Беларуская мова




старонка4/13
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.2 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13

МОВАЗНАЎЧАЯ ТЭРМІНАЛОГІЯ Ў “БЕЛАРУСКАЯ ГРАМАТЫЦЫ ДЛЯ ШКОЛ” БРАНІСЛАВА ТАРАШКЕВІЧА (ВІЛЬНЯ, 1918)
1. Утварэнне беларускай тэрміналогіі ў 1920-я гады
У Беларускай савецкай рэспубліцы, утворанай у студзені 1919 года, значны ўплыў мелі прыхільнікі культурнага адраджэння, якія ў 1920-я гады дабіліся ўжывання беларускай мовы ва ўсіх грамадскіх сферах, асабліва ў сістэме школьнай адукацыі і навукі. У лютым 1921 г. у Мінску была ўтворана Навукова-тэрміналагічная камісія, якая прымала актыўны ўдзел найперш у працы спачатку Народнага камісарыята адукацыі, а потым з 1922-1929 гг. у Інстытуце беларускай культуры і ў 1929-1930-х гадах − у Беларускай акадэміі навук. Першыя вынікі тэрміналагічнай працы як дыскусійны матэрыял былі апублікаваны ў 1921-1922 гг. у Вестнику Народного комиссариата просвещения ССРБ у выглядзе невялікага тэрміналагічнага слоўніка па розных навуковых дысцыплінах. У адзначаным часопісе (1921, № 1, 11-18) былі зафіксаваны таксама граматычныя тэрміны. У 1922-1930 гг. пад агульнай назвай Беларуская навуковая тэрмінолёгія былі надрукаваны 24 тэрміналагічныя зборнікі ў форме руска-беларускіх слоўнікаў, якія ўтрымлівалі каля 40.000 тэрмінаў розных навуковых галін і былі задуманы як праекты для абмеркавання. Том №15 гэтай серыі за 1927 год утрымлівае Слоўнік граматычна-лінгвістычны. Праект (78 старонак). У тэрміналагічнай рабоце прымалі ўдзел розныя вучоныя, а таксама такія вядомыя пісьменнікі і філолагі, як Янка Купала, Якуб Колас, Язэп Лёсік, Сцяпан Некрашэвіч і Мікола Байкоў. Беларускія тэрмінолагі пры складанні тэрміналагічных зборнікаў арыентаваліся на сістэму і паняційныя фонды рускай спецыяльнай тэрміналогіі.

Прынцыпамі тагачаснай тэрміналогіі былі выбраны тэрміналагізацыя беларускіх народных сродкаў і сродкаў жывога маўлення, стрыманасць у адносінах да інтэрнацыянальных тэрмінаў, стварэнне неалагізмаў і размежаванне тэрміналагічных прататыпаў рускай мовы. Аўтары тэрміналагічных праектаў ужо тады ўсведамлялі, што толькі частка іх прапаноў будзе станоўча ўспрынята грамадствам і замацуецца ў беларускай навуковай мове, значная ж колькасць тэрмінаў выявіцца як штучная, непрыдатная і чужародная моўнай сістэме. Далейшай распрацоўцы і ўдасканаленню беларускай тэрміналогіі перашкодзілі сталінскія рэпрэсіі ў адносінах да прадстаўнікоў беларускай навукі 1930-х гадоў. Усе выдадзеныя ў 1920-я гады тэрміналагічныя слоўнікі былі забароненыя, аднак многія тэрміны захаваліся, таму што яны ўжо сталі трывалай састаўной часткай розных тэрміналагічных сістэм і да сённяшняга часу выкарыстоўваюцца ў адпаведных спецыяльных дысцыплінах (Шакун 1995, 191-198; Антанюк 1994, 570).


2. Узнікненне граматыкі Тарашкевіча
Б.А.Тарашкевіч нарадзіўся ў 1892 годзе ў вёсцы Мачулішкі (сённяшняя Літва), вучыўся ў 1910-1916 гг. на гісторыка-філалагічным факультэце Санкт-Пецярбургскага універсітэта. Ужо ў 1913 годзе, калі Тарашкевіч быў студэнтам толькі трэцяга курса, паэт Янка Купала ад імя Віленскага беларускага выдавецкага таварыства прапанаваў яму скласці граматыку беларускай мовы. Акадэмік А.А. Шахматаў не толькі падтрымаў свайго вучня, але і кансультаваў яго пры стварэнні граматыкі. Граматычная канцэпцыя Тарашкевіча па апісанні характэрных рыс беларускай літаратурнай мовы грунтавалася, па зразумелых прычынах, на канцэпцыі тэорыі мовы свайго настаўніка (Яновіч 1982, 12). Пры гэтым аўтару таксама дапамагаў заснавальнік беларускай філалогіі акадэмік Я.Ф.Карскі. Сфармуляваная простымі словамі, але складзеная на высокім навукова-метадычным узроўні граматыка адпавядала надзённым патрабаванням беларускай выдавецкай справы і адукацыі. У сваёй працы Тарашкевіч выйшаў за межы традыцыйнага для тагачаснага мовазнаўства ўласна граматычнага вучэння − марфалогіі і сінтаксіса. Яго граматыка складаецца з раздзелаў, прысвечаных фанетыцы, часцінам мовы, словаўтварэнню, арфаграфіі і сінтаксісу. Такім чынам, былі ахарактарызаваны ўсе ўзроўні моўнай сістэмы з пункту гледжання нормы і правапісу. Пры фармуліраванні фанетычных і граматычных нормаў Тарашкевіч абапіраўся на літаратурныя публікацыі, якія адлюстроўвалі фанетычныя і граматычныя асаблівасці цэнтральнабеларускіх (сярэднебеларускіх) гаворак (Шакун 1994, 81-82). Граматыка Тарашкевіча (Вільна 1918) стала ўзорам для другіх аўтараў, сярод якіх выдзяляецца Практычная граматыка беларускай мовы Я. Лёсіка (1921). Тарашкевіч, які распрацаваў сваю граматыку для школ, на пачатку 1920-х гадоў меркаваўся скласці “больш дасканалую і навуковую граматыку беларускай мовы” (Т 1921, 4; прадмова), але ажыццявіць сваю задуму ён не змог.
3. Граматыка Тарашкевіча ў кантэксце сучаснай граматыкаграфіі
У 1915-1918 гг., фактычна ў час першай сусветнай вайны, узніклі першыя граматыкі і падручнікі (прафесар-славіст Р. Абіхт і беларускі філолаг Я.Станкевіч надрукавалі сумесна школьную граматыку Prosy sposab stacca й karotkim čace hramatnym (Breslau 1918), у якой была зроблена спроба сістэматызацыі прынцыпаў фанетыкі, арфаграфіі і пунктуацыі беларускай мовы) беларускай літаратурнай мовы: рукапісная Biełaruskaja hramatyka (Č. I. Fonetyka i etymologija. Гэтая яшчэ не апублікаваная граматыка стала для аўтара асновай для яго заняткай беларускай мовай на настаўніцкіх курсах у Вільні ў 1915-1916 гг. Публікацыя гэтага рукапісу рыхтуецца К. Гутшмітам (Берлін). А. Луцкевіча (Вільна, 1916), Hramatyka biełaruskaj mowy Б. Пачобкі (Вільна, 1918), Biełaruskaja hramatyka dla szkoł/ Беларуская граматыка для школ (Вільна, 1918) Б.Тарашкевіча. Гэтыя першыя беларускія граматыкі маюць шмат агульнага, паколькі ўсе яны былі задуманы як школьныя падручнікі, былі напісаны лацініцай і апублікаваны ў Вільні. Абедзьве надрукаваныя граматыкі Тарашкевіча і Пачобкі былі выдадзены, уласна кажучы, з дазволу тагачаснай нямецкай ваеннай адміністрацыі (Gutschmidt 1999, 193). Усе тры граматыкі напісаны ў польска-чэшскай графічнай сістэме, якая склалася ў лацінамоўных публікацыях перыяду газеты “Наша ніва” (1906 – 1915). Выкарыстоўваючы традыцыю двухалфавітнага друкавання “Нашай нівы”, і Тарашкевіч першае выданне сваёй граматыкі ажыццявіў на лацініцы і кірыліцы (пазнейшыя выданні выйшлі толькі на кірыліцы). Школьныя граматыкі адразу ж сталі выкарыстоўвацца на практыцы, таму што прыхільнікамі нацыянальнага і культурнага адраджэння Беларусі ўдалося ў час першай сусветнай вайны арганізаваць каля 300 школ з беларускай мовай навучання (У 1863 −1917 гг. у Расійскай імперыі беларуская мова ў школе і афіцыйным справаводстве была забаронена. Таму і публікацыя беларускай граматыкі перад першай сусветнай вайной не магла ажыццявіцца) (Gutschmidt 1999, 194).

У спецыяльнай літаратуры існуе адзіная думка, што граматыка Тарашкевіча ў параўнанні з іншымі тагачаснымі працамі была самай значнай і ўдалай. Каштоўнасць гэтай працы была ў тым, што аўтар яе меў салідную навукова-моўную адукацыю; агульная сістэма беларускай літаратурнай мовы (у тым ліку арфаграфія і пунктуацыя) грунтавалася на тагачаснай літаратурна-моўнай традыцыі і такім чынам садзейнічала замацаванню і развіццю нормаў беларускай літаратурнай мовы. Значэнне і папулярнасць гэтай граматыкі пацвярджаецца тым, што яна ў першыя гады адраджэння вытрымала пяць выданняў (Вільна 1918-1929), і нават у час другой сусветнай вайны выйшла шостае выданне (Мінск 1943) (У Савецкім Саюзе граматыка Тарашкевіча ў 1930-я гады, а таксама ў перыяд 1944-1989 гг. была забаронена, да 1939 г. яна выкарыстоўвалася ў Заходняй Беларусі. Беларуская эміграцыя ў Заходняй Еўропе і Амерыцы кіруецца граматыкай Тарашкевіча і ў нашы дні. Нават у час кароткага культурнага адраджэння 1989-1994 гг. у Беларусі граматыка Тарашкевіча для нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі выкарыстоўвалася як сімвал і напрамак беларускай літаратурнай мовы). Акрамя таго, пятае выданне граматыкі (1929) было апублікавана факсімільна ў Мінску ў 1991 г.


4. Б.Тарашкевіч як стваральнік і кадыфікатар беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі
У навуковай літаратуры Тарашкевіч лічыцца не толькі складальнікам грунтоўнай граматыкі беларускай мовы, але і адначасова важнейшым кадыфікатарам і прапагандыстам беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі. Сярод спецыялістаў няма адзінства аб тым, ці былі ім ужыты для апісання сістэмы беларускай літаратурнай мовы ўласныя тэрміны, ці ён мог карыстацца іншымі тэрміналагічнымі ўзорамі. Як правіла, у навуковай літаратуры Тарашкевіч лічыцца стваральнікам сучаснай беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі. Аднак такое разуменне далёка не поўнасцю раскрывае спецыфіку ўтварэння беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі. Адзін з такіх тэзісаў ігнаруе ўсе іншыя фактары, якія змаглі аказаць уплыў на ўтварэнне і развіццё тэрміналагічнай сістэмы беларускай граматыкі. Гэта: выдавецкая і публіцыстычная традыцыя нашаніўскага перыяду (пасля выдання слоўніка “Мова “Нашай нівы” (Т.1: Мінск 2005) стаў магчымым аналіз тагачаснай беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі), навукова-папулярныя філалагічныя публікацыі таго часу, практыка перакладу ў асяроддзі беларускай інтылігенцыі, магчымыя кантакты Тарашкевіча з іншымі аўтарамі граматык і падручнікаў па беларускай мове, а таксама навуковая праца і аўтарытэт акадэміка Я. Ф. Карскага. З-за моўна-палітычных прычын наўрад ці мог Карскі у перадваенны час апублікаваць свае асноватворныя працы па беларускаму мовазнаўству на рускай ці польскай мовах. Можна меркаваць, што ў вусным і спецыялізаваным асяроддзі з прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі, найперш выдаўцамі, філосафамі, публіцыстамі і настаўнікамі, Карскі мог выпрацаваць асновы беларускай навукова-лінгвістычнай тэрміналогіі. Так, у прадмове да сваёй граматыкі (Т 1921, 3) Тарашкевіч узгадвае , што яго спагадлівы зямляк, член Акадэміі Я. Карскі... “прагледзіў маю працу і даў вялікшую частку беларускай граматычнай тэрміналёгіі”. Гэтая заўвага ў тэксце прадмовы можа сведчыць аб тым, што Тарашкевіч самастойна распрацаваў толькі пэўную частку беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі для першага выдання сваёй граматыкі, а большую частку спецыяльных тэрмінаў мог пераняць у ранейшых і тагачасных філолагаў. Высвятленне гэтага пытання пакуль што застаецца нявырашанай праблемай даследавання. Гэткім жа чынам усё яшчэ не зусім зразумела, хто з беларускіх граматыстаў першым ужываў сённяшнія агульнапрынятыя лінгвістычныя тэрміны.

5. Выданні граматыкі Тарашкевіча


Граматыка Тарашкевіча вытрымала шэсць выданняў, прычым першае выданне выйшла ў дзвюх графічных версіях. Выкарыстаныя для даследавання два выданні − чацвёртае (Мінск / Вільна / Берлін 1921) і пятае (Вільна 1929. У тэксце скарочана цытуюцца Т 1921 і Т 1929) − значна адрозніваюцца па свайму аб’ёму, будове і тэрміналогіі, хоць змест гэтых выданняў амаль аднолькавы. Пятае выданне граматыкі мае два вучэбныя раздзелы, пры гэтым у першым раздзеле толькі паведамляюцца граматычныя асновы, у другім жа раздзеле палажэнні граматыкі падаюцца больш паглыблена. Чацвёртае выданне (Т 1921) − гэта невялічкі школьны даведнік (62 старонкі), у якім прыводзяцца толькі асновы беларускай граматычнай тэрміналогіі. Пятае, перапрацаванае і дапоўненае выданне (Т 1929), апошняе рэдагаванае самім аўтарам, наадварот, мае больш чым падвоены памер (132 старонкі) і ўтрымлівае адпаведна большы аб’ём тэрміналагічнай лексікі. У прадмове да пятага выдання, на вялікі жаль, няма ніякага ўказання аўтара наконт таго, ці стварыў ён сам шматлікія новыя тэрміны, ці ён абавязаны іншым крыніцам, і чаму ён многія тэрміны чацвёртага выдання замяніў эквівалентнымі новымі выразамі. Адсюль не зусім зразумела, які ўклад у развіццё беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі (на думку В. Вячоркі і С. Шупы (1994, 531), значны ўклад у станаўленне і развіццё беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі ўнёс таксама Я. Станкевіч) унеслі іншыя вядомыя філолагі 1916-1929 гадоў, граматысты і лексікографы, і наколькі істотна адрознівалася лінгвістычная тэрміналогія асобных аўтараў (апублікаваны К. Гутшмітам артыкул Хто напісаў першую граматыку беларускай літаратурнай мовы? (1999, 193-199) і яго прачытаны на Міжнародным кангрэсе беларусістаў (Мінск, 7-8 чэрвеня 2005 г.) даклад Граматычная тэрміналогія ў граматыцы Антона Луцкевіча ў параўнанні з сучаснымі граматыкамі беларускай, польскай, украінскай і расійскай моў засведчылі той факт, што лінгвістычная тэрміналогія ў Тарашкевіча і Луцкевіча істотных адрозненняў не мае). Некаторыя тагачасныя філолагі, як А. Лёсік, А. Смоліч і М. Байкоў, у падрабязных рэцэнзіях выказалі крытычныя заўвагі па беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі. Шматлікія перавыданні і новыя выданні работ тагачаснага пакалення філолагаў (у гэтай сувязі можна прывесці наступныя публікацыі: Я. Лёсік. Граматыка беларускае мовы. Фонэтыка. (Менск 1926; перавыд. 1995); М. Байкоў. Беларуска-расійскі слоўнік. (Менск 1926; перавыд. 1993); В. Ластоўскі. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. (Коўна 1924; перавыд. 1991); Выбраныя навуковыя працы С. М. Некрашэвіча. Да 120-годдзя з дня нараджэння. (Мінск 2004); Я. Станкевіч. Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік. (Нью-Йорк і інш.); Я. Станкевіч: Збор твораў у двух тамах. Т.1-2. (Менск 2002) маглі б сёння даць надзейную аснову для разумення як праблем пачатковага этапу развіцця беларускай тэрміналогіі, так і спецыфікі лінгвістычных тэрмінаў Тарашкевіча ў рэчышчы функцыянавання сучаснай беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі.
6. Стан даследавання
У нешматлікіх навукова-тэрміналагічных манаграфіях можна знайсці толькі агульную інфармацыю аб спецыяльнай тэрміналогіі сучаснай беларускай літаратурнай мовы адносна яе храналагічнай і генетычнай дыферэнцыяцыі, граматычнай і семантычнай спецыфікі, а таксама інтэрнацыяналізацыі і уніфікацыі (Антанюк 2002). Па беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі няма спецыяльных манаграфій, акрамя некаторых аўтарэфератаў філалагічных дысертацый і шматлікіх артыкулаў. Гэтыя публікацыі з’яўляюцца галоўным чынам кантрастыўнымі даследаваннямі па тыпалогіі, структуры, выкарыстанню, семантыцы, марфалогіі і словаўтварэнню сучаснай рускай і беларускай граматычнай тэрміналогіі (Гвоздович 1984, 1985а, 1985b, 1986; Власов 1988), або ў іх разглядаюцца пытанні рэгулявання, мадэрнізацыі і сістэматызацыі сённяшняй беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі (Антанюк 1984). Тагачасныя крыніцы і сацыялінгвістычныя праблемы ўтварэння беларускай лінгвістычнай тэрміналогія першых дзесяцігоддзяў 20 стагодзя разглядаюцца толькі ў некаторых публікацыях (Красней 1969а, 1969b; Плотнікава 1995; Дарафеева 1997; Запрудскі 2005). Спецыяльных публікацый па тэме нашага даследавання да гэтага часу няма.
7. Мэта і метады даследавання
Мэтай дадзенага даследавання з’яўляецца параўнанне беларускай лінгвістычнай лексікі Тарашкевіча з эквівалентнай тэрміналогіяй рускай, украінскай, польскай і лацінскай моў, вызначэнне прынцыпаў, якімі кіраваўся Тарашкевіч пры распрацоўцы беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі, і якія галоўныя механізмы і тэндэнцыі дзейнічалі пры яе станаўленні і развіцці ў 1920 –х гадах. Даследаванне беларускай граматычнай тэрміналогіі ажыццяўляецца адносна храналогіі, статыстыкі і этымалогіі, а таксама ў дачыненні да моўнай сістэмы (дыферэнцыяцыя лексікі і семантыкі, словаўтварэнне, сінтаксіс, марфалогія, акцэнтуацыя). Асаблівая ўвага пры гэтым надаецца даследаванню працэсаў лексічных запазычанняў, калькіраванню і семантычнаму запазычанню, а таксама афіксальнаму і сінтаксічнаму афармленню тэрмінаў.
8. Статыстычныя дадзеныя
У чацвёртым выданні аналізуемай граматыкі (Вільна 1921) зафіксавана ў агульнай колькасці 192 лінгвістычныя тэрміны, з якіх 90 адносяцца да марфалогіі, 39 − фанетыкі і акцэнталогіі, 29 − сінтаксісу, 18 − арфаграфіі і пунктуацыі, 9 − словаўтварэнню, 7 – мове ў цэлым, і толькі 3 − лексікалогіі. Гэты падзел тэрмінаў на моўныя субсістэмы выразна паказвае, што Тарашкевіч адносна дакладна распрацаваў тэрміналогію ў галіне марфалогіі, фанетыкі і сінтаксісу, і менш поўна − у дачыненні да словаўтварэння і лексікалогіі. У раздзелах па марфалогіі сустракаюцца назвы часцін мовы (прымета ‘прыметнік’, дзеяслоў ‘дзеяслоў’, злуч ‘злучнік’), у вучэнні аб флексіях − скланеньне ‘скланенне’, спражэньне ‘спражэнне’, прыраўнаваньне ‘параўнанне’, такія граматычныя катэгорыі, як трываньне ‘дзеяслоўная форма’, стан дзеяслова ‘стан дзеяслова’, лік ‘лік’, тэрміны, звязаныя з марфемнай будовай слова − канчатак ‘канчатак’, устаўка ‘суфікс’. У раздзелах па фанетыцы і акцэнталогіі сустракаюцца абазначэнні, якія датычацца падзелу гукавой сістэмы, класіфікацыі зычных і яе карэляцыі (гук ‘гук’, зычны ‘зычны гук’, сычачы зычны ‘шыпячы зычны’), акцэнтнай і складовай сістэмы (націск ‘націск’, склад ‘склад’), а таксама спецыфікі беларускага вымаўлення (прыдыханьне ‘пратэза’, аканьне, дзеканьне, цеканьне). Уведзеныя Тарашкевічам сінтаксічныя тэрміны датычацца найперш вучэння аб тыпах сказа (сказ ‘сказ’, незалежны сказ ‘галоўны сказ’, сказ азначэньня ‘атрыбутыўны сказ’) і членаў сказа (дзейнік ‘дзейнік’, сказьнік ‘выказнік’, акалічнасьць ‘акалічнасць’). У раздзеле па арфаграфіі і пунктуацыі Тарашкевіч прыводзіць галоўным чынам арфаграфічныя правілы і знакі прыпынку (працяжнік ‘працяжнік’, клічнік ‘клічнік’, чужаслоў ‘кавычкі’). Да нешматлікіх тэрмінаў па словаўтварэнню і лексікалогіі адносяцца паняцці дэрывацыі і кампазіцыі (дзеяслоўнае імя ‘аддзеяслоўны назоўнік’, складанае чысло ‘складаны лічэбнік’). Сярод 192 тэрміналагічных адзінак 12 з’яўляюцца лексічнымі дублетамі (зык/гук ‘гук’, зычны/сугалосны ‘зычны’, залежны/пасыўны стан ‘залежны стан’) і 3 − полісемныя тэрміны (прыймя ‘прыназоўнік; прэфікс’.

У пашыраным пятым выданні граматыкі (Вільна 1929) да 192 тэрмінаў чацвёртага выдання далучаюцца яшчэ 136 новых тэрмінаў, з галіны марфалогіі (60), сінтаксіса (24), фанетыкі і акцэнталогіі (16), арфаграфіі і пунктуацыі (15), семантыкі і лексікалогіі (12), словаўтварэння (6) і 3 агульнамоўных тэрміны. У пятым выданні многія тэрміны былі ўдакладнены і дыферэнцыраваны. Напрыклад, некаторыя часціны мовы і тыпы сказаў былі не толькі прыведзены, але і дэталёва класіфікаваны (лічэбнік: колькасны, зборны, дробавы, неазначальны; сказ: абвяшчальны ‘апавядальны’, пытальны, клічны, зложана-злучаны ‘складаназлучаны’ зложана-залежны ‘складаназалежны’). Сярод новаўведзеных 136 тэрмінаў выдзяляюцца 47 лексічных дублетаў (імя прадметнае/прадметнік ‘назоўнік’, замена/чарадаваньне ‘чаргаванне’, недаказ/многакроп’е ‘шматкроп’е’) і нават трыплеты (азбука/альфабэт/абэцэда). Чатыры новыя тэрміны выступаюць як полісемныя (прыслоўе ‘прыслоўе, часціца’, клічнік ‘выклічнік, клічнік). Пры дапрацоўцы чацвёртага выдання у 36 выпадках Тарашкевіч унёс тэрміналагічныя змены, якія стала замацаваліся ў пятым выданні граматыкі (займя > займеньнік, сказьнік >выказьнік, скобкі >дужкі, дзеяслоўная прымета >дзеяслоўны прыметнік/дзеяпрыметнік).

Пры параўнанні абодвух выданняў граматык 1921 і 1929 гг. выяўляюцца розныя тэрміналагічныя змены: тэрмін замяняецца іншым спецыяльным выразам (вымова >выгавар ‘вымаўленне’; бяссуфіксныя тэрміны становяцца суфіксальнаўтворанымі (займя>займеньнік; тэрмін замяняецца дублетам той жа асновы (злуч> злучнік/злучнае слова; два тэрміналагічныя дублеты замяняюцца адным тэрмінам (літара/буква>літара; дэрыват замяняецца іншым дэрыватам (частка>дапаможнік ‘часціца’); сінтагма замяняецца дэрыватам (неазначальная форма/неазначальны лад дзеяслова> неазначальнік ‘інфінітыў’), рускі тэрмін саступае месца беларускаму эквіваленту (чысло >лічэбнік)і наадварот, беларускі неалагізм замяняецца рускім тэрмінам (прыймя> прадлог). Пры гэтым у новых тэрмінах назіраецца змена родавай прыналежнасці (дзеяслоў м.р. >дзеяслова н.р.), змяняецца месца націску (карэнь >корань).

Аналіз тэрміналагічных адзінак абодвух выданняў граматыкі Тарашкевіча сведчыць аб розных працэсах утварэння беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі на ўсіх структурных узроўнях яе: лексікі, семантыкі, словаўтварэння, сінтаксісу і марфалогіі, а таксама фанетыкі, акцэнталогіі, арфаграфіі і пунктуацыі. Гэтыя працэсы ўтварэння тэрміналогіі ў далейшым будуць прааналізаваны больш дэталёва (з-за недахопу месца прыводзіцца толькі невялікая частка зарэгістраванага матэрыялу).


9. Лексічныя запазычанні
У абодвух выданнях даследуемай граматыкі сустракаецца адносна нязначная колькасць тэрмінаў, якія з упэўненасцю можна аднесці да разраду запазычанняў. Беларускія лінгвістычныя тэрміны як лексічныя запазычанні паводле генетычна-этымалагічнага крытэрыя падзяляюцца на інтэрнацыяналізмы (лацінізмы, грэцызмы), русізмы, паланізмы і ўкраінізмы. У сваёй граматыцы для школ Тарашкевіч, верагодна, зыходзячы з педагагічных задач, па магчымасці стараўся пазбягаць спецыяльных інтэрнацыянальных выразаў. Акрамя таго, па моўна-палітычных прычынах ён імкнуўся абмежаваць колькасць запазычаных слоў з суседніх славянскіх моў. Тарашкевіч выкарыстаў толькі некаторыя інтэрнацыяналізмы (граматыка, этымолёгія, тэрмінолёгія, інтонацыя, пункт), для якіх ён не змог знайсці адпаведных заменнікаў. Да некаторых інтэрнацыяналізмаў ён падабраў мясцовыя дублетныя назвы (фонетычны/гукавы, прэфікс/прыстаўка, актыўны/дзейны стан), верагодна спадзеючыся, што беларускі неалагізм зможа ўзяць верх над інтэрнацыяналізмам. У асобных выпадках Тарашкевіч стараўся найбольш ужывальныя інтэрнацыянальныя тэрміны замяніць беларускімі неалагізмамі (разумовае слова ‘абстрактнае слова’, пачуцьцёвае слова ‘канкрэтнае слова’, прадметнік толькі множнага ліку ‘множналікавы назоўнік’, навука аб сказе ‘вучэнне аб сказе, сінтаксіс’). Граматычныя інтэрнацыяналізмы, як правіла, запазычаны не непасрэдна з класічных моў, а праз рускае ці польскае пасрэдніцтва, аб чым сведчаць асобныя фанетычныя прыметы (бел. этымолёгія, морфолёгія, тэрмінолёгія < польск. etymologia, morfologia, terminologia).

Як несумненныя лексічныя русізмы можна класіфікаваць толькі некаторыя тэрміны, сярод якіх скланеньне, спражэньне, чарадаваньне, прадлог, скобкі. У той жа час многія іншыя тэрміны можна разглядаць і як лексічныя русізмы, так і беларускія ўтварэнні (па рускай мадэлі) са спецыфічнымі значэннямі, калі ідэнтычныя лексічныя і афіксальныя элементы ў абедзвюх мовах ужываюцца ў неспецыфічных кантэкстах (прыстаўка, приставка, плаўны, рус. плавный, прыдыханьне, рус. придыхание, звонкія/глухія зычныя, рус. звонкие/глухие согласные). Да тэрміналагічных русізмаў, несумненна, адносяцца аканьне, яканьне, дзеканьне, цеканьне, таму што яны былі агульнапрынятымі ў рускай дыялекталогіі на мяжы двух стагоддзяў. Лексічнымі паланізмамі таксама лічацца толькі некаторыя тэрміны (лічэбнік < польск. liczebnik, час (за)прошлы < польск. czas (za)przeszły, сычачы < польск. syczący, літара < польск. litera, падвойны < польск. podwόjny. Некаторыя ўтварэнні, нарэшце, можна лічыць лексічнымі ўкраінізмамі (дзяслоў/дзеяслова < укр. діеслово). Паколькі лінгвістычная тэрміналогія рускай і польскай моў была сфарміравана на працягу 19 стагоддзя, як і эквівалентная тэрміналогія ўкраінскай мовы, можна зрабіць вывад, што славянскія тэрміны, якія ў беларускай і рускай/ польскай/украінскай мовах мелі аднолькавыя каранёвыя марфемы і ідэнтычныя афіксальныя элементы, хутчэй успрымаюцца як запазычанні з суседніх славянскіх моў (запазычаныя тэрміны ў беларускай мове з рускай, украінскай і польскай моў Ю.Б.Дарафеева (1997, 30) называе славянізмамі, аднак мы пазбягаем ужываць гэтую намінацыю, таму што пад славянізмамі звычайна разумеецца царкоўна-славянская лексіка), чым запазычанні па замежнаму ўзору або ўвогуле як паралельныя самастойныя ўтварэнні на беларускай аснове.



10. Семантычнае запазычанне інтэрлексем
Агульная моўная спадчына і інтэнсіўныя моўныя кантакты прывялі да таго, што ў дзвюх і больш славянскіх мовах выкарыстоўваюцца лексічныя запазычанні прыблізна аднолькавага значэння, якое перадаецца дзякуючы ідэнтыфікацыі каранёвай марфемы і адпаведнай словаўтваральнай структуры. Тэрміналагізаваныя славянскія інтэрлексемы, зразумела, істотна палягчаюць перадачу граматычнага значэння адпаведнай беларускай інтэрлексеме ў працэсе ўтварэння тэрмінаў. У даследаванай граматыцы выяўлена каля 15 прыкладаў, дзе і ўстаноўлена тэрміналагізацыя інтэрлексемы ў адной ці іншых славянскіх мовах, што дазваляе ўключыць яе (інтэрлексему) у беларускую тэрміналагічную сістэму. Параўн.: бел. аснова =руск., укр. основа; польск. osnowa (тэрміналагічны эквівалент: польск. temat); бел. род =руск. род, укр. рід, польск. rόd (тэрміналагічны эквівалент: польск. rodzaj gramatyczny). Прыведзеныя беларускія тэрміны паказваюць, што граматычнае запазычванне адбываецца з рускай і ўкраінскай мовы, а не з польскай мовы. У другім выпадку тэрміналагічнае запазычанне адбываецца з польскай , а не з украінскай мовы. Параўн.: бел. згода= польск. zgoda (адпаведна rekcja zgody, укр. згода − эквівалентны тэрмін узгоджэння). Дзякуючы такога роду мульцілатэральнаму ўнутрыславянскаму моўнаму параўнанню, можна даволі дакладна вызначыць, з якой славянскай мовы на беларускую паралельную інтэрлексему было перанесена канкрэтнае тэрміналагічнае значэнне.
11. Тэрміналагізацыя інтэрлексем
У граматыцы для школ Тарашкевіча выяўляецца каля 20 усходнеславянскіх-польскіх інтэрлексем, якія толькі ў беларускай мове тэрміналагізаваліся. Беларускае лексічнае адзінства з’яўляецца полісемным, таму што яно мае агульнае і прафесійна-моўнае значэнне, астатнія славянскія інтэрлексемы, у прынцыпе, наадварот, − монасемныя: яны выкарыстоўваюцца толькі ў агульналітаратурнай мове, а не як спецыяльныя тэрміны. У такім выпадку адбываецца тэрміналагізацыя інтэрлексемы як арыгінальны працэс утварэння беларускай тэрміналогіі без семантычнай падтрымкі паралельных славянскіх інтэрлексем. Абмежаванне беларускіх тэрмінаў фармальна ідэнтычнай лексікай іншых славянскіх моў, значыць, дасягаецца на семантычным узроўні, а не на словаўтваральным (напрыклад, з дапамогай дывергентных афіксаў). Эквівалентнае лінгвістычнае тэрміналагічнае значэнне выражаецца ў іншых славянскіх тэрміналогіях або праз асноваканвергентны, ці афіксальна-дывергентны дэрыват (параўн. польск. okoliczność ‘акалічнасць’ (як стан) і okolicznik ‘акалічнасць (як тэрмін), або ўвогуле іншымі лексічнымі адзінкамі (г.зн. іншай асновай слова або іншымі суфіксамі). Напрыклад: бел. гук, польск. huk, укр. гук (параўн. тэрміналагічныя эквіваленты: польск. dźwięk, укр., руск. звук); бел. лад, руск., укр. лад, польск. ład (параўн. эквівалентны тэрмін: руск. наклонение, укр. спосіб, польск. tryb); бел. націск, руск., укр. натиск, польск. nacisk (параўн. эквівалентны тэрмін: руск.ударение,. укр. наголос, польск. akcent).
12. Дэтэрміналагізацыя
Як вядома, тэрміны губляюць сваё лінгвістычнае значэнне, калі яны выкарыстоўваюцца ў агульнальналітаратурнай мове ці ў вузкаспецыяльных кантэкстах іншых навуковых дысцыплін. У сваім тэрміналагічным значэнні былыя тэрміны замяняюцца новымі спецыяльнымі выразамі, якія адрозніваюцца ад былых тэрмінаў або асноўнай марфемай (марфемай асновы) і афіксальнымі элементамі, або толькі афіксамі. Тарашкевіч ужо сам дэтэрміналагізаваў некаторыя тэрміны ў чацвёртым выданні сваёй граматыкі, якія ён у далейшым не ўнёс у пятае выданне: частка > дапаможнік, прымета > прыметнік, злуч > злучнік. З 1930-х гадоў у выніку дзеяння розных унутраных і знешніх фактараў былі дэтэрміналагізаваны і іншыя беларускія лінгвістычныя тэрміны.
13. Калька
Вядома, што калька − працэс і вынік дакладнай структурнай копіі іншамоўнага выразу, перакладу яго на родную мову. У выпадку шматслоўных тэрміналагічных канструкцый калька адрозніваецца або ўсімі членамі сінтагмы, або адным з членаў. Моўныя кантакты могуць прывесці да калек з адной або многіх моў, так што можна гаварыць аб білатэральных і мульцілатэральных кальках. У граматыцы Тарашкевіча зафіксаваны шматлікія тэрміны як бі-/ мульцілатэральныя калькі з лацінскай, грэчаскай, нямецкай, рускай, польскай, украінскай і паралельна з іншых славянскіх моў. Беларускія спецыяльныя калькаваныя выразы можна разглядаць як семантычныя эквіваленты да рускіх, польскіх і ўкраінскіх тэрмінаў, якія ў сваю чаргу капіруюць тэрміны іншых моў (напрыклад, класічных) − т.зв. апасродкаваная калька, або як прамая калька з адпаведных моўных крыніц. Неабходна ўлічваць верагоднасць неапасродкаванага калькавання беларускіх тэрмінаў з класічных моў, паколькі Тарашкевіч з’яўляўся не толькі славістам, але і філолагам-класікам. Пасля вучобы ва ўніверсітэце ён працаваў дацэнтам лацінскай і грэчаскай мовы Петраградскага універсітэта (1916-1918) і Мінскага педагагічнага інстытута (1919) (Германовіч 1994, 559).
13.1 Славістычная мульцілатэральная калька з латыні
Прыкладна 37 лінгвістычных тэрмінаў і асноўных абазначэнняў паняццяў моўнай сістэмы, выкарыстаных Тарашкевічам, можна ідэнтыфікаваць як калькі семантычна эквівалентных рускіх, польскіх, украінскіх спецыяльных выразаў, якія зноў жа ўзыходзяць да лацінскай тэрміналогіі: бел. час прошлы = польск. czas przeszły, руск. прошедшее время, укр. минулий час13.2 Мульцілатэральная калька з грэчаскай мовы
Пэўная колькасць беларускіх граматычных тэрмінаў, асабліва назваў часцін мовы, сістэмы скланення і членаў сказа, з’яўляецца ў асноўным калькамі з іншых славянскіх моў, якія ў сваю чаргу ўзыходзяць да лацінскіх або грэчаскіх тэрмінаў. Параўн. бел. назоўны склон < укр. називний відмінок, руск. именительный падеж < лац. nominativus < грэч. оnomastike ptosis; бел. выказьнік < руск. сказуемое, польск. orzeczenie < лац. praedicatum, адпавядае грэч. rhema; бел. правапіс< укр. правопис, руск. правописание < грэч. orthographia; бел. гартанны< руск. гортанный, укр. гортанний, польск. krtaniowy < параўн. грэч. larynx.
13.3 Мульцілатэральная калька з нямецкай мовы
Некаторыя беларускія тэрміны можна растлумачыць унутрыславянскім (польскім, украінскім) пасрэдніцтвам пры калькаванні з нямецкай мовы, таму што яны маюць такую ж матывацыю наймення, як і некаторыя эквівалентныя нямецкія спецыяльныя выразы, што першапачаткова ўжываліся ў ненавуковых публікацыях і не тлумачацца тэрмінамі класічных моў. Развіццё польскай лінгвістычнай тэрміналогіі ў 19 стагоддзі адбывалася пад уплывам нямецкай мовы, тэрміналогія заходняга (галіцка-букавінскага) варыянта ўкраінскай літаратурнай мовы была пад уплывам польскай і нямецкай тэрміналогіі. Параўн. бел. акалічнасьць < польск. okolicznik, руск. обстоятельство, укр. обставина; бел. дзеяслова < укр. діеслово; бел. прадметнік < польск. rzeczownik; бел. прымета/прыметнік < польск.przymiotnik, укр. прикметник < ням. Eigenschaftswort.


    1. Білатэральная калька з нямецкай мовы

Некаторыя беларускія спецыяльныя выразы паводле сваёй структуры або семантыкі з’яўляюцца калькамі з нямецкай мовы. Параўн. бел. час прадбудуч(н)ы < ням. Vorzukunft; бел. зык/зычны гук < ням. Geräuschlaut.




    1. Білатэральная калька са славянскіх моў

Некаторыя беларускія лінгвістычныя тэрміны выступаюць як калькі семантычна эквівалентных славянскіх спецыяльных выразаў, якія не з’яўляюцца перакладамі з класічных ці заходніх моў. Параўн. бел. неазначальная форма/ неазначальны лад дзеяслова < укр. неозначена форма діеслова, руск. неопределенная форма глагола (параўн. польск. bezokolicznik).

Пры параўнанні беларускіх тэрмінаў са славянскімі эквівалентнымі адзінкамі іншым разам распазнаецца дывергентная матывацыя наймення параўноўваемых лексем, што сведчыць аб розных лінгвістычных падставах і іншамоўных уплывах пры фарміраванні лінгвістычнай тэрміналогіі ў славянскіх мовах. Параўн. бел. прыймя/прыйменьнік < укр. прийменник, польск. przyimek, руск. предлог < лац. praepositio; бел. імя агульнае< польск. imię pospolite, укр. загальне ім’я, руск. нарицательное имя< лац. nomen appellativum. Гэтыя розныя матывацыі наймення тэрмінаў дазваляюць дакладна дыферэнцыраваць беларускія калькі з польскай, рускай і ўкраінскай моў.


    1. Калька з польскай мовы*

Наступныя беларускія спецыяльныя выразы можна разглядаць як калькі з польскіх тэрмінаў: бел. пабочны сказ < польск. zdanie poboczne, руск. придаточное предложение; бел. (не)самастойнае слова < польск. wyraz (nie)samodzielny, руск. знаменательное слово, укр. службове/неповнозначне слово; бел. асноўная часьціна сказу < польск. podstawowy składnik zdania параўн. руск. главный член предложения; бел. моўныя прылады < польск. narzędzia mowy (канец 19 ст.) параўн. руск. речевые органы, укр. мовний апарат; бел. галасавыя струны < польск. struny glosowe (канец 19 ст.) параўн. руск. голосовые связки, укр. голосові зв’язки; бел. чужаземнае слова < польск. wyraz cudzoziemski (канец 19 ст.), параўн. руск. иностранное слово, укр. іншомовне слово.

*Паланізмы ў граматыцы Тарашкевіча найбольш падрабязна пададзены ў працы Г. Бідэра (2005).


    1. Калька з украінскай мовы

Матывацыя наймення некаторых беларускіх тэрмінаў дае магчымасць лічыць, што яны ўзыходзяць да ўкраінскіх, а не да рускіх і польскіх узораў. Параўн. бел. залежны сказ < укр. залежне речення, параўн. руск. придаточное предложение, польск. zdanie poboczne; бел. дзеяслоўная прымета/дзеяпрыметнік< укр. діеприкметник, параўн. руск. причастие, польск. imiesłόw; бел. дзеяслоўнае прыслоўе/дзеяпрыслоўе < укр. діеприслівник, параўн. руск. деепричастие, польск. imiesłόw prizysłόwkowy; бел. ступень звычайная, вышэйшая, найвышэйшая < укр. звичайний, вищий, найвищий ступінь, польск. stopień wyźszy, najwyźszy (але польск. stopień rόwny), параўн. руск. положительная, сравнительная, превосходная степень.




    1. Калька з рускай мовы

Бел.: будучы час < руск. будущее время; бел. даданы сказ < руск. придаточное предложение, параўн. укр. підрядне речення, польск. zdanie podrzędne/poboczne.


14. Арыгінальныя беларускія неалагізмы
Тарашкевіч імкнуўся пазбягаць дакладнага калькіравання (перакладу элемента за элементам) чужога тэрміна, таму што гэта магло б прывесці да семантычна і структурна незразумелага наймення. У такіх выпадках Тарашкевіч перадаваў сэнс іншамоўнага тэрміна функцыянальна эквівалентным арыгінальным неалагізмам. Да ліку такіх самабытных беларускіх утварэнняў можна аднесці наступныя тэрміны: бел. дзейнік, параўн. руск. подлежащее, укр. підмет, польск. podmiot (< лац. subiectum); бел. незалежны сказ, параўн. руск. главное предложение, укр. головне речення, польск. zdanie głόwne, бел. даданая часьціна мовы/сказу, параўн. руск. второстепенный член предложения, укр. другорядний член речення, польск. drugorzędny składnik zdania, бел. зложана-залежны сказ, параўн. руск. сложноподчиненное предложение, укр. складнопідрядне речення, польск. zdanie podrzędnie złožone. Спецыфічны неалагізм − беларускі тэрмін склон, які не з’яўляецца ні агульнамоўным выразам, ні ўзнік як калька або запазычанне калькаванага значэння, а хутчэй за ўсё асацыіруецца з рускім склонение, паколькі ў гэтым выпадку прысутнічае канвергенцыя асновы абодвух тэрмінаў, і, акрамя гэтага, граматычнае значэнне ‘склон’ (‘падеж’) з’яўляецца субпаняццем катэгорыі ‘скланенне’.

У розных месцах граматыкі Тарашкевіч асобна дэфініраваў і каменціраваў ужытыя тэрміны і тым самым знаёміў са сваім спосабам працы над тэрмінам. Прывядзем некаторыя паняційныя дэфініцыі: дзейнік паказвае асобу або рэч, якая нешта дзее, або з якою нешта дзееца (Т 1929, 39); слова, што азначае імя або назоў прадмету, называецца іменем прадметным, або прадметнікам (Т 1929, 12); такія формы, як рабіць, пець і пад. называюцца неазначальнікам, яны “не азначаюць” ні часу, ні ліку, ні асобы, а толькі называюць само дзеяньне ці стан прадмету (Т 1929, 37); сказьнік паказвае, што ў сказе кажацца аб дзейніку, або што дзейнік дзеіць ці што з ім дзеіцца (Т 1921, 57); выказьнік нешта выказвае аб дзейніку: што дзейнік робіць (дзее), або што з дзейнікам дзееца (Т 1929, 39); тая нязьменная часьць слова, што стаіць паміж каранём і канчаткам, называецца устаўкай (Т 1921, 44); пры вымове зычных гукаў чуваць зык, а ня голас (Т 1921, 5).


15. Афіксальная дывергенцыя
Шматлікія семантычна эквівалентныя граматычныя тэрміны розных славянскіх моў маюць агульную словааснову, аднак розныя словаўтваральныя афіксы. Афіксальная дыферэнцыяцыя можа адносіцца да вузкаспецыяльных найменняў аднаго ці многіх слоў (сінтагмы розных тыпаў). Па прычыне частай канвергенцыі асновы многіх усходнеславянскіх і польскіх лексічных адзінак (гл. главу аб інтэрлексемах) павінна адбывацца размежаванне беларускіх тэрмінаў ад эквівалентных спецыяльных выразаў суседніх моў, найперш на словаўтваральным узроўні праз афіксальную (прэфіксальную і суфіксальную) дыферэнцыяцыю назоўніка або, як мінімум, члена сінтагмы. Параўн. бел. выказьнік, руск. сказуемое; бел. ступень прыраўнаваньня, руск. степень сравненія, укр. ступінь порівняння, польск. stopień porόwnania; бел. знак прыпынку, руск. знак препинания; бел. паказальны займеньнік, руск. указательное местоимение, укр. вказівний займенник, польск.wskazujący zaimek; бел. памяншальная ўстаўка, руск. уменьшительный суффикс, укр. зменшений/зменшувальний суфікс. Сістэматычнае афіксальнае размежаванне беларускіх тэрмінаў ад суседніх славянскіх моў было б, аднак, наўрад ці магчымым, таму што ў параўноўваемых мовах прадстаўлены амаль ідэнтычны інвентар словаўтваральных афіксаў, таму афіксальная дыферэнцыяцыя часцей магчыма толькі ў адносінах да адной або іншых славянскіх моў, або ў дачыненні да прэфіксацыі ці суфіксацыі. Прыклады прэфіксацыі: бел. зьмена/замена, польск. odmiana, укр. відміна; бел. націск, польск. przycisk; бел. злучнік, укр. сполучник; бел. пасрэднік, польск. średnik. Прыклады cуфіксальнай дывергенцыі: бел. канчатак, рус. окончание, укр. закінчення, польск. zakończenie/końcόwka; бел. лік, польск. liczba; бел. прыслоўе, польск. przysłowek, укр. прислівник; бел. акалічнасьць, польск. okolicznik; бел. імя собскае/прадметнік собскі, рус. имя собственное; бел. прыдаханьне, укр. придихь, польск.przydech.
16. Канвергентныя працэсы суфіксацыі
Нельга не адзначыць, што пры ўтварэнні беларускіх граматычных неалагізмаў пэўныя словаўтваральныя мадэлі былі асабліва прадуктыўнымі, найперш з польскай і ўкраінскай тэрміналогіі. Аўтары беларускай тэрміналогіі для дэрывацыі тэрмінаў асабліва часта выкарыстоўвалі суфікс -нік, які спалучаўся з вербальнымі і іменнымі асновамі і быў прадуктыўным таксама у польскай і ўкраінскай тэрміналогіі; у рускай тэрміналогіі ён такога значэння не меў. Параўн. паступныя беларускія вытворныя словы з суфіксам -нік і яго польска-ўкраінскія паралелі: бел. дзеяпрыкметнік = укр. діеприкметник, бел. клічнік = польск. wykrzyknіk; бел. лічэбнік = польск. liczebnik, укр.числівник; бел. неазначальнік = польск. bezokolicznik; бел. пасрэднік = польск. średnik; бел. працяжнік = польск. myślnik; бел. прыметнік = укр. прикметник; бел. займеньнік = укр. займенник; бел. злучнік = укр. сполучник, польск. spόjnik. Арыгінальныя беларускія дэрываты гэтага тыпу, якія не маюць ніякіх паралелей у параўноўваемых славянскіх мовах, наступныя: дзейнік, сказьнік/выказьнік, пытальнік.


  1. Дывергентныя працэсы суфіксацыі

У процілегласць вышэйназваным канвергентным працэсам суфіксацыі назоўнікаў таксама назіраюцца дывергентныя працэсы суфіксацыі сярод прыметнікаў, калі адбываецца замена пэўных рускіх дзеепрыметнікаў і словаўтваральных элементаў беларускімі суфіксамі прыметнікаў, таму што адпаведныя рускія моўныя элементы не з’яўляюцца тыповымі для беларускай літаратурнай мовы. Беларускія аддзеяслоўныя прыметнікі, утвораныя пры дапамозе суфікса -ны замяняюць рускія пасіўныя дзеепрыметнікі тыпу читаемый: бел. скланяны, руск. склоняемый; бел. (ня)зьменнае слова, руск. (не)изменяемое слово. Гэтаму беларускаму працэсу словаўтварэння даволі часта адпавядаюць канвергентныя феномены ў польскай і ўкраінскай тэрміналогіі: параўн. польск. wyraz (nie)odmienny, укр. (не)відмінюване слово. Тэрмін будучы час (1921) Тарашкевіч замяніў беларусізаванай формай будучны час (1929). Усе без выключэння дэагентыўныя рускія ўтварэнні, вытворныя з суфіксам –тель- (яны выкарыстоўваюцца пры намінацыі склонаў), маюць беларускія эквіваленты, утвораныя пры дапамозе ад’ектыўных суфіксаў -ны- і –альны. Параўн. бел. назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, клічны склон і адпаведныя руск. именительный, родительный, дательный, винительный, творительный, звательный падеж. Беларускім назвам склонаў адпавядаюць лексічна- і суфіксальна-канвергентныя ўкраінскія тэрміны (називний, родовий, давальний, кличний відмінок), польскія эквіваленты з’яўляюцца вытворнымі дэрыватамі з суфіксамі –nik i –acz (mianownik, dopełniacz, celownik, wołacz і т.д.). Акрамя абазначэння склонаў, выяўляюцца таксама некаторыя іншыя дэрывацыйныя тэрміны з суфіксамі -ны- і -альны-, якім адпавядаюць рускія дэрываты з суфіксальным комплексам -тель-ный: бел. загадны лад, руск. повелительное наклонение; бел. памяншальны, руск. уменьшительный, бел. павялічальны, руск. увеличительный (параўн. укр.тэрміны наказовий спосіб, зменшувальний, збільшувальний, структура якіх нагадвае беларускія тэрміны.




  1. Кампазіцыя

Кампазіцыя пры ўтварэнні беларускіх тэрмінаў істотнага значэння не мае. Толькі некалькі складаных тэрмінаў узніклі на аснове іншамоўных (украінскіх, польскіх) назваў. Напрыклад, правапіс, дзеяслова, дзеяпрыметнік, шматскладовы, чужаслоў.




  1. Ад’ектыўныя суфіксальныя тэрміны

У граматыцы Тарашкевіча сустракаюцца не толькі субстантываваныя тэрміны, але і ад’ектыўныя адзінкі, утвораныя пры дапамозе суфіксаў -ны, -альны, -овы, -лы. Суфікс -ны далучаецца да іменных і дзеяслоўных базісных асноў: дзеяслоўны, прыметны, іменны, прыслоўны, зменны, адмоўны, умоўны, загадны, абвестны, галосны, зычны, назоўны, родны, творны, месны, клічны. Суфіксы -альны і -лы далучаюцца толькі да дзеяслоўных асноў: абвящальны, пытальны, вінавальны, давальны; акасьцянелы, прошлы. Суфікс -овы ўтварае дэсубстантыў: асабовы.




  1. Дэрываты, кампазіты, сінтагмы

У пятым выдані сваёй граматыкі Тарашкевіч даволі часта прыводзіць тэрміналагічныя сінтагмы (шматслоўныя тэрміналагічныя канструкцыі) і семантычна эквівалентныя дэрываты або кампазіты (аднаслоўныя ўтварэнні) як канкурыруючыя дублеты і, уласна кажучы, даў магчымасць моўнай практыцы вырашыць пытанне выбару таго ці іншага тэрміна: імя прадметнае або прадметнік, імя прыметнае або прыметнік, злучнае слова або злучнік, дзеяслоўны прыметнік або дзеяпрыметнік. Мадэль беларускіх тэрміналагічных сінтагм была звычайна роўнай або падобнай рускім эквівалентам (тыпу имя существительное), узорам для беларускіх тэрміналагічных дэрыватаў была польска-ўкраінская мадэль (тыпу польск. кzeczownik, укр. іменник). Выключэнне з гэтага правіла ўтвараюць назвы склонаў, якія маюць у беларускай, рускай і ўкраінскай мовах структуры сінтагмы, а ў польскай мове − дэрывацыйную структуру. Некаторыя суфіксальныя мадэлі таксама дамініравалі ў беларускім тэрмінаўтварэнні, выцесніўшы многія замежныя эквівалентныя сінтагмы: параўн. бел. пытальнік, руск. восклицательный знак, укр. окличний знак, польск. znak zapytania.




  1. Постпазіцыйныя ад’ектывы

Беларускія шматкампанентныя канструкцыі тыпу ад’ектыў + субстантыў у выданнях граматыкі Тарашкевіча маюць не толькі прагназуемыя прэпазітыўныя канструкцыі слоў з ад’ектывам (тыпу множны лік), але і нярэдка постпазіцыйнае размяшчэнне залежнага члена сінтагмы (лік множны, час будучы, лічэбнік зборны), якое, верагодна, можна ацэньваць як сінтаксічны паланізм. У польскай мове ў асноўным распаўсюджана прэпазіцыйнае і постпазіцыйнае размяшчэнне атрыбутыўнага ад’ектыва. Ад’ектыў асабліва часта ў постпазіцыйным становішчы, калі беларускі тэрмін з’яўляецца калькай польскага тэрміна (бел. час прошлы < польск. czas przeszły).




  1. Марфалагічныя пытанні

На матэрыяле двух даследаваных выданняў граматыкі Тарашкевіча не выяўлены колькі–небудзь значныя асаблівасці ў галіне марфалогіі, выключэнне складаюць толькі хістанні ў граматычным родзе і пры ўтварэнні дзеяслоўных форм. Параўн.: дзеяслоў (1921), па аналогіі да бел. чужаслоў, або польск. imiesłόw>дзеяслова (1929) − ніякі род па аналогіі да ўкр. діеслово; другасная імперфектывізацыя прэфіксальных дзеясловаў: выгаварваць/выгаварываць.




  1. Заключэнне. Тэрміналагічныя змены з 1921 па 1977 г.

Параўнанне тэрмінаў, выкарыстаных Тарашкевічам у чацвёртым выданні сваёй граматыкі (1921), з беларускай часткай Слоўніка славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі (Прага, 1977-1979) паказвае, што відазмянілася 51 тэрміналагічная адзінка. Частка ўжываемых у наш час тэрмінаў была ўжо прыведзена Тарашкевічам у пятым выданні граматыкі як адзіныя ці альтэрнатыўныя тэрміны. Большасць змен на працягу 1921-1977 г. адбывалася пры намінацыі марфалагічных адзінак, сінтаксіса і пунктуацыі. Наадварот, толькі некаторыя змены адбыліся пры абазначэнні фанетычных і граматычных катэгорый. Тэрміналагічныя змены пятага выдання граматыкі Тарашкевіча да 1977 г. датычацца 52 тэрмінаадзінак. Многія дублеты, выкарыстаныя Тарашкевічам у выданні 1929 г. у Слоўніку славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі не прадстаўлены. У цэлым з 328 тэрміналагічных адзінак з двух выданняў граматыкі Тарашкевіча ў наш час выкарыстоўваецца толькі 205.

Тэрміналагічныя змены з 1921 або 1929 да 1977 г. вызначаюцца шматстайнасцю: замена ўласнабеларускіх тэрмінаў інтэрнацыяналізмамі (неазначальнік > інфінітыў), замена беларускіх тэрмінаў запазычаннямі з рускай мовы (сычачы> свісцячы), і, наадварот, выцясненне рускіх запазычанняў беларуска-ўкраінскімі запазычаннямі (чарадаваньне >чаргаванне), замена аднаго беларускага тэрміна другім беларускім тэрмінам (дзейны стан > незалежны стан), дэтэрміналагізацыя каля 15 тэрміналагічных адзінак (выгавар> вымова), выцясненне польскіх калек рускімі калькамі (самастойнае слова > знамянальнае слова), хістанні ў семантыцы (прыдыханьне), канкурэнцыя беларускіх ад’ектыўных суфіксаў (скланяны > скланяльны), замена рускіх дзеепрыметнікаў беларускімі прыметнікамі (ацьвярдзеўшы > зацвярдзелы), уніфікацыя ўтварэння дзеепрыметнікаў залежнага стану (падоўжны > падоўжаны). У некаторых тэрмінах змянялася месца націску (радоў замест родаў; выгаварваць замест выгавόрваць). Нарэшце, нельга не адзначыць арфаграфічныя адрозненні ў перыяд паміж 1929 і 1977 г. Арфаграфічныя змены датычацца акання (дзеяпрыметнік > дзеепрыметнік), графічная перадача рэгрэсіўнай палаталізацыйнай асіміляцыі (займеньнік > займеннік), перадача сярэдне-еўрапейскага плаўнага [л] (этымолёгія >этымалогія), неабазначэнне дысіміляцыі зячных гукаў (мягкі >мяккі), спрашчэнне збегу зычных стн > сн (абвестны /лад/ > абвесны /лад/).


  1. Вывады

Развіццё беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі ў 1920-х гадах − вынік інтэнсіўнага ўзаемадзеяння тэрміналагічных сістэм славянскіх і неславянскіх моў. Фарміраванне беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі − шматстайны канвергентны і дыферэнцыяльны феномен моўных кантактаў, якія ахопліваюць усе ўзроўні моўнай сістэмы.


Літаратура
Bieder H. Polsko-białoruski kontakt językowy w zakresie terminołogii językoznawczej (na materiale Беларуская граматыка для школ Bronislawa Taraszkiewicza) / H. Bieder // Acta Albaruthenika. Вып. 5. Пад. рэд. М. Хаўстовіча, А. Баршчэўскага і С. Запрудскага. -- Мінск, 2005. – С. 203--211.

Fuchsbauer J. Die Entwicklung der grammatischen Ternimologie des Russischen. Von den kirchenslawischen Anfängen bis zu Lomonosov. Diplomarbeit / J. Fuchsbauer. –Universität Wien, 2004.

Gruszczyński W. Słownik gramatyki języka polskiego / W. Gruszczyński, J. Bralczyk. – Warszawa, 2002.

Gutschmidt K. Хто напісаў першую граматыку беларускай літаратурнай мовы?/ K. Gutschmidt // Prace Filologiczne. T. XLIV. – Warszawa, 1999. – S. 193−199.

Slovník slovanské lingvistické terminologie. Red. A. Jedlička. T. I--II. – Praga, 1977--1979.

Антанюк Л. А. Развіццё беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі і праблемы яе ўпарадкавання / Л. А. Антанюк, М. В. Бірыла // Славянская лингвистическая терминология.-- Киев, 1984. – С. 5--15.

Антанюк Л. А. Тэрміналогія / Л. А. Антанюк // Беларуская мова: энцыклапедыя. -- Мінск, 1994. – С. 568--570.

Антанюк Л. А. Спецыяльная лексіка беларускай мовы. Тэрміналогія. / Л. А. Антанюк. – Мінск, 2002.

Власов А. В. Терминология морфологии и словообразования в современных белорусском и русском языках. Деривационная структура и система терминоединиц / А. В. Власов. АКД. – Минск, 1988.

Гвоздович Г. А. К типологии грамматической терминологии русского и белорусского языков / Г. А. Гвоздович // Особенности функционирования русского языка в Белоруссии. -- Минск, 1984. – С. 18--29.

Гвоздович Г. А. Русская и белорусская грамматическая терминология / Г. А. Гвоздович. – Минск, 1985.

Гвоздович Г. А. Типологические сходства и различия русской и белорусской грамматической терминологии / Г. А. Гвоздович // Сравнительно-исторические и типологические аспекты изучения русского языка в Белоруссии. --Минск, 1985. – С. 32--38.

Гвоздович Г. А. Истоки, структура и функционирование грамматических терминов русского и белорусского языков / Г. А. Гвоздович. АКД. – Минск, 1986.

Германовіч І. К. Тарашкевіч Браніслаў Адамавіч / І. К. Германовіч // Беларуская мова: энцыклапедыя. -- Мінск, 1994. – С. 558--559.

Дарафеева Ю. Б. Асноўныя крыніцы беларускай мовазнаўчай тэрміналогіі 20-х гадоў ХХ ст./ Ю. Б. Дарафеева // Веснік БДУ. Сер. 4. № 1. – Мінск. – С. 30--32.

Запрудскі С. Да характарыстыкі пачатковага этапу выпрацоўкі беларускай навуковай тэрміналогіі ў 1920-я гады / С. Запрудскі // Studia Slavica Hungarica. Т.50. F. 1-2.-- Budapest, 2005. – С. 157--167.

Красней В. П. Белорусская филологическая терминология начала ХХ в. / В. П. Красней. АКД. – Минск, 1969.

Красней В. П. Беларускія лінгвістычныя тэрміны пачатку ХХ ст. / В. П. Красней // Лексікалогія і граматыка. -- Мінск, 1969. – С. 17--25.

Плотнікава Ю. Сродкі і крыніцы фармавання беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі 20-х гадоў. / Ю. Плотнікава // Першая нацыянальная канферэнцыя “Праблемы беларускай навуковай тэрміналогіі” (Мінск, 4 -6 мая, 1994). Матэрыялы.-- Мінск, 1995. – С. 73-78.

Шакун Л. М. “Беларуская граматыка для школ” Б.А. Тарашкевіча / Л. М. Шакун // Беларуская мова: энцыклапедыя. -- Мінск, 1994. – С. 81-82.

Шакун Л. М. Гісторыя беларускага мовазнаўства / Л. М. Шакун. – Мінск, 1995.

Яновіч А. Б. А.Тарашкевіч-мовавед. Да 90-годдзя з дня нараджэння / А. Яновіч // Беларуская лінгвістыка. Вып. 21. -- Мінск, 1982. – С. 11-17.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка