Беларуская батлейка каляндарныя I абрадавыя гульнi




старонка1/4
Дата канвертавання08.05.2016
Памер0.77 Mb.
  1   2   3   4
Алесь Лозка

БЕЛАРУСКАЯ БАТЛЕЙКА

КАЛЯНДАРНЫЯ I АБРАДАВЫЯ ГУЛЬНI

Матэрыялы для заняткаў

на факультатывах i ў гуртках

Рэкамендавана Навукова-метадычным цэнтрам

вучэбнай кнiгi i сродкаў навучання

Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь



Мiнск

"Тэхналогiя"

1997

АД АЎТАРА

Гульнёвая дзейнасць -- адзiн з асноўных i эфектыўных сродкаў навучальна-выхаваўчай сiстэмы. Развiццё i прымяненне яе выводзiць настаўнiка i выхавальнiка на перадавыя шляхi сусветнай педагогiкi. Важнае значэнне ў гэтым накiрунку надаецца спалучэнню нацыянальнай культуры з агульначалавечымi каштоўнасцямi. Дадзены дапаможнiк уяўляе сабой адлюстраванне аўтарскай методыкi i вопыту па ўкараненнi ведаў пра беларускую батлейку i народныя гульнi ў практыку навучальна-выхаваўчых устаноў.

Бытаванне i рэпертуар батлейкi -- старадаўняга тэатра лялек -- зафiксавалi фалькларысты ХIХ--ХХ стст. Немалая заслуга ў яе вывучэннi належыць сучасным беларускiм даследчыкам Г.Барышаву, М.Каладзiнскаму, У.Няфёду, А.Саннiкаву, А.Фядосiку i некаторым iншым. Беларускi навукова-метадычны цэнтр гульнi i цацкi (БЦГЦ), створаны ў 1992 г., займаецца вырабам батлеек, эксперыментальна-вытворчай працай.

Апошнiм часам немалая ўвага ў рэспублiцы надаецца святочнай i гульнёвай спадчыне беларускага народа. Збiраннем i вывучэннем яе займалiся вядомыя навукоўцы Г.Барташэвiч, У.Васiлевiч, Я.Вiлькiн, К.Кабашнiкаў, К.Лабчэўская, А.Лiс, В.Лiцвiнка, П.Гуд, Л.Салавей, З.Мажэйка, В.Таўлай, Ю.Чурко i iнш. Аўтар дадзенай працы зрабiў шэраг публiкацый у сродках масавай iнфармацыi, а таксама падрыхтаваў выданнi: "Беларускi народны каляндар" (1993), "Восеньскiя святы" (1994), "Беларусазнаўства" (кiраўнiк творчага калектыву, 4 зборнiкi, 1992--1994). У 1996 г. выйшаў вялiкi том "Гульнi, забавы, iгрышчы" з акадэмiчнай серыi "Беларуская народная творчасць". Гэтыя выданнi, i ў асноўным апошняе, паслужылi грунтам для падрыхтоўкi матэрыялаў раздзела "Каляндарныя i абрадавыя гульнi".

Пададзеныя ў дапаможнiку матэрыялы прайшлi належную апрабацыю. Часопiсны варыянт iх быў апублiкаваны ў "Родным слове" за 1995 год (№ 4, 6, 7, 9). Iм карысталiся многiя педагогi, аб чым сведчыць iх сталая сувязь з БЦГЦ. У свой час праца ўвайшла ў лiк пераможцаў адкрытага конкурсу падручнiкаў i дапаможнiкаў праграмы "Абнаўленне гуманiтарнай адукацыi ў Беларусi" Беларускага Фонду Сораса.

Дапаможнiк пабудаваны наступным чынам: пададзены тэматычныя планы i размеркаванне iх па гадзiнах, некаторыя метадычныя парады i матэрыялы для заняткаў, спiс лiтаратуры.



БЕЛАРУСКАЯ БАТЛЕЙКА

Праграма раздзела разлiчана на старэйшых школьнiкаў, навучэнцаў i студэнтаў, хоць можа быць прыстасавана педагогам да iншых узростаў. Умоўна тэарэтычныя i практычныя заняткi плануюцца на 50 гадзiн з разлiкам адна гадзiна ў тыдзень, усяго на паўтара вучэбнага года. Апошнiя заняткi прыходзяцца на перадкалядную цi калядную пару, калi па народнай традыцыi гурты батлеечнiкаў рабiлi свае пастаноўкi -- з першага дня нараджэння Хрыста да Хрышчэння, Трох каралёў (католiкi -- з 25 снежня да 6 студзеня, праваслаўныя -- з 7 да 19 студзеня). Але планаваць можна i па-iншаму. Падзел гадзiн пададзены ўмоўна. Размеркаванне iх па тэмах залежыць ад розных акалiчнасцей: падрыхтаванасцi дзяцей, абранасцi накiрунку заняткаў, блока тэм праграмы i iнш.

У сувязi з тым што мастацтва батлейкi -- сiнтэтычнае мастацтва, яно развiвае самыя розныя здольнасцi: акцёрскiя, рэжысёрскiя, драматургiчныя, музычныя, мастацкiя, дызайнерскiя, архiтэктурныя, сталярныя, мадэльерныя, шавецкiя, лiтаратурныя, моўныя, гiстарычныя i шмат iншых. Гэты ўнiверсальны i эфектыўны сродак навучання i выхавання, нягледзячы на сваю старадаўнасць, а можа i дзякуючы такой якасцi, прыдатны для рэабiлiтацыi дзяцей, якiя маюць розныя фiзiчныя i псiхiчныя адхiленнi, для вывучэння роднай i замежных моваў... I, наогул, магчымасцi яе яшчэ недастаткова вывучаны.

Фармiраванне груп можа адбывацца не толькi па выбары прыярытэтнага накiрунку заняткаў, але i падзелу працы, вывучэння толькi аднаго блока тэм.

У гэтай працы мы прапануем тэксты, якiя спатрэбяцца для вывучэння i практычных заняткаў. У асноўным гэта даўнiя запiсы, таму педагогу трэба праводзiць адпаведную лексiчную працу з дзецьмi. Яны павiнны ведаць, што вывучаемыя тэксты складзены iх далёкiмi продкамi i ў пэўным дыялектным рэгiёне, а ў мове адбываюцца часавыя змены.

Развiццё i бытаванне батлейкi суладна з лёсам народа, нацыi. Узнiкненне беларускай народнасцi супадае з першымi ўпамiнаннямi пра батлейкавы тэатр на нашых землях. Паводле сведчання рускага этнографа П.Бяссонава, развiццю батлейкi вельмi перашкодзiлi гады ваеннага становiшча пасля паўстання 1863 г. Адраджэнне народнага тэатра супадае з перыядамi нацыянальнага адраджэння (у 1923 г. мастацтва беларускай батлейкi дэманстравалi ў Маскве, у 1927 г. давалiся прадстаўленнi ў Мiнску; другi этап звязаны з паказамi спектакляў у 1962 i 1963 гг. у Слуцкiм раёне; новы -- пачаўся ў 80-я гады з аднаўлення традыцый батлейкi ў в.Зарудзiчы Смаргонскага раёна i падтрыманы навучальна-выхаваўчымi ўстановамi).



ТЭМАТЫЧНЫ ПЛАН

1. Беларускi народны тэатр. Яго вытокi (працоўная дзейнасць, абрады, iгрышчы, песнi,танцы). Роля скамарохаў, школьнага тэатра ў развiццi народнага тэатральнага мастацтва. Практычная работа. Запiс твораў гульнёва-драматызаваных жанраў. Развучванне народных гульняў

2. Уступная гутарка пра беларускую батлейку.

Вiды старадаўнiх лялечных тэатраў. З гiсторыi батлейкi.



Практычная работа. Экскурсiя ў батлейкавы тэатр. Прагляд традыцыйнага спектакля, дыяфiльма "Што ведае дзед Батлейкавед", запiсаў на вiдэамагнiтафоне, тэматычнай выставы

3. Будова розных вiдаў старадаўнiх тэатраў.



Практычная работа. Выраб батлейкi

4. Апрацоўка i афармленне батлейкi. Тэхнiка аздаблення пры дапамозе пляцення саломкай,аплiкацыi, выцiнанкi, роспiсу.



Практычная работа. Аздабленне батлейкi

5. Традыцыйныя прадстаўленнi. Бiблейская аснова сюжэта драмы "Цар Iрад". Тэкст батлейкавага прадстаўлення на Магiлёўшчыне.Асноўныя вобразы 6. Апiсаннi батлейкавых прадстаўленняў у розных рэгiёнах. Апiсаннi лялек-персанажаў

7. Як вырабiць ляльку для батлейкавага тэатра?

Роспiс загатоўкi, яе "апрананне".



Практычная работа. Выраб лялек-персанажаў да пастаноўкi народнай драмы "Цар Iрад" 8. Авалоданне майстэрствам батлеечнiка, развiццё акцёрскiх здольнасцей. Музычнае афармленне спектакля.

Практычная работа. Ваджэнне лялек у батлейцы

9. Iнтэрмедыi. Адлюстраванне народнага жыцця ў традыцыйных бытавых сцэнах.



Практычная работа. Развучванне i паказ традыцыйных п'ес-карацелек 10. Практычная работа. Iнсцэнiроўка кароткай беларускай казкi, падання, жарту.

"Казка пра гаспадара Хвядоса, яго жонку,дачку Настачку, жончыну дачку Хвеську" 11. Значэнне народнага тэатра. Верш "Батлейка". Каляднае свята батлейкi



Тэма 1

БЕЛАРУСКI НАРОДНЫ ТЭАТР

Задачы: азнаямленне з народнай тэатральнай творчасцю беларусаў, яе вытокамi, асноўнымi этапамi развiцця.

Працоўная дзейнасць чалавека -- гэта першасная крынiца ўзнiкнення народнага тэатра i наогул мастацтва. Пры дапамозе абрадавых iгрышчаў, гульняў чалавек хацеў увайсцi ў кантакт з прыродай, "дамовiцца" з "паганскiмi" божышчамi. Так узнiклi анiмiзм (адухаўленне прыроды) i татэмiзм (культ жывёлы). Прасцейшыя старажытныя малюнкi сведчаць, што духоўнымi апекунамi чалавека ў розных плямёнаў былi Рыба, Качка, Каза, Мядзведзь i г.д. Найбольш старажытныя татэмы ў фальклоры -- Яшчар-дракон, Алень (гульнi "Яшчур", "Олей") -- бяруць пачатак у эпосе мезалiту (9--4-е тысячагоддзе да н.э.); шырокавядомая ў веснавой i вясельнай паэзii Качка ("Огаль", "Чырачка", "Селезень"), якая сiмвалiзуе прыход вясны, адлюстроўвае вераваннi неалiтычнага чалавека (сярэдзiна--другая палова 3-га тысячагоддзя да н.э.). Гэта пацвярджаецца як фальклорным матэрыялам, так i знаходкамi беларускiх археолагаў (рэшткi посуду з малюнкамi качкi, чалавека, аленя i iнш.).

У фальклоры земляробчага гадавога цыкла iснуюць вобразы, якiм нададзена абрадавая магiчная функцыя -- гэта Шчодра, Каза, Мядзведзь, Журавель, Русалка, Вясна, Ярыла i iнш. Яны маюць мастацка-выяўленчую i тэатралiзаваную традыцыi ўвасаблення: маскi, адзенне i адпаведная гульня. Вельмi яскрава выяўляюцца тэатралiзаваныя формы ў iгрышчы "Гуканне вясны", дзе шмат гульнёвых карагодаў i танцаў, якiя былi першаснымi зародкамi тэатральнай творчасцi народа. Багаццем тэатралiзаваных элементаў адметныя такiя святы, як Каляды, Купалле.

Народны тэатр бярэ пачатак не толькi ў каляндарнай, але i ў сямейнай абраднасцi. Беларускае вяселле -- гэта своеасаблiвая народная опера i драма. "Артысты" не адыходзяць ад вясельнага "сцэнару", дзе распiсаны ролi, ёсць завязка, кульмiнацыя, развязка, а "рэжысёрам-пастаноўшчыкам" з'яўляецца галоўны сват цi "стаўбавы".

У будзённым жыццi заўсёды знаходзiлiся людзi, якiя бралi на сябе тэатральна-мастацкае кiраўнiцтва. Вялiкая роля тут належала скамарохам -- выканаўцам песняў, танцаў, а таксама музыкам, мядзведнiкам, лялечнiкам, акрабатам, арганiзатарам розных забаў.

Народная творчасць -- аснова прафесiйнага тэатральнага мастацтва, лiтаратурнай творчасцi. Яе ўздзеянне адчуваецца на так званым школьным тэатры, якi атрымаў найбольшае распаўсюджанне на тэрыторыi Беларусi ў ХVII ст. Прадстаўленнi тэатра былi для вучняў калегiумаў своеасаблiвым экзаменам па паэтыцы i рыторыцы, акцёрскiм майстэрстве, уменнi весцi дыспуты i распiсваць дэкарацыi. У процiлегласць канонам школьнай драмы памiж рытарычнымi дыялогамi выконвалася iнтэрмедыя -- п'еса-карацелька на жывой народнай мове.

Пытанне вытокаў народнага тэатра асветлена даследчыкам Мiхасём Каладзiнскiм ва ўступе да тома "Народны тэатр" (серыя "Беларуская народная творчасць", 1983), якi паслужыць педагогу добрым дапаможнiкам. Спатрэбяцца таксама i iншыя крынiцы па фальклоры, каб пазнаёмiць дзяцей з тэкстамi iнтэрмедый. Акрамя гутаркi на першых занятках можна арганiзаваць гульнi, карагоды з удзелам падлеткаў. Калi заняткi праводзяцца на вёсцы, варта зрабiць кароткачасовую фальклорна-этнаграфiчную экспедыцыю з мэтай запiсу народных гульняў (цi даць iндывiдуальнае заданне). Пачаць заняткi можна, напрыклад, з абраду "Жанiцьба комiна", прагляду спецыяльных вiдэазапiсаў i г.д. У распараджэннi педагога шмат варыянтаў, выбар якiх залежыць ад яго магчымасцей i iнтарэсаў.

Тэма 2

УСТУПНАЯ ГУТАРКА ПРА БЕЛАРУСКУЮ БАТЛЕЙКУ

Задачы: практычнае знаёмства з батлейкавым тэатрам; знаёмства з гiсторыяй старадаўняга лялечнага тэатра, яго разнавiднасцямi.

Новыя заняткi рэкамендуецца пачаць з прагляду ў батлейкавым тэатры традыцыйнага спектакля. З гэтай мэтай варта наведаць у Мiнску Беларускi навукова-метадычны цэнтр гульнi i цацкi (вул.Някрасава, 5а), "Беларускую хатку" (фiлiял Лiтаратурнага музея Максiма Багдановiча -- вул.Рабкораўская, 14), iншыя ўстановы, дзе маецца батлейка. Педагог, якi праводзiць заняткi, можа сам паказаць спектакль "Цар Iрад" i некалькi iнтэрмедый або арганiзаваць прагляд дыяфiльма, вiдэазапiсу*. Там, дзе гэта немагчыма, можна зрабiць для дзяцей выставу лiтаратуры, iншых матэрыялаў па батлейцы. Аб гiсторыi лялечнага тэатра перад пачаткам спектакля могуць расказаць супрацоўнiкi вышэйназваных устаноў.

*Запiсы можна набыць у Беларускiм навукова-метадычным цэнтры гульнi i цацкi.

Слова "батлейка" пайшло ад польскай назвы горада Вiфлеема (Betleem), дзе нарадзiўся Iсус Хрыстос. Другi варыянт назвы старадаўняга тэатра -- вяртэп. Яго яшчэ называлi яселка, батляемка, остлейка, жлоб.

Першыя звесткi пра тэатр батлейкавага тыпу, якi на рэлiгiйнае свята пераносiлi цi перавозiлi ад храма да храма, адносяцца да часу жыцця старажытнагрэчаскага гiсторыка Герадота (ён жыў недзе з 490 цi 480 да 430 цi 424 г.да н.э.). Даследчыкi лiчаць, што лялечны тэатр узнiк у Заходняй Еўропе, затым трапiў у Польшчу, дзе меў назву "шопка", на Украiну (вяртэп) i ў Беларусь (ХVI ст.). Ад езуiтаў, а потым шкаляроў i семiнарыстаў батлейка перайшла да местачковых рамеснiкаў i сялян. Дзякуючы iм рэпертуар тэатра ўзбагацiўся бытавымi жартоўна-сатырычнымi сцэнамi i распаўсюдзiўся па ўсёй Беларусi.

Шырокае бытаванне народнага тэатра спарадзiла некалькi тыпаў батлеек: адна-, двух-, трох'ярусныя з своеасаблiвай архiтэктурай i сiстэмай разнастайных лялек -- ад найбольш распаўсюджаных аб'ёмных на драўляным цi металiчным шпянi, якiх рукi батлеечнiка ("раёшнiка", "лялькавода") вадзiлi па шчылiнах у падлозе сцэны, да лялек пальчаткавых, лялек-марыянетак (на нiтках), якiмi кiравалi зверху, i лялек плоскiх, народнага тэатра ценяў, так званага "жлоба".

У верхняй частцы батлейкi адбывалiся сцэны нараджэння Хрыста (таму спектаклi праводзiлiся на Каляды). На нiжнiм паверсе iнсцэнiравалiся мiстэрыяльныя* драмы "Цар Iрад", "Цар Максiмiлян", "Цар Мамай", "Цар", "Машкарад", "Лодка" i народныя iнтэрмедыi "Мацей i доктар", "Антон з казой i Антонiхай", "Вольскi -- купец польскi", "Iрадыяда", "Рыгор i франт", "Барыня i доктар", "Цыган i цыганка", "Яўрэй i казак", "Скамарох з мядзведзем" i iнш. Паказ спектакля суправаджаўся музыкай батлейкавага ансамбля: скрыпка, цымбалы, бубен; скрыпка, бубен; скрыпка, цымбалы; гармонiк.

*Мiстэрыя -- паходзiць ад грэчаскага mysterion -- таямнiца, таемства -- жанр заходнееўрапейскага сярэдневяковага рэлiгiйнага тэатра ХIV--ХVI стст., якi прапагандаваўся ў Беларусi езуiтамi, каталiцкiмi i унiяцкiмi мiсiянерамi.

Фалькларысты ХIХ--ХХ стст. запiсалi нямала батлейкавых тэкстаў. Маюцца фотаздымкi аўтэнтычных батлеек i лялек, адзiнкавыя з якiх зберагаюцца ў музеях. Бытаванне народнага лялечнага тэатра, па сутнасцi, спынiлася ў 2-й палове ХIХ ст.

Мал.1. Магiлёўская батлейка канца ХIХ ст. Захоўваецца ў Дзяржаўным музеi этнаграфii ў г.Санкт-Пецярбурзе (iлюстрацыя з кнiгi "Русские народные городские праздники, увеселения и зрелища")

Адраджэнне батлейкi супадае з перыядамi нацыянальнага адраджэння. У 20-я гады батлейкавыя спектаклi наладжвалiся ў Маскве i ў Мiнску. У часы перабудовы традыцыi старадаўняга тэатральнага мастацтва былi адноўлены Яўгенiяй Лiс i Алесем Ласём у вёсцы Зарудзiчы Смаргонскага раёна. Беларуская батлейка праходзiць новы этап адраджэння: яна ўпэўнена ступае ў дзiцячы садок i школу.

Тэма 3

БУДОВА РОЗНЫХ ВIДАЎ СТАРАДАЎНIХ ТЭАТРАЎ.

ВЫРАБ БАТЛЕЙКI

Задачы: знаёмства з будовай старадаўнiх беларускiх тэатраў; выраб батлейкавых скрынак па чарцяжах, апiсаннях, фотаздымках.

У Беларусi iснавала некалькi вiдаў старадаўнiх тэатраў. Вядомыя тэатразнаўцы Г.Барышаў i А.Саннiкаў налiчваюць iх шэсць: аднапавярховыя (панарамныя); двухпавярховыя з лялькамi, якiя рухалiся, i кананiчным афармленнем; двухпавярховыя са спецыяльнай вежкай; батлейкi, пабудаваныя па прынцыпе тэатра ценяў; батлейкi з празрыстымi дэкарацыямi, якiя мянялiся ў час спектакля; батлейкi-"зоркi".

Разгледзiм будову некаторых з iх. Да п е р ш а г а в i д у адносiлiся аднаярусныя скрынкi, якiя нагадвалi хату з дахам. Звычайна пярэдняя сцяна была палатнянай i падымалася як заслона. У такiх батлейках паказвалася нараджэнне Хрыста i пакланенне вешчуноў.

Вось некаторыя тагачасныя апiсаннi батлеек д р у г о г а в i д у.



Батлейка ў Мазыры, Бабруйску, Рэчыцы, Капаткевiчах, Парычах, Беразiно. "Вяртэп робiцца з габляваных дошак у выглядзе чатырохвугольнай скрынкi -- паўтара або два аршыны* ў вышыню i адзiн у шырыню. Гэта скрынка якраз пасярэдзiне раздзяляецца перагародкай на два ярусы -- верхнi i нiжнi". (Зап.Н.Яцко ў канцы ХIХ ст.)

*Аршын -- 0,711 м



Батлейка на Смаленшчыне. "Вяртэп быў двух'ярусны; верхнi паверх уяўляў пячору нараджэння Хрыстова. У нiжнiм ярусе адбывалiся зямныя дзеяннi, пачынаючы са з'яўлення Iрада". (Зап.У.Дабравольскi ў пачатку ХХ ст.)

Т р э ц i в i д батлейкi падобны на хатку са страхой, дзе пярэдняя сцяна -- палатняная заслона.



Батлейка на Мiншчыне. "Зверху на батлейцы зроблена невялiкая вежа (накшталт мезанiна на доме); яна бывае круглая, шасцiвугольная або нават квадратная. У ёй з боку гледачоў знаходзяцца дзверцы. Падлога ў гэтай вежы -- дыск, якi круцiцца на вертыкальнай восi. Па краях дыска прымацаваны лялькi ў выглядзе хлопцаў i дзяўчат, якiя трымаюцца за рукi. Гэта i ёсць Камароўскае вяселле". (Зап.В.Станкевiч у канцы ХIХ ст.)

Ч а ц в ё р т ы в i д быў выяўлены ў г.Сураж Вiцебскай губернi. Батлейка мела выгляд "трохкупальнай царквы, прымацаванай знiзу да лаўкi. Сцены царквы былi зроблены з тонкага каленкору, прамочанага тлушчам. Унутры, пад купаламi, падвешаны жалезныя абручы з замацаванымi на iх фiгурамi дзеючых асоб i падсвечнiкам у цэнтры. Батлеечнiк сядае ззаду такой батлейкi, адчыняе дзверцы, запальвае свечкi i адпаведна з ходам дзеяння паварочвае абручы. На пярэднiх сценках батлейкi атрымлiваюцца павялiчаныя выявы дзеючых асоб". (Зап.Е.Раманаў, надрук.у 1898 г.)

Батлейкавы тэатр у ХVII--ХIХ стст., распаўсюджаны пераважна на Вiцебшчыне, называўся жлоб (так называлi яслi для кармлення жывёлы; паводле бiблейскай легенды, Хрыстос ляжаў у яслях пад час пакланення трох каралёў). Жлоб нагадваў двух'ярусную трохкупальную царкву. Нiжнi ярус складваўся з трох аддзяленняў. У сярэднiм, за шклом, былi нерухомыя лялькi ("пакланенне вешчуноў"), сiлуэты якiх ад святла свечкi адлюстроўвалiся на задняй сценцы. Астатнiя сцэны абодвух ярусаў, што былi заклеены прамасленай паперай-экранам, служылi для паказу нараджэння Хрыстова з дапамогай статычных лялек. Вярчэнне iх адбывалася не абавязкова з удзелам батлеечнiка. Часта для гэтага выкарыстоўвалася спецыяльнае прыстасаванне, якое дзейнiчала ад цяпла свечкi.

П я т ы в i д не быў вядомы суседнiм народам. Да яго адносiцца тэатр Патупчыка.



Докшыцкая батлейка. "Яго батлейка -- "вяртэп" -- гэта простая вялiкая двух'ярусная скрыня з двума аддзяленнямi для сцэн. Памеры яе былi прыкладна 1,5х1,5 м. У верхняй частцы скрынi размяшчалiся два пеўнi. Прадстаўленне пачыналася бойкамi i спевамi пеўняў, i толькi пасля гэтага на сцэну выходзiлi персанажы.

Скрыня iлюмiнавалася васковымi свечкамi, якiя знаходзiлiся на ўстаўных планках у бакавiнах батлейкi. У мэтах перасцярогi ад пажару ў скрынi былi зроблены дзве бакавыя вузкiя камеры, сценкi якiх з аднаго боку былi абабiты бляхай. Другая сценка камеры, блiжэйшая да месца дзеяння лялек, была са шкла, абклеенага звонку тонкай паперай. У камерах, дзе былi запалены свечкi, зверху ўстаўлялiся вузкiя палоскi люстэркавага шкла, якiя ўзмацнялi i рэгулявалi святло.

Пастаноўкi Патупчыка былi галоўным чынам двухактавыя, таму скрыня мела два аддзяленнi: верхняе i нiжняе. Наяўнасць двух ярусаў сцэн давала магчымасць хутка мяняць месца дзеяння, а па ходу прадстаўлення -- дэкарацыi. Дэкарацыi былi празрыстыя, iх малявалi на папяроснай паперы i ўстанаўлiвалi па бакавiнах скрынi -- спераду крынiцы святла. Асобныя прадметы (дрэўцы, кусцiкi i г.д.) прылеплiвалiся да дна яруса воскам. Дэкарацыi па ходу прадстаўлення мянялi два разы..." (Успамiны А.Дзешавога пра дзейнасць тэатра ў 1909--1916 гг.)

Апошнi ш о с т ы в i д батлейкi апiсаны Ю.Крачкоўскiм у кнiзе "Быт западнорусского селянина": "Звязду" майструюць так. На раму ад рэшата цi сiта наклейваюць прамочаную салам цi алеем паперу i замацоўваюць на падставачнай жэрдцы для зручнага пераносу з аднаго месца на другое. Каб гэты круг меў выгляд зоркi, да яго ў чатырох--шасцi пунктах прымацоўваюць пiрамiдальныя "рогi" i дзеля прыгажосцi абгортваюць iх рознакаляровымi папяровымi махрамi. Затым робяць новае невялiкае кола, па акружнасцi якога наклейваюць выразаных з паперы салдацiкаў, коннiцу або пяхоту. Колца замацоўваюць на палачцы. Калi ўставiць у раму "звязды" свечку (у пакоi не павiнна быць светла) i паварочваць колца з наклеенымi салдацiкамi, то тым, хто стаiць з пярэдняга боку "звязды", уяўляецца, што iдзе бясконцая колькасць войска".

Па-за гэтай класiфiкацыяй аказалiся некаторыя iншыя батлейкi. Маюцца старадаўнiя тэатры, што не адносяцца да пэўнага вiду батлеек. Напрыклад, у Магiлёве бытавала трох'ярусная батлейка, тэкст якой у 1905 г. ад батлеечнiка Васiля Бутомы запiсаў Е.Раманаў. Акрамя таго, iснавалi батлейкi ў выглядзе куфра, а таксама па тыпе марыянетак i пальчаткавых лялек.

Цiкавая скрынка з лялькамi (пад назвай "Ягорый") апiсана П. Шэйнам у ХIХ ст. У скрынцы быў спецыяльны механiзм, якi круцiў фiгуркi коней, а пасярод iх узвышаўся на белым канi Ягорый (Юрый). Паказы праводзiлiся на Юр'еў дзень i суправаджалiся выкананнем абрадавых песень, iмправiзаваных тэкстаў у гонар мiфалагiчнага апекуна земляробства i жывёлагадоўлi.

Больш часу варта адвесцi на выраб батлеек у сталярнай майстэрнi. Для гэтых мэтаў неабходны добра пагабляваныя дошкi таўшчынёй 1--1,5 см. Каб атрымаць патрэбную шырыню дошак, iх склейваюць мiж сабой. Можна выкарыстоўваць i фанеру, але гэта будзе адыходам ад традыцый.

У дапамогу педагогам i юным майстрам падаюцца схемы вырабу батлейкавых скрыняў (мал.2) -- франтальная праекцыя (а), зборная канструкцыя 2-га яруса -- верхняга (б), гарызантальны разрэз 2-га яруса (в), выгляд з адваротнага боку (г). Лiчбы на чарцяжах абазначаюць адлегласць у сантыметрах. Памеры i будова першага i другога ярусаў аналагiчныя. Мацаванне дэталяў вырабу мiж сабой можна рабiць пры дапамозе клею, цвiкоў i шрубаў. Сценкi батлейкi добра шлiфуюцца, пры неабходнасцi пакрываюцца марылкай.

Можна вырабляць i прасцейшую батлейку, якая распрацавана ў БЦГЦ (мал.3). Шматфункцыянальная шырма "Батлейка" дае магчымасць выкарыстоўваць яе як тэатр ценяў, марыянетачны, пальчаткавы, лялечную эстраду i iнш.

Гэты тэатр лялек таксама можна вырабляць з фанеры (таўшчыня 3 мм) i драўляных рэек (2,5х2,5 або 3,0х3,0). Да пярэдняй рамы (1) на петлях мацуюцца бакавыя рамы (2,3) i дзверцы (4,5). Перакладзiна (8) устаўляецца ў адпаведныя адтулiны бакавых рам. Яна служыць для трымання шырмы з тканiны. Для выкарыстання тэатра пад батлейку ўстаўляюцца дадатковыя палiчкi (6,7) у якасцi нiжняга i верхняга ярусаў. На нiжняй палiчцы можна асобна ставiць цацачны спектакль, гуляць з марыянетачнымi i iншымi лялькамi. За пярэднюю раму можна прымацаваць спецыяльныя рамкi для тэатра ценяў i лялечнай эстрады. У нiжняй частцы шматфункцыянальнага тэатра можна змайстраваць скрынку для захавання лялек-персанажаў. Такая батлейка зручна складваецца i добра транспартуецца.

Мал.2. Батлейка магiлёўскага тыпу

Мал.3. Шматфункцыянальная шырма "Батлейка".

1 -- пярэдняя рама; 2, 3 -- бакавыя рамы;

4, 5 -- дзверцы; 6, 7 -- палiчкi; 8 -- перакладзiна



Тэма 4

АПРАЦОЎКА I АФАРМЛЕННЕ БАТЛЕЙКI

Задачы: даць не толькi тэарэтычныя веды, але i першапачатковыя навыкi практычнага афармлення батлеек хаця б у адным вiдзе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Важнае значэнне ў афармленнi старадаўняга лялечнага тэатра мае захаванне i пераемнасць беларускiх традыцый. Гаворка iдзе не пра капiраванне асобных тыпаў батлеек, а пра набыццё i захаванне самога "почырку" ў афармленнi з пэўнай стылiзацыяй. Раскрыем паэтапна некаторыя сакрэты як былых, так i сучасных майстроў.



Апрацоўка вырабу. Не выключана, што ў вырабленай скрынi засталiся расколiны, драпiны i iншыя дэфекты. Тут неабходна ш п а т л ё ў к а, якую наносяць вострым канцом шпатэля i вытрымлiваюць 2--3 гадзiны. Пры неабходнасцi шпатлёўку наносяць яшчэ раз, а паверхню шлiфуюць. Калi гэта робiцца ўручную, то выкарыстоўваюць шлiфавальныя шкуркi № 2, 1, 0, якiя ўмацоўваюць на мяккi матэрыял (гума, войлак, пенапласт). Палiруюць уздоўж валокнаў. Скрыню можна пакрываць i ш п о н а м (спецыяльнай тонкай стружкай), якi не толькi схавае дэфекты, але i надасць вырабу асаблiвую прыгажосць, выгляд натуральнасцi драўнiны.

Калi не ўжываецца шпон, то прыбягаюць да марэння.

М а р ы л к i (фарбавальнiкi) таксама iмiтуюць драўнiну пад каштоўныя яе пароды. Лепш выбраць карычневыя колеры. Калi батлейка двух'ярусная, то верхнi паверх унутры (неба) фарбуецца найчасцей у блакiтны колер, нiжнi паверх (палац) можна зрабiць шэра-блакiтным цi бардовым, карычневым, зялёным (дапускаецца i стракатасць). Пажадана выкарыстоўваць тканевыя фарбавальнiкi, гуаш, нiтраэмаль. Пасля высыхання паверхню зноў шлiфуюць i пакрываюць л а к а м. Для гэтых мэтаў ужываюцца бясколерныя i няшкодныя нiтралакi, якiя хутка высыхаюць (НЦ-218, НЦ-221, НЦ-222, НЦ-228), а таксама разбаўляльнiкi № 646--648. Iх можна наносiць пэндзлем, тампонам, распыляльнiкамi.

  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка