Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на правах рукапісу




старонка1/4
Дата канвертавання27.03.2016
Памер476.39 Kb.
  1   2   3   4

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ



На правах рукапісу

УДК 94 (437) (= 161.3) “1921/1938”



Буча Андрэй Іванавіч


Беларуская дыяспара ў Чэхаславакіі (1921–1938 гг.)

Аўтарэферат

дысертацыі на суісканне вучонай ступені


кандыдата гістарычных навук

па спецыяльнасці 07.00.03 – усеагульная гісторыя





Мінск, 2012

Праца выканана ў Беларускім дзяржаўным універсітэце


Навуковы кіраўнік: Салькоў Анатоль Пятровіч,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт,
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, загадчык кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славян
Афіцыйныя апаненты: Шадурскі Віктар Генадзьевіч,
доктар гістарычных навук, прафесар,
дэкан факультэта міжнародных адносін
Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Вашкевіч Іна Валер’еўна,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гуманітарных дысцыплін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі
Апаніруючая арганізацыя: Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка»
Абарона адбудзецца 25 кастрычніка 2012 г. у 14.00 на пасяджэнні савета па абароне дысертацый Д 02.01.05 пры Беларускім дзяржаўным універсітэце па адрасе:

220030, г. Мінск, вул. Ленінградская, 8, ауд. 407.

Тэл. вучонага сакратара (8-017) 227-45-11.

E-mail: menkovski@bsu.by


З дысертацыяй можна азнаёміцца ў бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Аўтарэферат разасланы «24» верасня 2012 г.
Вучоны сакратар

савета па абароне дысертацый

доктар гістарычных навук, прафесар В.І. Менькоўскі

Уводзіны
Для глабалізаванага свету характэрна імклівае развіццё міграцыйных працэсаў. Як следства, у жыцці сучасных грамадстваў значна павялічваецца сацыяльна-палітычная, эканамічная і культурная роля этнічных груп і этнанацыянальных дыяспар. Гэта абумоўлівае рост акадэмічнага інтарэсу да праблем, звязаных з функцыянаваннем дыяспаральных супольнасцей.

Дыскурс дыяспары асабліва актуальны для Рэспублікі Беларусь, за межамі якой у пачатку 1990-х гг. пражывала каля 3–3,5 млн. беларусаў1. Падчас самастойнага існавання беларускай дзяржавы выявілася тэндэнцыя да скарачэння беларускай дыяспары, сярод якой атрымалі распаўсюджванне асіміляцыйныя працэсы. Паводле нашых падлікаў, у Расіі, Казахстане, Польшчы, Латвіі, Літве, Эстоніі і на Украіне на сённяшні дзень пражывае каля 1,1 млн. беларусаў, што прыкладна на 49 % менш у параўнані з дадзенымі 20-гадовай даўнасці.

У адпаведнасці з Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, аслабленне нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларускай дыяспары з’яўляецца знешняй крыніцай пагрозы нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь у сацыяльнай сферы2. У сувязі з гэтым, вывучэнне дзейнасці беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі (1921–1938 гг.) дапаможа наблізіцца да глыбейшага разумення праблемы захавання нацыянальнай ідэнтычнасці, якая надзвычай актуальная для сучаснага беларускага замежжа.

Беларуская дыяспара валодае велізарным эканамічным, палітычным, культурным і навуковым патэнцыялам, эфектыўнае выкарыстанне якога на карысць метраполіі можна лічыць адной з умоў далейшага паступальнага развіцця беларускай дзяржавы. Несумненна, што пры рэалізацыі доўгатэрміновай стратэгіі садзейнічання развіццю беларускай дыяспары дзяржаўным органам Рэспублікі Беларусь мэтазгодна ўлічваць гістарычны вопыт узаемаадносін з беларускай дыяспарай, а таксама традыцыі пражывання суайчыннікаў у замежжы. Акрамя таго гісторыя беларуска-чэхаславацкіх кантактаў у 1920-я – 1930-я гг. можа стаць дадатковым фактарам аптымізацыі двухбаковых беларуска-чэшскіх адносін на сучасным этапе.

На працягу 1921–1938 гг., ва ўмовах правядзення чэхаславацкім урадам «Рускай акцыі» (праграма па падтрымцы эмігрантаў з былой Расійскай імперыі), Чэхаславакія з’яўлялася інтэлектуальным, акадэмічным, навукова-даследчым цэнтрам беларускага замежжа. Менавіта ў гэтай краіне найбольш яскрава выявілася тэндэнцыя да згуртавання прадстаўнікоў дыяспары вакол ідэі беларускай дзяржаўнасці. Арганізацыі, створаныя дыяспарай, спрыялі захаванню нацыянальнай ідэнтычнасці, садзейнічалі сацыяльна-эканамічнай і прававой адаптацыі эмігрантаў.

Дысертацыя з’яўляецца першым у айчыннай гістарыяграфіі даследаваннем, прысвечаным дадзенай праблеме. Яна запаўняе істотны прабел у айчыннай і замежнай гістарычнай навуцы, звязаны з гісторыяй беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі ў міжваенны перыяд.

Ніжняя дата дысертацыі звязана з пачаткам правядзення «Рускай акцыі», якая дала імпульс фарміраванню структур беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі. У перыяд Другой Чэха-Славацкай рэспублікі (кастрычнік 1938 – сакавік 1939 г.) і нямецкай акупацыі чэшскіх зямель усходнеславянскія дыяспары працягвалі функцыянаваць, але восенню 1938 г. дзяржаўная эміграцыйная палітыка значна трансфармавалася, адбыўся поўны адыход ад канцэптуальных асноў «Рускай акцыі».

Агульная характарыстыка Працы

Сувязь працы з буйнымі навуковымі праграмамі і тэмамі


Праблематыка дысертацыі звязана з навуковай дзейнасцю кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славян гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Тэма распрацоўвалася ў кантэксце праблемнага поля планавых навукова-даследчых работ кафедры: «Национально-территориальные и социокультурные проблемы в истории славянских стран XIX–XX вв.» на 2003–2005 гг. (№ 2003968), «Национальная идея и национальное государство как составляющая социального прогресса в истории славянских народов (конец XVIII – начало XXI в.)» (№ 20061328), уключаных у ДКПНД «История и культура», а таксама «Международные отношения в Юго-Восточной Европе и на Балканах в XX – начале XXI в.» на 2011–2015 гг. (№ 20112605), уключанай у ДКПНД «История, культура, общество, государство».

Мэта і задачы даследавання


Мэта працы заключаецца ў тым, каб высветліць прычыны, умовы, вынікі фарміравання і дзейнасці беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі ў 1921–1938 гг. У адпаведнасці са сфармуляванай мэтай былі пастаўлены наступныя задачы:

– прааналізаваць чэхаславацкую ўрадавую праграму «Руская акцыя», яе характар, змест, накірункі трансфармацыі і прычыны ліквідацыі;

– прасачыць за працэсам фарміравання беларускай дыяспары і вызначыць ролю яе інстытутаў у адаптацыі беларускіх эмігрантаў;

– раскрыць значэнне ВНУ ЧСР для беларускай моладзі і ахарактарызаваць беларускую студэнцкую супольнасць у Чэхаславакіі;

– ахарактарызаваць дзейнасць беларускіх навукова-даследчых устаноў у Чэхаславакіі і раскрыць змест дыяспарнай актыўнасці ў накірунку папулярызацыі нацыянальнай культуры сярод замежнікаў;

– ацаніць супраціўляльнасць беларускай дыяспары асіміляцыйным тэндэнцыям і акрэсліць яе стратэгію па захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці;

– прасачыць за эвалюцыяй узаемаадносін паміж ідэалагічнымі групоўкамі дыяспары і выявіць ступень уплыву беларускага нацыянальнага руху і савецкай ідэалогіі на грамадска-палітычнае жыццё беларускай супольнасці ў ЧСР.

Аб’ектам даследавання выступае эміграцыйная палітыка Чэхаславакіі ў 1921–1938 гг., накіраваная на падтрымку ўраджэнцаў былой Расійскай імперыі. Прадмет даследавання ахоплівае грамадска-палітычную, культурна-асветніцкую і навукова-адукацыйную дзейнасць беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі ва ўмовах рэалізацыі ўрадавай праграмы «Руская акцыя» у 1921–1938 гг.

Палажэнні, якія выносяцца на абарону

1. Фарміраванне беларускай дыяспары ў Чэхаславакі стала магчымым дзякуючы правядзенню чэхаславацкім урадам (з лета 1921 г.) праграмы па падтрымцы эміграцыі з былой Расійскай імперыі («Руская акцыя»). Асноўнай складаючай гэтай праграмы была падрыхтоўка ў ВНУ Чэхаславакіі эмігранцкай моладзі, якая ў будучым, па меркаванні прэзідэнта ЧСР Т.Г. Масарыка, павінна была адыграць ключавую ролю ў адраджэнні дэмакратычнай, федэратыўнай і прыхільнай да Чэхаславакіі Расіі. Беларускія арганізацыі (Таварыства беларускай школы ў Вільні, урад Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і беларускі аддзел Міністэрства адукацыі Латвіі пры агульнай каардынацыі Беларускай грамады і прадстаўніцтва БНР у ЧСР) скарысталі «Рускую акцыю» для вырашэння іншай задачы, а менавіта для падрыхтоўкі кадраў беларускай інтэлігенцыі, неабходных для аказання супраціўлення асіміляцыйнай палітыцы польскіх улад у Заходняй Беларусі і арганізацыі беларускай меншасці ў Латвіі.

2. У 1920-я – 1930-я гг. у ВНУ ЧСР навучалася прыкладна 700 этнічных беларусаў (10 % ад агульнай колькасці стыпендыятаў чэхаславацкага ўрада). Каля 200 беларусаў карысталіся стыпендыямі, якія былі прызначаны беларускім нацыянальным арганізацыям у Заходняй Беларусі, Літве і Латвіі. ВНУ ЧСР сталі адной з асноўных пляцовак для атрымання вышэйшай адукацыі выпускнікамі заходнебеларускіх гімназій. Трэба ўлічваць, што маштабы выдзялення стыпендый беларусам знаходзіліся ў прамой залежнасці ад стану чэхаславацка-польскіх адносін. Неўрэгуляванасць «цешынскага пытання» ў першай палове 1920-х гг. з'яўлялася спрыяльным фактарам для беларускіх студэнтаў. Нармалізацыя чэхаславацка-польскіх адносін у красавіку 1925 г. прывяла да значнага скарачэння колькасці стыпендый для беларускай моладзі.

3. У 1927 г. канцэпцыя «Рускай акцыі» была перагледжана ў бок пераўтварэння Прагі ў еўрапейскі цэнтр славістычных даследаванняў (у такім выглядзе праграма праіснавала да 1938 г.). Адной з частак новага фармату «Рускай акцыі» стала заснаванне першых ва ўмовах эміграцыі беларускіх навукова-даследчых устаноў – Беларускага навуковага кабінета і Беларускага загранічнага архіва. Дзейнасць азначаных устаноў заклала традыцыі эміграцыйнага беларусазнаўства і архівістыкі. Спрыяльныя ўмовы, створаныя краінай-рэцыпіентам, садзейнічалі рэалізацыі інтэлектуальнага патэнцыялу беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі.

4. Дзякуючы дзейнасці культурна-асветніцкіх аб'яднанняў, адкрыццю бібліятэк, выданню беларускамоўнай прадукцыі (выходзіла 7 часопісаў), падтрыманню кантактаў з беларускімі арганізацыямі ў Заходняй Беларусі, Літве, Латвіі і БССР, беларуская дыяспара ў ЧСР справілася з задачай захавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Больш таго, у першай палове 1920-х гг. рабіліся спробы беларусізацыі этнічных беларусаў, ангажаваных у дзейнасць расійскай эмігранцкай групы. Аднак своечасовыя контрмеры (стварэнне Таварыства студэнтаў маларосаў і беларусаў «Адзінства рускай культуры», выкарыстанне фінансавых рычагоў ціску), прынятыя кіраўніцтвам расійскай дыяспары, не дазволілі распаўсюдзіцца дадзенаму працэсу.

5. У міжваеннай Чэхаславакіі дзейнічала 14 беларускіх і 5 беларуска-ўкраінскіх аб’яднанняў рознай ідэйна-палітычнай накіраванасці. У першай палове 1920-х гг. унутрыпалітычнае жыццё беларускай супольнасці вызначала барацьба паміж левай і правай групамі дыяспары. Асноўныя спрэчкі паміж апанентамі тычыліся выбару шляхоў дасягнення суверэнітэту Беларусі і прынцыпаў пабудовы БНР. У сярэдзіне 1920-х гг. абазначыўся ідэалагічны падзел дыяспары па прычыне рознагалоссяў у выбары формы беларускай дзяржаўнасці (БССР ці БНР). Папулярызацыі прасавецкага руху сярод чэхаславацкіх беларусаў спрыялі поспехі нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў БССР, дзейнасць Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (КП(б)Б) і прадстаўніцтва СССР у ЧСР з беларускай дыяспарай, крызіс палітычных структур БНР. Пасля Берлінскай канферэнцыі 1925 г., на якой была спынена дзейнасць урада БНР, пад пагрозай страты ўплыву ў асяроддзі беспартыйных беларусаў нацыянальна-дэмакратычная група дыяспары кансалідавалася вакол Беларускай рады ў Празе.

6. У другой палове 1920-х гг. нацыянальна-дэмакратычны і прасавецкі лагеры дыяспары мелі прыкладна аднолькавую колькасць прыхільнікаў. Нарастанне аўтарытарных тэндэнцый у кіраўніцтве і палітычныя рэпрэсіі супраць інтэлігенцыі ў БССР у канцы 1920-х гг. прывялі да кампраметацыі зменавехаўскага руху сярод беларускай дыяспары, а прасавецкія студэнцкія аб’яднанні, у сувязі з рээміграцыяй сяброў, спынілі сваю дзейнасць. У першай палове 1930-х гг. сярод нацыянальна-дэмакратычных арганізацый найбольшую актыўнасць выявіла Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый (АБСА), якое засяродзілася на ўдзеле ў міжнародным студэнцкім руху. У другой палове 1930-х гг. у сувязі са змяншэннем колькасці беларусаў у ЧСР і з-за адсутнасці падтрымкі з чэхаславацкага боку (у межах «Рускай акцыі» працягвалася субсідзіраванне толькі некаторых расійскіх і ўкраінскіх ўстаноў), дзейнасць беларускіх арганізацый у Чэхаславакіі фактычна спынілася.

Асабісты ўклад суіскальніка

Дысертацыя з’яўляецца вынікам самастойнай даследчай працы суіскальніка. Даследаванне пабудавана на матэрыялах з архіваў Чэхіі, Беларусі, Расіі, большая частка якіх упершыню ўводзіцца ў навуковы абарот, а таксама на апублікаваных крыніцах. Вынікі дысертацыі, якія выносяцца на абарону, абгрунтаваны аўтарам, дзякуючы правядзенню тэарэтычнага аналізу сучаснага стану праблемы даследавання і крытычнага падыходу да вывучэння крыніц.



Апрабацыя вынікаў дысертацыі

Вынікі дысертацыйнага даследавання былі прадстаўлены аўтарам на шэрагу навуковых канферэнцыях: Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Беларусь: этапы станаўлення дзяржаўнасці (да 90-годдзя з дня ўтварэння БССР)» (Мінск, Інстытут гісторыі АН РБ, 18 снежня 2008 г.); ІІ міжнароднай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі «Европа: актуальные проблемы этнокультуры» (Мінск, БДПУ, 25 красавіка 2008 г.); Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Романовские чтения – 5» (Магілёў, МДУ, 27–28 лістапада 2008 г.); Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі «Геополитические трансформации в Восточной Европе между двумя мировыми войнами (к 90-летию Рижского мирного договора)» (Брэст, БрДУ, 17–18 сакавіка 2011 г.); Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Славія. Славянскія моўныя і культурныя ідэнтычнасці» (Браціслава, універсітэт Я.А. Коменскага, 14–15 красавіка 2011 г.); Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Рыжскі дагавор 1921 г. у кантэксце ваеннай і палітычнай гісторыі Цэнтральна-Усходняй Еўропы» (Беласток, Беларускае гістарычнае таварыства ў Беластоку, 28–29 красавіка 2011 г.); Рэспубліканскай канферэнцыі маладых навукоўцаў «Актуальные проблемы отечественной и мировой истории» (Мінск, БДУ, 27–28 верасня 2011 г.); ІІ навукова-практычнай канферэнцыі маладых навукоўцаў факультэта міжнародных адносін БДУ (Мінск, БДУ, 2 лютага 2012 г.).

Дысертацыя была рэкамендавана да абароны на пасяджэнні кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славян гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (пратакол № 15 ад 15 чэрвеня 2012 г.).

  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка