Belarusian historical review




старонка9/21
Дата канвертавання14.03.2016
Памер4.71 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   21

Парафіяльныя школы

У XVII ст. было толькі дзве парафіі дэканата — у Мышы і Дзятлаве, дзе парафіяльныя школы працавалі амаль бесперапынна. Школа ў Мышы трымала сад для патрэбаў бакалаўра. У 1668 г. згадваецца, што школу ўтрымліваюць езуіты93. У 1633 г. у Дзятлаве вучыліся ажно 50 дзяцей — рэдкая лічба для тых часоў, бо звычайна ў парафіяльнай школе было не больш за 20 вучняў. Школа ў Дзятлаве мела валоку зямлі ў вёсцы Хадаўляны, у якой працавалі бакалаўр, кантар ды два памагатыя94. У 1653 г. школа заняпала, будынак пачаў развальвацца, але арганіст, бакалаўр ды кантар працягвалі вучыць дзяцей95. У 1668 г. у школе працаваў бакалаўр і кантар96. Можна сцвярджаць, што дзятлаўская парафіяльная школа належала да шэрагу самых буйных у ВКЛ, мела найбольшы персанал.

У 1633 i 1653 г. парафіяльныя школы працавалі ў Гарадзішчы i Ляхавічах. Школа ў Гарадзішчы валодала дзвюма валокамі зямлі, у 1633 г. у ёй працавалі бакалаўр i кантар: не ставала арганіста, якога інспектар распарадзіўся знайсці97. У 1653 г. у Гарадзішчы быў новы школьны будынак, аднак не згадваецца, хто там працаваў і ці быў бакалаўр98. Школа ў Ляхавічах у 1633 г. таксама трымала бакалаўрa, кантарa і арга­ніс­та99. Ужо ў 1668 г. у ляхавіцкай парафіі школы не было, а інспектар загадаў аднавіць яе дзейнасць і запрасіць ба­ка­лаўрa100.

У 1633 г. у Слоніме паўстаў невялікі дом, у якім навучаліся дзеці. У 1653 г. пра школу не згадваецца, а інспектар загадвае набраць кантараў з добрымі галасамі, каб умелі спяваць харалы101. Перашкоды ўзнікалі і ў дзейнасці іншых парафіяльных школ. Паводле звестак ад 1633 г., чыніліся спробы стварыць парафіяльныя школы ў Дварцы, Ельні, Задзвеі. У Дварцы быў бакалаўр i кантар, у Ельні трымалі бакалаўра з двума памагатымі. У Задзвеі быў бакалаўр, арганіст і кантар, меўся школьны будынак, аднак дзецей там не вучылі102. Магчыма, жыхары не пускалі дзяцей у школу, каб не адрываць ад гаспадарчых прац, або не маглі іх належна апрануць, ці з рэлігійных прычынаў. Варта адзначыць, што парафіяльная школа ў Дварцы працавала толькі ў 1668 г.103, a парафіяльныя школы ў Ельні ды Задзвеі працу так і не пачалі.

Звестак пра дзейнасць школ у іншых парафіях няма для ўсяго XVII ст. Аднак у Сталовічах ды Ўсялюбе ў 1653 і 1668 г. інспектары патрабавалі стварыць школы, запрасіць бакалаўраў з іншымі касцельнымі служкамі, якія б вучылі дзяцей катэхізісу і асновам пісьма104. У Сталовічах, праўда, у 1668 г. быў арганіст і два ягоныя памочнікі, аднак гэтага не хапала, каб распачаць дзейнасць парафіяльнай школы105.

Увогуле асветніцкія цэнтры слонімскага дэканата знахо­дзіліся ў парафіях Мышы і Задзвеі, дзе стала працавалі школы. Лічба дзейных школ у слонімскім дэканаце ўвесь час мянялася. Калі ў 1633 г. дзеці вучыліся ў пяці парафіях, то ў 1653 г. у чатырох, a ў 1668 г. ужо толькі ў трох. Каталіцкі касцёл выказваў занепакоенасць, настойваў, каб стваралі парафіяльныя школы, запрашалі настаўнікаў. Галоўнай мэтай парафіяльных школ было навучанне дзяцей асновам граматы (чытання, пісьма, лічэння), а таксама далучэнне да асноў каталіцкай веры. Вучняў вучылі касцельным спевам, абавязкам касцельных служкаў.


Заключэнне

1. Падмурак слонімскага дэканата паўстаў яшчэ ў XV ст., калі спрыяннямі ўладара ды шляхты былі заснаваны 8 парафіяльных каталіцкіх касцёлаў. У першай палове XVI ст. узніклі яшчэ 2 парафіяльныя касцёлы, у 1632 г. правы касцёла атрымала філія ў Дварцы. У першай палове XVII ст. былі заснаваны апошнія 3 касцёлы. Найцяжэйшыя часы каталіцтва цярпела тут у другой палове XVI ст., калі частка касцёлаў перастала існаваць пад уплывам Рэфармацыі, а таксама ў другой палове XVII ст.: за гады вайны былі разбураны 10 з 14 парафіяльных касцёлаў.

2. З першай паловы XVII ст. дзейнасць каталіцкіх касцёлаў у дэканаце ўзрасла, у значнай ступені дзякуючы падтрымцы выдатных дыгнітарыяў Льва Сапегі і Казіміра Лявона Сапегі. Дыгнітарыі агарнулі апекай палову каталіцкіх храмаў дэканата, іншымі касцёламі рупілася драбнейшая шляхта. Да духоўнай эліты слонімскага дэканата належалі дактары тэалогіі Юзаф Папуцэвіч і Ян Забжэскі, віленскі канонік Лаўрэнці Мацарскі, Адальбэрт Млынэцкі, Мельхіёр Такарскі, Казімір Пац. Апошні быў пазней прызначаны жамойцкім біскупам. Асобна трэба адзначыць заслугі Лаўрэнція Мацарскага, які ў 30–я і 40–я г. XVII ст. істотна паспрыяў аднаўленню дзейнасці касцёлаў у Дараве, Усялюбе і Ляхавічах.

3. Слонімскі дэканат быў шматканфесійны, населены рэфарматамі, праваслаўнымі, уніятамі, каталікамі, мусульманамі і інш. Канфесійны склад насельніцтва ўвесь час мяняўся. Асноўная вызначальная тэндэнцыя першай паловы XVII ст. — раптоўнае змяншэнне колькасці рэфарматаў і праваслаўных на карысць уніятаў і каталікоў. У XVII ст. большасць шляхты спавядала каталіцкае вызнанне, следам за ёй у другой палове XVII ст. у касцёл скіравалася частка сялянства (большасць, тым не менш, засталася ва уніяцтве).



4. Галоўным кірункам дзейнасці каталіцкага касцёла на тэрыторыі слонімскага дэканата была пастарская, асветная і дабрачынная праца. Для яе вядзення ў дэканаце ад пачатку да 50–х г. XVII ст. былі заснаваны тры касцельныя брацтвы (у Ляхавічах — брацтва св.Ганны, у Ельні і Раготне — брацтвы св.Ружанца). У парафіяльных школах дзяцей вучылі катэхізісу і пачаткам пісьма. Мэтай шпіталяў быў клопат пра бедных, няздольных здабыць ежу і дах. У 1633 г. у дэканаце дзейнічала 6 шпіталяў і 5 школ, у 1653 г. іх было па 4, а ў 1668 г. працавала 8 шпіталяў і толькі 3 школы.

Пераклала Вольга Мазурава


1 Кулагiн А.М. Каталiцкiя храмы на Беларусi. Мiнск, 2001.

2 1633, 1641, 1645 r. Інспектаванні віленскага біскупства, праведзеныя па даручэнні біскупа А.Войны віленскім канонікам Касперам Залеўскім. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Віленскага уні­версітэта (далей — БВУ). F. 57, P. 53—40; Інспектаванні віленскага біскупства ад 1653—1654 г., праведзеныя па даручэнні біскупа Ежы Тышкевіча Сымонам Адальбэртам Млынецкім. БВУ. F.57, P. 53—42; Інспектаванні ружанскага, ваўкавыскага і слонімскага дэканатаў віленскага біскупства ад 1668 г., праведзеныя віленскім біскупам Аляксандрам Сапегам і віленскім scholiasta пралатам Аляксандрам Катовічам. БВУ. F. 57, P. 53—41. (Далей у спасылках на дадзеныя крыніцы будзе падавацца толькі год інспекцыі.)

3 Acta synodi diaecesis Vilnensis praesidente Illustrissimo ac Reverendissi­mo Domino D. Alexandro in Macieiow Sapieha Dei et Apostolicae sedis gratia Episcopo Vilnensi. Vilnae, Typis Aca­demicis, 1669.

4 Kurczewski J. Biskupstwo Wileńskie. Wilno, 1912; Ochmański J. Biskup­stwo wileńskie w średniowieczu. Ustrój i uposażenie. Poz­nań, 1972.

5 Paknys M. Mecenatystės reiškinys XVII a. LDK. Bažnytinės archi­tektūros užsakymai. Vilnius, 2003.

6 Lukšaitė I. Reformacija Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje ir Mažojoje Lietuvoje. XVI a. trečias dešimtmetis — XVII a. pirmas dešimtmetis. Vilnius, 1999.

7 Сагановiч Г. Невядомая вайна 1654—1667. Мiнск, 1995; Сагановiч Г. Нарыс гiсторыi Беларусi. Мiнск, 2001.

8 Ochmański J. S. 64—65.

9 Ochmański J. S. 66—67.

10 1653. K. 452.

11 Ochmański J. S. 66—67.

12 1653. K.370; 1668. L.76.

13 1653. K.316; Ochmański J. S. 66—67.

14 1653. K.138.

15 1668. K.87. Е.Ахманьскі пазначае факт заснавання Кязгайлавічамі касцёла ў Ельні, у 1498 г.: Ochmański J. S. 66—67.

16 1668. K.81v. Паводле Е. Ахманьскага, касцёл у Дварцы закладзены ў 1529 г.: Ochmański J. S. 69—70.

17 Ochmański J. S. 69—70.

18 1653. K.255v; 1668. K. 110.

19 Ochmański J. S. 69—70.

20 Кулагiн А.М. C. 185.

21 1653. K. 464—465.

22 Інспекцыя парафіяльнага касцёла ў Мышы ад 1651 г. БВУ. F. 57, P. 53—846.

23 1653. K. 397—398.

24 1633. K. 123; 1653. K. 415—421.

25 Paknys M. S.187.

26 1633. K. 108. У другой палове XVI ст. кіеўскі ваявода Канстанцін Кан­стан­цінавіч Астрожскі збудаваў драўляны касцёл у Дзятлаве: Інвентар­ны спіс дзятлаўскага касцёла і плябані ад 1716 г. БВУ, F.57, P. 53—448.

27 1633. K.99—101; 1653. K. 369, 380, 390. Paknys M. S. 191.

28 1633. K.114—115; 1653. K. 328; 1668. K.78; Kurczewski J. S. 232.

29 1633. K. 142v; 1653. K. 255.

30 Інвентарны спіс раготніцкага касцёла ад 15.01.1726 г. БВУ. F.57, P.53—952, K. 4.

31 1653. K. 452.

32 Paknys M. S.194.

33 Lukšaitė I. S. 584–585.

34 1633. K. 120—121; 1653. K. 437—439.

35 1653. K. 255.

36 Кулагiн А.М. C.153.

37 1653. K. 316; 1668. K.95.

38 1653. K. 369.

39 1653. K. 255.

40 1653. K. 316—317.

41 1653. K. 438, 357.

42 Сагановiч Г. Невядомая вайна... С.51—52; Сагановiч Г. Нарыс... С. 277, 283.

43 1668. K. 78, 92, 96.

44 1668. K. 79.

45 1668. K.80, 84, 104, 111, 115. Інвентарны спіс парафіяльнага касцёла ў Дварцы. БВУ. F.57, P.53—359.

46 Paknys M. S.209, 177.

47 1668. K.104.

48 1668. K.111.

49 1668. K.73—75, 76, 99, 110.

50 1668. K.110.

51 1668. K.101v.

52 Paknys M. S.209.

53 1668. K. 93.

54 1633. K. 99—101.

55 1653. K. 369.

56 1668. K. 78v.

57 1633. K. 144v, 127, 134v.

58 1633. K. 118.

59 1633. K. 101.

60 1633. K. 112v.

61 1633. K. 122.

62 1633. K. 122.

63 1633. K. 112v, 144v, 127, 101, 134v, 114v.

64 1633. K. 118.

65 1653. K. 357, 402—403, 371, 382,

66 1668. K. 82v.

67 1668. K. 91v—93.

68 1668. K. 77v.

69 1668. K. 79, 95v.

70 1668. K. 95v.

71 1668. K. 101.

72 1668. K. 109.

73 Jovaiša L. Brolijos // Lietuvos Didžiosios Kunigaikštijos kultūra. Tyri­nėjimai ir vaizdai. Vilnius, 2001. S. 109.

74 1633. K. 444—144v.

75 1633. K. 146v.

76 1668. K. 108.

77 1653. K. 359.

78 1653. K. 367, 370—371; 1668. K. 76v.

79 Kamuntavičienė V. Szpitale i szkoły parafialne diecezji wileńskiej i żmudz­kiej w drugiej połowie XVII wieku według danych aktów wi­zy­­ta­cyjnych Kościoła katolickiego // Kwartalnik Historyczny. R.CX. 2003. S. 51—72.

80 1633. K. 99v.

81 23 верасня 1570 г. Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі за­снаваў шпіталь у Дзятлаве і прызначыў сродкі на яго ўтрыманне: Інвентарны спіс дзятлаўскага касцёла і плябані з 1716 г. БВУ. F. 57, P. 53—448.

82 1633. K. 115.

83 1653. K. 330.

84 1668. K. 78v.

851633. K. 134; 1653. K. 462; 1668. K. 101.

86 Гл.: Kamuntavičienė V. S. 64.

87 1633. K. 121, 122v.

88 1653. K. 438. 1668. L. 98.

89 1633. K. 126; Kamuntavičienė V.

90 1633. K. 109, 144; 1668. K. 81v, 109.

91 1668. K. 114.

92 1668. K. 95.

93 1633. K. 126; 1653. K. 403; 1668. K. 116.

94 1633. K. 114v.

95 1653. K. 330.

96 1668. K. 78v.

97 1633. K. 122v.

98 1653. K. 438.

99 1633. K. 144; 1653. K. 254.

100 1668. K. 109v—110.

101 1633. K. 101v; 1653. K. 388.

102 1633. K. 108v, 112, 134.

103 1668. K. 82v.

104 1633. K. 423, 318; 1653. K. 96.

105 1668. K. 114v.
Parafie katolickie dziekanatu Słonimskiego diecezji Wileńskiej w XVII w.

Vaida Kamuntavičienė

W artykule jest omawiany stan parafii katolickich dziekanatu słonimskiego diecezji wileńskiej w XVII w. (Słonim, Darów, Po­łon­ka, Mysz, Lachowicze, Stołowicze, Zadźwieje, Horodziszcze, Jelenia, Wsielub, Zdzięcioł, Dworzec, Rohotna, Mołczadź). Zo­stały poruszone główne cechy powstania i rozwoju kościołów oraz przynależność wyznaniowa mieszkańców dziekanatu, omówione kwestia elit duchownych i szlacheckich, które najbardziej przy­czyniły się do wzmacniania pozycji Kościoła katolickiego, jak również opisano działania bractw kościelnych, szpitali oraz szkół. Mikrohistoryczne studium tego dekanatu może się przyczynić do dalszych kompleksowych badań dziejów Kościoła katolickiego na terenach Wielkiego Księstwa Litewskiego. Jako główne źródło posłużyły akty wizytacyjne parafii dziekanatu słonimskiego z lat 1633, 1653 i 1668, które są przechowywane w Uniwersytecie Wileńskim. Na podstawie zawartej w nich informacji wy­wnios­kowano, iż w XVII w. najważniejszą rolę w rozwoju dziekanatu odegrała wojna z Rosją, bowiem podczas tego konfliktu zbroj­nego zburzono 10 z 14 kościołów parafialnych. Do umocnienia się po­zycji Kościoła katolickiego wiele się przyczynili fundacje dyg­nitarskie, a szczególnie fundacje Sapiehów oraz działalność wy­bit­nych przedstawicieli kapłaństwa, takich jak kanonik wileński Laurencjusz Mocarski. Dziekanat był zamieszkiwany przez lud­ność różnych wyznań. Od pierwszej połowy XVII w. liczba re­formatów i prawosławnych intensywnie malała, a w 1668 r. większość przedstawicieli stanu szlacheckiego była wyznania katolickiego, gdy większość włościan należała do kościoła unic­kiego. W tym czasie zaznaczył się proces przechodzenia włościan do wyznania katolickiego. Głównym kierunkiem działalności Kościoła katolickiego w dziekanacie była praca duszpasterska, działalność oświatowa i charytatywna. Do jej prowadzenia w dziekanacie w okresie XVII w. założono 3 bractwa kościelne (w Lachowiczach — bractwo św. Anny, w Jelni i Rohotnej — bractwo św. Różańca). W 1633 r. działało 6 szpitali i 5 szkół, w 1653 r. ich było po 4, a w 1668 r. pracowało 8 szpitali i tylko 3 szkoły.




Формы тэатральнага жыцця
ў Полацкай Акадэміі (1812—1820)*


Ірэна Кадульская

Пачынаючы ад дзвюх першых пастановак, здзейсненых у 1585 г., тэатр Полацкага калегіума спрыяў адукацыі сваіх вучняў і завязваў лучнасць з шырэйшаю публікай. Агулам кажучы, можна вылучыць тры прасторы, у якіх відовішчы і спектаклі тэатральнага характару прадстаўляліся публіцы: прастора грамадска адкрытая — сакральная і гарадская; прастора тэатра — грамадска ерархізаваная, даступная для за­прошаных; і прыватная прастора — вясковая сядзіба Ордэна.

Гэтыя прасторы адрозніваліся мэтамі пастаноўкі, формай і абсягам камунікацыі з рэцыпіентамі. Праблема адрозненняў тычыцца і мастацкіх аспектаў — тыпу і мадэлі рэпертуару, выбару мовы і спосабаў інсцэнізацыі. Прасторавая адменнасць спараджае таксама сацыялагічныя пытанні — пра сацыяльную дыферэнцыяцыю публікі, што напаўняла кожную з гэтых трох прастораў.

У цэлым трохпрасторавасць адпавядае тыпалогіі полацкіх інсцэніровак, якія мы падзялілі на ўрачыстасці, тэатр і тэатралізацыі. Урачыстасці адбываліся ў прасторы грамадска адкрытай — горад, касцёл, парадны рынак, часткова вялікая аўдыторыя і актавая зала. Тэатры — студэнцкі і пансіённы [akademicki i konwiktowy] — дзейнічалі ў тэатральнай зале, даступнай для запрошанай публікі. Тэатралізацыі ставіліся пад горадам, у вясковай, камернай абстаноўцы ў прызначаных для адпачынку садах фальварка Спас.


1. Урачыстасці

У адкрытай прасторы горада езуіты ставілі напачатку драмы і дыялогі, уключаныя ў літургію святаў. Тут вялася і рытарычная палеміка — ладзіліся дыспуты на тэалагічныя тэмы, у якіх езуіты дэманстравалі перавагу сваіх аргументаў над доказамі кальвіністаў і арыянаў; апошніх прадстаўляў, між іншым, сам Сымон Будны.

Тэатр урачыстасцяў у гарадской прасторы служыў мэтам місіянерства, прапаганды і ўмацоўвання ў веры; ягоная пышнасць уражвала і прываблівала. Дзейнасць тэатра ў Полацку распачалася польскім дыялогам на Божае Цела. Ён быў па­стаўлены 23 чэрвеня 1585 г. як складовая частка працэсіі на рынку. Поспех прадстаўлення, захапленне шляхты і мяшчанаў, „нават схізматыкаў“, наплыў натоўпу — усё гэта адзначалася і пры наступнай, вераснёвай пастаноўцы: De Martyrum constantia in tormentis et premio in coelis [Пра трываласць мучаніка ў катаваннях і ўзнагароду ў нябёсах]. Гэты выступ, спалучаны з казаннем пра годнасць рэліквіяў, быў часткаю ўрачыстасцяў, якія спраўляліся каля дня св. Міхала і свята Анёлаў і, як занатаваў храніст, добрая слава Таварыства Ісуса зрабілася тады мацнейшаю. Найчасцей тэатр прапаноўваў урачыстае перажыванне свята пад час актавы Божага Цела. Пра гэта паведамляюць запісы ў хроніцы пад 1603, 1641, 1642, 1647, 1702, 1722 г. — згадкі аб працэсіях і спалучаных з імі дыялогах ці дэкламацыях пры кожным з чатырох алтароў1. Захапленне і жывая рэакцыя гледачоў — удзельнікаў свята, што так часта адзначаецца ў хроніках, вынікала з засляплення раскошаю, з награмаджэння малюнкаў, эмблемаў, разнастайных мастацкіх сродкаў — слоўных, музычных і архітэктурных, — якія выкарыстоўваліся езуітамі ў працэсіях. Урачыстасць, ла­джаная ў адкрытай прасторы, пашырала кола тых, хто праз супольны ўдзел у ёй далучаўся да тэатральнай культуры.

Вонкавай пышнасцю адзначалася і святкаванне кананізацыі св. Францішка Боргія, аднаго з першых генералаў Таварыства, які вельмі паспрыяў умацаванню першых езуіцкіх пляцовак у Польшчы. Полацкая ўрачыстасць адбывалася 4—5 кастрычніка 1671 г. Гэта было шматэлементавае барочнае свята, у якім з падзячным набажэнствам спалучалася пастаноўка драмы і ўрачыстае шэсце шляхты і вучняў. На трыумфальных павозках везлі партрэты Францішка Боргія (як святара і як святога), стаяла трыумфальная брама, гучала му­­зыка і стрэлы. Веліч і значнасць урачыстасці перадавалася праз багацце сродкаў выразу. Яны дадавалі бляску яе асноўнаму факту, які з важнага для езуітаў рабіўся грамадска важным.

Гэты трыумф барока ў полацкім тэатры ўрачыстасцяў прымае пасля 1773 г. іншую форму. Новая дзяржаўная прыналежнасць, пры тым што Ордэн захаваўся толькі тут і больш нідзе, была надзвычай драматычным і важным фактарам, які істотна адбіўся на пазіцыях езуітаў. Стаўленне да новае ўлады робіцца важным пытаннем, адказваць на якое трэба публічна. Нагодаю для такіх адказаў становяцца падзеі афіцыйнага — свецкага — характару, галоўным чынам візіты і прыезды саноўнікаў. Тут патрабавалася вялікая пышнасць і красамоўныя перабольшванні. Усё гэта дэманстравалася ў адкрытай, пуб­ліч­най прасторы, даступнай для шырокай публікі.

Пасля 1773 г. выступы, якія ладзіць езуіцкі калегіум на гарадскім форуме, яшчэ больш яскрава, чым дагэтуль, паказваюць стаўленне езуітаў да свецкае ўлады і яе прадстаўнікоў, што прыбываюць у горад. Функцыя гэтая не новая, у поль­скай гарадской традыцыі яна мае шматвекавыя карані.

У аснове тэатра ўрачыстасцяў як у Полацку, так і на ўсёй Белай Русі па–ранейшаму застаецца барочная формула. Аднак цяпер гэты тэатр схіляецца да свецкіх нагодаў і, уважаючы на афіцыйны характар праваслаўя, радзей займаецца публічнай прапагандай веры. Гэта, штопраўды, не азначала поў­нага адыходу ад спалучэння афіцыйнай урачыстасці з рэ­лігійным цырыманіялам.

Узорны прыклад — як было арганізавана ўрачыстае пры­ві­танне Кацярыны II, што наведала Полацк у 1780 г. У гэтым годзе Ордэн атрымаў дазвол завесці навіцыят, што зрабіла ягонае становішча больш стабільным. Адгэтуль — узнёслы настрой і прага выказаць яго тэатральнымі сродкамі.

Дадамо тут, што час панавання Кацярыны II даваў волю тэатралізацыі жыцця, патрэбе стварэння ілюзіяў і спрыяў уласна тэатру. Царыца заставалася прыхільніцай ідэі публічнага тэатра, прынесенай у Расію Пятром I, спрыяла развіццю драматургіі, заснаванай на ўзорах французскага Асветніцтва. Лічачы тэатр школаю для народа, яна ліставалася ў тэатральных справах з Вальтэрам і Дзідро.

У траўні 1780 г. Кацярына выехала з Царскага Сяла ў Магі­лёў на спатканне з аўстрыйскім імператарам Іосіфам II. Яе маршрут па Беларусі пралягаў праз Полацк. На мяжы Полац­кай губерні картэж імператрыцы віталі генерал–губернатар і мар­шалак шляхты. Царыца ўехала ў Полацк вечарам аўторка — 30 траўня — у сваёй незвычайнай павозцы з чатырох памяшканняў, у атачэнні світы саноўнікаў, найзнатнейшае шляхты, эскадронаў кірасіраў, пікінёраў і нават аддзела паштальёнаў з паштмайстрам. Увесь картэж быў ахінуты духам святочнай пышнасці2.

Горад прывітаў Кацярыну і двор залпамі салюту, біццём у званы, трыумфальнаю брамаю і граннем аркестра. За брамаю паабапал дарогі стаялі святочна апранутыя габрэі; далей пад барабанны бой схілялі свае сцягі рамеснікі ўсіх цэхаў. З аднаго боку рынку пасталі ў рад чыноўнікі ў парадных строях — белыя камзолы, чырвоныя каптаны з белымі гузікамі3. З другога боку — духавенства, „айцы езуіты ў комжах, выстраеныя ў шарэнгу, далей айцы дамініканцы і базыльяне, таксама выстраеныя ў шарэнгу“.

Увечары, з прычыны дажджу і ветру, ілюмінацыя ўдалася толь­кі ў езуіцкім кляштары, дзе ў вокнах трэцяга паверха зіха­це­лі рознакаляровыя піраміды і ўсё злучалі гірлянды, „асвет­ле­ныя цэлым роем лямпаў“. Агні ілюмінацыі адбіваліся ў дзвін­скіх водах. Пасля вечаровага канцэрта і партыі ў карты з кня­зем Станіславам Панятоўскім Кацярына пісала свайму сыну:

„…Между окнами моими и Польшею только одна Двина, которая здесь не очень широка. Въезд мой в Полоцк представлял прекрасную картину… При въезде я видела зрелище совершенно для меня новое“. І далей — [езуіты] представляли собою величественный маскарад“4.

Раніцой, пасля аўдыенцыяў і пахвальных прамоваў, надышла чарга прывітання ў касцёле айцоў езуітаў. Вітаў царыцу рэктар Станіслаў Чарневіч, убраны ў мантыю; шарэнга езуітаў у комжах цягнулася да раскошнага трона, адмыслова падрыхтаванага дзеля гэтай нагоды. Пасля таго як царыца заняла пасад, ён стаў цэнтрам урачыстасці. Далей адзін за адным адбываліся элементы тэатралізаванага цырыманіялу, спалучанага з літургіяй.

Правінцыял зрабіў прывітальную прамову на італьянскай мове і паднёс складзены Міхалам Карыцкім лацінскі верш, які ўслаўляў царыцу — абаронцу Таварыства Ісуса. Шматмоўнасць надавала прывітанню еўрапейскі характар; гэтак яе ўспрыняла і Кацярына. Далей распачалося бліскучае набажэнства з урачыстаю працэсіяй (была актава Божага Цела) і спевам „Te Deum“ [„Цябе, Бога, славім“]. На заканчэнне касцёльнай част­кі ўрачыстасці адбылося прадстаўленне навіцыяў.

Аналагічным прывітаннем, адно што без літургіі, стаў візіт у калегіум, дзе ў цэнтры прэзентацыі апынуліся ўжо самі езуіты. Тут была падрыхтавана дэманстрацыя навуковых экспе­ры­ментаў, але царыца агледзела толькі вучнёўскія чарцяжы з цы­вільнай і вайсковай архітэктуры і прыняла ў дар эмблемы — гравюры калонаў у карынфскім, дарычным і рымскім стылі, з адпаведнымі ўпрыгожаннямі і надпісамі панегірычнага зместу. Затрымаўшыся ў трапезнай на размову, яна вярнулася ў касцёл; выхад яе таксама насіў урачысты характар.

Пагодны вечар спрыяў ілюмінацыі, якая сабрала „цікаўнага люду многія тлумы“. Падрабязнасці занатаваў базыльянін Ігнацы Сцябельскі, чые сведчанні цытаваліся вышэй. Езуіцкі касцёл св. Стэфана, ганкі калегіума і вокны вежаў былі ярка асветленыя рознакаляровымі ліхтарамі. Чатыры піраміды сягалі вышыні касцёла, выступаючы з начной цемры феерыяй агнёў. На пастаментах цэнтральных пірамід месціліся транспаранты з надпісамі. На адным — victoriis clara beneficiis illust­rior [слаўная перамогамі, яшчэ больш славутая дабрачынствамі]; на другім — terror hostium, amicorum columen, amor subditorum [страх ворагаў, сяброў апірышча, любоў падданых]. Пятая піраміда стаяла насупраць імператарскага палаца. „А ўся ілюмінацыя на зямлі замыкалася парапетам, аздобле­ным густымі агнямі“. З верхняга яруса абедзвюх касцёльных вежаў плыла музыка.

Выразам прызнання і прыняцця ўсяго гэтага бляску сталі міласці, атрыманыя езуітамі ад імператрыцы назаўтра. І адказ на іх быў адпаведны — на трэці вечар ілюмінацыю наладзілі яшчэ больш прынадную. Перад палацам, замест пятае пірамі­ды, „відзён быў на транспаранце медаль з выявай асобы най­яснейшай манархіні, абкружаны з розных бакоў гербамі найважнейшых местаў Расійскай імперыі“.

Прывітанне Кацярыны стала для полацкіх езуітаў першым пасля скасавання Ордэна ўрачыстым відовішчам такога размаху. Яно мела на мэце засляпіць гледача і задзейнічала ўсе спосабы зрокавага, гукавога і інтэлектуальнага ўздзеяння на яго5. Вестка была падрыхтавана на некалькіх узроўнях — найшырэйшым, на ўзроўні манархіні, далей — для адукаванага і тытулаванага гледача, і на трэцім узроўні — для гледача масавага. На кожным узроўні і знакі стаўлення да ўладара, і дэманстрацыя прэстыжу калегіума прачытваліся з сваёй ступенню падрабязнасці.

Як форма тэатра ўрачыстасцяў прывітанне было відовішчам, падзеленым на часткі, якое рэалізоўвалася на працягу трох дзён і вечароў. Выкарыстоўвалася прастора горада, касцёла, калегіума і — зноў — параднага рынку. Езуіты выступалі ў святочных строях, дыферэнцыяваных згодна з ерархіяй. У якасці сродкаў выяўлення яны ўжылі сентэнцыі, эмблемы, культурныя знакі, скарысталі пахвальныя прамовы, панегірычныя вершы, непасрэдныя размовы. Бляску дадалі элементы абраду, літургічныя спевы. Адмысловая роля дасталася каляровым агням, музыцы, рэквізіту і архітэктуры. Паднясенне ў дар вершаў і гравюраў падаўжала кантакт і ўмацоўвала памяць пра пышнасць прывітання.

Раніцой, 2 чэрвеня 1780 г., з біццём у званы, з гарматнымі залпамі і развітальнымі воклічамі, пачаўся выезд імператрыцы да Магілёва. Тут царыца спаткалася з імператарам Іосіфам II, які прыбыў інкогніта. Перад трыумфальнаю брамай ёй уручылі ключы ад горада — залаты і срэбны. Езуіты віталі манархіню разам са сваёй моладдзю, падрыхтаваўшы папярэдне адпаведныя прамовы. На замку, у тэатры, што абсталяваў граф Захар Чарнышоў, ставіліся італьянскія оперы і даваліся канцэрты. Увесь тыдзень, пакуль тут былі манархі, штоночы ла­дзілася „захапляльная ілюмінацыя“. Прысутнасць уладароў, а таксама палітыкаў і славутых асобаў, што іх суправаджалі, надавала ўсёй гэтай пышнасці вялікі палітычны сэнс. Тэатралізацыя цырыманіялу, шматэлементавасць урачыстасцяў захаваецца ў традыцыі езуітаў да канца іх існавання на Белай Русі.

Тэатр вялікіх урачыстасцяў паўтараўся пад час прыезду іншых уладароў, якія яшчэ не раз наведвалі Полацк і тутэйшы калегіум. Вось толькі некалькі прыкладаў. Вялікага князя Паўла віталі ў 1781 і 1791 г. у Полацку і, ужо як цара, у 1797 г. у недалёкім адгэтуль Аршанскім калегіуме. Прыезды Аляксандра I мелі месца ў 1802, 1807 і 1812 г. — прывітанні, наладжаныя яму, апісваліся ў езуіцкім часопісе „Месячнік Полацкі“, былі адлюстраваны ў вершах і ў зборы прамоваў6. Пра намеры, звязаныя з прывітаннем Аляксандра, пісалі гэтак: „Што толькі магла вынайсці ветлая і дасціпная любоў падданых да свайго Пана або што мела ласку дазволіць воля імператара — нішто з гэтага не было ў той час занядбана, каб аказаць гонар, які належыць гэтаму манарху“. Узровень ангажаванасці пераносіўся на формы яе выразу.

Варта заўважыць, што ў гэты ж час аб праходзе II корпуса на­палеонаўскай арміі на чале з маршалам Н.Ш.Удзіно і заква­та­раванні ягонага штаба ў езуіцкім калегіуме запісы паведам­ля­лі як аб крыніцы прыкрасцяў. Аб прывітанні не было ні слова, затое адзначалася палёгка ад таго, што войска пакінула го­рад. Штопраўда, у запісах езуітаў пра пастой любога войска (на­прыклад, пад час Паўночнае вайны) заўсёды прысутнічала ад­чуванне пагрозы нармальнаму функцыянаванню калегіума і горада.

Урачыста адзначаліся не толькі прыезды цароў. У Полацк прыбывала багата асобаў з уладных колаў, пры вітанні якіх выкарыстоўваліся знакі ўрачыстасці і свята. Сярод іх можна назваць урачыстае прывітанне ў 1774 г. генерал–губернатара графа Захара Чарнышова (які ў 1780 г. зноў прыбыў сюды разам з жонкаю), генерала Міхельсона (1782), сенатара Нарышкіна (1785), князя Пацёмкіна, якога тут віталі не раз, між іншым, па дарозе ў Ачакаў (1782, 1786, 1788, 1789). Прыві­таль­ныя прамовы адрасаваліся таксама тытулаваным дамам — напры­клад, жонцы магілёўскага губернатара Кацярыне Кахоўскай і гра­фіні Салтыковай.

Шматкроць прымалі тут магілёўскага арцыбіскупа Стані­слава Сестранцэвіча, спедзеючыся праз бляск раскошы здабыць ягоную зычлівасць. У 1802 г. урачыста адзначаўся прыезд новаабранага генерал–губернатара Беларусі Аляксандра Рымскага–Корсакава, а сярод асобаў, якіх віталі ў 1811 г., быў ягоны наступнік — князь Аляксандр Віртэмберскі ў суправа­джэнні іншых генералаў і сваіх сямейнікаў.

Урачыстае прывітанне, якім ушаноўвалі ўсіх знатных гасцей, рэалізоўвалася з выкарыстаннем усіх хвалебных формаў; дзе­ля большай узнёсласці прамовы, оды, драматычныя творы ра­біліся шматмоўнымі, уводзіліся эмблемы і алегорыі. Заха­ваны літаратурны матэрыял ілюструе фрагменты тэатра ўрачы­ста­сцяў, хоць ужо не так падрабязна, як пры ўездзе Кацярыны.

Так, захаваўся тэкст homagium 1802 г., у якім выказвалася ра­дасць „усяго абывацельства“ і езуіцкага Ордэна з прычыны пры­быцця новага генерал–губернатара Беларусі — вышэй­згада­нага А.Рымскага–Корсакава. Поруч з паважным настроем уводзіўся таксама настрой радасці і артыстычнага ажыўлення — дзякуючы праспяванай студэнтамі італьянскай канцанеце: Al merito impareggiabile di Sua Eccellenza Il Signiore Alessandro Rimskoi–Korsakov [...] in occasione della graziosa visita falta а P.P. della compagnia di Gesu nel Collegio di Polock [Да незраўнаных заслуг Яго Экселенцыі Пана Аляксандра Рымскага–Корсакава <…> з нагоды ласкавага візіту, нанесенага айцам таварыства Ісуса ў Полацкім калегіуме].

Выканаўцамі музычнага афармлення былі вучні з бурсы му­зыкаў. Васьміслупковая канцанета славіць веліч і геройскія цно­ты губернатара: Korsakov L’Eroe / In pace ed in guerra [Кор­са­каў герой / у час міру і ў час вайны], выказвае, адпаведна на­годзе, нязмерную радасць (E a si lieto giorno / Sia gioja equal) [І ў такі вясёлы дзень / Хай такою ж будзе радасць] з пры­чыны ягонага абрання і добрыя надзеі на „бацькоўскае кі­­ра­ванне“ ў будучыні (Per Tuo governo / Felice Paterno / Amore a Te) [Праз тваё кіраванне / Шчаслівае, бацькоўскае / Любоў да Цябе].

Аўтарства тэксту можна звязаць з асобаю таленавітага іта­ль­янца Алоіза Руснаці [Aloysius Rusnati], чыя багатая літара­тур­ная спадчына (у тым ліку дробныя драматычныя творы) за­хоўваецца ў ATJ (Archiwum Towarzystwa Jesusowego) у Кра­ка­ве. Рукапіс канцанеты, аздоблены каляровым малюнкам, за­хаваўся ў зборах Бібліятэкі Ягелон­скай. Можна меркаваць, што адрасат, згодна са звычаем школы, таксама атрымаў асоб­нік, які служыў як бы працягам урачыстасці і памяткаю пра яе.

У 1811 г., калі ў калегіум прыбыў новы губернатар Беларусі — князь Аляксандр Віртэмберскі з сваёй каралеўскай швагеркай Антанінай Амаліяй і ў суправаджэнні саноўнікаў, тэатралізацыя прывітання імкнулася да яшчэ большае пышнасці. У шматэлементавую ўрачыстасць увайшлі адпаведныя прамовы, складзеныя для гэтай нагоды „Песня“7 і „Верш“, італьянская Canzonetta cantabile. „Wiersz Na wjazd do Połocka Jaśnie Oświeconego Książęcia Wirtemberskiego Aleksandra“ [Верш на ўезд у Полацк яснавяльможнага князя Віртэмберскага Аляксандра] пазбягае схематычнага паўтарэння гіпербалізаваных пахвальных формулаў, але індывідуалізуе адрасата, згадваючы ганаровыя дэталі ягонае біяграфіі: „Ty Panie wjeż­dżasz, co się z książąt rodzisz“ [Ты, Пане, уязджаеш, сам княскага роду]. Далей адзначаюцца яго родавыя повязі: „Twój brat na tronie królewskim zasiada / I walecznymi narodami włada“ [Твой брат сядзіць на каралеўскім троне і пануе над мужнымі народамі]. Выказваючы добрыя спадзяванні на будучыню, верш побач з гэтым сцвярджае веру ў дапамогу Ўсемагутнага.

Урачыстыя дэкламацыі вершаў і песень суправаджаліся ін­сцэ­ніроўкай канцанеты „A Sua Altezza Reale Antonietta Ama­lia di Coburg Duchessa di Würtemberg in occasione del Suo felice arrivo a Polozco canzonetta cantabile“ [Яе каралеўскай высокасці Анта­не­це Амаліі дзі Кобург, княгіні Віртэмберскай, спеўная канцанета з нагоды яе шчаслівага прыбыцця ў Полацк].

Аўтарам гэтага васьміслупковага твора быў згаданы ўжо італьянец Алоіз Руснаці, які, як мы заўважылі, прыбыў у полацкі калегіум у 1783 г. і напачатку выконваў тут абавязкі прэфекта тэатра. Твор Руснаці вывеў на першы план урачыстасці новага адрасата — Яе каралеўскую высокасць княгіню Вір­тэмберскую, братавую губернатара, якому адрасавалася прывітанне. У гонар яе высокасці моладзь спявала сольныя і харальныя партыі. Элементы спеву і музыкі выкарыстоўваліся тут дзеля ўсхвалення і стварэння ўзнёслай атмасферы. Драматычнасць уносілася праз падзел на ролі і разнастайныя малюнкі радасці, выкліканай прыбыццём высокіх гасцей.

„Канцанета“ захавалася ў форме старанна падрыхтаванага і аздобленага плаката. У якасці памяткі пра felice arrivo e felice giorno [шчаслівае прыбыццё і шчаслівы дзень] яго ўручалі гасцям. Момант перадачы тэксту, звязанага з урачыстым характарам падзеі, таксама быў яе важным, загадзя прадуманым элементам.

Можна толькі дзівіцца прысутнасці на плакаце цэнзурнага дазволу (узятага ў прыгожыя дужкі). Ён рэзка дысанаваў з святочным характарам гэтага выдання, прызначанага для высокіх саноўнікаў. З іншага боку, Старнаўскі звярнуў увагу на далікатны момант, звязаны з візітам Антаніны Амаліі: яе муж Фрыдэрык Вільгельм Караль належаў у той час да саюзнікаў Напалеона I. Гэта можа патлумачыць, чаму ў складанай палітычнай сітуацыі 1811 г. спатрэбілася ўмяшанне цэнзара.

Тэатр прынагодных урачыстасцяў выбіраў формы цырыманіялу ў залежнасці ад свята і ягонага рангу. Святам, прэстыжным для самога Таварыства, стаў перанос у 1807 г. мошчаў бл. Андрэя Баболі з Пінска ў крыпту полацкага касцёла. Ён адзначаўся вяртаннем да традыцыі раскошнага адпраўлення рэлігійнай цырымоніі. У публічным шэсці і ў працэсіі ўдзель­ні­­­чалі жыхары горада і ваколіц. Дынаміка працэсіі развівалася цягам яе праходу, а мастацкі сэнс ёй надавала ўсведам­ленне свята, еднасці мэты і сітуацыя пакланення8. Гэтую ўра­чыстасць можна параўнаць з ранейшымі віленскімі інтрадукцыямі святых — Станіслава Косткі і Алоіза Ганзагі9.

Кульмінацыяй полацкіх урачыстасцяў стала цырымонія надання Прывілея, які ўзвышаў калегіум да рангу Полацкай Езуіцкай Акадэміі. Наданне адбылося напярэдадні ўварвання напалеонаўскіх войскаў у Расейскую імперыю.

Урачыстасць была прызначаная на 15 чэрвеня 1812 г. Яна са­брала шматлікіх гасцей з усяе Беларусі і Літвы — саноўнікаў, паслоў, дэпутатаў, рыма–каталіцкіх і уніяцкіх святароў, мар­шалкаў шляхты, дэпутатаў ад земляў і паветаў, а таксама „тлу­мы абывацельства“. Сярод найзначнейшых асобаў крыніцы згадваюць генерал–губернатара А.Віртэмберскага са сві­таю, мінскага біскупа Якуба Дэдэрку (ён замяшчаў мітрапаліта С.Сестранцэвіча), уніяцкага арцыбіскупа Яна Красоў­скага, біскупа Цыпрыяна Адынца — суфрагана віленскага, і іншых10. У цырыманіял атрымання Полацкам рангу універсітэцкага горада быў уключаны горад як цэлае разам з ваколіцай.

Элементы свята мелі свой парадак, ерархію і паўтаральнасць. Урачыстую літургію, упрыгожаную музыкай і спевам, адправіў у касцёле св. Стэфана біскуп Я. Дэдэрка. У казанні з гэтае нагоды ён задаў настрой, адпаведны вялікай значнасці падзеі. Далей грамада ўдзельнікаў літургіі перайшла ў вялікую залу калегіума, якая нават усіх не ўмясціла. Тут адбылася наступная частка. Ва ўбранні аўдыторыі звяртаў на сябе ўвагу бюст імператара Аляксандра, ніжэй — залатая падушка, на якой ляжаў акт „Прывілея“ на Акадэмію. Гэтыя сітуацыйныя аксесуары адыгралі істотную ролю ў сцэнарыі імпрэзы.

Біскуп Дэдэрка, які праводзіў урачыстасць, зачытаў ліст мітрапаліта Сестранцэвіча. Далей генерал Ордэна — Тадэвуш Бжазоўскі звярнуўся да губернатара, князя Віртэмберскага, з просьбаю, каб той зрабіў ласку ўзяць з залатой падушкі дакумент аб заснаванні Акадэміі. Губернатар перадаў „Прывілей“ біскупу, пазначаючы тым самым ерархію ўлады; грамада па­ўставала з месцаў.

Змянілася месца ўрачыстасці — яе ўдзельнікі цыры­ма­ніяль­на вярнуліся ў касцёл. Цяпер яны крочылі ў вызнача­ным па­радку. Паперадзе доўгімі шэрагамі ішлі выхаванцы кале­гіума, падзеленыя на класы. Як знак агульнага адчування свя­точ­насці яны неслі ядвабныя харугвы з гербамі 70 земляў і пра­вінцыяў імперыі. За імі шэрагам крочылі айцы–езуіты з усіх калегіумаў імперыі. За айцамі біскуп, у суправаджэн­ні двух канонікаў, нёс дакумент. Двое шкаляроў у белых стро­ях цы­рыманіяльна падтрымлівалі шнур і пячатку дакумен­та. Шэс­це замыкаў найзнатнейшы — князь Віртэмберскі са сві­таю.

Усе зноў апынуліся ў касцёле. Яго святочнае ўбранне па­цвярджала высокую значнасць падзеі. Цэнтральнае месца займаў пакрыты пурпурам трон, над ім партрэт Аляксандра I у каштоўнай раме. Побач, на пазалочаным століку, ляжаў дакумент, напісаны на польскай і расейскай мовах. Вакол трона пастала моладзь з харугвамі.

Прадстаўнік езуітаў па–польску зачытаў „Прывілей“. За­грымела музыка, на гарадскіх валах далі артылерыйскі салют з 50 гармат. У храме генерал Oрдэна прамовіў пахвальна–ўдзячную казань; моладзь дэкламавала вершы на сямі мовах. Гасцям раздалі выдрукаваныя асобнікі вершаў разам з тэкстам „Прывілея“ — нешта накшталт праграмак. Далей перайшлі да ўрачыстага надання доктарскіх годнасцяў: гэта стала першай акцыяй паўнапраўнай ужо вышэйшай вучэльні. Наданне праводзіў біскуп Ц.Адынец. Загучала ўдзячнае „Te Deum“, і паўтарыўся гарматны салют на валах.

Праходзячы на ўрачысты абед, госці маглі назіраць зна­дворнае аздабленне касцёла — вывешаныя на ім надпісы, зна­кі, эмблемы, што сімвалізавалі веліч і цноты ўсіх высокіх прадстаўнікоў улады, у тым ліку міністра народнай асветы А.Разумоўскага. Усё гэта, разам з высокімі пірамідамі з пальмавых лістоў паабапал партала, неўзабаве было асветлена лампіёнамі і феерверкамі, што дапоўніла аздабленне падзеі „тэатрам вясёлых агнёў“.

Гасцей частавалі святочным абедам, а ўрачыстасць тым часам ахоплівала ўсё новыя пункты горада. Гралі студэнцкія і вайсковыя капэлы, да позняй ночы зацягнуліся феерверкі. У новую прастору тэатр урачыстасцяў перанёсся, калі на фоне цёмнага неба паказаўся рознакаляровы паветраны шар з лацінскім надпісам: Tutus Alexandri auspiciis eo laetus ad astra [Лячу да зораў радасна і бесклапотна пад абаронаю Аляксандра]. Узнясенне гэтага надпісу ў прастору падкрэслівала ўладарную і апякунчую ролю Аляксандра.

Складальнікі праграмы ўрачыстасцяў выявілі значэнне ўтварэння Акадэміі, выкарыстоўваючы ўсе элементы ўздзеяння на гледача. Награмаджэнне сродкаў служыла замацаванню весткі пра гэты ганаровы факт. Шматлікасць публікі пацвяр­джала еднасць перакананняў. Адначасна з гэтым складальнікі падкрэслілі веліч імператара і ягоных прадстаўнікоў. Стварылі яны і вобраз мірных планаў, якія строіла вучэльня напярэдадні вайны. Усё падсумоўвала прэзентацыя пышнасці падрыхтоўкі да атрымання вышэйшых навуковых званняў. Гэтая вялікая публічная падзея пашырыла кола гледачоў і выканаўцаў тэатра ўрачыстасцяў. Яны выступілі як успрымальнікі і сутворцы тэатральнай культуры на тэматычным і эстэтычным узроўні, складаючы супольнасць удзельнікаў урачыстай святочнай цырымоніі.

Пра сціплейшыя ўрачыстасці, звязаныя са звычайным што­гадовым адкрыццём навучальнага года, мы ведаем з вуч­нёў­скіх успамінаў і запісаў. Элементы святкавання тут менш вы­раз­ныя; у памяці вучняў захаваліся прафесарскія прамовы, пры­­­гожа ўбраная заля, смачная вячэра, захапленне ад ілюмінацыяў.

Акадэмічны год прыносіў моладзі ўдзел у шматлікіх урачыстасцях, якія тэатралізаваліся прынагодным аздабленнем, цырыманіяльным парадкам і па–мастацку арганізаваным словам. У прыватнасці, моладзь актыўна ўдзельнічала ва ўрачыстых выбарах прэфекта студэнцкай кангрэгацыі. Ход гэтага акта, які ўваходзіў у традыцыю школы з часоў, калі на пасаду прэфекта быў абраны кароль Стэфан Баторы, апісаў у сваіх успамінах Эдвард Томаш Масальскі:

„У першыя тыдні 1820 г. мае калегі абралі мяне на пасаду прэфекта содалісаў. Гэта быў у нас немалы гонар; бо ж першым у Полацку прэфектам содалісаў быў кароль Баторы, за­снавальнік полацкага калегіума, а пасля яго гэтую пасаду займа­лі зазвычай найвышэйшыя дзяржаўныя саноўнікі; па ўсталяванні ж Акадэміі на прэфекта абіралі найстарэйшых і самых прыстойных вучняў. Гэты выбар вельмі прыемна паказытаў маё самалюбства.

Цырымоніі пры выбары і на содалісаўскіх урачыстасцях былі надта пышныя. Прэфекта садзілі на трон у касцёле; перад ім на табурэтах сядалі паабапал віцэ–прэфекты і асістэнты, а выбраныя з содалісаў вучні чыталі перад прэфектам прамо­вы. Ён падпісваў і раздаваў патэнты новапрынятым содалісам і назіраў за іх паводзінамі. У ягоныя абавязкі ўвахо­дзіла таксама падаваць езуіцкаму начальству спісы вучняў, абраных на стыпендыятаў содалісаўскай касы. Каса гэтая папаўнялася з продажу грамніц на свята Ачышчэння Найсвяцейшай Панны. Бо такі быў звычай, што ў тое свята і на працягу актавы прэфект содалісаў са сваімі асістэнтамі развозіў грамніцы па дамах у горадзе і па ваколічных маёнтках за горадам, а складкі, сабраныя гэткім чынам, ішлі ў сода­лісаўскую касу і абярталася на стыпендыі для бедных вучняў“11.

Масальскі падкрэсліў прынцып адпаведнасці паміж ганаровай цырымоніяй і спосабам яе правядзення. Адзначыў ён таксама тэатралізацыю жэста, руху, чыннасць прамоўцаў і дэкламатараў. Прамовы з урачыстасцяў выдаваліся друкам, прыгожа аздобленыя.

Аўтар дзённіка прадэманстраваў таксама сувязь содалісаў з жыхарамі і супольнасць філантрапічнай дзейнасці.

Цырымоніі і святы ў полацкім калегіуме суправаджаў му­зыч­ны ансамбль з 27 чалавек. Пра ягоны рэпертуар мы можам меркаваць на падставе спіса інструментаў і інвентара но­таў. У інвентары фігуравалі таксама ноты да музычных ві­довішчаў — 12 драмаў, 3 араторыі, 30 розных партытураў. Спіс мае вы­ключна колькасны характар. Адзінае, што можна з яго выснаваць, — што існавала магчымасць рабіць школьны рэ­пертуар больш разнастайным праз спектаклі музычнага ха­рак­тару або ўводзіць у тэатральныя пастаноўкі музычныя партыі.

Іншы тып школьных выступаў адбываўся ў актавай зале, размешчанай на першым паверсе музейнага будынка. Гэтая зала, распісаная фрэскамі, абсталяваная навуковымі прыладамі, падзеленая на подыум і „глядацкую частку“ — аўдыторыю, была прызначана для іспытаў і публічных актаў — дыс­пу­таў, лекцыяў, паказальных вучнёўскіх выступленняў з роз­ных галін ведаў. Якраз тут перад выкладчыкамі, калегамі, свая­камі і іншымі гасцямі дэманстраваліся прынятыя ў практыцы тагачасных школаў „Dowody rocznego postępku“ [Доказы поспехаў, зробленых за год]. Для даследчыка тэатра істотна тое, што прэзентаваныя перад публікай веды ахоплівалі і навуку пра еўрапейскую драму, якая выкладалася ў Полацку; засведчана знаёмства навучэнцаў з творчасцю Карнеля, Ра­сіна, Крэбіёна, Мальера, Рэньяра, Дэтуша, Лесінга і расейскага драматурга Княжніна. З польскіх драматургаў у Полацку цанілі Францішка Багамольца, Адама Казімера Чартарыскага, Яна Драздоўскага і Войцеха Багуслаўскага. Характарыстыку іхняе творчасці даў Раймунд Бжазоўскі ў сваім „Слоўніку польскіх пісьменнікаў“ [Słownik pisarzów polskich], складзеным у Полацку.

На заканчэнне адзначым, што акадэмічныя ўрачыстасці з такім шырокім выкарыстаннем тэатральных сродкаў пашыралі кола ўспрымальнікаў, якія гэткім чынам набліжаліся да тэатра як формы мастацтва і атрымлівалі новыя эстэтычныя перажыванні.

Апошняй вялікай урачыстасцю Акадэміі стала двухдзённая паніхіда (25—26 студзеня 1820 г.), калі памёр генерал езуітаў Тадэвуш Бжазоўскі. Да яе далучыліся іншыя Oрдэны, прыбылі шматлікія саноўнікі і „люд, тлумам зграмаджаны“. Працэсія ахапіла прастору амаль цэлага горада. Ад касцёла св. Стэфана яна прайшла праз парадны рынак, вуліцамі да моста цераз раку Палату і далей за горад — на могілкі пры касцёле Гроба Гасподняга. Грамада Акадэміі ў апошні раз з’ядналася з жыхарамі горада ў супольнай урачыстай цырымоніі — перажыванні жалобы. Неўзабаве сімвалічны сэнс развітання з генералам Oрдэна зрабіўся відавочным: праз лічаныя тыдні быў абвешчаны ўказ пра выгнанне езуітаў.

1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка