Беларускі дзяржаўны універсітэт курсавая работа па гісторыі заходніх І паўднёвых славян




старонка2/3
Дата канвертавання14.03.2016
Памер396.31 Kb.
1   2   3
Глава ІІ. Прыняцце хрысціянства ў Польшчы
§1.Мешка І і хрышчэнне Польшчы

Польская дзяржава ўзнікла ў Х ст. Утваральнікам новай дзяржавы стала племя палян, што аб’яднала землі Вялікай Польшчы і стварыла княства з цэнтрам у Гнезне.

Прыгадкі пра князёў-пачынальнікаў Польшчы маюць паўлегендарны характар. Першым князем, пра якога ёсць дакладныя звесткі, з’яўляецца Мешка І (Мечыслаў) (каля 960-992) з дынастыі Пястаў. Храніст Гал Анонім называе Мешку “вялікім і вартым успаміну”. І гэта не выклікае здзіўлення, менавіта з імем гэтага князя звязаны пачатак распаўсюджвання ў Вялікай Польшчы хрысціянства.

Тэрыторыя Польшчы ў сярэдзіне Х ст яшчэ не была адзінай. Малая Польшча з цэнтрам у Кракаве ў ІХ ст аказалася ў складзе Вялікай Маравіі, а пасля яе распаду – у Чэшскім княстве. Маравія і ўласна Чэхія былі ў той час ужо дзяржавамі, дзе хутка пашыралася хрысціянства. Малая Польшча атрымала ўпершыню ўплыў ідэй новай веры менавіта з мараўска-багемскіх зямляў, з цягам часу хрысціянства пранікне адтуль і ў Вялікую Польшчу.

Вялікапольскае княства, якое і стане ўтваральнікам адзінай Польскай дзяржавы, да другой паловы Х ст было паганскім. Але ў гэты час складаюцца ўмовы, спрыяльныя для прыняцця новай веры. Хрысціянізацыя Польшчы і стварэнне царкоўнай структуры спрыяла ўмацаванню княжацкай улады ў маладой дзяржаве. Вельмі значнымі былі наступствы прыняцця хрысціянства і ў знешнепалітычным сэнсе. У Еўропе складаўся свет хрысціянскіх дзяржаў, паганскія краіны ў якім успрымаліся як чужынцы. Увайсці ў гэты свет, наладзіць добрыя стасункі з яго дзяржавамі можна было толькі з прыняццем яго веры. Уплавовыя суседзі Польшчы – Германскае каралеўства і Чэхія – былі хрысціянскімі. Менавіта з гэтых краін у польскіх землях стала пашырацца новая рэлігія. Асабліва значным быў чэшскі ўплыў. Чэхія адчувала больш моцнае ўздзеянне нямецкай культуры, прыняла хрысціянства яшчэ ў ІХ ст і была моцным цэнтрам асветніцтва. Яе стасункі з Польшчай заўсёды былі моцнымі, таму невыпадкова, што хрысціянскія ідэі прыйшлі ў апошнюю з Чэхіі.

Сярэдневечныя крыніцы ўзгадваюць гісторыю, якая быццам здарылася ў дзяцінстве з будучым князем Польшчы Мешкам і стала прадчуваннем вялікіх змен. Згодна з ёй, Мешка з нараджэння быў сляпым, што наводзіла на акружэнне яго бацькі Земамысла вялікую смуту. Аднак на свяце з нагоды сямігоддзя хлопчыка “стала вядома, што сляпы хлопчык стаў відушчым”. [12] У час агульнай радасці Земамысл запытаў старцаў аб тым, як разумець гэты цуд. Мудрацы растлумачылі, што гэта знак будучага ўзвышэння Польшчы. Гал піша, што “так гэта і было, хоць тады можна было растлумачыць па-іншаму. На самой справе, Польшча была раней сляпая, і яна не ведала ні пашаны, ні сапраўднага Бога, ні сапраўднага вучэння веры, але дзякуючы празрэнню Мешкі празрэла і Польшча, бо ён атрымаў сапраўдную веру і вырваў польскі народ са смерці няверыя. Усемагутны Гасподзь у патрэбным парадку адрадзіў спачатку цялесны зрок Мешкі, а потым надаў яму і духоўны, каб ён праз бачнае пранік у вобласць нябачнага і праз пазнанне прыроды пазнаў усемагутнага Стваральніка”. [13]

Для умацавання адносін з Чэшскім княствам князь Мешка І вырашыў узяцца шлюбам з Дуброўкай (Дубравай), дачкой чэшскага князя Баляслава І Мужнага. Адной з умоў шлюбу з хрысціянкай Дуброўкай было і хрышчэнне самога Мешкі. У 965г (Вялікапольская хроніка памылкова называе дату 931г) Дуброўка прыбыла ў Польшчу, разам з ёй былі і чэшскія святары. Значнай датай для польскай гісторыі стаў 966г, калі князь Мешка І прыняў хрысціянскую веру. “Пад уплывам сваёй жонкі і боскага натхнення разам з усім народам ляхітаў ці палякаў прыняў тайнасць святога хрышчэння” [14], – адзначана ў Вялікапольскай хроніцы. У гэтым жа годзе адбыўся і яго шлюб з Дуброўкай. Княгіня Дуброўка моцна садзейнічала распаўсюджванню хрысціянства ў польскіх землях.

Князь Мешка І амаль адразу пасля пачатку хрышчэння сваёй краіны пачаў клапаціцца пра стварэнне ў ёй асобнай царкоўнай структуры. Стварэнне асобнага польскага епіскапства павінна было ўмацаваць свецкую і царкоўную ўладу. Да таго ж ў гэтым выпадку Польшчы гарантавалася не трапіць у залежнасць ад германскай царквы, што б было, калі б польскія святары падпарадкаваліся яе іерархам.

Дыпламатычныя намаганні польскіх уладаў не засталіся марнымі. Прыкладна ў 968г у Польшчу з Чэхіі прыбыў італьянец Іардан, які стаў заснавальнікам польскага епіскапства і яго першым епіскапам. Заснаванне епіскапства было для Польшчы і яе князя вялікім дасягненнем. Значным крокам наперад для польскай дыпламатыі было тое, што новае епіскапства не было залежным больш ні ад якіх царкоўных структур і падпарадкоўвалася непасрэдна Святому прастолу. У Польшчы фактычна была створана свая асобная царква, прычым у вельмі кароткі тэрмін: з моманту хрышчэння князя Мешкі да прыезду Іардана прайшло толькі каля двух гадоў. Новая царква ў значнай ступені была залежнай ад князя, што рабіла яе надзейнай абаронай для манархічнай улады, якой яна і застанецца на доўгія гады.

Князь Мешка праводзіў паспяховую як унутраную, так і знешнюю палітыку. Ён аб’яднаў большую частку польскіх земляў, далучыў да сваіх уладанняў і частку Малой Польшчы. Прыняцце ім хрысціянскай веры значна павысіла міжнародны аўтарытэт польскай дзяржавы.

Князь Мешка, які “адмовіўся ад памылковасці паганства” і “схіліўся да ўлоння маці-царквы”, і княгіня Дуброўка, “прававерная хрысціянка з Багеміі”, шмат зрабілі для распаўсюджвання хрысціянства ў польскізх землях і сталі значнымі постацямі польскай гісторыі. Польшча, прыняўшы новую веру, стала і натуральнай часткай еўрапейскага хрысціянскага свету.
§2. Хрысціянства ў Польшчы ў часы Баляслава І Мужнага. Заснаванне Гнезненскага архіепіскапства

Князь Польскі Мешка І памёр у 992г. Вынікі яго ўладарання былі вельмі значнымі: у Польшчы пачало распаўсюджвацца хрысціянства, якое стала дзяржаўнай рэлігіяй, быў пакладзены пачатак уласнай польскай царкве, значна ўзрасла палітычная дзяржава.

Спадкаемцам Мешкі І стаў яго сын Баляслаў І (992-1025), атрымаўшы ў гісторыі мянушку Мужны. Дзейнасць гэтага князя спрыяла ўзмацненню ваеннай і дыпламатычнай моцы краіны, што прывяло да ўзвышэння Польшчы ў пачатку ХІ ст. Вызначаную і мэтанакіраваную палітыку князь праводзіў у адносінах царквы. Хрысціянская царква станавілася ўсё больш надзейнай абапорай для цэнтральнай улады, адсюль і асноўныя напрамкі дзейнасці Баляслава І у адносінах да яе: далейшае распаўсюджванне хрысціянства, укараненне яго сярод насельніцтва і працягванне намаганняў для атрымання польскай царквой як мага большай незалежнасці. Талент князя як палітычнага дзеяча праявіўся ў тым, што і царкоўная палітыка прыносіла свой плён.

Князь Мешка І і яго абкружэнне прынялі хрышчэнне, пасля чаго пачалося распаўсюджванне новай веры сярод насельніцтва Польшчы. Аднак, хоць Гал Анонім і піша ў сваёй “Хроніцы”, што “святло праўды асвяціла з вышыні ўсё каралеўства Польскае” [15], новая рэлігія далёка не адразу стала па-спраўднаму ўсенароднай. Знаць была, як і ў іншых краінах, якіх толькі прывялі да новай веры, больш успрымальнай да ідэяў хрысціянства. Аднак нават сярод яе прадстаўнікоў захоўваліся моцныя паганскія традыцыі: і з-за старога светапогляду, і з-за асобных палітычных меркаванняў. Простае насельніцтва яшчэ ў большай ступені заставалася паганскім. Цэнтрам распаўсюджвання хрысціянства і асветы, якое яно несла, у Польшчы, як і ў Чэхіі, былі гарады. Тут засноўваліся саборы, улады больш пільна сачылі за станам адносін да веры сваіх падданых. У вёсках карані паганства заставаліся больш трывалымі. У час уладарання князя Баляслава І Мужнага, калі дзяржава перажывала ўздым, а цэнтральгая ўлада трымалася ў моцных руках, трывалымі здаваліся і пазіцыі хрысціянтва. Аднак існаваўшыя сацыяльна-рэлігійныя супярэчнасці з цягам часу будуць усё нарастаць і ўвасобяцца нарэшце ў сацыяльна-палітычным крызісе ў першай палове ХІ стагоддзя.

Для князя Баляслава І Мужнага рэлігійная палітыка ўвесь час яго ўладарання заставалася вельмі значнай. З аднаго боку, князь пашыраў новую веру ў сваёй дзяржаве. З другога боку, існаваў яшчэ адзін напрамак гэтай палітыкі. Польшча, якая прыняла хрысціянства пры Мешке І, у часы Баляслава І стала сама выступаць у ролі “прававернай дзяржавы, якая нясе святло веры суседнім паганскім народам” [16]. Польшча, прыняўшы новую рэлігію, увайшла ў сістэму еўрапейскіх хрысціянскіх дзяржаў і зараз магла ад імя ўсяго хрысціянскага свету пачынаць экспансію ў паганскія землі. З аднаго боку, гэта пашырала міжнародны аўтарытэт Польскага княства, з другога, відавочна, спрыяла ўзмацненню Польшчы і павялічэнню яе тэрыторыі. Баляслаў І распачаў экспансію ў землі Памор’я і Прусіі, населеныя паганцамі. Нягледзячы на пэўныя цяжкасці і жорсткае супраціўленне мясцовага насельніцтва ў Памор’і, палякам удалося дасягнуць тут некаторых поспехаў. Гал Анонім так перадае гэтыя падзеі: ”Ці пералічваць перамогі і трыумфы над паганскімі народамі, якіх, як вядома, ён (Баляслаў І) як бы папіраў нагамі? Ён так настойліва знішчаў тых, хто закасцянеў у паганстве, у Сяленцыі, Памор’і і Прусіі, а тых, хто перайшоў у сапраўдную веру, падтрымліваў, што пабудаваў там шмат цэркваў і паставіў епіскапаў пры дапамозе Папы, ці, дакладней, іх паставіў Папа пры яго падтрымцы”. [17]

Сярод іншых дзеянняў па ўмацаванню веры сярэднявечныя хронікі называюць і будаўніцтва вялікай колькасці культавых аб’ектаў. Баляслаў І заснаваў 6 кафедральных сабораў: познаньскі, гнезненскі, плоцкі (мазавецкі), кракаўскі, врацлаўскі, любушскі. З’яўляліся новыя манастыры. Будаўніцтва такой колькасці культавых аб’ектаў сведчыць пра тое, што цэнтральная ўлада рабіла ўсё для ўзмацнення пазіцый царквы. Пры гэтым яна сапраўды станавілася ўсё больш уплывовай, чаму спрыяла і тое, што польская царква не падпарадкоўвалася іншым царкоўным структурам, акрамя непасрэдна Прастола Св.Пятра.

Значны ўплыў на павялічэнне аўтарытэту польскай царквы аказаў прыезд у Польшчу Св.Адальберта. Войтэх (Адальберт) з 982г быў епіскапам Пражскім – кіраўніком чэшскай царквы. Даўнія варожасць і суперніцтва паміж князем Чэхіі Баляславам ІІ Набожным і чэшскім знатным родам Слаўнікаўцаў прывялі да амаль поўнага знішчэння апошніх у 995г. Войтэх, які быў сынам старэйшыны рода Слаўніка, быў вымушаны з’ехаць з Чэхіі. Сваё жыццё ён прысвяціў місіянерскай дзейнасці сярод паганцаў. Св.Войтэх прапаведваў у Венгрыі. Наступным месцам яго дзейнасці стала Польшча. Прыезд такога аўтарытэтнага дзеяча ў Польшчу рабіў гонар яе царкве. Адным з найбольш значных вынікаў дзейнасці Св.Адальберта ў Польшчы стала заснаванне Гнезнескага епіскапства.

Польская царква з часоў яе першага епіскапа Іардана і яго спадкаемцы Унгера былы афіцыйна падпарадкавана толькі Рыму. Аднак уся царква Польскай дзяржавы пры гэтым сводзілася ў адно епіскапства. З пашырэннем хрысціянства стала неабходным удасканаленне царкоўнай структуры, заснавання іншых яе адміністратыўных адзінак. Да таго ж германская царква, якая мела моцнае ўздзеянне на царкву польскую, не пакідала спробаў пашырыць на яе свой уплыў. Для замацавання самастойнасці польскай царквы і павышэння яе статусу мэтай намаганняў польскіх князя і іерархаў стала стварэнне ў Польшчы свайго архіепіскапства, якому магло б падпарадкоўвацца ўжо не адно, а некалькі епіскапстваў. Св.Адальберт у час знаходжання ў Польшчы прыняў непасрэдна ўдзел у падрыхтоўцы змяненняў у арганізацыі царкоўнай структуры Польшчы. Пры гэтым вельмі значную і, напэўна, асноўную мэту сваёй дзейнасці ён бачыў у распаўсюджванні сваёй веры менавіта сярод паганскіх народаў. Польшча, як ужо гаварылася вышэй, намагалася пашыраць хрысціянства сярод народаў Прусіі і Памор’я. Таму выглядае натуральным тое, што Св.Адальберт адправіўся з місіяй у Прусію. Аднак тут, у адрозненне ад краін, дзе ён прапаведваў раней, Адальберт сутыкнуўся з неверагоднымі цяжкасцямі. Паганцы прусы так і не зразумелі сэнсу місіі Св.Адальберта і забілі яго ў 997г. “Святы ж пакутнік, натхнёны хрысціянскай рэлігіяй і імкненнем да пропаведзі сапраўднай веры, як толькі ўбачыў, што ў Польшчы пакрыху распаўсюдзілася хрысціянства і ўмацаваўся царкоўны ўплыў, мужна ўступіў у Прусію і там скончыў сваё жыццё пакутніцкай смерцю. А потым ужо Баляслаў выкупіў у прусаў на вагу золата яго цела і размясціў з неабходным шанаваннем у архіепіскапстве Гнезна” [18], – паведамляе Гал Анонім. Св.Адальберт адразу пасля смерці стаў вельмі паважаным як святы-пакутнік, а месца яго пахавання ў Гнезне стала цэнтрам культа, які развіваўся вельмі хутка. Гэта яшчэ больш спрыяла вызначэнню аўтарытэту польскай царквы.

Баляслаў І праводзіў паспяховую знешнюю палітыку. У 999г ён далучыў да сваіх уладанняў адзін са значных польскіх цэнтраў – Кракаў. Плённая знешняя палітыка, агульнае ўмацаванне дзяржавы, пашырэнне вядомасці польскай царквы, дзякуючы Св.Адальберту і яго культу, зрабілі сваю справу. У 1000годзе у Польшчу прыбыў імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Атон ІІІ Рыжы (980-1002) як паломнік да труны Св.Адальберта. Прыезд імператара сведчыў не толькі пра вельмі моцную значнасць культу святога, але і пра высокую ступень міжнароднага прызнання Польскай дзяржавы, што было відавочным поспехам яе палітыкі. Імператар быў шыкоўна сустрэчаны ў Гнезне, яго прыезд меў вельмі вялікі сэнс. У час знаходжання Атона ІІІ і вышэйшых колаў польскай знаці ў Гнезне, якое ўвайшло ў гісторыю як “гнезненскі з’езд” 1000г, было канчаткова прынята рашэнне пра стварэнне Гнезненскага архіепіскапства. У сярэднявечных крыніцах захавалася паданне пра тое, што імператар у знак сяброўства падараваў Баляславу І цвік з Крыжа Гасподня і дзіду Св.Маўрыкія, а князь, у сваю чаргу, перадаў Атону ІІІ руку Св.Адальберта.

1000г стаў датай заснавання Гнезнескага архіепіскапства. Гэта было вельмі значным вынікам польскай палітыкі, дзейнасці польскай царквы, намаганняў Баляслава І і Св.Адальберта. Першым архіепіскапам Гнезнескім стаў Гаўдэнцый (чэшскае імя Радзім), які быў братам Св.Адальберта. У час неспакою ў Чэхіі, пасля забойства амаль усіх прадстаўнікоў іх рода Слаўнікаўцаў, Гаўдэнцый разам з братам пакінулі радзіму і з цягам часу замацаваліся ў Польшчы. Гаўдэнцый стаў яшчэ адным з дзеячаў, які зрабіў вялікі ўнёсак у станаўленне польскай царквы.

З заснаваннем Гнезнескага архіепіскапства самастойнасць польскай царквы была яшчэ больш замацавана. Яна з’яўлялася зараз такой значнай адміністрацыйнай адзінкай, як архіепіскапства, прычым падпарадкаванай непасрэдна Св.Прастолу. Ні нямецкая, ніякая іншая царква зараз не маглі прэтэндаваць на падпарадкаванне царквы польскай. У адміністрацыйна-тэрытарыяльным плане польская царква стала складацца з Гнезненскага архіепіскапства і трох падпарадкаваных яму заснаваных епіскапстваў. Два з іх былі ўтвораны ў значных польскіх цэнтрах – Кракаве і Вроцлаве, яшчэ адно – у Калобжаге, на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Асаблівым было прызначэнне Калобжаскага епіскапства. Заснаванае ў непасрэднай бліжыні ад земляў паганскіх народаў Памор’я, яно павінна было несці місію іх хрышчэння, а далучаныя да Польшчы паморскія землі павінны былі падпадаць пад яго юрысдыкцыю. Епіскапам Калобжаскім у 1000г стаў Рэйнберн. Аднак згадкі пра гэтае епіскапства ў крыніцах скончваюцца вельмі хутка, у самым пачатку ХІ ст. Магчыма, што з-за моцнага супраціўлення паганскага насельніцтва епіскапства не справілася са сваёй місіяй і ў хуткім часе спыніла сваё існаванне. Ва ўсходняй частцы польскіх земляў епіскапстваў заснавана не было, што дае некаторым даследчыкам падставу меркаваць, што паганства там было яшчэ вельмі моцным.

У ХІ ст Польшча ўступіла, маючы сваю ўласную, даволі самастойную царкву. Гэта стала адным з фактараў узвышэння Польскай дзяржавы ў пачатку новага стагоддзя.

Баляслаў І Мужны, які ўладарыў да 1025г, вядомы як адзін з заснавальнікаў польскай царквы. Уласная царква ў Польшчы, падобна і чэшскай царкве, стала моцнай абапорай для княжацкай улады.

У Польшчы, як і ва ўсёй Заходняй Еўропе, быў прыняты лацінскі варыянт набажэнства. Славянскае набажэнства некалі існавала ў Маравіі, адтуль яно пранікла і ў Паўднёвую Польшчу і некаторы час захоўвалася там. Аднак з далучэннем Малой Польшчы да Вялікапольскай дзяржавы і ў паўднёвых землях пачаў распаўсюджвацца лацінскі варыянт. Лацінскі абрад перамог на ўсёй тэрыторыі Польшчы.

Князь Баляслаў І Мужны не толькі абараніў незалежнасць сваёй дзяржавы, але і значна пашырыў яе межы. Баляслаў дамогся значных знешнепалітычных дасягненняў. Ён паспяхова ваяваў з Свяшчэннай Рымскай імперыяй, далучыў Маравію, увайшоў у Прагу і Кіеў. Польшча пры гэтым князі дасягнула свайго ўздыму.

У сярэднявечных крыніцах застаўся вобраз князя Баляслава І Мужнага як прававернага хрысціяніна і змагара за веру. У Вялікапольскай хроніцы перадаецца паданне пра тое, як ангел перадаў Баляславу меч “шчарбец”, з якім князь, а потым ягоныя нашчадкі атрымлівалі перамогі над сваімі ворагамі з дапамогай самаго Бога.

Працяг замацавання хрысціянства ў Польшчы, заснаванне Гнезненскага архіепіскапства сталі значнымі вынікамі дзейнасці Баляслава І Мужнага. “Болеслав всеми зависящими от него мерами помогал духовным властям насаждать христианство и сурово карал своих подданых за нарушения их предписаний и приверженность их к язычеству”, [19] – так характарызуе ўладанне князя М.К.Любаўскі. І сапраўды, жорсткія меры па насаджэнню веры сталі ўсё ж прадчуваннем пэўнага супрацідзеяння. Нягледзячы на паспяховасць рэлігійнай палітыкі Баляслава І, ужо пры яго пераемніку становішча рэзка змянілася.
§3. Хрысціянства ў Польшчы ў 20-х – 50-х гг ХІ ст

Нягледзячы на ўсе поспехі ўладарання Баляслава І, былі ў яго дзейнасці і адмоўныя моманты. Бясконцыя войны з аднаго боку павялічвалі межы Польскай дзяржавы і ўмацоўвалі яе міжнародны ўплыў, але з другога – прыводзілі да паступовага вынішчэння яе сілаў і з’яўлення цэлага шэрагу варожых Польшчы дзяржаў. Свяшчэнная Рымская імперыя, Чэхія, Венгрыя, Кіеўскае княства, Галіцка-Валынская зямля сталі варожа настроенымі ў адносінах да Гнезна.

Балеслаў І Мужны памёр у 1025г. Спадкаемцам польскага трону стаў яго сын Мешка ІІ (1025-1034). З пачаткам яго ўладарання пачынаецца і моцны сацыяльна-палітычны крызіс. Адной з галоўных яго прычын было пагаршэнне знешнепалітычнага становішча. Польшча пачала цяжкую вайну з Кіеўскім княствам, Вялікі князь якога Яраслаў Мудры захапіў галіцкія землі і ўварваўся ва ўласна Польшчу. Мешка ІІ быў вымушаны саступіць Свяшчэннай Рымскай імперыі цэлы шэраг вялікіх тэрыторый, у тым ліку, Сілезію і частку Памор’я. Ва ўмовах знешнепалітычных няўдач падняла галаву польская знаць. Знатныя роды ўсё меньш сталі падпарадкоўвацца цэнтральнай уладзе. Частка знаці выступіла супраць Мешкі ІІ і пазбавіла яго ўлады, пасадзіўшы на трон яго брата Бяспрыма. Мешке ІІ усё ж удалося перамагчы ў міжусобіцы і з дапамогой чэшскіх войскаў вярнуць сабе ўладу ў 1032г. Мешка рабіў настойлівыя спробы выправіць становішча і да сваёй смерці ўсё ж такі здолеў вярнуць Польшчы частку страчаных земляў. Тым не меньш крызіс працягваўся. Разам з палітычнымі ў яго аснове былі і сацыяльныя прычыны.

Пры ўсіх спробах манархічнай улады замацаваць хрысціянства сярод усяго насельніцтва Польшчы, ступень хрысціянізацыі далёка яшчэ не была поўнай. Ідэі паганства не толькі былі распаўсюджаны сярод простых людзей, але знаходзілі падтрымку і ў часткі знаці, у першую чаргу, у апазіцыйнай цэнтральнай уладзе. Звяртанне да паганства мела і значны палітычны сэнс. Яшчэ з часоў Мешкі І, тым больш, у часы Баляслава І хрысціянства насаджалася вельмі жорсткімі метадамі. Асабліва гэта было ўласціва для ўладарання Баляслава І. Царква на гэтым этапе свайго існавання яшчэ не была поўнасцю укаранёнай сярод усяго насельніцтва краіны, у яе не было тых рэсурсаў, якія мела цэнтральная ўлада, што абумоўвала залежнасць царквы ад князя.[20] Новая рэлігія і царква, падпарадкоўвацца якім прымушалі сілай, сталі ў разуменні многіх людзей роўназначнымі самой цэнтральнай уладзе, якая іх насаджала. У такіх умовах паганства для многіх было знакам барацьбы супраць гвалту і прымусу, супраць хрысціянства, а значыць, і фактычна супраць дзяржавы. Паразы ў разбуральных войнах, незадаволенасць жорсткімі метадамі насаджэння хрысціянства, выступленні супраць цэнтральнай улады часткі знаці, агульнае паслабленне з-за ўсяго гэтага польскай дзяржаўнасці сталі асноўнымі прычынамі сацыяльна-палітычнага крызісу першай паловы ХІ ст.

У 1034г памёр Мешка ІІ. Пачаўся час праўлення яго сына Казіміра І. Пры адсутнасці моцнай рэальнай улады становішча ў краіне яшчэ больш пагоршылася. Групоўкі знаці выйшлі з-пад кантролю князя і пачалі міжусобіцы, што яшчэ больш паслабляла дзяржаву. Ад Польшчы сталі адпадаць тэрыторыі, знаць у якіх магла разлічваць на амаль поўную самастойнасць. Так здарылася з Мазовіяй, фактычна самастойнымі сталі і паморскія князі. Але часы найбольшага развіцця крызісу былі яшчэ наперадзе. Доўгае пагаршэнне ўнутранага становішча выклікала моцны сацыяльны выбух.

У 1037г пачалося вельмі моцнае народнае паўстанне, якое стала апагеем сацыяльнага крызісу першай паловы ХІ ст. Асноўнай яго падставай стала незадаволенасць народа цяжкім становішчам, выкліканым доўгімі войнамі і крызісам манархічнай улады. Ва ўяўленні вялікай колькасці людзей галоўнай прычынай усіх бед была царква і наогул новая вера, якую насаджалі з вялікай жорсткасцю, папранне старых паганскіх традыцый. Паганства стала сцягам паўстання.

У крыніцах захавалася шмат успамінаў пра страшэнныя падзеі паўстання. Вялікапольская хроніка так апісвае тыя жудасныя часы: “рабы падняліся супраць сваіх паноў…Акрамя таго, адракліся ад каталіцкай веры, пра што мы не можам нават гаварыць без дрыжання ў голасе, паднялі мяцеж супраць епіскапаў і службоўцаў Бога; некаторых з іх забілі больш годным чынам – мячом, а іншых, якія як бы заслужылі больш ганебную смерць, пабілі камянямі”. [21] Пра маштабнасць гэтых падзей гаворыць і той факт, што кіраўнік польскай царквы Гаўдэнцый адлучыў Польшчу ад царквы, праўда, за што, дакладна невядома. Нягледзечы на гэта, першыя спробы падавіць паўстанне поспеху не мелі. У 1037г у Польшчу ўвайшоў са сваімі войскамі уладар Чэхіі Бржэціслаў І, які скарыстаўся спрыяльнай для нападу сітуацыяй. Чэшскае войска разрабавала польскую зямлю, спаліла Гнезна, Кракаў, Познань, выкрала цела Св.Адальберта.

Польская царква апынулася ў вельмі цяжкім становішчы: рабаваліся храмы, гінулі святары і манахі. Амаль усе існаваўшыя раней епіскапствы былі знішчаны, царкоўная структура Польшчы разбурылася. Значна паменьшылася колькасць цэркваў, а ў цэрквах Св.Адальберта і Св.Пятра “дзікія звяры зрабілі сваё логава” Казімір І на некаторы час пакінуў краіну.

Аднак пры усёй цяжкасцямі, з якімі сутыкнулася Польшча, цэнтральнай уладзе і царкве ўсё ж удалося выстаяць. Хрысціянізацыя станавілася агульнаеўрапейскай тэндэнцыяй, супраць народнага паўстання вакол князя аб’ядналася значная частка знаці. У рэшце рэшт Казімір І здолеў падавіць паўстанне 1037-1938гг. Дзякуючы добрым адносінам са Свяшчэннай Рымскай імперыяй і Кіеўскім княствам і свайму ваеннаму таленту, князю ўдалося вярнуць значную частку страчаных земляў.

Крызіс 20-х–30-х гг ХІ ст і паўстанне 1037-1038гг цяжка адбіліся на становішчы Польшчы. Тым не меньш і манархічная ўлада, і царква змаглі вытрымаць гэты ўдар. Вакол княжацкай улады зноў пачалі згуртоўвацца значныя сілы, што паступова пачало выцягваць з крызісу і царкву. Дзейнасць Казіміра спрыяла адраджэнню царквы і працягу распаўсюджвання хрысціянства, а сам князь увайшоў у гісторыю як Казімір І Аднавіцель.

Пасля смерці Казіміра І у 1058г новым князем стаў Баляслаў ІІ, у час уладарання якога адбылося ўзнаўленне Гнезненскага архіепіскапства і канчатковае адраджэнне польскай царквы.
Гісторыя хрысціянізацыі Польшчы, якая пачалася ў другой палове Х ст, мае свае асблівасці, але ў агульным яна працякала ў рэчышчы агульнаеўрапейскіх тэндэнцый тых часоў. Асноўнымі прычынамі прыняцця хрысціянства сталі неабходнасць актыўных узаемаадносін з іншымі дзяржавамі, што патрабавала ўключэння Польшчы ў свет хрысціянства, іммкненне цэнтральнай улады ўзмацніць свае пазіцыі і знайсці для гэтага надзейную абапору, якой і стала царква.

Хрысціянства стала няспынным працэсам, яно ніяк не магла не закрануць і польскія землі. Аднак абвяшчэнне аб прыняцці новай веры князем і яго абкружэннем яшчэ не значыла хрысціянізацыі адразу ўсяго насельніцтва. Хрысціянства ў Польшчы прайшло складаны шлях, пакуль не стала па-сапраўднаму народнай рэлігіяй. Але манархічная ўлада не збіралася чакаць доўга: ёй патрэбна было як мага больш хуткае ўкараненне новай веры, каб забяспечыць свае палітычныя мэты. Насаджэнне хрысціянства прыняло вельмі жорсткія формы, асабліва ў часы Баляслава І Мужнага. Тым не меньш, змяніць светапогляд людзей адразу было вельмі цяжка. Натуральна, што ў такіх умовах сярод шырокіх колаў простага насельніцтва пачалося моцнае супрацідзеянне прымусоваму распаўсюджванню веры. З-за сваіх палітычных памкненняў гэтыя настроі падтрымала частка знаці. Такія моцныя сацыяльныя супярэчнасці разам з паразамі ў знешняй і ўнутранай палітыцы прывялі Польшчу да крызісу першай паловы ХІ ст, найвышэйшай кропкай якога стала паўстанне 1037-1038 гг, якое некаторыя даследчыкі называюць сацыяльна-паганскай рэвалюцыяй. Значная частка насельніцтва ў вяртанні да паганства бачыла выйсце з цяжкага становішча, але гэта ўжо была апошняя спроба адраджэння паганства. Упадак польскай царквы быў нядоўгім.

Моцны сацыяльна-палітычны выбух першай паловы ХІ ст, тым на меньш, не мог спыніць распаўсюджванне хрысціянства. Казімір І Аднавіцель, значная частка знаці, што згуртавалася вакол яго, і нарэшце хрысціянскае духавенства здолелі пераадолець крызіс. Пачаўся новы ўздым Польскай дзяржавы і Польскай царквы.

Працэс хрысціянізацыі Польшчы меў шмат агульнага з падобным працэсам у Чэхіі. І гэта невыпадкова, бо менавіта з мараўскіх і багемскіх земляў у землі польскія прыйшла новая вера. Узаемадзеянне польскай і чэшскай культур было вельмі моцным, што падцвярджае і той факт, што многія асобы чэшскай гісторыі сталі бачнымі дзеячамі хрысціянізацыі Польшчы (Св.Адальберт, Гаўдэнцый, Дуброўка і інш.). Заўсёды прысутнічаў і нямецкі культурны ўплыў на Польшчу, хоць і не быў тут такім моцным, як у Чэхіі.

Хрысціянства Польшчы мела вельмі вялікі станоўчы сэнс у яе гісторыі. Была ўмацавана манархічная ўлада, што вяло і да ўмацавання дзяржаўнасці. Польшча была ўключана ў хрысціянскі свет, стала раўнапраўнай у зносінах з іншымі краінамі, што прынялі новую веру.

Стаўленне да паганства можа быць розным, але найвялікшая маральна-асветніцкая роля хрысціянства відавочна. Польшча, стаўшы хрысціянскай, стала далучанай не толькі да палітычнай, але і да навукова-асветніцкай сістэмы Еўропы. У Польшчы сталі вядомымі навуковыя дасягненні, працы аўтараў старажытнасці. Пачалося стварэнне школ, дзе вывучаліся лацінская мова, граматыка, рыторыка, дыялектыка, музыка і іншыя дысцыпліны, аб чым раней не магло быць і гаворкі. А з цягам часу ў Польшчы будуць створаны і ўласныя універсітэты.

Хрысціянізацыя Польшчы стала часткай вялікага працэсу хрысціянізацыі Еўропы, што нёс с сабою новы светапогляд і новую маральнасць.

1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка