Беларуская літаратура ХХ ст. І еўрапейскі літаратурны вопыт дапаможнік для студэнтаў філалагічнага факультэта Мінск: бду, 2002




старонка7/7
Дата канвертавання24.03.2016
Памер1.6 Mb.
1   2   3   4   5   6   7
Алесь Разанаў і постмадэрнізм

Творчасць А. Разанава даволі часта звязваюць з постмадэрнізмам. Прычым прыналежнасць паэта да постмадэрнізму многія лічаць несумненнай. Творчасць Разанава сапраўды мае пункты судакранання з постмадэрнізмам (зрэшты, а што з постмадэрнізмам не судакранаецца? І, нарэшце, з чым не судакранаецца Разанаў?), аднак паспрабуем паказаць, што і ў пракрустава ложа постмадэрнізму творчасць гэтага пісьменніка не ўкладваецца, а па шэрагу сутнасных філасофска-эстэтычных параметраў яму нават супрацьстаіць.

Пачнём з таго, што ў паняційным апараце постмадэрністаў важнае, калі не найважнейшае месца займаюць катэгорыі тэксту і знака. Свядомасць чалавека ёсць тэкст, дакладней, сукупнасць тэкстаў, што складае змест культуры ў яе асабліва істотных момантах. Нарэшце ўвесь свет ёсць тэкст, і адзіная канкрэтная рэч, з якой постмадэрністы згодны лічыцца і наогул мець справу, гэта тэкст, усёўладны і ўсёабдымны, а адзіны аўтарытэт, які не падвяргаецца імі сумненню, гэта «аўтарытэт пісьма». Прычым, паводле постмадэрністаў, няма неабходнасці суадносіць пэўны тэкст з рэчаіснасцю, куды больш важна пацвердзіць яго аўтарытэт інтэртэкстуальна, інакш кажучы – праз іншыя аўтарытэтныя тэксты, наяўнасць якіх у новым тэксце рэалізуецца праз суцэльныя рэмінісцэнцыі, алюзіі, спасылкі, адным словам – праз гіперцытацыю. Ад тэксту, а не ад рэчаіснасці (як рэаліст) і не ад уласнага, суб’ектыўнага яе бачання, ад мастакоўскага «я» (як авангардыст), постмадэрніст адштурхоўваецца, тэкст для яго – крыніца праблем, сюжэтаў, персанажаў, прасторавага і часавага асяроддзя для іх.

Катэгорыі тэксту, знака, слова часта сустракаюцца і ў Разанава – акалічнасць, якая сапраўды можа змяніць наша асэнсаванне яго паэзіі ў бок постмадэрнізму. Між тым напаўненне зместу гэтых катэгорый у Разанава часта адрозніваецца ад постмадэрнісцкага ці зусім адваротнае яму. Для беларускага паэта непрымальны зварот да ўжо знанага і толькі да яго; якому б рэканструяванню або дэканструяванню ўжо вядомае ні падвяргалася, гэта можа пацягнуць за сабой другаснасць, імітацыю. Паказальны ў гэтым сэнсе зномы Разанава: «Творчасць – сустрэча з невядомым. Як толькі невядомае замяняецца вядомым, яна немінуча ператвараецца ў імітацыю» (7, 179); «Паэзія траціцца, калі творыцца па аналогіі, па традыцыі, па майстэрстве – з матэрыі вядомай (постмадэрністы менавіта з „матэрыі вядомай“, з культурнай спадчыны будуюць свае творы. – Е.Л.), і адраджаецца, калі – з невядомай: па адкрыцці, па невыказнасці, па немагчымасці» (7, 198); «Сфера паэта не сфера слова, дзе ўпэўнена сябе пачуваюць прамоўцы і вершапісцы, а сфера, дзе слова яшчэ не зацвярдзела ў значэнні і ўяўляе першасную матэрыю, падобную магме» (7, 266).

Як і ў постмадэрністаў, прадметам асэнсавання ў Разанава часта становяцца катэгорыі спадчыны, традыцыі, аднак і тут выяўляюцца канцэптуальныя разыходжанні: у Разанава і ў постмадэрністаў мэты звароту да гэтых катэгорый у большасці выпадкаў розныя. «Дзіўна, але часта паставы нашых папярэднікаў нам бачацца лепш, выразней, чым паставы сучаснікаў» (7, 173), – заўважае Разанаў у адным са зномаў. Паэт дэкларуе неабходнасць сцвердзіць спадчыну ў якасці «рэальнага, а не ўмоўнага факта культурнага жыцця і фактара свядомасці» праз яе знаходжанне «не толькі т а м, але і т у т …у вертыкалі пастаяннага дыялога з наступнымі пакаленнямі» (7, 178). І не толькі дэкларуе, але і рэалізуе – праз вершы, прысвечаныя Кастусю Каліноўскаму («Арышт Кастуся Каліноўскага»), Ефрасінні Полацкай («Папярэджанне»), праз паэму «Усяслаў Чарадзей», своеасаблівыя ўзнаўленні – жанравую форму, прызначаную рэстаўрыраваць тэксты старажытных аўтараў (Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Мялеція Сматрыцкага, Васіля Цяпінскага і іншых) сродкамі сучаснай беларускай мовы, праз пераклады з замежных моў. Так здзяйсняецца дыялог паміж спадчынай, сучасным быццём і асобай аўтара-пасрэдніка, так спадчына – і ў сваіх канкрэтных праявах, постацях і тэкстах, і ў сваёй анталагічнай сукупнасці – актывізуе, выхоўвае нацыянальна-гістарычную свядомасць народа, спрыяе яго самаідэнтыфікацыі. У той жа час для постмадэрністаў яна адзіны і дастатковы будаўнічы матэрыял для стварэння новай тэкстуры, так званага «фрагментаванага дыскурсу», сутнасць якога – у сцвярджэнні свету як хаосу, пазбаўленага каштоўнасных арыенціраў, іерархічна неўпарадкаванага, іначай кажучы – фрагментарнага. Для постмадэрністаў «ужо ўсё напісана», і застаецца гэтым «напісаным» толькі распараджацца, разбураць і камбінаваць закадзіраваныя культурнай свядомасцю колішнія тэксты.

Яшчэ адна вызначальная якасць твораў Разанава, у параўнанні з літаратурным постмадэрнізмам, – іх асобаснасць, што суправаджаецца метафізічнасцю, адчувальнай інтуітыўнасцю, своеасаблівай эксклюзіўнасцю, – у процівагу постмадэрнісцкай прагматычнасці, рацыянальнасці. Апошняе ўласціва мастацтву постмадэрністаў у такой ступені, што яго параўноўваюць з рацыяналізмам XVIII ст. Постмадэрнізм адлюстроўвае драму немагчымасці або праблематычнасці раскрыцця індывідуальнасці, выказвання асобы, чалавека адзінкавага, а не знака, следа, іерогліфа. Адсутнасць асобаснага пачатку ў постмадэрнісцкіх творах тлумачыцца стратай у пэўным сэнсе аўтара (персанаж, герой быў надзейна пахаваны яшчэ авангардыстамі), што зрабіўся цяпер эмпірычным і можа разглядацца як адзін са шматлікіх інтэрпрэтатараў добра вядомых калізій. Ён пазбаўлены ўсялякіх прывілей на «свой›› тэкст, бо тэкст гэты ўяўляе з сябе цытаванне іншых тэкстаў і таму цяпер ён належыць аўтару так, як і ўсім астатнім. Нехта слушна параўнаў постмадэрнісцкі тэкст з пікніком, на які кожны нясе што мáе: сваю эрудыцыю, сваю рэцэпцыю, свой вопыт, свой сэнс. А персанаж тым не менш дэтэрмінаваны прыналежнасцю да тэксту-першакрыніцы; і як бы гэты персанаж ні дзейнічаў – паводле тых або іншых норм, прадвызначэнняў, правіл, усталяваных першааўтарамі, ці насуперак ім, – усё роўна ён будзе дзейнічаць не без іх уліку. Адсюль уражанне «нават не эксперыменту, а вылепленай з кніжнай эрудыцыі шматпавярховай метафары» (3, 283), як дасціпна адзначыў літаратуразнаўца Дз. Затонскі.Такое ўражанне сапраўды пакідаюць вершы, апавяданні, эсэ аргенцінца Хорхе Луіса Борхеса, драмы англічаніна Тома Стопарда, раманы італьянца Умбэрта Эка, аргенцінцаў Хуліо Картасара, Абеля Посэ, амерыканца Курта Вонегута, сербскага пісьменніка Міларада Павіча і іншых.

Што датычыцца паэзіі Разанава, то асобасны пачатак у ёй дужа адчувальны, многія творы нават пакідаюць уражанне медытатыўнасці. Сам паэт неаднойчы гаварыў, што творчасць немагчыма толькі на грунце ведання, умення, без натхнёнасці творцы, без яго гатоўнасці ўвасабляць «тое, што яшчэ ў няведанні і прадслове››, што «жыва-творыцца», «духа-творыцца». «Не, паэзія не хлеб надзённы, але – наддзённы», «яна адбываецца на сутыку сэрца і смагі»; і каб вобразы і тэмы з абсягаў рэчаіснасці (а не з абсягаў вядомых ужо тэкстаў! – Е.Л.) «аб’явіліся» ў мастакоўскай фантазіі, «згусціліся» ў твор, «мастак мусіць зрабіцца для іх безабаронным і ўспрымальным» (7, 200). І ўжо нешта зусім адваротнае постмадэрнісцкай канцэпцыі творчасці: «Умельства мае справу з дровамі, творчасць – з агнём» (7, 201); «Вытворчасць тым і адрозніваецца ад творчасці, што яна спараджае структуры, памяшканні, пабудовы (як тут не згадаць адмысловыя постмадэрнісцкія лабірынты! – Е.Л.) – неасвечанае» (7, 207).

Найважнейшай рысай постмадэрнісцкіх твораў з’яўляецца шматузроўневая жанравая арганізацыя кожнага з іх. Дастаткова спаслацца на вершы Х. Л. Борхеса, у мастацкай тканцы якіх, адпаведна аўтарскай філасофіі рэха, засведчыліся, здаецца, усе бібліятэкі свету.

Ёсць і ў Разанава творы, жанр якіх нельга звесці да нейкай адной дэфініцыі; найперш гэта «Паэма пагашаных люстэрак», «Паэма парушанай мяжы», «Паэма чырвоных вяровак», якiя можна вызначыць i як лiрычныя споведзi, i як фiласофскiя паэмы, і як своеасаблiвыя антыутопii. Аднак трэба ўлiчваць, што жанравая цяжкавызначальнасць – наогул характэрная рыса літаратуры XX ст. Калі постмадэрністы рознымі спосабамі наўмысна, як эстэтычны прынцып, пракламуюць прысутнасць у сваіх творах разнастайных жанравых форм, ілюструючы немагчымасць цэласнасці чаго б то ні было – жывога чалавека ці літаратурнага персанажа (тым больш персанажа фрагментаванага), жанру і стылю, дык у Разанава заўсёды захоўваецца цэласнасць, арганічнасць. Вядомы нямецкі даследчык постмадэрнізму Вольфганг Вельш, напрыклад, канстатуе: «Постмадэрнізм пачынаецца там, дзе канчаецца цэлае. А таму паўсюль, дзе назіраюцца спробы рэтаталізацыі, постмадэрн – у апазіцыі... Постмадэрн радыкальна плюралістычны, і не з-за павярхоўнасці падыходу ці абыякавасці, але дзякуючы ўсведамленню бясспрэчнай каштоўнасці розных канцэпцый і праектаў. Бачанне постмадэрну – бачанне плюралістычнае. Вось чаму літаратура – ад Віяна да Эка – хоча задаволіць усе магчымыя чаканні адначасова». Іншымі словамі, постмадэрнісцкія творы маюць характар у пэўным сэнсе эклектычны, што ніяк не стасуецца ні з паэмамі, ні з мініяцюрамі Разанава, у тым ліку з тымі, што ўзніклі на сумежжы розных жанраў, – вершаказамі, зномамі ці, напрыклад, версэтамі, якія, паводле слушнага меркавання У. Конана, адбыліся «на сумежжы верша, празаічнай мініяцюры і філасофскага афарызма шляхам паступовага ўзмацнення асацыятыўнасці і сімвалічнасці, з аднаго боку, і рэдукцыі паэтычнай напеўнасці – з другога» (4). Па вялікім рахунку, этымалагічныя пошукі ў сферы кожнай сучаснай жанравай формы непазбежна прывядуць да яе шматкаранёвасці, якая, аднак, далёка ад постмадэрнісцкага прынцыпу множнасці, калекцыі, спісу, мантажу, гібрыднасці як выніку збіральнасці сучаснага мастацтва, неабходнасці рэвізіі ўсёй культурнай спадчыны. У паэзіі Разанава гэтага няма, а ёсць пошук і сцвярджэнне цэласнасці чалавека, свету, твора.

Постмадэрнісцкая свядомасць аперыруе шматлікімі антытэзамі (іх сукупнасць самі постмадэрністы часам вызначаюць як «культурную матрыцу аксіялагічных апазіцый»): голас – пісьмо, рэальнасць – адлюстраванне, рэч – знак, ісціна – падман, сутнасць – абалонка… Менавіта другая частка кожнай апазіцыі для постмадэрністаў больш значна. Пісьму аддаецца перавага над жывой мовай, знаку – над рэччу і г. д. Творы Разанава таксама будуюцца на зместава-структурнай дыхатаміі, на антыноміі, але для яго значна важнейшыя самі з’явы, рэчы, людзі, чым іх адбіткі.

Чым сапраўды Разанаў падобны да постмадэрністаў, дык гэта гульнявым прынцыпам, адным са стрыжнёвых у яго мастацкай сістэме. Постмадэрністы, праўда, займаюцца дэканструкцыяй найперш сюжэтаў, матываў, вобразаў. Хаатычны, алагічны – або «дэцэнтраваны» – свет, неўпарадкаваны ў іерархічных адносінах (такое светаўспрыманне атрымала назву «постмадэрнісцкай пачуццёвасці»), калі і можа быць адэкватна адлюстраваны, дык якраз праз гульню з культурнымі знакамі. У Разанава разуменне мастацкай гульні некалькі іншае. «Верш істотны не сваімі ідэямі альбо метафарамі, а тым, што ад аўтара нібы і не залежыць. Так, верш – гульня, але гульня, у якой згаджаюцца ўдзельнічаць сутнасці» (7, 265). У постмадэрністаў гульня заўсёды суправаджаецца карнавалізацыяй, клаўнадай, травесційным зніжэннем, прыземленасцю герояў і калізій, іх парадзіраваннем, пераварочваннем. Хто чытаў постмадэрнісцкія тэксты, той не мог не вынесці ўражання гэтай усюдыіснай, усёпранікальнай іроніі. Часта яна выяўляецца ў наўмысным парадыйным сутыкненні ў новым творы некалькіх стыляў, некалькіх ужо вядомых тэкстаў («тэкстуальных светаў»), – прынцып, што атрымаў назву «пасціш» (ад італ. раstіссіо – опера, якая складаецца з фрагментаў розных іншых опер, сумесь, папуры). Парадыйна-іранічна сутыкаюцца сутнасці, розначасовыя падзеі і асобы, і гэта свядомая ўстаноўка, адзін з асноўных «модусаў» постмадэрнiсцкай творчасцi. Анахранізмы і парадоксы часам набываюць у постмадэрністаў нябачаныя маштабы. У той жа час творам Разанава ўласцiва не гуллiва-смехавая, а цалкам іншая атмасфера: разважлiва-фiласофская, драматычная або трагiчная.

У пэўнай ступені іранічным «модусам» абумоўлена адсутнасць у постмадэрністаў усякіх міфалагем; калі ж яны і выкарыстоўваюць метарасказ, дык зноў жа выключна з мэтай яго парадзіравання, дэманстрацыі яго бяссэнсавасці. У Разанава ёсць свае міфалагемы; іх першакрыніцы самыя розныя – ад нацыянальнай гісторыі, фальклору да ўсходняй культуры.

Прысутнасць элементаў апошняй, дарэчы, у нейкай меры таксама збліжае паэзію Разанава з постмадэрнізмам. Як вядома, постмадэрністам надзвычай уласцівы разгорнутыя аўтакаментарыі, самарэфлексіі, рознага роду «нататкі на палях». Даследчыкі лічаць, што гэты філасофска-літаратуразнаўчы прынцып постмадэрністаў, асабліва тэарэтыкаў, склаўся якраз пад уплывам усходняга інтуітывізму, асабліва такіх яго разнавіднасцеё, як дзэн будызм і даасізм. Разанаў таксама, відавочна, цікавіцца ўсходняй філасофіяй і культурай, пра што сведчаць яго шматлікія інвектывы, яго пераклады на беларускую мову хайку (хоку) японскага паэта XVII ст. Мацуа Басё. Творы паэта (асабліва пункціры) пераклікаюцца з усходнімі танка і хоку. Цяжка рабіць высновы, у якой ступені сімволіка Разанава генеравалася ўсходняй, аднак аналогіі паміж імі даволі істотныя і заслугоўваюць спецыяльнага аналізу. Мы ж толькі звярнем увагу на наяўнасць у Разанава самарэфлексій; найперш гэта зномы, якія напачатку такой назвы не мелі, ішлі, паводле аўтара, «як нататкі, нават як філасафемы і друкаваліся ў такой сваёй іпастасі з канца 70-х гг.» (14); толькі пазней з’явілася адчуванне, «што ўсё ж такі яны прыналежаць не толькі філасофіі, не толькі крытыцы, не толькі літаратуразнаўству (аднак і ім! – Е.Л.), але і паэзii» (14), і зномы аказаліся далучанымі да ўласна паэтычных твораў. Уяўляюць цікавасць у гэтым сэнсе і разанаўскія маргіналіі-прачытанні вершаў Надзеі Артымовіч, таксама своеасаблівыя «нататкі на палях», прызначаныя адчыніць «дзверы» ў дастаткова герметычную прастору чужых твораў (1).

З другога боку, сама па сабе наяўнасць такога «суправаджальнага» аспекту ў творчасці Разанава яшчэ не сведчанне прыналежнасці да постмадэрнізму; гісторыя сусветнай літаратуры, з беларускай уключна, ведае шмат аўтараў, якія аднолькава вялікую ўвагу надавалі і ўласна мастацкай творчасці, і асэнсаванню філасофска-эстэтычнай сутнасці апошняй. Больш за тое, як мы ўжо мелі магчымасць пераканацца, змест зномаў далёка не адпавядае зместу постмадэрнісцкіх маніфестаў.

I яшчэ адно iстотнае адрозненне творчасцi Разанава ад постмадэрнiзму: у ёй і блiзка няма нiчога нi ад тэматыкi, нi ад тэхнiкi так званай «масавай» лiтаратуры, у той час як постмадэрнiсты аднолькава разлiчваюць і на звычайнага спажыўца, і на эрудыта.

Такiм чынам, нават сцiслы аналiз твораў Разанава ў кантэксце постмадэрнiсцкай эстытыкi сведчыць аб разыходжаннях з ёю беларускага паэта, аб відавочнай спрэчнасцi iнтэрпрэтацыi яго паэзii як безумоўна постмадэрнiсцкай.


Шэраг аналогій можна было б лёгка прадоўжыць. Але і тыя, што прыведзены, досыць яскрава сведчаць аб арганічнай блізкасці паэзіі Разанава з філасофска-эстэтычнымі пошукамі еўрапейскіх, і не толькі еўрапейскіх, пісьменнікаў і ў той жа час вымагаюць канстатацыі яго бясспрэчнай самабытнасці. Пры гэтым разгляд мастацкага слова Разанава ў еўрапейскім кантэксце ні ў якім разе не азначае, што з кола яго «суродзічаў»-папярэднікаў намі выключаюцца нацыянальныя творцы; наадварот, яго мова, яе лад, падзейны змест твораў, іх героі – усё нясе на сабе адбітак нацыянальнай прыналежнасці самога паэта, нашага нацыянальнага лёсу наогул. Аднак гэта прадмет для іншага даследавання.
ЛІТАРАТУРА

1.Артымовіч Н., Разанаў А. Дзверы. Беласток, 1994.

2.Гофмансталь Г. фон. Терцины о бренности всего земного // Золотое сечение: Австрийская поэзия ХІХ – ХХ веков. М., 1988.

3.Затонский Д. Постмодернизм: гипотезы возникновения // Иностранная литература. 1996. № 2.

4.Конан У. Памяць пра вечнае // Літаратура і мастацтва. 1992. 27 лістапада.

5.Разанаў А. Гліна. Камень. Жалеза. Беласток, 2000.

6.Разанаў А. Жыта і васілёк: Слова пра Максіма Багдановіча // Літаратура і мастацтва. 1997. 17 студзеня.

7.Разанаў А. Паляванне ў райскай даліне. Мн., 1995.

8.Разанаў А. У горадзе валадарыць Рагвалод. Мн., 1992.

9.Райнер Мария Рильке, Борис Пастернак, Марина Цветаева: Письма 1926 года. М., 1990.

10.Рильке Р. М. Ворпсведе. Огюст Роден. Письма. Стихи. М., 1994.

11.Рыльке Р. М. Санеты Арфею: Лірыка / Пер. В. Сёмухі. Мн., 1982.

12.Хайдеггер М. Исток художественного творения // Зарубежная эстетика и теория литературы Х1Х – ХХ вв.: Трактаты, статьи, эссе. М., 1987.

13.Элиот Т. С. Назначение поэзии. М. – Киев, 1997.

14.‹‹Я – той, хто шлях і хто па ім ідзе…»: Гутарка з Алесем Разанавым // Літаратура і мастацтва. 1995. 13 кастрычніка.

15.Welsch W. ‹‹Postmoderne››, oder Der Kampf um die Zukunft. Frankfurt-am-Mein, 1988.







1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка