Беларуская мова




старонка6/13
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.2 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13

(Prace Filologiczne. Tom XLIV. -- Warszawa, 1999. – S. 193--198).


БІБЛІЯГРАФІЯ ПРАЦ К. ГУТШМІТА,

ПРЫСВЕЧАНЫХ БЕЛАРУСКАЙ

МОВЕ


  1. Беларуска-ўкраінскія ізалексы // Беларуска-ўкраінскія ізалексы: матэрыялы для абмеркавання. -- Мінск, 1971. – С. 28--38.

  2. Zur belorussischen Lexikographie in den Jahren 1969 und 1970 (Аб беларускай лексікаграфіі 1969 --1970 гг.) // Zeitschrift für Slavistik. -- 1971. -- № 16.-- S. 377--384.

  3. Zur Frage der Stellung der ostslawischen Sprachen unter diachronischem und synchronischem Aspekt (Да пытання аб стане ўсходнеславянскіх моў у дыяхронным і сінхронным аспектах) // Synchronischer und diachronischer Sprachvergleich. – Jena, 1972. -- S. 177--182.

  4. Zur Baltistik in der Belorussischen SSR (Да пытання аб балтыстыцы ў БССР) //

Zeitschrift für Slavistik. -- 1978. -- № 23.-- S. 672--677.

  1. Zur Bildung der Adjektivabstrakta im Belorussischen und Russischen (Аб утварэнні ад’ектыўных назоўнікаў абстрактнай семантыкі ў беларускай і рускай мовах) // Linguistische Arbeitsberichte. – 1979. -- № 22. -- S. 76 -- 82.

  2. Beitrag zur belorussischen Philologie [A. Brückners] (А. Брукнер і беларуская філалогія) // Zeitschrift für Slavistik. -- 1980. -- № 25. -- S. 264 --268.

  3. Zur Entwicklung des Stils der belorussischen Prosa am Beispiel der Eigennamen in den früheren Erzählungen von Jakub Kolas und Maksim Harecki (Аб развіцці стылю беларускай прозы на матэрыяле ўласных імёнаў ранніх апавяданняў Якуба Коласа і Максіма Гарэцкага) // Zeitschrift für Slavistik. -- 1983. -- № 28.-- S. 153 --160.

  4. Struktur, Substanz und Normen slawischer Gegenwartssprachen (структура, стан і нормы сучасных славянскіх моў) // Zeitschrift für Slavistik. -- 1995. -- № 40. -- S. 1--23.

  5. Die Sprache der Vorreden Francisk Skorinas zu den Büchern des Alten Testaments und die sogenannte “einfache Sprache” bei den orthodoxen Slaven (Мова прадмоў Францыска Скарыны да кніг Старога запавету і так званая “простая мова” ў артадаксальных славян // Sprache – Text – Geschichte: Festschrift für Klaus Dieter Seeman. – München, 1997. – S. 81--91.

  6. Хто напісаў першую граматыку беларускай літаратурнай мовы? // Prace Filologiczne. Tom XLIV. -- Warszawa, 1999. – S. 193--198.

  7. Zur areallinguistischen Сharakteristik des Weißrussischen (Да арэальна-лінгвістычнай характарыстыкі беларускай мовы) // ARS PHILOLOGICA: Festschrift für Baldur Panzer zum 65. Geburtstag. -- Frankfurt am Мain, 1999. -- S. 43--54.

  8. Sprachenpolitik und sprachliche Situation in Weißrussland seit 1989 (Моўная палітыка і моўная сітуацыя ў беларусі з 1989 г.) // Die sprachliche Situation in der Slavia zehn Jahren nach der Wende. -- Frankfurt a. M. (u. a.). -- S. 67--84.

  9. Weißrussisch (Belorussisch, Weißruthenisch) // Janich, N.; Greule, A. ( Hrsg.): Sprachkultur in Europa: Ein internationales Handbuch. -- Tübingen, 2002. -- S. 329 -- 335.


З КАГОРТЫ ПЕРШЫХ
Першы прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў літаратуразнаўца Адам Мальдзіс аднойчы сказаў, што яна “пачала новую эру ў дзейнасці замежных дыпламатычных прадстаўніцтваў у Мінску: першы генеральны консул – жанчына, першы генеральны консул, які свабодна, грацыёзна валодае беларускай мовай, першы генеральны консул – філолаг, беларусіст, які даўно і плённа даследуе польска-беларускае моўнае пагранічча...”. Гэтыя словы пра Яніну-Эльжбету Смулкову – польскага прафесара-мовазнаўцу, даўняга і шчырага сябра беларускіх лінгвістаў.

Лаканічныя радкі энцыклапедычных даведнікаў сведчаць, што будучы мовазнавец нарадзілася 24 чэрвеня 1931 года ў Львове, у 1955 г. скончыла аддзяленне польскай і славянскай філалогіі універсітэта імя М. Каперніка ў горадзе Торунь. Працавала асістэнткай на кафедры славянскай філалогіі гэтага універсітэта (1955--57), старшай асістэнткай, ад’юнктам і дацэнтам кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта (1957--81), адначасова (1957--61) старшай асістэнткай аддзела беларускай мовы Інстытута славяназнаўства Польскай акадэміі навук. У 1971-75гг. загадвала кафедрай беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта, з 1978 г. дацэнт, а з 1988 г. прафесар кафедры агульнага мовазнаўства Варшаўскага універсітэта. Член польскіх і замежных навуковых таварыстваў, адзін з арганізатараў і актыўных удзельнікаў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. З 1991 г. генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Мінску, а ў 1992-95 гг. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь.

Зацікаўленасць да беларускай мовы, як прыгадвае сама Э. Смулкова, прыйшла яшчэ ў час вучобы ва ўніверсітэце ў Торуні. І паспрыяла гэтаму прафесар Галіна Турская, якая паходзіла з асяроддзя Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя і яшчэ ў 30-я гады ХХ ст. даследавала літоўскія і беларускія гаворкі. Менавіта яна параіла абраць тэмаю дыпломнай працы дыялекты польска-беларускага моўнага пагранічча. Далей была першая паездка ўлетку 1956 года на Беласточчыну, якая пераканала маладую даследчыцу ў правільнасці выбранага шляху. Ужо ў 1959 годзе Э. Смулкова публікуе сваю першую навуковую працу, прысвечаную дзейнасці Інстытута мовазнаўства, а ў наступным годзе выходзіць з друку і першы артыкул па дыялекталогіі Беласточчыны. Менавіта ў той час пачалася вялікая калектыўная праца па стварэнні «Атласа ўсходнеславянскіх гаворак Беласточчыны». Пад агульным кіраўніцтвам прафесара Антаніны Абрэмбскай-Яблоньскай разам з даследчыкамі Станіславам Глінкам і Міхалам Кандрацюком была распрацавана канцэпцыя атласа, падрыхтаваны грунтоўны апытальнік, у аснову якога былі пакладзены як напрацоўкі польскіх філолагаў, так і дыялектолагаў з беларускага Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Варта адзначыць, што Атлас (т. 1 – 3, 1980--1993) рыхтаваўся паралельна са «Слоўнікам беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1 – 5, 1978--1986), у стварэнні якога прыняла ўдзел і Э. Смулкова. Пад час падрыхтоўкі гэтых унікальных прац даследчыцай апублікавана некалькі дзесяткаў артыкулаў па беларускай і параўнальнай славянскай дыялекталогіі, беларускай і ўсходнеславянскай акцэнталогіі, беларускай і агульнай фанетыцы і фаналогіі і інш.

Праца над Атласам і Слоўнікам, дэталёвае знаёмства з беларускімі і польскімі памежнымі гаворкамі, добрае веданне ўкраінскага і рускага дыялектнага матэрыялу дазволіла Э. Смулковай апублікаваць у 1968 г. двухтомную манаграфію па беларускай земляробчай лексіцы -- «Słownictwo z zakresu uprawy roli w gwarach wschodniej Białostocczyzny na tle wschodniosłowiańskim». На аснове параўнальнага аналізу беларускага дыялектнага матэрыялу з адпаведным украінскім, рускім і польскім устаноўлены гістарычны і сучасныя дыялектныя падзелы, паказаны першаснае значэнне і далейшыя семантычныя зрухі ў сялянскай земляробчай лексіцы.

Яшчэ адна манаграфія («Studia nad akcentem języka białoruskiego. Rzecownik». Варшава, 1978) была прысвечана акцэнталагічнай дыферэнцыяцыі беларускіх гаворак. У працы падрабязна прааналізаваны адрозненні націску назоўнікаў у беларускай дыялектнай і літаратурнай мове, паказаны працэсы ўзаемадзеяння і ўзаемаўплыву розных акцэнталагічных тыпаў націску ў гісторыі сучаснай беларускай мовы. Параўноўваючы беларускую акцэнталагічную сістэму з украінскай і рускай, Э. Смулкова вызначае ролю прасодыі ў параўнальна-тыпалагічным апісанні славянскіх моў, выяўляе асаблівасці акцэнталогіі розных лінгва-геаграфічных тэрыторый.

Своеасаблівым працягам папярэдняй працы стала напісаная сумесна з В. Чэкманам манаграфія «Fonetyka i fonołogia języka białoruskiego z elementami fonetyki i fonołogii ogolnej» (Варшава, 1988). У працы з выкарыстаннем асцылаграм, спектраграм, рэнтгенаграм, лінгва- і палатаграм падрабязна ахарактарызаваны ўсе гукі беларускай мовы ў залежнасці ад пазіцыі іх у моўным патоку, асаблівасцей фанетычных змен (асіміляцыі, дысіміляцыі і інш.). Паказана роля націску ў фаналагічным спектры беларускіх гукаў, пазіцыйнага размяшчэння іх у канкрэтных словах і спалучэннях. Асобны раздзел манаграфіі прысвечаны параўнанню фаналагічнай сістэмы беларускай мовы з адпаведнымі сістэмамі рускай і польскай моў.

Шматлікія дыялекталагічныя экспедыцыі на Беласточчыну, дэталёвае і ўсебаковае вывучэнне лінгвістычнага багацця кожнага населенага пункта, неаднаразовыя праверкі і пераправеркі сабранага матэрыялу дазволілі Э. Смулковай з яе калегамі падрыхтаваць яшчэ адну унікальную працу -- «Слоўнік мікратапонімаў паўночна-ўсходняй Польшчы» (Варшава, 1993), у якім зафіксаваны мясцовыя найменні лясных урочышчаў, палян і асобных мясцін, палявых і лясных дарог, зямельных надзелаў, лугоў, нізінных і забалочаных тэрыторый, сажалак і інш.

Своеасаблівым падрахункам амаль 40-гадовай навуковай і педагагічнай дзейнасці Э. Смулковай стала выданне «Białoruś i pogranicza» (Варшава, 2002; 651 с.), у якім шырока прадстаўлены не толькі публікацыі непасрэдна па мовазнаўству (першы-трэці раздзелы), але і асвятляецца навуковая і грамадская дзейнасць такіх асоб, як прафесар Антаніна Абрэмбска-Яблоньская, Лешак Асоўскі, Генадзь Карпенка, Вячаслаў Вярэніч. Значнае месца ў кнізе адведзена грамадска-палітычным стасункам Беларусі і Польшчы, тым праблемам, з якімі непасрэдна сутыкалася пасол Э. Смулкова пад час дыпламатычнай працы ў Мінску. Гэта моўныя і грамадска-палітычныя пытанні ў працы каталіцкага касцёла ў Беларусі, шматзначнасць у разуменні паняццяў “паляк” і “польскі”, польска-беларускія культурныя стасункі і інш. Шырокую эрудыраванасць і дасведчанасць, уважлівае стаўленне да праблем сучаснай Беларусі, яе адносін з краінамі Еўропы дэманструе дыпламат Э. Смулкова ў шматлікіх інтэрв’ю розным сродкам масавай інфармацыі. І гэта яшчэ адна яркая старонка дзейнасці гэтай мудра-спакойнай і ўраўнаважанай жанчыны, якая фактычна ўсё сваё свядомае жыццё прысвяціла Беларусі і мове яе карэнных жыхароў.



Здавалася б дыпламатычная праца ў Мінску павінна была перапыніць прафесійна-лінгвістычныя зацікаўленні прафесара Э. Смулковай. Але гэтага не здарылася. У полі зроку вучонага былі не толькі пытанні высокай міждзяржаўнай палітыкі ў галіне эканомікі, прамысловасці, гандлю, культуры, але і праблемы, звязаныя з беларуска-польска-літоўскім паграніччам. Менавіта ў гэты час па ініцыятыве прафесара Э. Смулковай пачала выкрышталізоўвацца канцэпцыя міждысцыплінарнага даследавання моўнага пагранічча, якая і стала асновай пяцігадовай праграмы «Памежжа Беларусі: гісторыя, культура, мова». Ці не ўпершыню ў мовазнаўстве да выканання такой праграмы падключыліся гісторыкі, этнолагі, сацыёлагі і этнакультуролагі. У выніку ствараецца аб’ектыўная шматпланавая карціна жыцця і побыту насельнікаў розных памежных тэрыторый, іх разуменне свайго месца ў грамадска-палітычным і сацыяльным соцыуме, стаўленне да мовы, традыцый мінулага і сённяшняга, урэшце – уласная ідэнтыфікацыя. Пры гэтым заходняе памежжа рэпрэзентуюць матэрыялы з паўночна-ўсходняй Польшчы, Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці і Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Для характарыстыкі ўсходняга памежжа былі абраны Гарадоцкі раён Віцебскай вобласці, некалькі памежных раёнаў Магілёўскай вобласці, а таксама паўднёвы рэгіён Беларусі – Калінкавіцкі, Мазырскі і Нараўлянскі раёны Гомельскай вобласці.
З ІНТЭРВ’Ю ІРЫНЫ БУДЗЬКО З ЭЛЬЖБЕТАЙ СМУЛКОВАЙ
Няма, бадай, на Беларусі чалавека, звязанага з гуманістыкай і інтэлектуальным жыццём, які б не ведаў Вашых прац і вынікаў Вашай дзейнасці. Але мала хто ведае аб тым, адкуль Вы родам; аб тым, якія цяжкія выпрабаванні выпалі на долю Вашай сям’і; аб Вашых каранях. Раскажыце трошкі аб гэтым.
З самага маленства я ўзрастала на памежжы: інтэлектуальным, моўным, сацыяльным. Радзілася ў польскай інтэлігенцкай сям’і слаўнага шматнацыянальнага горада Львова. Лета праводзіла ў бабуліным фальварку (па жаночай лініі), дзе, сябруючы з мясцовымі дзецьмі, засвоіла ўкраінскую гаворку Тарнопальшчыны. Пасля 1939 года ўсё дагэтуль нармальнае разбурылася – на жаль, гэта было даволі тыпова для вялікай колькасці жыхароў усходніх зямель Рэчы Паспалітай ад пачатку II сусветнай вайны. Арышт бацькі, якога мы ўжо ніколі не ўбачылі (расстраляны ў Быкоўні пад Кіевам, аб чым даведаліся толькі нядаўна), вываз мацеры з малымі дзецьмі ў сібірскую тайгу (Усць-Сельга, раён Каргасок, Томская вобласць, Навасібірскі край), вяртанне ў Польшчу ў 1946 годзе, але ўжо на паўночна-заходнія землі... Відочная карысць ад усіх гэтых бед – свабоднае валоданне расейскай моваю.
У Польшчы і ў многіх еўрапейскіх краінах Вы маеце рэпутацыю эксперта па Беларусі, г. зн. менавіта да Вас звяртаюцца па інфармацыю, калі трэба атрымаць звесткі аб культурным і гуманістычным жыцці нашай краіны. Але некалькі разоў ад маладых беларускіх навукоўцаў я чула, што толькі Вы навучылі іх любіць і разумець Беларусь, а менавіта беларускую вёску. А калі і як да Вас прыйшла любоў да нашай краіны і нашых людзей?
Генезіс зацікаўлення Беларуссю і беларускай мовай у нейкай ступені таксама звязаны з пасляваеннымі падзеямі. Любоў прыйшла пазней, пасля пазнання! Ва універсітэце імя Мікалая Каперніка ў Торуні, куды я паступіла вывучаць польскую філалогію (універсітэт узнік на аснове пераехаўшай з Вільні прафесуры універсітэта імя Стэфана Баторыя), працавала прафесар Галіна Турска, цікавы самабытны чалавек, выдатны выкладчык, добра вядомая ў славістыцы як даследчык польскай мовы, выраслай на беларускім і літоўскім субстраце. Пад яе кіраўніцтвам я абараніла магістэрская працу на матэрыяле двухмоўнай беларуска-польскай вёскі ўсходняй Беласточчыны. ”I tak to się zaczęło...” , як спявала Куніцкая ў папулярнай польскай песеньцы.
Затым у мяне былі блізкія кантакты з прафесарам Антанінай Aбрэмбскай-Яблонскай, заснавальніцай польскай беларусістыкі, праца на кафедры беларускай філалогіі, палявыя даследаванні для “Атласа ўсходнеславянскіх гаворак Беласточчыны” [Atlas gwar wschodniosłowiańskich Białostocczyzny, t. I, pod red. Stanisława Glinki, Antoniny Obrębskiej-Jabłońskiej i Janusza Siatkowskiego, Warszawa 1980 – t. VIII. Leksyka 4. pod red. Ireny Maryniakowej, Warszawa 2002]. Потым былі навуковыя стажыроўкі ў БДУ і ў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа беларускай Акадэміі навук. Знаёмства з Юзэфай Фларыянаўнай Мацкевіч, Міхаілам Раманавічам Суднікам, Львом Міхайлавічам Шакуном, Адамам Яўгенавічам Супруном, Віктарам Уладзіміравічам Мартынавым, Адамам Восіпавічам Мальдзісам і многімі іншымі. Захапіла тагачасная працоўная і адначасова сяброўская атмасфера, пануючая ў Інстытуце мовазнаўства, а асабліва сярод дыялектолагаў і славістаў, з якімі я мела найбольш кантактаў. Завязаліся сяброўскія, прафесійныя адносіны – на ўсё жыццё. Часткі гэтых людзей, з якімі мы разам вывучалі Беларусь і яе народ, яго мову і культуру, ужо няма ў жывых. Вяртаюся ў памяці да Кіры Гюлумянц, Олі Шэлег, Лілі Выгоннай, Мікалая Бірылы, Валерыя Чэкмана, Вячаслава Вярэніча і іншых. Усе яны пакінулі свой след у беларускім мовазнаўстве! Усім ім і многім іншым я нечым абавязана ў сваім знаёмстве з беларускай літаратурнай мовай і яе гаворкамі, у лепшым разуменні краіны Беларусь, вельмі цікавай у сваёй складанасці і ў прыгажосці скрыжавання першабытнага, архаічнага – з самым сучасным, візантыйскага – з лацінскім. Не гаворачы ужо пра цудоўную беларускую прыроду: лясы, чыстыя азёры, палі, лугі і павольна цякучыя рэчкі. Прыемна чуць ад Вас, Ірына, што маю цікавасць і захапленне ўдаецца перадаваць маладым.
Цяпер вельмі модна пісаць аб адметнасцях нацыянальнага характару, нацыянальнай ментальнасці. Некаторыя вучоныя-гуманісты прапануюць нават строга вызначыць крытэрыі, па якіх будуць адбірацца тыя ці іншыя якасці і прыкметы, каб называцца “нацыянальнымі”. У масмедыя мы вельмі часта чытаем аб тым, што беларусы “працаздольныя”, “цярплівыя”, “талерантныя”. Як бы Вы вызначылі беларускі нацыянальны характар і ці можна сказаць, што ён адзіны для беларусаў з захаду і ўсходу?
Модзе падпарадкоўваюся толькі ў адзенні, і то з належнай дыстанцыяй. Скептычна стаўлюся да модных тэмаў у навуцы. Мяне цікавіць перадусім чалавек, яго мова і асяроддзе, у якім ён жыве. Усё тое, што звязана з прызнанымі ім вартасцямі, яго звычаі і самасвядомасць. Тое, што складваецца на сацыялінгвістычную праблематыку індывідуума і групы. Шматкроць мела магчымасць пераканацца, што людзі розных нацыянальнасцей рэагуюць вельмі падобна на падобныя падзеі, і наадварот: у кожнай нацыянальнасці могуць існаваць індывідуумы і цэлыя групы цалкам супрацьстаўнага характару. Таму я наогул не ўдзельнічаю ў даволі папулярных у нас у свой час дыскусіях тыпу „Што такое польскасць?”, „Што такое літоўскасць?” і да таго падобных...

Што Вам далі для знаёмства з Беларуссю тыя гады, калі Вы працавалі паслом Польшчы ў Беларусі?
На гэтае пытанне можна было б адказаць кнігай, цікавай для многіх. А калі коратка, то больш шырокую перспектыву бачання, несумненна. Ha вывучанае ў навуковых кабінетах і дасведчанае непасрэдным удзелам знаёмства з беларускай мовай і культурай, дзякуючы дыялекталагічным і сацыялінгвістычным даследаванням, асабліва беларускай вёскі, наклаліся палітычныя праблемы ў сваёй складанасці і шматграннай абумоўленасці. Псіхалогія ўлады. Механізмы адносін “улада – грамадзяне”, розныя групы грамадзян. Міжнародныя адносіны; знаёмства з цікавымі людзьмі. Паездкі па ўсёй Беларусі, афіцыйныя візіты пасла ўва ўсе абласныя і некаторыя раённыя цэнтры. Адбывалася знаёмства не толькі з агульнымі, але і лакальнымі эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі праблемамі краіны. Спецыяльнае месца ў гэтых сустрэчах займалі вобласці, памежныя з Польшчай, дзе існуюць ярка выражаныя праблемы палякаў – грамадзян Беларусі і многія канкрэтныя справы суседскага супрацоўніцтва на паўзмежжы. Я была першым Паўнамоцным паслом Польшчы ў Беларусі пасля распаду Савецкага Саюза, ля пачаткаў пабудовы беларускай незалежнасці! Назірала цяжкасці і супрацьстаянне – але мела дачыненне і да энтузіязму і радасці станаўлення незалежнасці. Гэта было важнае дасведчанне ў маім прафесіянальным жыцці, якое паўплывала на выбар характару і тэматыкі маіх пазнейшых, пасля заканчэння дыпламатычнай місіі, даследаванняў, якія працягваюцца і сёння.
Вы вельмі шмат часу аддаяце працы з моладдзю. Я думаю, што нашым чытачам будзе цікава даведацца аб такой навучальнай структуры ў рамках Варшаўскага універсітэта, як Цэнтр даследавання антычных традыцый у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе (OBTA UW).
Гэта фактычна наватарскі, аўтарскі навукова-дыдактычны асяродак, створаны прафесарам Ежы Аксерам, які паспяхова рэалізуе, у міжуніверсітэцкім і міжнародным супрацоўніцтве, некалькі асобных інтэрдысцыплінарных праграм (форм навучання) ужо каля 10 гадоў. Першая – гэта МІSH (Міжфакультэцкія індывідуальныя гуманітарныя студыі), другая – AAL (Akademia Artes Liberales, для студэнтаў і аспірантаў), і трэцяя, найбольш прадстаўнічая і шматтэмная форма навучання - MSH (Міжнародная гуманітарная школа), у якой, між іншым, рэалізавалася з удзелам беларускай навуковай моладзі і выкладчыкаў кіраваная мною пяцігадовая праграма „Памежжы Беларусі: гісторыя, культура, мова”. Гэту праграму заканчваем у канцы 2006 года міжнароднай падсумоўваючай канферэнцыяй, арганізаванай сумесна з Варшаўскім навуковым таварыствам і Інстытутам славістыкі Польскай Акадэміі навук, які таксама займаецца праблематыкай памежжаў. Удзельнікі праграмы рыхтуюць артыкулы для публікацыі. Таму ў праграме нашых заняткаў былі таксама праблемы выдання тэкстаў і рэдакцыйная практыка, спроба адказаць на пытанне „як напісаць добры навуковы тэкст?”.
Апошнія гады Вы працуеце над вялікай і грунтоўнай тэмай пагранічча (пагранічча моўнае, гістарычнае, сацыяльнае, нацыянальнае і тэрытарыяльнае). Як Вы можаце ахарактарызаваць чалавека пагранічча?
Даволі кантраверсійна, супрацьстаўна пакуль. З аднаго боку, як чалавека, які бачыць сваю адметнасць, але звыкся з разнастайнасцю, прыналежнасцю да розных канфесій ці народаў, да шматмоўя, розных звычаяў і святаў, як чалавека, адкрытага на іншага. Адным словам – чалавека, культурная кампетэнцыя якога расшырана ў параўнанні з жыхарамі больш маналітнай тэрыторыі. З другога боку, у час палявых даследаванняў мы сустракалі людзей, і то не толькі на ўсходзе краіны, якія, жывучы на памежжы, гэтай памежнасці не ўспрымаюць. Для іх гэта норма, гэта сваё.
Вы, Ірына, закранулі таксама пытанне адрозненняў паміж жыхарамі даследаваных намі вёсак ўсходняй і заходняй Беларусі. Розніца бясспрэчна існуе, яна датычыцца ніжэйшага ўзроўню жыцця на ўсходзе, значна большай ляіцызацыі людзей і інстытуцыянальнага трактавання царквы, значнай ступені русіфікацыі насельніцтва і іх мовы, шкадавання з нагоды распаду СССР і да т. п. Але гэта тыя ж беларусы: прыветлівыя, мала патрабуючыя ад жыцця, недацэньваючыя вартасць сваёй культуры і роднай мовы... Напамінаю, я гавару толькі на аснове даследаваных вёсак.
Мала хто за межамі Беларусі так добра ведае культуру і літаратуру Беларусі, як Вы. Што Вам цікава ў сённяшняй Беларусі? Ці можаце вызначыць асноўныя тэндэнцыі і перспектывы развіцця нашай краіны ў інтэлектуальным, культурным і іншых накірунках?
Самае цікавае ў сённяшняй Беларусі (не памяншаючы заслуг маіх равеснікаў і старэйшых творцаў) – гэта назіраць за развіццём моладзі і сярэдняга пакалення, за тым, што ім цяпер цікава, што яны ствараюць. Гэта ўжо пакаленні ведаў, інтэрнэта, замежных паездак, дзяржаўнасці. Адным словам пакаленні пераломнага часу, які стварае надзею і новыя магчымасці развіцця. Разам з тым гэты ж час нясе небяспеку жорсткага камерцыялізму, канфармізму і іншых бедстваў глабальнага і лакальнага міру. Не вольная ад гэтага і Беларусь. Цяжка вызначаць перспектывы развіцця Беларусі, калі статус яе невядомы, калі рашаецца (ці фактычна рашаецца?) пытанне – быць Беларусі самастойнай дзяржавай ці аб’яднацца з Расеяй? Праблема не толькі выбару, а перспектывы дыяметральна розныя.
Гадаць, што будзе, не збіраюся. Рэпрэзентую погляд аб неабходнасці захавання дзяржаўнай незалежнасці ў партнёрскім супрацоўніцтве з усімі суседнімі краінамі. Такія вымогі сучаснасці. Такія спадзяванні аб’яднанай Еўропы. Так будзе карысней і для дэмакратычнай Расеі. Такім чынам беларускі народ у цэлым здолее поўнасцю ператварыцца ў сучасную нацыю і развіваць сваю культурную адметнасць. Інтэлектуальны і мастацкі патэнцыял для гэтага несумненна існуе. Даволі пачытаць часопіс „Arche” і іншыя выданні навуковага, гістарычнага і філасофскага тыпу, газету “Наша Ніва”. Хопіць пацікавіцца прозай Быкава, Арлова, Алексіевіч, паэзіяй Барадуліна, Разанава, Някляева, Хадановіча і іншых. Паслухаць музыку, паназіраць за тэатральным рухам маладых. Важна, каб дасягненні беларускага мастацва і грамадска-палітычнай думкі больш шырока даходзілі да ведама беларускага адрасата; трэба стварыць магчымасць іх сусветнай, а прынамсі еўрапейскай прэзентацыі.
Што я не запыталася і аб чым Вам самой хацелася б сказаць беларускім чытачам і наведнікам беларускага сеціва?
Следам за папярэдняй думкай хачу праінфармаваць чытачоў, што ў бягучым годзе ў Польшчы пад рэдакцыяй дырэктара Калегіюма Усходняй Еўропы ў Вроцлаве Яна Анджэя Дамброўскага пачала выходзіць серыя перакладаў беларускай мастацкай літаратуры на польскую мову пад агульным загалоўкам „Biblioteka białoruska”. Выйшлі з друку тры кнігі:

Rygor Baradulin, Wasil Bykau. „Gdy witają się dusze” (паэзія і проза).

Andrej Chadanowicz. Święta Nowego Rocku.

Uładzimier Arłou. Kochanek jej wysokości.


Дзякуючы гэтай серыі беларуская літаратура зробіцца даступнай і больш вядомай у маёй краіне.
(З сайта Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў).
З ПРАЦ Э. СМУЛКОВАЙ, ПРЫСВЕЧАНЫХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ
ГАВОРКІ ЎСХОДНЯЙ БЕЛАСТОЧЧЫНЫ Ў СВЯТЛЕ

ЛЕКСIЧНЫХ ДАСЛЕДАВАННЯЎ
1. Гаворкi ўсходнеславянскага тыпу, што знаходзяцца ў пагранiчнай паласе паўночна-ўсходняй Польшчы на тэрыторыi ад Аўгустоўскага канала на поўначы да Буга на поўднi, ужо на працягу рада гадоў сiстэматычна вывучаюцца супрацоўнiкамi Iнстытyтa славяназнаўства Польскай Акадэмii навук і кафедры беларускай фiлалогii Варшаўскага унiверсiтэта. Вядзецца праца па падрыхтоўцы моўнага атласа гэтай тэрыторыi, а на падставе яго матэрыялаў з'явiлася некалькi больш дробных даследаванняў, прысвечаных разгляду паасобных пытанняў (Glinka S. Granica językowa i przykład zrоżniecowania fonetycznego gwar białoruskich Białostocczyzny // Sprawozdania z prac naukowych Wydziału Nauk Spolecznych РAN, R.III, 1960/5; Smulkowa Е. Przykłady zrоżniecowania morfologicznego gwar białoruskich Białostocczyzny, tamże. Kondratiuk М. Zależność nazw geograficznych Białostocczyzny od fizjografii nа przykładzie пazw typu Jałówka , “Acta Ba1tico-Slаviса” 1, Białystok, 1964, s. 259-266. Вagrowska A. Białoruskie wyrażenia typu pajśći ụ hryby “Slavia Orientalis", R. XII, № 2, 1963, s. 197 – 205). У агульных рысах праблематыку славiстычных даследаванняў на Беласточчыне i навуковую лiтаратуру па гэтай тэрыторыi ахарактарызавала праф. А. Абрэмбска-Яблоньска (Obrębska-Jablońska А. Dialektologiczna problematyka badań slawistycznych nа Białostocczyzne, “Acta Ba1tico-Slаviса” 1, Białystok, 1964, s. 197-205).

Гэты артыкул з'яўляецца першай спробай прадставiць гаворкі ўсходняй часткi Беластоцкага ваяводства ў плане лексiкалагiчнага даследававання (Tyт прыводзяцца некаторыя вывады з падрыхтаванай нaмi манаграфii «Slownictwo z zakresu uprawy roli w gwarach wschodniej Białostocczyzny nа tle wschodniosłowiańskim» (Wrocław – Warszawa -- Kraków, 1968, 2 vol., s. 244 + mapy). Нягледзячы на тое, што дасле­даванне прысвечана толькi аднаму раздзелу лексiкi, вывады на аснове яго можна зрабiць больш aгyльнага характару. Падставу для гэтага даюць матэрыялы для атласа, сабраныя Інстытутам славяназнаўства ПАН).

2. Перш за ўсё трэба ўдакладнiць, якiя з'явы бралiся пад увагу пры разглядзе лексiчных апазiцый гаворак даследаванай тэрыторыi. На першы план высоўваецца вузка лексiчная дыферэнцыяцыя, г. зн. тэрытарыяльнае адрозненне, якое вынікae з апазiцыi двух цi больш раўназначных слоў: rahač: vuje ‘дышаль caxi’, kul’ka : ručka: rukavatka ‘ручка касы’, baranovač: vałačyć: ‘баранаваць пасля сяўбы’.

Дpyriм вельмi частым тыпам з'яўляецца тэрытарыяльнае адрозненне, якое вынікae з апазiцыi словаўтваральнай будовы этымалагiчна блiзкiх слоў: b'ič : bijak ‘бiч цэпа’, kas'ec : kasar : kośnik, naperstak: p'erśćonok ‘кальцо касы’.

Далей былi ўзяты пад увагу значна радзейшыя апазiцыi:

а) акцэнтуацыйныя: паўночныя pyrej, krapiva, kaśe, паўднёвыя pyrej, krop'iva kos'e;

б) семантычныя: sporуš, паўднёвае ‘збожжавы паразiт’, паўночнае ‘пара каласоў на адным сцябле’, żyto runit паўднёвае ‘жыта цвiце’, паўночнае ‘усходы жыта зелянеюць’;

в) такiя, дзе назве аднаго дыялекту процiпастаўляецца нулявая апазiцыя ў другiм дыялекце пры iснаваннi агульнага паняцця. Напрыклад, зямля, узараная на зiму, на поўднi называецца čorпuxa, а на поўначы няма спецыяльнай назвы.

Iншыя магчымыя тыпы лексiчных адрозненняў (напрыклад, дыферэнцыяцыя, якая вынiкае з адрозненняў у сферы матэрыяльнай культуры або з фанетычных з'яў лексiкалiзаванага характару) у даследаванай лексiцы наогул сустракаюцца рэдка (Аванесов Р. И. и Жуковская Л. П. Лексические диалектные различия и их картографирование // Вопросы теории лингвистической географии, Mосква, 1962, с. 147-174). .

3. Лексiчная дыферэнцыяцыя гаворак усходняй Беласточчыны на аснове ўлiку вышэй прыведзеных тыпаў апазіцый характарызуецца трыма aсноўнымi групамi iзалексаў. Адзiн пучок iзалексаў аддзяляе ўсе гаворкі ўсходнеславянскага тыпу ад кампактнай тэрыторыi польскiх гаворак на захадзе. Рэпрэзентантамi тут могуць бьщь такiя словы, як cep'ilne ў адносінах да польскага dzierżak; p'erevesło: pas, pyrej: perz i iнш.

Дpyri пучок iзалексаў паўночна-ўсходняга напрамку ўтвараюць, напрыклад, такiя словы, як s’veran у адносiнах да паўднёвага špixer; pal'ica: otkładn'a i словаўтваральныя разнавiднасцi: mak’ina: połova, ĝirsa: kostereva, m’etl’ica : m’etła : pyr'ej : p'yrej, b’ič : b’ijak i iнш.

Трэцi пучок iзалексаў паўднёвага пашырэння ўключае, напрыклад. такiя словы, як kłuńa ў адносiнах да паўночнага humno, adryna; płaxa: saxa, vuje : rahač, sterńa: požńa, ržysko; brukva: bručka, čornuxa i інш.

І хоць рад усходнеславянскiх слоў сапраўды спыняецца на заходняй мяжы распаўсюджання беларускiх i ўкраінскіх гаворак у Польшчы, вызначанай, перш за ўсё на падставе фанетычных фактаў (Glinka S. Granica językowa i przykład zróżniecowania fonetycznego gwar białoruskich Białostocczyzny // Sprawozdania z prac naukowych Wydziału Nauk Spolecznych РAN, R. III, 1960; гл. лiнiю крыжыкаў на карце), яна ўсё ж не з’яўляецца рэзкай лексiчнай мяжой. Дакладныя калькі многіх з гэтых назваў бытуюць у навакольных польскiх вёсках i ў польскай гаворцы двухмоўнага насельнiцтва, напрыклад: польск. przewiаsło, бел. p'аrev’аsło, польск. rozrzucać, бел. rask’idać ‘разворваць’.

З другога боку, iзалексы многix беларускiх назваў выцiскаюцца ва ўсходнім напрамку ў выніку пашырэння адпаведных польскiх назваў, прынятых у польскай мове: požńa, sterńa - ržysko, tok - klep’isko, hony - staje, žmeńa -gars’c’, v́ejałka - šopel’ka, šufel’ka, b’ić - b’ijak i iнш. Акрамя таго, трэба памятаць аб cyicнаваннi двух храналагiчных пластоў у слоўнiкавым саставе, г. зн., што ў адной i той жа гаворцы побач са старой мясцовай назвай можа функцыянiраваць новая, перанятая з польскай мовы. Датычыць гэта асаблiва тых назваў, якiя вельмi часта ўжываюцца: bul’ba : kartofl’a, kłuńa: stodoła, pol’ica : otkładńa, tok: klep’isko i iнш.

Найбольшае пранiкненне польскай лексiкi назiраецца ў гаворках, якiя знаходзяцца на поўнач ад Беластока, а таксама ў заходняй частцы памiж Беластокам i дугой paкi Нарвы. У заходняй паласе гэтых гаворак, а таксама ў раёне Сямятыч з iншых польскiх асаблiвасцей ва ўсходнеславянскiя гаворкі ўвайшло мазурэнне. Яно падпарадкавана ўсходнеславянскай фанетычнай cicтэме, што выражаецца ў адсутнасцi процiпастаўлення шыпячых і свісцячых зычных тыпу ж, ш: с, з: tšeba : sopka; žeka : zaba, таму што этымалагiчнае r ́дало тут r, такім чынам, тып sopka, zaba, але treba, reka.

Нягледзячы на наяўнасць польскiх лексiчных, фанетычных i марфалагічных уплываў на даследаваныя беларускiя i беларуска-ўкраiнскiя гаворкі, а таксама на прысутнасць шматлiкiх усходнеславянскiх элементаў у навакольных польскiх вёсках, нельга гаварыць аб iснаваннi на гэтай тэрыторыі змешанага польска-беларускага дыялекту. Даследчык пасля блізкага знаёмства з вёскай заўсёды выразна ўяўляе сабе, з якой моўнай сістэмай ён мае справу: польскай з беларускiмi напластаваннямi цi беларускай з паланiзмамi. Тут маецца на ўвазе, зразумела, сучасны стан, а не генезіс гэтых гаворак.

Польска-беларускае моўнае змешванне мы можам назiраць толькi ў тых людзей, якiя ў штодзённым жыццi карыстаюцца выключна беларускім дыялектам, а з польскай мовай сутыкаюцца радзей i толькi ў спецыфічных абставiнах.

4. Параўнаем два aстатнix істотных для падзелу ўсходнеславянскiх гаворак Беласточчыны пучкi iзалексаў з важнейшымi фанетычнымi асаблiвасцямi даследаванай тэрыторыi.

4.1. Для беларускiх гаворак iстотнай асаблiвасцю з’яўляецца аканне. У даным выпадку, безумоўна, недысiмiлятыўнае аканне. Iзаглоса, якая аддзяляе акаючыя гаворкi ад тых, што акання не маюць, праходзiць з поўначы на поўдзень ад в. Волкуш (лічба побач з назвай населенага пункта абазначае гэты пункт на карце) да Бебжы ў аколiцы Штабiна, далей па Бжазуўцы аж да яе вытока, затым iдзе на Васiлькаў, Мiхалова, перасякае Нарву i злёгку паварочвае ў паўднёва-ўсходнiм напрамку да Белавежы (iзаглоса 7). Параўноўваючы напрамак iзалексаў паўночна-ўсходняга тыпу з iзаглосай акання, бачым, што ix напрамак увогуле супадае, але з некаторымi адхiленнямi ў раёне Бжазуўкi i ў аколiцах верxняй Нарвы. Прымаючы пад увагу, што на поўдзень ад Нарвы ёсць пэўныя адрозненнi i ў галiне акання (менш паслядоўнае ненацiскное о з’яўляецца ў розных пазiцыях, i рэгулярна ў суфiксе ok), а на захад ад Бжазуўкі iснуюць нязначныя сляды акання ва ўcix пазiцыях, за выключэннем абсалютнага канца слова, можам прызнаць, што разглядаемы пучок iзалексаў супадае наогул з iзаглосай акання. Гэтай тэрыторыi ўласцiвы i iншыя выразна беларускiя асаблiвасцi, напрыклад, яканне z’aml’a, b’adа, цеканне і дзеканне c’oc’a, dz’ас’kо, а таксама характэрныя для беларускай мовы рэфлексы праславянскiх галосных о, е, м у нацiскным становiшчы.

4.2. Гаворкi, размешчаныя на поўдзень ад Нарвы, за выключэннем ваколiц Белавежскай пушчы, а таксама на правым беразе гэтай paкi, на ўчастку памiж Сушчай (71) i Чарэўкамi (68), значна адрознiваюцца ад aстатнix. Яны маюць шэраг iстотных украінскix фанетычных i марфалагiчных асаблiвасцей, напрыклад:

а) паступовая дыспалаталiзацыя зычных, якая пачынаецца зацвярдзеннем губных перад е: žmеńa, vesna, губных і пярэднеязычных перад е: vesna, tel’a i заканчваецца дыспалаталiзацыяй гэтых зычных перад i, ie: хоditi, xodyty, tiesto, tyesto;

б) вымаўленне е як i (ы) у ненацiскным становiшчы pisok, pysok, bida; byda; hńizdo, hnyzdo, а пад нацiскам – як iе, ые, цi ў аколiцы Чарэмхi – як і: vira, sino, tisto;

в) вымаўленне о як уы (kuyń, muyst), я (küń, müst);

г) вымаўленне ц як ц’ тыпу xłopeć, hułyća;

д) займеннiк śety замест hety;

е) займеннiк vuon замест ion, оn;

ё) оканне, рэдукцыя ненацiскных галосных (Матэрыялы Iнстытyтa Славяназнаўства ПАН. Kuraszkiewicz W. Najwažniejsze zjawiska językowe ruskie w gwarach między Bugiem i Narwią// Sprawozdania z роsiеdzеń Кomisji Naukowej ТNW, t. 2, 1939, s. 104 -120 з картай; Kondratiuk М. Wokalizm biаłогusko-ukraińskich gwar powiatu hajnowskiego // Slavia Orientalis, R. ХIII, № 3, 1964, s. 339-356).

Не ўсе прыведзеныя асаблiвасцi выступаюць на ўсёй вышэйакрэсленай тэрыторыi паўднёвага тыпу. Поўная ўкраiнская дыспалаталiзацыя зычных вядома толькi на паўднёвым адрэзку даследаванай часткi тэрыторыі ў аколiцы Кляшчэляў i Чарэмхi. Такі ж арэал займае i распаўсюджанне пераходу нацiскнога е ў i. Тэрыторыя названых iзалексаў не з’яўляецца поўнасцю аднароднай. Частка iзалексаў (kłuńa, čornuxa, hrečka) праходзiць побач з iзаглосай вымаўлення тыпу teper, хоditi, xłopeć, захоплiваючы толькi блiжэйшыя цекаючыя вёскi на поўначы, а таксама гаворкi з цеканнем i аканнем у раёне Белавежскай пушчы. Iншыя з указаных iзалексаў дасягаюць толькi Нарвы, выходзячы затым уверх па яе цячэннi за межы дзяржаўнай гранiцы (płaxa, vuje), або на гранiцы з гаворкамi Белавежскай пушчы крута зварочваюць на паўднёвы ўсход i перасякаюць дзяржаўную гранiцy на паўднёвы захад ад Белавежы (sterńa, runo ‘кветка жыта’).

Iснуюць таксама словы, пашырэнне якiх абмежавана толькi гаворкамі з поўнай дыспалаталiзацыяй зычных, пераходам е ў i i о ў уы ў нацiскным становiшчы. У межах даследаванай лексiкi гэта будуць, напрыклад, rospłuha ‘баразна’ i dvoran'ineć ‘васiлёк’, iзалексы якiх толькi на самай поўначы выходзяць за межы распаўсюджання прыведзеных фанетычных з'яў.

З акрэсленага вышэй распаўсюджання фанетычных i тэрытарыяльна дыферэнцыраваных лексiчных асаблiвасцей вынiкае ix даволi вялiкая адпа· веднасць памiж сабой.

4.3. Тэрыторыя памiж Нарвай i Беластокам у лексiчных адносiнах мае мяшаны характар. Тут папераменна праяўляюцца асаблiвасцi, агульныя з паўночна-ўсходняй i паўднёвай тэрыторыямi i ўжываецца больш слоў агульнапольскага i мазавецкага паходжання. Толькi ў рэдкiх выпадках гэта тэрыторыя вылучаецца якой-небудзь назвай, характэрнай толькi для яе i невядомай у aстатнix гаворках усходняй Беласточчыны. Да выключэнняў можна аднесцi kostryca ‘Bromus’ i xabra ‘Centaurea cyanus’. Фанетычна гэтыя гаворкi стаяць блiжэй да гаворак паўночна-ўсходняга пучка iзалексаў. Хоць яны не маюць акання (акрамя астраўка каля Бацют 53), але характарызуюцца беларускiм цеканнем i дзеканнем, беларускiмi рэфлексамі е, м, о i цвёрдым ц. Не назiраецца там яшчэ (акрамя вышэйназваных некалькiх вёсак над Нарвай) дыспалаталiзацыi губных зычных.

5. Ахарактарызаванае вышэй тэрытарыяльнае размяшчэнне дыялектаў знаходзiць абгрунтаванне ў гiстарычных даных аб каланiзацыi зямель усходняй Беласточчыны (Навейшыя даныя з гiсторыi каланiзацый вывучаемай тэрыторыi даюць працы І. Вiшнеўскага (J. Wiśniewski), з якiх перш за ўсё выкарыстана: Rozwój оsаdniсtwа na pograniczu polsko-rusko-litewskim od końca XIV do połowy ХVII wieku // Acta Baltico-Slavica 1, Białystok, 1964; Zarys dziejów osadnictwa wiejskiego we wschodniej części wojewodztwa Вiałostockiego do połowy XVII wieku // Навуковы зборнiк, Выдавецтва ГП БКТ, Białystok, 1964). З гэтых даных вынiкае, што засяленне iшло з некалькiх напрамкаў i на розных тэрыторыях мае розную храналогiю.

Найстарэйшай (пачынаючы з XIV ст.) з'яўляецца каланiзацыя ў паўднёвай частцы, якая засялялася мазавецкiм насельнiцтвам з захаду, заходняруска-мазавецкiм – з-пад Буга (з раёна Драгiчына) i паўднёва­-заходнярускiм (украінскім) – з боку Брэста, Камянца i Кобрына.

Каланiзацыя, якая iшла з гэтых напрамкаў, дасягнула р. Супрасль, а ў раёнах Тыкоцiна i Кнышына нават перайшла яе, пасоўваючыся далей на поўнач. Каланiзацыя зямель памiж Нарвай i Супраслю, за выключэннем старэйшых аколiц Суража, прыпадае на ХVI i ХVII стст. У той час узнiклi ўладанні Гарадоцкае, Заблудаўскае i Супрасльскае. На поўнач ад гэтых зямель цягнулiся аж пад Гродна незаселеныя пушчы.

Наднёманскiя ж аколiцы Гродна былi густа заселены, i адтуль беларускае насельнiцтва, пачынаючы з ХVст., асаблiва ў ХVI ст. i пазней, перамяшчалася ў розных напрамках. У заходнiм i паўднёвым кірункax да сярэдзiны ХVІІ ст. беларуская каланiзацыя заняла землi ўздоўж Свiслачы па Супрасль, уздоўж Ласосьны да вярхоўя Саколды i на захадзе перасякла Сідру. З заходняга напрамку на прыгродзенскую тэрыторыю пранiкала змeшанае мазавецка-заходнярускае насельнiцтва з-за Бжазуўкi. Канчат­ковая каланiзацыя зямель адносiцца да ХVIІІ ст., месцамi яна працягвалася яшчэ i ў XIX ст. На тэрыторыю, асвоеную наднёманскай i паўднёвай каланiзацыямi, уклiнiлася беларускае насельнiцтва з-пад Ваўкавыска, якое заняло землi памiж верхняй Свiслаччу, верхняй Супраслю i Нарвай (ваколiцы Ялуўкi). Да гэтага клiну належалi таксама землi памiж Нарвай і Нарэўкай.

6. Акрамя трох адзначаных на Беласточчыне моўных экспансiй (польскай, беларускай i ўкраiнскай), у лексiцы даследаванай тэрыторыi знаходзiм i сляды лiтоўскiх кантактаў. Распаўсюджанне лiтуанiзмаў вельмi рознае: адны назвы вузка лакальнага ўжывання, напрыклад bryzg'ul ‘па­лaчка для вязання снапоў’, другiя – паўночна-ўсходняга распаўсюджання: girsa, dyrsa ‘аўсянiца’, śveran sveronek ‘свіран’, або выразна паўднёвага распаўсюджання: kłuсa ‘гумно’, трэцiя – шырокага распаўсюджання: rezgi, rezgińi ‘прылада, якой носяць сена’ (Выбраныя літуанізмы з тэрыторыі Беласточчыны апісвае Т. Зданцэвіч у працы “Litewskie i ruskie zasięgi słownikowe na Вiałostocczyźnie” (Z polskich studiów slawistycznych, S. 2, Językoznawstwo, Warszawa, 1963, s. 287 -- 310. Гл. прыведзеную там літаратуру і артыкул Э. Смулковай “O białoruskim gega ‘krzemień’. Przyczynek do zagadnienia substratu bałtyckiego w historii języków słowiańskich).

Калі падагуліць усе ў кароткім выглядзе прыведзеныя вышэй даныя аб гаворках усходняй Беласточчыны і гісторыі каланізацыі гэтай тэрыторыі, то складваецца даволі выразны малюнак. Ізалексы паўночна-ўсходняга распаўсюджання замыкаюць беларускую дыялектную тэрыторыю і ў той жа час працягваюць рысы гродзенскіх і ваўкавыскіх гаворак. У гаворках на захад ад Бжазуўкі, нягледзячы на тое, што гістарычныя даныя паказваюць на засяленне з поўдня, тыпова паўднёвай лексікі ўжо не адзначаецца. Фанетычныя рысы гэтых гаворак таксама адносяцца да заходнебеларускага дыялекту з моцным насычэннем паланізмамі.

Тое ж самае трэба сказаць і аб заходняй частцы тэрыторыі паміж Супраслю і Нарвай, дзе сустрэліся ўсе тры напрамкі каланізацыі, а тым самым і моўныя тэндэнцыі. З беларускіх асаблівасцей тут няма акання, а з украінскіх асаблівасцей у некалькіх вёсках над Нарвай адзначана дыспалаталізацыя губных і пярэднеязычных у некаторых пазіцыях.

Такім чынам, на гэтым участку пачынаецца тэрыторыя пераходных гаворак, якія паступова пераходзяць ва ўкраінскую сістэму гаворак. У лексічным плане, як вядома, – гэта тэрыторыя скрыжавання паўднёвых і паўночна-ўсходніх ізалексаў з дабаўленнем значнага працэнта польскай лексікі.

.


1. b'ič : bijak; 2. v́ejalka - šopel’ka, šufel’ka; 3. mak’ina: połova; 4. kłuńa: stodoła,adr’yna; 5. vuje : rahač; 6. runit ‘жыта цвiце: ‘жыта ўсходзіць’; 7. заходняя граніца акання; 8. pal'ica: otkładn'a і падобн.; 9. rospłuha : borozn’a; 10. śv’eran, śver’onak: śp’ixer; 11. арыентацыйная граніца ўсходнеславянскіх гаворак паводле даных 1960 года.

Лексічна змешаны характар маюць таксама гаворкі раёна Белавежскай пушчы, якія ў фанетычных і граматычных адносінах належаць да заходнебеларускага дыялекту.

Падагульняючы можна сказаць, што гаворкі ўсходнеславянскага тыпу на тэрыторыі ўсходняй Беласточчыны маюць даволі вялікі працэнт агульнай лексікі, якой яны адрозніваюцца ад польскай мовы дадзенай тэрыторыі.

У сваю чаргу ў галіне дыферэнцыраванай лексікі вылучаюцца два асноўныя комплексы гаворак: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні, паміж якімі знаходзіцца пераходная паласа, што схематычна вызначаецца лініямі Беласток–Белавежа.

Прыведзеныя вышэй высновы ілюструюцца далучанай картай, ізалексы якой вызначаюць найбольш тыповае пашырэнне лексікі на Беласточчыне, не ўключаючы, аднак, з’яў вузка лакальнага характару.

Двукроп’е ў легендзе карты абазначае тэрытарыяльнае проціпастаўленне назвы, закрытай ізалексай, у адносінах да другой, выступаючай на астатняй даследаванай тэрыторыі


1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка