Беларускі дзяржаўны універсітэт курсавая работа па гісторыі заходніх І паўднёвых славян




старонка1/3
Дата канвертавання14.03.2016
Памер396.31 Kb.
  1   2   3



БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ

Курсавая работа

па гісторыі заходніх і паўднёвых славян

на тэму:

Прыняцце хрысціянства



ў Чэхіі і Польшчы”


Попель Радзівон Ігаравіч,

студэнт 1 курса 1 групы

гістарычнага факультэта

Кіраўнік – Міхайлоўская

Людміла Львоўна


г. Мінск, 2008

Змест

Уводзіны 3

Глава І. Прыняцце хрысціянства ў Чэхіі 5

Глава ІІ. Прыняцце хрысціянства ў Польшчы 13

Заключэнне 23

Спасылкі 25

Крыніцы. Даследаванні 26

Уводзіны

Сярэднявечная Еўропа заўсёды атаесамляецца з хрысціянствам. Сусветная рэлігія, прыйшоўшая ў Еўропу звонку, стала сапраўды неад’емнай часткай яе культуры. Гісторыя славян, і заходніх славян у прыватнасці, не з’яўляецца выключэннем. Чэхія і Польшча, класічныя краіны еўрапейскага Сярэднявечча, не толькі адыгралі вялікую ролю распаўсюджвання хрысціянскай веры сярод славянскіх народаў, але і аказалі ўплыў на культурнае развіццё розных краін. Вытокі сучаснай хрысціянскай культуры, якая стала фарміравальніцай сённяшняга еўрапейскага, а ў значнай ступені і сусветнага, светапогляду, знаходзяцца і ў гісторыі Чэхіі і Польшчы. Моцныя гістарычныя ўзаемасувязі гэтых краін між сабой і з іншымі славянскімі народамі абумовілі і фарміраванне іх культур. Дарэчы, беларуская культура таксама адчула на сабе чэшскі і польскі ўплыў: славянская літаратурная мова, культ Кірыла, Мяфодзія і іншых святых – сведчанне гэтаму. Для разумення вытокаў еўрапейскага хрысціянства, болей таго, сусветнага светаўспрымання, неабходна і разуменне каранёў хрысціянства ў чэшскай і польскай гісторыі.

Пры напісанні дадзенай работы выкарыстаны такія крыніцы, як “Чэшская хроніка” Казьмы Пражскага, “Хроніка дзеянняў князёў ці ўладароў Польскіх” Гала Аноніма, “Хроніка Вялікай Польшчы”.

“Чэшская хроніка” дэкана Пражскай царквы Казьмы, напісаная ў пачатку ХІІ ст, з’яўляецца значнай крыніцай па прыняццю хрысціянства ў Чэхіі (у першую чаргу, у багемскіх землях). Распавядаючы пра гісторыю Чэхіі з пачатку часоў, аўтар хронікі вялікую ўвагу надае працэсу хрысціянізацыі краіны.

“Хроніка дзеянняў князёў ці ўладароў Польскіх” Гала Аноніма, якая таксама адносіцца да пачатку ХІІ ст, распавядае пра гісторыю польскага народа, прычым, далёка не апошняе месца ў ёй адводзіцца тэме распаўсюджвання хрысціянства. Тэмы хрышчэння Польшчы і развіцця яе царквы ў крыніцы маюць даволі падрабязнае раскрыццё.

“Хроніка Вялікай Польшчы”, крыніца невядомага аўтара ХІV ст, таксама нясе каштоўную інфармацыю пра пытанні хрысціянізацыі Польшчы і працэсы, звязаныя з гэтым. Гісторыя польскага хрысціянства стала ў ёй гарманічнай часткай роспавяду пра гісторыю польскага народа. Ёсць у крыніцы, як і ў хроніцы Гала Аноніма, і звесткі пра стан хрысціянства ў Чэхіі.

Яшчэ адной з крыніц, выкарыстаных у рабоце, стаў рускі летапісны звод пачатку ХІІ ст “Аповесць мінулых часоў”, адным з аўтараў якой з’яўляецца манах Нестар. Сярод матэрыялаў па славянскай гісторыі ў “Аповесці” змешчаны і звесткі пра дзейнасць у Маравіі Св.Кірыла і Св.Мяфодзія, з’яўленне славянскай азбукі.

Работа абапіраецца і на шэраг навуковых даследаванняў. Сярод іх – “История западных славян (прибалтийских, чехов и поляков)” (М., 1918) М.К.Любаўскага, якая з’яўляецца даследаваннем гісторыі славянскіх народаў, у т.л., і працэсаў іх хрысціянізацыі. Навуковая работа Л.П.Лапцевай “История Чехии периода феодализма (V – серединаVII века)” (М., 1993) закранае сярод іншых пытанняў чэшскай гісторыі і пытанне прыняцця і развіцця хрысціянства ў гэтай заходнеславянскай краіне.

Пры напісанні работы выкарыстаны таксама матэрыялы даследавання Б.М.Флоры “Принятие христианства в Великой Моравии, Чехии и Польше”, якое з’яўляецца часткай кнігі “Принятие христианства народами Центральной и Юго-Восточной Европы и крещение Руси” (М.,1998). У гэтым даследаванні грунтоўна разглядаюцца праблемы прыняцця хрысціянства ў розных народаў, у т.л., і ў мараван, чэхаў і палякаў.

У рабоце разглядаецца час існавання Вялікамараўскай дзяржавы (ІХ – пач.Х ст), перыяды першай паловы ІХ – першай паловы ХІ ст для чэшскай гісторыі, сярэдзіны Х – сярэдзіны ХІ ст для гісторыі Польшчы.

Першая палова ІХ ст – пачатак распаўсюджвання ў Чэхіі хрысціянства ў часы князя Баржывоя, таму менавіта з гэтага часу асвятляюцца падзеі чэшскай гісторыі. У польскіх землях распаўсюджванне хрысціянства пачалося з хрышчэння князя Мешкі І у 960-х гг, таму гэты перыяд выбраны ў якасці адпраўной кропкі для роспавяду пра хрысціянізацыю Польшчы.

У першай палове ХІ ст як у Чэхіі, так крыху пазней і ў Польшчы, адбыліся масавыя народныя хваляванні на сацыяльна-палітычнай глебе, якія сталі значным выпрабаваннем для царквы і сканчэннем першага этапа развіцця хрысціянства ў гэтых краінах. Работа асвятляе падзеі да сацыяльных выступленняў у Чэхіі і Польшчы першай паловы ХІ ст і першых часоў адраджэння хрысціянскай царквы.

Разуменне сучаснага светапогляду, фарміравальнікамі якога сталі ідэі хрысціянства, немагчыма без вывучэння вытокаў гэтай веры. Мэта гэтай работы – асвятліць тэму гісторыі прыняцця хрысціянства ў Чэхіі і Польшчы, адных з цэнтраў еўрапейскай культуры і асветы, краін, гісторыя якіх непарыўна звязана з гісторыяй усёй Еўропы і нашай гісторыяй.

Глава І. Прыняцце хрысціянства ў Чэхіі
§1. Хрысціянства ў Вялікай Маравіі

Амаль уся гісторыя Вялікай Маравіі, яе з’яўленне, росквіт, заняпад адносіцца да ІХ ст. Вялікая Маравія, заснаваная князем Маймірам І (830-846), стала першай заходнеславянскай хрысціянскай дзяржавай. Першыя хрысціянскія місіянеры праніклі сюды яшчэ ў VІІІ ст. з Зальцбурга і іншых тэрыторый суседняй Франкскай імперыі, палітычны і культурны ўплыў якой быў вельмі вялікім. У 831 годзе епіскап Пасаўскі Рэгінхар хрысціў некалькіх мараўскіх князёў. Прыняцце новай веры садзейнічала далучэнню краіны да свету хрысціянскіх дзяржаў, спрыяла ўзмацненню дзяржаўнай улады. Але пры гэтым Маравія папала ў сферу ўплыву нямецкай царквы, што яшчэ больш пашырала для Франкскай імперыі, а потым Усходнефранкскага каралеўства, магчымасць умешвацца ва ўнутраныя справы славянскай дзяржавы. Гэта ніяк не магло ўваходзіць у планы ўладароў Маравіі. У 846г. сілай усходнефранкскага войска новым князем Маравіі замест скінутага Майміра І быў пастаўлены Расціслаў (846-870). Аднак новы князь хутка перастаў быць паслухмяным магутным суседзям і пачаў барацьбу за ўмацаванне сваёй улады. Для паслаблення нямецкага ўплыву Расціслаў вырашыў стварыць падпарадкаваную сабе нацыянальную царкву і звярнуўся за дапамогай да Візантыі. Імператар Міхаіл ІІІ і патрыярх Фоцій (858-867) згадзіліся на дапамогу і прыслалі ў 863г. у Маравію двух братоў-прапаведнікаў – Канстанціна і Мяфодзія. Адной з асноўных мэтаў іх дзейнасці быў пераклад царкоўнай літаратуры і набажэнства на славянскую мову, што павінна было ўмацаваць нацыянальную царкву. Трэба сказаць, што браты, якія добра ведалі славянскую мову, справіліся з гэтым даволі хутка: была створана славянская літаратурная мова, перакладзены патрэбныя тэксты, падрыхтаваны кандыдаты ў святары.

Для замацавання мараўскай царквы было неабходна прызнанне Рыма. Баварскія іерархі рэзка выступалі супраць незалежніцкіх тэндэнцый у царкве Маравіі, што магло паслабіць палітычны ўплыў Усходнефранкскага каралеўства. Але і сам Папа быў заклапочаны ўзмацненнем нямецкай царквы, якая магла выйсці з-пад кантролю Святога прастола. [1] У 867г. Канстанцін і Мяфодзій былі запрошаны ў Рым, дзе Папа Адрыян ІІ (867-872) даў згоду на славянскае набажэнства ў Маравіі і прызначыў Мяфодзія архіепіскапам, падрыхтаваныя кандыдаты ў святары былі рукапакладзены. Канстанцін памёр у Рыме ў 869г., прыняўшы перад гэтым схіму і імя Кірыл.

Мяфодзій вярнуўся ў Маравію, палітычная сітуацыя ў якой моцна змянілася. У 870г. да ўлады ў дзяржаве прыйшоў князь Святаполк (да 894г.), пры якім Вялікая Маравія дасягнула свайго росквіту. Князь стаў абапірацца на нямецкае духавенства, чым апошняе і скарысталася: Мяфодзій быў арыштаваны ў Рэгенсбургу і правёў у вязніцы амаль 3 гады. Кіраўнік Мараўскай царквы быў вызвалены па загаду Папы Іаана VІІІ, які падцвердзіў паўнамоцтвы Мяфодзія як архіепіскапа. Аднак франкскае духавенства працягвала выступаць супраць Мяфодзія з рэзкімі абвінавачваннямі ў тым, што ён “вучыць няправільна”. У 879г. Мяфодзія нават выклікалі ў Рым, але ён быў апраўданы, а ў 880г. выйшла була Папы з ухвалай славянскай мовы, якую стварыў Канстанцін. Тым не меньш супраць Мяфодзія выступала большая частка духавенства, у тым ліку, і Віхінг, адзін з двух падпарадкаваных яму епіскапаў. Апошнія гады жыцця Мяфодзій быў фактычна адлучаны ад царкоўнай улады і займаўся асветніцкай дзейнасцю. Незадоўга ад смерці ён прызначыў сваім спадкаемцам Гаразда і пракляў Віхінга. У 885г. Мяфодзій памёр, яго паслядоўнікі пасля гэтага былі выгнаны з Маравіі. Пасля смерці князя Святаполка ў 894г. Вялікамараўская дзяржава пачала паступова распадацца і ў пачатку ІХ ст спыніла сваё існаванне.

Нягледзячы на даволі нядоўгі час існавання, Вялікая Маравія пакінула пасля сябе найвялікшую культурную спадчыну. Вялікая Маравія стала першай хрыяціянскай славянскай дзяржавай. Суседства Усходнефранкскага каралеўства абумовіла пранікненне ў Маравію хрысціянскіх ідэй раней, чым у іншыя заходнеславянскія землі. Пры гэтым трэба сказаць, што хрышчэнне епіскапам Рэгінхарам некалькіх мараўскіх князёў яшчэ не было хрышчэннем усёй краіны. Карані старой паганскай веры былі пакуль што вельмі моцнымі. Аб гэтым сведчыць, напрыклад, тое, што афіцыйнай падставай экспансіі Усходнефранкскай дзяржавы ў часы караля Людовіка Нямецкага (843-876) была неабходнасць знішчэння паганства і ўмацавання хрысціянскай веры.

Царква ў Маравіі, як і ў любой іншай сярэднявечнай еўрапейскай краіне, была значным палітычным інстытутам. Таму невыпадкова, што для паляпшэння нямецкага палітычнага ўплыву стала неабходным вызваленнне ад улады баварскай царквы, а значыць, стварэнне сваёй нацыянальнай царкоўнай арганізацыі, якая была б падпарадкавана непасрэдна Рыму. Але выкананне такой значнай задачы было немагчыма для адной палітычнай сілы Маравіі, таму князь Расціслаў вырашыў атрымаць некаторае міжнароднае прызнанне сваёй дзейнасці, прыняўшы місіянераў з Візантыі. Тым не меньш не трэба перабольшваць значнасць візантыйскай дапамогі, нездарма імператар прыслаў да Расціслава не царкоўных іерархаў, а толькі братоў-прапаведнікаў. Для станаўлення мараўскай царквы было неабходна прызнанне Рыма, толькі дзякуючы якому былі рукапакладзены мараўскія святары і прызначаны кіраўнік новай царквы – Мяфодзій.

Дзейнасць братоў Канстанціна (Кірыла) (826-869) і Мяфодзія (820-885), прылічаных да ліку святых, адыграла найвялікшую ролю не толькі ў развіцці мараўскай царквы, але і славянскай культуры наогул. Напэўна першае, пра што прыгадваюць, калі ўпамінаюць дзейнасць гэтых асветнікаў, – стварэнне славянскай літаратурнай мовы і шрыфта славянскай пісьмовасці – глаголіцы. Канстанцін распрацаваў глаголіцу, дзякуючы чаму славянская мова атрымала сваю пісьмовасць, якая была патрэбна тагды ў першую чаргу для перакладу царкоўнай літаратуры. Другі від славянскага шрыфта – кірыліца – вельмі пашыраны зараз, атрымаў імя ў гонар Кірыла. Але хутчэй за ўсё ён паступова склаўся ў больш позні час, хоць працэс утварэння абодвух шрыфтаў дагэтуль дакладна невядомы. [2]

Вельмі значнай з’яўляецца і дзейнасць Канстанціна і Мяфодзія як перакладчыкаў. “Калі ж прыйшлі, – пачалі яны складаць славянскую азбуку і пераклалі Апостал і Евангелле. І рады былі славяне, што пачулі яны пра веліч Бога на сваёй мове. Потым пераклалі яны Псалтыр і Актоіх” [3], – гаворыцца ў “Аповесці мінулых часоў”. Ім належаць пераклады біблейскіх тэкстаў, іншай царкоўнай і прававой літаратуры. Канстанцін з’яўляецца аўтарам “Слова на перанясенне мошчаў Св.Клімента, Папы Рымскага”, верша “Праглас” і інш. Мяфодзій скончыў пераклад Бібліі, пачаты яго братам, напісаў “Закон судны людзям” і “Запавет святых айцоў”. Дзейнасць братоў-асветнікаў стала падставай для стварэння “Пахвалы Кірылу” і “Пахвальнага слова ў гонар Кірыла і Мяфодзія” Клімента Архідскага.

Мараўская царква, як і Вялікамараўская дзяржава наогул, не здолелі праіснаваць доўга. Націск Усходнефранкскага каралеўства і іншых суседзяў і ўнутраныя праблемы зрабілі сваю справу: царква Маравіі згасла пасля смерці Мяфодзія, а дзяржава знікла ўжо ў пачатку Х стагоддзя. Культура Маравіі папала пад моцны ўплыў нямецкай культуры, якая будзе заўсёды адыгрываць вялікую ролю ў гісторыі заходнеславянскіх краін. Але спадчына Вялікай Маравіі засталася. Гэтая дзяржава стала цэнтрам распаўсюджвання хрысціянства ў заходнеславянскіх землях, менавіта адтуль яна трапіла ў Багемію. Славянская літаратурная мова, трэцяя мова набажэнства пасля грэцкай і лацінскай, і пісьмовасць сталі часткай культур многіх краін і надоўга перажылі самую Маравію.
§2. Прыняцце хрысціянства ў Багеміі. Св. Вацлаў

Першыя дзяржавы-княствы з’явіліся ў Чэхіі (Багеміі) у ІХ стагоддзі. Найбольш моцным сярод мясцовых плямёнаў з’яўлялася племя чэхаў, якое стварыла найбольш буйное княства з цэнтрам у Праге. Казьма Пражскі ў сваёй “Чэшскай хроніцы” вядзе княжацкі род гэтай дзяржавы ад легендарнага пахара Пржэмысла, мужа адной з міфічных пачынальніц Чэхіі Лібушэ. Адным з нашчадкаў Пржэмысла быў князь Баржывой, імя якога непарыўна звязана з прыняццем хрысціянскай веры і пачаткам новага этапу ў гісторыі гэтай краіны.

Багемія амаль да канца ІХ ст. была паганскай краінай. Старая вера была добра замацавана ў свядомасці людзей, але прыход новай веры з’яўляўся немінучым. З першай паловы ІХ ст. хрысціянства стала распаўсюджвацца ў суседняй з Багеміяй Маравіі, моцныя хрысціянскія традыцыі меліся ўжо даўно ва Усходнефранкскім каралеўстве, адным з аскепкаў вялікай Франкскай імперыі. Вялікая частка Еўропы яшчэ была паганскай, але працэс распаўсюджвання сусветнай рэлігіі стаў заканамерным і няспынным. Багемскія землі адчувалі моцны мараўскі і, канешне, нямецкі ўплыў, таму пачатак іх хрысціянізацыі ў другой палове ІХ ст. выглядае даволі натуральным. Невыпадкова, што хрысціянства ў Багемію прыйшло менавіта з Вялікай Маравіі, куды ў сваю чаргу пранікла з нямецкіх земляў.

Першая згадка пра князя Баржывоя з дынастыі Пржэмыслаўцаў адносіцца да 872г. Жонкай Баржывоя была княгіня Людміла, дачка Славібора, які правіў у Пшове. У 80-х гадах ІХ ст. Баржывой і Людміла прынялі хрысціянства, прычым, па паўлегендарным звесткам, хрысціў іх сам архіяпіскап Мяфодзій у сталіцы Вялікай Маравіі Велеградзе. У “Чэшскай хроніцы” прыгадваецца пра тое, што Баржывой быў “першым князем, які быў хрышчоным набожным Мяфодзіем, епіскапам мараўскім, у часы імператара Арнульфа і Святаполка, караля Маравіі” [4]. Прыняцце новай веры ад мараван стала адмысловым сімвалам пераемнасці: Багемія, якая стане асновай для адзінай Чэшскай дзяржавы, прымала хрыяціянства ад пакуль што больш моцнай у палітычным і культурным сэнсе Маравіі. Казьма Пражскі называе Баржывоя “першым князем святой хрысціянскай веры”. І ён на самой справе адпавядаў гэтаму азначэнню. Баржывой пабудаваў хрысціянскі храм, ён і княгіня Людміла шмат зрабілі для распаўсюджвання новай веры.

У палітычных адносінах князь Баржывой знаходзіўся у залежнасці ад Вялікай Маравіі. Аднак у час уладарання яго сына Спіцігнева (889-905) у 895г. Чэхія здолела вызваліцца ад мараўскай улады, праўда, прызнаўшы сябе васалам Усходнефранкскага каралеўства. У пачатку Х ст. Чэшская дзяржава страціла і гэтую залежнасць. Вялікая Маравія распалася і значная частка яе тэрыторый увайшла ў склад Чэшскай дзяржавы. Умацаванне дзяржаўнай улады патрабавала і ўмацавання ўлады царкоўнай.

Пасля смерці брата Спіцігнева князя Враціслава (905-921) новым уладаром Чэхіі стаў яго сын Вацлаў І, які адыграў вялікую ролю ва ўмацаванні хрысціянства ў Чэхіі. У сярэднявечных крыніцах князь Вацлаў атрымлівае вельмі станоўчую адзнаку як сапраўдны барацьбіт за веру.

Прыняцце хрысціянства князем і набліжанымі да яго коламі яшчэ не значыла сапраўднае прыняцце яго ўсім народам. Змяніць традыцыйны светапогляд людзей было цяжкім ва ўсе часы, тым болей, у кансерватыўным сярэднявечным грамадстве. Значная частка простага насельніцтва яшчэ заставалася паганскай, нават частка прадстаўнікоў знаці працягвала цягнуцца да старой рэлігіі. Для далейшага ўмацавання княжацкай улады было неабходна і стварэнне моцнай падпарадкаванай князю царквы, якая б стала надзейнай абапорай для манархічнай улады. А гэта было б немагчыма без укаранення рэлігіі сярод шырокіх колаў насельніцтва. Князь Вацлаў І распачаў жорсткую рэлігійную палітыку па насаджэню хрысціянства. Але гэта вызвала моцнае супрацідзеянне. Да таго ж пагоршылася знешнепалітычнае стыновішча Чэхіі: пад націскам германскага караля Генрыха І Птушкалова Вацлаў І быў вымушаны прызнаць сваю залежнасць ад яго. У такой сітуацыі хутка пачала расці незадаволенасць князем. Супраць князя Вацлава І склалася змова, на чале якой сталі яго брат Баляслаў і маці Драгаміра, жонка князя Враціслава, якая паходзіла з племені люцічаў.

У верасні 935г. князь Вацлаў І быў запрошаны на хрэсьбіны сына Баляслава і быў забіты каля будынка касцёла. Цела князя спачатку знаходзілася ў горадзе Баляславе, дзе і быў забіты Вацлаў, потым было перанесена ў Прагу. З цягам часу ў Чэхіі склаўся культ князя-пакутніка, і ён быў кананізаваны. Св.Вацлаў стаў заступнікам Чэхіі і яе народа.

У сярэднявечнай літаратуры склаўся вобраз князя Вацлава як святога пакутніка за веру. Яго брат Баляслаў і маці Драгаміра наадварот паказаны бязбожнымі злачынцамі. Так, у “Чэшскай хроніцы” Баляслаў названы “другім Каінам”, пра Драгаміру напісана, што яна была “у адносінах веры цвярдзей за скалу”. Але наўрад ці ўсё было так аднасэнсоўна, як прадстаўлена ў традыцыйнай версіі. Князь Вацлаў І быў тыповым сярэднявечным уладаром, і многія яго дзеянні зусім не былі ўзорам дабрачыннасці. Хрысціянскую веру ён насаджаў з той жа жорсткасцю. Забойства Вацлава было хутчэй вынікам палітычнай барацьбы, чым сапраўдным адступленнем ад веры. Тым больш, што “бязбожны” князь Баляслаў на самой справе зрабіў многае для ўмацавання хрысціянскай веры і арганізацыі царквы ў Чэхіі. Захаваліся звесткі, што і княгіня Драгаміра спрыяла распаўсюджванню хрысціянства. [5]

Дзейнасць Св.князя Вацлава І пры ўсім гэтым адыграла вельмі вялікую ролю ў станаўленні хрысціянства ў Чэшскай дзяржаве. Князь стаў першым чэшскім святым і адным з самых вядомых гістарычных асоб гэтай краіны.


§3. Заснаванне Пражскага епіскапства

У 935г. князем Чэхіі стаў Баляслаў І, які здолеў паспяхова стрымліваць націск Германскага каралеўства і праводзіць плённую як унутраную, так і знешнюю палітыку, пашырыўшы межы сваёй дзяржавы. Дзейнасць князя спрыяла і ўмацаванню хрысціянскай царквы. Нават Казьма Пражскі, які вельмі адмоўна ставіцца да Баляслава І, прыгадвае пра тое, што князь дамогся асвячэння епіскапам Рэгенсбургскім Міхаілам царквы Св.Віта ў Празе. Царква была пабудавана яшчэ князем Вацлавам І, але не была асвечана з-за яго дачаснай смерці. [6] Дарэчы, ў Празе святы быў пахаваны менавіта ў гэтым храме.

Для хрысціянскай царквы многае зрабілі дочкі Баляслава І – Дуброўка і Млада. Дуброўка стала жонкай польскага князя Мешкі І і моцна спрыяла прыняццю хрысціянства ў Польшчы.

Але галоўным мерапрыемствам Баляслава І у царкоўных справах была праца над стварэннем у Чэхіі ўласнага епіскапства. Хрысціянская царква, існаваўшая ў Багеміі ўжо больш за 50 гадоў, была падпарадкавана нямецкім іерархам. З’яўленне ў Чэхіі асобнай царкоўнай адміністрацыйнай адзінкі – епіскапства, фактычна падпарадкаванага князю, – павінна было значна ўмацаваць цэнтральную ўладу ў княстве. Для вырашэння гэтага пытання павінна была існаваць згода Рыма. З мэтай дасягнення гэтага туды адправілася ў 965г. дачка Баляслава Млада. “Калі Млада адправілася памаліцца ў Рым, яна была добра прынята Папай, яна правела тут некаторы час і дастаткова азнаёмілася з манаскімі статутамі, і тады ў рэшце рэшт Папа, як параілі яму яго кардыналы, жадаючы аказаць добразычліва падтрымку новай царкве, пасвяціў яе ў сан абатысы; ён змяніў яе імя на імя Марыя і перадаў ёй статут Св.Бенедыкта і жэзл ігуменні. Пасля гэтага новая абатыса, атрымаўшы ад Папы дазвол, благаславенне на ўводзіны ў Чэшскай краіне новага святога манаскага ордэна, накіравалася ў дарагую сваю бацькаўшчыну і суправаджалася радаснай світай”.[7] Нарэшце Папа згадзіўся ўтварыць у Чэхіі асобнае епіскапства, але князь Баляслаў І так і не ўбачыў дасягнення сваёй мэты: ён памёр 15 ліпеня 972г.

Новым князем Чэхіі стаў Баляслаў ІІ. Першым здзяйсненнем яго ўладарання і стала заснаванне Пражскага епіскапства, падрыхтаванае яго бацькам. Датай заснавання епіскапства лічыцца 973г. Менавіта ў гэтым годзе першым пражскім епіскапам стаў Дытмар, які паходзіў з Саксоніі.

Дытмар быў пастаўлены на епіскапства архіепіскапам Майнцкім. Пражская епархія была арганізацыйна падпарадкавана Майнцкаму архіепіскапу, але фактычна яна была залежнай ад чэшскага князя. Кафедрай епіскапа стаў касцёл Св.Віта. Млада (Марыя) стала абатысай іншага пражскага касцёла – Св.Юрыя.

Набажэнства ў чэшскай царкве праводзілася па лацінскаму ўзору і на лацінскай мове. У Маравіі амаль з сярэдзіны ІХ ст. існавала архіепіскапства з славянскімі абрадам і мовай. Але Вялікамараўская дзяржава згасла на прыпачатку Х ст. Нямецкі ўплыў на заходнеславянскія землі рабіў сваю справу: у Чэшскім княстве было прынята лацінскае набажэнства. Мараўскія землі паступова ўваходзілі ў склад дзяржавы Пржэмыслаўцаў, і Мараўскае архіепіскапства з усёй падпарадкаванай яму структурай у складзе двух епіскапстваў спыніла існаванне.

Заснаванне Пражскага епіскапства мела вялікае значэнне для чэшскай гісторыі. Яно не проста спрыяла ўзмацненню княжацкай улады, але садзейнічала пашырэнню яе міжнароднага ўплыву. Нягледзячы на афіцыйную падпарадкаванасць пражскага епіскапа Майнцкаму архіепіскапству, чэшскі князь сам быў яго фактычным кіраўніком: ён быў уласнікам царкоўных зямель, прызначаў святароў,збіраў царкоўны падатак – дзесяціну.

Час уладарання ў Чэхіі Баляслава ІІ увайшоў у гісторыю як час актыўнага развіцця чэшскай царквы. Менавіта ў перыяд яго праўлення з’явілася Пражскае епіскапства, заснавана 20 храмаў і 3 манастыры, пашыраны міжнародны аўтарытэт княства і яго царквы. Гэты князь увайшоў у гісторыю як Баляслаў ІІ Набожны.

Пасля смерці першага пражскага епіскапа Дытмара Саксонца ў 982г. епіскапам стаў Войтэх (Адальберт), які походзіў са знатнага роду Слаўнікаўцаў. Св.Войтэх стаў значнай асобай у гісторыі не толькі Чэхіі, але і Польшчы.


§4. Хрысціянства ў Чэхіі ў канцы Х–пачатку ХІ ст

Найбольш значным цэнтрам чэшскіх земляў з’яўлялася Прага. Але пры гэтым існаваў яшчэ адзін цэнтр, які мог прыняць удзел у барацьбе за першынства, – Злічанскае княства ва ўсходняй Чэхіі. У галоўным горадзе княства–Лібіцэ–знаходзілася рэзідэнцыя князя Слаўніка, галоўнага канкурэнта Баляслава ІІ. Слаўнік меў многія атрыбуты сапраўднага князя, у тым ліку, і свайго капелана. Сыны князя Слаўніка – Войтэх і Радзім (Гаўдэнцый) – сталі значнымі царкоўнымі дзеячамі. Войтэх стаў другім пражскім епіскапам. “Увайшоўшы ў горад Прагу босымі нагамі і з пакорлівым сэрцам, ён пры радасных спевах духавенства і ўсяго народа ўзыйшоў на епіскапскую кафедру. Па савету найслаўнейшага пастыра Адальберта і пры дапамозе прыгадваемай любімай сястры сваёй абатысы Марыі князь Баляслаў з бескарыснай любоўю да іх абодвух перадаў і падцвердзіў уладай царкоўных законаў усё, чым валодаў дагэтуль пражскі епіскап і ўсё, што абатыса жадала атрымаць у якасці дара на карысць свайго манастыра”.[8] Але пасля пачатка епіскапства Войтэха напружанасць у адносінах між Прагай і Лібіцэ працягвала расці.

28 верасня 995г. войска Баляслава ІІ захапіла Лібіцэ і поўнасцю яго знішчыла. Князь Слаўнік, чатыры яго сыны, якія знаходзіліся ў царкве, другія яго родзічы былі забіты. Былі разрабаваны і іншыя гарады Злічанскай зямлі. Баляслаў ІІ і Пржэмыслаўцы аб’ядналі краіну і атрымалі поўную ўладу над усёй Чэхіяй.

Епіскапа Войтэха ў час гэтых крывавых падзей не было ў Чэхіі, бо ён знаходзіўся ў Рыме. Войтэх быў вымушаны пакінуць родную Чэхію і стаць місіянерам у розныя краіны. “Часта прыгадваемы намі князь Баляслаў, які бачыў, што Пражская царква засталася без свайга пастыра, направіў паслоў да імператара Атона ІІІ з просьбай, каб той даў Пражскай царкве добрага пастыра; ён прасіў зрабіць гэта, каб паства, якую нядаўна абрацілі ў хрысціянства, не вярнулася да былых няправільных і няправедных звычаяў.” [9] Новым епіскапам Пражскім стаў немец Тэгдах. “Духавенства Пражскай царквы і народ прынялі яго з гонарам, і з радасцю ўзвялі на епіскапскую кафедру, што збоку ў алтара Св.Віта. Князь вельмі добразычліва ставіўся да гэтага, таму што добры пастыр падабаўся пастве і яна прыняла яго з радасцю”[10], –прыгадвае Казьма. Усё астатняе сваё жыццё Войтэх прысвяціў распаўсюджванню хрысціянскай веры сярод паганскіх народаў. Св.Войтэх займаўся місіянерскай дзейнасцю ў Венгрыі, потым – у Польшчы. Напрыканцы жыцця Войтэх распачаў місіянерскую дзейнасць у Прусіі, дзе ў 997г. прыняў пакутную смерць ад рук паганцаў прусаў. Св.Войтэх (Св.Адальберт) стаў разам са Св.Вацлавам адным з самых папулярных чэшскіх святых.

Сваёй дзейнасцю ў царкоўнай сферы адзначыўся і брат Св.Адальберта Гаўдэнцый (Радзім), які ў 1000г. стаў першым архіепіскапам Гнезненскім.

Пасля смерці Баляслава ІІ у 999г. новым князем Чэхіі стаў Баляслаў ІІІ Рыжы, нядоўгі час уладарання якога характарызуецца ўсё большым паглыбленнем крызіса. Няўдалыя войны, у якіх Чэхія атрымлівала паразу за паразай, садзейнічалі і пагаршэнню ўнутранай сітуацыі. Чэшскія феадалы пачалі ўсё часцей выступаць супраць свайго князя. Нарастаў і сацыяльны крызіс. Хрысціянская вера існавала ў Чэхіі ўжо больш за 120 гадоў. Нягледзечы на гэта, паганская вера не толькі не адыйшла ў забыццё, але і магла яшчэ стаць аб’яднальнай ідэяй для часткі грамадства. Цэнтрам распаўсюджвання хрысціянства былі гарады, дзе будаваліся царквы, знаходзіліся рэзідэнцыі іерархаў, а значыць, пашыралася асвета. У сельскай мясцовасці, дзе гэтага звычайна не было, працэс распаўсюджвання новай рэлігіі быў значна замаруджаны, паганскія карані былі тут больш моцнымі. Але пры гэтым, змагаючыся за свае палітычныя інтарэсы, ідэі паганства скарыстала і частка знаці. У Чэхіі павялічваецца колькасць выступленняў супраць цэнтральнай улады і супраць хрыяціянскай царквы, якая стала яе надзейнай апорай.

Дзеянні княжацкай улады па выратаванню становішча ў краіне аказаліся неэфектыўнымі. У Чэхіі пачалося моцнае паўстанне на чале з родам Вршорвічаў, і князь Баляслаў ІІІ у 1003 годзе быў вымушаны збегчы ў Германію. У чэшскай зямлі пачаўся перыяд смутку, які цягнуўся некалькі дзесяцігоддзяў. Масавыя антырэлігійныя выступленні, забойствы святароў і рабаванне храмаў, паказалі, што паганства яшчэ можа быць вельмі небяспечным для хрысціянсеай веры. Казьма Пражскі ў сваёй “Хроніцы” прыводзіць розныя прыклады жудасных спраў, якія рабіліся тагды ў Чэхіі, напрыклад, смерць ад рук рабаўнікоў манахаў Бенедыкта, Матфея, Іаана, Ісаака, Крысціяна і Барнабама. Казьма піша, што калі “народ, які прыняў…хрысціянства, вернецца да старых бязбожных абрадаў, загіне”. [11]

Нягледзячы на цяжкі час смутку, усобіц, польскага ўварвання, выступленняў супраць царквы, хрысціянства ў Чэхіі вытрымала гэты ўдар. Паганства аджывала сваё, і гэта была апошняя моцная спроба яго ўзвышэння. Тэндэнцыі да замацавання хрысціянства, наадварот, былі ўжо няспыннымі: хрысціянства стала новай верай Еўропы.

Пражскае епіскапства працягвала існаваць. Пасля смерці Тэгдаха епіскапамі Прагі былі Экард, Ізо і інш.

Крызіс пач. ХІ ст. быў цяжкай з’явай у гісторыі краіны, але ён не прывёў да знікнення чэшскай дзяржаўнасці і чэшскай царквы. Чэхія пачала сваё адраджэнне пасля пачатка княжання Бржэціслава І у 1035г. Пачаўся новы перыяд уздыму Чэшскай царквы і панавання ідэй хрысціянства.


Станаўленне хрысціянства ў Чэхіі прайшло даволі складаны і доўгі час, які пачаўся ў ІХ ст. Калыскай хрысціянскіх ідэй тут стала Вялікая Маравія, першая дзяржава на тэрыторыі сучаснай Чэхіі. Але Вялікамараўскай дзяржаўнасці не суджана было праіснаваць доўга, яе пераемніцай стала Багемская дзяржава. Пражскія князі, што сталі фарміравальнікамі новай дзяржавы, прынялі ад Маравіі і хрысціянскую веру. Першая ў гісторыі царква з славянскім набажэнствам і славянскай мовай, што ўзнікла ў Вялікай Маравіі, так і не здолела замацавацца ў адзінай Чэшскай дзяржаве, не вытрымаўшы нямецкага ўплыву. Уздзеянне нямецкай культуры на Чэхію мела вельмі вялікі сэнс. Менавіта з германскіх земляў да заходніх славян прыйшла хрысціянская вера. І наогул, нямецкі ўплыў будзе крайне значным,

а ў некаторыя моманты і вызначальным, на працягу ўсёй гісторыі заходнеславянскіх краін.

Хрысціянства ў Чэхіі не было прынята ўсімі коламі грамадства адразу, перабудова светапогляду людзей не магла не заняць доўгі час. Аднак хрысціянізацыя чэшскіх зямель, як і наогул Еўропы, стала няспынным працэсам, які нёс новае светаўспрыманне і новую культуру. Прыняцце хрысціянства ў Чэхіі ў гэтым кантэксце выглядае як поўнасцю заканамерная і своечасовая з’ява, якая пакінула след і ў гісторыі іншых краін. Хрысціянізацыя Чэхіі аказала значны ўплыў на распаўсюджванне новай веры і ў іншых заходнеславянскіх краінах, напрыклад, у Польшчы. Хрысціянства несла з сабою асвету, зрабіўшы Чэхію адным з цэнтраў яе распаўсюджвання.

Культурная спадчына хрысціянскай Чэхіі стала сусветнай каштоўнасцю. Славянская літаратурная мова і славянская пісьмовасць, створаныя ў Маравіі, хоць і не замацаваліся ў Чэхіі, сталі значнай часткай многіх культур. Культ святых Кірыла і Мяфодзія, святых пакутнікаў Вацлава і Войтэха выйшаў далёка за межы ўласна Чэхіі, ператварыўшы іх у вядомых асоб еўрапейскай гісторыі.

Хрысціянства Чэхіі стала натуральнай часткай еўрапейскай хрысціянскай культуры і гісторыі.


  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка