Беларуская мова




старонка2/13
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.2 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13

Літаратура





  1. Працы Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі.-- Менск, 1927. – 432 с.

  2. Бушлякоў Ю. С. Моватворчая практыка Янкі Станкевіча (з гісторыі нармалізацыі беларускай мовы). Аўтарэферат дысертацыі кандыдата філалагічных навук. --Мінск, 2003.

  3. Бідэр Герман. Шляхі развіцця лексікі беларускай літаратурнай мовы // Роднае слова. – 2001. -- № 9.

  4. Mayo P. J. The Alphabet and Orthography of Byelorussian in the 20 th Century // The Journal of Byelorussian Studies. -- London, 1977. -- Vol. IV. -- №. 1. -- S. 31.

5. Mayo P. J. Byelorussian Orthography: from the 1933 Reform to the Present Day. -- S. 29.

МАКС ФАСМЕР І БЕЛАРУСКАЯ МОВА
Нямецкі лінгвіст Макс Фасмер (1886 - 1962) усё сваё жыццё прысвяціў даследаванню славянскай філалогіі, заснаваўшы ў 1925 г. у Лейпцыгу славуты часопіс «Zeitschrift für slavische Philologie», выданне якога працягваецца і ў нашы дні. Менавіта яму належыць лакалізацыя прарадзімы славян на Палессі, найбольш поўны збор усходнеславянскага этымалагічнага матэрыялу, апублікаваны ў трохтомным «Этымалагічным слоўніку рускай мовы» (1953 – 1958), а таксама серыя манаграфій па філалогіі і культуры славян.

Ужо ў першых сваіх этымалагічных росшуках М. Фасмер звяртаецца да беларускага матэрыялу. Магчыма, гэтаму спрыяла знаёмства з Я. Карскім, яго капітальнай працай «Беларусы», а таксама добрае веданне дыялектнага матэрыялу са слоўнікаў І. Насовіча, У. Дабравольскага, М. Каспяровіча. Садзейнічалі гэтаму і непасрэдныя кантакты нямецкага вучонага з беларускімі лінгвістамі ў час працы Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі 14 - 21 лістапада 1926 г. Азнаёміўшыся з картатэкай Слоўнікавай камісіі Інбелкульта, М. Фасмер у кнізе наведвальнікаў пакінуў запіс: ”Я вельмі здзіўлены тым, як многа тут зроблена за кароткі час ад утварэння Інстытута. Спадзяюся і жадаю, каб гэтыя матэрыялы, якія так прыгожа цяпер выглядаюць, па магчымасці хутка з’явіліся ў друку з тым, каб заходнееўрапейскія вучоныя маглі звярнуць на іх сваю ўвагу і ацаніць іх” [Працы Акадэмічнае канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Менск, 1927. С. ХІІ]. З замежных удзельнікаў канферэнцыі менавіта М .Фасмер працаваў найбольш актыўна. Ён двойчы выступаў пры абмеркаванні даклада С. Некрашэвіча «Сучасны стан вывучэння беларускай мовы» і аднойчы пры абмеркаванні даклада П. Бузука «Становішча беларускай мовы сярод іншых славянскіх моваў». Дзеля праўды адзначым, што гэтыя выступленні мелі агульнатэарэтычны характар і значнага ўплыву на ход дыскусіі аказаць не маглі. Іншы характар мела выступленне нямецкага славіста пры абмеркаванні дакладаў Я. Лёсіка і П. Растаргуева, прысвечаных рэформе беларускай азбукі. Як перакананы прыхільнік фанетычнага прынцыпу арфаграфіі, Макс Фасмер добра разумеў, што асноўнай графічнай нормай беларускай літаратурнай мовы павінна быць максімальна фанетызаванае напісанне слоў. Аднак дасягнуць гэтага ўвядзеннем дадатковых літар і дыякрытычных знакаў наўрад ці ўдасца: «Гаворачы аб праекце рэформы азбукі, я думаю, нам трэба пакінуць больш далёкую гістарычную арфаграфію і гаварыць аб сучаснай азбуцы. Тут, вядома, маюцца ўхіленні ад фанетычнага прынцыпу. У навуцы я заўсёды абараняю фанетычны прынцып: кожнаму гуку павінна адпавядаць адна літара. Але калі мы маем справу з пісьмом, якое носіць практычны характар, то тут, у інтарэсах практычнасці, іншы раз патрэбна рабіць некаторыя адхіленні ад фанетычнага прынцыпу. Але без крайняй патрэбы я б ад фанетычнага прынцыпу не адступаў.

Цяпер аб лацінскім шрыфце. Я асабіста ўсюды з’яўляюся прыхільнікам лацінскага шрыфту. Аднак на беларускай глебе з лацінскім шрыфтам будзе трудна. Труднасць будуць складаць дыякрытычныя значкі, якія прыйшлося б увесці. У друку літары з дыякрытычнымі значкамі маглі б і быць, але на пісьме было б вельмі цяжка іх ужываць: я б баяўся заграмаджэння беларускага пісьма дыякрытычнымі значкамі. Дзеля гэтага я гляджу, што ў цяперашні час лацінскі шрыфт зусім не падходзіць да беларускай арфаграфіі. Арфаграфія павінна быць зручна не толькі для друку, але і для пісьма. Трэба лічыцца не толькі з друкаванай формай літары, але і з пісоўнай. Калі лічыцца з пісоўнай формай літар і мець на ўвазе, што ў кожнага з нас маюцца індывідуальныя прывычкі пісання, то з гэтага пункту погляду ўсякія значкі зверху або знізу літар трэба адхіліць. Пісьмо з мноствам значкоў я б лічыў не толькі цяжкім, але і проста небяспечным; напрыклад, дзе прыставіць кручок для азначэння мяккасці ў літары М або, яшчэ лепш, у літары Ц, калі апошняя літара ўжо мае кручок? Мне здаецца, што напісанне падобных значкоў было б зусім няправільным.

Што ж датычыцца j, то, па-мойму, у сербскім альфабэце ён зусім на месцы, але калі ўвесці j у беларускую арфаграфію, то выйдзе шмат труднасцей: мы не можам канчаткова выкінуць я, е, ё, ю.

Што да ДЗ, я б усё-такі стаяў за захаванне той арфаграфіі, якая існуе; бо і сапраўды, як ДЗ адзначыць S, якое тут прапануецца? У друку гэты знак яшчэ можна адрозніваць, а на пісьме – вельмі цяжка. А таму я знаходжу такі шлях рэформы небяспечным.

Мне здаецца, што ў даны момант цяжка прапанаваць якую-небудзь іншую рэформу. Праўда, я да гэтага прыходжу тэарэтычным шляхам, бо па-беларуску толькі чытаю, а пісаць не ўмею; з гэтай прычыны, можа, мой погляд з’яўляецца аднабаковым. Аднак, я рад адмеціць, што два практыкі зусім з іншага боку прыйшлі да такіх жа вывадаў» [Працы Акадэмічнае канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Менск, 1927. С. 154-155].

Не выключана, што менавіта думка нямецкага лінгвіста стала рашаючай пры вызначэнні як асноўнага прынцыпу беларускай арфаграфіі, так і канчатковым замацаванні кірыліцкай графікі.

У гісторыю еўрапейскай славістыкі М. Фасмер увайшоў найперш як складальнік «Этымалагічнага слоўніка рускай мовы», што ўзнік у выніку даследавання запазычанняў у рускай мове з грэчаскай мовы, іранска-славянскіх лексічных сувязей, аналізу тапанімікі Усходняй Еўропы балтыйскага, а потым фінскага паходжання і інш. Нягледзячы на пэўныя недахопы, гэтая грандыёзная па задуме і практычнаму ажыццяўленню праца выклікала, па словах праф. Б. Ларына, значнае ажыўленне айчынных этымалагічных даследаванняў, асвяжыла агульны інтарэс да пытанняў гісторыі мовы, дапамагла перагледзець многія традыцыйныя прыёмы і метады этымалагічных рэканструкцый.

Сярод крыніцазнаўчых прац слоўніка значыцца толькі пяць беларускіх: дыялектныя слоўнікі І. Насовіча (1870), У. Дабравольскага (1914), М. Каспяровіча (1927), зборнік народных песень С. Малевіча (1907), а таксама манаграфія Я. Карскага «Беларусы» (1904 – 1922). Спарадычна сустракаюцца спасылкі на Радзівілаўскі і Супрасльскі летапісы, асобныя старадрукі (Ф. Скарыны, В. Цяпінскага). Найчасцей жа М. Фасмер выкарыстоўвае «Смаленскі абласны слоўнік» У. Дабравольскага, пры гэтым ніяк не ідэнтыфікуючы яго з беларускай гаворкай.

Пераважная большасць беларускага матэрыялу ў слоўнікавых артыкулах падаецца без ніякіх каментарыяў, тыпу: Бондар, укр. бондар, боднар, блр. бондар, польск. bednarz, чеш. bednaш, в.-луж. bмtnar.; Будка 1. «сторожка», от буда, засвидетельствовано у Котошихина; см. Христиани 49; ср. укр. буда, будка, блр. буда.

У асобных выпадках М. Фасмер спрабуе даць больш шырокую характарыстыку таго ці іншага слова, зыходзячы з адметных рыс беларускай мовы. Параўн.: Аканье – средне- и южновеликорусское, а также белорусское произношение безударного гласного о как а или э. Баламут «болтун, подстрекатель», укр., блр. баламут «обманщик», баламутить «смущать, мутить», укр. баламутити, блр. баламуціць – то же, польск. bałamucic, bałamucic (последняя форма, по-видимому, из укр. или блр.).

Цэлае этымалагічнае даследаванне прысвяціў М. Фасмер паходжанню назвы беларус. Параўн.: Белорус, Белоруссия, прежде Белая Русь, со 2 пол. ХVII в.; см. Ламанский, ЖСт., 1891, 3, стр. 245 и сл., где отвергается предположение Потебни (там же, стр. 117 и сл.) о том, что. Белая Р. первонач. означало «свободная Русь, независимая от татар». Ср., однако, белая земля в противоположность тяглая земля в Домостр. К. С. ХVII в. официально употребляется в качестве названия страны Белая Россия (Коплонский 296 и др.), лат. Russia Alba; см. Первольф, AfslPh 3, 23. Вероятнее всего, это название объясняется светлым цветом волос и белой одеждой населения; см. Карский, Белорусы 1, 117; Первольф, там же; Кречмер, Glotta 21, 117. Ошибочно мнение Ильинского («Slavia», 6, 390 и сл.) о том, что название страны происходит от названия города Бельск на реке Белой, притоке Нарева. Этот город и другие, привлеченные Ильинским в качестве аргументов местн. н., напр. Белянка, польск. Białystok и т.д., играли в истории страны слишком незначительную роль, чтобы можно было говорить в данном случае об их влиянии; см. Расторгуев, ZfslPh 7, 220.

Каменціруючы гэты слоўнікавы артыкул, акадэмік А.Трубачоў (ён жа і перакладчык слоўніка на рускую мову), робіць спасылку на працу П. Крапівіна «Паходжанне назваў «Русь», «Белая Русь», «Чорная Русь» і «Чырвоная Русь» (Весці АН БССР, сер. грам.навук, 1956, №3), пры гэтым характарызуе этымалагічны росшук аўтара як «совершенно фантастично» [Этим. Сл., т. 1. М., 1986, с. 149].

«Этымалагічны слоўнік рускай мовы», як і іншыя працы нямецкага лінгвіста Макса Фасмера, несумненна, садзейнічалі шырокаму знаёмству еўрапейскай славістычнай грамадскасці з лексічнай спецыфікай беларускай мовы, спрыялі ажыўленню цікавасці да яе гісторыі і сучаснага стану.

БЕЛАРУСЬ БЫЛА БЕЛАЙ ПЛЯМАЙ...”
Цікавасць да беларускай мовы ў навуковых колах Аўстрыі ўзнікла толькі ў другой палове ХХ ст. Хутчэй гэта было не столькі навуковае зацікаўленне праблематыкай адной з “малодшых” на той час (у параўнанні з рускай) усходнеславянскіх моў, колькі імкненне хоць нешта ведаць з яе граматыкі, графікі і арфаграфіі, лексікі, фанетыкі пры правядзенні параўнальна-тыпалагічных даследаванняў на міжславянскім матэрыяле. Нягледзячы на тое, што ў Венскім універсітэце кафедра славянскай філалогіі існавала з 1849 года і мела даўнія традыцыі ў галіне русістыкі, паланістыкі, багемістыкі і інш., пра Украіну і Беларусь там доўгі час проста не ведалі. Не было ні практычных заняткаў, ні тэарэтычных выкладаў на мовах гэтых славянскіх народаў.

Як прызнаецца ў адным з інтэрв’ю Герман Бідэр, прыходзілася самастойна шукаць доступ да крыніц фактычнага матэрыялу, адшукваць старыя беларускія і ўкраінскія тэксты, паглыбляцца ў гістарычную праблематыку гэтых моў: “...для мяне сталася сапраўдным адкрыццём, што ёсць у Беларусі вялікая культурна-гістарычная спадчына, што старабеларуская мова ўжывалася працяглы час у самых розных сферах жыцця” (ЛіМ, 1994, 7 кастрычніка).

Герман Бідэр (Hermann Bieder) нарадзіўся 21 кастрычніка 1941 г. у Маркерсдорфе ў Ніжняй Аўстрыі, у якой з 1945 да 1955 г. знаходзіліся савецкія войскі. Закончыў Венскую гандлёвую акадэмію і Венскі універсітэт, атрымаў кваліфікацыю перакладчыка з рускай мовы. Вывучаў на працягу 1963 – 1970 гг. славянскую філалогію і ўсходнееўрапейскую гісторыю, у 1970 годзе абараніў кандыдыцкую дысертацыю “Станіслаў Бжазоўскі і расійская літаратура”. У 1966 і 1967 гг. Герман Бідэр праслухаў курс балгарскай мовы і літаратуры ў Сафійскім універсітэце і прайшоў гадавую стажыроўку ў Варшаўскім універсітэце. З 1971 да 1985 г. працаваў асістэнтам у Інстытуце славістыкі Зальцбургскага універсітэта, у 1972 і 1973 гг. паўторна праслухаў курс па балгарыстыцы ў Сафіі і прайшоў стажыроўку ў Інстытуце польскай мовы Польскай Акадэміі навук у Кракаве.

Першае знаёмства з беларускай мовай у Германа Бідэра адбылося ўлетку 1965 года, калі ён па дарозе ў Маскву купіў на брэсцкім вакзале беларускую газету і потым у цягніку паспрабаваў прачытаць яе. Паколькі к таму часу ён ужо добра ведаў рускую і польскую мовы, то чытаць беларускія тэксты, асабліва старыя, было параўнальна нескладана.

У 1970-я гады для аўстрыйскага славіста атрымаць стажыроўку ў колішняй Савецкай Беларусі было амаль немагчыма, і Герман Бідэр вырашыў самастойна заняцца вывучэннем гісторыі беларускай мовы, найперш такіх яе помнікаў, як Статуты Вялікага княства Літоўскага 1529 і 1588 гг. Навуковыя публікацыі вучонага ў гэты перыяд былі прысвечаны старажытным нямецка-беларускім моўным кантактам у галіне фанетыкі і правапісу, высвятленню ролі польскага пасрэдніцтва ў гэтым узаемадзеянні (Das Litauische Statut von 1529: Bemerkungen zur historischen Orthographie und Phonetik der Altweissrussischen Rechtsprache [Літоўскі Статут 1529 года: Заўвагі адносна гістарычнага правапісу і фанетыкі старабеларускай юрыдычнай мовы] // Wiener Slawistisches Jahrbuch. 1973. Bd. 18; Die morphologische Adaptation deutscher Substantiva in Altweissrussischen Sprachdenkmälern aus der Sicht der deutschen historischen Morphologie [Марфалагічная адаптацыя нямецкіх назоўнікаў у старабеларускіх моўных помніках з пункту гледжання нямецкай гістарычнай марфалогіі] // The Journal of Byelorussian Studies. London, 1978. Vol. 4. Nr. 2.). Грунтоўным падмуркам у гэтай справе для аўстрыйскага лінгвіста сталі калектыўная манаграфія “Гістарычная лексікалогія беларускай мовы” (1970), манаграфічныя даследаванні М. Булахава, А. Булыкі, А. Жураўскага, Л. Шакуна і інш. І хоць сам Герман Бідэр з вышыні сённяшняга часу свае першыя беларусазнаўчыя працы ацэньвае толькі як своеасаблівы вопыт пачаткоўца, тым не менш ужо ў іх ён выявіў сябе як удумлівы і сур’ёзны навуковец з уласным поглядам на развіццё пэўных з’яў у гісторыі беларускай мовы. Развіццю беларусазнаўчых даследаванняў таксама паспрыялі асабістыя кантакты з беларускімі лінгвістамі, што адбыліся ў час двухмесячнай стажыроўкі ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР у 1977 годзе.

Вывучэнне германізмаў на аснове картатэкі гістарычнага слоўніка беларускай мовы, абмеркаванне розных праблем гістарычнага развіцця старабеларускай мовы, а таксама пытанняў сучаснай беларускай літаратурнай мовы з Аркадзем Жураўскім, Аляксандрам Булыкам, Арнольдам Міхневічам, Аляксандрам Падлужным, Уладзімірам Свяжынскім, Іванам Крамко, Мікалаем Бірылам, Пятром Садоўскім і іншымі ўпэўніла Германа Бідэра ў правільнасці выбару навуковых прыярытэтаў, дазволіла скарэкціраваць уласныя погляды на гістарычны лёс беларускай мовы, па-новаму ацаніць моўную сітуацыю ў тагачасным беларускім грамадстве. Назапашаны фактычны матэрыял з беларускай і іншых славянскіх моў стаў асновай доктарскай дысертацыі “Нямецкія словаўтваральныя элементы ў славянскіх мовах”, абароненай у 1986 годзе.

Праца над доктарскай дысертацыяй і пэўныя складанасці сацыяльна-палітычнага і культурна-адукацыйнага кшталту на некаторы час прыпынілі кантакты Германа Бідэра з беларускімі калегамі. Новым узлётам яго беларусазнаўчай дзейнасці сталі 1990-я гады, калі адбыўся распад Савецкага Саюза на асобныя дзяржавы-пераемніцы, з’явілася рэальная магчымасць для адраджэння моцна зрусіфікаваных нацыянальных моў і выканання імі ў поўным аб’ёме функцый агульнадзяржаўнага і агульнанароднага сродку зносін. На гэты ж перыяд прыпадае і актыўная грамадска-культурніцкая дзейнасць Германа Бідэра як замежнага ганаровага члена Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Пра плённасць і незвычайную працавітасць вучонага ў галіне беларусістычных зацікаўленняў гэтага часу яскрава сведчыць храналогія навуковых дакладаў, рэфератаў, газетных і часопісных публікацый, інтэрв’ю. Параўн.:



  1. Сучасная моўная і культурная палітыка ў Беларусі (Патсдам, 1992);

  2. Нямецкамоўная Еўропа і Беларусь (Мінск, “Культура”, 1992, № 17);

  3. Моўная сітуацыя ў Беларусі (Прага, 1993);

  4. Гісторыя моўнай палітыкі ў Беларусі 1905 –1993 гг. (Вена, 1993);

  5. Тэндэнцыі моўнай палітыкі ў Беларусі (Ляйпцыг, 1994);

  6. Сацыялінгвістычныя аспекты беларускай мовы (Берлін, 1995);

  7. Абнаўленне сучаснай беларускай літаратурнай мовы ў кантэксце славянскага адраджэння (Мінск, 1995);

  8. Перспектывы сучаснай беларускай літаратурнай мовы (Інсбрук, 1995);

  9. Тэндэнцыі развіцця нормаў беларускай літаратурнай мовы (Ольштын, 1995);

  10. Праблемы нармалізацыі сучаснай беларускай літаратурнай мовы (Грайсвальд, 1995);

  11. Да пытання аб моўнай сітуацыі і моўнай палітыцы ў Беларусі (Інсбрук, 1996);

  12. Аўстрыйскі славіст – пра лёс мовы (Інтэрв’ю) // Наша ніва, 1997, 3 лістапада.

  13. Шляхі развіцця лексікі беларускай літаратурнай мовы (Мінск, 1997);

  14. Праблемы нармалізацыі заходнепалескай літаратурнай мовы (Львоў, 1998);

  15. Моўная сітуацыя ў Заходнім Палессі (Мінск, 1998);

  16. Сучасная моўная сітуацыя ў Беларусі (Мінск, 2001) і інш.

У гэтыя гады ў вышэйшай ступені выявіліся такія рысы Германа Бідэра-навукоўца, як эрудыраванасць, глыбокая дасведчанасць і аб’ектыўнасць, шчырая павага да беларускай мовы і культуры, імкненне паспрыяць далейшаму развіццю беларускага пісьменства. Вучоны не толькі даследуе стан моўнай сітуацыі ў Беларусі пачатку і сярэдзіны 90-х гадоў, першае і другое адраджэнне беларускай мовы і культуры, рэлігійнае і палітычнае развіццё, моўнае заканадаўства ў краінах былога Савецкага Саюза, але і спрабуе асэнсаваць далейшыя шляхі развіцця беларускай і ўсходнеславянскіх моў, найперш у галіне лексіка-стылістычных сродкаў і тэрміналогіі. Заклапочана-сенсацыйным у гэтым плане стаўся даклад “Шляхі развіцця лексікі беларускай літаратурнай мовы”, з якім аўстрыйскі лінгвіст выступіў у 1997 годзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на міжнароднай навуковай канферэнцыі “Беларуская мова ў другой палове ХХ стагоддзя”.

Менавіта ў гэтым выступленні знайшла сваё далейшае развіццё і абгрунтаванне выказаная Г. Бідэрам у папярэдніх працах думка аб абнаўленні беларускай мовы дзеля яе ўзбагачэння за кошт уласных рэсурсаў, а таксама для больш выразнага адрознення яе ад суседніх славянскіх моў. Як лічыць вучоны, “развіццё лексікі і стылістыкі беларускай літаратурнай мовы, якой трэба пазбягаць аднабаковых шляхоў свайго папаўнення, павінна сыходзіць з інтэграцыі, у першую чаргу агульнабеларускіх дыялектызмаў і пашыраных рэгіяналізмаў, у другую чаргу, аўтарскіх словаўтваральных неалагізмаў, і толькі ў трэцюю чаргу за кошт запазычанняў з іншых моваў”. І калі тэзіс аб папаўненні лексіка-стылістычных сродкаў сучаснай беларускай і літаратурнай мовы за кошт дыялектызмаў і запазычанняў быў даўно прыняты беларускай лінгвістыкай, то ўключэнне сюды індывідуальна-аўтарскай намінацыі катэгарычна адмаўлялася, хоць практыка паўсядзённага маўлення на радыё і тэлебачанні, а таксама газетна-часопісныя матэрыялы сведчылі аб адваротным. Ці не дзякуючы толькі Герману Бідэру і некаторым яго прыхільнікам у беларускай мове ў нашы дні стала прыжыліся неалагізмы тыпу прынамсі, напрыканцы, трубацяг, выснова, згадаць, нагода, выстава і да т.п.

У апошнія гады зацікаўленнямі вучонага сталі праблемы граматычнай тэрміналогіі ўсходніх славян. З беларусазнаўчых прац у гэтым напрамку адзначым даклады Германа Бідэра “Польска-беларускія моўныя кантакты ў галіне лінгвістычнай тэрміналогіі ( на матэрыяле “Беларускай граматыкі для школ” Браніслава Тарашкевіча)” і “Стварэнне мовазнаўчай тэрміналогіі беларускай мовы ў дваццатыя гады ХХ стагоддзя” на навуковых канферэнцыях у Мінску, артыкул “Тэрміналагічныя праблемы класіфікацыі сказаў у ранняй беларускай граматыкаграфіі” ў зборніку прац да 75-годдзя прафесара А. Мальдзіса “Беларусь і беларусы ў прасторы і часе”.

Навуковая і арганізатарская дзейнасць Германа Бідэра як галоўнага спецыяліста ў галіне беларускай мовы ў нямецкамоўных краінах Еўропы з’явілася яскравым узорам і прыкладам для іншых замежных лінгвістаў, стала зыходнай асновай новых праектаў, звязаных з вывучэннем асаблівасцей беларускай мовы. Так, напрыклад, на працягу апошніх гадоў праблему так званай “трасянкі” даследуе прафесар Герд Генчэль з Ольдэнбургскага універсітэта ў Германіі. Беларуская мова становіцца аб’ектам даследавання ў некаторых іншых універсітэтах Аўстрыі і Германіі, запатрабаванасць набываюць навуковыя распрацоўкі беларускіх лінгвістаў. Ва ўсім гэтым бачыцца несумненная заслуга Германа Бідэра – шчырага рупліўца на ніве беларускай лінгвістычнай навукі.



З ПРАЦ Г. БІДЭРА, ПРЫСВЕЧАНЫХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ
РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРНАЙ МОВЫ Ў КАНТЭКСЦЕ СЛАВЯНСКАГА АДРАДЖЭННЯ
1. Дыскусія пра моўную рэформу на Беларусі

3 1986 г. да нашых дзён на Беларусі праводзіцца публічная дыскусія пра стан і будучае беларускай літаратурнай мовы. У час гэтай дыскусіі, у якой прымаюць удзел не толькі пісьменнікі, філолагі і публіцысты, але і больш шырокія колы інтэлігенцыі, абмяркоўваюцца пытанні, якія датычацца нормы літаратурнай мовы на ўсіх узроўнях. Дыскусія пра ацэнку нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы падзяліла інтэлігенцыю краіны на два лагеры — рэфарматараў, якія дамагаюцца грунтоўнага абнаўлення літаратурнай мовы, і традыцыяналістаў, якія абараняюць захаванне літаратурнай мовы ў сённяшняй форме (Крывіцкі А. А. Нацыянальная моватворчасць і мясцовыя гаворкі // Беларусь: Шляхі абнаўлення і развіцця. Матэрыялы навуковай сесіі Аддзялення гуманітарных навук Акадэміі навук Беларусі. Мн., 1993. С. 263-269). За гэтымі рознымі ўяўленнямі нормы мабыць крыюцца розныя моўна- і культурнапалітычныя, а нават агульнапалітычныя ўяўленні, у якіх адбіваецца сітуацыя Беларусі паміж Усходам і Захадам.

Рэфарматары змагаюцца за паўторнае ўвядзенне дарэформавай літаратурнай мовы, якая ўжывалася да 1933 г. у Савецкай Беларусі і да 1939 г. у Заходняй Беларусі, пэўны час на працягу Другой сусветнай вайны, а пасля яе заканчэння і далей ужываецца ў Заходняй Еўропе і Амерыцы беларускай эміграцыяй. Рэфарматары адхіляюць скажоную і зрусіфікаваную літаратурную мову, аблічча якой сфармавана палітычна матываванай моўнай рэформай 1933 г. і мэтанакіраваным распаўсюджваннем беларуска-расійскай двухмоўнасці ў час панавання таталітарызму. Сваім дамаганнем абнаўлення беларускай літаратурнай мовы рэфарматары ідэйна працягваюць моўнае планаванне 20-х гадоў, калі праводзілася нармалізацыя літаратурнай мовы на падставе прыкмет сярэднебеларускіх пераходных гаворак і паўднёвазаходняга дыялекту, адмежаванне нормаў беларускай літаратурнай мовы ад нормаў расійскай мовы і ў меншай ступені — ад польскай мовы. Цяпер рэфарматары дамагаюцца, у прыватнасці, паўторнага ўвядзення арфаграфічна-фанетычных, марфалагічных і словаўтваральных нормаў, якія фіксаваліся падручнікамі Б. Тарашкевіча і братоў Язэпа і Антона Лёсікаў, і патрабуюць перагляду беларускай лексікі, фразеалогіі, тэрміналогіі, а таксама адраджэння беларускай антрапалогіі і тапаніміі. Часам прапанаваныя моўныя змены, асабліва ў галіне лексікі, фразеалогіі і стылістыкі, робяць уражанне адсутнасці яснай канцэпцыі моўнай рэформы.

Традыцыяналісты, з другога боку, апраўдваюць збліжэнне беларускай літаратурнай мовы з расійскай мовай за кошт размывання спецыфікі беларускай мовы. Звычайна яны бачаць сваю галоўную задачу ў захаванні стабільнасці моўнай нормы 30-50-х гадоў і асуджэнні ўсіх пазнейшых спроб змянення нормаў. У прыватнасці, традыцыяналісты ажыццяўлялі інтэнсіўнае збліжэнне беларускай лексікі з лексікай расійскай мовы шляхам правядзення кампаній супраць так званай дыялектызацыі літаратурнай мовы, дыскрэдытавалі неалагізмы як штучныя ўтварэнні, выступалі супраць адраджэння старых слоў, паўторных запазычанняў з польскай мовы, у падтрымку лексічнага ўплыву расійскай мовы. У гэтым духу традыцыяналісты часта тлумачаць познія запазычанні з расійскай мовы як старую агульную спадчыну абедзвюх усходнеславянскіх моваў, у той жа час адмаўляюць усялякую сувязь паміж старабеларускім і новабеларускім моўнымі перыядамі.

Традыцыяналісты папракаюць рэфарматараў ва ўзнікненні крызісу формы і разам з тым блакуюць любыя спробы правядзення моўных рэформаў, што бачна ў запавольненні ўвядзення наспелых змен у арфаграфіі. У духу гэтай старой савецкай моўнай палітыкі традыцыяналісты асуджаюць патрабаванне рэфарматараў самастойнага развіцця беларускай літаратурнай мовы як праяву беларускага нацыяналізму і моўнага пурызму, як спробу паўторнай паланізацыі і мэтанакіраванага аддалення беларускага народа ад расійскага.

Каб паказаць, што такія папрокі традыцыяналістаў у адрас рэфарматараў не маюць падстаў, пра што сведчыць вопыт іншых славянскіх культурных рухаў за нацыянальнае адраджэнне, мы паспрабуем ахарактарызаваць тыя ўяўленні і канцэпцыі, што інспіравалі гэтыя рухі народаў па-за межамі царскай Расіі і пазней – Савецкага Саюза, у прыватнасці, на тэрыторыі былой Габсбургскай манархіі і яе дзяржаў-наступнікаў.

2. Рухі нацыянальна-культурнага адраджэння славянскіх народаў у Габсбургскай імперыі

У шматэтнічнай і шматканфесійнай імперыі Габсбургаў моўная сітуацыя паасобных славянскіх народаў на пачатку нацыянальнага адраджэння ў канцы XVIII і пачатку XIX ст. была даволі своеасаблівая. Чэшская пісьменнасць на працягу XVII—XVIII стст. прыйшла да заняпаду, а яе функцыі былі моцна абмежаваныя. Славянская пісьменнасць ХУІ-ХУІІІ стст. развівалася толькі ў некаторых вузкіх сферах. Харваты ўжывалі некалькі літаратурных моваў, якія грунтаваліся на розных лакальных дыялектах, але не мелі агульнанацыянальнай літаратурнай мовы. Сербы карысталіся толькі сербска-царкоўнаславянскай пісьменнасцю, якая моцна адрознівалася ад сербскай народнай мовы. Славакі ўсё яшчэ традыцыйна ўжывалі чэшскую літаратурную мову. Русінская мова, што ўжывалася на той час у Галіцыі, ужо не магла выканаць функцыі сучаснай літаратурнай мовы. Толькі палякі захавалі сваю стабільную літаратурную мову і развівалі яе насуперак падзелам краіны.

У XVIII ст. некаторыя славянскія народы ў выніку асіміляцыі страцілі не толькі частку насельніцтва з-за анямечання, але наогул былі вымушаны змагацца за выжыванне ў якасці самастойнага этнасу і захаванне моўнай супольнасці. Толькі ў першай палове XIX ст. паступова палепшылася іх этнічна-моўная сітуацыя, а на працягу другой паловы апошняга стагоддзя ім канчаткова ўдалося забяспечыць сваё існаванне.

У першай палове XIX ст. усе славянскія народы аўстрыйскай манархіі яшчэ стаялі перад праблемай нізкага грамадскага прэстыжу сваіх нацыянальных моваў у параўнанні з нямецкай мовай, якая тады ўжывалася па ўсёй імперыі не толькі ў якасці мовы палітыкі, адміністрацыі і арміі, асветы і навукі, але была таксама мовай вышэйшых грамадскіх слаёў у гарадах ненямецкіх тэрыторый. Нягледзячы на тое, прадстаўнікам амаль усіх славянскіх народаў Габсбургскай манархіі ўдалося з канца XVIII ст. да паловы XIX ст. распрацаваць ясныя канцэпцыі адносна асноў і крыніц літаратурнай мовы, яе нармалізацыі і кадыфікацыі, а таксама яе ўвядзення ва ўсе грамадскія сферы жыцця. У другой палове XIX ст. урэшце шматлікім славянскім народам, якія жылі пераважна ў розных адміністрацыйных адзінках імперыі, удалося стварыць агульнанацыянальныя культурныя інстытуцыі, распрацаваць агульнанацыянальныя літаратурныя мовы і дамагчыся іх ужывання ў школе, адміністрацыі і палітыцы, у прэсе і белетрыстыцы, і нават у розных галінах навукі. Славянскія нацыянальныя мовы манархіі настолькі развіліся да Першай сусветнай вайны, што яны змаглі функцыянаваць як паўнацэнныя сучасныя літаратурныя мовы і пасля распаду Габсбургскай манархіі.

Як у XIX ст. праводзілася рэалізацыя моўнага планавання, мне хочацца прадэманстраваць на прыкладзе развіцця чэшскай лексікі і словаўтварэння Й. Юнгманам. Гэты славуты лексікограф выклаў у сваёй працы «Slovesnost» (2-е выд. 1846 г.) прынцыпы стварэння чэшскай лексікі, якая тады яшчэ мела вялікія недахопы, у прыватнасці ў галіне абстрактнай і тэрміналагічнай лексікі. У тых выпадках, калі не знаходзілася адпаведнае слова ў пісьмовых помніках XVI ст., залатой пары чэшскай культуры, або ў гаворках, Юнгман дапускаў запазычанні з іншых славянскіх моваў ці словаўтваральныя неалагізмы. Неалагізмы або ствараліся свабодна з чэшскіх марфем або рэпрадукавалі кампаненты чужога (звычайна нямецкага ці лацінскага) слова чэшскім моўным матэрыялам (напрыклад, žalozpěv з ням. К1аggesang). У сваім шматтомным чэшска-нямецкім слоўніку (Прага, 1835-1839) Юнгман змясціў лексіку чэшскай літаратуры залатой пары і ранейшых часоў, а таксама свае ўласныя неалагізмы. Для Юнгмана важнай справай было пазбавіцца тых чужых элементаў, якія маглі прынізіць нацыянальную якасць і годнасць чэшскай мовы. Гэта дасягалася шляхам замены нямецкіх слоў перадусім чэшскімі, або прынамсі славянскімі словамі (напр., handi Юнгман замяніў сінанімічным obchod; luft замяніў русізмам vzduch). Пераважная большасць тэрмінаў Юнгмана трывала замацавалася ў чэшскай мове. Была створана спецыяльная наменклатура ў розных галінах навукі, асветы і адміністрацыі, так што з другой паловы XIX ст. можна было пісаць па-чэшску без цяжкасцей пра такія галіны, як хімія, батаніка, музыка, права і г. д. Уяўляе цікавасць, як хутка чэшская літаратурная мова дасягнула полівалентнага статуса і стабільнасці нормаў (Auty R. Czech // The Slavic Literary Languages: Formation and Development. New Haven. 1980. P. 163-182). У апошняй чвэрці XIX ст. у Чэхіі разгарнулася вострая кампанія за ачыстку мовы, асабліва за пазбаўленне ад усяго таго, што якім-небудзь чынам магло нагадваць уплыў нямецкай мовы. Гэту кампанію арганізавала Чэшская Маціца (Маtісе Čеsкá), якая апублікавала свае асноўныя правілы ў працы «Тачыла чэшскай мовы» («Вrus jаzука čеsкehо») у 1877 г. Так званыя брусічы можа нават з празмерным стараннем пачалі ліквідоўваць апошнія ўплывы нямецкай лексікі і сінтаксісу з чэшскай мовы.

У паслядоўнай дэгерманізацыі чэхі -- не выключэнне, бо і іншыя славянскія народы падобным чынам таксама ачысцілі сваю літаратурную мову ад нямецкага ўплыву ў лексіцы, словаўтварэнні і сінтаксісе. Славенскі моўны рэфарматар Ф. Леўстык (F. Lеvstіk), напрыклад, у другой палове XIX ст. не толькі адкінуў яўныя лексічныя германізмы, але і абмежаваў уплывы нямецкага словаўтварэння (калькі складаных слоў) і спецыфічныя канструкцыі нямецкага сінтаксісу (Toporišič J. Zur sprachlichen Situation des Polnischen an der Wende vom 19. zum 20. Jahrhundert // Zeitschrift für Slawistik. 1984. Bd. 29. H. 6. S. 853-863).

3. Нацыянальная палітыка ў Аўстра-Венгрыі і яе дзяржавах-наступніках

Развіццё большай часткі славянскіх літаратурных моваў у Аўстрыйскай імперыі не атрымала б такіх спрыяльных магчымасцей, калі б аўстрыйская моўная і нацыянальная палітыка, якая пачала праводзіцца пасля рэвалюцыі 1848 г., і асабліва з 1867 г. — года пагаднення Аўстрыі з Венгрыяй, не была даволі талерантнай. Асноўныя канцэпцыі нацыянальнай палітыкі аўстрыйс-кай і венгерскай частак імперыі былі, аднак, розныя. У той час, як аўстрыйская канстытуцыя 1867 г. трактавала Аўстрыю як шматэтнічную дзяржаву, венгерскі закон па нацыянальных пытаннях 1868 г. зыходзіў з ідэалу мадзьярскай гамагеннай нацыянальнай дзяржавы. Згодна з аўстрыйскай канстытуцыяй, усе народы дзяржавы былі раўнапраўныя, і кожны меў непарушнае права на захаванне сваёй нацыянальнасці і мовы. Аўстрыйская канстытуцыя гарантавала раўнапраўе ўсіх карэнных моваў у школах, установах і грамадскім жыцці. Хоць нямецкая мова ў многіх адносінах дамінавала ў аўстрыйскай частцы імперыі, але яна ўсё ж не мела афіцыйнага статуса дзяржаўнай мовы. У Аўстрыі, акрамя таго, не было моцнага асіміляцыйнага націску; наадварот, паасобныя славянскія народы змаглі не толькі ўтрымаць свой колькасны склад, але нават павялічыць яго за кошт нямецкай мовы. Венгры ж з 1867 г. павялі барацьбу супраць усіх немадзьярскіх моваў у гістарычнай Венгрыі ў мэтах стварэння гамагеннай мадзьярскай дзяржавы (Goebl H. Geschichte lernen und aus Geschichte lernen. Die altösterreichische Sprachenvielfalt und Sprachenpolitik als Modellfall für ein Europa von heute und morgen // Die slawischen Sprachen (Salzburg). 1994. Bd. 39. S. 5-42).

З-за гэтай неталерантнай палітыкі мадзьярызацыі найбольш цярпелі славакі. Славацкаму нацыянальнаму руху трэба было весці барацьбу на двух франтах: перш-наперш, супраць чэхаў, а затым — венграў. Пасля стварэння і кадыфікацыі славацкай літаратурнай мовы Л. Штурам (L.Štur) у 1846 г. (тады выйшла яго граматыка Nauka reči slovenskej) і прыняцця гэтай мовы моўным пагадненнем славацкіх лютэранаў і католікаў у 1851 г. (так званай рэформай М. Годжы і М. Гаталы), славацкаму нацыянальнаму руху трэба было абараняцца, з аднаго боку, супраць атак чэшскай культурнай і палітычнай эліты (Й. Юнгмана, Ф. Палацкага, К. Гавлічка-Бораўскага), якая лічыла славакаў часткай чэшскай нацыі, а з другога боку, супраць старэйшага пакалення славацкіх лютэранаў (П. Шафарыка, а перадусім Я. Колэара), бо і той і другі лагер асудзіў так званае адшчапленне славакаў. Пасля аўстравенгерскай угоды 1867 г. сітуацыя славацкай літаратурнай мовы і культуры пагоршылася радыкальна. У наступныя гады забаранілі Славацкую Маціцу, зачынілі ўсе славацкія школы, усе праявы славацкага нацыянальнага духу жорстка праследаваліся. У 70-80-я гады амаль прыпынілася ўсялякая палітычная дзейнасць славакаў у Венгрыі. Функцыі славацкай літаратурнай мовы да 1918 г. былі абмежаваны толькі белетрыстыкай (Durovič L. Slovak // The Slavic Literary Languages: Formation and Development. New Haven. 1980. P. 211-228).

Ды і ў міжваенны час славацкая нацыя і мова яшчэ вырашалі праблему свайго існавання. Справа ў тым, што ў канстытуцыі незалежнай Чэхаславакіі 1920 г. гаворка ішла пра адзіную чэхаславацкую нацыю і чэхаславацкую мову, што на практыцы азначала адмаўленне існавання славацкай нацыі і славацкай літаратурнай мовы. Тэндэнцыі моўнай уніфікацыі свядома культываваліся з агульнапалітычных меркаванняў. Гэта знайшло адлюстраванне і ў кадыфікацыі літаратурнай мовы, асабліва ў Правілах славацкага правапісу (Ргаvidla slovenskeho pravopisu) 1931 г. Іx аўтар, чэшскі лінгвіст В. Важны, даў перавагу тым формам і варыянтам, якія былі бліжэй да чэшскай мовы, не зважаючы на тое, ці былі яны наогул прыняты ў славацкай мове, ці не. Ён дапусціў таксама лексічныя варыянты, якія не адпавядалі славацкай літаратурнай мове. Гэтыя правілы славацкага правапісу былі створаны каб паскорыць зліццё славацкай мовы з чэшскай. Тэндэнцыя чэхізацыі славацкай мовы, аднак, выклікала аўтанамістычны супраціўны рух, які кіраваўся моўным узусам Славацкай Маціцы і ўрэшце паспяхова абараніў самастойнасць славацкай літаратурнай мовы. Толькі ў 1945 г. Другая Чэхаславацкая рэспубліка ў кошыцкай урадавай праграме прызнала існаванне славацкай нацыі з сваёй ўласнай мовай (Gladrow A. Tendenzen der literatursprachlichen Entwicklung in der Slowakei nach dem Ersten Weltkrieg // Zeitschrift für Slawistik. 1986. Bd. 31. H. 4. S. 552-555). Прыклад цяжкага развіцця славацкай літаратурнай мовы павучальны тым, што ён мае дакладныя паралелі ў развіцці беларускай літаратурнай мовы.

4. Канцэпцыя далейшага развіцця нормаў беларускай літаратурнай мовы

Гэты кароткі экскурс у гісторыю абнаўлення славянскіх літаратурных мо-ваў у Аўстра-Венгрыі перадусім паказвае, што тыя нацыяналістычныя і пурыстычныя тэндэнцыі, у якіх папракаюць сёння традыцыяналісты рэфарматараў, у перыяд адраджэння славянскіх нацыянальных культур былі агульнапашыранымі, паслядоўна рэалізаваныя і апраўдаліся з пункту гледжання задач абнаўлення або стварэння славянскіх літаратурных моваў. Славянскія нацыянальныя рухі ў XIX ст. змагаліся за самастойнае развіццё сваіх нацыянальных моваў, абараняючыся, з аднаго боку, ад палітычнай і культурнай перавагі нямецкай, а пазней і венгерскай мовы, а з другога боку, правялі размежаванні паміж паасобнымі славянскімі нацыянальнымі мовамі.

Апрача таго, кідаецца ў вочы, што беларуская літаратурная мова не была распрацавана мэтанакіравана прадстаўнікамі нацыянальнай інтэлігенцыі на аснове падрабязнай праграмы развіцця мовы, але яе нармалізацыя праводзілася (падобна як у ўкраінцаў) толькі пасля амаль стогадовага развіцця пісьмовай традыцыі ў белетрыстыцы і публіцыстыцы. Прычыны гэтай з'явы, як вядома, у жорсткай русіфікатарскай палітыцы царскай Расіі да 1906 г, дзе афіцыйна ўжывалася толькі расійская дзяржаўная мова і амаль кожная нацыянальная мова была забаронена ў грамадскім жыцці.

Вынікі адсутнасці канцэпцыі развіцця беларускай літаратурнай мовы ў XIX ст. адбіліся на ёй негатыўна, таму што не ўсе магчымыя падставы літаратурнай мовы, у прыватнасці, літаратурныя і публіцыстычныя працы, дыялектныя матэрыялы, народная паэзія і гістарычная пісьменнасць былі выкарыстаны. Паскоранае выданне кароткай версіі беларускага гістарычнага слоўніка, а таксама агульнабеларускага дыялектнага слоўніка ў форме сінтэзу шматлікіх рэгіянальных дыялектных слоўнікаў змагло б значна палегчыць выпрацоўку лексічных сродкаў на базе гэтых патэнцыяльных крыніц беларускай літаратурнай мовы.

Шырокае выкарыстанне дыялектных, фальклорных і гістарычных крыніц змагло б прывесці да рацыянальнага ўзбагачэння агульнай і абстрактнай лексікі, а таксама неафіцыйнай тэрміналогіі, у той час як афіцыйныя спецыяльныя тэрміналогіі павінны быць распрацаваны пераважна шляхам выкарыстання міжнароднай лексікі і стварэння неалагізмаў. Аднак трэба было выкарыстаць як гістарычныя і фальклорныя тэксты, так і дыялектныя матэрыялы з пункту гледжання нацыянальнай самабытнасці беларускай лексікі і не разлічваць на пазнейшыя чужыя моўныя напластаванні, у першую чаргу матэрыяльныя запазычанні, а таксама механічныя калькі з суседніх моваў.

Абнаўленне, аднак, павінна закрануць не толькі агульную і тэрміналагічную лексіку, але і прадугледжваць адмаўленне ўсіх моўных прыкмет, якія ўводзіліся прымусовымі мерамі ў словаўтварэнні, марфалогіі і сінтаксісе, а таксама ў арфаграфіі і ў галіне ўласных назваў.

Канцэпцыя абнаўлення нормаў беларускай літаратурнай мовы на ўсіх узроўнях можа быць распрацавана толькі шляхам супрацоўніцтва кампетэнтных навуковых інстытуцый, уплывовых грамадскіх арганізацый, Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і розных парламенцкіх камісій. Відаць, яшчэ больш важнай з'явілася б паслядоўная рэалізацыя такой канцэпцыі ў моўнай практыцы. На працягу рэформеннага перыяду варта было б адмовіцца ад жорсткай нармалізацыі літаратурнай мовы, каб альтэрнатыўныя лексічныя элементы, флексійныя формы, сінтаксічныя канструкцыі або фанетычна-арфаграфічныя варыянты змаглі свабодна супернічаць. За здзяйсненне такога моўнага абнаўлення ўся патрыятычная беларуская інтэлігенцыя павінна змагацца і выхоўваць шырокія колы насельніцтва ў духу захавання беларускай мовы і культуры.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка