Беларускае мора залатымі манетамі зорак




Дата канвертавання03.05.2016
Памер32.9 Kb.
БЕЛАРУСКАЕ МОРА
Залатымі манетамі зорак

Зноўку свеціцца неба над намі.

Неба ў нас—беларускае мора

З белакрылымі ў ім караблямі.


Адабраць у нас мора хацелі,

Наша мора адзінае ў свеце,

Каб на мора мы больш не глядзелі

І жылі па лясах, як мядзведзі.


Мы ў вяках збераглі сваё мора,

І нас мора ад бед зберагае,

Залатымі манетамі зорак

Уначы яно нас абсыпае.


З мора нашага нехта смяецца,

Але мора ў нас ёсць, як і Ўчора.

Маё цела зямлі застанецца,

А душа—пераселіцца ў мора.


* * *


Людміле
Зноў далёка ля Чорнага мора

Белых чаек ты корміш з рукі.

А здаецца, было гэта ўчора,

Калі тут мы з табой ля ракі

Сустракалі вясну маладую,

Што на крыгах, як хмарах, плыла

І знікала ў далечу чужую,

Размываючы плынню святла

Бераг наш, дзе з табой мы стаялі,

І глядзелі адно на раку,

І, як неба начное, маўчалі,

І рука сагравала руку…

Час прайшоў, праляцеў назаўсёды,

Праплыла зноў на крыгах вясна.

Адплылі за табой параходы,

І ў гітары ахрыпла струна.

Я гітару тваю зберагаю

І стаю, нібы страж, ля ракі.

І цябе я з далечы чакаю

І кармлю белых чаек з рукі.


* * *
Неба над намі нібыта вада…

Зоркі, нібы залатая арда,

Сонна ўсплываюць з начной цішыні,

Быццам тапельцы з рачной глыбіні

Сонна ўсплываюць і свет зазапляюць,

Дзе мы з табою нядоўга жывём,

Быццам бы свечкі, што плынь асвятляюць

Ночы, з якой мы ідзём, як цячом,

Быццам між пальцаў у смерці цячэ

Неба, якое нібыта вада,

Дзе мы з табою жывыя яшчэ,

Дзе і бяда—нам яшчэ не бяда,

Бо маладыя мы сёння з табою,

Быццам крыжы па-над новай царквою,

Што збудавана на тым, што было,

Што засталося, з вадой не сплыло,

А прарасло, як трава прарастае

Там, дзе агонь як арда залатая,

Там, дзе вада пад нагамі як неба,

Лёд на вадзе як застылае срэбра,

Срэбра разбітае намі арды,

Срэбра, якім напаўнялі раты

Да паднябення, нібыта да неба…

БАЛАДА ЯЎГЕНІІ ЯНІШЧЫЦ


Жыццё кароткае, як ноч, што забівае,

І вечнае, як верш, які з душы ўсплывае,

Як з неба зорка, да якой ісці

Па вострых травах, залатым лісці—

І быць сабой, як ластаўцы ў палёце,

Як водсвету агню на тонкім лёдзе,

Што ў лістападзе, як ляжо нажа

Блішчыць, і, як матыль, імкне душа

Ягонай наталіцца адзінотай,

Нібы агонь—апалаю лістотай…

Жыццё, нібыта геніяльны верш,

Кароткае—і ў вершы ты жывеш,

Які ты нам, самотным, прысвячала,

Нібыта зорку з неба даставала,

Каб, без цябе застаўшыся адны,

Праз ноч змаглі дайсці мы да вясны,

Дзе зразумець, што ластаўка ў палёце

Як водсветы агню ў анёльскім лёдзе…

БАЛАДА РАЗВІТАННЯ
Трымаецца неба на зорках,

Нібы на іржавых цвіках.

І ты, нібы Гарсія Лорка,

Сумуеш па доўгіх начах,

Якія ты ў вершы складаеш,

Нібыта збіраеш букет

Дзяўчыне, якую кахаеш,

Якая прамовіла:”Нет…”


Далёка, як Афрыка, мора,

Як неба, як зоркі ў акне.

Далёка, як тое, што ўчора

Было нібы сонца ў віне.

Вярнуцца назад немагчыма,

Нібыта згарэць і ажыць,

Бо вечная толькі Радзіма

І кроў на ахвярным крыжы…


ПОЛАЦКАЯ БАЛАДА


Нам вяртацца ў святло старажытнай зямлі,

Каб пра нас не сказалі, што мы аджылі,

Адспявалі, аплакалі долю сваю

І згубілі, як вечнасць, як волю, зямлю,

На якой нашы вежы, як свечкі, стаяць,

На якую з нябёсаў анёлы глядзяць—

І ўсё бачаць: куды і адкуль мы ідзём

І хто з хлебам і соллю, хто з чорным агнём…

Праз туман, што кудзеліцца над Палатой,

Час ляціць, быццам смерць за варожай гайнёй,

Праз цябе, праз мяне і праз тыя гады,

Пра якія не знаем ні я ні ты,

Бо вяртаемся мы, як вяртаеца дзень.

Перад намі святло, а за намі наш цень,

Нібы крыж, нібы крык, што жылі і жывём

І вяртаемся мы да сябе, у свій Дом,



Ад якога нікуды з табой не ўцяклі…
Мы, як вежы, стаім на бацькоўскай зямлі…


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка