Беларуская літаратура ХХ ст. І еўрапейскі літаратурны вопыт дапаможнік для студэнтаў філалагічнага факультэта Мінск: бду, 2002




старонка5/7
Дата канвертавання24.03.2016
Памер1.6 Mb.
1   2   3   4   5   6   7

ПАЭЗІЯ ЯНКІ ЮХНАЎЦА

І ЕЎРАПЕЙСКАЯ ЛІТАРАТУРНАЯ ТРАДЫЦЫЯ
«…Я дома зноў, ён для мяне спакой» (7, 28), – прагучыць у адным з вершаў Янкі Юхнаўца (н. у 1921) пад вельмі паказальнай назвай «Сны на чужыне». Дома – але толькі ў снах, ва ўспамінах і мроях. У кожнага чытача той ці іншы паэтычны радок выклікае, вядома, свае асацыяцыі. Мы ж прыгадаем горкія словы Ч. Мілаша з яго Нобелеўскай прамовы пра тое, што гісторыю выгнанняў распачаў Дантэ, але колькасць Фларэнцый з таго часу надта вырасла.

Адарванасць, адрынутасць ад радзімы – вызначальная канстанта творчасці ці не кожнага пісьменніка-эмігранта, зыходны пункт яго эстэтыка-філасофскай праграмы. Аднак праграма гэта заўсёды тоіць у сабе своеасаблівую загадку: у якіх стасунках паміж сабой знаходзяцца, як суадносяцца нацыянальнае і іншанацыянальнае? Наўрад ці магчымая тут нейкая універсальная формула; у кожным выпадку пошукі яе ў дачыненні да пэўнага творцы маюць сэнс, бо дазваляюць наблізіцца да разумення законаў, па якіх пісьменнік будуе свой мастацкі свет.

Для характарыстыкі мастацкага свету Я. Юхнаўца найбольш прыдатнае, на наш погляд, паняцце сінкрэтызму; яно ў дадзеным выпадку набывае значэнне амаль абсалютнае. Абумоўлена гэта шэрагам фактараў: аб’ектыўным – сам лёс прымусіў Я. Юхнаўца судакрануцца з рознымі нацыянальнымі культурамі, рознымі шляхамі іх фарміравання, рознымі эстэтычнымі і філасофскімі школамі (перафразаваўшы словы лацінаамерыканскага пісьменніка, пра Юхнаўца можна сказаць: сын Беларусі, пасынак Германіі, прыёмны сын Амерыкі; пры гэтым будзем мець на ўвазе, што размова ідзе не толькі аб тым або іншым месцы жыхарства) і суб’ектыўным, бо творчасць беларускага паэта – бясконцы пошук сябе, прага новага зроку, аднак не без глыбокага прачытання-засваення вопыту папярэднікаў.

Імкненне вызначыць апошніх, вылучыць з мноства канцэпцый тыя, што так ці інакш паўплывалі на фарміраванне мастацкай парадыгмы Я. Юхнаўца, непазбежна прыводзіць да французскіх сімвалістаў і імпрэсіяністаў другой паловы ХІХ ст., якія, у сваю чаргу, не абмінулі бліскучых адкрыццяў славутага аўтара «Кветак зла» Шарля Бадлера і якія абвясцілі сябе яго непасрэднымі спадкаемцамі. Паралелі з сімвалістамі і імпрэсіяністамі скрозь даюць аб сабе знаць; у гэтым сэнсе найперш звяртае на сябе ўвагу музычнасць, меладычнасць верша Я. Юхнаўца. П. Верлен, А. Рэмбо, а потым і рускія сімвалісты надавалі гуку канцэптуальнае значэнне, услед за Ш. Бадлерам дэкларавалі і прадпрымалі спробы ўвасобіць на практыцы свае ўяўленні аб адпаведнасцях паміж гукамі, колерамі, пахамі, сэнсамі.

У Я. Юхнаўца адчуванне гуку і колеру выключнае. Ён – віртуозны музыка, які праз гук і колер рассоўвае межы сэнсавага спектра асобнага вобраза ці нават лірычнай калізіі ў цэлым. Гук, колер, сэнс абуджаюць нашу чытацка-слухацкую здольнасць убачыць-пачуць новае ў знаным, знанае – у новым. Зрэшты, сэнсавыя магчымасці гуку зачароўвалі не адных толькі паэтаў, але і філосафаў. Згадаем меркаванне Ф. Ніцшэ: «Найбольш выразным у мове з’яўляецца не само слова, а тон, моц, мадуляцыя, тэмп, з якімі прамаўляецца шэраг слоў, – карацей, музыка за словам, захапленне за гэтай музыкай, асоба за гэтым захапленнем: такім чынам, усё тое, што не можа быць напісана» (3, 30).

Паэтычная стыхія Я. Юхнаўца – стыхія руху, якая не ведае спачыну, у якой гук перацякае ў сэнс і наадварот, якая падуладная творцу ў такой жа ступені, як і творца падуладны ёй, і якая насычана разнастайнымі колеравымі вібрацыямі, па-імпрэсіянісцку жывапісная, «пленэрная». Блізкасць да жывапісу дэкларуецца ўжо праз назвы асобных вершаў: «Эскізы», «Малюнкі», «Эцюды»… Тое ж рабіў у свой час П. Верлен, даючы сваім паэтычным цыклам назвы «Акварэлі», «Бельгійскія пейзажы», «Простыя фрэскі»… Як і ў імпрэсіяністаў, пейзажы Я. Юхнаўца маюць дваісты характар: перад намі не толькі і не столькі замалёўкі прыроды, колькі малюнкі душэўных станаў лірычнага героя, якому наканавана было прайсці праз столькі выпрабаванняў і пакут, што хапіла б не на адно жыццё.

Узгадваецца вопыт імпрэсіяністаў і ў сувязі са стаўленнем Юхнаўца да ўражання, адзінкавага моманту, імгнення (фр. impression – уражанне): «Уражанні ў памяці астануцца, ахвяруюцца», «Жаданне кожнае ўразіць нас…», «Дрэвы зызнуць сцюжай і вісельцамі. //Музыкам ручаць мамэнты…», «Для мяне жыццё – толькі сэрца стук, – // усяк яно ў жыцці б’ецца…» і г. д.

Паэзія Я. Юхнаўца – з’ява на дзіва цэласная, нібы фуга са шматлікімі паўторамі і камбінацыямі ўлюбёных вобразаў і матываў. Часам ловіш сябе на думцы, што зноў і зноў прачытваеш адзін і той жа твор у яго бясконца разнастайных варыяцыях. Устойлівыя вобразы, вобразы-лейтматывы і складаюць эстэтыка-філасофскае апірышча мастацкага свету Я. Юхнаўца, маючы сваім плёнам пачуццёвую гармонію і поліфанічнасць. Паказальна, што большасць менавіта гэтых вобразаў набыла ў свой час устойлівасць у сімвалістаў: восень, зіма, ноч, неба, месяц, зоркі, хмары, дарога, вандроўнік… Часта яны аказваюцца злучанымі ў межах аднаго верша, хоць і без таго ўзнікае адчуванне, быццам ніводны з іх не можа жыць аўтаномна, адасоблена ад іншых вобразаў. Вяртаючыся і паўтараючыся ў новым кантэксце, яны адно аднаму надаюць новыя сэнсава-эмацыянальныя адценні, ствараюць больш адэкватную карціну быцця, існавання чалавека ў найскладанейшым свеце.

У некаторых вершах вобразы-лейтматывы яднаюцца праз антытэзы (святло–цемра, дзень–ноч, жыццё–смерць і г.д.), тым не менш і ў такім антынамічным спалучэнні яны часта не дэшыфруюцца адназначна, маюць, як і ў сімвалістаў, шматзместавы характар, з’яўляюцца полісемічнымі. Напрыклад, у вершы «Цярністым шляхам» «цемра», што «ваўком крадзецца», – гэта і «цемрына» ночы, і «цёмная пара» для пакінутай радзімы, і жыццёвы «ночны шлях», і невымерна пакутлівае мінулае, «цемры сцень» якога, перагарнуўшы свае «чорныя балонкі», павінна змяніцца «Новым Днём», «Сілай і Жыццём». Наогул, асобныя радкі, строфы, цэлыя творы Я. Юхнаўца часам дзіўна гучаць ва ўнісон сімвалісцка-імпрэсіянісцкім: напрыклад, верш «Вячэрні промень сонца пагасіў» выклікае асацыяцыі з верленаўскім «Захадам» («Слабне золак, згарае…»); верленаўская ж дзёрзкая назва аднаго са зборнікаў, «Рамансы без слоў», міжволі ўзгадваецца, калі чытаеш у Я. Юхнаўца: «…гэта слова бясслоўнае» («Словы праўды скошаны») або «Мне сказы гэтыя ўчора вецер наказаў…// У сказах словаў не было…» («Жыццё зноў весціць…») і інш., а радкі «плач зноў аплачацца // тым самым плачам» («Шастанні за вокнамі…») або «Я плачу, // мой плач – // зарніца// душы маёй» («З народнага») прымушаюць успомніць адзін з самых мінорных твораў П. Верлена, славуты «Плач сэрца майго…» («Плач сэрца майго, // Як над горадам дождж.// Скуль расце, для чаго // Смутак сэрца майго?.. » – 1, 174). Прыкладаў такіх паралелей можна прыводзіць мноства.

Ключавым жа, скразным у Я. Юхнаўца з’яўляецца вобраз-матыў ветру. На яго выключнасць ужо звяртаў увагу А. Бяляцкі ў прадмове да зборніка «Сны на чужыне», трапна вызначыўшы гэты вобраз як «адну з галоўных дзеючых асоб» у творах паэта. Узнікнуўшы ў першых жа вершах, ён з рэдкім пастаянствам прысутнічае амаль ва ўсіх наступных, надаючы ім сапраўдную пластычнасць, дынамізм і аб’ёмнасць. Ад верша да верша вобраз ветру ўскладняецца, пашырае свае сэнсавыя межы. Часта вецер у вершах Я. Юхнаўца персаніфікуецца; ён можа быць лёсам і настроем, успамінам і натхненнем, голасам прыроды і голасам паэта, летуценнем і надзеяй; ён – «нябачны» і «аксамітны», «летняк» і «сівер», «лагодзь» і «скарга»… Шмат разоў засведчыць лірычны герой Я. Юхнаўца сваю адданасць гэтаму вестуну і журбы і шчасця:

У адзінотнасці сваёй – учора, і вось цяпер,

вятроў любіць не перастану…

(«У адзінотнасці сваёй…») (7, 71)

Шмат я слухаю ад ветру спеваў.

Ускрашальны спеў.

Вось ноч міне мае нягоды

і спадзеў…

Я зноў прашу ўсяк:

ты, вецер, не міні

мой гнёт цяжкое смутнасці

ў спагадным дні.

(«Вецер») (7, 168)

Вятры і музыкі – не сны ў сэрцы маім.

(«Жыццё зноў весціць…») (7, 68)

Хвалюецца вецер, хвалююся я.

(«Не ведаю, што ты думаеш…») (7, 78)

Паступова з нібыта хаатычнага шматгалосся, з поліфаніі сэнсаў узнікае ўражанне касмічнай гармоніі, адбываецца непрыкметны пераход – аўтара, лірычнага героя, чытача – да спасціжэння свету ва ўсім яго драматызме, свету, неўпарадкаванасць, незавершанасць, неідэальнасць якога ўспрымаецца як прадчуванне магчымай або адчуванне колішняй дакладнасці.

Яшчэ ў платонаўскіх працах склалася, як вядома, уяўленне аб існаванні двух светаў – «свету ідэй» і «свету рэчаў»; пазней з’явіліся меркаванні і аб наяўнасці двух тыпаў культуры: адна з іх заснавана на ідэі слова («калі чалавек гаворыць, рэальнасць перастае існаваць»), другая – на ідэі рэчы («калі чалавек маўчыць, рэальнасць перастае існаваць»). Гэта тэорыя знайшла ўвасабленне і паглыбленне ў паэзіі сімвалістаў з яе сугестыўнасцю, а таксама ў творчасці тэарэтыка і заснавальніка сімвалісцкай драмы, або «тэатра маўчання» Марыса Метэрлінка. «У будзённым жыцці кожнага чалавека здараецца вырашаць цяжкія становішчы словамі. Удумайцеся ў гэта. Ці ж у такія хвіліны, ды і наогул, самае галоўнае – гэта тое, што вы гаворыце і што вам адказваюць? Ці ж няма іншых сіл, іншых нявыказаных слоў, якія вырашаюць становішча? Тое, што я прамаўляю ўслых, часта мае толькі мізэрны ўплыў; але мая прысутнасць, стан маёй душы, мая будучыня, мінуўшчына, тое, што ад мяне нараджаецца, што памёрла ўва мне, патаемная думка, прыязныя да мяне планеты, мой лёс… – вось што вы чуеце ў такія трагічныя моманты, вось што мне адказвае… і толькі гэта мы бачым, толькі гэта мы чуем» (2, 147). Маўчанне «чутно» і ў вершах беларускага паэта, пры ўсім тым, што яны адзначаны відавочным дыялагізмам; матыў маўчання – адна з дамінантаў паэзіі Я.Юхнаўца, тых, якія накладваюць сакральны адбітак на ўсю яго паэтыку, узвышаючы яе да ўзроўню «вечнай эстэтыкі»: «Спляталіся рукі яе і ягоныя. // Каханне іхнае – гамонка душы» («Эскізы»); «Мой спеў ніхто не чуе. // Душа размаўляе са мной» («Ноч летняя…»); «Няўтойнасць кожную, заснуўшы, я ўяўляў узорам, // што ў водмежках душы мае гарэла. // Я верыў моўкнасцям сваім празорым…» («Ад сноў, ад памяці й чутнасці»)…

Матыў маўчання спалучаецца яшчэ з адным устойлівым матывам – цішыні:

Так ціха, што нават, здаецца,

сам рассыпаўся ў ціхату.

Сонца заходу, бы скронь бражовая неба.

І час усялякі далёкі, бяспамятны,

бадай зрабіўся вячорнай зарой…

(«Так ціха, што нават, здаецца…») (7, 8).

З «нямоўкнасці жыццёвых спрэчак» і «гімнаў моўкнасці», са «скрыкаў» музыкі і шэпту цішыні нараджаецца элегічна-трывожны настрой; для асэнсавання ж творчасці такога мастака, як Я. Юхнавец, здольнасць да пранікнення ў настрой, можа, важней за ўсё.

Апроч сімвалісцка-імпрэсіянісцкіх тэндэнцый у паэзіі Я. Юхнаўца можна, на наш погляд, гаварыць аб яе падабенстве з літаратурнай практыкай такіх творцаў, як Эзра Паўнд і Томас Стэрнз Эліят, прычым як перыяду імажызму, так і пазнейшага. Аналогіі з імі не будуць супярэчыць абранаму намі ракурсу: па-першае, пачаўшы свой шлях у Амерыцы, яны абодва – Эліят з 1914 г., а Паўнд з 1908 г. (за выключэннем 1946–1957 гг.) і да самай смерці – жылі ў Еўропе; па-другое, іх эстэтычныя пошукі ў рашаючай ступені адпавядалі і належалі новым плыням менавіта еўрапейскай літаратуры.

Імажызм – напрамак у англа-амерыканскай паэзіі пачатку ХХ ст. – быў адметны прынцыпамі «выяўленчай дакладнасці», «чыстай вобразнасці» і да т.п., выкладзенымі найбольш паслядоўна англійскім паэтам і філосафам Т. Э. Х’юмам; галоўнае значэнне надавалася вобразу (англ. image – вобраз): ён мусіў быць раптоўным, ашаламляльным, ды і ўся рытміка-інтанацыйная арганізацыя твора была нетрадыцыйнай. «Адзіны спосаб перадаць эмоцыі ў мастацтве – гэта знайсці для іх аб’ектыўны карэлят, інакш кажучы – шэраг прадметаў, сітуацыю, ланцуг падзей, якія стануць формулай гэтай прыватнай эмоцыі, з тым, каб прыведзеныя знешнія факты, што змяшчаюць у сабе пачуццёвы вопыт, адразу ж, неадкладна нараджалі эмоцыю» (4, 22), – пісаў Эліят. Дзеля пошуку такога «аб’ектыўнага карэляту» імажысты шырока практыкавалі словатворчасць, рознага роду моўныя эксперыменты. Я. Юхнавец у пэўным сэнсе – прадаўжальнік імажысцкай традыцыі, бо арыгінальнасць яго мастацкага свету не ў апошнюю чаргу ўзнікае праз нечаканыя вобразы і калізіі, праз словатворчасць. Словатворчасць у Я. Юхнаўца часта набывае значэнне сэнсатворчасці; праз нечаканасць вобразаў і калізій (як і праз іх новыя кантэксты, праз аўтарэмінісцэнцыі) дасягаецца незвычайная эмацыянальная напружанасць, узмацняецца асацыятыўнасць: «вочы-вобмацкі», «вусны сэрца», «паросткі ветру», «Ён адзінотны выйшаў спаткаць дарогу», «гадзіннік, што шукаў гадзіны // у нашым памяшканні», «У Беларусі ўсе // на моры жывуць. // Шумлівае мора – лес…».

Не хацелася б абмінуць яшчэ адно судакрананне паэзіі Юхнаўца з Эліятам – праблему часу, якая непазбежна цягне за сабою іншыя праблемы – бясконцасці, руху, бязмежнасці форм ператварэння ўсяго існага, асобаснага і надасобаснага, часавага і надчасавага. У Эліята гэтыя пытанні знайшлі найбольш глыбокае мастацкае асэнсаванне ў «Чатырох квартэтах» (1936–1943); адзін з эпіграфаў да першага з квартэтаў (словы Геракліта) мог бы стаць і эпіграфам да творчасці Юхнаўца: «Шлях уверх і шлях уніз – адзін і той жа шлях» (6, 257). Згодна з эліотаўскай канцэпцыяй, час – бясконцы пачатак, надзвычай супярэчлівы, антынамічны па сваёй прыродзе, бо ў адзіным часавым вымярэнні сумешчаны мінулае, сучаснасць, будучыня. Эліяту ў свой час вельмі спадабаўся дэвіз Марыі Сцюарт «У маім канцы мой пачатак»; перафразы гэтых слоў, а таксама гераклітаўскіх ідэй ператварэння рэчаў, адзінства супрацьлегласцей вызначаюць філасофію яго «Чатырох квартэтаў»:

Настоящее и прошедшее,

Вероятно, наступят в будущем,

Как будущее наступало в прошедшем…


…Что мы считаем началом, часто – конец,

А дойти до конца означает начать сначала.

Конец – отправная точка (6, 257–283).

Чытаем у Я. Юхнаўца:

…адчуваю Час – усё з пачатку мірсціцца…

Як добра збавіцца ад страху,

уваскроснуць,

калі смерць забудзе, што была смерцяй…

(«Сны на чужыне») (7, 28)
Пачатак быў пачаткам сам,

зверадаваны пешчамі й друзгамі пары ўсякай.

З імём людскім, скарынкаю абмяклай

на плечы нашы лёг…

Мы таксама зыдземся ў сваім пачатку…

(«Пачатак быў пачаткам сам…») (7, 58)

Я назіркам слядкую за жыццём маім:

часінай кожнай жыўлю яго і смерчу…

(«Назіраю й чую ўсёй душой мой свет…») (7, 166)

…Ёсць рака жыцця! Вечна маладая ў ёй вада…

(«Водарасці ў сталічнай Свіслачы») (7, 123)
Што датычыцца суадносін часавага і надчасавага, то ні паэзію сімвалістаў, ні творчасць Эліята і яго паплечнікаў нельга характарызаваць выключна апошнім элементам гэтай антытэзы. У сімвалістаў, пры ўсім іх жаданні мысліць «містычна» і адлюстроўваць першасныя «ідэі», лёгка пазнаецца трагічная атмасфера «канца веку». Абодва пачаткі знітаваны і ў паэзіі Эліята, які, робячы акцэнт на надчасавым, надасобасным, нават ствараючы тэорыю «дэперсаналізаванай паэзіі», усё ж шматлікіх літаратурных папярэднікаў і сучаснікаў цаніў менавіта за «адчуванне сваёй эпохі». «Паэзія – не шчырае выказванне эмоцый, але ўхіленне ад іх, не выказванне індывідуальнасці, а ўцёкі ад яе. Аднак вядома, што толькі той, хто мае індывідуальнасць і эмоцыі, ведае, як гэта цяжка і пакутліва пазбягаць іх выказвання ў паэзіі» (5, 68), – заўважыў Эліят у артыкуле «Традыцыя і індывідуальны талент».

У святле вышэйакрэсленых традыцый стаўлення да часу ўяўляе цікавасць і творчасць Я. Юхнаўца. З аднаго боку, яна бывае падкрэслена апавядальнай, аб чым сведчыць і змест, і шэраг назваў (напрыклад, «З дзённікаў незакончаных»). Больш таго, многія вершы пазначаны пэўнай геаграфіяй і зусім пэўнымі падзеямі. Лірычны герой Юхнаўца «з любасцю начлег сабе знаходзіў» на беразе сталічнай Свіслачы. Ад мінскіх Замчышча і Кальварыі да роднай «вёскі невялікай з імём Забродак» «раздумана» і ўваскрошана паэтам Беларусь. Некаторыя ж вершы прачытваюцца як знакі-вехі жыццёвага «цярністага шляху» аўтара.

З другога боку, канкрэтна-індывідуальнае і канкрэтна-нацыянальнае ў Я. Юхнаўца пачынае ідэнтыфікавацца з усёчалавечым:

Мы адчуваем болясці жыцця найбольш.

Я не кажу, пра каго я думаю…

Напэўна, пра чалавека?

Мы карацей жывём,

Чымсьць нейкія багі

Або расліны ў недалёкай Поўначы…

(«Размова») (7, 158)

Падкрэслім: прысутнасць еўрапейскай літаратурнай традыцыі ў творчасці Я. Юхнаўца ніякім чынам не выключае прысутнасці ў ёй традыцыі нацыянальнай, беларускай. Наадварот, яна – не маргінальны, а вызначальны элемент у аснове эстэтыка-філасофскай парадыгмы паэта. На яе фарміраванне відавочны ўплыў – як канцэптуальны, так і стылёвы – аказалі найперш міфапаэтычныя, фальклорныя матывы, а таксама спадчына М. Багдановіча. Гэта тэма чакае свайго даследчыка; ды і разгляд паэзіі Я. Юхнаўца ў еўрапейскім літаратурным кантэксце, безумоўна, патрабуе грунтоўнага працягу. Нам жа для пачатку хацелася паказаць, што вершы яго, кажучы словамі аднаго амерыканскага паэта, – сапраўднае «свята асацыяцый».
ЛІТАРАТУРА

1.Верлен П. Плач сэрца майго… / Пер. М. Багдановіча // Багдановіч М. Поўны збор твораў: У 3 т. Т. 1. Мн., 1991.

2.Метерлинк М. Из книги “Сокровище смиренных” // Зарубежная литература ХХ века: 1871--1917. Хрестоматия / Под ред. Михальской Н. П. и Пуришева Б. И. М., 1981.

3.Ницше Ф. Сочинения: В 2 т. Т. 1. М., 1990.

4.Элиот Т. С. Назначение поэзии. Киев – М., 1997.

5.Эліот Т. С. Традыцыя і індывідуальны талент / Пер. В. Небышынца // Крыніца. 1996. № 24 (9).

6.Элиот Т. С. Четыре квартета / Пер. А. Сергеева // Английская поэзия в русских переводах: ХХ век. М., 1984.

7.Юхнавец Я. Сны на чужыне: Выбраныя творы. Мн., 1994.

‹‹ПАЛОВУ ЖЫЦЦЯ ПАДАЮСЯ Ў СВЕТ,

ПАЛОВУ – ВАРОЧАЮСЯ СА СВЕТУ…››
АЛЕСЬ РАЗАНАЎ І ФІЛАСОФСКА-ЭСТЭТЫЧНЫЯ ПОШУКІ

Ў ЕЎРАПЕЙСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ
Для чарговага культурна-гістарычнага памежжа, чарговага «канца веку», якім з’яўляецца памежжа ХХ – ХХІ ст., калі радыкальныя сацыяльна-палітычныя змены суправаджаюць – і ў пэўнай ступені дэтэрмінуюць – змену культурных парадыгм, дастаткова паказальна творчасць Алеся Разанава (н. у 1947). Не віна, а бяда беларускай літаратуры, якая не адно дзесяцігоддзе існавала «з пятлёй на шыі», што ў ёй было не так ужо шмат імён, якія б вярталі паняццю «з’ява» яго першасную выразнасць. Алесь Разанаў – сапраўды з’ява. Безумоўна, ёсць крытыкі і чытачы, якія яго не прымалі і не прымаюць. І гэта зразумела: творчасць паэта яшчэ зусім нядаўна не адпавядала – а ў нейкай меры не адпавядае і цяпер – літаратурнай, і не толькі літаратурнай, рэчаіснасці Беларусі. Знамянальна, аднак, што прыхільнікаў гэтага творцы становіцца ўсё больш.

Прыхільнасць гэта не можа быць выпадковай, не можа не грунтавацца на пэўнай аснове. На нашу думку, такой асновай з’яўляецца менавіта філасофска-эстэтычны універсалізм А. Разанава, здольнасць кранаць інтэлект і душу многіх разнастайнасцю сваёй творчасці, культуралагічнай эрудыцыяй у спалучэнні з нацыянальнай і індывідуальна-аўтарскай самабытнасцю, увагай да еўрапейскага і сусветнага літаратурнага вопыту.

Славуты англа-амерыканскі паэт Томас Стэрнз Эліят, чыю паэму «Попельная Серада» А. Разанаў бліскуча пераклаў на беларускую мову, сцвярджаў у свой час: «Мы з задавальненнем разважаем аб непадобнасці паэта да папярэднікаў, асабліва – непасрэдных; мы імкнёмся адшукаць нешта спецыфічнае і атрымаць асалоду ад гэтай спецыфікі. Але варта падысці да паэта без прадузятасці, як высвятляецца, што не толькі лепшае, але і найбольш індывідуальнае ў яго творчасці караніцца там, дзе мацней за ўсё сцвердзілі сваю несмяротнасць яго продкі, паэты мінулага» (13, 158). Відавочна, Эліят меў на ўвазе не раннюю творчасць, а перыяд поўнай творчай сталасці мастака-паэта.

Зрэшты, А. Разанаў і сам шматразова сведчыў пра сваю павагу да традыцыі і сучаснага эстэтычнага кантэксту, выказваў думку пра неабходнасць творчага авалодання культурнай спадчынай, як, напрыклад, у шэрагу паэтычных мініяцюр, зномаў, што ўвайшлі ў кнігу «Паляванне ў райскай даліне»:

«Суадносіны традыцыі і наватарства знаходзяцца ў творы ў гэткай жа непарыўнасці, як яго змест і форма» (7, 213).

«Спадчына не ў мінулым, а з мінулага: яна – вектар, які паказвае дарогу, яна – аблічча ўчалавечанага часу» (7, 225).

Аб гэтым жа ідзе размова ў эсэ пра Максіма Багдановіча «Жыта і васілёк»: «Мы ўсе пэўным чынам сфармаваны нашымі папярэднікамі, мы ўсе пэўным чынам іхнія персанажы. І калі ломіцца рэчаіснасць, калі падзеі шалеюць, мы звяртаемся са сваімі запытаннямі менавіта да іх, каб зарыентавацца ў зрухах каардынатаў і зразумець, што ўсё не так безнадзейна, як можа здавацца» (6). Апошнія радкі, думаецца, маюць асаблівае значэнне: паводле А. Разанава, цікавасць да папярэднікаў узрастае якраз на зломах часу, а што як не суцэльны часава-рэчаісны злом наша цяперашняе быццё? Тым больш, што жывём мы на памежжы не толькі стагоддзяў, але і тысячагоддзяў. Феномен мастацкага універсалізму самога А. Разанава дэтэрмінаваны, як мне здаецца, менавіта прыналежнасцю паэта да часавага сумежжа.

Можна, праўда, запярэчыць: мы гаворым пра часавае сумежжа, пра «канец веку», але ж прызнанне да А. Разанава прыйшло ўжо ў 70–80-я гг., калі выйшлі яго кнігі «Адраджэнне» (1970), «Назаўжды» (1974), «Каардынаты быцця» (1976), «Шлях-360» (1981), «Вастрыё стралы» (1988). Аднак не трэба забываць, па-першае, што паняцце «канец веку» даўно набыло статус своеасаблівай філасофска-эстэтычнай катэгорыі; у дачыненні да сумежжа ХІХ–ХХ ст. пазначанае ёю сілавое поле прасціраецца якраз з 70-х гг. ХІХ ст. да пачатку Першай сусветнай вайны. А па-другое, відавочна, што талент А. Разанава як з’ява універсальна-сінкрэтычная абвясціў пра сябе менавіта ў апошняе дзесяцігоддзе мінулага стагоддзя ў кнігах «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992), «Паляванне ў райскай даліне» (1995), «Рэчаіснасць» (1998), «Гліна. Камень. Жалеза» (2000). Маючы на ўвазе кнігу «Паляванне ў райскай даліне», сам аўтар прызнаецца: «На маю думку, у параўнанні з папярэднімі зборнікамі я ў гэтай кнізе найбольш гарманічна ўвасобіўся» (14). Праз гэтыя кнігі А. Разанаў паказаў, што, нягледзячы на мноства перажытых беларускай мовай трагедый, яна жыве, у ёй ёсць дзёрзкасць, ёсць бунт і пошук, сапраўдныя незапатрабаваныя скарбы.

Множнасць уплываў сусветнага мастацтва слова на А. Разанава неаднойчы канстатавалася і раней. Пра гэта пісалі ў розны час Варлен Бечык і Пімен Панчанка, Міхась Тычына і Ала Кабаковіч, Уладзімір Калеснік і Алег Лойка, Ганна Кісліцына і іншыя. Якія толькі імёны, жанры і стылі, напрамкі і школы пры гэтым ні згадваліся! І небеспадстаўна: паэзія А. Разанава – гэта сапраўдны філасофска-эстэтычны космас, узор сінкрэтычнага мастацкага мыслення; такая паэзія не можа атаясамлівацца з нейкім адным з накірункаў або стыляў, а адметна іх узаемапранікненнем, іх знітаванасцю. Паспрабуем правесці некаторыя аналогіі паміж творчасцю беларускага паэта і творчасцю шэрагу прадстаўнікоў еўрапейскага мастацтва слова.

‹‹ГУК – “ЭЛЕКТРОН” ВЕРША››


1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка