Быць карыснай людзям




Дата канвертавання15.05.2016
Памер41.34 Kb.
“Беларускі час”, 22-28 лістапада 2013 года, №46

Рубрыка “Суайчыннікі”



БЫЦЬ КАРЫСНАЙ ЛЮДЗЯМ
Менавіта такога жыццёвага прынцыпу заўсёды прытрымлівалася жыткаўчанка Марыя Піліпаўна Рудэнка. Яна нарадзілася ў вёсцы Замошша Жыткавіцкага раёна ў звычайнай сялянскай сям’і, якая неўзабаве перабралася ў суседнія Ляхавічы. Чорным кры­лом захапіла яе ваеннае ліхалецце – забрала назаўсёды вайна бацьку. Нялёгкім быў сірочы лёс.

У цяжкія пасляваенныя гады на вёсцы вельмі паважліва ставіліся да адукацыі – кож­ная вясковая сям'я ганарылася тым, калі дзіця "прабівалася" да ведаў. Як кветка да сонца, так i Марыя Макарэвіч наважылася ў Мазырскае педвучылішча. Затым асновы педагогікі паспяхова засвойвала ў вышэйшай педагагічнай навучальнай установе...

Настаўніцкую дзейнасць Ма­рыя Піліпаўна пачала ў Дзедаўскай пачатковай школе роднага раёна: спачатку настаўніцай, пасля – загадчыцай. Яе стараннасць, прынцыповасць, актыўнасць i справядлівы падыход да дзяцей i дарослых заўважыла раённае кіраўніцтва. І праз нейкі час маладой настаўніцы прапанавалі пасаду загадчыцы аддзела школ Жыткавіцкага райкама камсамола. Ініцыятыўная дзяўчына тут таксама працавала на сумленне, была прыкладам для іншых.

Наладзілася i acaбicтae жыццё – закахалася Марыйка ў вайскоўца Васіля Рудэнку. I было вяселле, не простае, а камсамольскае! Раённая газета 22 сакавіка 1964 года адгукнулася нават пра гэтую падзею нататкай: "У мінулую нядзелю цікава было заглянуць ў раённы Дом культуры. Там ва ўрачыстай абстаноўцы праводзілася рэгістрацыя шлюбу камсамольцаў Марыі Макарэвіч i Васіля Рудэнкі. На цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі савецкіх i партыйных арганізацый, родзічы i сябры ўступаючых у шлюб. Маладых павіншавалі загадчыца бюро ЗАГС Вольга Пятроўская, сакратар камітэта камсамола вытворчага ўпраўлення Уладзімір Салаўёў. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, старшыня райвыканкама 3інаіда Цімафееўна Рубахава пад гукі духавога аркестра ўручыла ім шлюбнае пасведчанне. Маладым былі ўручаны таксама памятныя падарункі..."

А праз тры гады, у 1966 годзе, педагогі раёна aбралі яе сваім грамадскім лідарам – старшынёй райкама прафсаюза работнікаў адукацыі. І на гэтай нялёгкай пасадзе Ма­рыя Піліпаўна адпрацавала больш трыццаці гадоў.

Гэта не проста гады. Гэта – цэлае жыццё, напоўненае рознымі падзеямі. Як прызнаецца сама Марыя Піліпаўна, больш было добрага, чым кепскага. І людзі сустракаліся ёй найперш добрыя, якія дапамагалі, падтрымлівалі.

– Сёння, азіраючыся на пражытыя гады, хачу сказаць, што мне ў жыцці шчасціла на добрых людзей, – дзеліцца Марыя Рудэнка. – Са мной працавалі вельмі годныя людзі, як загадчыкі аддзела адукацыі, навучальных устаноў, старшыні прафкамаў, кіраўнікі абкамаў галіновага прафсаюза. З імі было і цяжка, і лёгка. Цяжка, таму што гэта былі людзі высокаадукаваныя, са сваёй пазіцыяй і ацэкай падзей. Лёгка таму што дапамагалі вырашаць праблемы людзей не толькі па літары закону, а і па-чалавечы. Часта даводзілася ў іх і вучыцца многаму. Я ўдзячна ім за сумесную зладжаную працу на працягу дзесяткаў год, якія, прызнаюся, прамільгнулі імгненна.

Многія гады прафсаюзная арганізацыя педагогаў Жыткаўшчыны лічылася лепшай у вобласці, а яе кіраўнік стаў безумоўным аўтарытэтам найперш у калег-педагогаў, членаў прафсаюзнай арганізацыі, ва ўладных структурах.

Яна імкнулася, каб ахоп прафсаюзным членствам абавязкова складаў 100 працэнтаў ад колькасці працуючых у сістэме. Былі наладжаны плённыя кантакты з кіраўнікамі розных узроўняў, удасканальвалася сацыяльнае партнёрства. Марыя Піліпаўна, дарэчы, ініцыявала першае пагадненне паміж аддзелам адукацыі і райкамам прафсаюза, а ва ўстановах – калектыўныя дагаворы. Шмат нялёкіх рашэнняў даводзілася прымаць у гады паслясавецкай бязладзіцы, калі сама арганізацыя магла спыніць сваё існаванне…

Вырашаць прафсаюзныя пытанні, праблемы радавых яе членаў старшыня райкама не саромелася, выкарыстоўваючы розныя трыбуны і форумы: не аднойчы ёй даводзілася выступаць з крытычнымі прамовамі. І да думак, разваг вопытнага прафлідара прыслухоўваліся, пазіцыю, скіраваную на падтрымку простага чалавека, паважалі. Яна выбіралася і была актыўным дэпутатам райсавета, членам райвыканкама, членам рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, членам рэвізійнай камісіі Усесаюзнага Цэнтральнага Савета прафсаюзаў.

Калі прыйшоў час – Марыя Піліпаўна пайшла на заслужаны адпачынак. Але прадоўжыла актыўную грамадскую дзейнасць. Ветэраны вайны і працы раёна абралі яе членам прэзідыума раённага савета ветэранаў, старшынёй Жыткавіцкай гарадской арганізацыі ветэранаў педагагічнай працы. Ніводнага дня яна не пакідала без сваёй увагі дзейнасць райкама прафсаюза работнікаў адукацыі, які ўзначаліў ініцыятыўны Пётр Кальцоў, падтрымлівала цесныя кантакты з кіраўнікамі аддзела адукацыі і школ, прафкамамі.

За сваю працоўную і грамадскую дзей­насць Марыя Піліпаўна Рудэнка была ўзнагароджана вышэйшымі ўзнагародамі адукацыі ўcix узроўняў, савецкіх i партыйных органаў. У 1975 годзе ўшанавана нагрудным знакам Усеса­юзнага Цэнтральнага Савета прафсаюзаў "За актыўную працу ў прафсаюзах". У яе “ўзнагародным лісце” – дзесяткі грамат, падзяк, дыпломаў, падарункаў. Нядаўна за актыўную грамадзянскую пазіцыю нават кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка аб'явіў ёй падзяку.



У сям’і Рудэнкаў выраслі два сыны, абодва атрымалі належную адукацыю, знайшлі сваё месца ў жыцці, парадавалі ўнукамі. Не сорамна маці і бацьку за сваіх дзяцей, сумленнымі людзьмі іх вучылі быць заўсёды.

Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка