Беларускі гістарычны агляд




старонка4/20
Дата канвертавання14.03.2016
Памер4.93 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   20

Union with the Crown in home policy of the Grand Duchy of Lithuania before the 1569 Parliament in Lublin

Andrej Januškievič

The propagated thesis about deliberate and active support of the Union draft by the nobility of the Grand Duchy of Lithuania does not quite accord with the facts. In reality the GDL’s nobility supported only the idea of moderate union, in which the Duchy would retain domestic autonomy. This support was of passive character since the nobility was not a self–dependent and properly organized political force. The political initiative came from the Lord and his Rada (Council). The Rada nobles did not conflict with idea of carrying out home reforms in the state to establish true “noble’s democracy”. This viewpoint was in accordance with political interests of the nobility. With such an approach in the idea of close Union with Poland for “golden nobles’ freedoms” was pointless. The Rada had nothing against the integration with Poland on the principles of joint economic power and indivisible foreign policy. That was necessary to wage an efficient campaign against Muscovy. But Rada’s nobles positively stood for retaining the free Parliament of the GDL in the state–legal structure of the Polish Lithuanian Commonwealth as the main basis for the Duchy’s self–dependency.

The idea of tempered union with Poland to solve military–defen­dant problems was supported both by the GDL’s magnates and the nobility. Radical propositions of the Poles to incorporate the GDL into Poland did not disaccord with state interests. However, the Radzivil’s policy directed on retarding the time and constant postponing the negotiation on the Union was appreciated neither by the nobility nor by part of magnate elite.

Grand Duke Žyhimont A÷hust played the key role in signing the Union of Lublin. Since 1562 he had been consecutively aspiring to the realization of that act. Depending on political situation in Poland and the GDL, he was disposed to compromise solutions and was seeking for public support for the Union. In 1567 he summoned the noble’s levy of the GDL, holding a sort of “nobles’ referendum” .The nobles appreciated the idea of convocation of the joint Polish–Lithuanian Parliament to solve the problem of the Union. The latter was successfully realized in Lublin in 1569.


Падарожжы па Літве ў XVI—XVII ст.:
досвед італьянцаў і французаў


Рустыс Камунтавічус

Уводзіны

У гэтым артыкуле будуць аналізавацца італьянскія і французскія тэксты XVI—XVII ст., якія дазволілі б выявіць умовы падарожжаў па Літве* ў іх параўнанні з падарожжамі па Польшчы. Галоўныя крыніцы працы — успаміны італьянскіх і французскіх дыпламатаў, якія наведвалі Рэч Паспалітую Абодвух Народаў і Вялікае Княства Літоўскае, геаграфічна–палітычныя апісанні, справаздачы і ліставанне. Самаю шматлікаю групаю іншаземцаў, якая пакінула па сабе крыніцы гэткага тыпу, былі французы і італьянцы1. Цягам XVI—XVII ст. Рэч Паспалітую адведала, пакінуўшы пісьмовыя апісанні, каля 30 французаў. Італьянцаў за той жа перыяд было ўтрая болей; звыш за палову іхняга ліку (каля 50) складалі папскія нунцыі.

Абсалютная бальшыня ўсіх італьянцаў і французаў, якія наведвалі Рэч Паспалітую ў XVI—XVII ст., прыязджала сюды з рознымі заданнямі або з пэўнай канкрэтнаю мэтай. Такіх, якія б падарожнічалі дзеля прыемнасці або шукаючы новых уражанняў, амаль не было. Бальшыню французскіх крыніц складаюць успаміны дыпламатаў, найманых жаўнераў і афіцэраў, людзей з атачэння польскага каралеўскага двара або падарожнікаў. Бальшыня апісанняў Польшчы і Літвы належыць да другой паловы XVII ст., то бок да перыяду, калі палітычныя і культурныя стасункі паміж Рэччу Паспалітай і Францыяй былі асабліва актыўныя. Бальшыню італьянскіх матэрыялаў складаюць справаздачы і ліставанне венецыянскіх паслоў і папскіх нунцыяў. Пераважна яны паходзяць з другой паловы XVI ст. і першай паловы XVII ст., калі былі за­снаваны першыя сталыя дыпламатычныя місіі, асабліва зацікаўленыя ў польска–літоўскай дзяржаве, што перажывала свой залаты век.

Іншаземцы знаходзіліся на тэрыторыі Рэчы Паспалітай неаднолькава доўга. Папскія нунцыі ў перыяд XVI—XVII ст. праводзілі тут у сярэднім каля 4 гадоў. Але нямала сярод іх было такіх, што заставаліся ў некалькі разоў даўжэй (напрыклад, Кл. Рангоні — 8 гадоў, М. Філянардзі — 7 гадоў) і такіх, што прыязджалі толькі на пару гадоў (напрыклад, Дж. Кантэльмі ў 1688 г.; у перыяд 1522—53 г. папскія нунцыі праводзілі ў Рэчы Паспалітай усяго па 1—2 гады). Падобная сітуацыя складалася і ў выпадку венецыянскіх паслоў і іхніх сакратароў. У другой палове XVI ст. дыпламаты (Дж. Ліпамана, Дж. Ф. Маразіні, П. Дуода [G. Lippomano, G. F. Morosini, P. Duodo]) праводзілі ў Польшчы па 1—2 гады. З іншага боку, маем і прыклад сакратара венецыянскага пасла Дж. Альберці [G. Alberti], які правёў у Рэчы Паспалітай 15 гадоў. Пра больш як 20 французаў мы таксама знаходзім інфармацыю, якая пацвярджае іхняе знаходжанне ў Рэчы Паспалітай цягам да 2 гадоў. Толькі шэсць французаў правялі ў польска–літоўскай дзяржаве ад некалькіх гадоў да некалькіх дзесяцігоддзяў (напрыклад, Г. дэ Тэнд і Ф. П. Далярак). Пра астатніх у нас няма дакладных звестак.

Італьянцы і французы рэдка дабіраліся да Літвы, а калі і прыязджалі сюды, дык толькі на кароткі час, найчасцей не больш як на адзін год. Мы валодаем дакладнай інфармацыяй пра тое, што ў першай палове XVI ст. у ВКЛ бывалі два пап­скія нунцыі: З. Фэрэры2 (у верасні 1520— лютым 1521 г.) і Дж. Ф. Цыта (у траўні 1526 г.)3. У сярэдзіне стагоддзя, калі ў Поль­шчы ўсталявалася сістэма нунцыятуры, гэтая лічба крыху вырасла: А. Баланьета4 (1583—84), Б. Бонджыавані5 (1560), Дж. А. Калігары6 (1579), А. ды Капуа7 (1589), Л. Ліпамана8 (1555). У першай палове XVI ст. сітуацыя радыкальна не змянілася: М. Філянардзі9 (1636), Кл. Рангоні10 (1601), Ф. Сіманета11 (1609—10), Г. Вісконці12 (1633). У гэты перыяд маем звесткі пра прыезд у Літву прынамсі некалькіх не звязаных з папам дыпламатаў: у 1609 г. у Літву заехаў па­сланнік тасканскага князя Казіма II [Cosimo II], Л. Бэвіляква13, каб спаткацца з каралём Польшчы, а трохі пазней праз Літву праязджаў, па дарозе з Масквы ў Польшчу, дамініканскі місіянер Дж. ды Люка14.

Сярэдзіна XVII ст. — пераломная, што да колькасці падарожжаў у Літву. Па–першае, гэты факт быў выкліканы ростам ліку французаў, якіх прывабліваў двор Людвікі Марыі і Яна III Сабескага (з 1674 г.). Свой побыт у Літве па­цвярджаюць або даюць падставу для такіх сцверджанняў прынамсі пяць французаў: Ф. Аўрыль15 (1688—89), Ф. Дзюпон16, Ф. П. Далярак17 (1688 r.), Русо дэ ля Валет18 i Г. дэ Тэнд19. Апошні з іх нават цвердзіць, што правёў у гэтай краіне „шмат гадоў“. Па–другое, рост колькасці чужаземцаў быў выкліканы падвышэннем палітычнае значнасці ВКЛ у Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. З 1674 г., калі ў Горадні пачаў ладзіцца кожны трэці сойм Рэчы Паспалітае, сюды мусіў прыязджаць кароль, а разам з ім і двор, і дыпламатычны корпус. У гэты перыяд на Літве льга было спаткаць не толькі папскіх нунцыяў — такіх, як Дж. Кантэльмі20 (1688—89), але і супрацоўніка венецыянскае амбасады Дж. Альберці21 (1687—88, 1692—93).

Калі не лічыць актывізацыі ў другой палове XVII ст., італьянцы і французы наведвалі Літву нашмат радзей, чым Польшчу. Гэтаму было некалькі прычын. Па–першае, іншаземцы былі прывязаныя да каралеўскага двара і найчасцей падарожнічалі толькі з ім. Але кароль наязджаў у Літву вельмі рэдка. Па–другое, найбольш інтэнсіўна культурнае і палітычнае жыццё віравала ў самой Польшчы, асабліва ў яе палітычных цэнтрах. Таму іншаземцам, чые падарожжы звычайна мелі канкрэтную мэту, не было чаго ехаць у такую далеч. Трэба памятаць, што турызм у цяперашнім сэнсе гэтага слова тады яшчэ не развіўся, а прагу адкрываць для сябе новыя краіны стрымлівалі цяжкія ўмовы, высокі кошт падарожжа і не надта шырокі выбар аб’ектаў, якія лічыліся вартымі ўвагі назіральніка.

Інфармацыйныя крыніцы, якімі карысталіся дыпламаты і назіральнікі, знаходзячыся на тэрыторыі Рэчы Паспалітае, яшчэ не канчаткова высветленыя. Вызначыць іх нялёгка, бо аўтары звычайна пакідалі іх без увагі. Можна меркаваць, што першай і галоўнай такой крыніцай быў каралеўскі двор і найвышэйшыя дзяржаўныя саноўнікі. В. Тыгельскі цвердзіць, што нунцыі стараліся спраўджваць інфармацыю іншымі шляхамі, напрыклад, супастаўляючы яе з уласным досведам і са звесткамі, атрыманымі ад клеру22. Д. Тале ўздымае яшчэ адну праблему, звязаную з крыніцамі інфармацыі. У другой палове XVI ст. французы, як і бальшыня іншаземцаў, якія прыязджалі ў Рэч Паспалітую на кароткі час, не гаварылі па–польску і таму цалкам залежалі ад сваіх інфарматараў. Гэта будзіць сумненні, ці маглі іхнія тэксты грунтавацца на глыбокім асабістым досведзе. З іншага боку, шмат хто з палякаў ведаў лаціну, а то і гаварыў па–французску, што дазваляла паразумецца непасрэдна23.


Умовы падарожжа па Рэчы Паспалітай
Абодвух Народаў у XVI—XVII ст.

Прыблізна ад другой паловы XVI ст. пачынаюць з’яўляцца тэксты іншаземцаў з інфармацыяй пра ўмовы падарожжа ў Рэчы Паспалітай. Тут часта можна спаткаць парады, у якіх месцах трэба спыняцца, якія рэчы браць у дарогу, якія шляхі выбіраць і г.д. Часам пазначаецца нават адлегласць паміж гарадамі. Пра ўмовы падарожжа пісалі: Ф. П. Далярак, Г. дэ Тэнд, Г. Фантуццы [G. Fantuzzi], Бураціна [Buratino] і іншыя. Не пазбаўлена падставаў меркаванне, што адной з найчасцей ужываных інструкцыяў быў тэкст нунцыя другой паловы XVI ст. Г. Марэскоцці, які апісваў, як паводзіць сябе іншым нунцыям, што прыязджаюць у гэтую краіну. У інструкцыю ўключаны раздзел пра тое, як падарожнічаць па Рэчы Паспалітай24. Як і ў іншых тэкстах падобнага характару, тут пазначаюцца адлегласці паміж мясцовасцямі польскага каралеўства, змяшчаюцца парады наконт таго, якія рэчы трэба ўзяць з сабой у дарогу, падаюцца апісанні каралеўства і ягоных рэгіёнаў.

Інструкцыя Г. Марэскоцці, як і іншыя падобныя тэксты, магла б служыць выдатнай крыніцай даследавання ўмоваў падарожжа па Літве. Аднак у абсалютнай бальшыні аналагічных запісаў уся ўвага засяроджвалася на землях Каралеўства Польскага і надзвычай рэдка апісваліся спецыфічныя ўмовы ВКЛ, абумоўленыя маланаселенасцю і вялікай колькасцю балотаў і лясоў. Відавочна, іншаземцы падарожнічалі па дарогах, пазначаных на карце, якую падае Т. Хынчэўска–Генэль25, аднак няма сумненняў, што рух на гэтых дарогах не быў паўсюль аднолькава інтэнсіўны. Найчасцей для падарожжа выбіраўся напрамак Кракаў — Варшава — Гданьск. Акрамя таго, нельга забываць і пра той факт, што з Заходняй Еўропы ў Рэч Паспалітую звычайна прыязджалі цераз Польшчу: мяжу перасякалі або ў гданьскім порце, або на сухаземных дарогах па­блізу Познані ці Кракава. Той факт, што бальшыня падарожных XVI—XVII ст. мела блізкія стасункі з каралеўскім дваром і старалася падарожнічаць разам з ім, абумовіла значную колькасць апісанняў каралеўскіх рэзідэнцыяў на Чырвонай Русі — уладанняў Казіміра ці Яна III Сабескага. Бальшыня інфармацыйных тэкстаў, якія прысвячаліся падарожжам па Рэчы Па­спалітай Абодвух Народаў і апісвалі тыя дарогі Польшчы, што выбіраліся найчасцей, да­следчыку літоўскае гісторыі можа служыць выключна для арыентацыі, каб прасачыць агульную тэндэнцыю.

У літоўскіх гісторыкаў не ўдалося знайсці ніякіх працаў, прысвечаных гэтай праблематыцы. Ніводнага даследавання, якое займалася б пытаннем штодзённасці падарожжа, станам дарог і інфраструктуры паслугаў, у літоўскай гістарыяграфіі мы напэўна не знойдзем. Таму ў нашым распараджэнні толькі тэксты польскіх і заходніх аўтараў. З шэрагу працаў, дзе абмяркоўваюцца ўмовы падарожжаў у гэты перыяд, варта вылучыць тэксты Т. Хынчэўскай–Генэль26 і А. Моньчака27. Даследаваўшы багата дарожных нататак, абодва аўтары апісваюць іхні змест і ўражанні падарожных. У Польшчы апошніх чакалі тыя ж небяспекі і цяжкасці, як і ў іншых землях Еўропы — рабункі, цяжкая штодзённасць і ўмовы начлегу. Да асаблівасцяў Рэчы Паспалітай (як і астатняй часткі Ўсходняй Еўропы) іншаземцы залічвалі — з іхняга пункту гледжання — кепскі стан корчмаў: іх часткова льга было параўнаць з іспанскімі (якія ў Еўропе лічыліся сярод найгоршых). Зусім не развітая сістэма абслугоўвання кліентаў прыводзіла да таго, што цяжка было знайсці начлег і нават ежу. Дж. Фаджуолі, сакратар нунцыя Санта Крочы [Santa Crocio], у апошнім дзесяцігоддзі XVII ст. апісваў падарожжа з Частахова да Варшавы і вельмі скардзіўся, што на гэтай дарозе, адной з самых язджалых у Польшчы, яму цяжка было дастаць нават вады28. Стараючыся пазбегнуць гэткіх праблемаў, падарожныя бралі з сабою ў дарогу па Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў не толькі харч і пітво, але нават ложкі. Іншаземцаў, што прыязджалі з міжземнаморскага рэгіёну, асабліва дзівіў той факт, што ўзімку ехалася нашмат лягчэй, чым у іншыя поры года — у параўнанні з дарогамі летняга перыяду, што мала розніліся ад палявых ці лясных сцежак, замерзлыя рэкі і заснежаныя палі ператвараліся ў сапраўдныя аўтастрады.

Дадатковым прыкладам, які часта сустракаецца ў тэкстах як ілюстрацыя фатальнага стану дарог і інфраструктуры ў Польшчы, можа служыць ліст нунцыя К. дэ Торэс [C. de Torres] ад 30 чэрвеня 1646 г. да папы Памфілія. У гэтым лісце апісваецца вяртанне дадому пасля ўрачыстасцяў на двары пэўнага магната, куды было запрошана багата знатных гасцей: „саноўнікі, каралеўскія міністры і іншыя сенатары ад’язджаюць дзень пры дні, выбіраючы штораз іншыя дарогі і трымаючыся на вялікай адлегласці, каб мець магчымасць падарожнічаць з усімі ўбогімі выгодамі, даступнымі ў гэтай краіне“29. Пры надта вузкіх і нязручных дарогах і вельмі абмежаванай колькасці месцаў для начлегу госці мусілі выбіраць розныя дарогі і вытрымліваць вялікія інтэрвалы паміж ад’ездамі.

Стан корчмаў не адрозніваўся радыкальна ад стану дарог. Характэрнае апісанне можна спаткаць у тэксце французскага падарожніка другой паловы XVII ст. Г. дэ Тэнда, які цвердзіў, што правёў у Літве шмат гадоў. Паводле яго, у Рэчы Паспалітай не было такіх прыдарожных заезных дамоў, якія можна было спаткаць у Заходняй Еўропе. Замест іх падарожны мог знайсці толькі драўляныя будынкі, якія звычайна вы­ка­рыс­тоў­валіся як хлявы. У такім будынку быў пакой з акном і печкай, але падарожныя ахвотней заставаліся ў хляве з каровамі і свіннямі, бо смурод і бруд у пакоях аказваўся ня­зносны30. Гісторык Б. Бараноўскі паспрабаваў рэканструяваць вобраз карчмы на землях, што ляжалі на ўсход ад Віслы31. Следам за Г. дэ Тэндам ён цвердзіць, што самым звычайным тыпам заезнага дома быў драўляны будынак, у адным крыле якога мес­цілася некалькі раздзеленых калідорам пакояў з печамі; калідор вёў у памяшканне, што знаходзілася ў другой палове будынка — там была стайня, якая ўзімку служыла хлявом і для іншай свойскай жывёлы, і стаялі вазы. Магчыма, якраз такія корчмы льга было сустрэць і на землях ВКЛ. Пра стан літоўскіх корчмаў можна толькі здагадвацца, бо звестак пра корчмы XVI—XVII ст. на Літве ў нас няма.

У Рэчы Паспалітай, якая славілася кепскімі дарогамі і слаба развітай інфраструктурай, кароль быў адзінаю сілай, што спрабавала цэнтралізаваць дзяржаву і паляпшаць умовы падарожжаў. У справаздачы сакратара папскага нунцыя Ф. Ру­джэры (другая палова XVI ст.) пісалася, што за пэўную плату — маючы дазвол ад караля — па краіне можна было падарожнічаць з вялікай хуткасцю, змяняючы коней у каралеўскіх маёнт­ках32. Кур’ер папскае пошты Дж. Мізэлі, які ў другой палове XVII ст. не раз прыязджаў у Рэч Паспалітую, згадвае цэны падарожжа экіпажамі каралеўскае пошты паміж галоўнымі гарадамі Польшчы (літоўскія гарады не называюцца, і можна меркаваць, што аўтар на Літве не быў). Аўтар падкрэсліваў, што пошта ў Рэчы Паспалітай была арганізавана не так, як у Заходняй Еўропе, дзе каралеўскія лісты дастаўляліся адмысловымі экіпажамі. У Польшчы лісты перавозілі з аднаго прамежкавага пункта ў другі33. Але не заўсёды такое падарожжа адбывалася гладка. Пра гэта мы можам даведацца з ліста сакратара папскага нунцыя Дж. Кантэльмі, які апісвае паездку ў Горадню ў 1688 г. У лісце гаворыцца, што выезд з Варшавы запазніўся, бо ў дарогу мелася выправіцца гэтулькі людзей, што „ў каралеўскім двары не хапіла экіпажаў“34 і трэба было чакаць, пакуль хто не даставіць дадатковы транспарт. Іншаземцы, якія не маглі скарыстаць з каралеўскага транспарту, звычайна самі куплялі або наймалі коней ці экіпажы на ўвесь час ці на нейкі перыяд знаходжання ў Рэчы Паспалітай.

Ліхія дарогі і кепскі стан корчмаў у Рэчы Паспалітай спараджалі эканамічныя, палітычныя і сацыяльныя праблемы35. З прычыны няспынных войнаў — асабліва ў XVII ст. — эканамічнае развіццё затармазілася. У асяроддзі магнацкіх родаў пашырыліся ідэі дэцэнтралізацыі, якія не адбіваліся спрыяльна на развіцці камунікацыі і будове дарог. Каралі, якія імкнуліся ўмацаваць сваю ўладу, прайгралі ў змаганні з магнацтвам і шляхтаю. У развіцці дарог і камунікацыі былі больш зацікаўлены жыхары местаў, але гэты слой тут быў нешматлікі і не меў такога эканамічнага ўплыву, як у Заходняй Еўропе. Больш за тое — з прычыны асаблівасцяў заканадаўства ўтрыманне корчмаў не акупляла сябе, бо шляхта не плаціла за па­слугі. Таму стан дарог Рэчы Паспалітай не змяняўся цягам усяго перыяду XVI—XVII ст. Іншаземцаў, якія прыязджалі з Францыі або італьянскіх дзяржаваў, дзе цэнтральная ўлада набірала сілы і разам з багатымі гарадамі за два стагоддзі дасягнула вялікага прагрэсу ў справах будовы дарог і нагляду за імі, такое становішча прыводзіла ў збянтэжанасць.


Падарожжа па Літве

Умовы падарожжа

Абсалютная бальшыня падарожных цвердзіла, што ўмовы падарожжа ў Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў былі горшыя, чым у Заходняй Еўропе. Аднак польска–літоўская дзяржава з гэтага пункту гледжання не была маналітнаю. Лепшымі і больш ажыўленымі былі дарогі на захадзе краіны, якая мела інтэнсіўныя кантакты з заходнімі дзяржавамі, а таксама дарогі, што вялі да палітычных цэнтраў — Варшавы, Кракава, Гданьска і Гнезна. На ўсходзе і поўначы становішча выглядала зусім іначай. Ф. П. Далярак падкрэсліваў, што калі звычайна мілю можна было праехаць за гадзіну, то ў ваколіцах Падолля, на Ўкраіне, на Жамойці і ў некаторых іншых рэгіёнах гэта займала аж дзве гадзіны36.

Амаль усе падарожныя, якія ў XVI—XVII ст. пісалі пра ўмовы падарожжа на Літве, падкрэслівалі, што тут было яшчэ горш, чым у Польшчы. Найбольш перашкаджалі падарожжам лясы і балоты, якіх тут было болей, чым у Каралеўстве. Дадатковую перашкоду складала меншая населенасць Вялікага Княства ў параўнанні з Каралеўствам. Гэта азначала, што падарожныя мусілі браць з сабою больш ежы і пітва, мелі болей шанцаў заблудзіць або перажыць напад. Вельмі трапную заўвагу пакінуў Ф. Морысан — падарожны канца XVI ст., якога А. Моньчак залічыў да найбольш праніклівых іншаземцаў. Пішучы пра Літву, ён сцвердзіў: „Літва… найбольшая правінцыя [Поль­шчы]. [Яна настолькі] балоцістая і лясістая, што ўлетку туды не праехаць. Толькі ўзімку, калі балоты замярзаюць, купцы гандлююць з жыхарамі… гарадоў тут вельмі мала, а вёскі найчасцей знаходзяцца на адлегласці 20 нямецкіх міляў адна ад адной“37.

Цверджанне, што Літва — лясістая і балоцістая краіна, куды можна праехаць толькі ўзімку, калі рэкі замярзаюць і ўсё пакрываецца снегам, пачало шырыцца ў Францыі разам з першымі французскімі апісаннямі Рэчы Паспалітае ў другой палове XVI ст. Такую інфармацыю, спісаную з нямецкіх касмаграфіяў, паўтаралі Б. дэ Віжэнэр і ананім F. L. P.38. У той жа перыяд у Італіі падобным чынам пісалі аўтары, добра вядомыя ў пазнейшыя часы — венецыянскія паслы Дж. Ліпамана і П. Дуода [G. Lippomano i P. Duodo]39. Не адставалі ад іх і папскія нунцыі, якія ад сярэдзіны XVI ст. аж да XVIII ст. паўтаралі падобныя заўвагі ў сваіх справаздачах40. Магчыма, такое сцвер­джанне перарасло ў стэрэатып, тым больш што яно паўтараецца ў шматлікіх і катэгарычных тэкстах. Акрамя таго, паўтараючыся цягам стагоддзяў, яно ператварылася ў элемент грамадскае думкі.

На жаль, падарожныя XVI—XVII ст. амаль не пакінулі апісанняў сваіх літоўскіх дарожных уражанняў, хоць няма нястачы ў аналагічных тэкстах з апісаннямі падарожжаў па Поль­шчы. Спрабуючы высветліць, як выглядала падарожжа вачыма іншаземца, мы павінны звярнуцца да ўспамінаў анг­лі­чаніна У. Кокса [W. Coxe]. Хоць аўтар склаў свой тэкст у другой палове XVIII ст., але пасля эканамічнага спаду на пачатку стагоддзя стан дарог на Літве, напэўна, не вельмі змяніўся ў параўнанні з XVII ст.: „Дарогі ў гэтай краіне вельмі занядбаныя, мала розняцца ад звычайных сцежак, якія віюцца праз густы лес без ніякага знаку, што ім даў напрамак чалавек. Часта яны такія вузкія, што экіпаж ледзьве можа праехаць. На дарогах поўна карэння і пнёў, а шмат дзе яны настолькі пясчаныя, што восем конікаў ледзьве маглі нас выцягнуць… Масты праз рэчкі так хістка збудаваныя і такія старыя, што здавалася, быццам яны вось–вось заваляцца пад цяжарам экіпажу, і мы лічылі вялікай удачай, калі шчасліва пераязджалі цераз іх“41.
З Польшчы ў Літву і праз Літву

Якімі шляхамі іншаземцы прыязджалі ў Літву і як падарожнічалі па самой краіне? Адказ на гэтыя пытанні залежыць ад таго, хто быў падарожнік і што ў яго былі за мэты. Аўтары крыніц гэтае працы — у асноўным дыпламаты, амбасадары, нунцыі, каралеўскія прыдворныя і іншыя асобы, чые заняткі і зацікаўленні былі збольшага падобныя. Амаль усіх яднала тое, што яны альбо жылі пры каралеўскім двары, альбо знаходзіліся паблізу яго ў палітычных цэнтрах Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Таму найчасцей у Літву ездзілі з Кракава альбо Варшавы. У абсалютнай бальшыні выпадкаў мэтаю падарожжа была Вільня ці Горадня, — значэнне апошняе вырасла пасля таго, як было пастаноўлена ладзіць у гэтым горадзе кожны трэці супольны сойм Рэчы Паспалітае. Незраўнана меншая, аднак усё ж значная група іншаземцаў ездзіла праз Літву ў Маскву, выбіраючы напрамак Вільня — Менск — Смаленск — Масква (гл. карту).

Здаецца, дарога з Кракава ў Вільню да пачатку XVII ст. была самай ажыўленай артэрыяй, якая яднала Польшчу з Літвою, хоць няма сумнення, што некаторыя абіралі іншы напрамак42. У той час з Кракава ў Літву ездзілі дзяржаўныя чыноўнікі, чыёю мэтаю былі агульнадзяржаўныя паседжанні і соймы. Акрамя іх, паміж галоўнымі местамі Польшчы і Літвы актыўна падарожнічалі дыпламаты замежных дзяржаваў, якія мелі сталую рэзідэнцыю пры каралеўскім двары і ездзілі ў сталіцу ВКЛ з палітычнымі заданнямі, а таксама купцы. У адной з першых французскіх кніжак з апісаннем Польшчы — кніжка гэтая належала пяру Б. дэ Віжэнэра (1523—96) і была выда­дзена ў 1573 г. — аўтар далучыў да тэксту табліцу з прапанаванымі маршрутамі, якімі можна даехаць да польска–літоўскае дзяржавы і падарожнічаць па ёй43. Аўтар пазначыў не толькі гарады, праз якія трэба ехаць, але і адлегласці паміж імі. Для падарожжа з Польшчы ў Літву прапаноўваўся толькі адзін напрамак — з Кракава. Б. дэ Віжэнэр апісаў аж два магчымыя маршруты, якімі з сталіцы льга было дабрацца да Вільні. У абодвух выпадках падарожжа павінна было заняць 14—15 дзён. Гэтулькі правёў у дарозе тасканскі пасланнік Л. Бэ­віляква [L. Bevilacqua], якому спадарожнічаў М. дэ ля Коля [M. de la Cola] — француз, што належаў да каралеўскага двара. З Кракава яны выехалі 7 верасня, а да Вільні даехалі 2244. Па­сланнік папскага нунцыя Ф. Руджэры ў справаздачы з 1572 г., кажучы пра ўзровень каралеўскае інфраструктуры, якая дазваляла ехаць з аднаго пункта ў другі, мяняючы коней, за­значыў, што такое падарожжа займае прынамсі пяць дзён. Праўда, падкрэсліваў ён і тое, што ў гэты час рэдка ўдаецца ўкласціся45.

Застаецца няясным, з якой крыніцы Б. дэ Віжэнэр атрымаў такую падрабязную інфармацыю пра дарогі ў польска–літоўскай дзяржаве. Аўтар — чалавек, інтэлектуальна адораны — вучыўся ў парыжскім універсітэце і працаваў на дыпламатычнай службе, шмат падарожнічаў, адведаў не адзін нямецкі і нідэрландскі горад, аднак на землях Рэчы Паспалітае ніколі не бываў. Здаецца, ён пераклаў частку нейкай нямецкай працы. Гэта не дзіўна, бо амаль усе першыя французскія кнігі пра Польшчу, выдадзеныя ў 90–х г. XVI ст., былі звычайнымі перакладамі. Тым болей што Б. дэ Віжэнэр, як вядома, у 1573 г. пераклаў Chroniques et annales de Pologne, напісаныя Г. дэ Фулштайнам [H. de Fulstein]46. Аднак нельга ігнараваць тую акалічнасць, што Б. дэ Віжэнэр з 1547 г. служыў за сакратара ў вядомага роду дэ Нэвэраў [de Nevers], а гэты род вельмі цікавіўся польскімі справамі і быў адным з самых энергічных арганізатараў абрання Анры Валуа на польскі трон. Таму не выключана, што Б. дэ Віжэнэр мог прыехаць у Польшчу з нейкім даручэннем сваіх патронаў.

На пачатку XVII ст. палітычны цэнтр Польшчы пераносіцца з Кракава ў Варшаву. Адпаведна змяняецца і траекторыя падарожжаў. Цяпер іншаземцы едуць у Вільню праз новую сталіцу Польшчы. Гэтая дарога аж да нашых дзён застаецца найважнейшай камунікацыйнай артэрыяй, што злучае Літву не толькі з Польшчаю, але і з астатняй Еўропай. Не змянілася з XVI—XVII ст. і думка падарожных пра ўмовы падарожжа — найчасцей негатыўная.

У найлепшы для паездак час — узімку, калі рэкі замярзаюць і санны транспарт не сустракае ніякіх перашкод — дабіраўся з Варшавы ў Вільню папскі нунцый Л. Ліпамана, які ў лісце ў Рым паведамляў, што выехаў 28 снежня і апынуўся ў Вільні 8 студзеня: „Бог ведае, якія невыгоды зазналі і я, і мае спадарожнікі, едучы ў самыя суворыя маразы, праз лёд, вецер, узняцце водаў; мы кепска харчаваліся, з цяжкасцю спаталялі смагу, спалі ўвесь час на зямлі, маючы пад сабою толькі шматок сена, дый той знайсці было нялёгка“47. Хоць літоўскія маразы і ўразілі нунцыя, звыклага да клімату Апенінскага паўвострава, аднак ягонае падарожжа трывала адносна нядоўга — усяго 12 дзён. Папскі нунцый Дж. Кантэльмі ў 1688 г. адолеў шлях з Варшавы ў Горадню (г.зн. 2/3 дарогі з Варшавы ў Вільню) за 5—6 дзён48 — то бок яшчэ хутчэй.

На цяжкасці падарожжа скардзіцца і іншы папскі нунцый, М. Філянардзі, у лісце ў Рым ад 1636 г49. Але ён для падарожжа выбраў не найлепшы час: у чэрвені яно заняло ў яго 15 дзён, гэтулькі ж, як і ў Л. Бэвіляквы, які мусіў адолець нашмат даўжэйшы кавалак дарогі — ад самага Кракава. Нунцыя М. Філянардзі дзівілі дзве вялізныя пушчы, праз якія трэба было ехаць цэлымі днямі, не маючы магчымасці знайсці хоць які начлег. Начаваць і гатаваць ежу даводзілася ў корчмах, якія належалі габраям; фактычна спалі ў хлявах на сене. Нунцыю пашчасціла: карыстаючыся імем плоцкага біскупа, ён аж двойчы спыняўся ў панскіх дварах, дзе ўмовы, як можна здагадвацца, былі лепшыя. Шматлікія магнацкія маёнткі ў ваколіцах Горадні, на Чорнай Русі, часта рабіліся месцам начлегу падарожных. Здаецца, магнаты ВКЛ не без прычыны мелі ў гэтым рэгіёне Літвы, які часта наведвалі іншаземцы, багата сваіх рэзідэнцыяў.

М. Філянардзі быў не адзіным, хто ехаў з Варшавы ў Віль­ню ў чэрвені. На жаль, толькі нешматлікія аўтары інфармуюць пра падрабязнасці падарожжа і падаюць дакладны яго час, які льга параўнаць з іншымі звесткамі. Адзін з іх — Самуэль Кіхель, чыё апісанне падарожжа з Горадні ў Вільню ў 1586 г. было нядаўна апублікавана50. Выехаўшы з Горадні 28 чэрвеня, ён прыехаў у Вільню ў першыя дні ліпеня. Іншымі словамі, гэтае падарожжа заняло ў немца 4—5 дзён. Узяўшы пад увагу, што дарога з Горадні да Вільні складае каля аднае траціны ўсяе адлегласці паміж Варшавай і Вільняю, можна вылічыць, што ўсё падарожжа паміж сталіцамі ў чэрвені магло заняць два тыдні, то бок гэтулькі часу, колькі яно заняло і ў М. Філянардзі.

Крыніцы сведчаць, што ўлетку падарожжа было не цяжэйшае, чым узімку. Дж. Альберці [G. Alberti], сакратар амбасадара Венецыі, які цікавіўся падарожжам караля з Горадні ў Вільню ў красавіку 1688 г., цвердзіў, што праз 10 дзён кароль напаўпрытомны даехаў да Трокаў51. З прычыны кепскіх дарожных умоваў дарога заняла ўдвая больш часу, чым у чэрвені.

Паколькі Літва размешчана на паўночны захад ад Польшчы, а таксама з прычыны цяжкіх умоваў падарожжа, краіна гэтая здабыла рэпутацыю месца, шкоднага для здароўя. Гэты негатыўны вобраз асабліва ўмацаваўся дзякуючы гарадзенскім соймам канца XVII ст., калі дыпламаты заходніх краін мусілі ехаць у адсталую правінцыю. У адным з лістоў 1688 г. сакратар папскага нунцыя Дж. Кантэльмі, пішучы пра тое, як атачэнне караля Яна Сабескага раіла апошняму не ехаць у Вільню, назваў у якасці аднаго з аргументаў кепскае паветра („l’aria poco salubre della Littuania“), якое магло б за­шкодзіць здароўю караля52. Магчыма, надвор’е сапраўды не надта спрыяла італьянцам і французам, бо шмат хто з іх скардзіўся на абмарожванні і дыскамфорт; маем нават прынамсі адзін факт смяротнага выпадку. У 1693 г. пад час сойму ў Горадні памёр амбасадар Францыі Відамэ д’Эснэваль (Рабэр ле Ру д’Эснэваль) [Vidame d’Esneval (Robert le Roux d’Esneval)]. Дыпламат прыехаў у Рэч Паспалітую пасля місіі ў Партугаліі і не вытрымаў суровае зімы53.

Хоць для шмат каго з падарожнікаў, якія прыязджалі з Варшавы ці Кракава, Вільня была апошнім пунктам падарожжа, аднак некаторыя ехалі яшчэ далей. Найчасцей гэта былі пасланнікі розных еўрапейскіх дзяржаваў, мэтаю якіх была Масква. Калі замест Украіны ці Інфлянтаў яны выбіралі маршрут праз Літву, то звычайна ехалі праз Менск і Смаленск. Знаёмы ўжо чытачу французскі аўтар Б. дэ Віжэнэр, акрамя гэтае дарогі, адзначаў яшчэ адзін напрамак, што вёў праз Полацк і Ноўгарад, але сам аўтар падкрэсліваў, што гэтая дарога нашмат даўжэйшая за першую. Як можна меркаваць, ёю карысталіся нямецкія купцы, якія ў дарозе да Масквы тым самым наведвалі і важныя ў гандлёвым дачыненні гарады — Ноўгарад і Цвер.

Апісанняў дарогі з Вільні ў Маскву ў нас вельмі мала. Французскі падарожнік канца XVII ст. Ф. Аўрыль54 прысвяціў крыху ўвагі толькі Менску, назваўшы яго „значным горадам Чорнае Русі“. Згадаў ён і пра тое, што паміж Менскам і Casino (апошні горад Польшчы на мяжы з Масквою) знаходзіліся два вялікія лясы. Пасля такога лаканічнага апісання свайго падарожжа аўтар падрабязна распавёў пра насельнікаў тых лясоў — мядзведзяў і пчол, не забыўшыся дадаць, што ў Смаргоні месціцца найбольшая школа дрэсіроўкі мядзведзяў. Гэтае апісанне — тыповае, і яно паказвае, што, едучы праз Літву, іншаземец пра самую дарогу нічога сказаць не мог, бо яна здавалася доўгаю і манатоннаю, і шукаў экзатычных фактаў з жыцця рэгіёну, якія маглі б зацікавіць чытача.

На заканчэнне трэба вярнуцца да праблемы, звязанае з адлегласцю і працягласцю падарожжа. У першай палове XVII ст. праз Вільню, па дарозе з Масквы ў Варшаву, праязджаў італьянец Джавані ды Люка, які правёў каля 20 гадоў, вандруючы па Азіі і Еўропе. Ён цвердзіў, што з Смаленска да Вільні даехаў за тры дні, а з сталіцы ВКЛ да Варшавы — за шэсць55. Дзівіць не толькі кароткі час, але і тое, што адлегласць ад Смаленска да Вільні аўтар адолеў удвая хутчэй, чым амаль такі самы кавалак паміж Вільняй і Варшаваю. Ствараецца ўражанне, што аўтар пісаў свой тэкст ужо праз нейкі час, грунтуючыся на сваіх успамінах ці нататках. Магчыма, тут закралася памылка перапісчыка, бо арыгінал тэксту нам невядомы. Больш праўдападобным здаецца, што дарога магла заняць у адным выпадку 13, а ў другім — 16 дзён. Тым больш што пры пера­пісцы італьянскага тэксту такая памылка цалкам магчымая (tre — tredici, sei — sedici). Магчымасць такіх памылак паказвае, што мы не можам грунтавацца толькі на лічбах, якія падаюць самі падарожныя, бо свае ўражанні яны часта запісвалі праз гады.

Ёсць яшчэ некалькі аспектаў, вартых асобнага каментара. Працягласць вандроўкі залежала не толькі ад пары года і метэаралагічных умоваў. Часта здаралася, што падарожны страч­ваў арыентацыю ў вялікіх лясах, яго рабавалі або ён зварочваў з простай дарогі, каб купіць патрэбныя тавары ў блі­жэйшым горадзе. Здаралася і так, што шляхта і магнаты, якія жылі пры дарозе, запрашалі падарожных у свае маёнткі, карыстаючыся рэдкай нагодаю для кантакту з чужаземцамі. Іншая праблема палягае ў тым, што самі падарожныя па–рознаму вылічваюць сярэднюю адлегласць, якую льга было адолець за адзін дзень. Добрым прыкладам могуць быць У. Вэрдум і Ф. П. Далярак [U. Werdum i F. P. Dalairac], якія падарожнічалі па Рэчы Паспалітай у другой палове XVII ст. Першы цвердзіць, што на працягу дня пераадольваў адлегласць, якая адпавядае 44 км, а другі аўтар падае адлегласць ад 18 да 36 км. Таму Т. Хынчэўска–Генэль робіць выснову, што спробы рэканструкцыі сярэдняй адлегласці, якая пераадольвалася за адзін дзень, а таксама і падлікі часу, які быў патрэбны, каб даехаць з аднаго пункта ў другі, не маюць пад сабой грунту, бо гэтыя лічбы абумоўліваліся зменлівымі дарожнымі і метэаралагічнымі ўмовамі, а таксама іншымі акалічнасцямі56.




1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   20


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка