Беларускі фальклор. Энцыклапедыя. Т мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2005. С. 653 – 657. Караткевіч




Дата канвертавання20.03.2016
Памер101.12 Kb.
БЕЛАРУСКІ ФАЛЬКЛОР. Энцыклапедыя. Т.1. Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2005. С. 653 – 657.
КАРАТКЕВІЧ Уладзімір Сямёнавіч (26.11.1930, г.Орша 25.7.1984), пісьменнік. Скончыў Кіеўскі універсітэт (1954), Вышэйшыя літаратурныя (1960) і сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. Літаратурная прэмія імя І.Мележа 1983. Дзяржаўная прэмія Беларусі 1984. Для К. фальклор быў арганічнай часткай духоўнай спадчыны народа, яго светаўспрымання і гістарычнай памяці. Яшчэ ў дыпломнай працы даследаваў сацыяльныя казкі і легенды ва ўсходнеславянскім фальклоры. У пачатку творчага шляху звярнуўся да набыткаў фальклору, пра што сведчаць «Казкі і легенды маёй Радзімы», якія даслаў летам 1952 для ацэнкі Я.Коласу. На даўніх пластах нар. памяці заснавана казка «Вужыная каралева». У казцы «Надзвычайная котка» (пазнейшая назва «Чортаў скарб») традыцыйны фалькл. сюжэт К. напоўніў арыгінальнымі вобразамі і дэталямі, стварыў каларытныя і яркія малюнкі. Цікавыя казкі створаны К. у 1970 — пачатку 1980-х г. («Верабей, сава і птушыны суд», «Кацёл з каменьчыкамі», «Нямоглы бацька», «Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў», «Вясна ўвосень»), Паэтычна і ўзнёсла ўзнавіў казачныя сюжэты, вобразы і матывы, перадаў нар. мараль і этыку, адцаваў перавагу чарадзейным казкам і казкам пра жывёл. У яго апрацоўцы выдадзены зборнік «Казкі» (1975). Запісваў, вывучаў, успрымаў фальклор як духоўны скарб народа. Прыхільнасць К. як пісьменніка рамантычнага тыпу мыслення да казкі, легенды, падання ўплывала на паэтыку яго твораў, у якіх прысутнічалі элементы міфалагічна-фалькл., займальнага, незвычайнага, выключнага, таямнічага. Адметна выкарыстаў нар. творчасць у паэзіі. У вершы «На пачатку дарог» з незвычайным захапленнем згадаў вялікае ўздзеянне, якое зрабілі на яго ў маленстве бел. песні і казкі. У вершы «Матчына душа», звяртаючыся да фалькл. вобразаў змяінага цара, Яна Прыгожага, Бурана, Пакацілы, сцвярджаў, што павінен, абапіраючыся на старыя паданні і легенды, перадаць «барацьбу і пакуты народа, // Неўміручую душу яго». Цікавасць да гісторыі і фальклору абумовілі яго ўвагу да жанру балады. Арыгінальна трансфармаваў баладны і легендарны матэрыял, напоўніў яго лірычна-эмацыянальным і сацыяльна-псіхалагічным гучаннем у вершах «Машэка», «Балада пра паўстанца Ваўкалаку», «Шыпшына і ружа», «Паязджане», «Перакаці-поле». Адштурхнуўшыся ад нар. ўяўлення, плённа выкарыстаў умоўна-фантастычную вобразнасць і паказаў невынішчальны бел. аптымізм у вершы «Заяц варыць піва». У вершы «Энтузіясту», які прысвяціў Р.Шырму, згадаў пра яго як пра чалавека, які «ўсё жыццё... збіраў дыяменты народныя». На шляху да ўдасканалення бел. паэзіі для К. каштоўнай была танічная структура нар. верша. У артыкуле «Якім шляхам ісці?» (1959) напісаў пра важнасць для творцы традыцый бел. нар. песні. У паэме «Слова пра чалавечнасць» у раздзеле «Інтэрмедыя» ў фалькл.-міфалагічным плане пададзена размова дзвюх соў пра разбурэнні, нястачы і гора, што прынесла вайна. Прыкметы нар. творчасці ў вершах «Гусі-лебедзі ў лугах зя-лёных», «Лясная казка», «Дзіва на Нерлі», «Балада аб нашэсцях» надалі гэтым творам асаблівую шчырасць і пранікнёнасць. Да вяршынь гераічнага эпасу К. узняўся ў «Паэме пра явар і каліну», дзе выкарыстаў фалькл. баладны сюжэт пра свякроў, якая атруціла нялюбую нявестку, і пра закаханых, якіх не разлучыла нават смерць, бо дрэвы, якія выраслі на іх магілах, моцна спляліся галінамі. Нар. сюжэт пры гэтым выкарыстаў па-свойму, асэнсаваў яго не толькі ў псіхалагічна-бытавым, але і ў нац.-гераічным плане. Праз памяць продкаў, памяць легенд і паданняў звярнуўся да мінуўшчыны ў аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964). Галоўны герой Андрэй Беларэцкі з'яўляецца вучоным-фалькларыстам. Ён збірае нар. легенды. Легенда пра дзікае паляванне караля Стаха стала прыдатнай для ўвасаблення аўтарам патрыятычнага ідэалу. У аповесці «У снягах драмае вясна» (нап. 1957, выд. 1989) галоўны герой Уладзіслаў Берасневіч занепакоены недахопам у яго суайчыннікаў нац. самасвядомасці, іх няведаннем ні мовы, ні гісторыі, ні фальклору. Далучаны да нар. вытокаў, ён расказаў сваім сябрам-студэнтам каля вогнішча казку пра вужыную каралеву. Закаханы, згадаў нар. песні. Шаптаў замовы, запіхваючы касталом-траву ў пацучыныя норкі, галоўны герой у апавяданні «Карней — мышыная смерць». Крытык Моршч у апавяданні «Лятучы Галандзец» даводзіць у спрэчцы, што чалавеку патрэбны і язычніцкія абрадавыя песні, і сучасная філасофія, і атамная фізіка і што нельга адбіраць у дзяцей бел. легенды пра Пакацілу, вужыную каралеву, Яна Прыгожага, каб не выраслі з іх голыя практыкі без фантазіі. У апавяданні «Дрэва вечнасці» К. захапляецца гармоніяй, чароўнай адметнасцю і нестарэючай веліччу палескіх песень, а таксама выключным і непаўторным майстэрствам іх выканаўцаў. У апавяданні «Калядная рапсодыя» выкарыстаны вясельныя і калядныя песні, паказаны драматызм і нерэалізаванасць чалавечай асобы, вырванай са звыклага вясковага палескага асяроддзя. Гарэзлівыя песні «Як была я малада» і «Чым жа ж цябе частаваць?» гучалі ў аповесці «Цыганскі кароль» (1961). Раман Ракутовіч у аповесці «Сівая легенда» (1961), збройны вершнік, нар. абаронца і выратавальнік, выступае нібы язычніцкі Ярыла або святы Юрый ці герой нар. эпасу. У пралогу да рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць», 1962) пры раскрыцці трагізму таго часу выкарыстаў нар. павер'е, што бытуе на Рагачоўшчыне, паводле якога ў канцы лета чэрці выходзяць з пекла, каб адзначыць нейкае важнае свята, а Ілля-прарок, даведаўшыся пра гэта, паліць іх, нячыстых, перунамі. Леановіч прывёў не зусім прыстойную загадку пра каглу, якой зачынялася печ, адзначыў, што «катэхізіс з такіх выслоўяў». У галоўнага героя рамана Андрэя Грынкевіча пачуццё радзімы не было б такім поўным без казак, трапных нар. выслоўяў і бел. мовы. Выкарыстаўшы набыткі фальклору, К. шмат зрабіў для стварэння велічнай, трагічнай і гераічнай эпапеі нар. жыцця. У артыкуле «Летапісец» (1966), які прысвечаны М.Багдановічу, пісаў, што фальклор дае творцу дакладнасць і праўдзівасць погляду на жыццё свайго народа, сведчыць пра яго гістарычнае мысленне, бо ў яго ёсць свой эпас, свае гістарычныя паданні, раскіданыя ў старажытных кнігах, летапісах. Раман «Каласы пад сярпом тваім» (1965), як адзначыў К., «пачынаўся... з прыдняпроўскіх легенд і паданняў». Звяртаючыся да легенд і паданняў ён хацеў узняць глыбінныя пласты нар. жыцця, паказаць прыгажосць, веліч і таямніцу нар. душы, адкрыць чароўны свет мінуўшчыны. Гэты свет паўставаў тады, калі згадваўся звычай дзядзькавання, калі падавалася размова дзяцей на начлезе пра розныя страхі, чары і дзівосы, калі ствараліся малюнкі Сёмухі і Русальнага тыдня, калі перадаваліся калядныя і велікодныя абрады. Праз легенды, паданні і гісторыю Алесь Загорскі і яго сябры па Віленскай гімназіі адкрывалі для сябе родны край. Алесь Загорскі абараніў дысертацыю пра прыдняпроўскія песні, паданні і легенды аб вайне, мяцяжу, рэлігійнай і грамадскай справядлівасці. Пра даўнасць, багацце кніжных і фалькл. традыцый бел. народа згадваюць Кастусь і Віктар Каліноўскія. Алесь Загорскі наперакор рэакцыйным вучоным, якія бачылі ў беларусах «самы баганосны і рахманы са славянскіх народаў», паказаў бунтарны, свабодалюбівы і жыццелюбівы дух беларусаў, раскрыў красу і сілу іх фальклору. Гэтым раманам К. не толькі ўзвялічваў бел. народ, але і разбураў адзін з асімілятарскіх міфаў, створаных пра яго. Вуснамі галоўнага героя расказаў і гісторыю-прытчу пра таленавіты, прыгожы і працавіты бел. народ, пра яго зямлю, якая з'яўляецца сапраўдным раем, і пра «найгоршае ўва ўсім свеце начальства», якое даў яму Бог. Арганічна ўпісваюцца ў мастацкую тканіну твора фалькл.-міфалагічныя звесткі. Напрыклад, векавечныя мораныя дубы, вымытыя Дняпром, пададзены як волаты, якія «спяць, пакуль не прыйдзе час вялікай бяды і пакуль іх не пакліча народ». К. выкарыстоўвае ў творы шмат нар. песень, гэта пераважна лірычныя песні пра каханне, песні каляндарна-абрадавага і сямейна-абрадавых цыклаў, а таксама песні, дзе на першы план выступаюць міфалагічныя, баладныя, гістарычныя і біблейскія матывы. Нямала было ў песнях эпічнай апавядальнасці. Дамінавала ў іх элегічна-мінорная танальнасць «Аўжо човен вады повен», «Ад усходу да ўсходу // Вятры павяваюць», якія гучалі на начлезе ў выкананні Андрэя Кагута). Корчак пасля бунту ў Півошчах, у цяжкі для сябе час, успомніў матчыну песню, дзе месяц параўноўваўся з залатой дзяжою. Песню «Ой, косю мой, косю» Алесь пачуў пасля выключэння з Пецярбургскага універсітэта ў выкананні фурмана. 1&та была адна з любімых песень К. Пры апісанні Калядаў К. падае песні «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць» і «Святой ноччу, // Святой ноччу ціхай». Калі ўзнаўляе весялосць Русальнага тыдня, адзначае, што гэта «весялосць была афарбавана лёгкім адценнем журбы», бо пасля Купалля «сонца вось-вось пойдзе на сход». Язычніцкае пакланенне сонцу было істотным для К., пра што сведчыць і яго прызнанне з верша ў прозе «Слова Міцкевічу»: «Мяне ты чамусьці зрабіў паэтам, даў мне... і глотку, каб спяваць язычаскія песні, песні сонцапаклонніка». Акампанементам да размовы Гелены і Майкі выступае песня жней «Закурыўся дробненькі дожджык», дзе пяецца пра ліхое замужжа і нешчаслівую жаночую долю. Уражваюць трагізмам галашэнні па Стафане Кагуту. К. выступаў у абарону нар. песні. Чорны Война, якога выратаваў Алесь, згадваючы іх першую сустрэчу каля начлежнага вогнішча, дзе гучала песня, кажа яму: «Там, дзе спяваюць — ідзі спакойна». Калі прафесар Сразнеўскі выказаў захапленне бел. нар. песняй, то Эдмунд Вярыга давёў у спрэчцы свайму апаненту, што бел. песня, як і бел. мова, багатая, разнастайная, прыгожая і меладычная, што да бел. меласу, як да жыватворнай крыніцы, звярталіся С.Манюшка, М.Гтінка і што яна сваімі вартасцямі не саступае лепшым сусветным узорам. Багата ўжывае К. нар. прыказкі, прымаўкі і параўнанні: «Еш боршч з грыбамі, а язык трымай за зубамі», «Хто моўча, у таго дума не воўча» і інш. Як і ў казцы, дзеянне «Легенды аб бедным д'ябле і аб адвакатах Сааны» (1961, выд. 1994) адбываецца ў канкрэтным часе, але адначасова і паза гэтым часам. Алегарычнасць і сімволіка ў гэтым творы таксама могуць вынікаць і з фальклору. Лейтматывам у ім з'яўляецца нар. балада пра шыпшыннік і хатнюю ружу, якую праспявала Дубраўка. У рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966) традыцыі фалькл. смехавой культуры выявіліся асабліва там, дзе апісваюцца прыгоды Хрыста і яго апосталаў. Аўтар шчодра выкарыстоўвае ў рамане нар. выслоўі. У якасці эпіграфаў да многіх раздзелаў прыведзены радкі з бел. нар. песень «Дзе ты, бяда, радзілася», «Дзесьці мае дзеці ў любові жылі», «Каля мяне кулі, як пчолкі, гулі» і інш. Галоўнай у рамане стала нар. мара пра з'яўленне Хрыста як збаўцы і выратавальніка. Маючы на ўвазе легенду «Ладдзя Роспачы» (1964, выд. на бел. мове 1978), К. у лісце да Я.Брыля адзначыў што піша навелу «аб адным сярэдневяковым беларускім «зламірозе», які любіў жыццё», што атрымліваецца «дзікая, але своеасаблівая мешаніна з «Дэкамерона», Рабле, французскіх фабліё і беларускіх не вельмі прыстойных казак». Адштурхоўбаючыся ад кніжных і фалькл. крыніц, К. стварыў глыбокі і змястоўны вобраз Гервасія Вылівахі, жыццялюба, мастака, спевака, музыкі, абаронцы людзей, бунтара і шчырага патрыёта роднай зямлі, увасобіў думку пра нац. характар, жывы нар. дух, непакорлівы, насмешлівы, невынішчальны і стойкі ў любых нягодах, сцвердзіў думку, што любоў цярпенне, смех і жартаўлівасць дазволілі бел. народу выстаяць у самых неспрыяльных умовах. Фальклор паўплываў на вызначэнне К. жанру некаторых твораў як легенды («Сівая легенда», «Легенда аб бедным д'ябле і аб адвакатах Сатаны», «Ладдзя Роспачы»), Казачны вобраз не толькі даў назву п'есе «Трошкі далей ад Месяца» (1959), але арганічна прысутнічае ў яе мастацкай структуры. У п'есе «Кастусь Каліноўскі» (паст. 1978) напачатку і ў пачатку 2-га акта чуваць жудасныя па сіле і журбе гукі старадаўняй песні «Дарота». Лепшымі ў драме з'яўляюцца сцэны, дзе сутычка сялян з урадавым войскам паказана нібы карнавал, нібы нар. танец, дзе гучаць галасы фантастычных дзеючых асоб. Напярэдадні пакарання К.Каліноўскага голас Беларусі заводзіць яму ў сне калыханку. У трагедыі «Званы Віцебска» (паст. 1974) гучаць песні «Бярозанька пасячона». «Жаўнер малюценькі», «А што ў таго папа знаці», «Куды ж мяне ведзяце?» і інш. У драме «Калыска чатырох чараўніц» (паст. 1982) дзяўчаты выконваюць купальскія песні, на цвінтары жабракі і жабрачкі спяваюць «Лазара», Лірнік — «Плач Адама», музыкі граюць «Кадрыль» і «Падушачку», дзяўчаты і хлопцы водзяць карагод, спяваюць і танцуюць. Сугучныя настрою галоўнага героя і яго паэзіі радкі з песні «Дубочак зялёненькі, // Іванька малодзенькі». Прароча прамаўляе пра будучага паэта другая чараўніца: «Словы маці ў яго душы, казкі парабкаў — у сэрцы, песні народа — у вушах». Суровыя і гнеўныя песні гучаць у пачатку трагедыі «Маці ўрагану» (паст. 1988). Разам з імі журботная восеньская нар. песня «Чаго ты, лосю, чаго ты сівы?» і «сіроцкія вясельныя», што гучалі на Вяселлі Васіля Ветра і Надзеі, выяўляюць трывожную атмасферу пярэдадня Крычаўскага паўстання 1743—44. Вашчыла часта ўжывае прыказкі, прымаўкі і нар. выслоўі: «Не табе ведаць, каб з бядой не абедаць», «Кума пытала, а пасля язык кусала», «Убрыкні цябе камар». Прастамоўнымі, часам грубаватымі, але трапнымі і дасціпнымі выразамі віруе людскі натоўп: «Каб табе жаба цыцкі дала», «Кручанымі вяроўкамі гадзіць прымусім», «Напнуўся, як жаба на купіне». Гімнам пра родную зямлю з'яўляецца нарыс «Зямля пад белымі крыламі» (1977). У ім К. падаў вясельныя абрады і песні, згадаў галашэнне плакальшчыцы, што пачуў аднойчы на Магілёўшчыне, прывёў уласны запіс плачу жонкі па мужу. Успомніў адзін з сумных і самых аптымістычных бел. анекдотаў: «Згарэла гумно, поўнае снапоў. Згарэла праца за цэлы год. Гаспадар стаіць на папялішчы і бядуе: «Ой, і пагарэў ты, Яўхім! Вой, і пагарэў жа !! Ну й пагарэў!!! — і раптам. — Але ж затое і мышэй ляснула!!!». Прывёў праклён аднаго дзеда, адрасаваны трактарысту, які «незнарок» зачапіў трактарам рог яго старой хаты. Пры гэтым заўважыў, «што яшчэ да параўнальна нядаўняга часу на Беларусі лаянкі амаль не ведалі, а замест яе існавалі вось такія «кленічы». Высока ацаніў бел. нар. казкі. Адзначыў, што запісаныя Е.Раманавым, П.Шэйнам, М.Федароўскім, А.Сержпутоўскім, «яны і дагэтуль складаюць неацэнны наш скарб». Расказаў леген ды і паданні пра азёры Свіцязь, Няшчэрда, Князь-возера. Адзначыў, што мясцовыя песні, легенды, паданні нарадзілі на свет паэзію А.Міцкевіча, яе сюжэты, рытм, песеннасць, што паэт у лекцыях, якія чытаў у Калеж дэ Франс, у Парыжы, сказаў, што ў бел. казках і песнях ёсць усё. Напісаў, што ў кн. Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» «бруіць, звініць, льецца беларускі фальклор, беларуская песня, беларускі спосаб мыслення, фантазія беларуская, гора і шчасце беларуса». Адзначыў значігую ролю нар. творчасці для бел. літаратуры. У нарысе «Званы ў прадоннях азёр» (1969) прывёў паданне пра караля-бусла, які аберагае палескую прыроду, напісаў, што рэчка Гарынь «вілася так, нібы за ёю гнаўся казачны цмок». У Давыд-Гарадку ўспомніў бел. казку пра сяброўства Зімея з цыганом. Не толькі з любоўю прыводзіў і ўслаўляў нар. песні «Хадзіла сіротка», «Ой, я жала, не ляжала», «I з-пад лесу і з-пад гаю цёмна хмара выступае», але і з болем думаў пра іх адыход, знікненне пад уздзеяннем новага часу і нізкапробных сучасных песенных шлягераў. У эсэ «Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён» (1980), калі разважаў пра мінулае і сённяшні дзень Турава, згадаў паданне пра Тур-калодзеж, «які татары закідалі немаўлятамі і з якога пасля сем год замест вады біла жаночае малако», пісаў пра захаванне гістарычнай памяці, прыроды і палескай песні, пра тое, каб не абражалі хаты і Прыпяць недарэчныя і нізкапробныя сучасныя мелодыі. У эсэ «Балады каменя» (1965), артыкуле «Родная мова» (1969) выступіў у абарону помнікаў бел. архітэктуры, роднай літаратуры, мовы і песні. Пра каштоўнасць і значнасць фальклору для творцы пісаў у артыкулах пра Я.Купалу «Пакуль гэта сэрца б'ецца» (1962), «Зліццё з душой народнай» (1982), М.Багдановіча «Летапісец» (19б6), эсэ пра Т.Шаўчэнку «I будуць людзі на зямлі» (1964), Лесю Украінку «Saxifraga » (1971). Некалькі старажытных кніжных легенд пра святых Міколу і Касьяна, звязаных з бел. фальклорам, у гіераказе К. змешчаны ў кнізе А.А.Назарэўскага «3 гісторыі руска-ўкраінскіх літаратурных сувязей» (Кіеў, 1963). Фальклор прыкметна вызначыў рамантычны вобразны лад твораў К, раскрыў непаўторнасць яго мастацкага свету.

Тв.: 36. твораў. Т. 1—8. Мн, 1987—91.

Ліш.\ Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн, 1979; Кісялёў Г. Пісьменнік і яго героі // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн, 1982; Ч а б а н Т. Крылы рамантыкі. Мн, 1982; Б р ы л ь Я. Наш Караткевіч // Брыль Я. На сцежцы — дзеці. Мн, 1988; Мальдзіс А. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Мн, 1990; К а л е с н і к У. Усё чалавечае. Мн, 1993; Л і с А. Годна, з любасцю // Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. Мн, 1994; Шынкарэнка В. Пад ветразем дабра і прыгажосці. Мн, 1995; Верабей А. Абуджаная памяць. Мн, 1997; Ліцьвінка В. Святы і абрады беларусаў. Мн, 1997; Андраюк С. Пісьменнікі. Кнігі. Мн, 1997; Уладзімір Караткевіч і яго творчасць у еўрапейскім культурным кантэксце. Мн, 2000; Р у с е ц к і А. Уладзімір Караткевіч: Праз гісторыю ў сучаснасць. Мн, 2000; Т ы ч ы н а М. Карані і крона: Фальклор і літ. Мн, 2002; Беларуская вусна-паэтычная творчасць. Мн, 2002; Беларускі фальклор: Жанры, віды, паэтыка. Кн. 4. Народная проза. Мн, 2002; Б у г а ё ў Дз. Рамантычны рыцар чалавечнасці // Бугаёў Дз. Служэнне Беларусі. Мн„ 2003.

А.Л.Верабей.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка