Беларускі дзяржаўны універсітэт зацвярджаю




старонка2/21
Дата канвертавання14.03.2016
Памер2.33 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21

УВОДЗІНЫ


ХХ стагоддзе як гістарычная эпоха. Галоўныя гістарычныя падзеі: Першая і Другая сусветныя войны; рускія рэвалюцыі (1905 г., 1917 г. і 1991 г.); ліквідацыя трох еўрапейскіх імперый (Германскай, Аўстра-Венгерскай і Расійскай); утварэнне і распад СССР (1922—1991); знікненне сусветнай каланіяльнай сістэмы; аднаполюсны свет на мяжы стагоддзяў.

Асноўныя сацыяльна-палітычныя і эканамічныя працэсы ХХ ст.: развіццё тэхнасферы; гістарычная “праверка” ідэі сацыялізму ў СССР; глабалізацыя; сусветны тэрарызм; інфармацыйная вайна. Трагічныя абставіны, у якіх развівалася мастацкая культура. Іншыя, чым у ХІХ ст., светапоглядныя ўяўленні пра рэчаіснасць, пра характар руху гісторыі. Рыверсія гістарычнага працэсу.

Нацыянальныя беларускія архетыпы, народны ідэал справядлівага і шчаслівага грамадства і яго скажэнне гісторыяй. Беларусы — нацыя пераважна сялянская. Творчы характар сялянскай працы.

Савецкая гісторыя: знакавыя падзеі, вынікі і ўрокі. Праблемы развіцця заходняй цывілізацыі ў момант найвышэйшай дасягнутай ёю фізічнай магутнасці. Крытыка лепшымі розумамі свету, у тым ліку пісьменнікамі, капіталізму, буржуазнай псіхалогіі — эгаізму і індывідуалізму.

Эпоха і творчая асоба. Надзеі на прагрэс у дзеячаў культуры пачатку ХХ ст. і разбурэнне ілюзій у яго канцы. Адсутнасць у ХХ ст. адзінага творчага кірунку, што характарызуе эпоху. Паралельны, а не паслядоўны, рух рэалізму і авангардызму. Гуманістычныя традыцыі савецкай культуры. “Вялікі стыль” у мастацтве СССР. Пошук новай культурнай парадыгмы ў канцы ХХ — пачатку ХХІ ст.

Тып мастацтва і мастацкая мова. Чалавек і розныя формы соцыуму — цэнтральная праблема мастацкай культуры ХХ ст.

Страта надзеі — пасля крушэння сацыялізму — на новыя формы быцця. Інтэлектуальны хаос эпохі постмадэрнізму, адыход ад рацыянальнасці мыслення. Рэфлексіі ў сувязі з адчуваннем катастрафічнасці гісторыі.

Падзел мастацкай культуры на элітарную і масавую. Актуалізацыя ў сувязі з гэтым рэцэптыўнай праблематыкі.

Паглыбленне семантыкі мастацкага твора ў ХХ ст., што стымулявала пошукі ў галіне літаратуразнаўства і крытыкі. Правамернасць розных інтэрпрэтацый аднаго і таго ж мастацкага твора.

Анейроід савецкай і постсавецкай інтэлігенцыі: жыццё сярод міфаў. Выхад — пошук салідарнай жыццебудовы, увага да чалавека, характэрная для гуманістычнай культуры.

Суадносіны традыцый і наватарства ў розных напрамках літаратуры ХХ ст. (рэалізм, мадэрнізм, постмадэрнізм). Прынцыпы постмадэрнісцкай эстэтыкі.

Уплыў іншых відаў мастацтва і СМІ на літаратуру ХХ ст. Маніпуляцыйныя магчымасці СМІ ў працэсе змен ментальнасці сучаснай цывілізацыі.

Паскарэнне развіцця мастацкага працэсу — і сусветнага, і ўласнабеларускага. Спецыфіка паскоранасці развіцця беларускай літаратуры. Нарастанне інтэнсіўнасці ўзаемадзеяння нацыянальных культур. Глабалізацыя — і дабро, і зло.
РАЗДЗЕЛ 1. БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА ПЕРЫЯДУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АДРАДЖЭННЯ (1900—1930)

Перыядызацыя беларускай літаратуры ХХ ст. Яе нацыянальна-гістарычныя і мастацка-эстэтычныя асновы. Літаратурнае ХХ стагоддзе як цэласная гісторыка-культурная з’ява.

Беларуская літаратура і нацыянальна-вызваленчы рух. На мяжы стагоддзяў — ХІХ і ХХ: нацыянальныя традыцыі і мастацкае наватарства. Дынамічны малюнак лёсавызначальных момантаў развіцця беларускай літаратуры Новай і Навейшай гісторыі — ад ідэі мясцовага, рэгіянальнага патрыятызму да ідэі нацыянальнага духоўна-культурнага адраджэння. Ф. Багушэвіч, Я. Лучына, А. Гурыновіч, А. Абуховіч, Ф. Тапчэўскі, М. Косіч, К. Каганец, Ядвігін Ш. як выразнікі глыбіннага імкнення народа да свабоды і прадвеснікі навейшай беларускай літаратуры, якая стваралася пісьменнікамі-прафесіяналамі. Прадмовы Ф. Багушэвіча ў якасці гісторыка-літаратурных маніфестаў і іх роля ў актывізацыі беларускага сацыякультурнага руху.

Беларуская літаратура на фоне агульнаеўрапейскага гістарычнага працэсу як натуральнае выяўленне нацыянальнага духу. Агульначалавечае і нацыянальна-самабытнае ў змесце, характары і напрамку ідэйна-эстэтычнага станаўлення беларускай літаратуры. Унікальнасць “нацыянальнай сітуацыі”, элементы “крызіснай свядомасці” і парадоксы творчага пошуку, якія выявіліся ў ідэі паскоранага грамадска-культурнага і мастацка-літаратурнага развіцця, у з’явах мастацкага сінкрэтызму “старога” і “новага”, “традыцыйнага” і “наватарскага”, “аптымістычнага” і “песімістычнага”, “трагікамічнага”.

Літаратурацэнтрызм беларускага вызваленчага руху і роля творчай інтэлігенцыі ў абуджэнні нацыянальнай і чалавечай годнасці беларусаў. Багацце творчых індывідуальнасцей, шматстайнасць ідэйнага і эстэтычнага пошуку. Асноўныя філасофска-мастацкія ідэі, архетыпы і вобразы, міфалагемы і лейтматывы беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Жанрава-стылёвы абсяг мастацкай літаратуры, міжродавыя формы і дыфузія жанраў.

а) Літаратура пачатку ХХ стагоддзя.

“Ліхаманкавы попыт на ідэалагічныя каштоўнасці” (М. Багдановіч) у перадрэвалюцыйныя і рэвалюцыйныя гады. Масавая папулярнасць ідэй сацыялізму, сацыял-дэмакратычных партый (эсэры, Польская партыя сацыялістаў, Бунд, РСДРП, Беларуская сацыялістычная грамада) і грамадскіх рухаў (пецярбургскі гурток польскай, літоўскай і беларускай моладзі, маскоўская студэнцкая арганізацыя, мінскі гурток па вывучэнні Беларусі, “Круг беларускай народніцкай прасветы”, Беларускі настаўніцкі хаўрус). Рэвалюцыя 1905 г. і яе ўплыў на літаратуру.

Асветніцка-выдавецкая і грамадска-палітычная дзейнасць братоў Івана і Антона Луцкевічаў, Аляксандра Уласава, Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Антона Лявіцкага (Ядвігіна Ш.), Каруся Каганца, Браніслава Эпімах-Шыпілы, Вацлава Ластоўскага, Алеся Бурбіса і інш. Першы часопіс на беларускай мове “Свабода” (1902). Газета “Голос Белоруссии” (1903). Літаратурныя зборнікі на гектографе “Калядная пісанка” (1903), “Велікодная пісанка” (1904), зборнік вершаў Янкі Лучыны “Вязанка” (1903), зборнік “Песні” (1904), “Беларускі лемантар, або Першая навука чытання” (1906), укладзены Цёткай і аформлены Карусём Каганцом, “Першае чытанне для дзетак беларусаў” (1906), укладзенае Цёткай, “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” (1909), укладзенае Якубам Коласам і аформленае Карусём Каганцом.

Беларускі рух і рускамоўная прэса (“Белорусский вестник”, “Голос провинции”, “Жизнь провинции”, “Окраина”, “Северо-Западный край” “Минский курьер”, “Минский листок”, “Минское эхо”, “Минская речь”, “Минское слово”, “Минское русское слово”, “Отклики Белоруссии”).

Царскі маніфест “Аб свабодзе слова, друку, сходаў, партый” (ад 17 кастрычніка 1905 года) і яго ўплыў на беларускі культурніцкі рух. Выдавецкая суполка “Загляне сонца і ў наша ваконца” (Пецярбург), таварыства “Наша хата” (Вільня), прыватнае выдавецтва А. Грыневіча (Пецярбург). Газеты “Гоман”, “Светач”, “Дзянніца”, часопісы “Саха”, “Маладая Беларусь”, “Лучынка”.

Штотыднёвік “Наша доля” (1906) — легальная “першая беларуская газета для вясковага і местачковага рабочага люду”. Асветніцка-публіцыстычныя і літаратурна-мастацкія матэрыялы штотыднёвіка. Вершы і апавяданні Алаізы Пашкевіч (Цётка, Мацей Крапіўка), вершы і апавяданні Якуба Коласа (“Наш родны край”, “Асенні вечар”, “Беларусам”, “Слабода”), апавяданне Ядвігіна Ш. “Суд”, мастацкія творы, падпісаныя псеўданімамі.

Газета “Наша ніва” (1906—1915) і яе клопат аб усебаковым духоўным развіцці беларусаў. Роля газеты ў абуджэнні нацыянальнай самасвядомасці народа, у абгрунтаванні адраджэнскай ідэалогіі, у збіранні маладых літаратурных талентаў, у стварэнні кола нацыянальнай інтэлігенцыі. Дэмакратычная атмасфера ў рэдакцыі газеты, талерантныя адносіны паміж прадстаўнікамі розных палітычных плыняў, рухаў, творчых стыляў.

Антон Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Янка Купала, Якуб Колас, Сяргей Палуян, Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля, Алесь Гарун, Язэп Лёсік, Лявон Гмырак, Янка Журба, Рамуальд Зямкевіч як стваральнікі нацыянальна-культурнай і мастацка-эстэтычнай праграмы “нашаніўства”: 1) адраджэнне гістарычнай самасвядомасці беларусаў; 2) змаганне за дзяржаўную і нацыянальную незалежнасць; 3) адраджэнне беларускай мовы і культуры; 4) уваходжанне беларускай літаратуры ў еўрапейскі культурны кантэкст; 5) стварэнне літаратурнага класічнага (“вялікага”) стылю.

Дыскусіі на старонках “Нашай нівы” па нацыянальным пытанні (сцвярджэнне права беларусаў на дзяржаўную самастойнасць, на сваю мову і культуру, спрэчкі з мясцовымі шавіністамі і чарнасоценцамі, з ідэалогіяй “западноруссизма”, станоўчая ацэнка вялікай рускай класічнай літаратуры, адносіны да тэорыі “малых спраў”, маральна-асветніцкая пропаведзь ідэй свабоды, роўнасці і братэрства, праблемы правапісу “кірыліцай” і “лацініцай”).

Дыскусія 1913 года аб шляхах развіцця беларускай літаратуры і яе рэха ў літаратурна-крытычным працэсе ХХ стагоддзя (Власт, Адзін з парнаснікаў, Л. Гмырак, М. Багдановіч, З. Бядуля, М. Гарэцкі, Я. Лёсік, А. Луцкевіч і інш.).

Эстэтычная шматграннасць беларускай літаратуры гэтага перыяду. Мадэрнісцкія тэндэнцыі. Дынаміка мастацкіх плыняў: рамантызм, рэалізм, сімвалізм, імпрэсіянізм і інш.

Сузор’е талентаў (“нашаніўцаў”, “адраджэнцаў”, “парнасцаў”). Пісьменнікі-“самавукі”, якія друкавалі свае творы пад псеўданімамі (Мікіта Чашчавік, Баўтрук, Юзя Шчупак, Паўлюк Жыбуля, Дзяніс Валынец, Ілля Дзяжко, Зоська Верас (Людвіка Войцік), Дзед Дзяніс (Мікалай Савасцюк), Дзядзька Пранук (Франц Умястоўскі), Стары Улас (Сівы-Сівіцкі), Пётра Просты (Ільдэфонс Бобіч) і інш.). Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі) як адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы. М. Гарэцкі пра творчасць гэтага пісьменніка.



Карусь Каганец (1868—1918) — паэт, празаік, мастак, грамадскі дзеяч. Радавод пісьменніка (сваяцтва з французскім паэтам Гіёмам Апалінерам). Мастацкае ўзнаўленне беларускай тапанімікі ў літаратурных апрацоўках народных легендаў і паданняў (“Навасадскае замчышча”, “Прылукі” і інш.). Фальклорная аснова вершаў-песень (“Нёман”, “Згадка пра Галубка”, “Старажовы курган”, “Кабзар” і інш.). Камедыя “Модны шляхцюк” у кантэксце беларускай драматургіі. Публіцыстыка. М. Багдановіч пра творчасць К. Каганца.

Гальяш Леўчык (1880—1944) — паэт, перакладчык, аўтар народнай песні “Не шукай ты мяне...”. Зборнік вершаў “Чыжык беларускі” (1912): арыентацыя на народную песеннасць, “нашаніўская” вобразнасць, рамантычны антураж, паэтычная экзальтацыя, вобраз паэта-вешчуна. Эсэ “Хараство” і “Чалавек”. Загадкі, жарты, казкі. Пераклады. Апрацоўкі народнай творчасці.

Альберт Паўловіч (1875—1951) — аўтар гумарыстычных вершаў і падручніка “Бухгалтэрыя” (на беларускай мове). Вобраз беларуса ў яго лірыцы (дасціпнасць, кемлівасць, здаровы смех, высакародства, патрыярхальнасць). Сувязь яго паэзіі з народнай гумарыстычнай апавядальнай традыцыяй. Гарадскі фальклор у вясёлых фацэціях, байках, жартах. М. Багдановіч і М. Гарэцкі пра лірыку і гумар А. Паўловіча.

Андрэй Зязюля (1878—1921) — пачынальнік беларускай духоўнай лірыкі. Зборнік вершаў на лацініцы “З роднага загону” (1914). Біблейскія вобразы і матывы ў яго лірыцы. Хрысціянская канцэпцыя нацыянальнага характару беларуса.

Янка Журба (1881—1964) — паэт-“нашанівец”. Пейзажная лірыка. Публіцыстыка (“Лісты з Украіны”). Вершы для дзяцей.

Уладзіслаў Галубок (1882 — 1937) — драматург, празаік, акцёр, мастак, народны артыст Беларусі. Аўтар кнігі “Апавяданні” (1913), у якой выяўляецца ўплыў эмпірычна-побытавага рэалізму, спалучаны з элементамі сентыменталізму. Драматургія У. Галубка. Камедыя “Пісаравы імяніны”. М. Гарэцкі пра п’есы драматурга.

Рысы “нашаніўскай” эстэтыкі і паэтыкі ў лірыцы Канстанцыі Буйло, Зоські Верас, Кандрата Лейкі, Алеся Гурло, Цішкі Гартнага. Літаратурна-крытычныя ідэі і канцэпцыі Сяргея Палуяна, Антона Луцкевіча, Лявона Гмырака, Альгерда Бульбы.

Беларуская літаратура “нашаніўскага перыяду” ў ацэнках М. Горкага, А. Пагодзіна, Я. Карскага, М. Караліцкага, В. Брусава, І. Свянціцкага, Е. Янкоўскага, С. Руднянскага, М. Янчука, Л. Гіры.

б) Літаратура 20-х гадоў.

Беларуская адраджэнская ідэя і “нашаніўскія” літаратурныя традыцыі. Складанасць і супярэчлівасць гісторыка-палітычнай сітуацыі і цяжкасці драматычнага станаўлення нацыянальнай культуры і літаратуры. Жыццё, лёс і творчасць беларускіх пісьменнікаў у гэты перыяд.

Патрыятычная публіцыстыка Янкі Купалы, Цішкі Гартнага, Змітрака Бядулі, Максіма Гарэцкага, Антона Луцкевіча, Алеся Гаруна, Вацлава Ластоўскага, Язэпа Лёсіка, Ігната Канчэўскага, Уладзіміра Самойлы. Спробы здзяйснення “рэвалюцыі як лірычнага праекту” ў розных сферах жыцця беларускай культуры: вывучэнне гісторыі краю, станаўленне нацыянальнай адукацыі, выданне падручнікаў па розных школьных прадметах на беларускай мове. Стварэнне дзяржаўных і прыватных выдавецтваў. Разнастайнасць тагачаснай перыёдыкі (“Дзянніца”, “Вольная Беларусь”, “Вольны сцяг”, “Грамада”, “Наша ніва”, “Беларуская думка”, “Беларускае жыццё”, “Звон”, “Беларусь”, “Беларуская Рада”, “Крыніца”, “Гоман”, “Беларускі шлях”, “Родны край”, “Беларуская ілюстраваная часопісь”, “Варта”, “Крывічанін”), праект стварэння літаратурнай суполкі беларускіх літаратараў “Вір”. Беларускія нацыянальна-культурныя і мастацка-літаратурныя асяродкі за межамі Савецкай Беларусі (Вільня, Коўна, Дзвінск, Прага, Львоў, Варшава).

Палітыка “карэнізацыі” і “беларусізацыі” і яе ўплыў на працэс духоўна-культурнага адраджэння. Збіранне асноўных літаратурна-творчых сіл у Мінску (Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны, Максім Гарэцкі, Кандрат Крапіва, Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Міхась Лынькоў і інш.). Пераход на беларускую мову газет “Звязда” (часткова), “Савецкая Беларусь” (часткова), “Беларуская вёска”, “Зорка”, “Малады араты” (часткова), “Чырвоная змена” (часткова). Дзейнасць выдавецтва “Адраджэнне”, часопісаў “Вольны сцяг”, “Зоркі”, “Полымя”, “Маладняк”, “Росквіт”, “Узвышша”, “Адраджэнне”, “Беларускі піянер”, “Наш край”, “Рунь”, “Чырвоны сейбіт” (ілюстраваны літаратурна-мастацкі дадатак да газеты “Беларуская вёска”). Стварэнне літаратурных аб’яднанняў “Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя”, “Пробліск”, “Камуна”, “Звенья”, “Мінскі перавал”, “БелАПП”, “ТАВІЗ” (вясёлая пародыя на аматараў ствараць суполкі).



Паэзія 20-х гадоў. Публіцыстычны пафас лірыкі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Вацлава Ластоўскага, Цішкі Гартнага, Міхася Чарота (ранні перыяд), Уладзіміра Дубоўкі, Язэпа Пушчы, Уладзіміра Жылкі, Паўлюка Труса, Уладзіміра Хадыкі, Тодара Кляшторнага, Валерыя Маракова, Алеся Дудара, Анатоля Вольнага, Андрэя Александровіча і інш. Прыход у літаратуру маладой генерацыі (Сяргей Дарожны, Пятро Глебка, Максім Лужанін, Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Юрка Лявонны, Змітрок Астапенка, Аркадзь Моркаўка, Алесь Звонак, Сяргей Астрэйка, Віктар Казлоўскі, Янка Бобрык, Міхась Багун, Янка Туміловіч, Паўлюк Шукайла, Сяргей Фамін, Зінаіда Бандарына, Наталля Вішнеўская, Яўгенія Пфляўмбаўм). Паэтычнае асэнсаванне рэвалюцыйнай эпохі і падвядзенне “рахункаў з мінулым”. Ідэйна-мастацкая і жанрава-стылёвая разнастайнасць лірыкі 20-х гадоў. Авангардысцкія тэндэнцыі і “рэвалюцыя ў паэзіі” “Маладняка” і “Узвышша”. Уплыў мадэрнісцкіх плыняў і рэформа верша.

Традыцыйнае і наватарскае, эпічнае і лірычнае ў паэмах Якуба Коласа, Міхася Чарота, Міхайлы Грамыкі, Паўлюка Труса, Уладзіміра Дубоўкі, Язэпа Пушчы, Уладзіміра Жылкі, Андрэя Александровіча, Алеся Дудара, Алеся Звонака, Тодара Кляшторнага і інш. Узмацненне сатырычных інтанацый у травестацыі “Біблія” і антыутопіі “Хвядос — Чырвоны нос” Кандрата Крапівы. Сатырычны пафас, спалучэнне гераічнай рамантыкі, фальклорнай казачнасці і іроніі ў паэмах Міхайлы Грамыкі, Уладзіміра Дубоўкі, Язэпа Пушчы, Андрэя Александровіча, Алеся Дудара, Пятра Глебкі, Тодара Кляшторнага.



Проза 20-х гадоў. Жанрава-стылёвае станаўленне і развіццё беларускай прозы 20-х гг. Творчы росквіт апавядання як жанру. Матывы развітання з мінулым у апавяданнях Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Максіма Гарэцкага. Пафас мастацкага абнаўлення жанравай формы апавядання ў творчасці Кузьмы Чорнага, Міхася Зарэцкага, Кандрата Крапівы, Міхася Лынькова, Рыгора Мурашкі, Васіля Каваля, Платона Галавача, Яна Скрыгана, Янкі Нёманскага, Міколы Нікановіча. “Маладнякоўскае апавяданне” як феномен беларускай прозы 20-х гг. (героіка, рамантычныя эфекты, вобразна-метафарычная квяцістасць, прыгодніцкі сюжэт). Лірычнае і псіхалагічнае, засваенне новай тэматыкі. Стылістыка, вобразнасць у апавяданнях другой паловы дзесяцігоддзя. Сатыра ў творах “малога жанру” Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Кузьмы Чорнага, Платона Галавача, Міколы Нікановіча. Паэтычная проза Міхася Лынькова, Васіля Каваля, Сымона Баранавых, Барыса Мікуліча, Рыгора Мурашкі, Янкі Нёманскага, Хведара Шынклера.

Жанравае станаўленне беларускай аповесці і рамана. Аўтабіяграфізм, дакументалізм, псіхалагізм, філасафізм як прыкметы буйных твораў Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Максіма Гарэцкага, Цішкі Гартнага, Кузьмы Чорнага, Міхася Зарэцкага, Янкі Нёманскага, Рыгора Мурашкі. “Маладнякоўская аповесць” Міхася Чарота, Анатоля Вольнага, Андрэя Александровіча, Алеся Дудара, Міколы Нікановіча, Янкі Нёманскага. Ідэйна-мастацкая эвалюцыя і жанрава-стылёвыя асаблівасці аповесцей і раманаў маладых празаікаў (Сымон Баранавых, Васіль Каваль, Лукаш Калюга, Ян Скрыган, Сямён Хурсік, Хведар Шынклер), пераадоленне хвароб творчага росту (рэпартажнасць, фактаграфізм, бытапісальніцтва, сюжэтная аморфнасць), пашырэнне тэматычных абсягаў, прыкметы літаратуры сацыялістычнага рэалізму.

Творчыя дасягненні сатырычнай прозы Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Змітрака Бядулі, Кандрата Крапівы, Кузьмы Чорнага, Міхася Зарэцкага, Міхася Лынькова, Андрэя Мрыя, Лукаша Калюгі, Васіля Каваля.

Драматургія 20-х гадоў і станаўленне беларускага прафесійнага тэатра. Агляд творчасці Я. Купалы, Ф. Аляхновіча, У. Галубка, М. Гарэцкага, Е. Міровіча, М. Грамыкі, Я. Дылы, М. Чарота, Л. Родзевіча, В. Шашалевіча, В. Гарбацэвіча, В. Сташэўскага, Р. Кобеца, Я. Раманоўскага.

Літаратура для дзяцей (Я. Купала, Я. Колас, З. Бядуля, Я. Маўр, А. Якімовіч).

Літаратурна-крытычныя дыскусіі (з нагоды выхаду ў свет паэмы Міхася Чарота “Босыя на вогнішчы”, паэмы Міхайлы Грамыкі “Гвалт над формай”, 3-га тома фундаментальнага даследавання акадэміка Яўхіма Карскага “Беларусы” і інш.). Беларуская крытыка і літаратуразнаўства (М. Гарэцкі, І. Замоцін, А. Вазнясенскі, Я. Барычэўскі, М. Піятуховіч, А. Луцкевіч, А. Бабарэка, Ант. Адамовіч, У. Дзяржынскі). Палеміка “маладнякоўцаў” і “ўзвышэнцаў” па праблеме стварэння “пралетарскай літаратуры”, традыцый і наватарства, “старых формаў — спадчыны аўтарытэтаў-нашаніўцаў”. “Тэатральная” дыскусія 1928 года “аб нацыянальным рэпертуары”. Пастанова ЦК КПБ (б) “Аб працы сярод інтэлігенцыі” (1926).

Крызісныя з’явы эпохі “вялікага пералому”, праявы палітызацыі і ідэалагізацыі ў дзейнасці літаратурных суполак, у жыцці і творчасці класікаў беларускай літаратуры. Трагедыя пісьменнікаў, асуджаных на выгнанне за межы Беларусі і адарваных ад літаратурнай творчасці. Справа аб “Саюзе вызвалення Беларусі”.

Пастанова ЦК ВКП(б) ад 23 красавіка 1932 года “Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый” і яе роля ў ідэйнай і творчай пераарыентацыі беларускіх савецкіх пісьменнікаў на стварэнне літаратуры сацыялістычнага рэалізму.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка