Беларускі гістарычны агляд




старонка2/20
Дата канвертавання14.03.2016
Памер4.93 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   20

4. XIV ст.: „Спіс рускіх гарадоў…“ — „Спіс прыходаў“
і іншыя цэнтры хрысціянізацыі на тэрыторыі Беларусі.

4.1. XIV стагоддзе ў многім пераломнае для большасці рэгіёнаў Усходняй Еўропы, адначасова і самае „цёмнае“. Страта большасці пісьмовых крыніц (асабліва для ВКЛ), паступовая змена якасных і колькасных характарыстык розных відаў гэтых крыніц (актавыя замест летапісных і г. д.)51, агульны дэфі­цыт базы крыніц — асноўныя прычыны такой сітуацыі.

Практычна адзінай комплекснай крыніцай па гістарычнай геаграфіі Беларусі гэтага перыяду з’яўляецца „Список русских городов дальних и ближних“52 — унікальная праца не зусім зразумелага характару і паходжання53. Хоць час складання ўласна „Спіса“ датуецца канцом XIV ст. („1387—92 г.“54, „1394—96 г.“55 або „1375—1381 г.“56, у распараджэнні яго аўтара (або аўтараў) знаходзіліся невядомыя нам крыніцы больш ранняга перыяду — некаторыя дадзеныя „Спіса“, згодна з даследаваннямі А.В.Попэ, узыходзяць да гістарычна–геа­графічных рэалій 1–й паловы XIII ст.57

4.2. З пункту погляду нашай тэматыкі вельмі важнае меркаванне А.В.Кузы, што, напэўна, гарады „Спіса“ — „гэта цэнтры епархій і прыходаў, з якіх калі–небудзь руская мітраполія атрымлівала даходы або спрабавала распаўсюдзіць на іх сваю ўладу“58.

„Спіс“ называе 26 з тых 36 „гарадоў“, што знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі і ўжо вядомы нам па летапісных упамінаннях XI—XIII ст. Дадаткова „Спіс“ называе яшчэ 14 тапонімаў, якія даследчыкі, пачынаючы з М.Ціхамірава, атаясамліваюць з адпаведнымі населенымі пунктамі гэтай тэрыторыі. Сем з іх знаходзяцца ў басейне Дняпра (Абольцы, Цяцерын, Магілёў, Быхаў, Лучын, Стрэшын, Горваль); шэсць — на паўночным захадзе (Лебедзева, Лоск, Славенск, Крэва, Гальшаны, Ліда); яшчэ адзін на Прыпяці, непадалёку ад Турава (Перароў)59.

4.3. Да гэтых 14 „гарадоў“, названых у „Спісе“, мы можам дадаць яшчэ шэраг населеных пунктаў, першае ўпамінанне якіх у пісьмовых крыніцах датуецца 2–й паловай — канцом XIV ст. Гэта чатыры цэнтры валасцей: Бабруйск, Любашаны, Ігумен (сучасны Чэрвень), прыгаданыя ў грамаце вялікага князя Ягайлы 1387 г.60, і Глуск („Стары“ або „Пагарэлы“) — „Глуская воласць“ ужо ў 2–й палове XIV ст. належала Івану Ольгімунтавічу Гальшанскаму61 (памёр прыблізна ў 1401 г.)62.

У гэты ж перыяд у дакументах упамінаюцца такія параў­нальна буйныя населеныя пункты (што не трапляюць у разрад „вёсак“), як Маладзечна — 1388 г.63, Друя і Дрыса (сучасны Верхнядзвінск) — 138664 і Ляхавічы65.

4.4. Сюды неабходна дадаць таксама „маёнтак Куранец“, дзе ў 1353 г. яго ўладальніцай была заснавана царква66, і Пустынскі манастыр пад Мсціславам, заснаваны ў 1380 г.67, — у выніку атрымліваецца 24 цэнтры хрысціянізацыі, датаваныя XIV ст. (гл. карту, № 6).

Разам з папярэднімі — 61, што відавочна мала для чатырох стагоддзяў, якія прайшлі з часоў хрышчэння, і для такой тэрыторыі. Несумненна, прыходаў было значна больш, як і населеных пунктаў, але крыніцы маўчаць як пра першыя, так і пра другія.

На фоне гэтага „маўчання“ як своеасаблівую „гістарычную крыніцу другога роду“, што дае цікавы матэрыял для вы­сноваў гістарычна–геаграфічнага характару, мы можам разглядаць і ўласна карту, на якой нанесены ўсе гэтыя населеныя пункты і абазначаны ў адпаведным маштабе прыняты намі ўмоўны „радыус“ кожнага з гэтых прыходаў (20 км).

4.5. Як нам уяўляецца, карта дастаткова наглядна дэманструе асноўныя тэндэнцыі развіцця сеткі праваслаўных прыходаў на гэтай тэрыторыі, што вызначыліся, напэўна, значна раней, яшчэ ў сярэдзіне — 2–й палове XIII ст. і былі цесна звязаны з агульнымі працэсамі паглыблення структурнай дыферэнцыяцыі дадзенай этнагеаграфічнай прасторы.

Мы бачым, што на невялікім участку балцка–славянскага пагранічча68 між Маладзечнам і Ашмянамі (плошчай пры­кладна 70Ч80 км) у 2–й палове XIV ст. знаходзілася 7 цэнтраў праваслаўных прыходаў (адлегласць між бліжэйшымі — ад 10 да 20 км). Адпаведна прыняты намі раней „умоўны радыус прыходу скарачаецца ў дадзеным выпадку да 10 або нават да 5 км. Амаль такую карціну мы назіраем і ў раёне Браслава (адлегласць — ад 20 км да 30 км, „радыус“ — ад 10 да 15 км).

Несумненна, варты ўвагі і той факт, што адзінае дакументальнае сведчанне пра заснаванне храма (прыхода) на гэтай тэрыторыі ў сярэдзіне XIV ст., якое дайшло да нас, адносіцца не да цэнтраў удзельных княстваў (Гальшаны, Лоск, Крэва)69 і нават ні да аднаго з гарадоў „Спіса“ (Лебедзеў, Славенск), а да нідзе раней не згаданага простага „маёнтка“ (Куранец).
5. Асноўныя тэндэнцыі працэсу хрысціянізацыі тэрыторыі Беларусі на мяжы XIV—XV ст.

5.1. Абагульняючы ўсе гэтыя назіранні ў рамках яшчэ адной (зрэшты, дастаткова трывіяльнай) пасылкі, якую мы фармулюем апрыёры — яна заключаецца ў тым, што працэс развіцця сеткі праваслаўных прыходаў на тэрыторыі Беларусі ў X—XIV ст. трэба вызначыць як неперарыўны, з тэндэнцыяй да неабарачальнага і ўстойлівага росту, — можна зрабіць наступныя высновы.

5.1.1. З’яўленне ў сярэдзіне XIV ст. праваслаўных прыходаў у „маёнтках“ (прытым у раёне балцка–славянскага пагранічча) ускосна пацвярджае раней выказаны тэзіс, што „гарады“ „Спіса…“ былі цэнтрамі прыходаў ужо, па меншай меры, на рубяжы XIII—XIV ст.

5.1.2. Сітуацыя, адзначаная намі ў паўночна–заходнім рэгіёне Беларусі і звязаная, хутчэй за ўсё, з місіянерскай дзейнасцю праваслаўнай царквы ў асяроддзі язычнікаў–балтаў, можа разглядацца і як сітуацыя, што адлюстроўвае агульную тэндэнцыю, характэрную для ўсёй Беларусі ў XIII—XIV ст. — павелічэнне колькасці прыходаў з адначасовым скарачэннем тэрыторыі кожнага з іх.

5.1.3. Мы маем права дапусціць, што кожны населены пункт, згаданы ў пісьмовых крыніцах, напрыклад, у 1–й палове XV ст. (або, шырэй, у XV ст.), які знаходзіцца на адлегласці больш за 20—30 км ад ужо адзначаных намі „прыходскіх цэнтраў“ X—XIV ст., павінен быў мець (сінхронна гэтаму ўпамінанню) свой праваслаўны храм — г. зн. быць цэнтрам асобнага прыходу ўжо на мяжы XIV—XV ст.70

У лік такіх „прыходаў“ (паводле крытэрыю „аддаленасці“) могуць уваходзіць, напрыклад, Докшыцы або Беразіно (Верхняе), Ула, Азярышча, Петрыкаў, Шарашова, Высокае, Свір, Лоеў, Дрысвяты, Стары Лепель, Горы, Дзісна, Койданава (сучасны Дзяржынск), Столін і інш. (гл. карту, № 7).

5.1.4. Дадатковы крытэрый — наяўнасць на тэрыторыі такога населенага пункта слядоў умацавання і культурнага напластавання эпохі Старажытнай Русі — робіць магчымасць існавання там праваслаўнага прыходу ў XIII—XIV ст. практычна стопрацэнтнай, адначасова ўказваючы на магчымасць і яшчэ больш ранняга датавання гэтага прыходу (Лоеў, Дрысвяты, Сураж, Свір, Радомля і інш.)71.

5.2. На заканчэнне, крыху выходзячы за храналагічныя рамкі нашай тэмы, мы можам таксама выказаць меркаванне, што ў канцы XV ст. колькасць прыходаў на тэрыторыі, адзначанай межамі сучаснай Беларусі, набліжалася да тысячы, а асноўная тэндэнцыя развіцця сеткі праваслаўных прыходаў у гэты перыяд можа быць сфармулявана прыкладна так: „Адно сяло — адзін прыход“72.

Ускосным пацвярджэннем таму могуць служыць наступныя лічбы.

Колькасць населеных пунктаў на найбольш падрабязнай гістарычнай карце Беларусі, складзенай М.Ф.Спірыдона­вым73 на аснове дадзеных пісьмовых крыніц 2–й паловы XVI ст., складае 2300.

Мы таксама можам прыкладна падлічыць і колькасць унія­ц­­кіх цэркваў, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне XVII ст.: 500—600 у Віленскім, Наваградскім і Менскім ваяводствах (разам з Кіеўскім і Троцкім, яны складалі епархію мітрапаліта); каля 1000 — у Полацкім, Віцебскім і Мсці­слаўскім ваяводствах (Полацкая архіепіскапія); не больш за 100 — у Пінскай епархіі (складалася з аднаго Пінскага павету Берасцейскага ваяводства); 200—300 — у Берасцейскім ваяводстве (разам з Валынскім ваяводствам і Падляшшам увахо­дзіла ва Ўладзіміра–Берасцейскую епархію)74.

Усяго мы маем ад 1800 да 2000 прыходскіх цэркваў. Не трэба даказваць, што ўсе гэтыя цэрквы да пачатку XVII ст. былі праваслаўнымі. Калі адняць прыкладна 100—150 храмаў, што знаходзіліся ў 10—15 найбольш буйных гарадах, атрымліваем, што на адзін прыход прыпадала менш за 1,5 населенага пункта (!). Рэальна, нават з улікам верагоднасці завышэння дадзеных аб колькасці прыходаў і магчымай непаўнаты карты М.Ф.Спірыдонава, на адзін прыход прыпадала не больш за 2—3 населеныя пункты, г. зн. указаная тэндэнцыя прасочваецца дастаткова выразна75.

5.3. Нам уяўляецца, што зыходзячы з апрыёрнай пасылкі пра сістэмны характар працэсу хрысціянізацыі Старажытнай Русі, можна зрабіць дастаткова абгрунтаваную выснову аб цеснай прасторава–храналагічнай карэляцыі паміж агульнапрызнанымі рэаліямі гістарычнай геаграфіі Беларусі X—XIV ст. і працэсам развіцця тут сеткі праваслаўных прыходаў у першыя стагоддзі пасля хрышчэння.

Пры ўсёй умоўнасці падобнага метаду яго выкарыстанне ў дадзеным канкрэтным выпадку з’яўляецца адзіна магчымым варыянтам развязання праблемы, якую, нагадаем, немагчыма вырашыць на аснове той базы крыніц, што мы маем на гэты час, і ў рамках традыцыйнай методыкі яе выкарыстання.


ПРАВАСЛАЎНЫЯ ПРЫХОДЫ
НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ

Каменныя храмы XII—XIV ст. (з пісь­мовых і археалагічных крыніц)

Манастыры XII—XIV ст. (з пісьмовых крыніц)

Цэнтры хрысціянізацыі рубяжа X—XI ст.

Цэнтры хрысціянізацыі XI—XIII ст. і мінімальны ўмоўны арэал царкоўнага прыходу XI—XIII ст. (R=20 км).

Цэнтры прыходаў XIV ст. (з пісьмовых крыніц).

Некаторыя з найбольш верагодных цэнтраў прыходаў рубяжа XIV—XV ст. (па крытэрыю „аддаленасці“).

Мінімальны ўмоўны арэал прыходаў XIV—XV ст. (R=10 км).

Цэнтры епархій



Аўтар карты Р. Баравы



1 У сваіх высновах аўтар грунтаваўся на факталагічнай аснове і канцэптуальных палажэннях шэрагу аўтарытэтных даследаванняў: Макарий (Булгаков). История русской церкви. (Выд. 2). Москва, 1995. Кн. 1—3; Голубинский Е.Е. История русской церкви. Москва, 1901—1904. Т. 1 (I и II пол.); Приселков М.Д. Очерки по церковно–политической истории Киевской Руси X—XII вв. С.–Петербург, 1913; Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. Т. 1. Париж, 1954 (репринт, Москва, 1991); Чистович И. Очерки истории западнорусской церкви. Ч. 1. С.–Петербург, 1884; Знаменский П.В. Приходское духовенство на Руси XVI и XVII вв. Казань, 1865; Щапов Я.И. Княжеские уставы и Церковь в Древней Руси: XI—XIV вв. Москва, 1972; Ён жа. Церковь в Древней Руси (до конца XIII в.) // Русское православие: Вехи истории. Москва, 1989; Щапов Я.И. Государство и церковь Древней Руси X—XIII вв. Москва, 1989; Рапов О.И. Русская церковь в XI — первой трети XII в.: Принятие христианства. Москва, 1988; Православная энциклопедия. Русская православная церковь. Москва, 2000; Poppe A. Państwo i Kosciól na Rusi w XI wieku. Warszawa, 1968; і інш.

2 Дадаткова намі быў прагледжаны (з п.п. указанай праблемы) шэраг бібліяграфічных паказальнікаў XIX—XX ст. як па агульнацаркоўнай гісторыі, так і рэгіянальных: Леонтович Ф.И. История Русского права. Вып. 1. Литература истории русского права. Варшава, 1902. С. 302—320 (Источники права церковного); С. 345—355 (Церковное управление); Макарий (Булгаков). Op. cit. Кн. 3. Москва, 1995. С. 579—618 (Новая литература по истории Русской Православной Церкви 988—1448 г.). Пенкина З.М. Полесье: Библиогр. материалы. С.–Петербург, 1883 г.; Балтрамайтис С. Сборник библиографических материалов для географии, истории, истории права, статистики и этнографии Литвы. Изд. 2. С.–Петербург, 1904; і інш.

3 Волков Н.С. Статистические сведения о сохранившихся древнерусских книгах XI—XIV вв. и их указатель // Памятники древней письменности. Вып. 123. С.–Петербург, 1897. С. 12.

4 Kodeks dyplomatyczny Katedry i Diecezji Wileńskiej. Kraków, 1948. Т. I (1387—1507).

5 Kurczewski I. Biskupstwo Wileńskie. Wilno, 1912; Ochmański I. Bis­kupstwo Wileńskie w sredniowieszu. Poznań, 1972 і інш.

6 Сапунов Б.В. Некоторые соображения о древне–русской книжности XI—XIII вв. // ТОДРЛ. 1955. Т. 11. С. 314—332.

7 Ён жа. Книга в России в XI—XIII вв. Москва, 1978. С. 30—84. (Гл. II. Гипотетическое восстановление возможного количества древнерусских книг XI—XIII вв.).

8 Гл. Розов Н.Н. Книга Древней Руси. Москва, 1977. С. 79—80, 138. (Прим. №№ 151; 154; 155).

9 Коратка спынімся на асноўных звёнах гэтага „метадычнага ланцужка“:

1) дадзеныя пра будаўніцтва і пажары цэркваў у 54 гарадах (да 1240 г.), сабраныя аўтарам у летапісах і іншых пісьмовых крыніцах, абагульнены ў табліцах (без спасылак на крыніцы). Вынік — 264 прыходскія храмы і 143 манастыры (1978. С. 42—44, 63);

2) вызначана меркаваная колькасць гарадоў Старажытняй Русі, а потым вылічана колькасць насельніцтва, якое магло там жыць;

3) на аснове гэтых вылічэнняў рэканструявана агульная колькасць прыходаў у гарадах і зроблена выснова, што „да сярэдзіны XIII ст. там было ўзведзена 1300—1500 цэркваў“ (1978 г. С. 56);

4) вылічана „агульная“ колькасць насельніцтва Старажытнай Русі, адняўшы ад якога „ўжо вядомую“ лічбу гарадскога насельніцтва, аўтар атрымлівае колькасць сельскага; падзяліўшы вынік на ўмоўную колькасць жыхароў аднаго прыходy (500 чал.), вызначае колькасць сельскіх прыходаў — „8—9 тысяч“ (1978. С. 60);

5) падсумаваўшы ўсе лічбы і дадаўшы „1000 дамавых малельняў у ся­дзібах феадалаў“, аўтар атрымлівае вынік: „У Старажытнай Русі функ­цыя­навала прыкладна 10 тысяч цэркваў розных катэгорый“ (1978. С. 64).



10 Янин В.Л. Очерки комплексного источниковедения. Москва, 1977. С. 19—21.

11 Гл.: Раппопорт П.А. Русская архитектура X—XIII вв. // Археология СССР: Свод археол. источников. Вып. Е1–47. Ленинград, 1982; Антипов И.В. Древнерусская архитектура второй половины XIII — первой трети XIV вв. С.–Петербург, 2000.

12 Повесть временных лет. Ч. 1. Москва, 1950. С. 81.

13 „Пра ператварэнне ў хрысціянства ўсіх гэтых усходнеславянскіх народнасцяў (смаленскія крывічы, радзімічы, севяране, вяцічы) у пісь­мовых крыніцах амаль не сустракаецца матэрыялаў“ (Рапов О.М. Русская церковь в XI — I трети XII в. С. 340); „Летапісы не паведамляюць пра час і акалічнасці хрышчэння Полацкай зямлі“ (Тамсама. С. 373); „Пісьмовыя крыніцы не ўтрымліваюць дадзеных пра пераўтварэнне ў хрысціянства насельніцтва Верхняга Пабужжа і Верхняга Панямоння“ (Тамсама. С. 379).

14 Голубинский Е.Е. История русской церкви. Т. 1 (1–я пол.). С. 487.

15 Голубинский Е.Е. Op. cit. Т. 1 (2–я пол.). С. 3. Прим. 1.

16 Голубинский Е.Е. Op. cit. Т. 1 (1–я пол.). С. 487. Далей аўтар указвае на распаўсюджанасць у Старажытнай Русі кцітарскага права, што сведчыць пра вялікую колькасць храмаў (прыходаў), заснаваных прыватнымі асобамі (Тамсама. С.488—489, 412—415).

17 ПСРЛ. Т. 9. Москва, 1965. Стб. 75. Паводле іншых дадзеных (Т.Мерзебургский) у 1018 г. у Кіеве існавала „каля 400 цэркваў“. Гл.: Голубинский Е.Е. История Русской церкви. Т. 1 (2–я пол.). С. 5; Рапов О., Ткаченко Н.Г. Русские известия Титмара Мерзебургского // Вестник Московского ун–та. Сер. История. 1980. № 3. С. 66.

18 ПСРЛ. Т. I. Москва, 1997. Стб. 293.

19 Толочко П.П. Древнерусский феодальный город. Киев, 1989. С. 200.

20 Раппопорт П.А. Русская архитектура X—XIII вв. С. 7—27.

21 Напрыклад, у Ноўгарадзе ў XI—XIII ст. было пабудавана 87 цэркваў, з іх 22 — каменныя (Раппопорт П.А. Op. cit.).

22 Ускоснае ўказанне на параўнальна вялікую колькасць такіх „цэнтраў“ (пры прасторавай велічыні епархій Старажытнай Русі) Я. Галубінскі бачыць і ў распаўсюджанасці звычаю „малога асвячэння“, калі архірэй, не маючы магчымасці асабіста асвяціць новы храм („вялікае асвячэнне“), замест гэтага пасылаў асвячоны антымінс (Голубинский Е.Е. Op. cit.. Т. 1. С. 182—183; 460).

23 Лічым абавязковым зрабіць адну істотную агаворку, звязаную з неабходнасцю ўліку канкрэтнай гістарычна–геаграфічнай сітуацыі і сацыяльна–культурных рэалій розных рэгіёнаў Старажытнай Русі. Напрыклад, для тэрыторыі Ўкраіны (асабліва левабярэжнай) наўрад ці будзе правамерным атаясамліванне адвольна ўзятага населенага пункта, няхай нават і ўпамянутага ў летапісах як „горад“, з цэнтрам праваслаўнага прыходу. У якасці прыкладу можна прыгадаць рэпліку Святаслава Чарнігаўскага, якая адносіцца да 1159 г., пра „сем пустых гарадоў“ — „а в нех седят псарове же и Половци“ (ПСРЛ. Т. 2. Москва, 1962. Стб. 500). Хоць у летапісе па Васкрасенскаму спісу гэтая рэпліка мае крыху іншае гучанне: „а в нех седят псарове, и тож Половци выпустошили“ (ПСРЛ, Т. 7. Стб. 69), а сярод „пустых городов“ згаданы Любеч, які, несумненна, меў храм і „прыход“ ужо ў XI ст., усё гэта абавязвае да пэўнай асцярожнасці. У дастатковай ступені асцярожны падыход неабходны і да праблемы „цэнтраў хрысціянізацыі“ для тэрыторый поўначы і паўночнага ўсходу, дзе славянская каланізацыя і „княская дань“ маглі распаўсюджвацца як паралельна з працэсам хрысціянізацыі, так і апера­джаць яго, што стварала складанае і, магчыма, асінхроннае спалучэнне этнасацыяльных, эканамічных і культурна–ідэалагічных фактараў. Як і ў выпадку з „пустыми городами“ Чарнігаўшчыны, гэта магло (для перыяду XI—XIII ст.) весці да парушэння пастуляванай намі для тэрыторыі Беларусі тоеснасці: „Летапісны населены пункт“ — „храм“.

24 Голубинский Е.Е. Op. cit. Т. 1 (2–я пол.). С. 746—763.

25 У сувязі з тым, што асноўная пісьмовая крыніца для гэтай эпохі — летапісы, у гістарыяграфіі ўзнік нават такі тэрмін, як „летапісныя гарады“ — тэрмін не зусім карэктны, бо, па сутнасці, з’яўляецца полісемантычным. Часам ён выкарыстоўваецца ў абагульнена–тыпалагічным плане з адценнем „умоўна–горад“, часам — як указанне на пэўны храналагічны прамежак (X—XIII ст.) у гісторыі канкрэтнага горада і г. д.

26 Тихомиров М.Н. Древнерусские города. Москва, 1956. С. 43.

27 Раппопорт П.А. О типологии древнерусских поселений // КСИА. Вып. 110. Москва, 1967. С. 5.

28 Куза В.А. Древнерусские поселения // Археология СССР: Древняя Русь. Город, замок, село. Москва, 1985. С. 61.

29 Куза А.В. Города в социально–экономической системе древнерусского государства // КСИА. Вып. 179. Москва, 1984. С. 3—11; Ён жа. Малые города древней Руси. Москва, 1989; Ён жа. Древнерусские городища X—XIII вв. // Свод археологических памятников. Москва, 1996.

30 Карлов В.В. О факторах экономического и политического развития русского города в эпоху средневековья (к постановке вопроса) // Русский город. Вып. 1. Москва, 1976. С. 32—69; Ён жа. К вопросу о понятии раннефеодального города и его типов в отечественной истории // Русский город. Москва, Вып. 3. 1980. С. 60—83.

31 Тимощук Б.А. Восточные славяне: От общины к городам. Москва, 1995.

32 Пашуто В.Т. О некоторых путях изучения древнерусского города // Города феодальной России. Москва, 1966. С. 98.

33 Традыцыйна лічыцца, што „межы епархій у асноўным супадаюць з межамі княстваў і земляў“ (гл. Макарый (Булгакаў). История русской церкви… Кн. II. С. 134 і 298 (Карты епархій). Але, па–першае, нашыя веды пра межы княстваў дастаткова ўмоўныя (гл. Древнерусские княжества X—XIII ст. Москва, 1975); па–другое, частая змена гэтых межаў, дакладней — юрысдыкцыі княстваў на даволі невялікіх участках памежнай тэрыторыі наўрад ці магла ўплываць на значна больш устой­лівыя, па вызначэнні, межы епіскапскай юрысдыкцыі.

34 У сваю чаргу, і гэтыя персанажы таксама характарызуюцца ў летапіснай традыцыі як актыўныя прыхільнікі новай рэлігіі („манастыры“ Рагнеды, „любоў да хрысціянства“ Ізяслава).

35 Заяц Ю.А. Распространение христианства в городах Полоцкой земли по материалам археологии (на примере Заславля) // Тэзісы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 1000–годдзю Полацкай епархіі і праваслаўнай царквы на Беларусі. Мінск, 1992. С. 21—22.

36 Рапов А.И. Op. cit. С. 377. Можна дадаць, што ў рамках гэтага тэзі­са аўтар адносіць і ўзнікненне ў Полацку епіскапскай кафедры толькі да эпохі княжання Ўсяслава Брачыслававіча, г. зн. „не раней за канец 60–х г. XI ст.“ (Тамсама).

37 Параўн. меркаванне Шчапава пра час утварэння Тураўскай і Полацкай епархій (Государство и церковь в Древней Руси… С. 39, 42—43).

38 У крыніцах таксама фігуруе шэраг тапонімаў, упамінанне якіх, асабліва „першае летапіснае…“, не суправаджаецца адпаведнымі характарыстыкамі і не дае магчымасці вызначыць статус дадзенага населенага пункта адносна канкрэтнай летапіснай даты, нават з пункту погляду летапісца. Як правіла, пры больш познім упамінанні ў пісьмовых крыніцах (у рамках гэтага ж перыяду — XI—XIII ст.) яны ўжо называюцца „гарадамі“.

39 Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв. С. 173; Куза Л.В. Малые города Древней Руси. С. 97, 100; Куза Л.В. Древнерусские городища X—XIII вв. // Свод археологических памятников. Москва, 1966. С. 71, 82, 165.

40 Такое „спрошчанае“ разуменне падзей, якое інкрымінавалася большасці царкоўных дарэвалюцыйных гісторыкаў, было аб’ектам крытыкі савецкіх гісторыкаў ад М.Пакроўскага і М.Нікольскага да I.Фраянава (Об историческом значении „Крещения Руси“ // Генезис и развитие феодализма в России. Ленинград, 1987. С. 20—58) і А.Кузьміна (Падение Перуна. Москва, 1988).

41 Аничков Е.В. Язычество и Древняя Русь. С.–Петeрбург, 1914. С. 136.

42 Баловнев Д.А. Приходское духовенство в Древней Руси X—XV вв. Православная энциклопедия. Москва, 2000. С. 253.

43 Дз.Балаўнёў адзначае, што самае ранняе выкарыстанне тэрміна „прыход“ адносіцца да канца XV ст. (1485 г.). Тамсама. С. 254.

44 „Либо си [если даже] и службу [церковную] оставите, нетуть в том греха“ („Поучение епископа Ильи“. РИБ. Т. 6. С. 367). Цыт. паводле: Романов Б.А. Люди и нравы Древней Руси. Ленинград, 1947. С. 239.

45 Гл.: Описание церквей и приходов Минской Епархии. Ч. 1—3. Минск, 1878—1879.

46 Гаворачы аб „прыкладах“, А.В.Арцыхоўскі мае на ўвазе не толькі пісьмовыя крыніцы, але і „…Мініяцюры Ніканаўскага летапісу XVI ст., якія часткова набліжаны да арыгіналаў XIV—XV ст.“. — Гл.: Очерки русской культуры XIII—XV вв. Ч. 1. Материальная культура. Москва, 1967. С. 315.

47 Вигилев А.И. История отечественной почты. Москва, 1990. С. 24.

48 История культуры Древней Руси: Домонгольский период. Т. 1. Материальная культура. Москва, 1948. С. 407.

49 Лапшин В.А. К вопросу о формировании округи древнерусского города // Историко–археологический семинар „Чернигов и его округа в XI—XIII вв.“: Тезисы докл. Чернигов. 1988. С. 93—94.

50 Лурье С. Община, империя, православие в русской этнической картине мира XV—XVII вв. // ОЗ. 2001. № 1. С. 105.

51 Тихомиров М.Н. Источниковедение истории СССР: С древнейших времен до конца XVIII в. Вып. 1. Москва, 1962. С. 159.

52 Тихомиров М.Н. Список русских городов дальних и ближних // ИЗ. 1952. Т. 40. С. 214—259 (перадрук у кн.: Русское летописание. Москва, 1979. С. 83—137).

53 Подосинов А.В. О принципах построения и месте создания „Списка русских городов дальних и ближних“ // Восточная Европа в древности и средневековье. Москва, 1978. С. 40—48.

54 Тихомиров М.Н. Указ. соч. С. 89.

55 Наумов Е.П. К истории летописного „Списка русских городов дальних и ближних“ // Летописи и хроники. 1973. Москва, 1974. С. 157.

56 Янин В.Л. К вопросу о дате составления обзора: „А се имена градом всем русскым, далним и ближним“ // Древнейшие государства Восточной Европы: Материалы и исследования, 1992—1993 г. Москва, 1995. С. 131.

57 Поппе А.В. Деякі питання заселения польско–руського рубежа в ранньому середньовіччі // УІЖ. 1960. № 6. — Нажаль, мы не маем якіх–небудзь станоўчых дадзеных, каб гэтак жа ўпэўнена датаваць XIII стагоддзем больш за дзесятак „беларуских“ населеных пунктаў, упершыню названых менавіта ў гэтым „Спісе“ (гл. ніжэй).

58 Куза А.В. Малые города Древней Руси. С. 31. Далей аўтар прыходзіць да высновы, што „гарадамі ў канцы XIV ст., па меншай меры ў царкоўных кругах, лічыліся цэнтры прыходаў“ (Тамсама). Такое ўскоснае пацвярджэнне тоеснасці гэтых паняццяў („горад“ — „прыход“) важна для нас яшчэ таму, што і адзіны часавы вектар і, у цэлым, дынаміка двух працэсаў — горадаўтварэння і хрысціянізацыі — робяць магчымасць такой тоеснасці для сітуацыі XI—XIII ст. значна больш высокай.

59 Характэрна, што 9 з гэтых 14 „гарадоў“ так або інакш звязаны з кірункам асноўнай сухапутнай дарогі гэтага рэгіёну (Смаленск — Мінск — Вільня), а астатнія 5 — з воднымі шляхамі па Дняпры і Прыпяці.

60 Гл. Jakubowski J. Opis Księstwa Trockiego z r. 1387 // Przegląd His­toryczny. 1907. T. 5. S. 44—46.

61 Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 1. (1340—1506). С.–Петербург, 1846. С. 92.

62 Wolff J. Kniaziowie Litewsko–Ruscy od końca XIV wieku. Warszawa, 1895. S. 95.

63 Материалы по истории и географии Дисненского и Вилейского уездов Виленской губернии. Витебск. Изд. А.Сапунова и В.Друцкого–Любецкого. 1896. С. 221.

64 Тамсама. С. 115.

65 Щапов Я.И. Туровские уставы XIV в. о десятине // Археографический ежегодник 1964. Москва, 1965. С. 268; С. 271—272; Грамата „О постановлении Туровской епископии“ каштоўная тым, што акрамя Ляхавічаў, разам з іншымі гарадамі называецца і Здзітаў, што ўпамінаецца ў летапісах толькі адзін раз.

66 Материалы по истории и географии Дисненского и Виленского уездов… С. 211 (Приложения. С. 35—36).

67 Краснянский В.Г. Город Мстиславль. Его прошлое и настоящее // Записки Северо–Западного Отдела РГО. Книжка 3. Вильно. 1912. С. 118.

68 Гл.: Ochmański J. Litewska granica etniczna na wschodzie od epoki plemennej do XVI wieku. Poznań. 1981. Карты 1 і 3 (с. 34 і 72).

69 Пра існаванне праваслаўнага храма ў Крэве ў 2–й палове XIV ст. упамінаецца ў некаторых больш позніх дакументах. Гл.: Виленские епархиальные ведомости. 1875. № 44.

70 Дастаткова шмат звестак пра заснаванне праваслаўных храмаў ёсць і ў пісьмовых крыніцах XV ст. (у асноўным, другой паловы), але гэта ўжо асобная тэма.

71 Пра наяўнасць указанных прыкмет гл.: Куза А.В. Древнерусские городища X—XIII вв.; Штыхов А.В. Археологическая карта Белоруссии: Памятники железного века и эпохи феодализма. Вып. 2. Минск, 1971.

72 Гэтая тэндэнцыя адлюстроўвае ўзровень транспартных і тэхналагічных магчымасцяў грамадства — яшчэ ў XVI—XVII ст. прасцей і лягчэй было пабудаваць 2—3 малыя царквы, чым адну, супастаўляльную з імі па аб’ёме і здольную змясціць такую самую колькасць людзей. Шляхі зносінаў таксама былі ў дрэнным стане, кадравай жа праблемы, верагодна, не існавала. Як указваў Я.Галубінскі, ужо ў XII—XIII ст. колькасць святароў была залішняй, а камплект асноўных прадметаў царкоўнага ўжытку (акрамя кніг і ікон), як правіла, быў мясцовай вытворчасці.

73 Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV—XVI вв.). Минск, 1993. Приложение. Карта „Беларусь в конце XVI в.“ 1:1 000 000.

74 Гл.: Чистович И. Очерк истории западно–русской церкви. Часть II. С.–Петербург, 1884. С. 391—406.

75 „Узбуйненне“ прыходаў, заснаванае на разліку колькасці прыхаджан у маштабах асноўных адміністрацыйных адзінак (губерняў і г. д.), з’яўляецца параджэннем бюракратычнай сістэмы Расійскай імперыі канца XVIII — пачатку XIX ст. і звязана з сістэмай дзяржаўнага фінансавання кліра.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   20


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка