Беларуская мова




старонка1/13
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.2 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13
М. Р. Прыгодзіч

А. А. Прыгодзіч



БЕЛАРУСКАЯ МОВА

Ў ПРАЦАХ

ЗАМЕЖНЫХ ЛІНГВІСТАЎ

МІНСК


БДУ

2010


УДК 811.161.3(091)(4-15)

ББК 81.2Бел.Г(4)

П85

Р э ц э н з ен т ы:


доктар філалагічных навук, прафесар Н. Б. Мячкоўская;

доктар філалагічных навук, прафесар В. Д. Старычонак




Прыгодзіч, М. Р.

П 85 Беларуская мова ў працах замежных лінгвістаў / М. Р. Прыгодзіч,

А. А. Прыгодзіч. -- Мінск.: БДУ, 2010. – 184 с.
ISBN 978-985-518-328-1

У працы аналізуецца навукова-даследчая дзейнасць такіх замежных беларусістаў, як Э. Смулкова, Г. Бідэр, А. Золтан, К. Гутшміт, Л. Пісарэк, Г. Генчэль – найбольш аўтарытэтных спецыялістаў у галіне беларускай мовы ў заходнееўрапейскіх краінах.

Адрасуецца навукоўцам, аспірантам, студэнтам філалагічных спецыяльнасцей вышэйшых навучальных устаноў.
УДК 811.161.3(091)(4-15)

ББК 81.2Бел.Г(4)

© Прыгодзіч, М. Р., Прыгодзіч А. А., 2010

ISBN 978-985-518-328-1 © БДУ, 2010

ПРАДМОВА
Лёс беларускай мовы на працягу многіх дзесяцігоддзяў быў у полі зроку як айчынных, так і замежных славістаў. І няхай сабе не кожны з іх, скажам, у ХІХ ст., лічыў мову беларусаў самастойнай і самадастатковай, аднак выкарыстанне беларускага матэрыялу ў разнастайных даследаваннях літаратуразнаўчага, фалькларыстычнага, геаграфічна-этнаграфічнага і іншага характару ў значнай ступені спрыяла як сацыяльна-грамадскаму, так і ў цэлым навуковаму прызнанню беларускай мовы. Пры гэтым шлях да асэнсавання характару беларускай мовы ў кожнага з навукоўцаў быў сваім, іншым разам прыходзілася істотна карэкціраваць ранейшыя погляды, нават кардынальна змяняць думку з улікам новых матэрыялаў і апублікаваных даследаванняў.

Фактычна першым з замежных даследчыкаў, хто звярнуў увагу на беларускую мову, быў Самуіл-Багуміл Ліндэ, які ў 1816 г. апублікаваў у Варшаве працу Аб Літоўскім статуце, рускай мовай і друкам выдадзеным паведамленне”. Прыблізна ў гэты ж час вызначыць спецыфіку беларускай мовы паспрабаваў П. Шафарык у працы на нямецкай мове “Гісторыя славянскіх моў і літаратур паводле ўсіх дыялектаў” (1826). З гэтага часу, на думку прафесара Л. Шакуна, “беларуская мова... пачынала ўводзіцца ў практыку агульнаеўрапейскага параўнальна-гістарычнага мовазнаўства” (Гісторыя беларускага мовазнаўства. 1995. С. 41--42).



Аднак найбольш мэтанакіравана і сістэмна беларуская мова пачала вывучацца замежнымі лінгвістамі толькі ў ХХ ст. Пэўным штуршком у гэтай справе стала правядзенне ў 1926 г. Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, актыўнымі ўдзельнікамі якой былі М. Фасмер, Ю. Галомбак, Е. Блесэ і інш. Найбольшых жа поспехаў замежная беларусістыка дасягнула ў другой палове ХХ ст., калі актывізаваліся кантакты беларускіх даследчыкаў з лінгвістамі Балгарыі, Польшчы, Германіі, Венгрыі, былой Югаславіі, Аўстрыі, у сувязі з развіццём міжнароднага супрацоўніцтва вышэйшых навучальных устаноў Беларусі з буйнейшымі еўрапейскімі універсітэтамі, правядзеннем міжнародных з’ездаў славістаў, распрацоўкай агульнаславянскіх лінгвістычных праектаў і інш. Так, у 1958 г. на IV з’ездзе славістаў было прынята рашэнне стварыць Агульнаславянскі лінгвістычны атлас, у падрыхтоўку якога актыўна ўключыліся і беларускія моваведы. Увогуле можна сказаць, што з’езды славістаў сталі надзвычай эфектыўнай формай сувязі паміж мовазнаўцамі розных краін, паколькі пры Міжнародным камітэце славістаў дзейнічаюць тэматычныя камісіі, мэта якіх – усебаковае вывучэнне славянскіх моў па адзінай методыцы, абмен вопытам і каардынацыя навуковых даследаванняў. У складзе такіх камісій працавалі М. В. Бірыла, А. І. Жураўскі, А. І. Падлужны, М. Р. Суднік, у нашы дні працуюць А. М. Булыка, А. А. Лукашанец, А. Я. Міхневіч, В. П. Русак, Г. А. Цыхун і інш. Ажыўленню цікавасці да беларусістычных пытанняў садзейнічала адкрыццё ў Варшаўскім універсітэце кафедры беларускай філалогіі, навуковыя даследаванні супрацоўнікаў якой сталі своеасаблівым мастком для прэзентацыі беларускамоўных праблем у асяроддзі лінгвістаў заходнееўрапейскіх краін. Варта адзначыць таксама, што яшчэ ў 60 -- 70-я гг. ХХ ст. у Беларускім дзяржаўным універсітэце сталі рыхтавацца кандыдацкія даследаванні замежнымі аспірантамі. Так, у 1977 г. кандыдацкую дысертацыю “Няпэўныя займеннікі ў сучаснай беларускай літаратурнай мове” (навуковы кіраўнік прафесар Л. М. Шакун) абараніла Я. Глушкоўска (Польшча), пазней вучоную ступень кандыдата філалагічных навук атрымаў Базыль Сегень (Польшча) за працу “Этымалогія і семантыка дыялектных прыназоўнікаў беларускай мовы (на матэрыяле гаворкі вёскі Трывежа на Беласточчыне)” (1997; навуковыя кіраўнікі прафесар Л. М. Шакун і дацэнт В. П. Трайкоўская). У апошнія гады асобнымі пытаннямі беларускай мовы сталі цікавіцца філолагі ЗША, Ізраіля, Вялікабрытаніі, Швецыі, Фінляндыі і іншых краін, мовазнаўчыя працы беларускіх лінгвістаў, асабліва ў галіне этымалогіі, лексікалогіі і лексікаграфіі, сталі запатрабаванымі пры распрацоўцы розных міжнародных праектаў. Еўрапейскія лінгвісты з 90-х гг. мінулага стагоддзя працуюць над стварэннем Лінгвістычнага атласа Еўропы. У межах міжнароднага праекта “Змены ў сучасных славянскіх мовах. 1945-1995 гг.” (каардынатар прафесар Станіслаў Гайда) у Аполе (Польшча) выйшла унікальная калектыўная манаграфія “Беларуская мова. Najnowche dzieje językόw słowiańskich” (навук. рэд. А. Лукашанец, М. Прыгодзіч, Л. Сямешка), аўтарамі якой сталі моваведы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і тагачаснага Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. З 2006 г. пад кіраўніцтвам прафесара Альдэнбургскага ўніверсітэта Герда Генчэля сумесна з моваведамі і сацыёлагамі БДУ распрацоўваецца праект, прысвечаны беларуска-рускаму моўнаму ўзаемадзеянню (так званай трасянцы). Няма сумнення, што і правядзенне ў 2013 г. у Мінску чарговага ХV Міжнароднага з’езда славістаў яшчэ больш актывізуе ўвагу замежных лінгвістаў да мовы беларускага народа.
* * *

Уявіць сённяшняе беларускае мовазнаўства без прац А. Абрэмбскай-Яблонскай, Я.-Э. Смулковай, К. Гутшміта, Г. Бідэра, М. Кандрацюка, А. Макміліна, П. Мэё, Л. Пісарэк і іншых проста немагчыма. Падрыхтаванае выданне з’яўляецца першай спробай у беларусістыцы даць манаграфічна-хрэстаматыйнае апісанне навуковай дзейнасці найбольш адметных замежных лінгвістаў ХХ – пачатку ХХІ ст., працы якіх не толькі характарызуюць тыя ці іншыя рысы беларускай мовы, але і вылучаюцца бескампрамісна-аналітычным характарам, навуковай карпатлівасцю, нераўнадушнасцю і заклапочанасцю іх аўтараў далейшым лёсам беларускай мовы, умацоўваюць яе аўтарытэт на лінгвістычнай карце Еўропы.

У кнізе прадстаўлены найбольш значныя для сучаснай беларусістыкі працы замежных лінгвістаў, апублікаваныя на працягу ХХ -- пачатку ХХІ ст. Бібліяграфічны спіс склалі найперш манаграфіі і асобныя артыкулы, а таксама рэцэнзіі на беларускія выданні, надрукаваныя ў часопісах і перыядычных навуковых выданнях розных еўрапейскіх універсітэтаў і навуковых цэнтраў. .
ПЫТАННІ НОРМ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Ў ПРАЦАХ ЗАМЕЖНЫХ

ЛІНГВІСТАЎ
Вырашэнне праблемы неўнармаванасці беларускай літаратурнай мовы на пачатковым этапе яе станаўлення было адной з першачарговых задач дзяржаўнага будаўніцтва ў БССР. Патрэбы агульнаадукацыйнай школы, развіццё вышэйшай адукацыі, у цэлым – беларусізацыя культурнага і грамадскага жыцця ў нацыянальнай рэспубліцы вымагалі неадкладнай выпрацоўкі графіка-арфаграфічных, лексічных і марфолага-сінтаксічных норм беларускай мовы. Значную цікавасць да пытанняў нармалізацыі беларускай мовы ў 20-я гг. ХХ ст. выявілі многія замежныя лінгвісты і дзеячы навукі і культуры, актывізацыя дзейнасці якіх першапачаткова была звязана з арганізацыяй Інстытутам беларускай культуры ў Мінску 14-21 лістапада 1926 г. Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі.

Удзельнікамі гэтай канферэнцыі сталі прафесар М. Фасмер (Берлінскі універсітэт), прафесар М. Біржышка (Літоўскі універсітэт у Коўне), дацэнт Э. Блесэ (Латвійскі універсітэт у Рызе), дацэнт Ю. Галомбак (Варшаўскі універсітэт), Ян Райніс – народны паэт Латвіі, В. Ластоўскі (рэдактар часопіса “Крывіч”, што выдаваўся ў Літве), В. Пігулеўскі (дырэктар беларускай гімназіі ў латвійскім горадзе Люцыне), У. Жылка (рэдактар часопіса “Прамень”, што выдаваўся ў Чэхаславакіі), рэдактар газеты “Голас беларуса”(Латвія) К. Езавітаў, старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Літве А. Галавінскі. Найбольш актыўна ў час канферэнцыі працавалі мовазнаўцы М. Фасмер і Э. Блесэ, а таксама В. Ластоўскі. Першыя не толькі віталі ўдзельнікаў канферэнцыі ў дзень яе адкрыцця, але і выступілі з падзячнымі прамовамі на заключным пасяджэнні, выказаўшы спадзяванні, што “разам з гэтай канферэнцыяй установяцца нашы навуковыя зносіны…, што зносіны беларускай навукі з нямецкай будуць асабліва карысны для першай” [1, с. 400]. Макс Фасмер двойчы выступаў пры абмеркаванні даклада С. Некрашэвіча “Сучасны стан вывучэння беларускай мовы” і аднойчы пры абмеркаванні даклада П. Бузука «Становішча беларускай мовы сярод іншых славянскіх моваў». Дзеля праўды адзначым, што гэтыя выступленні мелі агульнатэарэтычны характар і значнага ўплыву на ход дыскусіі аказаць не маглі. Іншы характар мела выступленне нямецкага славіста пры абмеркаванні дакладаў Я. Лёсіка і П. Растаргуева, прысвечаных рэформе беларускай азбукі. Як перакананы прыхільнік фанетычнага прынцыпу арфаграфіі, Макс Фасмер добра разумеў, што асноўнай графічнай нормай беларускай літаратурнай мовы павінна быць максімальна фанетызаванае напісанне слоў. Аднак дасягнуць гэтага ўвядзеннем дадатковых літар і дыякрытычных знакаў наўрад ці ўдасца: “Гаворачы аб праекце рэформы азбукі, я думаю, нам трэба пакінуць больш далёкую гістарычную арфаграфію і гаварыць аб сучаснай азбуцы. Тут, вядома, маюцца ўхіленні ад фанетычнага прынцыпу. У навуцы я заўсёды абараняю фанетычны прынцып: кожнаму гуку павінна адпавядаць адна літара. Але калі мы маем справу з пісьмом, якое носіць практычны характар, то тут, у інтарэсах практычнасці, іншы раз патрэбна рабіць некаторыя адхіленні ад фанетычнага прынцыпу. Але без крайняй патрэбы я б ад фанетычнага прынцыпу не адступаў.

Цяпер аб лацінскім шрыфце. Я асабіста ўсюды з’яўляюся прыхільнікам лацінскага шрыфту. Аднак на беларускай глебе з лацінскім шрыфтам будзе трудна. Труднасць будуць складаць дыякрытычныя значкі, якія прыйшлося б увесці. У друку літары з дыякрытычнымі значкамі маглі б і быць, але на пісьме было б вельмі цяжка іх ужываць: я б баяўся заграмаджэння беларускага пісьма дыякрытычнымі значкамі. Дзеля гэтага я гляджу, што ў цяперашні час лацінскі шрыфт зусім не падходзіць да беларускай арфаграфіі. Арфаграфія павінна быць зручна не толькі для друку, але і для пісьма. Трэба лічыцца не толькі з друкаванай формай літары, але і з пісоўнай. Калі лічыцца з пісоўнай формай літар і мець на ўвазе, што ў кожнага з нас маюцца індывідуальныя прывычкі пісання, то з гэтага пункту погляду ўсякія значкі зверху або знізу літар трэба адхіліць. Пісьмо з мноствам значкоў я б лічыў не толькі цяжкім, але і проста небяспечным; напрыклад, дзе прыставіць кручок для азначэння мяккасці ў літары М або, яшчэ лепш, у літары Ц, калі апошняя літара ўжо мае кручок? Мне здаецца, што напісанне падобных значкоў было б зусім няправільным.

Што ж датычыцца j, то, па-мойму, у сербскім альфабэце ён зусім на месцы, але калі ўвесці j у беларускую арфаграфію, то выйдзе шмат труднасцей: мы не можам канчаткова выкінуць я, е, ё, ю.

Што да ДЗ, я б усё-такі стаяў за захаванне той арфаграфіі, якая існуе; бо і сапраўды, як ДЗ адзначыць S, якое тут прапануецца? У друку гэты знак яшчэ можна адрозніваць, а на пісьме – вельмі цяжка. А таму я знаходжу такі шлях рэформы небяспечным.

Фактычна аналагічнай думкі прытрымліваўся і дацэнт Латвійскага універсітэта Э. Блесэ, які лічыў, што для беларускай мовы лацінка не падыходзіць, бо, прыняўшы апошнюю, патрэбна будзе афрыкаты ДЗ і ДЖ перадаваць падвойнымі літарамі, лацінка ж асобных літар для перадачы гэтых гукаў не мае. На думку лінгвіста, неабходна пакінуць і літары я, е, ё, ю, калі яны абазначаюць памякчэнне зычных.

З вялікай прамовай па пытанні аб правапісе выступіў В. Ластоўскі, які паспрабаваў даць свае рэкамендацыі з пункту гледжання гісторыі тых ці іншых гукаў і літар, асобных склонавых формназоўнікаў і займеннікаў (аканне/яканне, зацвярдзелыя шыпячыя, Ц і Р, выбуховы Г, формы лічэбнікаў два і дзве і інш.) [1, с. 253-267].

У заключным слове дакладчык С. Некрашэвіч доўгую прамову В. Ластоўскага ацаніў як цікавую, аднак “яна мае мала адносін да правапісу; гэта ў большасці разгляд тых ці іншых форм нашай літаратурнай мовы”[1, с. 271], што не ўваходзіла ў праграму Акадэмічнай канферэнцыі.

Што датычыцца Юзафа Галомбака, то ён зрабіў даклад “Даследванне беларускай літаратуры ХІХ ст. да 1863 г.”, які быў удзельнікамі канферэнцыі проста прыняты да ведама.

Такім чынам, можна адзначыць, што ўжо ў першай трэці ХХ ст. замежныя лінгвісты спрычыніліся да актуальнейшага на той час пытання – нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы. На вялікі жаль, многае з абмеркаванага на акадэмічнай канферэнцыі ў далейшым не атрымала развіцця, паколькі ў СССР распачыналася барацьба з так званымі нацыяналістычнымі элементамі, якая непасрэдна закранула і большасць з 69 удзельнікаў канферэнцыі. Тым не менш можна з упэўненасцю гаварыць, што ўдзел замежных лінгвістаў у абмеркаванні пытанняў рэформы беларускага правапісу і азбукі быў своечасовым і запатрабаваным. Еўрапейская лінгвістычная грамадскасць і ў далейшым імкнулася ўсяляк дапамагчы станаўленню адной з найбольш старажытных славянскіх моў, спрыяла ўмацаванню яе аўтарытэту сярод іншых народаў.

Актыўны ўдзел у вырашэнні актуальных праблем моўнага будаўніцтва ў Беларусі 20-30-х гг. ХХ ст. прыняў Ян Станкевіч.У віленскай газеце “Гоман” (1918) ён змясціў шэраг публікацый, у якіх адстойваў нацыянальныя формы беларускіх уласных назваў, звяртаў увагу на патэнцыяльныя магчымасці старабеларускай мовы. Разам з нямецкім філолагам Рудольфам Абіхтам у 1918 г. ён выдаў падручнік “Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным” (на лацінцы) і з Антонам Луцкевічам – “Беларускі правапіс” (лацінка). У першай працы прапаноўвалася новая беларуская графіка – лацінскі алфавіт без вялікіх літар, які пры дапамозе дыякрытычных і спецыяльных графічных знакаў прыстасоўваўся для перадачы гукаў мовы. Больш традыцыйны характар меў другі падручнік – у ім у аснову правапісу ненаціскных галосных быў пакладзены фанетычны прынцып пісьма, паводле марфалагічнага прынцыпу прапаноўвалася пісаць звонкія і глухія зычныя. Пазней Я. Станкевіч ажыццяўляе спробу ўнармаваць перадачу запазычанай лексікі, прытрымліваючыся норм граматыкі Б. Тарашкевіча, прапануе шэраг інавацый правапіснага характару (перадачу на пісьме прыстаўнога В перад каранёвым А пасля прыназоўніка У(Ў): у вагні, у ваднаго гаспадара і інш.). Свае прапановы ў галіне графікі, арфаграфіі, фанетыкі, марфалогіі, лексікі Я. Станкевіч рэалізаваў у асобных выданнях («Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік»(1990), «Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразеалагічны і прыказак» (1953), «Падручнік крывіцкае (беларускае) мовы» (ч.1-3, 1947) [2, с. 7-10].

Многае з мовазнаўчых пошукаў Я. Станкевіча вызначалася пурыстычным падыходам, арыентацыяй на дарэформенны стандарт літаратурнай мовы, яе суб’ектыўна мадэрнізаваны варыянт, як проціпастаўленне савецкай акадэмічнай кадыфікацыі [2, с. 11]. Непрыманне Я. Станкевічам моўнай рэчаіснасці ў Беларусі ў другой палове ХХ ст. не дазволіла яго поглядам знайсці колькі-небудзь значнай падтрымкі. Нягледзячы на суіснаванне ў сённяшняй беларускамоўнай прасторы дзвюх правапісных, а часткова правапісных і вымаўленчых традыцый, рэканструкцыя ранейшага (дарэформеннага) аблічча беларускай літаратурнай мовы наўрад ці магчыма, ды, мяркуем, і немэтазгодна.

Абуджэнне цікавасці да беларускай мовы з боку замежных лінгвістаў прыпадае на 90-я гг. ХХ ст., у сувязі з аднаўленнем беларускай дзяржавы і наданнем беларускай мове статуса паўнапраўнага дзяржаўнага сродку зносін. Як у нацыянальным беларускім друку, так і ў замежных выданнях сталі з’яўляцца працы, у якіх аналізавалася развіццё норм беларускай мовы, выказваліся канкрэтныя прапановы па паляпшэнні яе ўнутранай структуры і функцыянальнай стылістыкі. Значныя заслугі ў гэтай справе маюць лінгвісты Герман Бідэр (Аўстрыя) і Пітэр Джон Мэё (Англія).

У артыкуле «Аднаўленне сучаснай беларускай літаратурнай мовы ў кантэксце славянскага адраджэння» (Веснік БДУ. Сер. ІV. 1995. № 2) аўстрыйскі навуковец лічыць, што абнаўленне беларускай мовы павінна праводзіцца дзеля яе ўзбагачэння за кошт уласных рэсурсаў, а таксама для больш выразнага яе адрознення ад суседніх славянскіх моў. Погляды Г. Бідэра на характар моўнага ўнармавання знайшлі адлюстраванне ў яго дакладзе «Шляхі развіцця лексікі беларускай літаратурнай мовы», прачытаным на Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларуская мова ў другой палове ХХ ст.» (Мінск, 22-24 кастр. 1977 г.). У 2001 г. у «Родным слове» (№ 9) на аснове гэтага даклада быў апублікаваны артыкул, падрыхтаваны дацэнтам С. М. Запрудскім.

Неабыякавасць да лёсу беларускай мовы ў працах Г. Бідэра можна прасачыць ужо па саміх назвах прац. Параўн.:


  1. Языковая ситуация в Беларуси (Брно, 1993).

  2. Моўна-палітычныя тэндэнцыі ў Беларусі (Вена, 1995).

  3. Перспектывы беларускай літаратурнай мовы. Русіфікацыя або беларусізацыя моўных нормаў? (Зальцбург, 1995).

  4. Тэндэнцыі развіцця нормаў беларускай літаратурнай мовы: русіфікацыя, паланізацыя ці беларусізацыя? (Ольштын, 1996).

  5. Рэлігія, этнас і мова ў Беларусі ў ХХ стагоддзі (Берлін, 2000).

  6. Беларуская літаратурная мова ў канцы ХХ стагоддзя. (Франкфурт-на-Майне, 2000).

Дзеля справядлівасці адзначым, што ў апошнія гады Г. Бідэр больш увагі стаў удзяляць украінскім праблемам. Тым не менш ён уважліва сочыць і за беларускімі навуковымі працамі, не так даўно ён прыняў удзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі “ай навуковай канферэнцыі “дзе “Мова-- літаратура-- культура” (16-17 лістап. 2006 г.), прысвечанай 80-годдзю прафесара Л. Шакуна.

Англійскі лінгвіст Пітэр Джон Мэё яшчэ ў 1976 г. выдаў “Граматыку беларускай мовы”. Неаднаразова бываў у Беларусі; у шэрагу навуковых выданняў змясціў рэцэнзіі на мовазнаўчыя працы М. Гурскага, М. Улашчыка, М. Клышкі, Н. Мажэйкі, А. Супруна, А. Булыкі, А. Жураўскага і інш. Доўгі час рэдагаваў “Часопіс беларускіх даследаванняў”, дзе і апублікаваў некалькі артыкулаў, прысвечаных гісторыі развіцця і змен норм беларускай мовы. Асаблівую цікавасць у гэтай сувязі выклікаюць артыкулы “Графіка і арфаграфія беларускай мовы ў ХХ стагоддзі” (1977) і “Беларуская арфаграфія: ад рэформы 1933 г. да нашага часу” (1978).

У першым артыкуле П. Мэё падрабязна аналізуе стан графікі і арфаграфіі беларускай мовы ў першай трэці ХХ ст., спыняецца на “Граматыцы” Б.Тарашкевіча, працы Акадэмічнай канферэнцыі 1926 г., пазнейшым дэкрэце 26 жніўня 1933 г. Ён лічыць рэформу 1933 г. шмат у чым палітычна матываванай і падтрымлівае думку Якуба Коласа, які бачыў у ёй тры прынцыпы – “палітычны, навуковы, практычны – менавіта ў такім парадку” [4, с. 40].

У другім артыкуле даследчык вылучае тры перыяды ў барацьбе за ўдасканаленне і ўдакладненне рэформы 1933 г.: 1933-1939, 1946-1948 і 1951-1952. Для кожнага з гэтых этапаў былі характэрны бескампраміснасць і непрыняцце поглядаў апанентаў, пазіцыя многіх якіх была прадыктавана палітычнымі абставінамі таго часу. Як адзначае П. Мэё, у савецкай Беларусі не было ніякай крытычнай рэакцыі на дэкрэт 1957 г., чаго не скажаш пра замежжа. Так, у Мюнхене ў гэтым жа годзе Я. Станкевіч апублікаваў артыкул, дзе пісаў, што яго не задаволіла б нічога, акрамя поўнага адмаўлення ад рэформы 1933 г. П. Мэё пры гэтым заўважае, што хоць і можна зразумець такую пазіцыю аўтара, але “цяжка згадзіцца з яго [Станкевіча] вывадам… што дэкрэт 1957 г. служыў толькі далейшай русіфікацыі беларускага правапісу і граматыкі” [5, с. 46].

Грунтоўны аналіз рэформы 1957 г. дазволіў П. Мэё выказаць і некаторыя свае прапановы, якія маглі б станоўча паўплываць на ўнармаванне сучаснага правапісу. Ён справядліва адзначае, што “цяперашняя арфаграфія ўжо добра ўсталяваная і вяртанне да нормаў, якія існавалі да 1933 г., бачыцца непрактычным і непажаданым”. П. Мэё прапануе 5 удакладненняў.


  1. Аканне і яканне павінна распаўсюджвацца на ўсе словы, у тым ліку і запазычаныя (мядаль, сякунда, лягенда), а таксама і на ненаціскное Э ва ўсіх запазычаннях (дакрэт, ралігія).

  2. Не мае права на існаванне ненаціскны Э пасля мяккіх зычных у першым пераднаціскным складзе ў лічэбніках (дзевяты, дзесяты), бо гэта супярэчыць цяперашняму правілу.

  3. Аканне павінна распаўсюджвацца на канцавы ненаціскны О пасля галосных (трыо, Токіо), як і пасля зычных (брута, нета).

  4. У складаных словах не трэба выдзяляць пабочны націск, паколькі абедзве часткі ўспрымаюцца як адно цэлае і падпарадкоўваюцца закону акання – у выпадку з ненаціскным [О]. Ненаціскны [Э] у гэтай пазіцыі захоўваецца, згодна з цяперашнім правілам: “І зноў жа, няма ніякай патрэбы ў дыферэнцыяцыі, з аднаго боку, чорнавалосы, але чарнавокі, і, з іншага боку, мэтанакіраванасць і мэтазгодны”.

  5. Непаслядоўнасць у адлюстраванні гукаў у W] і jі]. Гук W паслядоўна ў арфаграфіі перадаецца праз [Ў]:за ўсё, праўда, чытаў, гук [j] перадаецца праз [і]: яна ідзе, няма дзеда і бабы. Праект 1930 г. беспаспяхова спрабаваў захаваць [у] і [і] ва ўсіх выпадках. “Магчыма, цяпер прыйшоў час зноў прыняць стандарты пачатку 20-х гг.” – мяркуе П. Мэё [5, с. 46-47].

Яно і сапраўды так: маці і бацька, хоць варта маці й бацька.

Заўвагі англійскага мовазнаўцы прадвызначаны зноў жа непаслядоўным выкарыстаннем адпаведных правіл, “адставаннем” дзяржаўных інстытутаў моўнай кадыфікацыі, непаспяваннем аўтараў адпаведных прац за штодзённай практыкай.

Асобныя заўвагі аб развіцці норм беларускай мовы ёсць і ў працах некаторых іншых замежных лінгвістаў, якія імкнуцца быць максімальна аб’ектыўнымі пры аналізе сённяшняй моўнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Пры падрыхтоўцы новых правіл беларускага правапісу прапановы замежных беларусістаў не павінны быць пакінуты без увагі.

  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   13


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка