Беражыце свой веласіпед




Дата канвертавання27.03.2016
Памер18.19 Kb.
Беражыце свой веласіпед
У бягучым годзе на Пастаўшчыне пачасціліся выпадкі крадзяжоў веласіпедаў. Раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана ўжо 11 крымінальных спраў па гэтым факце. Як сведчыць практыка, прычынай здзяйснення такіх крадзяжоў часта з’яўляюцца нядбайныя адносіны пацярпелых да сваёй маёмасці, якія пакідаюць веласіпеды без нагляду на працяглы тэрмін. У пацвярджэнне сваіх слоў прывяду некалькі прыкладаў.

У адным з пад’ездаў дома №24 па вуліцы Юбілейнай у райцэнтры неўстаноўленая асоба шляхам свабоднага доступу ўкрала горны веласіпед “Стэлс Чэленджэр”. Знаходзіўся ён на лесвічнай пляцоўцы першага паверха амаль тыдзень — з 17 па 21 мая. Урон, нанесены гаспадару, складае 2 мільёны 720 тысяч рублёў. У перыяд з 24 па 25 мая з пад’езда дома №1 па той жа вуліцы Юбілейнай быў украдзены горны веласіпед коштам 1 мільён рублёў. А 16—17 лютага ў гэтым жа доме прапаў пакінуты ўладальнікам на лесвічнай пляцоўцы дарожны веласіпед “Аист”. Як і ў першым, у наступных двух выпадках устанавіць асобы злодзеяў не атрымалася.

На жаль, адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці ўладальнікаў за нядбайныя адносіны да сваёй маёмасці ў нашым заканадаўстве няма. Але ёсць адміністрацыйная адказнасць за парушэнне п.12.4 Правіл карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў жылога дома ў Рэспубліцы Беларусь, прадугледжаная артыкулам 21.16 КаАП РБ, у адпаведнасці з якім загрувашчваць лесвічныя клеткі, калідоры, праходы, запасныя выхады і дапаможныя памяшканні жылога дома катэгарычна забаронена. Такія дзеянні караюцца штрафам у памеры да 30 базавых велічынь. Таму да грамадзян, якія не клапоцяцца пра сваю маёмасць, могуць быць прыменены меры адміністрацыйнага ўздзеяння.

З мэтай папярэджання крадзяжоў веласіпедаў аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС рэкамендуе ўладальнікам не пакідаць іх без нагляду на лесвічных пляцоўках, ля пад’ездаў або магазінаў, адміністрацыйных будынкаў, а таксама ў падвалах; набыць запорнае прыстасаванне для веласіпеда і выкарыстоўваць яго, калі пакідаеце свайго двухколавага сябра без нагляду. Не спадзявайцеся на тое, што ў пад’ездах устаноўлены дамафоны, — зламыснікі змогуць трапіць у туды і ўкрасці ваш веласіпед. Каб гэтага не адбылося, не ўпускайце ў пад’езд не знаёмых вам людзей. Аказвайце садзеянне дзецям і пажылым людзям у транспарціроўцы веласіпеда да месца яго бяспечнага захоўвання. Пры выяўленні ля вашага дома, пад’езда, магазіна падазроных людзей, якія цікавяцца пакінутым без нагляду веласіпедам, адразу паведаміце пра гэта ў міліцыю па адным з наступных тэлефонных нумароў: 4-32-25, 4-12-02, 102 або 8-029-5102945 (МТС), 8-029-3257402 (Vel).



В. КІШКО, намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка