Беларуская мова




старонка8/13
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.2 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   13

(Балто-славянские исследования 1980. – M.: Наука, 1981. – С. 203--214).

ЗАХОДНЯЕ І ЎСХОДНЯЕ ПАМЕЖЖА БЕЛАРУСІ – АГУЛЬНАЕ І СПЕЦЫФІЧНАЕ. УСТУПНЫЯ ЗАЎВАГІ
Праблематыкай моўнага памежжа я цікаўлюся даўно (параўн. адпаведныя артыкулы ў кнізе: Smułkowa 2002). Спачатку гэта былі даследаванні ўсходнеславянскіх гаворак на тэрыторыі Польшчы, потым беларускіх і польскіх у Літве і Беларусі (перадусім Браслаўшчына, Гарадоцкі раён на Віцебшчыне, Столінскі і Лунінецкі на Палессі). На аснове гэтага вопыту ўзнікла канцэпцыя міждысцыплінарнага даследавання моўнага пагранічча (прадстаўлена ў артыкуле: Smułkowa 2003). Канцэпцыя рэалізуецца з 2001 года ў рамках Міжнароднай Гуманітарнай Школы (МSH) пры Цэнтры Даследавання Антычнай Культуры ў Польшчы і Цэнтральна-Ўсходняй Еўропе Варшаўскага універсітэта (OBTA UW) у якасці пяцігадовай праграмы дыдактычна-даследчага характару «Памежжы Беларусі: гісторыя, культура, мова». З сатысфакцыяй сцвярджаю, што ўдалося прыцягнуць да гэтай праграмы на сталае супрацоўніцтва выдатных навукоўцаў, практыкаў палявых даследаванняў з самой Беларусі (кандыдаты навук Ірына Будзько і Вольга Лабачэўская, доктар навук Аляксандр Смалянчук) і Польшчы (доктар Анна Энгелькінг, прафесар Эльжбета Смулкова). Рэгулярна ў якасці выкладчыкаў з намі працуюць таксама навукоўцы з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Літвы і Украіны. Прыемна, што ўдалося выклікаць зацікаўленне тэмай у здольнай навуковай моладзі з розных краін. Высновы з супольнай пяцігадовай працы мы зрабілі ўвосень 2006 г. разам са сталымі ўдзельнікамі школы. Тут хачу прадставіць некалькі ўступных заўваг аб памежжах Беларусі, якія насоўваюцца ў выніку рэалізацыі гэтай праграмы.

Зыходзім з палажэння, што ў тэрытарыяльным і псіхалагічным сэнсе памежжа – гэта асаблівая даследчая прастора, якая патрабуе комплекснага вывучэння. Таму сутнасць нашага падыходу да праблемы ў фактычнай гуманітарнай шматдысцыплінарнасці даследавання. Сумесна працуюць гісторыкі, этнолагі, сацыёлагі, этнакультуролагі і моваведы. Падчас экспедыцый рэгулярна абменьваемся думкамі, сігналізуем пра найбольш цікавыя з пункту погляду асобных дысцыплін праблемы і метадалагічныя заўвагі. Узаемна ўзбагачаем свае веды і методыку даследавання. Абмяжоўваемся на гэтым этапе вывучэннем вясковага насельніцтва. Стараемся паказаць памежжа яго вачыма. Імкнемся зразумець, чым для гэтых людзей з’яўляецца месца, у якім яны жывуць, у вузкім лакальным (вёска) і больш шырокім (раён, краіна) сэнсе. Як сябе ідэнтыфікуюць? Хто для іх «свой», а хто «чужы» або толькі «іншы»? Якія духоўныя вартасці маюць для іх значэнне? Якія іх адносіны да традыцый і сучаснасці? Якія тэмы з перажытага вылучаюцца на першы план у іх нарацыі? Якой мовай карыстаюцца ў працэсе камунікацыі? Якія адносіны жыхароў да сваёй роднай мовы і да іншых моў, калі маем дачыненні з бі- ці полілінгізмам або яго дыгласійнай формай? A, можа, доўгія гістарычныя сувязі і моўная інтэрферэнцыя давяла ўжо да ўзнікнення адной змешанай мовы, якой карыстаюцца жыхары памежжа?

Заходняе памежжа рэпрэзентуюць матэрыялы з паўночна-ўсходняй Польшчы i з Беларусі (з Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці, з Браслаўскага раёна Віцебшчыны). Усходняе – на поўначы: Гарадоцкі раён Віцебскай вобласці, некалькі раёнаў Магілёўскай вобласці, на поўдні Мазырскі, Калінкавіцкі, Нараўлянскі раёны Гомельскай вобласці.

З запісаных размоў і індывідуальных наратыўных тэкстаў вырысоўваецца цікавы вобраз, які выклікае патрэбу верыфікацыі або, прынамсі, каментарыяў да некаторых шырока распаўсюджаных у навуковай літаратуры фармулёвак адносна характарыстыкі памежжа як «месца сутыкнення розных народаў ці этнічных груп, іх культур і моў». Гэтыя праблемы былі прадметам майго выступлення на беларуска-польскай канферэнцыі ў БДУ у 2005 г., якая адбылася адразу пасля заканчэння IV кангрэса МАБ (Смулкова 2005).

Абмежаваныя магчымасці гэтай публікацыі дазваляюць спыніцца ў гэтым артыкуле толькі на некаторых характэрных адрозненнях паміж усходнім і заходнім памежжамі Беларусі ці, лепш сказаць, паміж успрыманнем свету жыхарамі ўсходняга і заходняга памежжаў і сродкамі яго выражэння (моўная дыферэнцыяцыя). Пастараемся тут паказаць у найбольш агульных абрысах тое, што супольнае для гэтых памежжаў. Спынімся на трох аспектах: гістарычным, этна-культурным і мовазнаўчым.

1. У аспекце гістарычнай памяці ў нашых суразмоўцаў на першы план высоўваецца розніца ва ўспрыманні Другой сусветнай вайны. На ўсходзе Беларусі ведаюць, што вайна пачалася ў 1941 годзе нямецкай атакай на Савецкі Саюз. Многія нават не чулі аб пакце Молотава-Рыбентропа і агрэсіі Чырвонай Арміі на Польшчу 17 верасня 1939 года, у сітуацыі, калі польскія войскі ўжо больш за два тыдні змагаліся з пераважаючымі нямецкімі сіламі. Атака Савецкага Саюза давяла да поўнай капітуляцыі Польшчы і падзелу дзяржавы на дзве акупацыйныя часткі: нямецкую і савецкую. Некаторыя жыхары ўсходняга памежжа памятаюць, што калісьці фактычна ішла гаворка пра тое, што Савецкі Саюз вызваліў Заходняю Беларусь. Гэтае вызваленне, аднак, ніяк не асацыіруецца з ваеннымі падзеямі.

Інакш на заходнім памежжы. Усе старэйшыя людзі памятаюць верасень 1939 года як пачатак Другой сусветнай вайны з усімі яе трагічнымі наступствамі: арыштамі, расстрэламі, высылкамі ў Сібір, калектывізацыяй. Толькі пасля гэтага згадваецца нямецкая акупацыя: спаленыя вёскі, вывазы ў Нямеччыну на работу, вынішчэнне жыдоў. Перажыты час дзеліцца ў нашых суразмоўцаў на перыяды: пры Польшчы, за Саветамі, за Немцамі або пры Немцах, як Немец прышоў, потым за другімі Саветамі, і, нарэшце, пасля вайны.

Найбольш агульнага на абодвух памежжах у аповедах пра нямецкую акупацыю.

Вялікая розніца ў перадачы пасляваенных падзей. На захадзе Беларусі на першы план высоўваюцца праблемы міграцыі насельніцтва. Выезды ў Польшчу. Засяленне зямель Заходняй Беларусі людзьмі з адлеглых абласцей Савецкага Саюза. Матывацыя розных прычын (дабраахвотных і прымусовых), з-за якіх мясцовыя людзі з польскай нацыянальнай свядомасцю засталіся жыць у Беларусі.

На ўсходнім памежжы пераважаюць размовы аб вельмі цяжкім пасляваенным жыцці вёскі. Усяго хваціла, пухлі некаторыя, бегалі мёрзлую картошку сабіралі, гнілушкі, траву елі, хто што меў, шчаўлюк дралі, ўсё што можна, жорны такіе дзелалі (Архіў: Слабада, Горацкі раён. Запіс С. Чувак 2004). Распавядаюць аб цяжкай працы пры аднаўленні калгасаў: на сабе, або каровамі калгасную зямлю аралі: Ты знаеш, як сабою пахалі? не знаеш? Восем баб, ну баба, ты, какая разніца. Вот палка, во тутака вяроўка, разбіраецеся?, во цягнем, а дзевяты за плугам, а дзесяты і там адзінаццаты сажаюць картошку (Архіў: Малыя Аўцюкі, мужчына 1928 г.н., запіс І. Алунінай і О. Лінкевіч 2003); уручную бульбу садзілі і капалі, уручную жалі палоскамі працавалі за палачкі, бо калгасу нечым было выплачвацца. Але ўсе падкрэсліваюць, што з цягам часу калгасы разжыліся. Кабеты распавядаюць пра свае дасягненні на калгасных фермах пры гадоўлі цялят, пра літры надойванага імі малака, пра добрых і кепскіх прадсядацеляў, пра калгас як бясспрэчны асяродак грамадскага жыцця, якому лёс вяскоўца ў добрым і дрэнным поўнасцю быў падпарадкаваны. Старыя людзі, памяць якіх захоўвае негатыўны вобраз першапачатковай калектывізацыі і голаду, сённяшні распад калгасаў і абыякавыя адносіны ўлады да селяніна ўспрымаюць як асабістую крыўду, як змарнаваную працу іхняга жыцця. Напрыклад, у вёсцы Еськаўка Магілёўскай вобласці, у якой было 120 двароў, магазін, 7-класная школа (працавала і ў час нямецкай акупацыі, на беларускай мове) і вялікая жывёлагадоўчая ферма, цяпер у некалькіх хатах дажываюць свой век старыя людзі, у вёсцы ўсяго тры каровы, хлеб і асноўныя прадукты прывозіць пярэвазны магазін адзін раз у тыдзень, які зімою не заўсёды можа даехаць.

Якое поля тута! Усё ўручную абрабатывалі. Сажнём адну паласу, другая ўжо адмерываецца брыгадзірам. І так ужэ ўсё лета, i ў жару, i ў непагоду. А сена збіралі, за пяць кілометраў ездзілі, на калясачках ездзілі і серпочкам каля кустоў выжыналі. У калхозі сена нам ніхто не даваў. Во січас мы слухайім па радыё, пенсіянераў абслужываюць, то сена даюць, то тое, то тое, a нам ніхто, нігдзе... у нас ужо у дзярэўні асталосё 3 каровы... адны хаты пустые, павымералі ўсе. Наша дзярэўня дужэ людная была... (Архіў: Запіс Э. Смулковай 2004).

Праблема вымірання вёсак агульная ў нашыя часы, з пэўным выключэннем Палесся, дзе, працуючы на Століншчыне і на Мазыршчыне, яшчэ можна назіраць вялікія паселішчы з сярэднім і маладым пакаленнем. Не бяру пад увагу трагічныя знішчэнні, звязаныя з чарнобыльскай зонай.

2. У этнакультурным плане даследавання важным кампанентам памежжа з’яўляецца рэлігійнае памежжа: каталіцка-праваслаўнае на захадзе і амаль поўная яго адсутнасць сярод сельскага насельніцтва на паўночным усходзе. На паўднёвым усходзе (Мазыршчына) рэлігійнае памежжа існуе, але мае іншы характар у параўнанні з заходнім.

На заходнім памежжы, уключаючы ў яго і тэрыторыю паўночна-ўсходняй Польшчы, праваслаўе і каталіцызм суіснуюць паралельна, унутры адных і тых жа вёсак, або па суседску: адна вёска каталіцкая, другая праваслаўная. У залежнасці ад тэрыторыі колькасна могуць пераважаць каталікі або праваслаўныя. Гэтае суіснаванне дзвюх версій хрысціянства нікога не здзіўляе. Яно належыць да інгерэнтных рысаў памежжа. Людзі прывыклі да таго, што на галоўных плошчах гарадоў і мястэчак здаўна стаялі побач або насупраць адно аднаму праваслаўная царква і каталіцкі касцёл. Здаралася так, што і ў вялікіх вёсках былі два розныя храмы. У мястэчках заходняга памежжа канфесійны каларыт папаўнялі сінагогі і мячэці, а часам і малельні стараабрадцаў. Можна сказаць, што ў нармальных мірных умовах жыхарам даследаваных вёсак – сярод якіх існуе перакананне, што Бог адзін, толькі вер многа і таму свет такі памешаны – знаёма сацыялагічная катэгорыя «мы – яны», але гэтыя «яны» ні ў якім разе не з’яўляюцца чужымі. У адносінах да людзей звонку, фактычна чужых, жыхароў памежжа аб’ядноўвае агульнае «мы»: «мы мясцовыя, мы тутэйшыя», «мы свае». Канфесійная апазіцыя «мы – яны» ў гэтым выпадку нейтралізуецца. Гэтая нейтралізацыя магчыма таму, што гэтых жыхароў аб’ядноўвае ўсё астатняе, супольная культура жыцця ў аднолькавых макрасацыяльных і палітычных умовах.

Звяртаю увагу на вышэйпрыведзеную фармулёўку «у нармальных мірных умовах». Дадайма, або пры наяўнасці супольнай небяспекі, якой для любой рэлігіі была, напрыклад, савецкая атэізацыя, да часу, калі Гарбачоў адкрыў веру, як кажуць нашы суразмоўцы. Гэтыя сцверджанні прыводзяць нас да вельмі істотнай рысы памежжа – сітуатыўнасці або ўмоўнасці паводзін яго жыхароў. Вышэйсказанае аб мірным суіснаванні абапіраецца на выказванні многіх канкрэтных людзей, з’яўляецца вынікам сацыялінгвістычнага даследавання, але не вычэрпвае ўсёй праблемы суадносін паміж прадстаўнікамі розных канфесій. У сітуацыі ўзнікнення супярэчных інтарэсаў мірны вобраз сужыцця можа парушыцца. Сацыёлагі звяртаюць увагу на факт, «што нават доўгія дзесяцігоддзі блізкага суседскага сужыцця не даюць гарантыі ўзнікнення сапраўднай грамадскай супольнасці» (Kłoskowska 1993, 97). З уласнага вопыту магу даць прыклад 90-х гадоў мінулага стагоддзя з польска-беларускага памежжа на ўсходняй Беласточчыне. Агульнапольскі рух «Салідарнасці», да якога далучыліся святлейшыя, адукаваныя беларусы, падтрыманы каталіцкім касцёлам, напалохаў праваслаўную грамадскасць Беласточчыны i як дэманстрацыйна каталіцкі і як спроба эмансіпацыі ад усходу, ад усяго таго, што з выбару гэтай праваслаўнай грамадскасцю, незалежна ад індывідуальных адрозненняў, лічылася блізкім, сваім, рускім (Mironowicz 1998, 57 – 58). Рускім не ў значэнні канкрэтна расейскім, а рускім ‘праваслаўным’ у апазіцыі да польскага, атаясамліваемага з каталіцкім. Не буду бліжэй разгортваць вядомую наогул у асяроддзі беларусазнаўцаў тэму атаясамлівання каталіцызму з польскасцю, а праваслаўя з нейкай агульнай рускасцю (у коле візантыйскай культуры), а ў канкрэтных умовах з беларускасцю. Гэта асобная праблема, аб якой ужо шмат пісалася, але якая ўсё яшчэ чакае свайго аўтара прымяняльна да яе рэалізацыі на памежжы.

Адзначаная вышэй розніца паміж заходнім і паўднёва-ўсходнім рэлігійным памежжам датычыць не толькі значнай меншасці каталікоў на даследаванай намі Мазыршчыне ў адносінах да праваслаўных i існавання на Палессі розных неапратэстанцкіх суполак (і, гэта значыць, большай канфесійнай мазаічнасці) але і зафіксаваных у выказваннях жыхароў іх адносін да праваслаўя і каталіцызму. Відаць доўгі час савецкай атэізацыі, а, можа, і паводзіны асобных святароў, выклікаюць у патэнцыяльных вернікаў праваслаўя, нашых суразмоўцаў, крытычныя адносіны да бацюшкаў (грошы дзяруць з людзей), а нават часам і да самога інстытута царквы. Людзі не адчуваюць патрэбы ўдзельнічаць у нядзельнай божай службе нават тады, калі царква знаходзіцца ў іх вёсцы. Часта хаваюць памёршых без бацюшкаў. Hяма святых людзей, мо адзін Хрыстос быў святы, і таго на неба забралі. Маліцца трэба небу, а не ў царкве. (Архіў: Шамава, Мсціслаўскі раён, жанчына 1937 г. н., запіс С. Чувак і І. Алунінай 2004). Не каждаму па срэдствам зваць папа. Старым завуць папа, а маладых з музыкай хаваюць. Не ў каждага і музыка. Плачуць, няма такога, каб не плакалі. (Архіў: Малыя Аўцюкі, жанчына 1931 г.н., запіс А. Энгелькінг і С. Чувак 2003).

Сярод каталікоў, за выключэннем тых, якія захоўваюць кантакт з касцёлам у Мазыры або змаглі так арганізавацца, што час ад часу ксёндз прыязджае і служыць у іх святую імшу, пераважае нейкі настальгічны ўспамін рэлігійных практык, у найстарэйшых таксама памяць польскіх тэкстаў пацераў. Часам гэтыя тэксты ўспрымаюцца інфармантамі як беларускія, як, напрыклад, польская калядка (А ўчора з вячора, з небяскего двора, прыйшла нам навіна, Панна родзі Сына...), спяваная ў вёсцы Крушнікі Мазырскага раёна як беларуская.

Складваецца ўражанне, што вера ў Бога ў нашых вясковых суразмоўцаў выражаецца галоўным чынам захаваннем найважнейшых народных, традыцыйных звычаяў, павязаных з рэлігійнымі святамі: пасха, калядныя абрады, успамін памершых і перадусім – патрэбай ахрысціць дзіця.

Цэрквы у нас няма, там у Всеслаўле, так была ў нас у Слаўнай, мы хадзілі, дзяцей хрясцілі ўсё. На пытанне, чаму трэба хрысціць дзяцей, мы атрымалі, напрыклад, такія адказы: Раньше гаварылі, што у вайну ўсе сталі хрясціць. Гаварылі, што еслі немец прідзе, то ўсіх дзяцей перадушыць нехрэшчаных. Баяліся, хрясцілі. Я не знаю так нада, перахрясціць, у Божяю веру ўвесці. (Архіў: Шамава, Мсціслаўскі раён, жанчына 1937 г.н., запіс С. Чувак і І. Алунінай 2004). Хрысцяць, бо закон такі. Так і дзіця спакайней. Калі дзіця пахрысціць, то як шэпчаш, то лечыць, а як не хрышчанае – то не памагае. (Архіў: Юрэвічы, жанчына. Запіс С. Чувак 2003).

Тое, што з сацыялагічнага пункту погляду важнае і заслугоўвае дакладнага апрацавання ў іншым месцы, гэта інфармацыя, што жыхары некалькіх вёсачак, якія маюць супольныя могілкі каля Крушнікаў, у якіх жывуць каталікі і праваслаўныя, дамовіліся і выбралі адзін кампрамісны супольны тэрмін блізка Пасхі, каб разам на могілках успамінаць сваіх блізкіх. Такі сімбіоз вернікаў у форме грамадскай дамоўленасці на заходнім памежжы, а перадусім сярод праваслаўных і каталікоў у Польшчы, не здаецца пакуль магчымым.

Адну з галоўных прычын гэтай розніцы я бачу ў тым, што заходняя дыхатамія (людзі «польскай веры» – «людзі рускай веры») адначасова можа абазначаць розніцу нацыянальнага пачуцця сялян, іх самаідэнтыфікацыі, а прынамсі можа быць той рысай, якая аб’ядноўвае праваслаўных як «сваіх» у адрозненне ад польскай большасці.

На паўночна-ўсходнім памежжы патрэбы такога адрознення няма. Не выкарыстоўваецца наогул у сувязі з гэтым і тэрмін «руская вера». Пытанне «якой вы веры?», часта выклікае здзіўленне і адказ: як якой? Хрысціянскай. І толькі з іншых кантэкстаў даследчык ведае, што людзі праваслаўныя. Факт, што хрысціянамі з’яўляюцца і каталікі да нашых суразмоўцаў не даходзіў. Каталіцызм для іх – гэта нейкае вельмі адлеглае, негатыўнае невядомае. Настолькі чужое, што, напрыклад, у Дрыбіне Магілёўскай вобласці каталікамі назвалі нам нейкую рэлігійную суполку, пра якую суразмоўцы маглі толькі сказаць, што ў іх у доміку малітвы лавочкі, і што чытаюць в кніжачках. На гэтым доміку не было крыжа, а мы не мелі ўжо часу каб даведацца, якая гэта была суполка.


3. Памежжа і мова

Параўноўваючы заходняе і ўсходняе памежжы Беларусі з моўнага пункту гледжання, не будзем спыняцца на супастаўленні моўных рыс, якія адрозніваюць беларускі паўднёва-заходні дыялект ад паўночна-ўсходняга, а пастараемся ўступна зарысаваць пэўныя тыпалагічныя адрозненні ў актуальным стане маўлення, адлюстраваным у запісаных намі наратыўных тэкстах і ў арыгінальных дыялогах. Паспрабуем паказаць рэзультат працэсаў моўнай канвергенцыі і дывергенцыі, якія выступаюць на памежжы ў выніку гістарычных і сучасных моўных кантактаў.

Самай значнай тыпалагічнай розніцай паміж заходнім і ўсходнім памежжамі Беларусі з’яўляецца існаванне ў штодзённай камунікацыі білінгвізму дыгласійнага тыпу на захадзе і адсутнасць яго на ўсходзе. Гэта значыць, што на захадзе ў сваёй хаце і вёсцы, а таксама з жыхарамі суседніх знаёмых вёсак, людзі размаўляюць на роднай гаворцы, пераважна беларускай, украінскай або польскай, а з чужымі людзьмі і ў час паездкі ў горад паслугоўваюцца афіцыйнай мовай краіны, у якой яны жывуць. Гэтае становішча класічнай дыглосіі з цягам часу разбураецца, таму што ў многіх мясцовасцях старэйшыя да дзяцей пачалі гаварыць на афіцыйнай мове: у Польшчы па-польску, у Беларусі, наогул, на мясцовым варыянце рускай мовы. Працэс раскладу дыглосіі, дзеянне якой звужаецца да старэйшага пакалення, паглыбляе пашыраны сыход маладых людзей у гарады, старэнне і выміранне вёсак памежжа (на абодвух баках мяжы). Дзеці, народжаныя і выхоўваныя ўжо ў горадзе, значна радзей маюць магчымасць вывучыць практычна бацькоўскую гаворку, тым больш, што наогул яна не карыстаецца прэстыжам, трактаваная як простая мова: мы па просту гаворым, наша мова кепска, мешана. Адсутнасць прэстыжу мясцовай беларускай гаворкі як з’ява агульная для заходняга памежжа не перашкаджае яе носьбітам салідарызавацца з ёю, лічыць яе найбольш зручнай для ўнутранай камунікацыі. На паўднёва-ўсходняй частцы Беласточчыны, заселенай пераважна праваслаўнымі, выражаецца гэта ў акрэсленні мы па своему гаворым, гэта наша мова (Архіў: Дубічы Царкоўныя, недалёка ад Гайнаўкі).

На заходнім памежжы маем дачыненні з лакальнай варыятыўнасцю моўнай сітуацыі, з рознымі гаворкамі як прымарнымі сістэмамі камунікацыі (беларускія, польскія, украінскія, літоўскія) і рознай ступенню знаёмства з рускай або польскай мовамі і іх выкарыстаннем у залежнасці ад тэрыторыі. Людзі свабодна размяжоўваюць мовы, на якіх гавораць, што не значыць, як само разумеецца, што моўныя сістэмы білінгваў пазбаўлены ўзаемнай інтэрферэнцыі.

На ўсходнім памежжы моўная сітуацыя ў вёсках зусім іншая. Людзі, з якімі мы размаўлялі, гавораць на мясцовым кайнэ пераходна-змешанага беларуска-рускага тыпу, базай якога, несумненна, з’яўляецца беларускі паўночна-ўсходні дыялект са шматлікімі пранікненнямі рускай лексікі, папулярных зваротаў і некаторых граматычных рыс, напрыклад, выпадкі адсутнасці чаргавання заднеязычных з свісцячымі ў скланенні назоўнікаў тыпу бел. рука – руцэ, рус. рука – руке. Інтэнсіўнасць гэтых расейскіх пранікненняў можа змяняцца ў аднаго і таго ж суразмоўцы ў залежнасці ад тэмы размовы: можа мець таксама і дыялектны характар. Чым бліжэй да сучаснасці, працоўнага, грамадскага і палітычнага жыцця, тым больш расейскай лексікі і зваротаў. Калі тэма звязана з даўнейшым жыццём вёскі, народнымі звычаямі, успамінамі з дзяцінства ў старых людзей, тады колькасць русізмаў змяншаецца. Людзям цяжка акрэсліць, на якой мове яны гавораць: на рускай, ці на беларускай. Маюць, аднак, выразнае ўсведамленне змешанасці рускіх і беларускіх элементаў у сваёй мове. Пачуццё змешанасці мовы мае свой адбітак і на самасвядомасці жыхароў памежжа. Тут ўсе свае людзі такея. Я не знаю какой нацыі,ці ана беларуская, ці ана руская . Усе мешаные. Нас ні паняць, какіе мы людзі. Ну такіе вот, відзіце, у нас такі разгавор, ні рускій, ні беларускій. Не прідумаць якія тут людзі. «А вас як называюць: беларусы ці рускія?» Ну мы беларусы счытаемся, да. Мы же в Беларусі жывем, мы беларусы счытаемся, да. Мы жэ жывем тут у Беларусі. [...]. Там за намі, начінаецца ўжо Расія. Там счітаецца ужо расіяне. Оне такея самыя як і мы, токо што завуцца расіяне. А чего жэ? Такея самыя люді як і мы. І так само гаворяць як і мы.[.. ] Там у Смаленшчыне, так само як і мы.

«Вы сказалі, што Ваша мова мешана. Што з чым змяшалася?» – Ой ну як я Вам скажу, што з чым мешалося. Тут не поняць. Наш говар ні рускі, ні беларускі. Чорт его ведаець, як мы гаворым.

«Адкуль узяўся такі разгавор?» – Сам па сабе. Мы ад сваіх радзіцелей, а нашы дзеці ад нас вучацца. Так і пашло. (Архіў: Несцерава, Мсціслаўскі раён, жанчына, 1934. Запіс А. Энгелькінг і О. Канавалавай 2004). Многія нашы суразмоўцы рэагавалі падобна. Прывяду яшчэ адзін прыклад.

«А гдзе тут Расія?» – А недалёка. Туту дзе дарога, потым Рубанаўка. А там пара кілометраў Велікоросія, Смаленшчына, Смаленская обласць. Да рэвалюцыі і мы атнасілісь к Смаленскай обласці. А патом после рэвалюцыі і нас аднеслі к Беларусі. «А правільна аднеслі? Вы кім сябе лічыце?» – Мы беларусы. «А чым вы ад рускіх атлічаецеся?» – Нічем абсалютна Беларусы і рускія гэта адні і це жэ людзі. Абсалютна нічэм. «І мовы нічэм не адрозніваюцца?» – Не, беларускі атлічаецца. «А чым?» – Пішацца ж, пропісь. «А як так атрымоўваецца, што людзі адзінакавыя, а гавораць па разнаму?» – В обласці, у гарадах ваабшчэ все па рускі гаварат, а па радіо і па рускі і па беларускі. «Там у гарадах па-рускі, а тут як гавораць?» – А тут хто як. «А як гэта называецца?» – Ну як? Дзеравенская мова, па дзеравенскі. Я па рускі харашо учылася, сочыненія харашо пісала і па беларуску харашо. [...]

«А гдзе па-беларуску размаўляюць?» – Западная Беларусь. Там размаўляюць. Гродненская обласць. (Архіў: Шамава, Мсціслаўскі раён, жанчына, 1923. Запіс У. Іванова і С. Чувак 2004).

Вышэйсказанае адносна неадрознівання моў не адносіцца да адукаваных людзей, навукоўцаў, настаўнікаў, якім можа быць уласцівы беларуска-рускі білінгвізм наогул, аднак без дыглосіі. Нейкай парадыглосіі можна дашуквацца ў гэтых людзей у тым, што яны выкарыстоўваюць беларускую мову ў прафесійных мэтах, а ва ўсіх іншых сітуацыях карыстаюцца мясцовым варыянтам рускай мовы (Smułkowa 2000).

На паўднёвым усходзе Беларусі сітуацыя ўскладненая. Тэарэтычна маем дачыненні з беларуска-ўкраінскім памежжам, аднак у моўнай сітуацыі – з нядрэнна захаванай беларускай акаючай гаворкай і з ізаляванымі рэліктамі свядомасці польскага паходжання і польскай мовы. Украінскія дыялектныя рысы сустракаюцца даволі рэдка (напрыклад, ацвярдзенне губна-губных перад е, замена *еˇ праз і ў націскной пазіцыі ў некаторых словах (лексікалізацыя?) – і то ў выхадцаў з вёсак, размешчаных на поўдзень ад даследаванай намі тэрыторыі. Уплыў рускай мовы на беларускую гаворку і тут відавочны. Нашы суразмоўцы паслядоўна ідэнтыфікуюць сябе як беларусы і мову сваю называюць беларускай, хаця падкрэсліваюць яе памешаны характар. Ну ў нас жэ язык памешаны Дзе рускае слова, дзе і беларускае. Як нас вучылі так яно і было. [...] «А ўсе так гавораць, ці маладыя ўжо інакш?» – Усе гавораць – і маладыя і старыя – одзінакaвa. «А як вы думаеце, у горадзе ўжэ па-іншаму гавораць?» – У горадзе более по-рускаму, канешно.( )
Заключэнне:

Мы звярнулі ўвагу толькі на некаторыя адрозненні ў этна-культурным і моўным плане, а таксама ў галіне гістарычнай памяці жыхароў даследаваных памежжаў Беларусі, выкарыстоўваючы тэрміны «ўсход» – «захад». Важна яшчэ падкрэсліць, што ні заходняе, ні ўсходняе памежжа Беларусі не з’яўляецца маналітам. Праблемы лакальнай спецыфікі на гэтых памежжах, засведчаныя ў нашых матэрыялах, будуць у далейшым прадметам індывідуальных і калектыўных апрацовак.

Трэба яшчэ коратка спыніцца на тых агульных рысах, якія ўласцівы і ўсходняму і заходняму памежжам, якія наогул характэрны для памежжа, такога, як яго разумеем.

Па-першае, – агульныя адносіны да дзяржаўных межаў. Жыхары памежжа палітычныя межы адчуваюць як штучныя стварэнні, якія раздзяляюць землі, заселеныя такімі ж самымі людзьмі з такой жа гаворкай і культурай. (Параўн. вышэй дадзеныя цытаты з усходняга памежжа). Жыхары заходняга памежжа звяртаюць увагу на падзеленыя раней супольныя прыходы, на вясковыя лугі і могілкі, якія засталіся за межамі, праведзенымі пасля Другой сусветнай вайны: як па жывым целе парэзана, можна было пачуць неаднаразова на беларуска-літоўскай і беларуска-польскай мяжы. Адначасова з аналізу запісаных тэкстаў вынікае, што існуючыя дзяржаўныя межы не ўплываюць спецыяльна на сучаснае штодзённае жыццё жыхароў. Існаванне дзяржаўных межаў як быццам бы іх не датычыць. На ўсходзе таму, што беларуска-расейскую мяжу свабодна пераходзяць у любым месцы. На захадзе тыя, каму трэба, лёгка, на ільготных умовах, атрымліваюць візы. Чэрпаць матэрыяльную карысць з жыцця на памежжы звычайны, пажылы, наогул вясковец, здаецца, яшчэ не навучыўся.

Па-другое, – нашы суразмоўцы, хаця падкрэсліваюць мешаны характар мовы, якой карыстаюцца, не маюць свядомасці памежнага характару сваіх культур. Склаўшыся на працягу гісторыі, у выніку узаемадзеяння розных культурных плыняў, спецыфічныя рысы матэрыяльнай і духоўнай культуры і на захадзе і на ўсходзе ўспрымаюцца як сваё роднае, цэласнае без патрэбы аналізаваць ці бліжэй акрэсліваць паходжанне складовых частак гэтай спецыфікі.

І, па-трэцяе, і на ўсходзе, і на захадзе дамінуючай катэгорыяй вясковага жыцця з’яўляецца лакальнасць. Усё, што звязана з традыцыйным ладам жыцця, пачуццём свойскасці і супольнасці, адносіцца да дадзенай вёскі, апрацоўванай зямлі, да родных краявідаў і звычаяў. Істотную вартасць мае толькі лакальны свет.

На аснове выкладзеных вышэй уступных меркаванняў можна сфармуляваць гіпотэзу, што тэрытарыяльнае і псiхалагічнае памежжа Беларусі з’яўляецца хутчэй катэгорыяй, якая ўсведамляецца даследчыкамі, чым паняццем, якое рэальна існуе ў свядомасці жыхароў гэтага памежжа.
Заўвагі

1. Прэзентаваны тэкст пісаўся ў цеснай тэматычнай сувязі з цытаваным на пачатку гэтага артыкула тэкстам «Думаючы пра памежжа» (гл.: Смулкова 2005). Абодва былі прызначаны для падобнай аўдыторыі і ўзаемна адзін аднаго дапаўняюць. Аўтар рэкамендуе чытачу знаёміцца з абодвума тэкстамі. Калектыўнай, ужо больш грунтоўнай, публікацыі вынікаў праграмы ў форме кнігі «Pogranicza Białorusi w perspektywie interdyscyplinarnej» пад рэдакцыяй Эльжбеты Смулковай і Анны Энгелькінг можна спадзявацца ў другой палове 2007 года.


Крыніцы

Архіў = Архіў экспедыцыйных матэрыялаў навуковых сесій MSH OBTA UW «Памежжы Беларусі: гісторыя, культура, мова» (2001 – 2005) у Варшаве.

Літаратура
Kłoskowska Antonina. Wielokulturowość regionów pogranicza / Antonina Kłoskowska // Region, regionalizm – pojęcia i rzeczywistość. –Warszawa,1993.

Mironowicz Eugeniusz. Białorusini / Eugeniusz Mironowicz // Mniejszości narodowe w Polsce / Red. P. Madajczyk. -- Warszawa, 1998.

Smułkowa Elżbieta. Dwujęzyczność po białorusku: bilingwizm, dyglosja, czy coś innego / Elżbieta Smułkowa // Język a tożsamość na pograniczu kultur. -- Białystok, 2000. -- S. 90 – 100.

Smułkowa Elżbieta. Białoruś i pogranicza. Studia o języku i społeczeństwie / Elżbieta Smułkowa. -- Warszawa, 2002.

Smułkowa Elżbieta. Badanie pograniczy językowych – uwagi metodologiczne /Elżbieta Smułkowa // Gwary dziś. 2. Regionalne słowniki i atlasy gwarowe / Red. J. Sierociuk.-- Poznań, 2003. --S. 45 – 56.

Смулкова Эльжбета. Думаючы пра памежжа /Эльжбета Смулкова // Acta Albaruthenica. Vol. 5. -- Мінск, 2005. -- С. 26 – 30.

1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка