Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны – афіцыйны прадстаўнік беларусаў на канферэнцыях лігі нерускіх народаў расіі ў стакгольме І лазанне ў 1916 Г




Дата канвертавання24.03.2016
Памер78.5 Kb.
Долатава, В.У. Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны – афіцыйны прадстаўнік беларусаў на канферэнцыях Лігі нярускіх народаў Расіі ў Стакгольме і Лазане ў 1916 г. / В.У. Долатава //Научные стремления – 2011: материалы Междунар. науч. – практ. конф. молодых ученых, Минск, 14-18 ноября 2011 года. / Совет молодых ученых НАН Беларуси. – Минск: Беларуская навука, 2011. – Т. 2. – С. 47–50.
УДК 94(476)

Долатава В.У.

БЕЛАРУСКАЕ ТАВАРЫСТВА ДАПАМОГІ ПАЦЯРПЕЛЫМ АД ВАЙНЫ – АФІЦЫЙНЫ ПРАДСТАЎНІК БЕЛАРУСАЎ НА КАНФЕРЭНЦЫЯХ ЛІГІ НЕРУСКІХ НАРОДАЎ РАСІІ Ў СТАКГОЛЬМЕ І ЛАЗАННЕ Ў 1916 Г.

Беларускі дзяржаўны універсітэт, Мінск

Дзевяноста пяць гадоў таму назад “беларускае пытанне” упершыню было вынесена на міжнародную арэну. Барацьба за сваю асобную дзяржаву прывяла беларусаў у 1916 г. спачатку ў Стакгольм, а потым у Лазанну, дзе ў красавіку і чэрвені таго года па ініцыятыве Германіі былі скліканы тры канферэнцыі Лігі нерускіх народаў Расійскай імперыі. Беларуская дэлегацыя выступіла перад краінамі Захаду з патрабаваннямі прызнаць права беларускага народа на самавызначэнне.

Сёння рэдка ў літаратуры прыгадваецца той факт, што беларускія дзеячы выступалі на гэтых канферэнцыях не толькі ад імя беларускага народа, але і ад імя вялікай дабрачыннай нацыянальнай арганізацыі, якая аб’яднала беларускіх нацыянальных дзеячаў падчас Першай сусветнай вайны. Гэтая арганізацыя насіла назву Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны і была ўтворана ў Вільні ў 1915 г. Імёны дэлегатаў сёння добра вядомыя – гэта І. Луцкевіч, В. Ластоўскі, Я. Салавей і іншыя. Але назву таварыства, членамі якога яны з’яўляліся, у якім працавалі – дапамагалі беларускім бежанцам харчаваннем, вопраткай, грашыма, арганізоўвалі культурна – асветніцкія мерапрыемствы – сёння мала хто ведае. І болей таго, многія сучасныя гісторыкі не звязваюць дзейнасць Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны з пачаткам міжнароднай дзейнасці беларусаў.

Мэтай даследавання з’яўляецца распрацоўка актуальных праблем у гістарычнай навуцы, звязаных з пачаткам міжнароднай дзейнасці беларусаў, а таксама аб’ектыўнае вызначэнне ролі Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны як нацыянальнай арганізацыі ў беларускім дзяржаваўтворчым працэсе.

У сучаснай навуковай і вучэбнай літаратуры пра першае выступленне беларусаў перад заходнімі краінамі з патрабаваннем вырашыць пытанне беларускай дзяржаўнасці, як правіла, гаворыцца вельмі коратка і непадрабязна, а таксама існуюць розныя падыходы ў вызначэнні арганізацый, якія прадстаўлялі беларусаў. Часцей за ўсё аўтары адзначаюць імёны беларускіх нацыянальных дзеячаў, якія ўдзельнічалі ў канферэнцыях, або называюць такую арганізацыю, як Беларускі народны камітэт, утвораны ў 1915 г. Але апошняя арганізацыя не прадстаўляла ўвесь спектр беларускіх палітычных кругоў, яна была ўтворана асобнымі дзеячамі сацыял – дэмакратычнага напрамку, і не магла прадстаўляць перад светам беларускі народ. А вось Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ўжо ў 1916 г. мела на беларускіх землях сем аддзелаў як на захопленай немцамі тэрыторыі, так і на тэрыторыі, занятай царскімі войскамі. Акрамя таго, у 1916 г. у сталіцы Расійскай імперыі таксама было створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Такім чынам Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны на самой справе з’яўлялася буйной арганізацыяй. І членамі яе з’яўляліся прадстаўнікі самых розных палітычных плыняў: В. Іваноўскі, А. і І. Луцкевічы, В. Ластоўскі, Я. Варонка, Б. Тарашкевіч, З. Жылуновіч, А. Чарвякоў, Б. Эпімах – Шыпіла, А. Смоліч, М. Багдановіч, А. Пашкевіч, Ч. Родзевіч, Я. Салавей… Пералічыць усіх немагчыма. Усе знакамітыя беларускія дзеячы палічылі патрэбным прыняць удзел у працы таварыства, дапамагчы беларускаму народу, які апынуўся ў цяжкіх абставінах сусветнай вайны. Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны з’яўлялася адзінай афіцыйнай грамадскай беларускай арганізацыяй, якую фінансава падтрымлівалі ўлады і якая стварала вялікія магчымасці для канцэнтрацыі нацыянальных сіл і каардынацыі пазастатутнай дзейнасці. Такая арганізацыя, як Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, канечне, мела ўсе правы прадстаўляць беларусаў на міжнародных канферэнцыях. Дабрачынныя мэты таварыства, яго членскі склад, культурная праца маглі зрабіць падмогу палітычным дзеячам дасягнуць іх мэты ў вырашэнні дзяржаўнага пытання, маглі паказаць свету, што беларусы – нацыя, якая мае права на самастойнае дзяржаўнае развіццё. Таму не выпадкова, што ў мемарандуме, прадстаўленым на канферэнцыі ў Лазанне, беларусы распавядаюць Захаду пра таварыства, яго мэты і дасягненні [9, c. 3].

Аўтарытэтныя і вядомыя беларускія гісторыкі, сучаснікі падзей першай трэці ХХ ст., такія як М. Доўнар – Запольскі і У. Ігнатоўскі, на старонках сваіх прац выдзяляюць Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, напамінаюць пра тое, што яго члены ўзялі на сябе вялікую адказнасць прадстаўляць беларусаў у свеце. Так, Мітрафан Доўнар – Запольскі ў сваім вядомым курсе лекцый “Гісторыя Беларусі” піша: “Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ўскладае на сябе афіцыйнае прадстваўніцтва ўсёй Беларусіі, усходняй і заходняй, і на канферэнцыі народаў Расіі ў Лазанне і Стакгольме афіцыйна ставіць пытанне аб будучай палітычнай самастойнасці Беларусіі” [3, c. 536]. І Усевалад Ігнатоўскі ўдакладняе словы М. Доўнар – Запольскага ў сваёй кнізе “Гісторыя Беларусі ў ХІХ і ў пачатку ХХ сталецця”. Ён адзначае, што Цэнтральны саюз беларускіх нацыянальных грамадскіх арганізацый паслаў сваіх дэлегатаў на міжнародныя канферэнцыі ў Стакгольм, дзе “яны ад імя беларускага народу заявілі, што ён чакае вызвалення з-пад ярма расейскай няволі” [6, c. 224]. Уся справа ў тым, што ва ўтвораным на пачатку 1916 г. Цэнтральным саюзе беларускіх нацыянальных грамадскіх арганізацый Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны адыгрывала вядучую ролю.

Вядома, што на канферэнцыі ў Стакгольме беларускія дэлегаты В. Ластоўскі і Я. Салавей направілі тэлеграму прэзідэнту ЗША Вудра Вільсану з падзякай за выступленне ў абарону “малых народаў” [1, арк. 49]. А беларуская дэлегацыя выступіла са сваім мемарандумам на ІІІ Кангрэсе нацый у Лазанне, які адбыўся ў чэрвені 1916 г. Тым падзеям прысвечаны артыкулы газеты “Гоман” за 1916 г., а таксама літаратурна – публіцыстычная спадчына А. Луцкевіча.

Антон Луцкевіч адзначае, што дэлегацыю беларусаў у Лазанне ўзначальваў Іван Луцкевіч [7, c. 98], і з Вільні ад беларусаў былі запрошаны І. Луцкевіч і В. Ластоўскі [7, c. 192]. У сучасных даследчыкаў мы знойдзем іншыя дадзеныя: “У гэтым жа годзе беларуская дэлегацыя на чале з Ластоўскім прадставіла мемарандум на міжнароднай канферэнцыі ў Швейцарыі” [11, c. 265]. Важна тое, што беларусаў прадстаўлялі знакамітыя дзеячы, якія сваімі справамі дзеля будучыні беларускага народа заслужылі сабе павагу суайчыннікаў.

З’езд “інародцаў Расіі” у Лазанне праходзіў з двацаць сёмага па двацаць дзевятае чэрвеня 1916 г. [8, c. 3]. На з’езд прыбылі двацаць тры розныя народнасці, у тым ліку беларусы [5, c. 2-3].

Газета “Гоман” надрукавала некалькі артыкулаў пра гэты з’езд. У нумары трыцаць дзевяць быў надрукаваны артыкул пра тое, чаго чакаюць ад з’езда: “З’езд гэты, дапаўняючы нядаўні з’езд у Стакгольме, у сваіх рэзалюцыях павінен паказаць перад усім светам выхад з цяжкага палажэння “інародцаў” Расіі. Але смелыя, вольныя думкі … не дадуць ім нічога, калі не зварухнецца ўвесь культурны свет, калі ідэя вызвалення ўцісканых “інародцаў” ня войдзе глыбока ў свядомасць вялікіх дзяржаў” [2, c. 2]. “Гоман” заклікаў таксама і беларускіх эмігрантаў паўплываць на пазіцыі ўлад іх дзяржаў у адносінах да беларускага пытання. “Гоман” заклікаў іх памятаць пра Беларусь, якая перажывае вельмі цяжкую для сябе часіну.

На з’ездзе двацаць сёмага чэрвеня выступала дэлегацыя беларусаў з мемарандумам, які быў надрукаваны ў “Гомане” [8;9]. З галоўнай прадмовай выступіў Іван Луцкевіч. У мемарандуме гаварылася: “…мы маем магчымасць першы раз за сто двацаць гадоў заявіць цывілізаванаму свету аб поўнай нашай бязпраўнасці, ад якой мы пакутавалі ў Расійскай дзяржаве. Мы просім у цывілізаваных народаў спагады нам і падтрымання, каб прымусіць да пашаны нашых нацыянальных і культурных правоў” [10, c. 28].

Беларускія прадстаўнікі пазнаёмілі свет з геаргафіяй, межамі і гісторыяй Беларусі, абгрунтавалі сваё жаданне быць незалежнымі ад Расіі, даказалі, што маюць права быць свабоднымі. Дэлегацыя апісвала цяжкасці, выпаўшыя на долю беларусаў з пачаткам Першай сусветнай вайны, і заклікала “культурны свет” здзейсніць беларусам дапамогу: “…пазваляе нам шукаць у культурных народаў свету спачуцця і абароны нашых чалавечых і культурна-народных правоў і карміцца надзеяй, што які б не быў канец вайны, культурныя народы свету дапамогуць забяспечыць беларусам такую паўнату культурных і палітычных правоў, якая дасць нашаму народу змогу вольна развіваць свае духоўныя і матэрыяльныя сілы, дасць змогу стацца нам вольнымі гаспадарамі свайго краю” [9, c. 3].

На жаль, Еўропа засталася абыякавая да запатрабаванняў беларусаў. Напрыканцы працы з’езду, дэлегаты прынялі праект правоў народаў, які быў распрацаваны міжнароднай камісіяй [4, c. 2], але ён не вельмі дапамог беларусам вырашыць пытанне дзяржаўнасці.

Такім чынам, Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны стала той арганізацыяй, ад імя якой беларускія дэлегаты мусілі заявіць на ўвесь свет аб праве беларускага народа на самавызначэнне. Таварыства па характары і маштабе сваёй дзейнасці, па членскаму складу з’яўлялася такой буйной і аўтарытэтнай арганізацыяй, якая мела права прадстаўляць беларускі народ на міжнароднай арэне. Існаванне на беларускіх землях такой арганізацыі, як Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны само па сабе гаварыла шмат пра беларусаў як нацыю. Нават дзеячы, якія потым разыдуцца па розных партыях, падчас вайны аб’ядналі сілы, каб дапамагчы свайму народу. І ў гэтым была іх моц. Мабыць, менавіта пагэтаму палітычная і нацыянальная іх дзейнасць падчас вайны была даволі паспяховай – таму што яны былі разам, аб’яднаныя адной справай. Таварыства з’яўлялася тым падмуркам, дзякуючы якому пасля Лютаўскай рэвалюцыі беларусы і іх розныя арганізацыі і аб’яднанні гучна заявілі пра сябе.

Літаратура:

1. БДАМЛіМ Ф. 3. – Воп. 1. – Спр. 133.

2. Да братоў за морам // Гоман. – 1916. – № 39. – 27 чэрвеня. – С. 2.

3. Довнар – Запольский М.В. История Белоруссии / М.В. Довнар – Запольский. – Минск: Беларусь, 2005. – 680 с.

4. З’езд “інародцаў” Расіі // Гоман. – 1916. – № 40. – 30 чэрвеня. – С. 2.

5. З’езд народаў у Лазанне // Гоман. – 1916. – № 42. – 7 ліпеня. – С. 2 – 3.

6. Ігнатоўскі У.М. Гісторыя Беларусі ў ХІХ і ў пачатку ХХ сталецця / У. М. Ігнатоўскі. – Мінск: Белдзяржвыд, 1928. – 252 с.

7. Луцкевіч А.І. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы / А.І. Луцкевіч; [Уклад., прадм., камент., анатав. індэкс іменаў А. Сідарэвіча]. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2003. – 288 с.

8. Рэляцыя аб з’ездзе ў Лазанне // Гоман. – 1916. – № 52. – 11 жніўня. – С. 2 – 3.

9. Рэляцыя аб з’ездзе ў Лазанне // Гоман. – 1916. – № 53. – 15 жніўня. – С. 3.

10. Турук Ф. Белорусское движение / Ф. Турук. – Москва: Типография Подотдела Инвалидов, Ермаковская, д. 3, 1921. – 144 с.

11. Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі / Я. А. Юхо. – Мінск: Універсітэцкае, 1992. – 270 с.


Dolotova O.V.

THE BYELORUSSIAN SOCIETY FOR ASSISTANCE OF THE VICTIMS OF THE WAR IS THE OFFICIAL REPRESENTATIVE OF THE BYELORUSSIANS AT THE CONFERENCES OF THE LEAGUA OF NON-RUSSIAN NATIONS OF RUSSIA IN STOCHOLM AND LAUSANNE IN 1916

Belarusian State University, Minsk

Summary

The Byelorussian Society for Assistance to the Victims of the War provided assistance to the Belarusians refugees during the First World War. The members of the Society participated in the conferences of the League of non-Russian nations of Russia in Stockholm and Lausanne in 1916.



РЭФЕРАТ

УДК 94(476)

Долатава В.У. Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны – афіцыйны прадстаўнік беларусаў на канферэнцыях Лігі нерускіх народаў Расіі ў Стакгольме і Лазанне ў 1916 г.



Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны было ўтворана 9 красавіка 1915 г. Таварыства аказвала дабрачынную дапамогу бежанцам – беларусам падчас Першай сусветнай вайны. Членамі таварыства з’яўляліся знакамітыя беларускія нацыянальныя дзеячы. Актыўныя дзеячы таварыства прынялі ўдзел у канферэнцыях Лігі нерускіх народаў Расіі ў Стакгольме і Лазанне ў 1916 г.

Бібліягр. – 11 назв.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка