Беларускіх чарадзейных казках




старонка1/5
Дата канвертавання18.03.2016
Памер0.49 Mb.
  1   2   3   4   5


Шамякіна С.В.

СЕМАНТЫКА НАЗОЎНІКА СА

ЗНАЧЭННЕМ МАГІЧНАЙ РЭЧЫ Ў

БЕЛАРУСКІХ ЧАРАДЗЕЙНЫХ КАЗКАХ



УСТУП
Даследчыца В. М. Фрэйдэнберг пісала: ”...Пры вывучэнні моўнай культуры неабходна вывучаць у непарыўным адзінстве і культуру матэрыяльную, асабліва яе семантыку”1. Гэта выказванне тым падыходзіць да тэмы дадзенай работы, што пацвярджае тэзіс: вывучэнню семантыкі магічных рэчаў у чарадзейных казках дапамагае моўны аналіз іх лексем.

Чарадзейная казка – своеасаблівы жанр фальклору, які грунтуецца перш за ўсё на міфалагічным мысленні людзей і мае шмат асаблівасцей. Вядомы рускі фалькларыст У. Я. Проп так вызначае чарадзейныя казкі як жанр: ”Казка пачынаецца з нанясення якой-небудзь шкоды (выкраданне, выгнанне і інш.) ці з жадання мець што-небудзь (цар пасылае сына за жар-птушкай) і развіваецца праз адпраўку героя з дому, сустрэчу з дарыльшчыкам, які дае герою чарадзейны сродак ці памочніка, пры дапамозе якога прадмет пошукаў знаходзіцца. У далейшым у сюжэце – паядынак з супраціўнікам, вяртанне і пагоня... Казкі, якія адлюстроўваюць гэтую схему, называюцца чарадзейнымі...”2

Няправільна думаць, што казкі створаны толькі фантазіяй, што яны – мана. У казках, асабліва чарадзейных, у алегарычнай, метафарычнай форме адлюстраваны ўяўленні нашых продкаў пра касмічныя і прыродныя з’явы, пра іншасвет, у іх могуць быць спецыфічна пераасэнсаваны рэальныя гістарычныя з’явы і працэсы. Выдатны рускі даследчык ХІХ ст. А. Н. Афанасьеў пісаў: ”Казка не пустая складка; у ёй, як і ўвогуле ва ўсіх тварэннях цэлага народа, не магло быць і на самай справе няма ні знарок выдуманай хлусні, ні наўмыснага адхілення ад рэальнага свету”3. Чарадзейная казка з’яўляецца адной з самых каштоўных крыніц для рэканструкцыі старажытнай славянскай міфалогіі, абрадаў і звычаяў, светаўспрымання старажытных людзей, а таксама рэальна існаваўшых з’яў, якія зніклі, страцілі свае функцыі і забыліся. Апошняе тычыцца і галоўнай прыкметы чарадзейных казак – незвычайных істот, краін, пабудоў, а таксама і магічных рэчаў. Наша сучаснае светаўспрыманне, безумоўна, вельмі адрозніваецца ад мыслення людзей старажытнасці, да таго ж гісторыя не захавала звестак пра многія рэчы, і мы зараз можам толькі меркаваць, у якой ступені і ў якім ракурсе былі сапраўднымі вышэй названыя з’явы. Можна аспрэчыць выказванні многіх навукоўцаў, што, напрыклад, крыштальных вежаў і шапак-невідзімак не існавала, што гэта чыстая фантазія.

Большасць чароўных з’яў – агульныя для казак усіх індаеўрапейскіх і многіх іншых народаў. Супадзенні прасочваюцца і на моўным узроўні – рэчы і з’явы названы аднолькава, часта сугучнымі, аднакарэннымі словамі.

Магічныя рэчы займаюць у чарадзейных казках вялікае месца. Амаль у кожнай казцы сустракаецца адна, а то і некалькі цудоўных рэчаў. Іх колькасць і разнастайнасць агромністая. У. Я. Проп піша на гэты конт: “Няма, здаецца, такога прадмета, які не мог бы фігурыраваць як прадмет чарадзейны. Тут разнастайныя прадметы вопраткі... і ўпрыгожанні..., прылады працы і зброя..., усялякага роду кошыкі, мяшкі, кашалькі, пасудзіны..., часткі цела жывёл..., музычныя інструменты..., разнастайныя прадметы быту..., напоі..., садавіна і ягады”.4

Магічныя рэчы могуць выконваць у казках розныя функцыі. Па-першае, трэба вылучыць апазіцыю: рэчы, якія дапамагаюць герою, – рэчы, якія перашкаджаюць яму. Рэчаў-памочнікаў значна больш, гэта амаль усе прадметы, згаданыя ў казках; тых, што перашкаджаюць герою, – адзінкі (напрыклад, дзверы). Але некаторыя рэчы ў казках могуць змяняць свае функцыі ў залежнасці ад таго, каму яны належаць – герою ці яго ворагу. В. М. Фрэйдэнберг вылучае таксама наступныя функцыі рэчы: ”Аб рэчы можна казаць, што яна выконвае ў фальклоры, а затым у літаратуры, тры функцыі. Па-першае, перастаўшы быць першапачатковым персанажам, робіцца атрыбутам пры ачалавечаным персанажы, а таксама яго аксесуарам. Затым яна, губляючы значэнне жывой прыроды, пераходзіць на ролю сцэнарыя і абсталявання. І нарэшце, пры дапамозе рэчы дасягаецца сюжэтная перыпетыя і інтрыга”5.

Магічныя рэчы можна класіфікаваць і паводле крыніцы і спосабу іх атрымання героем. У. Я. Проп піша: ”...Не кожны, не ўсялякі прадмет можа быць чарадзейным, а толькі здабыты вядомым спосабам... У казцы такім з’яўляецца прадмет, дадзены памёршым бацькам, Ягой, удзячным пахаваным мерцвяком, жывёламі-гаспадарамі і г.д. Карацей кажучы, чарадзейным з’яўляецца прадмет, узяты «адтуль”6. Акрамя гэтага спосабу – атрымання рэчы ў падарунак – герой таксама можа знайсці прадмет сам, атрымаць яго ў якасці платы за службу, набыць хітрасцю ці як трафей у баі.

Асобнага разгляду патрабуе пытанне генезісу вобразаў магічных рэчаў, асновы, на якой яны з’явіліся. Тут нельга выключаць і тое, што ў нашых далёкіх продкаў маглі існаваць тэхналогіі і здольнасці, якія пазней страціліся, – менавіта яны і адлюстраваны ў казках. Напрыклад, клубочак, што паказвае герою дарогу. Адкуль мог узяцца такі вобраз? Магчыма, у старажытных славян існаваў нейкі своеасаблівы компас, які і замацаваны ў казках у выглядзе клубочка. З больш верагоднага магчыма, што магічныя рэчы – гэта алегарычна пераасэнсаваныя рэальныя рэчы і з’явы. Узяць, для прыкладу, той жа клубочак. Вучоныя сцвярджаюць, што на нейкім этапе развіцця ў славян існавала вузялковае пісьмо. На гэтай падставе можна меркаваць, што клубочак – гэта зматаная нітка з вузялковым пісьмом, якім напісана-растлумачана, як знайсці дарогу. Вобразы магічных рэчаў таксама маглі з’яўляцца праз наданне звычайным рэчам магічных функцый ці пераасэнсаванне іх функцый як магічных. Пра гэта таксама пісаў У. Я. Проп: ”Чалавек у меншай ступені заўважае сваё намаганне, і ў большай – працу прылады. Так атрымліваецца канцэпцыя, што прылада працуе не ў сілу прыкладзеных намаганняў (чым больш дасканалая прылада, тым менш намаганні), а ў выніку ўласцівых ёй чарадзейных якасцей. Атрымліваецца ўяўленне аб прыладзе, працуючай без чалавека, за чалавека”7. У казках таксама могуць быць паказаны рэчы, якія сапраўды ўжываліся ў магічных абрадах і рытуалах, шаманскіх і рэлігійных дзеяннях.

У тэкстах казак з магічнымі рэчамі звязаны розныя моўныя з’явы. Так, могуць выкарыстоўвацца некалькі варыянтаў адной лексемы: звычайна адна з’яўляецца літаратурнай нормай, другая – яе памяншальнай формай, трэцяя – русізмам ці дыялектызмам (напрыклад: хустка, хустачка, платок). Сустракаюцца таксама назоўнікі, што ўжываюцца толькі ў дыялектнай форме (напрыклад: сярэбранае блюдачка).

З пункту погляду значэння, семантыкі назоўнікаў адзначаюцца наступныя з’явы:



  • некалькі лексем могуць мець амаль аднолькавае значэнне, выконваць аднолькавыя функцыі (напрыклад: вірмяк-ненавідзец і капялюш, жывая вада і яблык);

  • адна і тая ж лексема можа мець некалькі значэнняў (напрыклад: хустачка, яблык, вада);

  • лексема супадае з літаратурнай, але мае такое значэнне, якое адпаведнай лексеме ў літаратурнай мове зусім не ўласціва (напрыклад: сабачка).

У казках часта сустракаюцца рэчы, якія рэалізуюць сваё магічнае значэнне толькі ў пары (напрыклад: сярэбранае блюдачка і наліўное яблачка). Часта ўжываюцца ў казках сінтаксічна непадзельныя спалучэнні (напрыклад: жывая вада, кавёр-самалёт), а таксама спалучэнні тыпу: дзеяслоў у форме загаднага ладу + назоўнік у форме зваротку (такімі спалучэннямі афармляюцца словы-заклінанні, якімі прыводзяць у дзеянне магічныя рэчы).

Мэта дадзенай работы – вызначыць лексічнае значэнне, семантыку назоўнікаў са значэннем магічнай рэчы ў беларускіх чарадзейных казках.

У рабоце ставяцца наступныя задачы:



  1. Правесці тэматычную класіфікацыю назоўнікаў са значэннем магічнай рэчы.

  2. Вызначыць лексічнае значэнне назоўнікаў у сучаснай беларускай літаратурнай мове.

  3. Вызначыць казачную семантыку назоўнікаў са значэннем магічнай рэчы ў чарадзейных казках.

  4. Прасачыць валентнасныя (спалучальныя) адносіны назоўнікаў са значэннем магічнай рэчы з іншымі лексіка-граматычнымі класамі слоў.

  5. Прасачыць функцыянаванне лексем у тэксце.

  6. Вызначыць паходжанне лексем са значэннем магічнай рэчы.

Наватарства працы: Семантыка рэчы ў культуры беларусаў з этнаграфічнага пункту гледжання даследавалася айчыннымі навукоўцамі (Валодзіна Т.В.), але прадстаўленая праца ўпершыню разглядае пэўны лексічны пласт мовы ў адным з асноўных жанраў фальклору – чарадзейных казках. Праца можа быць выкарыстана як прадуктыўная аснова для работ больш шырокай тэматыкі (напрыклад, дыпломных) па беларускай мове, этымалогіі, фальклору, этналінгвакультуралогіі.

Крыніца даследавання: Выбарка фактычнага матэрыялу праводзілася па зборніку “Чарадзейныя казкі” ў 2-х тамах (складальнікі К. П. Кабашнікаў, Г. А. Барташэвіч), выдадзеным АН БССР Інстытутам мовазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (Мн., 1973, 1978). Том 2. Было прааналізавана 32 казкі.

ІІ. ГАЛОЎНАЯ ЧАСТКА

Тэматычная класіфікацыя лексем са значэннем магічнай рэчы

  1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка