Беларускія рэфлексіі




Дата канвертавання05.05.2016
Памер105.43 Kb.


Даніэль Пшастэк
БЕЛАРУСКІЯ РЭФЛЕКСІІ




Фота Даніэля Пшастка

Нягледзячы на тое, што беларускі тэатр стылістычна захрас у сярэдзіне ХХ стагоддзя, у ім усё ж-такі можна адшукаць аазісы незалежнага тэатральнага мыслення.

“Ляпіс Трубецкой”, найбольш вядомы рок-гурт Беларусі, на чале з харызматычным лідэрам Сяргеем Міхалком, не так даўно далучыў да свайго рэпертуару верш народнага песняра Янкі Купалы “Хто ты гэткі?”. Іранічная рэпліка на “Катэхізм маладога паляка” Уладыслава Бэлзы, шаснаццацірадковая лічылка з пытанняў і адказаў, хоць і напісаная ў 1908 годзе, але і сёння з’яўляецца вельмі трапным метафарычным вобразам стану свядомасці нашых усходніх суседзяў. Міхалок праз Купалу выкрыквае:



Хто ты гэткі?

- Свой, тутэйшы.

Чаго хочаш?

- Долі лепшай.

Якой долі?

- Хлеба, солі.

А што болей?

- Зямлі, волі.

Дзе радзіўся?

- Ў сваёй вёсцы.

Дзе хрысьціўся?

- Пры дарожцы.

Чым асьвенчан?

- Кроўю, потам.

Чым быць хочаш?

- Ня быць скотам.

Нягледзячы на тое, што відэакліп гурту ахвотна праглядаецца ў інтэрнэце, пачуць песню ў Мінску, Брэсце, Гродне ці Магілёве немагчыма. І прычынай гэтаму палітычная сітуацыя. Гурт знаходзіцца ў чорным спісе забароненых праз рэжым Аляксандра Лукашэнкі музыкаў.


Вядома, прыклад “Ляпісаў” не з’яўляецца адзінкавым, але вельмі трапна ўказвае на сацыяльныя праблемы нашага ўсходняга суседа. Цікава, як у гэтай няроўнай барацьбе за развіццё нацыянальнай самасвядомасці свабода мастацкага самавыяўлення, магчымасць свабоднай творчасці ўпісваюцца ў сцэнічную дзейнасць. Адказаць на гэтае пытанне няпроста, але ж варта прыгледзецца да тэатральнай панарамы Беларусі.
Сучасны беларускі тэатр, калі разглядаць яго як адзінае цэлае, стылістычна захрас у сярэдзіне ХХ стагоддзя. Выхаваны на ўзорах савецкай тэатральнай школы, ён не спазнаў той эвалюцыі, якую перажылі ўсе краіны ўсходняга блоку. Тая мастацкая мадэль, якой ён сёння прытрымліваецца, не адпавядае сусветным трэндам. Бракуе ў ім месца для эксперыменту, наватарства і інавацыйнасці. Але ў гэтым няма нічога дзіўнага. Маладыя творцы ў адзін голас заяўляюць: любую індывідуальнасць забівае адукацыйная сістэма, скасцянелая і непадуладная ніякім эвалюцыйным зменам. Праблема палягае яшчэ і ў недахопе мастацкага абмену. Колькасць фестываляў не адпавядае патрабаванням – не толькі тэатральнай супольнасці, але і звычайных гледачоў. Культура, у тым ліку і тэатр, недастаткова фінансуецца, што прыводзіць да кур’ёзнай сітуацыі, калі няма сродкаў для запрашэння рэжысёраў з іншых краін ці на аплату аўтарскіх правоў за замежную драматургію. Тым самым тэатр храсне ў адной стылістыцы і ў адной мадэлі.
Даволі істотнай праблемай з’яўляецца выбар рэпертуару. Кіраўнікі тэатраў знаходзяцца ў своеасаблівай палітычна-сацыяльнай пастцы. З аднаго боку, на выбар рэпертуару, з прычыны фінансавай сітуацыі, уплывае дзяржава. Тэатры мусяць зарабляць грошы, таму найчасцей рэпертуар залежыць ад эканамічнай мэтазгоднасці. З дугога боку, хоць ў Беларусі і няма той цэнзуры, якую палякі ведаюць з часоў СССР, перашкодай з’яўляецца наяўнасць у тэатрах мастацкіх рад, якія ўплываюць на арганізацыю творчага працэсу. Таксама існуе гэтак званы “механізм тэлефону”. Неаднаразова ў размовах з творцамі даводзілася чуць, што патэлефанаваў “нехта з міністэрства” і папрасіў, каб тая ці іншая п’еса не з’яўлялася на сцэне. Аднак найвялікшай праблемай застаецца самацэнзура рэжысёраў. Яны самі прызнаюць, што пазбягаюць палітычна і сацыяльна далікатных твораў. Трымаюцца аргументу (які цяжка прыняць за слушны і належны): беларускае грамадзтва не гатовае да спрэчных тэм. Праўда, у гэтым пытанні ніколі не праводзілася даследаванняў, але тэзіс пра беларускага гледача, які ў тэатры жадае адпачываць і адчуваць сябе маральна камфортна, настолькі звыклы, што складваецца ўражанне, нібыта бальшыня людзей у яго вераць і прымаюць за праўду. Вядома, гэтага не пацвярджаюць ані колькасць гледачоў на спектаклях незалежных тэатральных ініцыятыў, ані актыўнасць маладых драматургаў, якія змагаюцца за пастаноўкі новай драмы.
Акрамя таго, на форму беларускага тэатра ўплывае яго своеасаблівая місія. Трэба памятаць, што дзеянні дзяржавы ў сферы культуры прыводзяць да таго, што мастацтва становіцца палітычным і ўрэшце рэшт губляе нацыянальную адметнасць. У рэпертуарах драматычных таэтраў няма зараз, бадай што, самай актуальнай п’есы Янкі Купалы “Тутэйшыя”, якая распавядае пра самаідэнтычнасць і будаванне грамадзкай самасвядомасці ў дваццатых гадах ХХ стагоддзя. Пастаноўка Мікалая Пінігіна, мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы, рэалізаваная ў дзевяностых гадах ХХ стагоддзя, падштурхоўвала людзей да шматлікіх палітычных маніфестацый. У 2010 годзе рэжысёр вырашыў зняць спектакль з рэпертуару, аргументуючы гэта зношанасцю дэкарацый і ўзростам акцёраў.
Аднак, нягледзячы на розныя абмежаванні, тэатр адчувае, як можна уплываць на фарміраванне нацыянальнай свядомасці. У Беларусі існуе больш за трыццаць тэатраў, але толькі чатыры з іх працуюць па-беларуску (у Мінску – Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Тэатр юнага гледача і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я.Коласа ў Віцебску). Ужо ўзгаданы тут Мікалай Пінігін, абгрунтоўваючы выбар рэпертуару, падкрэслівае менавіта гэты элемент ў фарміраванні грамадзтва. І хаця ў спектаклі “Тэатр Уршулі Радзівіл” можа здзівіць перанапаўненне яго маляўнічымі музыкай, танцамі, спевамі, але вы памяняеце сваё стаўленне да гэтага, калі зразумееце, што рэжысёр паказвае гледачам невядомую гісторыю сваёй краіны. Мала хто ўсведамляе, што падзеі ў спектаклі мелі месца за 100 кіламетраў ад Мінску - у Нясвіжы, былой рэзідэнцыі Радзівілаў. Падобныя мастацкія ідэі рэалізоўваліся на сцэне Купалаўскага тэатра яшчэ за часы кіраўніцтва аднаго з найвыбітных беларускіх рэжысёраў, ужо памерлага Валерыя Раеўскага. Разам з Аляксеем Дударавым, драматургам, а зараз і дырэктарам Драматычнага тэатра Беларускай Арміі, яны стварылі шэраг гістарычных спектакляў, якія звяртаюцца да традыцый беларускай зямлі: “Чорная панна Нясвіжа”, “Ядвіга”, “Князь Вітаўт”. Некаторыя з іх да гэтага часу ў рэпертуары тэатра, і, хоць гэтыя тэатральныя рэфлексіі далёкія ад гістарычнай праўды, яны з'яўляюцца важным элементам у падтрымцы традыцый і роднай мовы.
Насупекрак шматлікім абмежаванням, цяжкасцям і складаным механізмам існавання ў тым скасцянелым беларускім свеце можна адшукаць у ім цікавыя тэатральныя з’явы. Мой візіт у Беларусь, які адбыўся ў лютым 2012 года, прынёс мне нечаканы досвед, а таксама сустрэчы з тэатральнымі творцамі. Шпацыруючы па Мінску, нельга не заўважыць пэўную правільнасць. Гэта горад адзінага вялікага будаўніцтва, рэканструкцый і змен, стварэння новага. Яскравымі прыкладамі з’яўляюцца будынак Нацыянальнай бібліятэкі, які ўначы асвятляецца, як паветраны шар, а таксама будаўніцтва новай сядзібы Музея Вялікай Айчыннай вайны. У скверы, у самым цэнтры горада, знаходзіцца будынак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы. Пабудаваны ў 1890 годзе, ён сёння знаходзіцца ў атачэнні забудоў дзяржаўных устаноў, галоўнай з якіх з’яўляецца Прэзідэнцкі палац. Пышнасць і памеры рэзідэнцыі Аляксадра Лукашэнкі стаяць у апазіцыі да будынка тэатра, які сёння перажывае генеральную “рэканструкцыю”. Але калі ўважліва прыгледзецца, дык гэта ні што іншае, як разбурэнне і ўзвядзенне будынка нанава. Вобраз пад’ёмнага крана, які руйнуе гісторыю, найбольш яскрава адлюстроўвае адносіны ўлады да культуры і мінуўшчыны. Яшчэ адна цікавая дэталь: Купалаўскі тэатр, як ужо ўзгадвалася, адзін з нешматлікіх, які працуе на беларускай мове. Такім чынам, з прычыны рэканструкцыі, якая невядома калі скончыцца, абмяжоўваецца магчымасць доступу шырокай публікі да спектакляў на роднай мове. Спектаклі іграюцца на розных арэндаваных пляцоўках горада, нерэгулярна, хаця тэатр і стараецца, каб было іх каля дваццаці на месяц. Варта адзначыць, што аналагічная сітуацыя адбываецца і з яшчэ адным сталічным тэатрам, які працуе па-беларуску, - Тэатрам юнага гледача. Гэты будынак таксама зачынены на рамонт, а спектаклі іграюцца ў памяшканні Дома літаратара. Несумненна, такое становішча ўплывае на функцыянаванне тэатраў, выбар рэпертуару і фарміраванне публікі.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы большую частку сваіх спектакляў паказвае на сцэне Дома афіцэраў. Прасторнае памяшканне, якое сваім стылем нагадвае шасцідзесятыя гады ХХ стагоддзя, дае шанец адначасна паглядзець спектакль 800 гледачам. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, холад ў глядзельнай зале, які прымушае зімою глядзець спектакль у куртках і кажухах, гледачы ахвотна прыходзяць у тэатр. Варта падкрэсліць, што квіткі, у параўнанні з польскімі, вельмі танныя. Добрае месца каштуе каля 20 000 бел. рублёў (каля 2 еўра)! На сцэне “Паўлінка” Янкі Купалы ў пастаноўцы Льва Літвінава. Прэм'ера спектакля адбылася ў 1943 годзе ў Томску, дзе тэатр быў у эвакуацыі падчас Другой сусветнай вайны. Ад таго часу спектакль застаецца ў рэпертуары, хаця, вядома, акцёрскі склад неаднаразова цярпеў змены. Гэты спектакль б’е рэкорды наведвання. Кожны падлетак пачынае сваё знаёмства з тэатрам з прагляду “Паўлінкі”. Фабула вельмі простая, нават банальная: каханне галоўнай гераіні да Якіма Сарокі і планы бацькі выдаць дачку за магната Адольфа Быкоўскага. Аўтар паказаў грамадзкія стасункі, якія некалі панавалі на беларускай зямлі. Мова іскрыць гумарам, а цэласнасць пастаноўкі вымалёўваюць музыка і танец. Але спектакль успрымаецца як свайго роду музей, без асаблівых эмоцый; пасля яго ў памяці не застаецца анічога, акрамя відовішчнасці, гумару, таннай і, часам з пераборам, сатыры. З камедыі вылятае нацыянальны дух, а застаецца толькі вадэвіль, забава і поўнае эфектаў відовішча. І, ўласна кажучы, так адбываецца з бальшынёй спектакляў. Шмат чаго ў іх дзеецца, выкарыстоўваюцца архаічныя мастацкія сродкі, але ані думкі, ані мастацкай вартасці яны не маюць.
Падцверджаннем гэтаму – опера “Набука” Джузэпе Вэрдзі, прэм’ера якой адбылася ў 2010 годзе і была прымеркаваная да адкрыцця Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь пасля шматгадовай рэканструкцыі і рэстаўрацыі. Спектакль быў ушанаваны ўзнагародай Першай Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі ў 2011 годзе. Рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ не выкарыстоўвае зместу оперы ў якасці магчымага расповеду пра ўладу, яе панаванне і палітычную барацьбу, а больш надае ўвагі тэхнічным магчымасцям сцэны (варта адзначыць, што тэхнічнае абсталяванне тэатра з’яўляецца гонарам генеральнага дырэктара, добрага мэнэджэра Уладзіміра Грыдзюшкі). Глядач спектакля, атакаваны чарговымі навінкамі (ад мультымедыйных праекцый, шырокай, як вясёлка, гамы святла, вярчэння сцэны, выкарыстання дваццаці аднаго пад’ёмніка, якія перамяшчаюць дэкарацыі з неверагоднай спраўнасцю), перажывае своеасаблівы ністагм. Але візуальныя эфекты робяцца настолькі важнымі, што забіваюць цалкам сэнс і мову спектакля. Здзіўляе, што нават хор Va, peusiero з трэцяга акту нямае ў сабе нічога ад голасу свабоды, а з’яўляецца толькі адным з эфектных элементаў пастаноўкі. Тэатр мусіць быць адрасаваны ўсім, не будзіць сумленне, а што яшчэ горш – не схіляць да мыслення.
Тая мель, на якой сядзіць тэатр, паглыбляе недахоп пэўнай мажлівасці рэалізацыі сучаснай беларускай драматургіі. Існуе Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (паўстаў ў 1991 годзе як “Вольная сцэна” пад караўніцтвам Валерыя Мазынскага, які ў 2000 годзе быў пазбаўлены працы з палітычных прычын), якім да сакавіка 2012 года кіраваў акцёр і рэжысёр Валерый Анісенка (зараз яго пасаду займае Аляксандр Гарцуеў, былы рэжысёр Тэатра імя Я.Купалы). Нягледзячы на тое, што пры тэатры дзейнічае Цэнтр беларускай драматургіі, ён не дае магчымасці прэзентаваць тэксты ўсім зацікаўленым, таму што такую магчымасць атрымліваюць толькі надзейныя і правераныя аўтары, пацвярджэннем – іх партрэты на сценах у фае тэатра. Акрамя таго, у Беларусі існуе перакананне, што першы поспех трэба атрымаць за мяжой (асабліва ў Расіі), і тады адразу з’явіцца магчымасць выказацца на роднай сцэне. Няведанне сучаснай драматургіі звязанае з адсутнасцю часопісаў, якія публікавалі б навінкі сучаснай драматургіі. Няма таксама адмысловых тэатральных перыядычных выданняў. Іх месца займае часопіс “Мастацтва”, які ахоплівае ўсе сферы культуры.
Нягледзячы на гэтыя абмежаванні і насамрэч шэрасць тэатральнага жыцця ў Беларусі, ўсё ж можна знайсці своеасаблівыя аазісы іншага тэатра. Гэта – месцы, дзе глядач з’яўляецца партнёрам, дзе ён мае магчымасць удзельнічаць у працэсе, перажываць, самастойна інтэрпрэтаваць і ўспрымаць.
Знаёмства Польшчы з тэатрам нашага ўсходняга суседа абмяжоўваецца толькі веданнем пра існаванне Свабоднага тэатра пад кіраўніцтвам Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды, які неаднаразова выступаў у нашай краіне. Цяжка не ацаніць сілы калектыву, палітычную заангажаванасць, змаганне за правы чалавека, імкненне да вяртання да дэмакратычнага рэжыму, але з мастацкага пункту гледжання, ён не ёсць фактам беларукага тэатра. І хаця ў рэпертуары – тэксты, напісаныя беларускімі драматургамі, але ж спектаклі тэатр прэзентуе на рускай мове, што фактычна выключае яго са свядомага ўздзеяння на культуру Беларусі. У гэтым выпадку палітыка перамагае мастацтва. Своечасовасць рэакцый, актуальнасць, часам надінтэрпрэтацыя заганяюць у пастку палітычнай гульні, а не мастацкай з’явы. Ёсць яшчэ праблема – мастацкая мова спектакляў. Амаль усе спектаклі ставіць Уладзімір Шчэрбань і ён стылістычна паўтарае самога сябе, капіюе тое, што ўжо было. Пры тым варта адзначыць арыгінальнасць ідэй. Важна, што Свабодны тэатр не з’яўляецца адзінай незалежнай пляцоўкай на тэрыторыі Беларусі, хоць і вельмі часта так пра сябе гаворыць. На сённяшні момант трупа падзеленая, частка яе знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі ў Вялікабрытаніі і мінімальна можа ўплываць на тэатральную сітуацыю сваёй краіны.
Надзеяй сучаснага беларускага тэатра па-ранейшаму застаецца маладое пакаленне творцаў. Варта адзначыць рознасць разуменьня тэрміну «незалежнасць». Гаворка ідзе не пра палітычныя дзеянні ці барацьбу з уладай. Найважнейшым з’яўляецца пошук уласнай, арыгінальнай мовы мастацкага выказвання. Самыя цікавыя тэатральныя ініцыятывы паўстаюць на ўскрайках асноўнага тэатральнага працэсу. Новыя мастацкія ідэі з’яўляюцца ў тэатрах лялек і пластычных (танца). Асноўным натхняльнікам, крэатарам незалежнага мысленьня з’яўляецца Аляксей Ляляўскі, галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Менавіта пад яго апекай выраслі асобы двух найбольш цікавых сёння рэжысёраў.
Аляксандр Янушкевіч у 2011 годзе паставіў у Тэатры лялек “Шлюб” Вітольда Гамбровіча. Выкарыстоўваючы вялізныя, больш за чалавечы рост аб'екты і лялькі, а таксама жывы план, ён стварыў арыгінальны, метафарычны аповед пра ўладу, яе панаванне і згубу чалавека. Аднак найбольш цікавай фігурай «маладога» тэатральнага жыцця з’яўляецца Яўген Карняг са сваім калектывам KorniagTHEATRE. Яго спектаклі, без слоў, натхнёныя працамі Піны Баўш, з'яўляюцца выяўленнем глыбокай нязгоды і супраціву. Гэтае своеасаблівае “НЕ” і ёсць характэрным элементам усіх яго прац. Карняг не баіцца ўздымаць далікатныя для грамадзтва тэмы, а ягоная апошняя прэм’ера 2011 года “Спектакль №7” распавядае пра згубу чалавека, страх і пагрозы асобе.
Сярод іншых маладых трэба вылучыць Кацярыну Аверкаву, рэжысёра, якая ўсклала на сябе цяжар працы ў правінцыі, у Магілёве, дзе, нягледзячы на грамадзкі супраціў, будуе і фарміруе ўласную мадэль тэатра, адным з элементаў якога з’яўяецца цыкл чытанняў сучаснай беларускай драматургіі. Пры ўмове ўзгаданых вышэй цяжкасцей з прасоўваннем тэкстаў на сцэну, альтэрнатывай сталі менавіта чытанні. У гэтай галіне паўстае шэраг цікавых ініцыятыў. Так у снежні 2011 года ў Мінску заявіла пра сябе Студыя альтэрнатыўнай драмы пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Багаслаўскага, мэтай якой з’яўляецца прэзентацыя ўласных тэкстаў.
Беларуская тэатральная прастора поўная неадкрытых месцаў і таямніц. Пад шэрасцю і блякласцю крыюцца выспы незалежнага тэатральнага мыслення. Моладзь змагаецца з прынятымі схемамі, поглядамі і ацэнкамі. Гэта іншы свет, але ён інтрыгуе. Варта за ім сачыць і спазнаваць яго. Бо ён такі блізкі ад нас, хаця яшчэ і вельмі далёкі.
Пераклад з польскай мовы

Віталя Краўчанкі


Перакладзена паводле:

Daniel Przastek „Białoruskie impresje”,

Teatr №7-8/2012 (1141), Warszawa

ЗАЎВАГА ПЕРАКЛАДЧЫКА:

На момант перакладу артыкула Кацярына Аверкава ўжо не працавала

ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка