурчылася на ўскрайку. Яна не заснула, ды i не намагалася зрабiць гэта, а ляжала так, не заплюшчваючы вачэй, i ў змроку хаты перад ёй паўставалi даўнiя, але незабыўныя малюнкi.

...Ён нарадзiўся ў гэткi ж, як сёння, ветраны восеньскi дзень - маленькi крыклiвы хлопчык. Бацька толькi што перахварэў на тыф, ужо ўзняўся, хадзiў, але быў яшчэ кволы i слабы. Першы сынок стаў вялiкай уцехай у гэтай крайняй у вёсцы хацiне. Абое з бацькам яны выняньчылi, выхадзiлi яго, радавалiся яго першым крокам i першым словам. Iшоў неўзаметку час, i рос бялявы, цiхмяны хлопчык - ласкавы, велiкалобы, жвавы. У пяць год ён ездзiў з бацькам у поле, на начлег, пасвiў гусi, а потым, калi нарадзiлася Марыська, стаў няньчыць яе. Вучыўся ён добра, на святы прыносiў маленькiя школьныя прэмii: сшыткi, пенал, каляровыя алоўкi. Суседзi хвалiлi сына, i часта матчына сэрца мацней бiлася ад радасцi.

I Васiлька пасля школы падаўся далей, у гарадскi тэхнiкум, дзе вучылiся на настаўнiкаў. Тады ж яна зведала першы боль ростанi i першую чароўную радасць сустрэчы. Ён быў зусiм яшчэ падлетак, а ўжо яго паважалi ў вёсцы, суседкi зайздросцiлi Тэклi, мужчыны хвалiлi сына, а ён усё, як i ў дзяцiнстве, быў цiхмяны, сарамлiвы i стрымана ласкавы з мацi. Яна тады ўжо засталася адна бацька няшмат пражыў са слабым здароўем i неяк памёр напрадвеснi. У той год Васiлька канчаў вучобу, пасталеў, падрос, раздаўся ў плячах. I аднойчы, на нейкае свята, у час яго кароткага гасцявання дома, адчула мацi, што ўжо скончылася дзяцiнства яе белагаловага хлапчука i з iм - яе, матчына, улада над сынам.

Ёй добра памятны той цёплы майскi адвячорак, калi ў паветры пахла таполяй, маладым бярозавым лiсцем. Гудзелi на панадворку хрушчы, недзе ў вёсцы граў гармонiк, i яна, успомнiўшы, што трэба да вечарынкi накармiць сына, пайшла за хату ў агародчык гукнуць яго. Ён там чытаў нешта, але калi мацi ўбачыла яго, Васiль, безуважны да кнiгi, неяк устрывожана i пiльна назiраў з-пад рабiны на палымяны разлiў зары. Мацi пяшчотна паклiкала, але ён не паварушыўся нават, усё глядзеў на захад, а потым азваўся i сказаў такое, што назаўжды разбурыла спакой у матчыным сэрцы:

- Мама, глянь: бачыш, якi захад? Праўда, падобна на вялiзнае пажарышча? А бадай, i сапраўды запалае зямля. Вайна будзе, мамачка. Я пайду туды, застанецеся вы з Марыськай.

Яна моцна спалохалася, памятае, зразумеўшы страшны сэнс тых слоў, заплакала, а ён ускочыў, абняў яе i супакойваў, як мог, кажучы, што, можа, яшчэ ўладкуецца ўсё пацiху. Але калi яна сцiхла, працяла благое прадчуванне, ён сказаў ужо сур'ёзна i цвёрда, як узмужнелы сталы мужчына:

- Усё ж, калi што здарыцца, я пайду, мама. Прызавуць цi не, а пайду: так трэба.

Яна не разумела ўсяго, але верыла, што калi казаў ён гэта, то сапраўды так трэба было, i не адгаворвала, не ўпрошвала яго.

I ўсё ж у сэрцы яе ён заставаўся маленькiм, добрым белагаловым хлопчыкам, якому патрэбна была яе любоў i яе клопат. Усё здавалася ёй у страшныя гады вайны, што яму недзе цяжка, што ён знемагае ад болю, ад сцюжы, ад голаду. I яна не знаходзiла сабе месца ў хаце - хацелася бегчы, знайсцi яго, памагчы, прыняць частку яго цяжару на свае плечы. Але куды было бегчы i дзе шукаць?

Iшлi гады. Яны неслi роспач, радзей кароткую, як проблiск восеньскага сонца, радасць. Людзi прыходзiлi з вайны, з партызан, многiя былi паранены, але жывыя, за другiх прыйшлi весткi аб iх гiбелi. Па iх паплакалi мацi i патроху супакоiлiся - страчанага не вернеш. Тэкля ж усё чакала - доўга, цярплiва, без скаргаў, а ён не iшоў, не адзываўся. Яе суцяшалi суседзi, колькi разоў угаворвала Марыська, якая ўжо выйшла замуж i жыла ў далёкай вёсцы. Зяць пры кожнай сустрэчы цярплiва запрашаў яе да сябе - там гадавалiся ўнукi, i яна была дужа патрэбна. Але Тэкля ўсё не магла адцурацца хацiны, дзе нарадзiўся сын i якую яна ўпарта доўгiя гады берагла для яго.

У хаце пакрысе ўсталёўваецца сляпая асенняя ноч, глухая цiш, апроч Тэклi тут нiкога няма. Быў некалi кот, ды i той звёўся чамусьцi. Вялiкае гора прыбiла ўсякi iнтарэс да жыцця, зламала характар, спарахнiла душу - нiчога нямiла цяпер старой, адзiнокай жанчыне.

Яна ўсё ляжыць, расплюшчыўшы вочы, думае свае невясёлыя думы i напружана ўслухоўваецца. Так ужо прывыкла за шаснаццаць год i трывог, i чаканняў слухаць кожны шолах i кожны гук у ваколiцы.

Але ўсюды цiха, толькi шамацiць у страсе халодны вецер ды недзе на дарозе гудзе машына. Яна, вiдаць, наблiжаецца, буксуе, пэўна ў калдобiнах тых, ля пагорка. Знячэўку сiняватае дрыготкае святло яе фар слiзгае па вокнах i кладзе ў куце пад столлю вузенькую блiскучую паску. Машына гудзе блiжэй, паска паволi сунецца па закураных, патрэсканых бярвеннях, шырэе; з'яўляюцца чорныя палосы рамы, i вось ужо на сцяне - блiскучы косы адбiтак Тэклiнага акна з адной чорнай заткнутаю шыбай. Акно ўсё хутчэй слiзгае па сцяне ў другi кут i ўрэшце знiкае, асвяцiўшы на момант вялiзны цвiк i каўнер павешанага на iм кажушка. У хаце зноў робiцца цёмна, машына з цяжкiм ляскатам i гулам мiнае Тэклiн падворак.

Тэкля нерухома слухае, думае сваё i раптам усхоплiваецца ад новай надзеi. А можа, гэта ён, можа, ён са станцыi прыехаў, стаiць цяпер ля роднае хаты, вось-вось увойдзе. Тэкля ўзнiмае голаў, слухае i сапраўды чуе няпэўныя крокi на ганку i цiхi кароткi стук. Ён! Старая ўзнiмаецца на печы, спускаецца i, сцягнуўшы за сабою ватоўку, таропка бразгоча зашчапкай. Яна расчыняе дзверы сенцаў - у твар ёй б'е вiльгаць i холад восеньскай ночы, наўкола цiшыня i цемра. На ганку нiкога, на панадворку змрок. З хвiлiну яна ўзiраецца ў ноч, слухае, i сэрца яе зноў захлынаецца ад роспачы, не хоча нiяк пагадзiцца з крушэннем надзеi. Асцярожна мацаючы ботамi гразкi дол, яна заходзiць за рог, доўга ўглядаецца ў вулiцу - нiдзе нiкога.

Потым яна вяртаецца i зноў ляжыць на печы з расплюшчанымi вачыма i слухае, слухае ўсю ноч. Пад ранак жанчына ўсё ж засынае i нiбы ў працягу сваiх думак бачыць дзiвосны сон.

Бачыць яна: нiбы настае новы, заўтрашнi дзень - дзень нараджэння Васiлькi. Яна нешта завiхаецца на панадворку i ўсё пазiрае на дарогу, чакае i пэўна ведае, што сёння павiнен з'явiцца ён, яе надзея. Жанчына ўсё рыхтуецца да гэтай сустрэчы, але чамусьцi няма радасцi на яе сэрцы ад хуткага спаткання нешта замiнае ёй, гэтай радасцi. Урэшце чаканне сустрэчы i зусiм знiкае. Жанчына палiць у печы, ёй памагае дачушка Марыська. Яны пякуць блiны i мiж справай ласуюцца святочным наедкам, зусiм забыўшыся ўжо пра Васiльку i яго хуткае вяртанне. I раптам суседская Ўльянка стукае i нешта крычыць у акно Тэклi не чутна слоў, але яна здагадваецца, што гэта вяртаецца ён. Старая выбягае з хаты i бачыць, як на той жа дарозе, што i шаснаццаць год назад, iдзе яе сын, яе дарагi Васiлька. Але ён iдзе вельмi марудна, часта спыняецца, становiцца на каленi - з iм штосьцi здарылася, яму, вiдаць, вельмi цяжка. Мацi, ахопленая нястрымным роспачным хваляваннем, наўпрасткi, праз бульбянiшча i гразь, у адной кофце, без хусткi бяжыць насустрач сыну. Яна ўжо ведае, што нешта страшнае, непапраўнае здарылася з яе Васiлькам. Жанчына, галосячы, падбягае да сына - ён, прыўзняўшыся на руках, ляжыць на дарозе, i яго малады, такi ж, як i шаснаццаць год назад, без нiводнай маршчынкi, твар спагадлiва ўсмiхаецца. Але што гэта? Чаму ў сына няма нi рук, нi ног, замест iх адны толькi кароткiя кульцяпкi? I чаму кроў на яго пiлотцы з маленькай зялёнай зорачкай. Мацi, млеючы ад жаху, хапаецца за сына, прабуючы ўзняць, i галосiць, а ён спакойна так кажа: "Нiчога, мама, усё благое скончылася. Цяпер жыць будзем..."

А потым яна бачыць яго ў роднай хаце, быццам ён сядзiць на покуце i ўжо не ў чырвонаармейскай форме, а ў шэрым пiнжачку, якi справiў перад вайной, i сур'ёзна кажа мацi: "Ну i нiчога, хоць я i загiнуў, але зноў жывы".

Ад нясцерпных жахаў яна прачынаецца на досвiтку i, знясiленая ад перажытага за ноч, нерухома ляжыць, не ведаючы, што i падумаць. Яна прыпамiнае сон, удумваецца ў яго адметныя драбнiцы, зноў пакутуе ад такога выразнага свежага ў пачуццях вiдовiшча, i чым далей, тым болей у старой мацнее ўпэўненасць, што ён вернецца. Гэтая ўпэўненасць i жаданне, каб усё здзейснiлася, ужо не даюць старой чакаць у бяздзейнасцi, яна ўзнiмаецца, хуценька накiдвае на плечы сваю свiтку. У хаце сцюдзёна, ужо даўно i зусiм астыла печ, у вокнах сiнее свежы ранак, i Тэкля кiдаецца да таго, з разбiтай шыбай, каб убачыць дарогу. Але дарогi яшчэ не вiдно, ледзь-ледзь цямнее пад нiзкiм хмарным небам пусты пагорак - i ўсё. Старая сноўдае па хаце, не ведаючы, што рабiць, за што ўзяцца, а думкi яе - на той дарозе, i сэрца ўсё больш ахоплiвае нецярплiвасць. Яна ўжо верыць, што ён недзе вяртаецца, i ўвесь час то падбягае да акна, то выходзiць на панадворак i да болю ў вачах узiраецца ў шэрую далячынь.

Калi добра развiднела, Тэкля ўжо не магла стрымаць сябе i, выйшаўшы на вулiцу, пачала ўглядацца ў дарогу. Спачатку там было пуста, потым з'явiлася нейкая фурманка, на ёй сядзела двое мужчын i кабета. Старая ўсё ўглядалася ў iх - пiльна i доўга, захлынаючыся ад нецярплiвасцi, а яны, бесклапотна гутарачы аб нечым i перасмейваючыся, так i мiнулi вёску. Потым зноў на дарозе доўга не было нiкога, аж пакуль здалёк не паказалася нейкая адзiнокая постаць. Яна з'явiлася, паматлялася на краявiдзе i недзе знiкла. У Тэклi адразу адарвалася нешта ўнутры, тупа ўдарыла ў голаў здагадка: "Ён!" Яна прыгледзелася яшчэ i ўжо не магла стрымацца. Не зачынiўшы нават сенцаў, у бахiлах набасанож старая хутка пайшла па дарозе. Спачатку яна абмiнала гразь, пазiраючы то пад ногi, то на пагорак, потым прыбавiла кроку i ўжо не разбiрала дарогi. У нiзiне ля калдобiн, калi знiк з вачэй пагорак, яе ахапiла трывога. Здалося жанчыне, што яна познiцца, што ён упаў там i ляжыць пакалечаны, i мацi, цяжка дыхаючы, кiнулася подбегам.

Сэрца яе ледзь не разрывалася ад гора i напружання, пакуль яна выйшла з лагчыны. Вось-вось, здавалася, яна ўбачыць яго, як у тым сне, на дарозе, зняможанага, пакалечанага. Яна, захлiпаючыся ад стомы i хвалявання, узлезла на пагорак, але дарога была пустая. Гэта было першае расчараванне, але яно не пахiснула веры жанчыны. А можа, ён далей, можа, за параснiкамi цi ў Лужку, думалася ёй, i старая, не спыняючыся, бегла далей.

Над шырокiмi прасцягамi, раллёй i голымi пералескамi непрыкметна зачаўся сумны восеньскi дзень, было ветрана i сцюдзёна. Нiзкае неба поўнiлася цяжкiмi азызлымi хмарамi - яны суцэльным бясконцым статкам плылi з захаду, несучы першы зазiмак.

Тэкля не спынiлася нi на пагорку, нi ля параснiкаў, яна не магла ўжо суцiшыць хады - усё ў ёй iрвалася наперад, туды, адкуль яна чакала яго. Увесь час здавалася старой, што вось-вось яна дасягне горкi цi абмiне хмызняк i ўбачыць яго, i жанчына ўсё прыбаўляла хады.

Але ён не паказаўся нi з-за горкi, нi з-за параснiкаў, а сiлы старой пачалi слабець. Адзiн раз яна прытулiлася да тэлефоннага слупа, нiбы ўпершыню здзiвiўшыся марнасцi надзеi, зiрнула назад, наперад. Як добра, падумала старая, што бацька пахаваны дома, на вясковых могiлках, што ў яго дагледжаная магiлка, а дзе ён? Дзе пахаваны ён? - нема крычала яе душа. Няўжо сапраўды ўсё скончана i нiколi ёй не дачакацца яго i давядзецца падацца ў чужыну да зяця?.. Але чаму пахаваны? Не можа быць, каб памёр ён, ён павiнен жыць, ён iдзе гэтай дарогай, дык трэба спяшацца сустрэць яго. I яна шкандыбала па гразi ў невядомую далеч дарогi.

Апоўднi мiнула знаёмыя мясцiны, вядомыя вёскi. Дарога ўсё вiлася ў восеньскiх прасторах, усё з прагнасцю азiрала яе мацi, але яго не было нiдзе. Яна ўсё iшла, але вельмi знемагла ўжо, часта адпачывала на ўзмежках, ля слупа, на камянях. Спынiцца яна не магла, не магла i вярнуцца: ёй здавалася, што жыццё яе сына - у той дарозе.

А то ёй сустрэўся трактар, ён цягнуў вялiзную чырвоную малатарню, а на ёй i на трактары сядзела некалькi хлопцаў. Старая саступiла з дарогi ў бок ад грукату i лязгу i ўважлiва агледзела седакоў. Адзiн, што сядзеў збоч трактарыста ў кабiне, здаўся ёй неяк вельмi падобны да яе Васiлькi; трактар праехаў, а яна ўсё глядзела ўслед. Хлопец у расшпiленай ватоўцы на малатарнi нешта крыкнуў ёй i засмяяўся - яна не пачула яго слоў, але чамусьцi аж схамянулася ад яго маладога свавольнiцкага смеху.

Падвечар яна ўжо ледзь брыла дарогай, спынялася, задыхалася ад стомы. Старэчы позiрк, што так натхнёна вёў яе ўдалеч, пагас пакрысе, як пагасла i яе нясцерпная надзея сустрэць яго. I ўсё ж яна з дрыготкiм сэрцам узiралася ў дарогу з-за кожнай павароткi.

Урэшце беспадстаўная вера жанчыны пачала марнець. Усё часцей вярталася думка, што дарэмныя яе надзеi, бескарысны клопат. Не прыйдзе ён сёння i нiколi, бо яго няма ўжо на белым свеце. Усё быў зман, пустыя спадзяваннi, i яна прагла толькi даведацца, дзе пахаваны яе сын. Гэта было iншае пытанне, але яно апанавала мацi з гэткай жа нязмернай сiлай, як i тое, што датычылася яго жыцця.

У небе ўсё гусцелi барвовыя хмары, яны не плылi цяпер, а збiралiся, тоўпiлiся над прасторамi, быццам задумаўшы нешта нядобрае. Расплываўся з-за краявiду сiняваты змрок, далячынь сцямнела, насупiлася ў прадчуваннi непагадзi. Пэўна, блiзiўся вечар, цi мо ад хмар цямнела да часу. На сiверным ветры замiльгалi рэдкiя сняжынкi.

Тэкля некуды iшла, ужо i сама не ведала, куды i па што. Усё больш апаноўвалi яе роспач i гора, яна ведала пэўна, што шчасце не спаткае яе на гэтай дарозе. Але не магла яна i вярнуцца назад - не было ўжо сiлы ў яе на тое вяртанне.

Дарога прывяла старую ў нейкi лясок. Абапал шляху цесна стаялi елкi, шумелi, гулi ў ветранай высi iх верхавiны. На доле шамацела змеценае ў каляiны лiсце, блiшчалi лужыны рудой, мутнай вады. Тэкля iшла па дарозе, абапiраючыся на кiй, ледзь пераступаючы збалелымi натруджанымi нагамi. Аднак лес неўзабаве скончыўся, дарога пабегла ўнiз да самотнай пустой лугавiны, i жанчына, схамянуўшыся, раптам спынiлася.

На пагорку, збоч ад дарогi, на ўзлеску незвычайна ярка i чыста неяк у гэты халодны восеньскi вечар бялеў каменны абелiск з зоркай наверсе - звычайны вайсковы помнiк тым, хто не дайшоў да Берлiна. Хiстаючыся ад горкiх прадчуванняў, што хлынулi ў яе душу, Тэкля сышла з дарогi i, узнiмаючы нагамi некрануты пласт шапатлiвага лiсця, падалася да помнiка.

Ён быў дагледжаны, падпраўлены i нядаўна пабелены, гэты журботны напамiнак вайны. Невялiкая магiлка з завялай травою i высахлымi немудрагелiстымi вянкамi старанна падраўнана; пагабляваныя штакецiны агарожы афарбаваны зялёнай фарбай - як i належыць вайскоўцам. На адным баку абелiска чарнела ўмураваная ў яго дошчачка з не дужа зграбна напiсанымi, але выразнымi лiтарамi - спiсам пахаваных байцоў. У роспачы павiсшы грудзьмi на агарожы, старая ўпiлася ў гэтыя радкi жалобных слоў.

Не, яго не было тут. "Лейтэнант Авер'янаў, гвардыi старшына Кузняцоў, радавыя Бондараў, Пiлiпенка, Чарных i iншыя". Але хто ж гэтыя iншыя, чаму не напiсаны iхнiя iмёны? А можа i ён тут у лiку гэтых невядомых "iншых".

Яна ўжо не магла iсцi адгэтуль, учапiлася рукамi ў халодныя штакецiны, i з глыбiнi яе жарам гарэўшых грудзей вырвалася страшнае пытанне:

- Сыночак мой, дзе ж ты?



Чарнела неба ад хмар, шумеў голым веццем узлесак, стыла шэрая далячынь. Доўга яшчэ ляцела на ветры тое яе запытанне, i нема крычала матчына сэрца ад нясцерпнае раны вайны.

1957 г.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка