Belarusian historical review




старонка19/21
Дата канвертавання14.03.2016
Памер4.71 Mb.
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21

Якасна новы ўзровень расіязнаўства ўяўляе сабой праца Фрыдрыха Хрысціяна Вэбэра — пасла гановерскага курфюрста і англійскага караля Георга I. У 1714—1719 г. ён быў акрэдытаваны на царскім двары Пятра I у Санкт–Пецярбурзе. Пасля завяршэння дыпламатычнай місіі ў Расіі Фрыдрых Хрысціян Вэбэр выдаў на працягу 20 гадоў (1721—1740) тры тамы кнігі, якая мела назву „Пераўтвораная Расія“ (Das verдnderte Russland). Па жанры праца гановерскага дыпламата нагадвае болей часопіс, які ўтрымлівае разнастайныя звесткі і паведамленні па гісторыі і сучаснасці Расіі. Хаця аўтар і робіць на старонках кнігі экскурсы ў гісторыю Русі памiж IX—XVII ст., галоўнай тэмай працы з’яўляецца пераўтвораная Расія і яе творца Пётра I. Пра юнацтва расійскага цара Вэбэр паведамляе надзвычай сціпла, але пра наступныя этапы ягонага жыцця і дзейнасці гаворыцца ў кнізе надзвычай падрабязна. Асаблівая ўвага аддаецца Вялікаму пасольству 1697—1698 г., падзеям Паўночнай вайны 1700—1721 г., працэсу над сынам Пятра I Аляксеем і г. д. Тагачасная расійская рэчаіснасць разглядаецца вельмі падрабязна і кампетэнтна: сістэма і структура дзяржаўнага кіравання, стан узброеных сілаў, у тым ліку дыслакацыя войскаў і сістэм кіравання імі, і г.д. Аўтар уважліва прасочвае і апісвае развіццё выяўленчага мастацтва, а таксама гуманітарных і прыродазнаўчых навук. Не забываецца ён і пра рамёствы, фінансы, падатковую і грашовую сістэмы, ар­хітэктуру і горадабудаўніцтва — апошнія разглядаюцца перадусім на прыкладзе Weltwunder (цуда свету), як аўтар называе новую сталіцу Расіі Санкт–Пецярбург. Не застаўся па–за ўвагай гановерскага дыпламата і падрыхтоўчы перыяд перад заснаваннем у 1725 г. Расійскай Акадэміі навук. Урэшце, Вэбэр, як і іншыя дыпламаты з каталіцкіх або пратэстанцкіх краін Еўропы, не пакідае ўбаку тэму канфесійных адрозненняў паміж каталіцтвам і пратэстантызмам, з аднаго боку, і грэка–рускім праваслаўем, з другога. Праца Фрыдрыха Аўгуста Вэбэра ўпершыню пасля Жыгімонта фон Герберштайна давала цэласны вобраз Расіі. Сам Вэбэр лічыў сябе прадаўжальнікам справы слыннага аўстрыйскага дыпламата, з якога, уласна кажучы, і пачалася еўрапейская дыпламатыя ў дачыненні да Расіі, а таксама расіязнаўства Новага часу.

Наступным нямецкім аўтарам, творы якога прадвызначылі вобраз Расіі ў Еўропе, быў вестфальскі барон Аўгуст фон Гакстгаўзэн. У 1843—1844 г. ён як абазнаны эксперт у аграрных пытаннях рушыў у падарожжа ў Расію з мэтай вывучэння тамтэйшай сельскай гаспадаркі. У выніку падарожжа з’явіліся дзве працы: „Даследаванні аб унутраным стане, народным побыце і асабліва сельскіх установах Расіі“ (Studien ьber die inner Zustдnde, das Volksleben und insbe­sondere die lдndlichen Einrichtungen Russlands), напісаная ў 1847—1852 г., а таксама „Сельская канстытуцыя Расіі. Яе развіццё і ўстанаўленне ў заканадаўстве 1861 г.“ (Die lдndliche Verfassung Russlands. Ihre Entwicklung und ihre Festlegung in der Gesetzgebung von 1861), што з’явілася ў друку ў 1866 г. Галоўная тэма гэтых працаў — асновы і характэрныя рысы расій­скай дзяржавы. Гакстгаўзэн называе яе патрыярхальнай, у якой адлюстраваліся асаблівасці рускай сям’і, перадусім — поўная падпарадкаванасць усіх членаў бацьку. Эканамічную і сацыяльную аснову гэтага тыпу дзяржавы вестфальскі барон бачыць у сельскай арганізацыі ў выглядзе абшчыны — міра. Таму, заключае ён, ліквідацыя прыгоннага права і знішчэнне сельскай абшчыны як асно­вы расійскай дзяржаўнасці і апоры царызму будзе мець выключна адмоўныя, небяспечныя і несуцешныя наступствы для Расіі, як раней гэта ўжо здарылася з Францыяй, што істотна аслабела ў палітычным плане ў выніку сацыялістычна–камуністычнага перавароту.

Увогуле, Аўгуст фон Гакстгаўзэн разглядае ў сваіх працах розныя бакі тагачаснай расійскай рэчаіснасці і яе мінуўшчыны. Ён не абыходзіць увагай становішча рускай праваслаўнай царквы, яе арганізацыю, асаблівасці яе рытуалу, рэлігійныя святы і інш. Вестфальскі барон робіць выснову, што аб’яднанне каталіцкай і праваслаўнай цэркваў і тым самым ліквідацыя схізмы магчымыя выключна на падставе экуменічнага парытэтнага кансэнсусу, але ніяк не унійным шляхам, як гэта ра­бі­лася на Берасцейскім саборы 1596 г. Аўтар таксама дэтальна апавядае пра ваенную магутнасць Расіі (да чаго стагоддзем раней звяртаўся Фрыдрых Хрысціян Вэбэр), пад­крэслівае маштабнасць расійскай каланізацыі ўскраін, дае досыць па­драбязны краязнаўчы агляд розных рэгіёнаў Расіі і народаў, якія іх насялялі. Звяртаючыся да ранейшай гісторыі, Гакстгаўзэн падкрэслівае, што царкоўны, сацыяльны і культурны стан Русі ў Кіеўскі перыяд ні ў чым не саступаў царкоўнаму, сацыяльнаму і культурнаму стану Польшчы, Чэхіі, Венецыі або Даніі.

Гістарычную місію Расіі і яе народа вестфальскі барон бачыў у культурным пасярэдніцтве паміж Еўропай і Азіяй. Вольф­­ганг Гаер адзначае, што Гакстгаўзэн зарэкамендаваў сябе як абаронца расійскага народа, як змагар супраць розных забабонаў і папрокаў у адрас Расіі з боку пэўных слаёў еўрапей­скай публікі. Заслуга Гакстгаўзэна палягае, на думку аўтара, яшчэ і ў тым, што ён фактычна паклаў пачатак вывучэнню менталітэту, расійскага нацыянальнага характару ў шырокім параўнальным кантэксце. Але Гакстгаўзэн не здолеў пазбегнуць пэўнай ідэалізацыі расійскага народнага побыту і асобных рысаў нацыянальнага характару рускіх.

У Itineraria Rossica Вольфган Гаер робіць высновы cвайго даследавання, а таксама вылучае новыя даследчыцкія пра­па­новы. Ён у першую чаргу прапануе параўнаць апісанне дарожных шляхоў кожнага з чатырох разгляданых у кнізе ды­пла­­­матаў з паведамленнямі пра падарожжы па Расіі іх су­­часнікаў (напрыклад, апісанне Вэбэра — з апісаннем Аляксандра Радзішчава, а паведамленне Гакстгаўзэна — з паведам­­леннем Дзюма–бацькі). На думку аўтара, было бы пажадана падрыхтаваць і выдаць поўнае каментаванае гістарычна–крытычнае выданне твораў усіх чатырох названых дыпла­матаў. Адносна Герберштайна Гаер прапануе ў будучым поўным і каментаваным выданні ягоных твораў знайсці месца для гіс­торыі Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага ад сярэдзіны XIV да сярэдзіны XVI ст., паколькі ў дыпламатычнай дзейнасці Герберштайна значнае месца занялі гэтыя дзве дзяржавы (62).

Мінск Уладзімір Канановіч

Jaroszewicz–PieresŁawcew, Zoja. Druki cyrylickie z ofi­cyn Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI—XVIII wieku. Olsztyn: Wydawnictwo Uniwersytetu Warmińskiego, 2003. 309 s.

У польскім кнігазнаўстве з даўніх часоў існуе сталая зацікаўленасць беларускім і ўкраінскім кірылічным кнігадрукам эпохі Сярэднявечча. У апошнія дзесяцігоддзі з’явілася некалькі буйных даследаванняў, у якіх з сучасных пазіцый даецца сістэматызаваны агляд кнігавыдання Беларусі і Ўкраіны, у тым ліку і кірылічнага1. Праўда, і ў ранейшых польскіх бі­бліяграфічных крыніцах заўжды разглядалася кніжная прадукцыя беларускіх і ўкраінскіх кірылічных друкарняў2.

Галоўная прычына такіх зацікаўленняў зразумелая: беларускія і ўкраінскія землі доўгі час уваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Сапраўды, кірылічная кніга ў былой Рэчы Паспалітай развівалася калі не пад прамым уплывам кнігі лацінкавай, найперш польскамоўнай, то ў яе кантэксце. Першыя кірылічныя кнігі ў свеце наогул з’явіліся ў тагачаснай сталіцы польскай дзяржавы (Кракаў: Швайпольт Фіёль, 1493 г.). На мяжы ХVI і ХVII ст. на землях Беларусі і Ўкраіны выйшла каля тузіна кірылічных выданняў з паралельнымі польскімі тэкстамі ці ў адначасовых польскіх перакладах. З пачатку ХVII і да пачатку ХVIII ст. вядомыя спарадычныя выданні царкоўнаславянскіх тэкстаў польскім пісьмом. Таму з’яўленне новай працы даследчыцы з Ольштынскага універсітэта, цалкам пры­свечанай агляду кірылічнага кнігавыдання ў ВКЛ старадаўняй эпохі, не выпадковае.

Праца Зоі Ярашэвіч–Пераслаўцавай ахоплівае час ад паўстання першай друкарні на землях ВКЛ — Францішка Скарыны ў Вільні ў 1522 г. — да канца ХVIII ст. (да 1800 г.). Арэал яе даследавання пакрывае тэрыторыю ВКЛ у межах пасля Люб­лін­скай уніі (г. зн. без Украіны), аднак з далучэннем Падляшша. Такім чынам, паводле свайго матэрыялу праца фактычна прысвечана беларускай кнізе.

Да з’яўлення гэтай манаграфіі не толькі ў беларускай, але і ва ўсёй сусветнай навуцы не было даследавання, прысвечанага старажытнай друкаванай кірылічнай кнізе Беларусі3. Існуе некалькі каталогаў кірылічных друкаў4, ужо згаданыя кампендыум „Drukarze dawnej Polski“ і манаграфія М. Тапольскай, а таксама яшчэ некалькі прац, прысвечаных беларускай друкаванай кнізе5. Аднак усе такія працы або абмежаваныя ў сваёй тэматыцы, або значна шырэйшыя паводле ахопу матэрыялу. Так, у манаграфіях звычайна разам з кірылічнымі выданнямі разглядаюцца і лацінкавыя. Праца сп. Ярашэвіч–Пераслаўцавай не толькі цалкам прысвечана кірылічнаму кніга­друкаванню старадаўняй Беларусі, яна значна шырэйшая і больш грунтоўная за сваіх папярэднікаў. У ёй сістэматычна апісваецца кірылічнае кнігавыданне ВКЛ і шматбакова аналізуецца змест ды форма кірылічнай кнігі Беларусі.

Аўтаркай былі даследаваныя практычна ўсе кірылічныя выданні амаль паэкзэмплярна многіх польскіх бібліятэк і прыватных збораў стараверчай кнігі ў Польшчы і Літве, а таксама кірылічныя кнігі буйных бібліятэк Беларусі (Мінск, Горадня), Літвы (Вільня) і Расіі (Санкт–Пецярбург). Апрача таго, ёю быў прыцягнуты значны архіўны матэрыял, звязаны, як ужо адзначалася, з дзейнасцю уніяцкіх друкарняў у Су­праслі і Вільні. Гэта дазволіла даследчыцы не толькі разгле­дзець спецыфіку беларускай кнігі ў шырокім гістарычным кантэксце і вызначыць яе сувязі з рознымі традыцыямі, але і ўдакладніць некаторыя моманты, звазаныя з часам і местам друку асобных выданняў ці дзейнасцю асобных друкароў. Так, яна знайшла два выданні, якія да таго не рэгістраваліся ў біблія­графіях: буквар 1643 г. і малітоўнік 1702 г., выдадзеныя ў друкарні Брацтва Св. Духа ў Вільні.

Праца З. Ярашэвіч–Пераслаўцавай складаецца з уводзінаў, трох раздзелаў, заканчэння, храналагічнага паказчыка друкаў, спіса літаратуры і ілюстрацый, змешчаных у кнізе, а таксама ідэкса ўласных імёнаў. У першым раздзеле даецца агляд дзейнасці друкарняў, у другім разглядаецца тэматыка іх выданняў, у трэцім ахарактарызаваны друкарскія параметры (фармат, шрыфт, нумарацыя, ілюстрацыі і застаўкі, аздабленне і да т. п.).

Першы раздзел манаграфіі (17—146) традыцыйны для прац па гісторыі кнігавыдання. Ён складаецца з нарысаў, кожны з якіх прысвечаны асобнай друкарні. Даследчыца ўважліва раз­глядае арганізацыю, вызначае імператывы заснавання і функ­цыя­навання, прасочвае залежнасць дзейнасці ад фундатараў ці чытацкага рынку і дзяржаўнай палітыкі, адзначае ўплыў роз­ных культурных і грамадскіх чыннікаў на рэпертуар і змест вы­даваных кніг. Пры гэтым у таблічнай форме падаецца рэпер­ту­ар выдадзеных друкарняй кніг у храналагічнай паслядоўнасці.

У сваім разглядзе даследчыца абапіраецца на веды, напрацаваныя папярэднімі вучонымі, выказваючы выдатнае веданне падставовай літаратуры, у тым ліку самай апошняй. У адрознен­­не ад аналагічных савецкіх і постсавецкіх прац, засяроджаных у асноўным на рускамоўных крыніцах, Зоя Яра­­шэвіч–Пера­слаўцава шырока выкарыстоўвае матэрыял польскіх аўтараў. Ужо толькі адным гэтым яе праца можа быць цікавай беларускаму чытачу. Пры асвятленні дзейнасці друкарняў былой Рэчы Паспалітай, асабліва ХVII і ХVIII ст., польскія крыніцы звычайна больш карысныя, чым рускамоўныя. Аднак даследчыца не падае звычайнай кампіляцыі вядомых звестак, яна абагульняе вядомыя факты (у т. л. уведзеныя ў навуковы ўжытак зусім нядаўна) і спалучае іх з уласнымі назіраннямі і здабыткамі. У прыватнасці, яна ўпершыню ўво­дзіць у навуковы зварот каштоўныя архіўныя матэрыялы, датычныя дзейнасці друкарні базыльянаў у Супраслі за 1772—1784 г. і віленскіх базыльянаў другой паловы ХVIII ст. Добрае валоданне матэрыялам дазваляе ёй удакладніць акаліч­насці ці даты друкавання асобных выданняў або дзейнасці некаторых друкарняў, або нават проста стварыць цікавыя нарысы, як, напрыклад, пра друкарскую дзейнасць Францішка Скарыны і яго віленскую друкарню.

Усяго можна налічыць 15 друкарняў6, якія дзейнічалі ў даўнюю эпоху (да XVIII ст.) на тэрыторыі Беларусі (Нясвіж, друкарня Цяпінскага, Магілёў, Куцейна, Буйнічы, Горадня) ці паблізу ад яе сучасных межаў (Вільня, Еўе, Супрасль, Заблудаў)7. Сярод іх найбольш буйнымі паводле тыражу і рэпертуару выданняў, а таксама працягласці часу дзеяння былі кляшторная друкарня ў Супраслі (85 выд., 5431 арк.) і прыватная друкарня Мамонічаў у Вільні (51 выд., 3653 арк.). Значны маштаб мелі брацкае кнігавыданне ў Вільні і Еўі (77 выд., 2839 арк.), а таксама ў Магілёве (44 выд., 2332 арк.), базыльянская друкарня ў Вільні (46 выд., 2832 арк.), друкарня Тызенгаўза ў Горадні (24 выд., 2627 арк.), манастырскі кніга­друк у Куцейне (14 выд., 783 арк.), друкарня Спірыдона Собаля (13 выд., 571 арк.). Дзейнасць некаторых кірылічных друкарняў (пераважна ў ХVI ст.) насіла эфемерны характар і была абмежавана лічанымі выданнямі (Нясвіж, Заблудаў, друкарня Васіля Цяпінскага, друкарня Васіля Гарабурды, друкарня манастыра Св. Духа ў Буйнічах). У цэлым колькасць беларускіх друкарняў за тры стагоддзі выглядае даволі сціпла, таксама як і іх друкаў (каля 380 выд., больш за 22,55 тыс. арк.). Аўтарка ставіць прадукцыю беларускіх друкарняў на 3–е месца ў свеце кірылічных выданняў на славянскіх мовах (245); 1–е месца займае Масква.

Асабліва ўражвае „пустэча“ XVIII ст.: у гэты час на Беларусі дзейнічала толькі 4 друкарні: брацкая ў Магілёве (да 1773 г.), базыльянскія ў Супраслі (да 1793 г.) і Вільні (усё ХVIII ст.), падскарбавая друкарня ў Горадні (1774—1792 г.), заснаваная Антонам Тызенгаўзам. Яшчэ дзве друкарні спынілі сваю працу на пачатку ХVIII ст.: у 1705 г. брацкая ў Вільні, у 1707—1708 г. друкарня Максіма Вашчанкі ў Магілёве. Праўда, якраз у ХVIII ст. было выдадзена кірылічных кніг столькі (186 у 1700—1799 г.), колькі за папярэднія два стагоддзі (54 у 1522—1599 г. і 131 у 1600—1699 г.). Але гэта тлумачыцца павелічэннем у гэты час вытворчасці друкарскай працы параўнальна з папярэднімі стагоддзямі. Пераважная частка друкаваных у XVIII ст. кніг прыпадае на яго другую палову, тады як, напрыклад, у 1739—53 г. было надрукавана ўсяго 5 выданняў. Гісторыя наклала свой адбітак на маштаб кнігадруку. Добра бачна, як узрaстае колькасць кніг у 1591—1604 г. (41 выданне), што звязана з унійнай палемікай, і як зусім занікае кірылічны кнігадрук у ВКЛ у 1655—90 г. (маскоўская агрэсія і яе наступствы) і ў 1708—14 г. (Паўночная вайна з дзеяннямі на беларускай тэрыторыі).

У другім раздзеле манаграфіі (147—200) разглядаецца змест выдадзеных кніг, прычым разгляд вядзецца па жанрах ці функцыянальных тыпах выданняў. Аўтарка падзяляе беларускія выданні на дзве асноўныя групы: рэлігійныя і свецкія, а ў першай групе яшчэ вылучае літургічныя і рэлігійна–пале­міч­ныя друкі. Рэлігійна–палемічныя выданні прадстаўлены ўсяго дзесяткам назваў, што з’явіліся на мяжы XVI і XVII ст.: Унія (каля 1595 г.), Справядлівае апісанне Берасцейскага сабору 1596 г. (1597), Антырызіс (неўзабаве пасля 1599 г.), Абарона сабору Фларэнційскага (1604), Гармонія веры… (1608) Iпата Пацея, Тэзіс (1608) Язэпа Веляміна Руцкага, Апісанне і абарона Берасцейскага сабору (1957) Пятра Скаргі, перакла­дзе­нае Іпатам Пацеем. Да ліку рэлігійна–палемічнага пісь­менства польская даследчыца таксама далучыла гамілетычныя творы, некаторыя з якіх сапраўды носяць выкрывальніцкі характар (напрыклад, Малітвы паўсядзённыя, 1595).

Аднак на працягу ХVI––ХVIII ст. у кірылічным кнігадруку ВКЛ дамінавала літургічная кніга, і аўтарка надала ёй самую пільную ўвагу. Яна дэталёва разгледзела ўсе тыпы друкаваных кніг для набажэнства (147—169, 173—177), у парадку іх частотнасці: псалтыры і псалтыры з дадаткам, службоўнікі, часасловы, евангеллі, апосталы, актоіхі і ірмалогіі, трыёдзі, трэбнікі, акафістнікі і канонікі, вучыцельныя евангеллі, святочныя мінеі, а таксама катэхізісы, асобныя агіяграфічныя творы для чытання (хаця аднясенне двух апошніх жанраў да літургічнай літаратуры не зусім правамернаe). Даследчыца ўважліва ахарактарызавала склад кнігі пэўнага тыпу ці жанру, яе прызначэнне і функцыю ў набажэнстве або адукацыі, мэты і ўмовы выдання. З прычыны масавасці друкавання літургічнай кнігі асноўная ўвага пры разглядзе была нада­дзеная першадрукам, а пазнейшыя перавыданні, як менш даследаваныя, ахарактарызаваныя ў манаграфіі сціпла ці згаданы мімаходзь.

У выніку, у гэтым раздзеле польская даследчыца стварыла фактычна першае грунтоўнае і падставовае апісанне друкаванай літургічнай кнігі Беларусі. Толькі некаторыя з такіх кніг былі ўжо ў некаторай ступені апісаныя, тады як кірылічная друкаваная літургіка Беларусі ў масе сваёй ўяўляе сабой са­праўдную terra incognita. Праца Ярашэвіч–Пераслаўцавай стала піянерскім даследаваннем у гэтым кірунку.

Выданні, названыя даследчыцай свецкімі (177—195), збольшага таксама звязаныя з царкоўна–рэлігійнай сферай. Гэта розныя дыдактычныя прыточнікі: граматыкі і буквары, што выходзілі на сакральнай царкоўнаславянскай мове і апісвалі менавіта яе. Аўтарка разглядае тут таксама слоўнікі і падручнік па логіцы Дыялектыка Ёгана Спангенберга (Вільня: Мамонічы, каля 1586), юрыдычныя выданні: Трыбунал абывацелям ВКЛ (Вільня: Мамонічы, 1586), Статут ВКЛ (Вільня: Мамонічы, 1588), царкоўныя граматы, улёткі (напрыклад, дзве рэляцыі пра перамогу над шведскімі войскамі ў 1705 г., што выйшлі ў Вільні на старабеларускай мове). Най­сціплей у беларускім кнігaдруку прадстаўлена займальная літаратура, у якой папулярызуюцца рэлігійныя тэмы. Гэта павучальныя зборнікі кшталту Дыёптра (Еўе, 1612, 1642; Куцеін, 1651, 1652; Магілёў, 1698), Соборнік (Супрасль, 1791) ці кветнікі (Горадня, 1790; Вільня, 1791). Раздзел заканчваецца аглядам дэдыкацый, прадмоў і пасляслоўяў, распаўсюджаных у беларускіх выданнях на ўсім працягу існавання кнігадруку.

Жанравы і моўны рэпертуар кірылічнай кнігі Беларусі ХVI—ХVIII ст. сведчыць, што друкаваная кніга была разлічана перш за ўсё на рэлігійнае асяроддзе. Яе чытачамі былі права­слаўныя, пазней таксама уніяты, а потым і стараверы, што ўцякалі з Масковіі ад рэпрэсій тамтэйшай улады або выкарыстоўвалі ў Маскоўскім царстве друкі, нелегальна завезеныя з ВКЛ. На мову кніг уплываў таксама характар тагачаснай адукацыі, мэтай якой было авалоданне царкоўнаславянскай мовай. У выніку кірылічная кніга Беларусі выходзіла пераважна на царкоўнаславянскай мове, сакральнай для ўсіх гэтых вы­знанняў. Творы на старабеларускай мове (калі гэта былі не дзяржаўныя выданні, кшталту юрыдычных кодэксаў ці грамат) трапляюцца ў складзе беларускіх кніг рэдка і амаль знікаюць зусім пасля маскоўскай вайны 1654—67 г. Тым не менш тэксты на гэтай мове публікуюцца ў царкоўнаславянскіх да самага канца ХVIII ст., пераважна ў выглядзе дадатковых тэкстаў кшталту прадмоў ці пасляслоўяў.

Важны аспект беларускага кнігадрукавання, які дазваляе вы­тлумачыць змест і тэматыку беларускай кірылічнай кнігі, — выданне для замежных рынкаў. Для беларускага кнігадруку доўгі час такімі рынкамі былі дзве вялізныя вобласці, населеныя праваслаўнымі славянамі: Масковія і Балканы. Мена­віта гэтыя рэгіёны з канца ХVI і да самага канца ХVII ст. мелі па­трэбу ў літургічнай літаратуры, але не валодалі дастатковымі магутнасцямі, каб задаволіць уласныя патрэбы. Пачынаючы з Мамонічаў, беларускія друкарні (у т. л. і базыльянскія) працавалі над задавальненнем патрэб гэтых рынкаў, перш за ўсё, зразумела, у літургічнай літаратуры. У 2–й палове ХVIII ст. найбольшую важнасць для беларускіх (як, дарэчы, і ўкраін­скіх) друкарняў набылі стараверчыя грамады. Менавіта на замову іх купцоў у значнай меры працавалі кляштарныя друкарні ў Пачаеве (Украіна) і Супраслі, гарадзенская друкарня Тызенгаўза і віленская друкарня базыльянаў. Паводле падлікаў сп. Ярашэвіч–Пераслаўцавай, для іх было надрукавана ў ВКЛ больш за 116 выданняў (249), што пераважае траціну ўсяго друкарскага даробку даўняй Беларусі.

Разгляд беларускіх выданняў паводле іх жанравай прыналежнасці робіць другі раздзел працы надзвычай цікавым і, можна сказаць, нават захапляльным чытаннем. Даследчыца ўпершыню дала выразнае і дакладнае ўяўленне пра жанрава–тэматычную структуру друкаванай кірылічнай літаратуры Беларусі.

Трэці раздзел манаграфіі прысвечаны разгляду графічнага боку кірылічных друкаў старадаўняй Беларусі (201—244). У ім польская даследчыца аналізуе фармат выданняў і прыёмы нумарацыі іх старонак, шрыфт і тэхніку набору, выкарыстанне ў беларускіх кірылічных старадруках заставак і канцовак, ініцыялаў, рамак на маргінэсах, тытульных аркушаў, ілюстрацый. Пры сваім аналізе аўтарка рэгулярна робіць параўнанні з фіёлеўскай, маскоўскай, украінскай і балканскай практыкай кнігадруку, што дазваляе ёй паказаць беларускую спецыфіку.

У беларускіх выданнях пераважаў фармат8 folio, што было тыпова для кірылічнага кнігадруку ва ўсіх рэгіёнах Еўропы. Аднак папулярнымі на Беларусі былі і кнігі фарматам quarto. Ня­гледзячы на тое, што першыя выданні in octavo выпусціў Францішак Скарына, гэты фармат атрымаў сваё распаўсю­джанне толькі з ХVII ст. Лявон Мамоніч з 1601 г. выдаваў кніжкі фарматам deodecimo. Вельмі малыя фарматы (12о, 18о, 24о) сустракаліся пераважна ў брацкіх выданнях Вільні, Еўя і Магілёва (а таксама ў Пячорскай друкарні Кіева). Аднак кірылічныя спадчына Беларусі ведае і друкі фарматам 1о — гэта грамата караля Жыгімонта канстанцінопальскаму патрыярху Ераміі.

Фармат выдання быў у цэлым звязаны з яго зместам. Царкоўныя, рэлігійныя выданні, якія прызначаліся для публічнага выкарыстання (у царкве, пад час набажэнства), выходзілі буйнымі фарматамі, пераважна in folio, зрэдку in quarto. Рэ­лігійныя выданні, прызначаныя для індывідуальнага карыстання (катэхізісы, рознага роду малітоўнікі, падручнікі) выходілі пераважна фарматамі 4о, 8о, 12о і менш. Даследчыца падае ў таблічнай форме багаты матэрыял (203—206), які выдатна ілюструе гэтую заканамернасць.

Нумарацыя старонак (пагінацыя) ці лістоў (фаліяцыя) у большасці царкоўнаславянскіх выданняў Беларусі, Украіны і Расіі адсутнічала да ХVII ст. уключна. Асабліва гэта тычылася малафарматных выданняў і прадмоў ці пасляслоўяў або іншых дадатковых тэкстаў, якія часта не мелі нумарацыі старонак, нават калі ў асноўным тэксце яна і прысутнічала. Для старадаўніх друкароў наогул большае значэнне мелі не пагінацыя ці фаліяцыя, а сігнатуры, якія пазначалі парадак аркушаў. Гэта палягчала падбор і падлік надрукаваных аркушаў пры іх сшыванні ў кнігу. Нумарацыя старонак ці лістоў успрымалася царкоўнай аўдыторыяй хутчэй як уласцівасць свецкіх або нават іншаверчых выданняў. Таму ў выданнях для старавераў ХVIII ст. старанна пазбягалася пагінацыя ці фаліяцыя і прысутнічалі звычайна адны сігнатуры. У супрасльскіх выданнях для старавераў нярэдкімі былі памылкі ў нумарацыі сігнатур, якая рабілася кірылічнымі літарамі, што сведчыць пра неглыбокае веданне асаблівасцяў кірылічнага пісьма спецыялістамі друкарні.

У беларускіх выданнях, як адзначае сп. Ярашэвіч–Пера­слаўцава, за тры стагоддзі было выкарыстана некалькі стыляў шрыфту. Першы шрыфт для беларускіх друкаў належыць Францішку Скарыну, ён быў створаны на ўзор басанскай антыквы, якой у Венецыі друкаваліся кнігі для Босніі і Далмацыі9. Гэты стыль шрыфту быў пераняты беларускімі пратэстантамі — Сымонам Будным і Васілём Цяпінскім. Аднак у далейшым беларускія кнігадрукары яго не выкарыстоўвалі. Далейшае развіццё стылістыкі беларускіх шрыфтоў было звязана са стылізацыяй рукапіснага царкоўнаславянскага паўустава, што з высокім майстэрствам было ажыццёўлена ў выданнях Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца. Іх шрыфт служыў узорам для наступных друкароў Беларусі, Украіны і Расіі. У гэтым кірунку стваралі свае шрыфты Мамонічы і віленскія братчыкі. Куцеінская друкарня арыентавалася на шрыфты Спірыдона Собаля. Для друку стараверчых выданняў супрасльская, гарадзенская і віленская друкарні ў ХVIII ст. стваралі шрыфты на ўзор устаўнага пісьма маскоўскіх рукапісаў ХVII ст. Пра тэхніку набору ў працы сп. Ярашэвіч–Пераслаўцавай гаворыцца параўнальна мала (210—212). Аўтарка прывяла толькі агульныя звесткі, больш цікавыя маладасведчанаму ў гэтым пытанні польскаму чытачу, чым спецыялісту.

Наступныя нарысы раздзела (212—244) сканцэнтраваны пераважна на параўнальным аналізе мастацкіх элементаў афармлення кірылічнай кнігі Беларусі. З прычыны недастатковай распрацаванасці гэтай тэматыкі аўтарка абмяжоўваецца параўнаннем асобных выданняў, што надае ім хутчэй агляд­ны характар. Даследчыца разглядае элементы і стылі, у якіх выконваліся застаўкі, ініцыялы і арнаментальныя рамкі ў старабеларускіх кірылічных друках, а таксама афармленне іх тытульных старонак і ілюстрацый. Яна прыходзіць да высновы, што ў мастацкім афармленні беларускія кірылічныя кнігі спалучалі традыцыйныя візантыйскія элементы з мясцовымі народнымі рысамі і заходнімі, пераважна нямецкімі і поль­скімі, узорамі (249). Зробленыя аўтаркай цікавыя назіранні і высновы могуць служыць карысным матэрыялам для далейшых доследаў.

1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка