Безасабовыя сказы




Дата канвертавання01.05.2016
Памер24.99 Kb.
Безасабовыя сказы

Безасабовымі называюцца такія сказы, дзе ёсць толькі выказнік, што называе стан або дзеянне, і адсутнічае дзейнік, які называе суб’ект гэтага дзеяння, г.зн. таго, хто/што гэта дзеянне робіць. Часам гэты суб’ект дзеяння зусім не маецца на ўвазе: У пакоі душна. Халадае. Такія сказы ў прынцыпе нельга трансфармаваць такім чынам, каб у іх з’явіўся дзейнік.

У іншых выпадках такая трансфармацыя магчымая, аднак значэнне сказу зменіцца: Мне не спіцца. – Я не сплю. У першым сказе падкрэсліваецца стан чалавека, які ўзнікае незалежна ад яго самога, а ў другім – гэта дзеянне самога суб’екта.

Такім чынам, безасабовыя сказы паказваюць стыхійнасць нейкага дзеяння/ стану, якое/які узнікае безадносна да дзеяча, або гэтага дзеяча немагчыма вызначыць.



Безасабовыя сказы апісваюць:

1. Стан прыроды, прыродныя з’явы

У склад такіх сказаў могуць уваходзіць безасабовыя дзеясловы непагодзіцца, днець, змеркнуцца, задажджыць, якія не маюць асабовай формы: Днём непагодзілася, дажджыла, а вось увечар вызірнула сонейка.

У безасабовай форме могуць ужывацца таксама і асабовыя дзеясловы, якія часта пры сабе маюць назоўнік у творным склоне (Неба зацягнула хмарамі. Павеяла вясной.) або інфінітыў (Пачало вечарэць.)

У нашай мове існуюць таксама спецыфічныя канструкцыі з дзеясловамі бярэцца (збіраецца), ідзе, паказвае, якія апісваюць нейкі прыродны стан: Бярэцца на мароз. Збіраецца на дождж. Паказвае на добрае надвор’е. Ідзе на вясну.



2. Псіхічны ці фізічны стан чалавека (зрэдку жывёлы)

У склад такіх сказаў могуць уваходзіць безасабовыя дзеясловы кшталту горшае, ванітуе: Мне пагоршала. Мяне ванітуе.


Таксама могуць ужывацца канструкцыі са зваротным дзеясловам у безасабовай форме: Мне нешта не працуецца сёння. Акрамя таго, пашыраныя канструкцыі з прэдыкатыўнымі словамі весела, сумна, добра і г.д.: На сустрэчы было сумна.

3. Магчымасць/немагчымасць, пажаданасць/непажаданасць дзеяння, намер моўцы, пабуджэнне да дзеяння

Гэта так званыя мадальныя безасабовыя сказы, якія ўтвараюцца пры дапамозе словаў можна/нельга, трэба, варта, неабходна і г.д.: Мне не варта было рабіць гэтага. Яму трэба падрыхтаваць справаздачу да канца тыдня.



Заданне

Трансфармаваць наступныя сказы, выкарыстаўшы безасабовыя дзеясловы:

1. Увечары пайшоў дождж. – Увечары задажджыла.

2. На зямлю апускаўся змрок. – Змяркалася.

3. Учора быў невялікі мароз, а сёння ўжо прыйшла адліга. – Учора было падмарозіла, а сёння адліжыць.

4. Неба зацягнула хмарамі. – Захмарыла.

5. На дварэ стала зусім светла. – Развіднела. / Павіднела.

6. Хутка наступіць вечар. – Хутка звечарэе.

7. Пад вечар пачалася нейкая імжа. –Пад вечар заімжыла/ заімгліла.

8. На раніцу неба стала ясным. – На раніцу раз’яснела.

9. Нечакана стала холадна. – Нечакана пахаладнела/ пахаладзела.

10. Раптам пайшоў снег. – Раптам заснежыла.

11. Сёння цудоўнае надвор’е. – Сёння пагодзіцца.

12. Пачынаўся дзень. – Днела.

13. Смуга зацягнула ўсё навокал. – Засму́жыла.

14. На дварэ стала пахмурна. – На дварэ спахмурне́ла.

15. Нешта я сёння дрэнна сябе адчуваю. – Нешта мне сёння нездаровіцца/ нядужыцца/ няможацца/паблажэла / пагоршала.

16. Назаўтра яму стала лепей. – Назаўтра яму палепшала.

17. У яго ліхаманка. – Яго ліхаманіць/ калоціць.



18. Хлопчыку дрэнна, бо ён атруціўся. – Хлочыка ванітуе, бо ён атруціўся.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка