Беларуская мова дзяржаўная мова нашай краіны і мова тытульнай нацыі адыгрывае выключна важную ролю ў жыцці беларускага грамадства




Дата канвертавання21.03.2016
Памер45.48 Kb.
Беларуская мова – дзяржаўная мова нашай краіны і мова тытульнай нацыі – адыгрывае выключна важную ролю ў жыцці беларускага грамадства. Таму ўнармаванасць дзяржаўнай мовы, захаванне адзінства арфаграфічных нормаў пісьмовай мовы ў значнай ступені забяспечваюць стабільнасць у сферы моўнай камунікацыі і маюць важнае дзяржаўнае і палітычнае значэнне.

Неабходнасць прыняцця новай рэдакцыі “Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” выклікана тым, што далёка не ўсе беларускамоўныя сродкі масавай інфармацыі прытрымліваюцца існуючых норм правапісу. Гэта выклікае негатыўную рэакцыю ў грамадстве. Такое становішча не садзейнічае папулярызацыі беларускай мовы і пашырэнню сферы яе ўжывання.

У сувязі з гэтым пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 жніўня 1993 года № 556 “Аб удакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы” была створана Дзяржаўная камісія па ўдакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы.

Вынікам гэтай работы стала ўвядзенне ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, прынятага Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 24 чэрвеня 2008 года, адобранага Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 28 чэрвеня 2008 года і падпісанага Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 23 ліпеня 2008 года.

Гэты закон уступае ў сілу з 1 верасня 2010 года, за выключэннем артыкула 4 і артыкула 3, якія уступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

У 2009 – 2010 навучальнам годзе ўсе абітурыенты, школьнікі, студэнты змогуць здаваць экзамены па старых правілах. Толькі ў 2010 годзе правілы стануць абавязковымі для ўжывання ў дакументазвароце, сродках масавай інфармацыі, школах, гімназіях, ПТУ, ссузах, ВНУ, навуковых і іншых установах.

Неабходна падкрэсліць, што асноўныя прынцыпы беларускага правапісу не закранаюцца і не парушаюцца. А змяненні і ўдакладненні, што прапаноўваюцца, накіраваны, па-першае, на змяншэнне колькасці выключэнняў, якія існавалі раней, на уніфікацыю асобных напісанняў, на адлюстраванне змяненняў, што адбыліся ў моўнай практыцы. Па-другое, правілы па-новаму згрупаваны, абноўлены ілюстрацыйны матэрыял, што робіць іх больш зручнымі для засваення.

Найбольш істотныя арфаграфічныя змены ў новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”:



  1. Пашыраецца прынцып перадачы акання ў словах іншамоўнага паходжання.

Дзеючыя правілы Новыя правілы

Адажыо, трыо, сальфеджыо Адажыа, трыа, сальфеджыа



  1. У словах іншамоўнага паходжання, акрамя іменаў уласных, канцавыя элементы –эр, –эль у адпаведнасці з прынцыпам акання прапанавана перадаваць як –ар, –аль.

Дзеючыя правілы Новыя правілы

Прынтэр, камп’ютэр, пэйджэр Прынтар, камп’ютар, пэйджар

3. Паводле агульнага правіла перадачы на пісьме якання ў першым пераднаціскным складзе прапанавана пісаць словы дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць праз я ў першым складзе перад націскам.

Дзеючыя правілы Новыя правілы

Дзевяты, дзесяты, семнаццаць, васемнаццаць Дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць

4. У адпаведнасці з сучаснай моўнай практыкай уносяцца змены ў напісанне складанаскарочанных слоў.

Дзеючыя правілы Новыя правілы

Прафком, гарком, абком, газпром Прафкам, гаркам, абкам, газпрам



  1. У адпаведнасці с сучаснай моўнай практыкай уносяцца змены ў правапісе прыметнікаў на –ск, утвораных ад уласных назваў.

Дзеючыя правілы Новыя правілы

Цяньшаньскі, чаньчуньскі Цяньшанскі, чаньчунскі

6.Пашыраецца напісанне ў (у нескладовага) у словах іншамоўнага паходжання.

Дзеючыя правілы Новыя правілы

Для універсітэта, пасля унікальнай аперацыі Для ўніверсітэта, пасля ўнікальнай аперацыі



  1. Спрошчаны правілы пераносу слоў.

Дзеючыя правілы Новыя правілы

Бяс –крыўдна бя – скрыўдна, бяск – рыўдна

Дзя – цін – ства дзя – ці – нства, дзя – цінс – тва, дзя – цінст - ва

Мыц – ца мы – цца

Па – абапал паа – бапал

Кроп – ля кро – пля



Рас – крыць ра – скрыць, рас – крыць, раск – рыць

  1. У адпаведнасці з рэаліямі ўпарадкавана напісанне вялікай і малой літар у назвах органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах і г.д. (напрыклад Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і г.д.).



  1. Уведзены новы параграф “Вялікая і малая літары ў назвах асоб, звязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў”. Напрыклад: “З вялікай літары пішуцца асабовыя назвы вышэйшых божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Уладыка Нябесны, Бог, Усявышні”.

  2. У пачатку і ў сярэдзіне слоў гукавое спалучэнне [й] + галосны перадаецца ётаванымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх: ёркшырскі, Нью-Ёрк.

  3. Са зводу правіл выключаны раздзелы “Галосныя ў некаторых ненаціскных канчатках назоўнікаў”, “Галосныя ў некаторых канчатках прыметнікаў і займеннікаў”, “Галосныя ў некаторых канчатках лічэбнікаў”, “Галосныя ў ненаціскных асабовых канчатках дзеясловаў”. Палажэнні гэтых раздзелаў датычацца не правапісу, а словазмянення і знаходзяць сваё адлюстраванне ў граматыках беларускай мовы.

  4. Уведзены новы раздел “Правапіс некаторых марфем”, у якім у сістэмным выглядзе сабраны звесткі пра правапіс прыставак, суфіксаў. У “Правілах” 1959 года гэтыя звесткі змяшчаліся ў параграфах аб правапісе часцін мовы і былі раскінуты па ўсім зводзе правіл.

  5. Рэгламентавана ўжыванне суфіксаў –ава, (-ява) і –ірава, (-ырава). Напрыклад, ліквідаваць, а не ліквідзіраваць, акліматызаваць, а не аклімацізіраваць, але камандзіраваць, а не камандаваць.

  6. У новай рэдакцыі ліквідаваны спасылкі на іншыя параграфы і раздзелы, якіх у “Правілах” 1959 года налічвалася каля 40.

  7. У адпаведнасці з сучасным узроўнем лінгвістычнай навукі ўдакладненны фармулёўкі правіл.

  8. Правілы па-новаму згрупаваны, што робіць іх больш зручнымі для карыстання і засваення.

  9. Абноўлены і актуалізаваны ілюстрацыйны матэрыял.

Так выглядаюць асноўныя змяненні, уведзеныя ў правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Падрабязней з новай рэдакцыяй “Правіл” можна азнаёміцца ў бібліятэках БДУІР, на інфармацыйным стэндзе кафедры беларускай і рускай моў.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка