Belarusian historical review




старонка7/21
Дата канвертавання14.03.2016
Памер4.71 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   21

Гэтыя паразы, а таксама няспынная вайна са Швецыяй схілілі Рэч Паспалітую напрыканцы 1659 г. распачаць перамовы з царом. Было спадзяванне не столькі дасягнуць пагаднення, колькі выйграць час і запыніць ваенныя дзеянні маскоў­скіх ваяводаў, пакуль будуць ісці перамовы. Гэта дало б магчымасць выгадна скончыць мірныя перамовы са Швецыяй, якія якраз пачыналіся, а потым кінуць усе сілы супраць Масквы. Расійцы добра разумелі гэтую гульню і пагаджаліся на перамовы, але не збіраліся спыняць ваенныя дзеянні, якія павінны былі дадаткова ціснуць на Рэч Паспалітую і вымусіць яе прыняць усе царскія ўмовы. Таму, зусім нечакана для поль­ска–літоўскага боку, у момант, калі камісары абодвух бакоў распачалі перамовы, з Полацка на безабаронныя беларускія землі рынула армія князя Івана Хаванскага.

Яна здабыла багата поспехаў. Хаванскі пайшоў праз Віль­ню, а па дарозе некалькі разоў сустракаў харугвы ВКЛ і разганяў іх; ён заняў Горадню, увайшоў на Падляшша, заняў Берасце, выразаўшы абаронцаў горада і зграмаджаную там шляхту. Падобна, што ён меўся ісці аж на Варшаву, але стомленасць ягоных войскаў, а перадусім канцэнтраванне сілаў ВКЛ (пад камандаю гетмана вялікага літоўскага Паўла Сапегі) і Кароны (пад камандаю рускага ваяводы Стэфана Чарнецкага) прымусілі яго ў першыя дні лютага 1660 г. адысці да Наваградка3. Там ён распачаў аблогу фартэцыі ў Ляхавічах, пад якой і стаяў аж да канца чэрвеня.

Тым часам становішча Рэчы Паспалітай выразна палепшала. 3 траўня 1660 г. яна заключыла ў Аліве мір з Швецыяй і магла цяпер скіраваць усе свае сілы супраць Масквы. Паколькі на Падляшшы ўжо была сабраная армія Чарнецкага і значная частка войскаў ВКЛ, пастанавілі як найхутчэй ўдарыць па арміі Хаванскага. Да такога рашэння каралеўскі двор схіляла як слушная ацэнка вагі небяспекі з гэтага боку ў выпадку ўзмацнення сілаў Хаванскага, так і нараканні і пагрозы ліцвінаў, якія гвалтоўным чынам дамагаліся ратунку для сваёй айчыны.

Ужо ў красавіку на каралеўскім двары было вырашана, што наступ на Хаванскага распачнецца 15 чэрвеня. У апошнія дні траўня ў Варшаве прайшоў шэраг ваенных нарадаў з удзелам караля, Чарнецкага і Сапегі. Было вырашана, што войскі выступяць 12 чэрвеня, хоць яшчэ трэба было канчаткова супакоіць літоўскіх жаўнераў, бо тыя бунтаваліся4. Напачатку меркавалася пакінуць камандаванне ў руках аднаго Чарнецкага, аднак урэшце кіраванне войскамі ВКЛ кароль даручыў Сапегу5. Літоўскія харугвы правага крыла пачалі збірацца пад Суражам на Нарве, каля 50 км на паўднёвы ўсход ад Беластока6. Меркавалася таксама адклікаць з Курляндыі левае крыло арміі ВКЛ, а блакаваннем маскоўскіх гарнізонаў у замках у Вільні, Коўне, Горадні, Берасці, Чадосах мелася пасля адыходу рэгулярных войскаў заняцца мясцовая шляхта7.

Чарнецкі рыхтаваўся да наступу ў сваім лагеры пад Казя­ра­дамі. Раз за разам ён высылаў раз’езды, якія даносілі, што мас­коўскія войскі працягваюць стаяць пад Ляхавічамі. Як толь­кі прыйшла вестка, што фармаванні ВКЛ гатовыя, рускі вая­вода выступіў са сваімі харугвамі ў напрамку Мсцібава. У гэ­тыя ж ці наступныя дні свае аддзелы вывеў на марш і Сапега8.

Вельмі важная і разам з тым надзвычай складаная праблема — ацэнка колькасці войскаў, якія ўзялі ўдзел у бітве пад Палонкаю. Польскія і літоўскія аўтары дзённікаў і рэляцыяў пра бітву падаюць вельмі завышаныя лічбы войскаў, асабліва маскоўскіх. Аднак акрэсліць прыблізную колькасць жаўнераў абедзвюх арміяў мы можам паспрабаваць на падставе іншых крыніц.

Найбольшыя цяжкасці ўзнікаюць пры вызначэнні колькасці войскаў князя Хаванскага. Цяжка прыняць звесткі адной маскоўскай крыніцы пра 5 тыс. жаўнераў, з якімі ён нібыта рушыў супраць 20 тыс. палякаў9. З годных веры рэляцыяў князя Багуслава Радзівіла, якія дайшлі да нашых дзён, мы ведаем, што ў снежні 1659 г. армія Хаванскага налічвала 11 500 чалавек і 12 гармат. Спіс баявых адзінак паказвае відавочную перавагу аддзелаў іншаземнага строю10. Лічбу гэтую пацвяр­джае падкаморы смаленскі Ян Антоні Храпавіцкі, пішучы пра прыход 19 лістапада 1659 г. у Вільню Хаванскага і 10 тыс. маскоўскага войска з 15 гарматамі11. Зімовыя і вясновыя ваенныя ня­годы ў спустошанай краіне вялі да няспыннага спаду коль­кас­ці жаўнераў. У другой палове студзеня вестка пра войска Ха­ванскага была атрымана ад сына царскага ваяводы Афанасія Ардын–Нашчокіна, які ўцёк у ВКЛ. Згодна з Ардын–Нашчо­кі­ным, царскі военачальнік, які стаяў тады пад Берасцем, меў уся­го 6 тыс. чалавек, у тым ліку толькі 3 тыс. добрых жаўнераў12. Увесну 1660 г. з ваколіц маскоўскага лагера, раскінутага тады пад Ляхавічамі, таксама даходзілі весткі пра слабасць ар­міі Хаванскага. Іх прыносілі высланыя на перамовы кара­леў­­скія камісары, якія знаходзіліся паблізу, і слугі Б.Радзівіла са Слуц­ка. Колькасць войскаў князя ўвесну ацэньвалася ў 5000—7600 чал.; да гэтага дадавалася, што яны пакутуюць ад голаду, хваробаў і дэзерцірства13. Пад канец траўня маскоў­скія палонныя і ўцекачы з лагера Хаванскага таксама налічвалі ў ягоным войску 5988 жаўнераў14, дадаючы, што ў хо­дзе штурмаў пад Ляхавічамі, пад час вылазак абаронцаў, сутычак з раз’ездамі і ў выніку ўцёкаў з абозу войска страціла не менш як 2 тыс. чалавек.

Вельмі часта Хаванскі прасіў у цара падмацаванняў. Больш–менш сур’ёзнай успамогі ён дачакаўся толькі 19 траўня; у крыніцах яна ацэньваецца ў 3 тыс. чалавек. Гэта, напэўна, быў згаданы ў крыніцах аддзел з 2 тыс. пяхоты, падзеленай на тры прыказы, і да 1 тыс. конніцы. Новапрысланыя пяхотнікі панеслі, аднак, вялікія страты пры няўдалым штурме Ляхавіч 24 траўня15. З паказанняў палонных было таксама вядома, што Хаванскі мае два палкі, якія называліся „польскімі“. Гэта быў полк Рамана Аскеркі, які налічваў 200 коней, і Фларыяна Слонскага — 390 коней. Яны складаліся з прысяжнай шляхты ВКЛ. Значная частка гэтай шляхты была незадаволена службаю і выконвала яе пад прымусам. Адслужыўшы належныя дзве чвэрці, шмат хто пакідаў лагер, разносячы весткі пра стан арміі Хаванскага16. Нямала шляхты засталося, аднак, у маскоўскім войску, бо пазней мы сустракаемся з ёю ў бітве пад Палонкаю.

6 чэрвеня 1660 г. у маскоўскі лагер прыбыло больш за 2400 жаўнераў, сабраных з гарнізонаў Полацка, Віцебска, Смаленска, Быхава і Магілёва, на чале з князем Сямёнам Ільічом Змеевым; палонныя, узятыя з царскай арміі, дадавалі ў сваіх паказаннях, што яшчэ 2 тыс. жаўнераў у дарозе17. Ад­дзелы Змеева Хаванскі адразу накіраваў пад Нясвіж, што знаходзіўся непадалёк18. Пра прыход у лагер пад Ляхавічамі ін­шых падмацаванняў нам невядома. Каралеўскія камісары, якія знаходзіліся адносна недалёка — у Менску — і рэгулярна кантактавалі з Хаванскім, ацэньвалі ягоную армію разам з гэтым падмацаваннем у няпоўныя 9 тыс., ясна падкрэсліваючы ў лістах каралю і кіраўніцтву Рэчы Паспалітай яе слабасць — „A co się tknie potęgi nieprzyjacielskiej wszystkiego wojska dziewię­ciu tysięcy nie masz, a więcej ludzi non sperantur“ [А што ты­чыцца непрыяцельскай моцы, усяго войска дзевяці тысяч няма, а больш людзей не спадзяюцца]. Камісары дадавалі, што цяпер найлепшы час, каб „frangere potentiam nieprzyja­ciela, która jest słaba, posiłki błahe, a o drugich nie słychać19 [зламаць сілу непрыяцеля, якая слабая, падмацаванні кволыя, а пра іншыя не чуваць].

Вось жа, можна прыняць, што напярэдадні бітвы пад Палонкаю пад маскоўскімі сцягамі стаяла каля 8,5—9 тыс. жаўнераў. За пару дзён да самой бітвы яны панеслі вялікія страты ў баях з кароннымі аддзеламі пад Слонімам і ў сутычцы з літоўскім раз’ездам. Да таго ж, трохі жаўнераў пакінулі пад Ляхавічамі, разам з хворымі і параненымі. Такім чынам, на полі бітвы магло стаць нават крыху меней за 8 тыс. маскоў­скіх жаўнераў20. Затое, як вельмі часта зазначаецца ў крыніцах, царскі военачальнік валодаў моцнай артылерыяй.

Трэба адзначыць, следам за Багуславам Радзівілам, што ў царскай арміі было надзіва шмат рэйтараў, то бок войскаў іншаземнага строю. Адпаведныя адзінкі складаліся з дробнай маскоўскай шляхты. Пяхоту князь Радзівіл дзеліць на тую, што „ў сярмягах“, і на стральцоў. Пад першай, магчыма, мелася на ўвазе нерэгулярная пяхота, якую складалі сяляне з тэрыторыі ўсяе дзяржавы; стральцы ж былі досыць элітарным утва­рэннем, якое паступова трансфармавалася на ўзор іншаземнай пяхоты. Вось жа, належыць прызнаць, што армія, якую Іван Хаванскі позняй восенню вёў на захоп Літвы, была арміяй навачаснаю. На 70% яна складалася з адзінак, узброеных і арганізаваных на заходнееўрапейскі ўзор. У траўні 1660 г. князь атрымаў вышэйзгаданую падтрымку ў выглядзе трох прыказаў маскоўскіх стральцоў, навучаных і ўзброеных падобным жа чынам. У гэтым не было нічога дзіўнага. У сярэ­дзіне XVII ст. у маскоўскай арміі адбываліся глыбокія рэформы, якія праз колькі дзесяцігоддзяў зрабілі яе адной з наймацнейшых і найбольш навачасных арміяў Еўропы21. Баяздольнасць войскаў Хаванскага, аднак, у значнай меры была пада­рвана вялізнаю стомаю ад шматмесячных ваенных нягодаў.

Што да сілаў Рэчы Паспалітай, якія бралі ўдзел у бітве, то найлягчэй, дзякуючы працам Я.Вімэра22, вызначаецца склад і колькасць войскаў Стэфана Чарнецкага. У чэрвені 1660 г. дывізія рускага ваяводы налічвала пад Палонкаю 4723 баявыя стаўкі, ад іх адымаем „сляпых“ і атрымаем каля 4250 жаўнераў. Гэтую лічбу складалі дзве гусарскія харугвы — караля (201 конь) і Чарнецкага (184 кані), 30 казацкіх, татарскіх, валашскіх харугваў і адна харугва казакоў–выборцаў [seme­nów]. Да гэтага трэба дадаць рэгімент і тры харугвы драгунаў і рэгімент рэйтараў.

Найбольшыя цяжкасці стварае для нас літоўская частка каралеўскай арміі. У бітве пад Палонкаю бралі ўдзел харугвы правага крыла, левае ж крыло ваявала са шведамі ў Курляндыі. З 1659 г. да студзеня 1660 г. яму дапамагаў выдзелены з правага крыла корпус на чале з Аляксандрам Палубінскім. У лютым гэты корпус вярнуўся на Падляшша. Спіс накіраваных туды адзінак вядомы, так што мы можам прыблізна акрэсліць іхнюю колькасць. З улікам панесеных стратаў можна прыняць, што ў чэрвені 1660 г. корпус Палубінскага налічваў няпоўныя 3,5—4 тыс. чалавек.

Асаблівы клопат выклікаюць тыя харугвы правага крыла, якія не пайшлі ў Курляндыю і заставаліся на мяжы 1659 і 1660 г. расцярушанымі паміж Бярэзінай і Падляшшам. Яны панеслі страты, прайграўшы шэраг сутычак з войскамі Хаванскага, да таго ж іх дэмаралізавалі бунтаўнічыя настроі. Перад пачаткам наступу, на сыходзе вясны 1660 г., вялікаму гетману ўдалося сабраць бальшыню гэтых харугваў на Падляшшы. Не было, аднак, таямніцай, што фармаванні гэтыя досыць куртатыя [dość kuse]23 . На падставе часта зусім гіпатэтычных пасылак і далейшых падлікаў — з прычыны адсутнасці крыніц — я мяркую, што Павел Сапега ў чэрвені 1660 г. мог мець пры­бліз­на 2,5—3 тысячаў жаўнераў, а харугвы, якія раней біліся пад камандаваннем Палубінскага ў Курляндыі, наліч­валі каля 3,5 тыс. жаўнераў. Агулам перад бітваю пад Палонкаю было крыху больш за 6 тыс. жаўнераў ВКЛ. Разам з дыві­зіяй рускага вая­воды, што налічвала 4250 жаўнераў, гэта давала каля 10500 чалавек войска, якое мелася выступіць супраць аддзелаў князя Івана А. Хаванскага24.

Не падлягае сумненню, што з пункту гледжання баявога досведу, дысцыпліны і высокага баявога духу, не падарванага яшчэ канфедэрацкімі настроямі, найвышэйшы ўзровень у гэтым войску прадстаўлялі каронныя аддзелы Чарнецкага. Тут служылі ветэраны баёў з праціўнікам усходняга тыпу, у якіх за плячыма былі і гады змаганняў з шведамі і брандэнбуржцамі. 35,5% дывізіі складалі адзінкі іншаземнага строю. Гэта былі галоўным чынам драгуны, якія валодалі значнай агнявой сілай і маглі пры неабходнасці біцца і як пяхота. Чарнецкі, сам здольны ваявода, меў у сваёй дывізіі цэлую плеяду выдатных военачальнікаў ніжэйшага рангу. Яны выдатна ўмелі камандаваць як раз’ездамі ў некалькі соцень коней, так і буйнейшымі групамі харугваў, выконваючы самастойныя заданні на полі бітвы. У дзённіках, якія вялі жаўнеры Чарнецкага, чуваць аптымізм і вера ў хуткую перамогу над Масквою.

Найбольш каштоўнымі аддзеламі ў войску ВКЛ, несумненна, былі тыя, што вярнуліся разам з Палубінскім з Курляндыі. І ўсё ж да войскаў Чарнецкага іхняя якасць не дацягвала. Яе зніжалі шматлікія паразы ў змаганні з маскоўскімі войскамі ды проста нявера ў тое, што гэтага праціўніка ўвогуле можна адужаць. Нястача здольных камандзіраў сярэдняга ўзроўню, якіх у Януша Радзівіла было яшчэ нямала, толькі паглыбляла гэты стан. Дэмаралізаванае паразамі, нястачай платы жаўнерам, сваркамі сярод уласнага начальства ды інтрыгамі каралеўскага двара, літоўскае войска ўвесну 1660 г. лёгка паддалося канфедэрацкім настроям. Пераадолець гэты стан удалося толькі напярэдадні выступу, што да самага канца не дазваляла Чарнецкаму быць упэўненым у настроях літоўскага войска. Таму нічога дзіўнага, што ў чэрвені 1660 г., калі арміі з’ядналіся, ініцыятыва дзеянняў належала каронным войскам, хоць яны і былі колькасна меншыя. Гэтаксама камандаванне над усімі войскамі на полі бітвы перайшло ў рукі рускага ваяводы, хоць на землях ВКЛ, згодна з правам, вярхоўнае камандаванне належала гетману вялікаму літоўскаму Паўлу Сапегу і яно фармальна заставалася ў ягоных руках. Ніхто з ліцвінаў у той час супраць гэтага не пратэставаў. Вяршэнства Чарнецкага было прызнана, і на каронныя падмацаванні, якія нарэшце прыбылі пасля такога доўгага чакання, ускладаліся вялікія надзеі.

Абмінуўшы 23 чэрвеня Мсцібаў, Чарнецкі пайшоў на Сло­нім — прыблізна за 35 км на ўсход. Набліжацца да яго ён пачаў 24 чэрвеня. Чарнецкі вельмі спяшаўся, бо даведаўся, што ў горад якраз прыбыў моцны аддзел маскоўскіх войскаў — 200 жаўнераў25. Па дарозе быў усталяваны кантакт з арміяй ВКЛ, якая якраз дайшла да Жыровіч паблізу Слоніма. Перш чым абодва войскі шчыльней паядналіся, Чарнецкі вырашыў заняць Слонім і разбіць варожы аддзел.

Жыхары горада перажывалі драматычныя хвіліны. Маскоўскія жаўнеры даволі доўга не ўсведамлялі, што да горада набліжаюцца войскі непрыяцеля. Неўзабаве, аднак, гэтая вест­ка абрынулася на іх, як гром з яснага неба26. Яны вырашылі даць адпор, арганізаваўшы абарону ў горадзе. Цалкам магчыма, што яны не ўяўлялі сабе сілы войскаў, з якімі збіраліся біцца. Яны, напэўна, прымалі іх за яшчэ адзін буйны польскі або літоўскі раз’езд, — адзін з тых, якія апошнім часам нярэдка заязджалі ў гэты край. З ранейшага досведу расійцы выдатна ведалі, што мясцовае насельніцтва спрыяе палякам і ліцвінам. Не давяраючы яму, яны вырашылі пазбыцца жыхароў Слоніма, пазабіваўшы іх. Перапалоханая шляхта беспаспяхова намагалася запэўніць расійцаў у сваёй адданасці. Лю­дзей пачалі заганяць у сінагогу, каб спаліць усіх жыўцом. Адбывалася мноства жахлівых сцэнаў, шмат людзей страціла жыццё ад рук царскіх жаўнераў, падобна што п’яных27. На шчасце, хутка падышла дапамога, якая перашкодзіла ра­сійцам здзейсніць іхнія планы. Чарнецкі 24 чэрвеня выслаў моцны аддзел пад камандаваннем асецкага старасты Адама Чарнкоўскага. Маскоўскіх жаўнераў, мабыць, набліжэнне гэтых харугваў заспела знянацку, і яны выйшлі з места, каб даць палякам бой у полі28. Тыя, аднак, іх разграмілі; пэўным чынам ім дапамаглі слонімцы, якіх маскоўцы кагадзе мардавалі. Назаўтра пад Слонім падышоў яшчэ адзін маскоўскі раз’езд, які налічваў 600 коней, і — мабыць, неспадзявана для сябе — наткнуўся на пераважныя каронныя сілы. Тыя, лікам тысяча чалавек, рушылі ў атаку гэтым разам, магчыма, пад камандаю Паляноўскага — і паблізу места раптоўна абрынуліся на ра­сій­цаў. Апошнія доўга адбівацца не сталі і кінуліся наўцёкі. За імі пагналіся праз горад па мосце цераз раку Шчару і палажылі трупам 400 непрыяцеляў. 18 палонных, узятых у абе­дзвюх сутычках, выслалі каралю29.

Набліжэнне каралеўскіх войскаў стала для Хаванскага нечаканасцю. Ён даведаўся пра яго толькі ў самы апошні момант, ад уцекачоў–недабіткаў з–пад Слоніма, і напачатку спадзяваўся, што гэта проста яшчэ адзін моцны раз’езд30. Хутка, аднак, дзякуючы ўцекачам з–пад Слоніма ён усвядоміў сапраўдную сілу праціўніка. Таму толькі 26 чэрвеня Змееў, які дзейнічаў пад Нясвіжам, паводле загаду Хаванскага зняў з гэтага горада аблогу. Абозы ён адправіў за Нёман, а сам, спаліў­шы лагер, рушыў пад Ляхавічы да Хаванскага. Злучыўшыся, яны 27 чэрвеня выступілі супраць арміі Рэчы Паспалітай, спадзеючыся заспець яе знянацку на маршы і разбіць31.

Пад час баёў пад Слонімам ці крыху пазней адбылася су­стрэча Чарнецкага з Сапегам, на якой быў узгоднены план супольных дзеянняў. Гетман літоўскі выслаў наперад з–пад Жыровічаў моцны раз’езд — 13 харугваў на чале з Самуэлем Кміцічам і Станіславам Ліпніцкім32.

Тым часам занепакоены Хаванскі выслаў у бок праціўніка, што набліжаўся, моцны раз’езд на чале з Нашчокіным, напэўна Астафіем. Раз’езд нібыта налічваў аж 2 тыс. жаўнераў (хоць гэтая лічба абсалютна непрымальная)33. Абодва раз’езды су­стрэліся 27 чэрвеня на лясной паляне на ўсход ад Слоніма. Ліцвіны, убачыўшы такога моцнага непрыяцеля, напачатку спужаліся і ўжо думалі, што маюць справу з усёй сілай Хаванскага. Да Чарнецкага і Сапегі, што стаялі з войскам непадалёк, паслалі просьбу аб дапамозе. У страху перад магчымасцю новай паразы Павел Сапега адразу даў падмогу і адначасна паслаў просьбу да рускага ваяводы, каб той таксама памог як найхутчэй34. Тым часам расійцы, бачачы перад сабой ліцві­наў, якіх прывыклі перамагаць, смела рушылі на іх. Літоўскія харугвы, аднак, адбіваліся гэтак зацята, што паспелі падысці літоўскія і каронныя падмацаванні. Іхняе прыбыццё аказалася для расійцаў поўнай неспадзяванкаю. Пасля нядоўгага су­праціву яны пусціліся наўцёкі да места Мыш у напрамку пазіцый Хаванскага35. Ліцвіны гналіся за ўцекачамі ажно да ваколіцаў гэтага горада, узяўшы багата палонных і правёўшы заадно глыбокую разведку непрыяцельскіх войскаў.

Занепакоены гэтымі падзеямі, Чарнецкі на працягу дня пад­няў астатняе войска на марш у напрамку месца бою паміж раз’­ездамі. Улічваючы верагоднасць бітвы, вазы і прыпасы па­кі­нулі на месцы. Яшчэ ў той самы дзень, напэўна ўвечары, вой­ска стала на полі нядаўняй бітвы, паблізу ад вёскі Палон­кі36. У любую хвіліну чакалі сустрэчы з арміяй Хаванскага, та­му ахову паставілі моцную, а жаўнеры ляглі спаць у поўнай зброі. На працягу ночы з 27 на 28 чэрвеня ў лагер вярталіся з пе­раможнай пагоні літоўскія харугвы, ведучы з сабою маскоў­скіх палонных. Тыя паказалі, што пад Мышшу сабраліся вой­скі лікам 3 тыс. жаўнераў. Нейкі час Чарнецкі разважаў, ці маг­чыма іх атакаваць. Неўзабаве, аднак, стала не да таго. На зол­ку прывялі аднаго мясцовага шляхціча, які прыбыў у лагер, каб данесці, што Хаванскі з усім сваім войскам выйшаў з ля­хавіцкага лагера і знаходзіцца ўжо зусім блізка ад каралеў­скіх войскаў. Гэта адразу ж пацвердзіў другі шляхціч, які прынёс аналагічную вестку37. Пасля паспешлівай нарады войска пабудзілі, перавялі бліжэй да вёскі Палонкі ў лукавіне аднайменнай ракі і пачалі строіць яго ў баявыя парадкі38.

Мясцовасць, на якой мелася разыграцца бітва, выглядала вельмі спецыфічна. Гэта была ўзгоркаватая раўніна. У найніжэйшым яе месцы плыла невялікая рэчка Палонка. Бегла яна не наўпрост, а робячы каля аднайменнае вёскі шырокую луку радыусам каля 2 км, куды і зайшлі каралеўскія войскі. Нягле­дзячы на малыя памеры і нешырокае рэчышча, з абодвух бакоў рака мела шырокія, вельмі забалочаныя ўзбярэжжы. Пасуху цераз яе можна было перайсці толькі грэбляю ў непа­срэднай блізіні ад вёскі Палонкі. Гэта быў фрагмент тракту, які ішоў з захаду ў напрамку Менска, перасякаючы лукавіну ракі. Праз няпоўныя два кіламетры на ўсход ён зноўку перасякаў раку па другой грэблі, вакол якой неўзабаве і разыграліся падзеі. Крыху ніжэй і вышэй гэтай другой грэблі існавалі два не надта зручныя брады, якія можна было скарыстаць для пераправы войскаў. Адзін з іх знаходзіўся на вышыні літоўскіх пазіцыяў, а другі — каронных. Тэрыторыя ў лукавіне Палонкі мела форму ўзвышша з пакатымі адхонамі да берагоў. Частку войскаў можна было схаваць за гэтым узвышшам ад Хаван­скага, які набліжаўся з усходняга напрамку. Сухапутны праход на рачную лукавіну быў амаль цалкам замкнёны лесам.

Войска пачалі паспешліва строіць а шостай гадзіне раніцы39. Паставіць яго ў досыць нявыгаднае становішча ў лукавіне балоцістай ракі вырашылі, мабыць, пад уплывам нечаканай весткі пра хуткае набліжэнне ворага. Рака і яе балоцістае ўзбярэжжа аберагалі ад неспадзяванага ўдару і прымушалі Хаванскага прыпыніць наступ. Выйграны час і натуральная перашкода дазвалялі каралеўскім войскам упарадкаваць шэрагі і пераадолець страх перад грозным непрыяцелем. Аднак у выпадку паразы і ўзнікнення панікі гэтая пазіцыя хавала ў сабе вялікую небяспеку. Вузкім шляхам для адступлення магла служыць хіба толькі грэбля ў тыле каралеўскіх войскаў. Цяжка, аднак, уявіць сабе, як вялікія масы войска ўцякаюць праз такую нязручную пераправу. Яшчэ адзін шлях магчымых уцёкаў з рачной лукавіны ляжаў вышэй за левае крыло войскаў ВКЛ; ён вёў па сушы вельмі вузкім праходам паміж забалочаным рэчышчам Палонкі і лесам, што загароджваў выхад з рачной лукавіны. Гэты шлях быў вельмі небяспечны, бо ў выпадку перамогі Хаванскага на крыле ВКЛ маскоўскія аддзелы маглі яго вельмі лёгка перакрыць. Вось жа, пазіцыя, занятая каралеўскімі войскамі раніцой 28 чэрвеня, бараніла іх ад раптоўнага нападу, аднак у выпадку паразы ператваралася ў смяротную пастку. Яна катэгарычна патрабавала ад Чарнецкага і Сапегі энергічных наступальных дзеянняў, каб ініцыятыва ў бітве не перайшла ў рукі праціўніка і не выклікала ў войсках Рэчы Паспалітай замяшання, наступствы якога былі б проста непрадбачныя.

Ліцвіны сталі на поўнач ад грэблі, а каронныя войскі — на поўдзень. Грэбля апынулася на польскім участку фронту. Чарнецкі, прадбачачы, што ў часе бою яна стане цэнтрам увагі, задачу парупіцца пра яе лёс пакінуў за сабой, каб гарантаваць паспяховае выкананне задуманага ім плана бітвы. Сваё войска рускі ваявода расставіў у наступным парадку. Правае, скрайняе польскае крыло — насупраць зарэчнага фальварка Пацяны — складалі аддзелы панцырнай і лёгкай конніцы на чале з Габрыэлем Вайніловічам. Схаваныя за ўзгоркам, яны былі не відаць праціўніку, што стаяў за ракою. Па цэнтры — насупраць грэблі — Чарнецкі паставіў каралеўскі полк, свой драгунскі рэгімент і абедзве каронныя гусарскія харугвы. Над гэтым участкам ён прыняў асабістае камандаванне. На чале левага крыла, якое межавала з правым літоўскім крылом, стаяў Аляксандр Паляноўскі. Тут была сканцэнтравана рэшта пяхоты і нешматлікая артылерыя, якую меў у сваім распара­джэнні Чарнецкі: 7 лёгкіх палявых гарматаў. Далей цягнуліся пазіцыі ВКЛ. На сваіх тылах Чарнецкі схаваў за ўзгоркам невялікі сілы рэзерву — дзве вышэйзгаданыя гусарскія харугвы, якія ў адпаведны момант павінны былі нанесці вырашальны ўдар40. Войскі рускага ваяводы стаялі не пры самай рацэ — галоўныя сілы былі схаваныя за невысокім узгоркам, каб непрыяцель не мог зарыентавацца ні ў іх фактычнай сіле, ні ў расстаноўцы, што не дазваляла адразу зразумець план камандавання арміі Рэчы Паспалітай41. Напэўна, яшчэ да пачатку расстаноўкі сваіх войскаў Чарнецкі паслаў на ўсходні бераг праз грэблю чатыры лёгкія харугвы пад камандаваннем паручніка Пятра Мянжынскага [Mężyńskiego], якія заселі ў невялікім гайку, што рос адразу за грэбляю. Яны меліся сачыць за набліжэннем непрыяцеля і затрымаць боем яго перадавыя аддзелы, каб падаць знак пра непасрэдную пагрозу. Такім чынам, яны выконвалі ролю авангарду.

З таго самага моманту, як рускі ваявода заняў пазіцыю на бе­рагах Палонкі, у яго ўжо быў прадуманы план бітвы. Шмат хто ў ягоным атачэнні лічыў, што яе трэба весці на сваім беразе, аднак Чарнецкі пастанавіў прабіцца з войскам на непрыя­цель­скі бераг і вырашыць яе лёс там. Каб здзейсніць гэты план, належала вырашыць, як перапраўляцца цераз раку. Най­прасцей раку можна было перайсці па грэблі. Але чакалася, што непрыяцель таксама будзе ўпарта імкнуцца заняць грэб­лю, каб адкрыць сабе дарогу на польска–літоўскі бераг. У рас­параджэнні Хаванскага, акрамя таго, была моцная артылерыя, а пераправа цераз грэблю пад гарматным абстрэлам так­са­ма не прадказвала лёгкіх поспехаў. Таму Чарнецкі па­стана­віў скарыстаць для пераправы брады на крылах кара­леў­скіх войскаў і сканцэнтраваў там моцныя аддзелы кавалерыі. Гэта, аднак, не азначала, што ён адмовіўся біцца за грэблю. Пастаўленая тут пяхота мела заданне ўвесь час прыцягваць да гэтага месца ўвагу Хаванскага, пераконваючы яго сваі­мі атакамі ў напрамку грэблі, што збіраецца яе фарсаваць. Уда­рыць праз грэблю ў цэнтр пазіцыі Хаванскага Чарнецкі пла­наваў толькі пасля таго, як вырашыцца лёс бітвы на крылах.

А восьмай гадзіне з чвэрткаю на ўсходнім баку ракі паказалася армія Хаванскага42. Маскоўскі ваявода спярша хацеў быў адразу кінуцца ў бой і яшчэ да набліжэння да польска–літоўскіх пазіцыяў выстраіў войска так, каб найперш разбіць левае крыло каралеўскіх войскаў, дзе стаялі ліцвіны. Да таго ж рэльеф мясцовасці даваў на гэтым адрэзку найлягчэйшы падыход да ракі. З гэтаю мэтай Хаванскі значна высунуў наперад сваё правае крыло. Левае ж заставалася даволі далёка ў тыле: падысці да ракі яму перашкаджаў лес, які рос паблізу грэблі43. Намеры Хаванскага былі досыць простыя. Ён разлічваў, што сваім правым крылом, перайшоўшы раку, абы­дзе ліцвінаў, якіх звык лічыць слабым праціўнікам. Знішчыўшы літоўскае крыло ці адапхнуўшы яго ад ракі і выклікаўшы ў ім замяшанне, ён мог бы адагнаць яго на тылы каронных войскаў, выклікаць паніку і пазней скінуць і адных, і другіх у прыбярэжную багну, дзе іх чакала б поўная гібель.

Заспець праціўніка знянацку маскоўскаму ваяводу не ўдалося, бо пра яго набліжэнне ведалі загадзя — першыя сутычкі адбыліся паміж ягоным авангардам і польскімі харугвамі Чарнецкага, выпраўленымі на ўсходні бераг Палонкі. Паперадзе сваіх галоўных сілаў Хаванскі выслаў аддзелы беларускай шляхты на чале з Фларыянам Слонскім. Гэтыя войскі, значна апярэдзіўшы астатнія маскоўскія сілы, яшчэ на досвітку ўдарылі па харугвах польскага авангарду. Бой выйшаў жорсткі. Прысяжная шляхта наступала пеша і білася вельмі заядла. На палякаў, якія хаваліся ў лесе, яна ішла з баявым клічам: „Сёння, сёння пазнаеце Хаванскага!“. Мэтаю маскоўцаў, аднак, быў не лес, а грэбля. Чарнецкі заклікаў абаронцаў трымацца як мага даўжэй44. Але жаўнеры Мянжынскага не маглі надта доўга стрымліваць напор праціўніка, асабліва калі ўлічыць, што ў кожны момант маглі падысці яшчэ маскоўскія войскі і знішчыць харугвы, што сядзелі ў лесе. Бачачы гэта, Чарнецкі адклікаў іх на грэблю. На гэтай пераправе ім удалося заняць пазіцыю; магчыма, тут іх падтрымалі нейкія дадатковыя ад­дзелы. Гэта дазволіла разбіць перад грэбляй Слонскага, які пайшоў у новую атаку. Сам Слонскі трапіў у палон і неўзабаве як здраднік быў пасаджаны на кол. Ягоныя ж аддзелы былі адкінутыя ў напрамку Хаванскага, які набліжаўся з усімі сваімі сіламі45.

Першы бой скончыўся ўдала для харугваў Чарнецкага. Яны, аднак, падпалілі вёску Палонку, каб дым дадаткова за­сланіў іхнія войскі ад вачэй непрыяцельскіх камандзіраў46. Маскоўскі ж князь быў упэўнены ў перамозе. Дагэтуль яго нязменна суправаджала ваеннае шчасце, дык няўжо і цяпер яму не павінна выпасці ўдача? „Szli jak na miód i na igrzysko jakie śmiało, mając oręże pewne, a berdysze jasne, polerowane ostre, stryczki konopne do wiązania naszych, u pasów“ [Ішлі смела, як на мёд і на якое ігрышча, з вернаю зброяй, зіхоткімі бердышамі, паліраванымі, вострымі, з канаплянымі вяроўкамі пры поясе, каб вязаць нашых], — пісаў Яўхім Ерліч [Jerlicz], падкрэсліваючы ўпэўненасць у перамозе, якая валодала маскоўскімі войскамі, звыклымі да ранейшых поспехаў47. Падвёўшы сваю армію да ракі, Хаванскі канчаткова выстраіў яе паводле сваіх планаў. Ад намеру разбіць крыло ліцвінаў, якіх лічыў найслабейшым звяном у каралеўскай арміі, ён не адмовіўся, таму сканцэнтраваў тут галоўныя сілы сваёй конніцы, асабіста прыняўшы камандаванне над імі. Цэнтр свайго строю ён пакінуў пад камандаю Сямёна Данілавіча Змеева: тут была пяхота, рэйтары і багата артылерыі. Камандаванне левым крылом, якое стаяла насупраць каронных войскаў, прыняў князь Сямён Лукіч Шчарбатаў. У ягоным распара­джэнні была частка кавалерыі, пяхоты і нямала гарматаў. У рэзерве пад камандаваннем князя Трубяцкога заставалася частка конніцы. Яна стаяла досыць далёка на тылах, за гаем паблізу грэблі48. Баючыся дзеянняў з боку каронных войскаў у напрамку свайго левага крыла, ён заняў фальварак Пацяны, што знаходзіўся досыць далёка ад ягонага фланга, за балоцістай рэчкай, якая ўпадала з усходу ў раку Палонку, і размясціў там аддзел пяхоты і чатыры гарматы. Пяхоты Хаванскі паслаў туды няшмат: паводле ўспамінаў Пасэка, які біўся з ёю пазней, там было ўсяго 100 жаўнераў, хоць крыху раней ён жа занатаваў, што іх было некалькі соцень49. Яна мелася засцерагаць край левага крыла на той выпадак, калі палякі паспрабуюць перайсці раку. Як пазней выявілася, засцярога гэтая была вельмі слабая. Няўвага да краю левага крыла аказалася найвялікшай памылкай маскоўскага ваяводы. Ён зусім не прадбачыў, што туды будзе скіраваны галоўны ўдар найлепшых каронных войскаў.

З крыніц даволі ясна вынікае, што раніцай 28 чэрвеня Хаванскі падыходзіў да пазіцыяў сваіх праціўнікаў вельмі шпарка. Часу на дэталёвую разведку ў яго не было. Ён нічога не ведаў пра моцную групу Вайніловіча, якая заставалася нябачнаю для яго, бо яе прыкрываў узгорак з процілеглага боку лукавіны Палонкі. Свайму леваму крылу ён надаваў найменш вагі ва ўсёй аперацыі, а ягоную апору на рэчку, што ўпадала ў Палонку, палічыў, мабыць, за дастатковую засцярогу, тым больш што яна яшчэ ўзмацнялася высланай у Пацяны сотняй пяхотнікаў. Ён зусім не чакаў, што моцная група конніцы пяройдзе дзве цяжкапраходныя ракі, каб ударыць якраз у гэтае крыло. Затое грэбля была навідавоку, а паблізу яе канцэнтраваліся каронныя сілы. Гэта ясна наводзіла на думку, што якраз на ёй Чарнецкі засяродзіць усе свае намаганні. Хаванскі разлічваў вырашыць лёс бітвы на сваім правым крыле і сканцэнтраваў тут найвялікшую колькасць сваіх найлепшых сілаў. Дзеля гэтага ён значна аслабіў астатнія пазіцыі сваіх войскаў. Вельмі магчыма, што ён разглядаў грэблю гэтаксама, як Чарнецкі: прагнуў яе заняць, а калі гэта ўдасца — рынуць праз яе свае галоўныя сілы на разбітага праціўніка. З іншага боку, ён баяўся, каб каронныя войскі не наважыліся заняць яе, пакуль ён сам будзе распраўляцца з ліцвінамі. Уважаючы на гэта, ён перасунуў бліжэй да яе галоўныя сілы пяхоты і артылерыі50. Ім належала бараніць пераправу і ствараць уражанне, што на ёй засяроджана галоўная ўвага маскоўскіх войскаў. Насамрэч жа лёс бітвы павінна была вырашыць маса конніцы на правым маскоўскім крыле, сканцэнтраваная супраць дывізіі ВКЛ.

Здарылася так, што абодва бакі склалі ў прынцыпе падобны план бітвы, адно што вырашэння яе лёсу яны меркавалі шукаць на процілеглых крылах. Усё павінна было залежаць ад таго, чыё левае крыло апынецца найбольш стойкім пад ударам ворага.

Набліжаючыся да ракі, Хаванскі паслаў ганцоў да Чарнецкага, каб у нахабных выразах паведаміць пра сваё прыбыццё. Ён перадаў польскаму военачальніку, што рад нагодзе памерыцца з ім сіламі ў баі. Словы Хаванскага, падобна, былі поў­ныя фанабэрыі і самаўпэўненасці. Чарнецкі, у сваю чаргу, зрабіў выгляд, быццам ён не хоча прымаць бітву і збіраецца адступіць. Ён не дазволіў таксама, каб парламенцёры агле­дзелі ўсе ягоныя сілы. Інакш зрабіў Хаванскі, які адкрыта высунуў свае аддзелы да ракі, так што яны былі добра відаць камандзірам арміі Рэчы Паспалітай51.

Выпускаць праціўніка з рук Хаванскі не хацеў. У гэты момант ён заўважыў на другім беразе пэўныя рухі, якія прыняў за пачатак адступлення Чарнецкага52. Польскі манеўр меў на мэце пераканаць праціўніка, што Чарнецкі сапраўды збіраецца адысці з поля бітвы. Ім важна было вывабіць расійцаў з выгадных пазіцыяў за грэблю. Далейшай мэтаю было, напэўна, адцягнуць увагу Шчарбатава, які камандаваў левым маскоўскім крылом, ад таго, што дзеецца ў яго на левым флангу. Маскоўскі ваявода павінен быў засяродзіць сваю ўвагу на грэблі і выдаткаваць на яе захоп і абарону як найболей сілаў. Вось жа, Хаванскі папаўся ў падрыхтаваную Чарнецкім пастку. Адступленне апошняга ён зразумеў самым сур’ёзным чынам і, убачыўшы яго, загадаў адразу кінуць пяхоту Шчарбатава за грэблю, каб прымусіць праціўніка да бітвы. Яго стрым­лівалі больш асцярожныя Змееў і Шчарбатаў. Князь адмахнуўся ад іхніх перасцярогаў — маўляў, Літва ж уцякае!53 Паводле ягонага загаду на грэблю накіраваліся два аддзелы маскоў­скай пяхоты54. Яны лёгка змялі астатніх жаўнераў Мянжын­скага, перайшлі грэблю і пачалі займаць пазіцыю з яе заходняга боку, нават прыцягнулі некалькі гарматак і пачалі малаэфектыўны з прычыны адлегласці абстрэл польскай пяхоты55. Чарнецкі, назіраючы рух непрыяцеля, не дазволіў апошняму занадта ўмацавацца на сваім беразе. Ён прызнаў, што надышла адпаведная хвіліна, і бліскавічна вывеў з невідочнага для маскоўскіх жаўнераў месца схаваныя дагэтуль харугвы. Най­праўдападобней, у атаку пайшлі, разам з іншымі, перадусім драгунскія харугвы — іхняй задачай было прагнаць маскоў­скую пяхоту з свайго берага. Сярод іх маглі быць аддзелы гусараў, прызначаныя зламаць сваім ударам на вузкім адрэзку грэблі супраціў пяхотнікаў Хаванскага, якія ў гэтым месцы, мабыць, стаялі нашмат глыбейшым строем. Атакуючы з магутным імпэтам, конніца рынула на маскоўскіх пехацінцаў, якія паспелі толькі раз стрэліць з мушкетаў. Моцны ўдар разбіў іхні строй і скінуў іх у ваду. Польскія кавалерысты пра­скакалі галопам скрозь разбітыя шэрагі пяхоты і ўварваліся на грэблю, з якой прагналі маскоўскую пяхоту. Маскоўскіх жаўнераў, якія заставаліся яшчэ на польскім беразе, у наступныя хвіліны пасекла кавалерыя і пяхота Чарнецкага, што выбегла следам за імі. Тым часам гусары рваліся наперад: яны даскакалі да канца грэблі і, праўдападобна, выехалі ў пагоні за разбітай пяхотай на маскоўскі бераг56.

Хаванскі, які кіраваў дзеяннямі сваіх войскаў, убачыўшы паразу пяхоты і заезд цяжкай польскай конніцы на свой бераг, мусіў адкласці ўдар на ліцвінаў і перанесці сваю ўвагу на занятыя Шчарбатавым пазіцыі на вышыні грэблі, што апынуліся пад пагрозай. Супраць палякаў ён скіраваў значныя ад­дзелы конніцы з групоўкі Шчарбатава, што дадаткова аслабіла левае маскоўскае крыло. Перайшоўшы ў атаку, маскоўская конніца хутка выціснула праціўніка праз грэблю на процілеглы бераг57. Адразу ж за ёю да ракі падцягнуліся моцныя аддзелы маскоўскай пяхоты, якая зноўку заняла грэблю. Гэтым разам Хаванскі выкарыстаў нашмат больш войскаў, падтрымаўшы іх дадаткова моцнай артылерыяй.

Вось жа, Хаванскі мусіў адкласці запланаваныя ім дзеянні на правым крыле сваёй арміі і заняцца тым яе адрэзкам, што знаходзіўся блізка да цэнтра строю, каля грэблі. Гэта адвяло непасрэдную пагрозу ад ліцвінаў і дало ім вялікую свабоду дзеянняў. Маскоўскі князь прыняўся ўмацоўваць сваю пазіцыю на грэблі, ужываючы для гэтага пяхоту з іншых пазіцый фронту. Ён бачыў, што Чарнецкі прыступіў да чарговай атакі на грэблю, выкарыстоўваючы моцныя аддзелы драгунаў на чале з палкоўнікам Янам Тэдтвінам [Tedtwin]. Драгуны, пад­трыманыя казакамі–выбранцамі пад камандаваннем Францішка Кабылэцкага [Kobyłecki], пасля цяжкога бою выбілі маскоў­скую пяхоту і конніцу за грэблю, занялі нават там плацдарм і захапілі гарматы. Маскоўскую пяхоту адкінулі аж да лесу, што рос паблізу грэблі на ўсход ад ракі58. Захоп грэблі і заняцце пазіцыі на ўсходнім беразе было іх вялікім поспехам, нягледзячы на значныя страты.

Хаванскі пастанавіў любою цаною пакласці канец гэтаму небяспечнаму ўварванню палякаў у ягоныя пазіцыі. Ён зноўку скіраваў да іх значныя сілы пяхоты і артылерыі, а таксама распачаў абстрэл занятага палякамі плацдарма. На гэтым напрамку ён сабраў таксама досыць моцную групу конніцы, каб памагчы пяхоце адагнаць палякаў на іхні бераг59. Чарнецкі, дзякуючы поспеху драгунаў Тэдтвіна, дамогся ў цэнтры значнай перавагі і здзейсніў тут свае мэты, якія дазволілі яму адразу прыступіць да вырашальных для ўсяе баталіі аперацыяў на крылах. Увага расійцаў ужо настолькі засяродзілася на цэнтры, дзе знаходзілася грэбля, што край іхняга левага крыла зусім выпаў з–пад увагі маскоўскіх камандзіраў.

Вырашальны польскі ўдар павінны былі здзейсніць схаваныя на дальнім правым крыле харугвы групы Вайніловіча. Чарнецкі ўсё ж непакоіўся за літоўскае крыло. Ударыць на яго Хаванскі, праўда, не здолеў, але супраць яго працягвалі стаяць шматлікія аддзелы добрай маскоўскай конніцы. Пад ін­шым камандаваннем яны маглі стварыць пагрозу для ліц­вінаў, і ў кожным разе гэта былі вялікія рэзервовыя сілы, якія Хаванскі мог перакінуць на цэнтр або супраць групы Вайніловіча, каб спыніць іхнія дзеянні. Чарнецкі не мог дапусціць, каб хоць якая з гэтых магчымасцяў ажыццявілася, і пастанавіў звязаць боем маскоўскія войскі, што стаялі супраць ліцвінаў. Гэтае заданне павінны былі выканаць людзі Сапегі. Таму, распачынаючы атаку на грэблю сіламі драгунаў Тэдтвіна, ён адначасна паслаў да Паўла Сапегі, каб той сваімі харугвамі распачаў наступ на правае расійскае крыло60. У гэты ж момант або крыху пазней аналагічны загад ён аддаў Вайніловічу. Той павінен быў перайсці Палонку ў напрамку да Пацянаў і выйсці на дальнія тылы войскаў Хаванскага, абыходзячы фланг групоўкі Шчарбатава. Адначасна Чарнецкі прыступаў да далейшых дзеянняў, якія былі прызначаныя затрымаць расейцаў у цэнтры. Для польскага военачальніка бітва ўваходзіла ў вырашальную фазу. З пачаткам пераправы ягоных войскаў на абодвух крылах ініцыятыва бою пераходзіла ўжо цалкам у яго рукі. Хаванскаму цяпер даводзілася з усіх сіл бара­ніцца ад каралеўскіх згрупаванняў, якія з’яўляліся і наступалі адусюль.

Атрымаўшы загад да атакі, Сапега паслаў пяхоту, якая праз брод адкінула ад берага нешматлікую там маскоўскую пяхоту. Далей ён кінуў у імпэтную атаку на масы варожай конніцы дзве літоўскія гусарскія харугвы на чале з Палу­бін­скім. З Сапегавай рэляцыі вынікае, што ўдар гусараў нанёс маскоўскай пяхоце, якая стаяла ў іх на дарозе, жахлівыя страты. Строй пяхоты быў разбіты дзідамі так удала, што „żaden drzewca darmoć nie skruszył“ [ніхто дрэўка дарма не зламаў]61. Гусары рваліся наперад, а за імі Палонку пераходзілі другія лёгкія літоўскія харугвы. Аднак неўзабаве імпэт літоўскіх войскаў быў стрыманы ўпартай абаронай шматлікай маскоўскай конніцы, якая знаходзілася на гэтым крыле. Праз нейкі час расійцы нават перайшлі ў контрнаступ. Іхняй кавалерыі ўдалося абысці з левага боку войскі Сапегі, якія працягвалі наступ, і нават зайсці ў іхнія тылы. Гэта стварыла вельмі пагрозлівую для ліцвінаў сітуацыю. У вялікай небяспецы апынуліся і сам Сапега, які страціў каня, і Палубінскі. Уратавала іх самаадданасць і адвага дваіх таварышаў. Ратуючы гетмана, ахвяраваў жыццём шведскі афіцэр Зас [Zass], якога, як свайго палоннага, Сапега пасля замірэння са Швецыяй узяў да сябе на службу. На полі бітвы пад Палонкай ён уратаваў жыццё гетману, аддаўшы яму свайго каня, а сам, застаўшыся пешым, загінуў ад рук маскоўскіх коннікаў. Гэтыя перажыванні надоўга ўрэзаліся ў памяць вялікага гетмана. Ён успамінаў: „Z tej wielkiej trudności z rąk wroga; prawie Bóg sam cudownie mnie i z Jmcią Panem Pisarzem wyrwał od nich, bo już ścisnęli nas byli“ [З тае вялікае труднасці, з рук ворага, амаль што сам Бог цудоўным чынам мяне з Ягамосцю панам пісарам вырваў (ад іх), бо (тыя) ўжо былі нас сціснулі]62. Цягам далейшага бою Сапегавы жаўнеры здолелі адбіць атаку войскаў Хаванскага і выратавацца з грознага становішча. Часовы крызіс, на шчасце, быў пераадолены. Магчыма, гэтаму дапамагло з’яўленне новых фармаванняў ВКЛ, якія, фарсуючы брод на рацэ, адно за адным уступалі ў бітву. Несумненна, вялікую ролю адыграла тут чарговае аслабленне правага маскоўскага крыла, з якога на пазнейшым этапе бою была адцягнута частка сілаў у напрамку левага крыла арміі Хаванскага, што апынулася пад пагрозай. Як бы там ні было, войскі Сапегі былі затрыманы і надоўга ўцягнуліся ў пазіцыйныя баі на правым маскоўскім крыле, зусім страціўшы хуткасць дзеянняў.

Аднак пастаўленую Чарнецкім задачу войскі ВКЛ выканалі. Правае маскоўскае крыло само цяпер мусіла бараніцца і не магло ні стварыць пагрозу для каралеўскай арміі, ні даць колькі–небудзь значную дапамогу іншым кантынгентам маскоўскай арміі. Палякі ціснулі на Хаванскага ў цэнтры, правае крыло стварала яму дадатковы клопат, — тым больш ён забываўся пра сваё левае крыло.

Прыступаючы да атакі, Вайніловіч вывеў свае харугвы са схованкі і хутка падышоў да ракі. Незаўважаны маскоўскімі войскамі, ён з вялікай цяжкасцю пераадолеў яе балоцістае рэчышча, парослае густым і высокім зараснікам, і падаўся проста на фальварак Пацяны. Калі ягоная конніца ўжо выбралася з зарасніка, яе заўважыла пяхота, што сядзела ў пабудовах фальварка. Яна адкрыла моцны агонь па паляках, аднак Вайніловіч хутка выстраіў сваю конніцу і рынуўся на пехацінцаў. Вынішчылі іх імгненна. Атрад заўважыў Трубяцкой — каман­дзір коннага рэзерву, які складаўся з баярскіх і рэйтарскіх аддзелаў. Ён імгненна кінуў сваіх коннікаў у атаку. Удар быў такі шпаркі і моцны, што людзі Вайніловіча не паспелі набіць агнястрэльную зброю пасля папярэдняга бою. Пачаўся жорст­кі бой, у якім перамога даволі доўга вагалася на абодва бакі. Урэшце польскі кавалерыст параніў Трубяцкога шабляй у галаву. Гэта зламала маскоўскі супра­ціў, царская конніца кінулася наўцёкі, а харугвы Вайніловіча пагналіся за ёю63.

Чарнецкі, убачыўшы гэты поспех, вырашыў рэзка ўзмац­ніць націск праз грэблю на маскоўскі цэнтр, каб аблегчыць задачу Вайніловічу і дапамагчы сваім драгунам, якія мужна трымалі плацдарм на маскоўскім беразе, нягледзячы на моцныя атакі. З гэтай мэтай ён выкарыстаў падрыхтаваныя зага­дзя дзве гусарскія і дзве казацкія харугвы, якія стаялі ў тыле. Яны рушылі праз грэблю на цэнтр непрыяцеля. Мінуўшы пяхоту Тэдтвіна, што бараніла плацдарм, яны атакавалі маскоўскую конніцу, якая стаяла каля лесу і рыхтавалася да дзеянняў супраць польскага плацдарма. Паміж маскоўскай і польскай кавалерыяй адбыўся жорсткі бой, пасля якога польскія харугвы адступілі ў напрамку сваіх драгунаў64. Грэбля зноў прыкавала да сябе ўвагу Хаванскага. Але гэта працягвалася нядоўга: сітуацыя на забытым левым крыле раптоўна змянілася да непазнавальнасці. Катастрафічны для царскіх войскаў паварот справаў у гэтым баку тэатра ваенных дзеянняў прымусіў маскоўскае камандаванне засяродзіцца на падзеях, якія пачалі разгортвацца на левым крыле і ў тыле іхніх пазіцыяў.

У пагоні за Трубяцкім коннікі Вайніловіча заехалі ў глыбокі тыл арміі Хаванскага. Гэта спарадзіла замяшанне ў шэрагах маскоўскіх жаўнераў на пазіцыях Шчарбатава і Змеева, якія адбівалі атакі войскаў Чарнецкага. Для іх і для Хаванскага сітуацыя складалася вельмі трывожная. Моцны націск з боку пераправы не сціхаў, пераможны праціўнік зайшоў да іх у тыл, а да таго ж на правым крыле ўсё мацней напіралі ліц­віны. Убачыўшы на сваіх тылах моцную групу польскай конніцы, Хаванскі мусіў як найхутчэй зрабіць захады, якія мелі на мэце яе знішчэнне. Іначай яна пагражала яму атакаю з тылу на войскі, якія біліся з Чарнецкім, або на тое крыло, якое дагэтуль без вялікага поспеху змагалася з літоўскімі харугвамі. Пастаўлены перад неабходнасцю ратаваць армію, Хаванскі быў вымушаны прыняць імгненнае рашэнне — перакінуць чарговыя аддзелы сваёй конніцы, выцягнуўшы іх з правага крыла, у тыл супраць палякаў. На пераможных палякаў адразу рушылі значныя аддзелы маскоўскай кавалерыі. Сутычка з імі адбылася на тылах групоўкі Шчарбатава і Змеева65. Але, як занатаваў Пасэк, націск гэтых новых войскаў усё больш слабеў, а самі яны ішлі ў атаку няпэўна і з усё большай трывогай, бачачы, як становішча ўсяго іхняга войска з кожнай хвілінай робіцца ўсё горшым. Таму жаўнеры Вайніловіча адбіваліся ад гэтых аддзелаў з усё большай лёгкасцю.

Сочачы за развіццём падзеяў за ракою, Чарнецкі разумеў, што для бітвы цяпер настаў вырашальны момант, і пераможнае яе заканчэнне залежыць ад хуткасці і паспяховасці ягоных дзеянняў у цэнтры на вышыні грэблі. Прамаруджанне магло прывесці нават да знішчэння войскаў Вайніловіча: да іх дабраліся б чарговыя аддзелы маскоўскай кавалерыі, а ў шыхтах Хаванскага тым часам справіліся б з замяшаннем. Таму ў гэты момант належала правесці моцны ўдар, скіраваны ў непрыя­цельскі цэнтр. У выпадку яго ўдачы харугвы Вай­ні­лові­ча і літоўскія харугвы, якія выходзілі на маскоўскія тылы, сталі б тым кавадлам, на якім была б раструшчана ўся армія Хаванскага.

Прыступаючы да рэалізацыі свайго намеру, Чарнецкі меў дзве падрыхтаваныя для гэтага гусарскія харугвы, якія згадваліся вышэй. За імі павінны былі ўдарыць лягчэйшыя казацкія харугвы. Пяхота на плацдарме, а таксама на левым каронным крыле пад камандаваннем А.Паляноўскага [Polanowski], атры­­мала загад рушыць за пераможнай конніцай. Чарнецкі выслаў таксама да Сапегі настойлівы заклік узмацніць націск і кінуць у атаку ўсе сілы. Ён заклікаў гетмана літоўскага: „Dla Boga, żeby wszystkimi siłami natrzeć i rozrywać Moskwę, bo pułk królewski zgubiemy“ [Дзеля Бога, каб усімі сіламі наваліцца і разрываць Маскву, бо страцім каралеўскі полк]66. Чарнецкаму важна было не толькі дапамагчы харугвам Вайніловіча, якія вялі бой, але таксама разбіць і дэзарганізаваць правае маскоўскае крыло, каб Хаванскі не змог чэрпаць адтуль падмацаванні для свайго цэнтра. Акрамя таго, ён чакаў выхаду ліц­вінаў на тылы арміі праціўніка і канчатковага акружэння ягоных аддзелаў.

Моцная атака праз грэблю на непрыяцельскі цэнтр прынесла поўную ўдачу, прывёўшы да паражэння арміі Хаванскага. Маскоўская конніца, якая спрабавала адбіцца ад гусарскай атакі, была ўшчэнт разбітая і рассыпалася ў бакі. Хаванскі яшчэ спрабаваў арганізаваць сваю кавалерыю для далейшай абароны. Таму ў цэнтры закіпеў жорсткі бой паміж маскоў­скай конніцай і польскімі гусарамі, а таксама лягчэйшымі харугвамі, што надыходзілі следам. Польская кавалерыя ўдарыла таксама на расійскую пяхоту, якая баранілася вельмі мужна і сама пераходзіла ў атаку, ведучы густы агонь67. Падобна, што маскоўская конніца аж чатыры разы пускалася наўцёкі, а Хаванскі яе раз за разам заварочваў у чарговыя атакі на поль­скую кавалерыю68. Атакі гэтыя, аднак, раз за разам слабелі, і супраціў маскоўскай конніцы рабіўся ўсё менш рашучы. Жаўнеры Хаванскага ўсё больш пачыналі думаць пра свой ратунак, а не пра далейшы адпор непрыяцелю. Маскоўскіх пяхотнікаў, якія стаялі паблізу гаю, абкружыла польская пяхота, але першая сутычка не прынесла ім вялікага поспеху. Удалося толькі захапіць гарматы царскіх ратнікаў. Пройгрышу яны яшчэ не адчувалі, бо поруч з імі працягвала біцца маскоўская конніца, таму не толькі бараніліся, але нават пераходзілі ў лакальныя атакі69.

Падзеі разгортваліся вельмі шпарка. Убачыўшы разгром цэнтра, кінуліся наўцёкі маскоўскія кавалерысты, якія біліся дагэтуль з Вайніловічам. У іх і ў тых з правага крыла, за кім не замкнуліся яшчэ польска–літоўскія клешчы, было найболей шанцаў уратавацца з поля бітвы цэлымі. Следам за імі патрапіла ўцячы і траціна пяхоты. Гэта былі першыя ўцекачы; жаўнеры Вайніловіча не пусціліся за імі ў пагоню, а ўдарылі з тылу па маскоўскіх шэрагах Шчарбатава. У той жа час напор ліцвінаў раструшчыў супраціў аслабленага правага маскоў­скага крыла, і пераможныя харугвы Сапегі моцна ўрэзаліся з гэтага боку ў правы фланг конніцы Хаванскага, якая білася з харугвамі Чарнецкага. Гэта паглыбіла хаос і замяшанне ў маскоўскіх шэрагах70.

У гэты момант узнікла сітуацыя, пры якой большая частка арміі князя Хаванскага, асабліва ў цэнтры і на левым крыле, апынулася пад атакай з усіх бакоў. Абкружаная адусюль, маскоўская конніца білася ўжо не за перамогу, а за ўласны ратунак71. Вельмі моцна адбівалася ў цэнтры і маскоўская пяхота, якую атакавалі драгуны Тэдтвіна. Да яе на гэтым этапе бітвы спрабавалі дабрацца і польскія кавалерысты, але былі адбітыя царскімі пяхотнікамі, якія заўзята бараніліся сваімі доўгімі дзідамі і бердышамі. Калі ж нарэшце настаў час пагоні за маскоўскай конніцай, польская кавалерыя кінула гэты цяжкі бой і пагналася за ворагам. Пільнаваць гэтых расійцаў Чарнецкі, здаецца, даручыў мальтыйскаму кавалеру Мікалаю Ўладыславу Юдыцкаму72. Бой у цэнтры з маскоўскай конніцай і пяхотай, хоць і незвычайна зацяты, працягваўся пасля гэтага ўжо нядоўга. Ён прынёс маскоўскім войскам вялізныя страты. Абарона, якую працягваў падтрымліваць Хаванскі, вельмі хутка гэтага не вытрымала. Першым зламаўся супраціў конніцы. Яна панічна кінулася ўцякаць у тыл. За ёю пагналіся польскія конныя харугвы на чале з Аляксандрам Паляноўскім і пераследавалі іх далёка73. У пагоню за ёю рушылі таксама харугвы ВКЛ на чале з Кміцічам. Яны гналіся аж да позняй ночы, зусім рассеяўшы ўцекачоў74. У сваіх уцёках масы маскоўскіх коннікаў стварылі нават пагрозу аддзелам Вайніловіча, бо з усяе сілы несліся ў іхні бок. Аднак перапужаным уцекачам не ў галаве было ўвязвацца ў новыя баі. Калі ж стала ясна, што маскоўская конніца ўжо ў поўным складзе ўцякае з поля бою, тады і жаўнеры Вайніловіча пагналіся за ёю75. Пачалася разня недабіткаў, што засталіся ў тыле. Аднак галоўную ролю ў пагоні адыграла конніца ліцвінаў. Сярод уцекачоў апынуўся і сам Хаванскі, які ў апошнія хвіліны супраціву атры­маў два ўдары шабляй у галаву76.

Пасля разгрому маскоўскай кавалерыі на полі бою засталася яшчэ моцная групоўка пяхоты з арміі Хаванскага. Яна стаяла побач з лесам, што рос паблізу грэблі. Сярод пяхотнікаў зна­ходзіўся яшчэ адзін расійскі камандзір — Змееў77. Праз нейкі час сюды пасля пагоні пачалі вяртацца харугвы Рэчы Паспалітай78. У першую атаку на пяхоту, паводле загаду Чарнецкага, рушыў Юдыцкі на чале гусараў. Удар цяжкой кавалерыі разарваў шэрагі пяхоты. Тады віленскі ваявода па­слаў з бакоў, краем лесу, іншыя — лягчэйшыя — харугвы, каб адцясніць пяхоту ад лесу79. Маскве, аднак, удалося адступіць у лес і там арганізаваць зацятую абарону. Тады ўвесь гай абкружылі пяхотай і гарматамі і адкрылі агонь па пяхоце, якая густа стаяла ў тым гаі80. Моцны абстрэл прынёс маскоўскім жаўнерам вялізныя страты. Трэба думаць, якраз у гэты час загінуў іхні камандзір Змееў81. Тады маскоўскія жаўнеры, што заста­ліся жывыя, выйшлі з гаю і прасілі спыніць бой, збіраючыся здацца. Ніякай літасці, аднак, ім не далі. На іх рынулася каронная і літоўская кавалерыя на чале з Юдыцкім. Але нават цяпер, як пры­знавалі іхнія праціўнікі, яны яшчэ бараніліся мужна і зацята. Бітва была выйграна, а страшны Хаванскі, які з мінулага года дратаваў Вялікае Княства Літоўскае, і яго жаўнеры ўцякалі, ратуючы свае жыцці.

Цяжка дакладна сказаць, якія людскія страты панесла армія Хаванскага. Лічыцца, што на полі бою палегла каля 800 царскіх коннікаў і каля 2,5 тыс. пяхоты. Большай частцы арміі ўдалося ўцячы з поля бітвы. Шмат хто з іх загінуў пазней — пад час заўзятай літоўскай пагоні, сутычак пад Мірам і Жукавым Барком, а таксама ў выніку масавага дэзерцірства82. Да Полацка, Барысава і нават Смаленска дабраліся толькі дробныя шматкі маскоўскага войска. У рукі пераможцаў трапілі ўсе маскоўскія гарматы, шмат іншай зброі. Захоплены былі таксама ўсе боепрыпасы ворага, хоць значную частку пораху спаліла пяхота, пакуль баранілася. Пераможцам дасталіся ўсе запасы харчу, нарыхтаванага для маскоўскіх жаўнераў. Было здабыта шмат маскоўскіх харугваў, у тым ліку вялікая царская харугва, якую Хаванскі атрымаў ад Аляксея Міхайлавіча пры ад’ездзе ў літоўскі паход83. У няволю трапіла шмат афіцэраў, у тым ліку Шчарбатаў. Палонныя найвышэйшага рангу дасталі­ся галоўным чынам Чарнецкаму, які пазней трымаў іх у суровых умовах у вязніцы ў сваім Тыкоціне, патрабуючы за іх вялі­кага выкупу. Згодна з распаўсюджанай думкай, ён урэшце атры­маў за іх у сваю кішэню вялізную суму — 2 млн. злотых84. Жаўнеры на полі бою сабралі багатыя трафеі. І лагерная чэлядзь, і шмат хто з вышэйшых жаўнераў не грэбавалі абдзіраннем палеглых праціўнікаў і апраналіся ў маскоўскія строі: „wojsko, hołota nasza, suknie z Moskwy zdzierając pobrali, już naszych nie rozeznać tylko po czuprynie od moskiewskich ludzi“ [войска, галота нашая, пабрала адзежу, здзіраючы (яе) з Масквы, (так што) ужо нашых толькі па чупрыне і можна адрозніць ад маскоўскіх людзей]85. Таксама лічылі сваіх палеглых. Страты, хоць і балесныя, былі не надта вялікімі. Павел Сапега ацэньваў іх у сваім войску ў 80 забітых86. Страты войскаў Чарнецкага ацэньваліся ў 100 жаўнераў87. Магчыма, яны былі і трохі вышэйшыя: Кахоўскі ацэньвае іх сумарна ў 300 забітых і шмат параненых. Найбольшыя страты, трэба думаць, прыпалі на фінальны бой з маскоўскай пяхотай, узброенай бердышамі88.

Летні дзень быў у разгары. Бітва скончылася каля 12–й га­дзіны. Шматлікія рэляцыі падкрэсліваюць, што яна працягвалася нядоўга — усяго тры гадзіны89. На полі бітвы доўга не затрымліваліся і яшчэ таго самага дня рушылі далей — першай мэтай былі Ляхавічы90. Па ваколіцы разыходзілася вестка пра вялікую перамогу каралеўскіх войскаў. Даведаўшыся пра яе і пра набліжэнне сваіх, адважны камендант Ляхавічаў, рэчыцкі войскі Станіслаў Міхал Юдыцкі зрабіў вылазку і прычыніў сур’ёзныя страты маскоўскай пяхоце, якая заставалася на валах. Захапіўшы гарматы, ён абярнуў іх супраць непрыяцеля і знішчыў артылерыйскім агнём земляныя работы, якія вяліся дзеля захопу крэпасці91. На світанні 29 чэрвеня пад Ляхавічамі з’явілася ўся польска–літоўская армія, разагнаўшы маскоўскіх пехацінцаў, якія яшчэ заставаліся ў акопах. Тут захапілі ўсю маскоўскую артылерыю, якую Хаванскі не ўзяў з сабою пад Палонку, а таксама вялізныя запасы абложных прыладаў і харчу92. У абложаную дагэтуль крэпасць зрабілі ўрачысты ўезд, на вялікую радасць яе абаронцаў93. Затое гераічнай пяхоце, якая ўсе гэтыя месяцы бараніла Ляхавічы, выпала няўдзячная праца: ёй загадалі хаваць жаўнераў, што загінулі пад Палонкаю. Пахаваць удалося ўсяго тысячу: на ліпеньскай спёцы трупы раскладаліся, і з прычыны вялікага смуроду далейшую працу давялося спыніць94.

У Варшаву радасныя весткі дайшлі 3 ліпеня. Іх прывёз высланы Чарнецкім яшчэ з поля бітвы, неўзабаве пасля яе заканчэння, пазнанскі харунжы Ўладыслаў Скарашэўскі95. Па дарозе ў Варшаву змучаныя жыхары здратаваных Хаванскім земляў даведваліся пра поўную паразу страшнага князя і яго панічныя ўцёкі. Гэтую вестку яны напэўна прымалі з той жа палёгкаю і радасцю, як і шляхта ў Наваградку96. Сваю добрую навіну харунжы прынёс у сталіцу, калі каралеўская пара малі­лася ў варшаўскім касцёле візітак. Як пісаў вількамірскі маршалак Ян Мяжэнскі [Mierzeński], што знаходзіўся там, „Ta victo­ria niewymownie Państwo i wszystkich uweseliła“ [Гэтая перамога невымоўна ўзвесяліла караля з каралеваю і ўсіх]97, асабліва калі некаторыя заўважылі, што яна адбылася ў гадавіну пачатку бітвы пад Берасцечкам98. Да складзенага ўжо 2 ліпеня, але яшчэ не адасланага ліста камісарам, што знахо­дзіліся ў Мен­ску, адразу ж дапісалі, каб у новай сітуацыі яны не ішлі ні на якія саступкі ў перамовах з Масквою, ані ў казацкіх справах, ані ў тэрытарыяльных, ані ў якіх іншых. Замест гэтага яны павінны былі цвёрда патрабаваць вяртання ўсяго, што захапілі расійцы ад пачатку вайны99. Варта дадаць, што рэляцыя, напісаная рускім ваяводам і прывезеная Скарашэўскім, лягла ў аснову іншых апісанняў бітвы пад Палонкаю, якія з’яві­ліся ў наступныя дні і „пайшлі ў свет“. Яна змяшчала тыя галоўныя звесткі пра бітву, якія пераможцы — военачальнікі, афіцэры і жаўнеры — яшчэ на полі бітвы палічылі вартым занатаваць у пісьмовым выглядзе. Таму згаданыя апі­санні зболь­­шага паўтаралі звесткі, пераказаныя рускім ваяводам, часам дапаўняючы іх падрабязнасцямі з іншых паведамленняў, якія прыходзілі на каралеўскі двор.

Наступствам перамогі пад Палонкаю стаў пачатак карыснага для Рэчы Паспалітай пералому ў вайне з Масквой і вы­зваленне земляў Вялікага Княства Літоўскага на поўдзень ад Дзвіны і на захад ад Дняпра ад маскоўскіх войскаў. Тут засталося ўсяго некалькі замкаў, занятых царскімі гарнізонамі — у Вільні, Коўне, Горадні, Берасці, Наваградку і Барысаве. Некаторыя з іх пратрымаліся яшчэ каля года ці больш, аднак чарговыя поспехі войскаў Рэчы Паспалітай у 1660 і 1661 г. пазбавілі іх надзеі на вяртанне царскага панавання і схілілі да капітуляцыі.

Пераклаў Мікола Раманоўскі


1 Гл. данясенні каралеўскіх камісараў з Нямежы ад лістапада 1656 г. у Галоўным архіве даўніх актаў у Варшаве (Archiwum Główne Akt Daw­nych, далей — AGAD), Каронны варшаўскі архіў, расійскі аддзел (Archiwum Koronne Warszawskie, dział rosyjski) 55c/28; 55c/29.

2 Пра ход перамоваў гл.: Dąbrowski J. Polsko–moskiewskie rokowania pokojowe w 1658 r. // Rzeczpospolita w latach Potopu. Pod. red. J. Muszyńskiej i J. Wijaczki. Kielce, 1996.

3 Пра наезд Хаванскага гл.: Kossarzecki K. Najazd kniazia Iwana Chowańskiego na Podlasie na przełomie 1659/1660 roku // Ostródzki Przegląd Historyczny. 2004. № 1 [у друку].

4 Senatus Consultum, w Warszawie 25 V 1660. Бібліятэка Чартарыскіх у Кракаве (далей — B.Czart.), 401. C. 133. 28 V 1660. Тамсама. C. 137.

5 Gazette de France. Gdańsk 12 VI 1660. C. 594—595; Jan Kazimierz do A.H. Połubińskiego, Warszawa 28 VI 1660. B. Czart., 154. С. 178.

6 Ordynans od P. Sapiehy dany A. H. Połubińskiemu, Dąbrowa 23 V 1660. AGAD, Радзівілаўскі архіў (далей — AR), dz. II, nr 1424; B.Olszewski do B.Radziwiłła, Kiersnów 30 V 1660. Тамсама, dz. V, nr 10816, s. 155.

7 Senatu Consultum, Warszawa 28 V 1660. B. Czart., 401. С. 135—137; Kubala L. Wojny duńskie i pokój oliwski 1657—1660. Lwów, 1922. С. 338—339.

8 J. Mierzeński do B. Radziwiłła, Warszawa 16 VI 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 9646, cz. II, s. 75. А.Скорабагаты [A. Skorobohaty] занатаваў, што ліцвіны рушылі 15 чэрвеня. Але насамрэч гэта адбылося на некалькі дзён пазней: Skorobohaty A. Diariusz. Opr. T. Wasilewski. Warszawa, 2000. С. 79.

9 Сборник Муханова. Изд. П. А. Муханов. Москва, 1856. С. 221—222.

10 B. Radziwiłł do K. Paca, b.m. 9 I 1660 // Kotłubaj E. Galeria nieświeska portretów Radziwiłłowskich. Wilno, 1857. С. 221—222.

11 Chrapowicki J. Diariusz. Cz. I. Opr. T. Wasilewski. Warszawa, 1978. С. 212.

12 M. K. Pac do A.H.Połubińskiego, Bowsk 21 I 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 11209, cz. I, s. 144.

13 K. Kłokocki do B. Radziwiłła, Słuck 7 V 1660. Тамсама, nr 6865, cz. I, s. 199. J. Horbaczewski do B. Radziwiłła, Wyzna 20 VI 1660. Тамсама, nr 5347, s. 9—10.

14 Confessata o potędze nieprzyjacielskiej z różnych języków tak moskiewskich jako y Perehidczków. Государственная публичная библиотека им. Салтыкова–Щедрина, Санкт–Петербург. Автографы Дубровского, 152, k. 213—214v.

15 Са Слуцка паведамлялі пра 2 тыс. маскоўскай пяхоты, 1 тыс. конніцы і 8 гарматаў, якія павінны былі 11 траўня праязджаць праз Менск. Гл.: K. Kłokocki, W. Huryn do B. Radziwiłła, Słuck 21 V 1660. AGAD, AR., dz. V, nr 6865, cz. I, s. 209; Komisarze do Jana Kazimierza, Mińsk 21 V 1660. B. Czart., 154, s. 138. Maskiewicza [Bogusława] dyjaryjusz moskiewskiej wojny w Wielkim Księstwie Litewskim będącej // Pamiętniki Maskie­wiczów. Opr. A. Sajkowski. Wrocław, 1961. С. 299—300; Акты Москов­ского государства (далей — АМГ). Петербург, 1901. Т. III. С. 84. Con­fessata o potędze... згадвае, што прыбылі 2 тыс. пяхоты.

16 S. Przyborowski do B. Radziwiłła, Jasiewicze 7 VI 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 12561, s. 82.

17 АМГ. Т. III. С. 68. Confessata o potędze... называе лічбу 2465 жаўнераў.

18 АМГ. Т. III. С. 95; K. Kłokocki, W. Huryn do B. Radziwiłła, Słuck 12 VI 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 6865, cz. I, s. 215. Гл. таксама ліст ад 19 VI, с. 219.

19 Komisarze do K. Paca, Mińsk 17 VI 1660. B.Czart., 154. С. 349—350; Komisarze do P. Sapiehy, Mińsk 22 VI 1660. Тамсама. С. 380.

20 Алег Курбатаў ацэньвае армію Хаванскага напярэдадні бітвы ў больш як 10 тыс., пры гэтым сцвярджаючы, што падмацаванні, якія прыбылі перад бітваю, складалі амаль палову сілаў Хаванскага. Гл.: Kurbatow O. Połonką 1660 — spojrzenie z Moskwy // Mówią Wieki. 2000. № 3. С. 28—29. Трэба, аднак, памятаць пра тое, што аддзелы полацкай і іншай шляхты ў траўні — чэрвені масава пакідалі маскоўскі лагер, адслужыўшы дзве чвэрці, а таксама пра страты нядаўна прыбылых аддзелаў, панесеныя пад Ляхавічамі ў сутычках з вандроўнымі аддзеламі Аскеркі і Мурашкі або з раз’ездамі Чарнецкага.

21 Wójcik Z. Dzieje Rosji. Warszawa, 1971. С. 184—186.

22 Wimmer J. Materiały do zagadnienia liczebności i organizacji armii koron­nej w latach 1655—1660 [далей — Materiały...] // SMHW. 1958. Т. IV. С. 491—533; Wimmer J. Wojsko polskie w drugiej połowie XVII wieku. War­szawa, 1965. С. 125—128.

23 Vorbek–Lettow M. Skarbnica pamięci. Opr. E. Galos, F. Mincer. Wrocław, 1968. С. 284.

24 Супольную колькасць кароннага і літоўскага войска Е. Глябовіч ацэньваў у сакавіку ў 10 тысяч жаўнераў. Гл.: J. Hlebowicz do B. Radzi­wiłła, Słonim 11 III 1660. AGAD, AR, dz.V, nr 5226, s. 141. З ім згаджаецца Б. Маскевіч: Maskiewicz B. Op. cit. С. 302. У 11 тыс., у тым ліку 3 тыс. пяхоты і 8 тыс. конніцы, ацэньваў яе аўтар рэляцыі ў „Gazette de France“ ад 1660 г. пад назваю „Les particularitez de la victoire r’emportée par les Polonois sur les Moscovites“ [далей — Les particularitez...]. С. 730, 735. У іншым месцы, следам за Паўлам Сапегам, ён казаў пра 9—10 тыс. жаўнераў.

25 S. Przyborowski do B. Radziwiłła, Jasiewicze 30 VI 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 12561, s. 84.

26 Maskiewicz B. Op. cit. С. 302.

27 Апісанне гэтых падзеяў змяшчаюць два лятучыя лісткі на нямецкай мове: Ausführliche Relation der glüclischen Victoria, welche die polnische Armee gegen den Moskowiter zwischen Sclonim und Mysz erhalten hat [далей — ARV]. С. 1; Ausführliche Relation von der herlischen Victoria Ihrer Königlischen Majestät von Polen und der Niederlage der Moskowiter zwischen Sclonim und Lachowitz welche geschechen den 28 Junii 1660 (далей — ARVK). С. 1. Пра гэтыя лятучыя лісткі гл.: Zawadzki K. Gazety ulotne polskie i Polski dotyczące XVI—XVIII w. Wrocław, 1977. Т. I. С. 221. Іншую справаздачу пра гэтыя баі мы знойдзем у Les particularitez... С. 731. J. A. Morsztyn do N.N., Warszawa 2 VII 1660. Бібліятэка Польскай акадэміі навук, Кракаў [Biblioteka Polskiej Akademii Nauk w Krakowie] (далей — B.PAN Kr.), nr 1065, s. 225.

28 ARVK. С. 1; Les particularitez... С. 730, 734.

29 S. Przyborowski do B. Radziwiłła, Jasiewicze 30 VI 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 12561, s. 84; Chrapowicki J. A. Op. cit. С. 249. Згодна з А.Курбатавым, гэта быў аддзел карнай экспедыцыі, што вярталася з–за Нёмана. Kurbatow O. Op. cit. С. 32. Хаванскі часта высылаў такія экспедыцыі. Яшчэ 7 чэрвеня пра адну з іх, лікам у некалькі соцень коней, выпраўленую ў ваколіцы Ваўкавыска, успамінаў Пшыбароўскі [Przy­borow­ski], гл. ягоны ліст з Ясевічаў [Jasiewicze]. С. 81.

30 Maskiewicz B. Op. cit. С. 302; Les particularitez... С. 731. Сам П. Сапега прызнаваў, што ўваход войскаў у „kraj słonimski“ заспеў Хаванскага знянацку. Гл.: De data secunda Juliy, Z obozu w drodze. Ягелонская бібліятэка, Кракаў [Biblioteka Jagiellońska w Krakowie] (далей — B.Jag.), nr 5, s. 750.

31 Vorbek–Lettow M. Op. cit. С. 290—291; Kurbatow O. С. 32.

32 De data secunda Juliy… B.Jag., nr 5, s. 750; ARV, s. 1; ARVK, s. 2; Zwy­cięstwo z Moskwy od Polaków i Lithwy, Roku 1660 otrzymane. Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich PAN we Wrocławiu (далей — B.Ossol.), nr 189, s. 1; Łoś J. Pamiętnik towarzysza chorągwi pancernej. Opr. R. Śreniawa–Szypiowski. Warszawa, 2000. С. 93; Czermak W. Szczęśliwy rok. Dzieje wojny polsko–moskiewskiej z r. 1660 // Przegląd Polski. 1887. Т. 83. С. 511.

33 ARVK. С. 2. Я. Лось, перабольшваючы, піша пра 24 маскоўскія харугвы: op. cit. С. 93. Але звычайна схільны да гіпербалізацыі Пасэк піша пра 5 тысяч адборнага маскоўскага войска: Pasek J. Op. cit. С. 127.

34 Łoś J. Op. cit. С. 93; Skorobohaty A. Op. cit. С. 79—80.

35 Найбольш пластычнае апісанне бою паміж двума гэтымі раз’ездамі пакінуў Пасэк: Pasek J. С. 127—128. Гл. таксама ARVK. С. 2—3; Les particularitez... С. 734.

36 Zwycięstwo z Moskwy... С. 1174; Les particularitez... С. 734; ARV. С. 1; Pasek J. С. 128.

37 ARVK. С. 3. Zwycięstwo z Moskwy... С. 1174.

38 ARVK. С. 3. Zwycięstwo z Moskwy... С. 1174—1175.

39 Zwycięstwo z Moskwy... тамсама; De data secunda Juliy... B. Jag., nr 5, s. 750.

40 На падставе: Encyklopedia Wojskowa. Pod red. O. Laskowskiego. War­szawa, 1934—1939. С. 666; Kopia listu Jmci P. Wojewody Ruskiego do Króla JMci de data pod Myszą w polu die 28 Junij Anno 1660. B. Jag., s. 749—751.

41 Zwycięstwo z Moskwy... С. 1175.

42 Тамсама.

43 ARVK. С. 4; ARV. С. 4.

44 У найпаўнейшым выданні апісанне гэтых баёў знаходзіцца ў ARVK. С. 4. Згадваюць пра іх таксама Лось і Кахоўскі: Łoś J. Op. cit. С. 94; Kochowski W. Historya panowania Jana Kazimierza. Wyd. E. Raczyński. Poznań, 1859. Т. II. С. 66—67.

45 Łoś J. Op. cit. С. 94. Скорабагаты паведамляе, што Слонскаму адсеклі галаву 18 ліпеня пад Бабром і ўзбілі яе на кол: op. cit. С. 81.

46 Zwycięstwo z Moskwy... С. 1175.

47 Jerlicz J. Latopisiec albo kroniczka Joachima Jerlicza. Wyd. K.W. Wójcicki. Warszawa, 1853. С. 49. Гл. таксама думку Клакоцкага пра Хаванскага: K. Kłokocki, W. Huryn do B. Radziwiłła, Słuck 6 VII 1660. AGAD, AR, dz. V, nr 6865, cz. I, s. 224.

48 Encyklopedia... С. 667; Zwycięstwo z Moskwy... С. 1175.

49 Pasek J. Op. cit. С. 130.

50 Гл. апісанне сутычкі на падставе прывезеных у Варшаву справаздач з поля бітвы: J. Mierzeński do B. Radziwiłła, Warszawa 3 VII 1660. AGAD, AR., dz.V, nr 9646, cz. II, s. 77.

51 Апісанне візіту паслоў Хаванскага на падставе Les particularitez... С. 731—732; ARV. С. 5.

52 Les particularitez... С. 732; Maskiewicz B. Op. cit. С. 302.

53 J. A. Chrapowicki do B. Radziwiłła. Warszawa 25 VI 1660. AGAD, AR., dz. V, nr 2153, s. 8; Maskiewicz B. Op. cit. С. 302.

54 Пасэк з вялікім перабольшаннем кажа, што там было 6 тыс. жаўнераў: Pasek J. С. 129. Лось называе 1700: Łoś J. С. 94; ARVK падае, што гэта былі два рэгіменты, Кахоўскі ж піша пра два палкі: Kochowski W. С. 66. Найпраўдападобней, гэта было колькі соцень жаўнераў.

55 AVRK. С. 5; Les particularitez... С. 732.

56 Encyklopedia... Op. cit. С. 666.

57 AVRK. С. 6; Kochowski W. Op. cit. С. 67.

58 Kopia listu Jmci P. Wojewody Ruskiego do Króla Jmci... B. Jag., nr 5, s. 750; Les particularitez... С. 732—733.

59 AVRK. С. 5.

60 Так паказвае падзеі падрабязная рэляцыя на нямецкай мове, гл.: ARVK. С. 6. Гл. таксама: Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660. Wiadomość od Jmci P. Sapiehy Hetmana WXLitt. B. Jag., nr 5, s. 747.

61 Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660... B. Jag., nr 5, s. 748; Les particularitez... С. 726.

62 Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660... B. Jag., nr 5, s. 748; Les particularitez... С. 727; Chrapowicki J. A. Op. cit. С. 250.

63 Апісанне атакі войскаў Вайніловіча на падставе: Pasek J. Op. cit. С. 130—132.

64 Kopia listu Jmci P. Wojewody Ruskiego do Króla Jmci... B. Jag. nr 5, s. 750; Les particularitez... С. 733; Zwycięstwo z Moskwy... С. 1176.

65 Pasek J. Op. cit. С. 132; Kopia listu Jmci P. Wojewody Ruskiego do Króla Jmci... С. 750.

66 Pasek J. Op. cit. С. 132.

67 AVRK. С. 5.

68 Les particularitez... С. 733. ARV, с. 6, кажа пра тры вяртанні конніцы Хаванскага.

69 AVRK. С. 5.

70 AVRK. С. 5; Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660... B. Jag., nr 5, s. 748; Les particularitez... С. 728.

71 Kochowski W. Op. cit. С. 67.

72 ARV. С. 5; Kochowski W. Op. cit. С. 67.

73 Kopia listu P. Wojewody Ruskiego do Króla Jmci... B. Jag., nr 5, s. 750.

74 Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660... B. Jag., nr 5, s. 748.

75 Pasek J. Op. cit. С. 132—136.

76 Тамсама. С. 137.

77 Гэта быў, аднак, не Сямён Ільіч, стольнік царскі і ваявода магілёўскі, а ягоны сын Змееў Сямёніч, гл.: J. A. Morsztyn do NN., Warszawa 2 VII 1660 // Ochman–Staniszewska S. „Listy Jana Andrzeja Morstina“. Wrocław, 2002. Ліст № 112. С. 169—170. Гл. заўв. № 9. Chrapowicki J. A. Op. cit. С. 638 (паказальнік).

78 AVRK. С. 6.

79 Пра бой конніцы з пакінутай пяхотай перад яе ўцёкамі ў лес згадвае ARV. С. 5. Таксама: Les particularitez... С. 736.

80 Pasek J. Op. cit. С. 137.

81 AVRK. С. 6; Gazette de France, z Warszawy 10 VII 1660. С. 715; Łoś J. Op. cit. С. 96.

82 Kurbatow O. Op. cit. С. 35.

83 Gazette de France, z Warszawy 5 VII 1660. С. 691. Тамсама, 10 VII 1660. С. 715; Les particularitez... С. 736; Kopia listu Jmci P. Wojewody Ruskiego do Króla Jmci... B. Jag., nr 5, s. 750; AVR. С. 6; AVRK, s. 6; Pasek J. Op. cit. С. 137—138.

84 Car Aleksy Michajłowicz do Jana Kazimierza, Moskwa 4(14) VIII 1663. B. Czart., 156. С. 311; Kersten A. Stefan Czarniecki. Op. cit. С. 424—425.

85 De secunda Julij. Z obozu w drodze. B. Jag., nr 5, s. 751.

86 Les particularitez... С. 729.

87 Тамсама. С. 736.

88 Kochowski W. Op. cit. С. 68.

89 Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660... B. Jag., nr 5, s. 748; Zwycię­stwo z Moskwy... С. 1176; ARV. С. 6; Chrapowicki J. A. Op. cit. С. 250.

90 Kopia listu Jmci P.Wojewody Ruskiego do Krуla Jmci... B. Jag., nr 5, s. 749.

91 Ewaryst Jan Bebiecki do W.Lanckoroсskiego, Warszawa 9 VII 1660. B. Czart., 154, s. 463; Gazette de France, z Warszawy 10 VII 1660. С. 715; Kochowski W. Op. cit. С. 68—69.

92 Łoś J. Op. cit. С. 97.

93 Z pod Kojdanowa de data 2 Julii rano 1660... B. Jag., nr 5, s. 748.

94 Łoś J. С. 97.

95 Kopia listu Jmci P.Wojewody Ruskiego do Króla Jmci... B. Jag., nr 5, s. 751.

96 Chrapowicki J. A. Op. cit. C. 249—250; Maskiewicz B. Op. cit. С. 303.

97 J. Mierzeński do B. Radziwiłła, Warszawa 3 VII 1660. AGAD, AR., dz. V, nr 9646, cz. II, s. 77; J. A. Morsztyn do N.N., Warszawa 2 VII 1660. B. PAN Kraków, nr 1065, s. 225; Gazette de France z Warszawy 10 VII 1660. С. 714.

98 M. Prażmowski do N.N., b.m. 2 VII 1660. B. PAN Kraków, nr 1065, s. 5.

99 Jan Kazimierz do komisarzy, Warszawa 2 VII 1660. B. Czart., 154, s. 444.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка