Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ў вільні




Дата канвертавання17.03.2016
Памер104.9 Kb.
Долатава, В.У. Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ў Вільні (1915–1925 гг.) / В.У. Долатава // Сб. науч. стат. молод. ученых / Совет молодых ученых фак-та междун. отнош. БГУ; Совет молодых ученых НАН Беларуси; редкол: Харит Е.С. [и др.]. – Минск: Беларуская навука, 2012. – Вып. 1. – С. 64–69.
БЕЛАРУСКАЕ ТАВАРЫСТВА ДАПАМОГІ ПАЦЯРПЕЛЫМ АД ВАЙНЫ Ў ВІЛЬНІ (1915 – 1925 гг.)
Долатава В.У. – студэнтка 5 курса гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта
Рэзюмэ

Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ў Вільні было ўтворана ў сакавіку 1915 г. Таварыства дапамагала бежанцам – беларусам падчас першай сусветнай вайны. Членамі таварыства з’яўляліся знакамітыя беларускія нацыянальныя дзеячы. Прадстаўнікі таварыства прынялі ўдзел у канферэнцыях Лігі неручкіх народаў Расіі ў Стакгольме і Лазане ў 1916 г.
Тэкст артыкула:

Сёння перад даследчыкамі паўстае магчымасць па-іншаму пераасэнсоўваць падзеі, якія адбываліся на беларускіх землях падчас першай сусветнай вайны. Вельмі патрэбным з’яўляецца таксама звярнуць увагу на беларускі нацыянальны рух у дадзены перыяд, бо час першай сусветнай вайны стаў часам умацавання, згуртавання сіл дзеля беларускай справы. У многіх працах гаворыцца пра тое, што падчас гэтай вайны амаль не вялося беларускай працы, а беларускі рух перажываў цяжкія часіны. Але адбылася дыяметральна іншая справа. Вайна злучыла беларускіх дзеячоў дабрачыннай працай дзеля дапамогі свайму народу ў Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны. Гэтая арганізацыя, якая спачатку была ўтворана з мэтай дапамагчы беларусам эканамічна прыстасавацца да ўмоў вайны, у хуткім часе стала праводзіць і культурна – асветніцкую працу з беларускім насельніцтвам, а потым прыняла на сябе і палітычныя функцыі. Існаванне Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны падчас першай сусветнай вайны карэнным чынам змяніла сітуацыю ў развіцці беларускага нацыянальнага руху.

Мэтай даследавання з’яўляецца распрацоўка актуальных праблем гістарычнай навукі, звязаных з дзейнасцю Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ў Вільні ў 1915 – 1925 гг. з дапамогай архіўных дакументаў, успамінаў і перыядычных крыніц па тэме.

У сакавіку 1915 г. у Вільні было ўтворана Беларускае таварыства (камітэт) дапамогі пацярпелым ад вайны, статут таварыства быў зацверджаны ўладамі 9 красавіка 1915 г. У сакавіку 1915 г. таварыства выдала адозву “Да грамадзян Беларусі”, у якой заклікала насельніцтва да супольнай ахвярнай працы дзеля грамадскай апекі і дапамогі вясковым жыхарам у адбудове знішчанага вайной [1, арк. 81]. 12 мая 1915 г. адбыўся ўстаноўчы сход таварыства. А 13 мая 1915 г. адбылося першае паседжанне камітэту, і быў выбраны маршалак таварыства – В. Іваноўскі і яго намеснікі – А. Луцкевіч і В. Ластоўскі [2, с. 3].

“Справядліва кажа камітэт таварыства, што мэта яго – наладзіць між беларусамі самапомач: тое, да чаго ён кліча, ёсць папраўдзі ўсенароднае дзела, ёсць праца беларускага народа для самога сябе… Народ ужо абудзіўся, ужо распазнае, хто ён ёсць, якое яго імя… Трэба да жывой работы для народу прыцягнуць увесь народ – не адных яго святлейшых сыноў. Няхай жа справа дапамогі ахвярам вайны будзе для беларусаў гэткай жывой работай… няхай усе беларусы зразумеюць, што ў такой еднасці – уся іх будучыня, іх шчасце і доля!”, - прачыталі беларусы ў газеце “Наша ніва” 5 чэрвеня 1915 г. [3, с. 1].

У чэрвені – ліпені 1915 г. была распачата праца па адкрыццю аддзелаў таварыства на беларускіх землях. А. Луцкевіч у адным з лістоў да нямецкіх улад піша: “На працягу некалькіх тыдняў таварыства заснавала дзясяткі аддзелаў у правінцыі, але перашкоды з боку ўлад і адмова ў субсідаванні Таццянінскім камітэтам … прымусілі гэту працу вельмі абмежаваць” [4, арк. 11]. Сёння знойдзены звесткі пра сем аддзелаў таварыства ў Мінску, Дзісне, Вілейцы, Празароках, Друскеніках, в. Гожа Гродзенскай губерні, Полацку, якія існавалі ў 1915 – 1917 гг. [5, с. 3]. Вядома, што ў чэрвені 1915 г. Вацлаў Ластоўскі быў напраўлены таварыствам правесці агляд паладжэння насельніцтва ў Віленскай і Віцебскай губерніях, а таксама арганізаваць дапамогу пацярпелым ад вайны на месцах. Менавіта ён пабываў у Полацку, Дзісне, Лужках, Германовічах і Дрысе. В. Ластоўскі пісаў у таварыства, што калі людзей аставіць і далей галадаць і без жылля, то ў хуткім часе пачнецца эпідэмія хвароб, “бо няма тутака грамадзянскіх організацый дзеля помачы пацярпеўшым ад вайны на месцах”. Ластоўскі піша, што ў Полацку і Дзісне ўдалося наладзіць аддзелы таварыства [6, с. 1-2]. Вядома, што П. Аляксюк, у сваю чаргу быў напраўлены ў Гродзенскую губернію [2, с. 3]. Калі восенню 1915 г. у выніку ўдалага наступлення немцаў на Усходнім напрамку Заходняя Беларусь была акупіравана, Беларускае таварыства дапамогі пацярпеўшым ад вайны ў Вільні апынулася на захопленай тэрыторыі, але працы не спыніла. А яго адзелы ў Полацку, Мінску і іншых гарадах засталіся на тэрыторыі размяркавання расійскіх войск, дзе спачатку вайны было ўсталявана ваеннае становішча. Сувязь з Мінскам была ўсталявана толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі [7, арк. 23 – 25].

У верасні 1915 г., калі нямецкія войскі падыходзілі да Вільні з горада выехала частка членаў таварыства, у тым ліку і маршалак таварыства Вацлаў Іваноўскі. Ю. Туронак лічыць, што А. і І. Луцкевічы, В. Ластоўскі засталіся ў Вільні з надзеі атрымаць дзяржаўнасць для Беларусі ад Германіі, а В. Іваноўскі выехаў у Расію, таму што быў перакананы ў тым, што беларускай справе дапаможа Расія [8, c. 87]. Але нельга праводзіць паралель паміж палітычнымі разлікамі беларускіх дзеячаў падчас першай сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны. Да таго дабавім, што, хутчэй за ўсё, лідэры таварыства вырашылі падзяліцца, каб была магчымасць у любым выпадку і выніку вайны на нешта спадзявацца ў палітычным аспекце развіцця Беларусі. Яны ня ведалі, хто пераможа і жадалі паспець усюды. Акрамя таго, Ю. Туронак заяўляе, што Іваноўскаму падпарадкоўваліся адзелы таварыства ў Пецярбургу і Менску (па-за лініяй фронту), якім было патрэбна кіраўніцтва В. Іваноўскага. Але пра актыўную працу В. Іваноўскага ў аддзелах таварыства, якія знаходзіліся ў гарадах Расійскай імперыі, фактычных звестак не выяўлена. Хутчэй за ўсё, В. Іваноўскага цягнулі ў Расію яго прадпранімальніцкія справы. Але мы не можам не ўлічыць і іншыя фактычныя звесткі, згодна з якімі перад самым пачаткам ваенных падзей Іван Луцкевіч быў абвінавачаны ў садзейнічанні польскім “хакацістам” у спекулятыўнай куплі – продажы беларускіх зямель. У выніку быў праведзены таварыскі суд, які так і не вынес рашэння з-за пачатку вайны. Вядома, што ў судовай калегіі прысутнічалі В. Іваноўскі, Б. Кжыжаноўскі, М. Рэмер [9, арк. 3]. Цікава, што як раз пасля гэтых падзей В. Іваноўскі і частка дзеячаў выехалі ў Расійскую імперыю.

Калі В. Іваноўскі з’ехаў, кіраўніком таварыства стаў А. Луцкевіч. Найбольшую ролю ў таварыстве адыгрывалі Ф. Аляхновіч, А. Пашкевіч, В. Ластоўскі, В. Святаполк – Мірскі, Я. Салавей, Ю. Мэнке, Б. Пачобка, А. Рачкоўская, Ф. Вішнеўскі, Я. Ліцкевіч, У. Талочка, Ч. Родзевіч [10, с. 125].

Каб зразумець абставіны, у якіх працавала таварыства ў Вільні, дастаткова прывесці некаторыя факты. Пасяджэнні БТДПАВ адбываліся на асабістай кватэры братоў Луцкевічаў у доме нумар 33 па вуліцы Віленскай [11, с. 37] абавязкова раз у месяц, а калі было патрэбна, то і часцей [11, с. 56]. Ю. Мэнке піша, што ў 1915 г. у таварыстве было няшмат дзеячаў і “польскія дзеячы зласловілі, што ўсіх віленскіх беларускіх дзеячоў можна пасадзіць на адной канапе” [11, с. 37].

Таварыства разгарнула шырокую дзейнасць: дабрачынную (адкрыццё і ўтрыманне сталовак, выдача грошаў і рэчаў, арганізацыя медыцынскай дапамогі, дапамога ва ўладкаванні на працу пацярпеўшым ад вайны), культурна – асветніцкую (адкрыццё школ, настаўніцкіх курсаў, арганізацыя літаратурных і тэатральных вечароў, лекцый, канцэртаў), палітычную (прадстаўніцтва беларусаў перад акупацыйнымі ўладамі на міжнародных канферэнцыях у Стакгольме і Лазанне, распрацоўка праектаў аўтаномнай і незалежнай беларускай дзяржаўнасці, арганізацыя беларускіх нацыянальных мітынгаў і канферэнцый). Трэба заўважыць, што палітычная дзейнасць таварыства не была прадугледжана ў яго статуце, зацверджаным расійскімі ўладамі ў красавіку 1915 г. [12].

Дзеячы Беларускага камітэта ў 1916 г. пачалі выдаваць газету “Гоман”. Вось як аб гэтым піша Ю. Мэнке: “… трэба было выдаваць беларускую газету, але на гэта трэба было мець ня толькі канцэсію, але і грошы, якіх Беларускі камітэт не меў. І вось акупацыйныя ўлады, разумеючы патрэбу інфармавання жыхарства гэтага краю, зрабілі Беларускаму камітэту прапанову друкаваць у нямецкай друкарні і даваць паперу, а Беларускі камітэт сваімі сіламі павінен рабіць усю рэдакцыйную працу [13, арк. 1 – 2]. І вось амаль усю рэдакцыйную працу рабіў Антон Луцкевіч; Іван часамі рабіў накіды артыкулаў, а Антон іх апрацоўваў” [11, с. 56]. Потым на дапамогу ў рэдакцыйнай працы Антону Луцкевічу прыйшоў Ф. Аляхновіч.

З цягам часу арганізацыя набывала грамадска – палітычную афарбоўку. Менавіта прадстаўнікамі таварыства (А. Луцкевіч, В. Ластоўскі, Я. Салавей) было ўпершыню вынесена на міжнароднае абмеркаванне “беларускае пытанне” у 1916 г. на канферэнцыях Лігі нерускіх народаў Расійскай імперыі ў Стакгольме і Лазанне. Беларуская дэлегацыя выступіла перад краінамі Захаду з мемарандумам, дзе патрабавала прызнаць права беларускага народа на самавызначэнне [14, с. 2 – 3].

Таварыства прыняла на сябе ролю прадстаўніка беларусаў перад акупацыйнымі ўладамі. У 1917 г. члены Беларускага таварыства займаліся падрыхтоўкай беларускай канферэнцыі, каб абмеркаваць справу беларускага прадстаўніцтва на землях пад нямецкай акупацыяй. Ужо ў верасні 1917 г. былі падрыхтаваны дакументы беларускага мітынгу, некаторыя з іх захаваліся ў БДАМЛіМ, у тым ліку чарнавы варыянт рэзалюцыі мітынгу з патрабаваннямі да нямецкіх уладаў вырашыць пытанне аб будучыні Беларусі пасля вайны, усталяваць беларуска – літоўскую дзяржаўнасць [4, арк. 40 – 40 адв.]. Рэзалюцыя напісана ад імя “прадстаўнікоў беларускага арганізаванага грамадзянства”. Трэба заўважыць, што сярод гэтых прадстаўнікоў былі і дзеячы таварыства [15, арк. 13 – 16]. Рэзалюцыя беларускага мітынгу была паслана начальніку упраўлення Літвой, а мемарандум мітынгу – імперскаму канцлеру. У рэзалюцыі адзначалася: “каб беларуска – літоўскія землі ўстанавілі незалежную дэмакратычную дзяржаву з двух асноўных нацыянальных тэрыторый: беларускай і літоўскай” [16, арк. 46]. Канферэнцыя адбылася ў студзені 1918 г. у памяшканні на Юркаўскім праспекце. На гэтай канферэнцыі была выбрана Беларуская Рада [11, с. 107 – 110]. Калі нямецкія войскі занялі Мінск, Іван Луцкевіч разам з іншымі радаўцамі едзе туды, каб стварыць БНР [11, с. 112]. У тыя дні Іван Луцкевіч шмат ездзіў па беларускіх землях, усюды заклікаў да беларускай працы, быў у Мінску, Слуцку, Магілёве і іншых месцах.

А 1 студзеня 1919 г. Вільня “апынулася ў руках абдзёртай бальшавіцкай ватагі” [11, с. 122]. У лютым 1919 г. таварыства адчыняе беларускую гімназію ў Базыльянскіх мурах. Дзеячы стараліся адчыніць яе як мага хутчэй, каб яна ўжо працавала, калі ёй зацікавяцца бальшавікі. У гімназіі працавалі Максім Гарэцкі і Леаніла Чарняўская, Міхаіл Кахановіч (першы дырэктар), Алёна Сакалова, ксёндз Адам Станкевіч, Іван і Антон Луцкевічы і Юліяна Мэнке [11, с. 120]. З 1919 г. вялікую ролю ў падтрыманні працы гімназіі і іншых справах таварыства адыгрываў Б. Тарашкевіч [17, арк. 11 – 12 адв.]. У 1919 г. таварыствам былі адчынены прытулак і гімназія ў Гародне, справамі якіх актыўна займаўся Л. Дубейкоўскі. У 1921 г. у Гародне быў арганізаваны Камітэт помачы ахвярам вайны [18, арк. 21 – 27].

Але ўмовы для працы таварыства станавіліся ўсё болей неспрыяльнымі, і з канца 1918 г. дзейнасць таварыства пачала згортвацца. У ліпені 1919 г. было аб’яўлена пра аднаўленне дзейнасці таварыства. Быў выбраны новы камітэт [19, с. 360]. Па архіўных дадзеных у 1923 г. старшынёй таварыства з’яўляўся П. Мятла, а віцэ – старшынёй былі А. Сакалова і А. Станкевіч. Сакратарамі былі генерал Багдановіч і Б. Туронак. Скарбнікам – Б. Тарашкевіч. Згодна пратаколу паседжання камітэту таварыства 4 лістапада 1923 г., таварыства збірала ахвяры, праводзіла вечарыны, утрымлівала дзіцячы прытулак [20, арк. 10 адв. – 12 адв.]. У 1924 г. старшынёй таварыства быў абраны Р. Астроўскі [20, арк. 15].

Аднак наладзіць працу ў ранейшых маштабах не атрымалася. На пачатку 1920 – х гг. дзейнасць таварыства зводзілася да ўтрымання камітэтам дзіцячага прытулку ў Вільні (каля 100 выхаванцаў) [19, с. 360]. Апошні пратакол паседжання таварыства, які захаваўся ў БДАМЛіМ, датуецца 2 сакавікам 1925 г. [20, арк. 46]. Але пра заканчэнне працы таварыства там нічога не гаворыцца. Таму невысветленым з’яўляецца пытанне пра дату закрыцця таварыства ў Вільні. Зразумела, што дзейнасць адчыненага ў 1919 г. таварыства праходзіла ўжо ў іншых палітычных і сацыяльна – эканамічных рэаліях часу. Але як і раней, членамі, кіраўнікамі, актыўнымі дзеячамі таварыства з’яўляліся вядомыя дзеячы беларускага нацыянальнага руху.

З верасня 1919 г. таварыства мела свайго прадстаўніка ў Цэнтральнай Беларускай радзе Віленшчыны і Гродзеншчыны. Афіцыйным прадстаўніком таварыства з’яўляўся А. Карабач [21, арк. 1]. Але, калі паглядзець на склад членаў гэтай арганізацыі ў 1919 г., можна заўважыць, што яе членамі з’яўляліся шматлікія члены БТДПАВ: В. Ластоўскі, М. Кахановіч, Б. Тарашкевіч, П. Мядзёлка, П. Аляксюк, Грыб, Душэўскі, Станкевіч і іншыя [21, арк. 1].

Такім чынам, перыяд працы таварыства ў Вільні не абмяжоўваўся часам першай сусветнай вайны, і пасля вайны арганізацыя дзейнічала, і яе членамі і кіраўнікамі з’яўляліся знакамітыя дзеячы, лёс якіх назаўсёды ў гісторыі застаўся звязаны з беларускімі землямі. У першую сусветную вайну беларускія нацыянальныя дзеячы праявілі сябе з найлепшага боку, яны не пакінулі свой народ у нядолі і знайшлі сродкі аказання дапамогі суайчыннікам. Знакамітыя дзеячы падчас вайны былі звязаны з дзейнасцю арганізацыі, якая па статуту лічылася дабрачыннай, але склад яе членаў павярнуў арганізацыю да знешнепалітычнай, унутрыпалітычнай, нацыянальна – выхаваўчай, культурнай працы.


Літаратура
1. БДАМЛіМ Фонд 3. – Воп. 1. – Спр. 140.

2. Беларускае Таварыства па аказанню дапамогі пацярпеўшым ад вайны // Наша ніва. – 1915 г. – 22мая. – С. 2.

3. Да працы! // Наша ніва. – 1915 г. – 5 чэрвеня. – С.1.

4. БДАМЛіМ Фонд 3. – Воп. 1. – Спр. 131.

5. З Беларусі і Літвы // Наша ніва. – 1915. – 2 ліпеня. – С. 3.

6. Рэляцыя “Беларускаму Таварыству помачы пацярпеўшым ад вайны” упаўнаважанага В. Ластоўскага // Наша ніва. – 1915. – 9 ліпеня. – С. 1 – 2.

7. БДАМЛіМ Фонд 3. – Воп. 1. – Спр. 261.

8. Туронак, Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі: [пераклад з польскай мовы] / Юры Туронак. – Мінск: Медисонт, 2006. – 178 с.

9. БДАМЛіМ Фонд 3. – Воп. 1. – Спр. 262.

10. Цуба, М.В. Грамадска – палітычнае жыцце на Беларусі з пачатку Першай сусветнай вайны да Лютаўскай рэвалюцыі (жнівень 1914 – люты 1917 гг.) / М.В. Цуба; Палескі дзяржаўны ўніверсітэт. – Мінск, 2006. – 231 с.

11. Вітан – Дубейкаўская, Ю. Мае ўспаміны / Ю. Вітан – Дубейкаўская. – Вільня: Таварыства беларускай культуры ў Літве, 1994. – 190 с.

12. Статут Беларускага таварыства па аказанню дапамогі пацярпелым ад вайны. – Вільня: Друкарня Кухты, 1915. – 15 с.

13. БДАМЛіМ Фонд 3. – Воп. 1. – Спр. 51.

14. Рэляцыя аб з’ездзе ў Лазанне // Гоман. – 1916. – 11 жніўня. – С. 2 – 3.

15. БДАМЛіМ Фонд 3. – Воп. 1. – Спр. 132.

16. БДАМЛіМ Фонд 3. – Воп. 1. – Спр. 133.

17. БДАМЛіМ Фонд 3. – Воп. 1. – Спр. 227.

18. БДАМЛіМ Фонд 3. – Воп. 1. – Спр. 236.

19. ЭГБ. Т. 1. С. 360.

20. БДАМЛіМ Фонд 3. – Воп. 1. – Спр. 130.

21. БДАМЛіМ Фонд 3. – Воп. 1. – Спр. 154.
THE BYELORUSSIAN SOCIETY FOR ASSISTANCE OF THE VICTIMS OF THE WAR IN VILNIUS (1915 – 1925)
Dolotova O.V. - the student 5 courses of historical faculty of the Belarusian State University
Summary

The Byelorussian Society for Assistance to the Victims of the War in Vilnius is established from March, 1916. The Society provided assistance to the Belarusians refugees during the First World War. The Society members were promenade Belarusian personalities. The members of the Society participated in the conferences of the League of non-Russian nations of Russia in Stockholm and Lausanne in 1916.

Материал вычитан, цифры, факты и цитаты сверены с первоисточниками:
Автор:

студентка 5 курса истфак БГУ ____________ О.В. Долотова

(подпись)

Рецензент:

кандидат исторических наук, профессор

кафедры истории Беларуси нового



и новейшего времени БГУ ____________ И.Ф. Романовский

(подпись)


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка