Беларуская мова і беларуская этнаграфія




Дата канвертавання13.05.2016
Памер17.16 Kb.
Беларуская мова і беларуская этнаграфія
Працуючы з музейнымі экспанатамі, мы нечакана для сябе заўважылі, што наша родная мова даволі моцна звязана з этнаграфіяй. Веды па этнаграфіі дапамагаюць нам зразумець паходжанне многіх беларускіх слоў і выразаў.

Вось, напрыклад, лён. Яго здаўна вырошчвалі на Беларусі. Каб атрымаць ільняное палатно, трэба было шмат папрацаваць. Яго мялі церніцамі. Потым трапалі. Гэта прылада працы называецца трапло. Адсюль і пра чалавека, занадта гаварлівага, гавораць : трапло. Цікава, што у гэтай прылады ёсць і яшчэ адна назва – язык. Дык хто каму падарыў імя: прылада чалавеку ці чалавек прыладзе?

Яшчэ льняное валакно часалі вось такім грэбнем. На гэтыя работы сяляне трацілі цэлы месяц. І назву гэты месяц атрымаў – кастрычнік. Ад слова кастрыца – так называюцца адходы пасля апрацоўкі валакна.

З кудзелі на калаўроце або верацяном пралі ніткі. Мы часта чуем ад дарослых : ”Не круціся, як верацяно”. А што такое верацяно і чаму яно круціцца, ведаюць не ўсе.

У залежнасці ад якасці льну і майстэрства ніткі атрымліваліся тонкія або тоўстыя. Таму і казалі: ”Тонкапраха пад пахай нясе, а тоўстапраха возам вязе”.

З нітак ткалі абрусы, посцілкі, ручнікі. Яны атрымліваліся вось такога колеру. А каб яны сталі белымі, іх трэба было адбяліць. Зрабіць гэта дапамагалі вада і сонца. Або ў драўляную бочку на ножках складалі палатно і залівалі яго варам з бярозавым попелам. Палатно ўбірала вельмі шмат вады. Бочку гэту называлі жлукта. Ці не таму і пра чалавека, які шмат п’е вады, гавораць : жлукціць. Або яго называюць жлуктай.

А гэта прылада працы бондара – чакуха, або доўбня. Доўбнем называюць не вельмі разумнага чалавека.

Спачатку нам не вельмі зразумела была назва вось гэтай рэчы. Называецца яна барылкай, у ёй насілі ваду на поле або ў лес, захоўвалі дамашнія напоі. Чаму барылка? Аказваеца, ёсць даўняя адзінка вымярэння вадкасці - барыл, роўная шасцідзесяці літрам.

Экспанаты нашага музея растлумачылі нам і некаторыя беларускія прымаўкі. Напрыклад, чаму гавораць: ”П’яны як цэп”? Аказваецца, вось ён – гэты цэп.

А на базары калі-некалі можна пачуць: “Вось вам з паходам”. Нашы прабабулі карысталіся такімі вагамі. Гэта бязмен. Калі , напрыклад, у кошык пакласці лішні яблык, бязмен будзе “хадзіць”. Адсюль і “з паходам”.



Вось так пасябравалі ў нашым музеі беларуская мова, беларуская этнаграфія і нават матэматыка.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка