Belarusian historical review




старонка16/21
Дата канвертавання14.03.2016
Памер4.71 Mb.
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21

Дапаможнік па дзяржаўнай ідэалогіі

Рышард Радзік

Увесну 2004 г. у Мінску ўбачыў свет падручнік для вышэйшых школ пад назваю „Основы идеологии белоруского государства“1. У „Прадмове“ да яго напісана: „В идеологии должен быть, во–первых, мировоззренческий стержень. По мнению авторов книги, этим стержнем является белорусская гражданственность, национальное государственное сознание и патриотизм“ (4). Яшчэ не разгарнуўшы працу, можна задацца пытаннем: ці дапушчальна ў дэмакратычным, плюралістычным грамадстве абавязваць студэнцкую моладзь — будучую эліту краіны — засвойваць адзіны ідэалагізаваны малюнак (прыняўшы, што ён падаецца як звязнае цэлае, а не як дыскусія паміж прыхільнікамі розных ідэалагічных выбараў), які ахоплівае усе бакі грамадскага жыцця ў краіне? Калі такі падручнік выступае элементам палітычнай і ідэалагічнай індактрынацыі грамадства, то адказ павінен быць адмоўны.

Спецыфіка беларускага грамадства, якая стварае кантэкст для аналізу разгляданага падручніка, патрабуе, аднак, на маю думку, крыху пільней прыгледзецца да беларускіх рэаліяў. Пераважная бальшыня грамадстваў Еўропы сфармавалася ў апошнія два стагоддзі як навачасныя супольнасці вакол ідэі нацыі. Нацыянальныя каштоўнасці забяспечылі іхнюю цэльнасць, іерархізавалі — прынамсі часткова — мэты індывідуальнай і групавой дзейнасці, надзялілі гэтыя грамадствы сферай эмоцыяў, падштурхнулі да канкурэнцыі з іншымі нацыямі і — у сувязі з гэтым — да гатоўнасці прыносіць ахвяры ў імя рэа­лізацыі нацыянальных інтарэсаў. Культурныя нацыі (на­пры­клад — славакі, эстонцы, латышы) сфармаваліся вакол улас­­най этнічнай культуры, асабліва мовы. Нацыі палітыч­­ныя — вакол існуючых вякамі дзяржаўных структур і традыцыяў лаяльнасці дзяржаве, якая з цягам часу забяспечвае, агулам кажучы, дэмакратычныя і эканамічныя свабоды. Беларусам не далі збудаваць нацыю (расійцы — у царскай імперыі, а потым у СССР, палякі — у міжваеннай Рэчы Паспалітай). Не існуе сярод беларусаў і моцнай традыцыі цалкам незалежнай уласнай дзяржавы. Беларусь (як і ўсходняя, а ў значнай меры і цэнтральная Ўкраіна) узнікла як навачаснае грамадства, якое ў XX ст. згуртавалася вакол каштоўнасцяў савецкага тыпу. Беларускасць будавалася на вясковай базе, насычанай кансерватыўнымі каштоўнасцямі і пазіцыямі, схільнай замыкацца ў свойскіх рамках, і разам з тым — як шматмільённая сукупнасць homo sovieticus. Пачуццё нацыянальнай прыналежнасці ў беларусаў слабое, а як навачасная нацыянальная супольнасць еўрапейскага тыпу беларусы амаль не існуюць. Уласную дзяржаву яны атрымалі амаль выпадкова, не марыўшы пра яе і не змагаўшыся за яе — хоць бы і бяскроўна, — а як бы дзякуючы гістарычным бурам, якія пранесліся па–над іхнімі галовамі на пачатку мінулага дзесяцігоддзя. У адрозненне ад палякаў яны дагэтуль не спрамагліся на масавыя ахвяры і калектыўныя пратэсты ў імя ідэі зверхнасці нацыянальных інтарэсаў.

Тым не менш, праз 13 гадоў фармальнай незалежнасці ў Беларусі ўзніклі асяродкі — палітычныя, гаспадарчыя, часам нацыянальныя, — зацікаўленыя ў існаванні беларускай дзяржавы. Мець уладу ў сваёй дзяржаве — не тое, што кіраваць расійскай губерняй. Таму можна ўявіць сабе сітуацыю, калі ўлады краіны вырашаюць, што грамадству патрабуецца аб’яднальны ідэалагічны фактар. Такі фактар стварае моцныя повязі, якія суб’ектывізуюць грамадства ў дачыненні да сябе і суседзяў, забяспечваюць далейшае існаванне дзяржавы і даюць ёй аўтатэлічны кантэкст. Дзяржаўная ідэалогія не магла б у такім выпадку служыць — на савецкі лад — панаванню над грамадствам. Не магла б яна і капіяваць савецкія мадэлі, як паводле зместу, так і паводле метадаў распаўсюджвання, бо якраз савецкасць стала прычынаю слабасці адносін унутры беларускай супольнасці. Таму, нягледзячы на цалкам савецкае пахо­джанне самой задумы падручніка, ягоны змест — прынамсі тэарэтычна — сапраўды мог бы прычыніцца да пабудовы навачаснай, моцнай супольнасці беларусаў. Магчыма, нацыі палітычнага тыпу, што напэўна не было б лёгкай справаю. Аднак ужо ў апошнім сказе „Предисловия“ можна прачытаць пра дыялог „власти и населения“ (5). У якой меры „население“ павінна быць суб’ектам, які творыць уладу, а ў якой — інструментам гульні гэтай улады? Наколькі — нацыяй у еўра­пей­скім разуменні, а наколькі — „населением“, якое трактуецца па–савецку (згодна з расійскай традыцыяй) і над якім пануе власть?

Працу склалі тэксты 23 аўтараў. Яна складаецца з чатырох частак. Першая мае назву „Теория и методология идеологических процессов“, другая — „Динамика идеологических процессов“, трэцяя — „Государственные институты и идеологические процессы“, чацвёртая — „Государственная политика в идеологической сфере“. Кожная частка падзелена на некалькі раздзелаў (агулам 20). Спіс аўтараў — на савецкі ўзор — змяшчае, акрамя прозвішчаў, толькі ініцыялы (імя і імя па бацьку), што часам перашкаджае недасведчанаму чытачу высветліць, якога яны полу. Уступны раздзел (аўтар — С.В. Рашэтнікаў) служыць уводзінамі ў праблематыку падручніка, часткова тут даецца прэзентацыя асноўных паняццяў. Ён выгад­на вылучаецца на фоне ўсяе працы. У ім слушна сцвяр­джаецца, што старая сістэма каштоўнасцяў, якія кансалідавалі савецкае грамадства, распалася. Новыя каштоўнасці вы­значаюцца большай палітычнай і ідэалагічнай дыферэн­цыя­ванасцю. „Ценностью, содержащей в себе консолидационный потенциал, может стать независимое белорусское государство“ (19). Яго ідэалогія павінна складацца з цэнтрысцкіх каштоўнасцяў (19), змяшчаць „стандарты прав человека и права как такового“ (21). „Формой существования нашей идеологической доктрины, — піша С.В.Рашэтнікаў, — является национальная идея. Основным содержанием белорусской национальной идеи являются такие фундаментальные понятия, как: общечеловеческие и христианские ценности, национально–государственое сознание, понятие гражданства, патриотизм“ (с. 21). У тэксце выступаюць таксама такія тэрміны, як нацыянальныя інтарэсы і нацыянальная бяспека. Развагі, змешчаныя ў гэтым раздзеле, стварылі надзею на тое, што далей у кнізе названыя тэрміны напоўняцца канкрэтным зместам і будуць суаднесеныя з беларускімі рэаліямі.

Надзея, аднак, не спраўдзілася ўжо ў раздзеле II (аўтар — М.С.Сташкевіч), прысвечаным крыніцам ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці. Гэта аказалася тыповая (пост)савецкая агіт­ка, напісаная на выразны палітычны заказ, з досыць адвольнай трактоўкай гісторыі. Паводле сваёй вядучай ідэі яна напэўна не прадстаўляе ні дзяржаўнага, ні нацыянальнага беларускага інтарэсу. У нашых развагах гэтаму тэксту будзе аддадзена асобная ўвага — бо ён закранае важную праблематыку і нясе на сабе характэрныя — для часткі сучасных палітычных элітаў Беларусі, што паходзяць з савецкіх часоў — ідэйныя рысы. У значнай меры тэкст мае гістарычны характар. Немалая частка яго прысвечана адносінам Беларусі, з аднаго боку, да Польшчы (Захаду), з другога — і тут развагі робяцца шырэйшымі — да Расіі. Коратка кажучы, аўтар праводзіць думку, што з Польшчы на Беларусь ішло адно зло, а з Расіі — амаль выключна дабро. Пра Люблінскую унію ён піша: „трагическая страница истории нашего народа“ (27). Тагачасная Рэч Паспалітая разглядаецца „как государство, которое менее всего было заинтересовано в развитии белорусов как самостоятельного народа“. Больш за тое, яна рабіла ўсё, каб вынішчыць з памяці беларусаў іхнюю этнічную прыналежнасць. „Именно в это время большинство белорусов осознало, что для того, чтобы сохраниться как этнос, для своего дальнейшего исторического развития, они должны вернуться к своим общерусским корням, к истокам своей государственности“ (27). Экспансіянізм палякаў у дачыненні да беларусаў у перыяд падзелаў М.С.Сташкевіч абгрунтоўвае спасылкамі на Людвіка Гурскага і Генрыка Сянкевіча (25). Агістарызм і прэзентызм — яскравыя рысы разгляданага тэксту.

Асабліва гэта робіцца відавочным, калі параўнаць гэткае стаўленне да Польшчы з пададзеным у тэксце малюнкам Расіі і СССР. На думку аўтара, уваход Беларусі ў склад расійскай дзяржавы мае адназначна пазітыўнае гістарычнае значэнне. „Оказавшись в границах российского государства, белорусы возродили свои национальные традиции, культуру, литературный язык“ (27). Далей гаворыцца, што Люблінская унія была трагедыяй беларускага народа, — не заўважаючы, што яе заключэнне мела добраахвотны характар, а беларускае баярства было зацікаўлена ў юрыдычных і палітычных свабодах, якімі валодала польская шляхта. Захопніцкія намеры ў дачыненні да беларусаў прыпісваюцца палякам у той час, калі Рэч Паспалітая знаходзілася пад расійскай акупацыяй, поль­скія школы некалькі дзесяцігоддзяў (ад разгрому паўстання 1863 г. да 1904 г.) не маглі існаваць, было забаронена нават публічна прамаўляць па–польску. Разам з тым пра сілавое далучэнне беларускіх земляў да царскай імперыі пішацца: „оказавшись в границах российского государства“. Няма нават згадкі пра паўстанні Касцюшкі, 1831 і 1863 г. (хоць нават у афі­цыйнай беларускай гістарыяграфіі гэтае апошняе, пры­нам­сі часткова, разглядаецца як беларускае). Думка, што дзякуючы паглынанню беларускіх земляў Расіяй беларусы адрадзілі сваю літаратурную мову і культуру — у сітуацыі, калі ра­сійцы не дазвалялі стварыць беларускую школу, зачынялі школкі, якія ў 60–я г. XIX ст. стваралі польскія памешчыкі для дзя­цей беларускіх сялян, а друк літаратуры на беларускай мо­ве быў практычна забаронены (перад паўстаннем 1863 г. — лацінкай, а пасля паўстання — і кірыліцай), — гэта глыбока тэндэнцыйная трактоўка сваёй роднай (?) гісторыі. Больш за тое, творцамі беларускай літаратуры ў XIX ст. былі выключна людзі польскай культуры (каталікі), г.зв. Gente Lithuani, na­tio­ne Poloni; яны ж гралі галоўную ролю ў беларускім нацыя­наль­ным адраджэнні „нашаніўскага перыяду“. Уклад г.зв. за­пад­норуссов (г.зн. людзей расійскай арыентацыі) у фармаванне літаратурнай беларускасці XIX ст. і беларускае нацыянальнае адраджэнне быў мінімальны.

Палякі — на думку беларускага гісторыка — у 1919 г. акупавалі беларускія землі (30), а праз год Чырвоная Армія іх вызваляла (31). Спасылаючыся на В.А.Круталевіча, аўтар сцвярджае, што абвешчаная 25 сакавіка 1918 г. Беларуская Народная Рэспубліка не была дзяржаваю нават „в марионеточной форме“, яе не прызнавалі ні акупацыйныя нямецкія ўлады, ні шмат іншых дзяржаваў Захаду, яна характарызавалася ізаляцыяй яе дзеячаў ад народных масаў, быццам „захваченных идеей советской государственности“ (29). Разабраўшыся такім чынам з нацыянальным сімвалам беларускай дзяржаўнасці найноўшых часоў — зрэшты, пададзенае тут апі­санне БНР не мае істотных разыходжанняў з праўдай — ён цвер­дзіць, што БССР, якая ўзнікла 1 студзеня 1919 г., „стала первым реальным национальным белорусским государством“ (32). Відавочна, усё тое, што служыць сімвалам беларускай нацыянальнай незалежнасці, асабліва аддзялення Беларусі ад Ра­сіі, суаўтару разгляданага падручніка чужое. Разам з тым ён вы­знае тэзіс пра адну старажытнарускую народнасць у межах су­­польнай старажытнарускай дзяржавы — Кіеўскай Русі (26). Ён рытарычна пытаецца, ці „идея белорусской государственно­сти имеет общероссийские (не „общерусские“ — Р.Р.) корни“, г. зн. ці ўваходзілі беларускія землі ў склад старажытнарускай дзяржавы? (25, 37). Іншае рытарычнае пытанне гучыць так: „Имеет ли позитивное историческое значение факт вхождения Беларуси в состав русского государства, вследствие чего повлияло ли это вхождение в состав России, а затем (sic!) и Советского Союза, на возникновение и развитие государ­ст­вен­­ности белорусского народа?“ (26, 37). Абодва пытанні паўтараюцца ў канцы раздзела ў рубрыцы „Контрольные во­просы“.

Існаванне БССР падаецца як збор адназначна пазітыўных фактаў (хоць і робiцца кароткая заўвага, што, згодна са ста­лінскай формулай, агульная дзяржава абмежавала з часам суверэннасць рэспублік на карысць цэнтральнай адміністрацыі, нацыя разглядалася як перажытак, а паняцце нацыянальных інтарэсаў было выключана — с. 31—32). Нават далучэнне да Расіі ў 1919 г. трох беларускіх губерняў (у тым ліку смален­скай — назусім) не сутыкаецца хоць бы з ценем крытыкі. На поўным сур’ёзе трактуюцца лозунгі, напрыклад, пра раўна­праўную аснову стасункаў паміж Беларуссю і Расіяй і пра „независимость и суверенность «каждой из договаривающихся сторон»“ згодна з дамовай, заключанай 21 студзеня 1921 г. (31). Нідзе нават не згадваецца практычна поўная русіфікацыя беларускіх гарадоў; спыненне на пераломе 20—30–х г. XX ст. — а потым і адкат — працэсаў нацыянальнай беларусізацыі грамадства (а значыць, набыцця апошнім нацыянальнай свядомасці); звядзенне беларускасці да ўзроўню этнаграфічнага музея; не менш як сотні тысяч беларусаў, забітых паводле загадаў са сталіцы імперыі; масавае разбурэнне помнікаў архітэктуры; такія сляды маскоўскага панавання, як Курапаты; слабасць беларускіх элітаў, якія не мелі права ствараць нацыянальную канкурэнцыю савецкаму дзяржаўнаму цэнтру. Наступствы ўсяго гэтага сёння відавочныя на Беларусі паўсюль, у тым ліку ў ментальнасці аўтара разгляданага тэксту і ў навуковым узроўні ягоных развагаў.

Разглядаючы перыяд незалежнасці краіны, М.С.Сташкевіч зусім прамінае яе першыя тры гады, пераходзячы адразу да прэзідэнцтва Лукашэнкі. Ён вылучае тры магчымыя шляхі развіцця Беларусі. Першы — гэта „совершенствование существующей независимой государственности белорусов в границах воссозданного в новой форме союзного государственного образования, в котором Беларусь должна исполнять важную историческую миссию на нынешнем этапе славянской истории <…>“ (33). Кажучы прасцей, аўтар мае на думцы — як вынікае з ягоных далейшых развагаў — аб’яднанне Беларусі з Расіяй. Ён лічыць, што ў цяперашнім свеце, які глабалізуецца, па–сапраўднаму незалежным можа быць толькі блок дзяржаваў, якія маюць супольны „цивилизационный знаменатель“ — рэлігію, этнічныя каштоўнасці, культуру, сакральныя цэнтры, блізкае разуменне шляхоў гістарычнага развіцця. „Именно такой основой стабильного существования и динамичного, непрерывного развития Беларуси в системе современных международных отношений является союз с Россией. <…> В рамках такого союза Республика Беларусь несомненно сохранит свою суверенность и может безболезненно интегрироваться в мирное сообщество“ (34). Пададзены тут спосаб мыслення вынесены з савецкіх рэаліяў, калі Беларусь мела атрыбуты дзяржаўнай незалежнасці (урад, парламент, сталіцу і межы), хоць і пазбаўленыя ў значнай меры палітычнага значэння, — і беларусы прывыклі да іх, бо не ведалі іншых. Такое разуменне ўласнай суверэннасці спарадзіла вынікі сацыялагічных даследаванняў 90–х г., у якіх больш за 60% беларусаў выказвалася за незалежную Беларусь і адначасова за аб’яднанне з Расіяй — не бачачы ў гэтым, згодна са сваім гістарычным досведам, істотнай супярэчнасці2.

Другім з трох магчымых шляхоў развіцця аўтар называе „национал–радикальный“, звязваючы яго з „возрожденческой“ тэндэнцыяй, якая выяўляецца ў працэсе пабудовы нацыянальнай дзяржаўнасці. Яго прыхільнікі трактуюць грамадства і дзяржаву ў нацыянальных катэгорыях, характэрных для Заходняй і Цэнтральнай Еўропы апошніх двух стагоддзяў. Беларускі гісторык яе рашуча адрынае і рэзка асуджае. Ён папракае беларускіх нацыяналістаў — у значнай ступені беспадстаўна — у жаданні збудаваць „монаэтнічную дзяржаву“, у імкненні выключыць з грамадскага жыцця прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, абмежаваць іхнія палітычныя правы. Тоеснасць Беларусі як „государства–нации“ павінна была б — на ягоную думку — будавацца на этнічным эгаізме, пошуку ворагаў, на расколванні еднасці гістарычных шляхоў развіцця ўсходніх славянаў. Сінонімамі паняцця „Беларусь“ — згодна з М.С.Сташкевічам — тады зрабіліся б словы „окраина“ і „буфер“. Ён лічыць, што ідэалогія нацыянал–радыкалаў мае утапічны характар і што ў ёй закладзена магчымасць ператварэння нацыянальнай дзяржавы ў таталітарную. Прыхільнікі гэтай ідэалогіі імкнуцца да пабудовы „этнократического белорусского“ государства“ (34—35). Такі погляд на нацыю еўрапейскага тыпу вынікае з таго, што беларусы не сталі нацыяй, што яны ўзніклі як навачаснае грамадства, абапіраючыся на савецкія каштоўнасці, супярэчныя нацыянальным, а найбольш — з таго, што ім дзесяцігоддзямі прышчэплівалі варожасць да любых нацыянальных тэндэнцыяў — якія атаясам­ліваліся з нацыяналістычнымі, з нецярпімасцю, з арыентацыяй на фашызм, гітлерызм у часы II сусветнай вайны. Выразамі „беларуская нацыя“, „беларускі народ“ беларусы ў цэлым карыстаюцца безрэфлексійна, як тэрмінам, пазбаўленым глыбокай сувязі з паняццем нацыі еўрапейскага тыпу.

М.С.Сташкевіч прамінае той факт, што нацыі збудавалі навачасную Еўропу, багатую і дэмакратычную. Грамадская актыўнасць, якая вынікала з мыслення ў катэгорыях нацыянальных поспехаў і ахвяраў, скіравала краіны Прыбалтыкі на шлях свабоды і заможнасці. Нават расійцы, спрабуючы выбавіцца з крызісу, усё часцей робяць гэта ў імя нацыянальных, на­ват нацыяналістычных каштоўнасцяў. Нацыя, як можна вы­снаваць з развагаў аўтара разгляданага тэксту, нясе з сабою зло, яна чужая роднай савецкасці, а найвялікшы — як можна мер­каваць — супраціў будзіць у ім тое, што пабудова моцнай бе­ларускай тоеснасці адасобіць беларусаў ад расійцаў. Ён паказвае спосаб мыслення, характэрны для сучаснага савецкага за­ходнерусізму. Праўда, ён ужо не лічыць беларусаў расійцамі — як да I сусветнай вайны, — але малюнак выразна сфармаванай беларускай нацыянальнай свядомасці (як у чэхаў, літоўцаў, палякаў ці французаў), сапраўднай дзяржаўнай незалежнасці і грунтаванага на ёй нацыянальнага інтарэсу — калі прамінуць лозунгі на гэтую тэму — яму цалкам чужы. Затое блізкая яму ідэя ўсходнеславянскай супольнасці — карані якой сягаюць Кіеўскай Русі — на чале з Расіяй.

Трэці магчымы шлях развіцця Беларусі вызначаецца як „либерально–радикальный“. Яго прыхільнікі лічаць, што Беларусь — складовая частка Заходняй Еўропы. Тым часам аўтар тэксту зыходзіць з пасылкі, што „Беларусь никогда в этнокультурном отношении не принадлежала к Западной Европе; она сформировалась как этнокультурная общность и страна в лоне восточнохристианской православной цивилизации, в евразийском геополитическом пространстве. И ничьи субъективные устремления не могут изменить этих реалий“ (35). Гэты погляд выразна разыходзіцца з фактамі. Беларусь як складнік Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў належала да еўра­пей­скай цывілізацыі, зразуметай нават як лацінская: грамадства на ўзроўні сваіх элітаў з цягам часу сталася пратэстан­ц­кім, а пазней каталіцкім, а на ўзроўні простага народа — уніяц­кім, то бок лацінскім. Інстытуты, якія дзейнічалі тады ў Вя­лікім Княстве Літоўскім, адносіны да права, тыя вольнасці, які­мі карысталася шляхта (сяляне тады нідзе ў Еўропе не ва­ло­далі імі напоўніцу), — усё гэта было нашмат бліжэйшым да та­го, што існавала ў Лондане і Парыжы (а часам і больш разві­тым), чым у Маскве, якая доўгі час заставалася ўсходняй краінаю. Уніяцкую царкву ў Беларусі скасавалі толькі ў 1839 г.

На думку М.С.Сташкевіча, ідэя выкарыстання заходнееўрапейскага досведу ў працэсе пабудовы палітычнай сістэмы Беларусі носіць утапічны характар. Ён лічыць, што прадстаў­нікі як ліберальна–дэмакратычнага, так і ліберальна–радыкальнага кірунку ігнаруюць гістарычны досвед беларускага народа. Яны імкнуцца да таго, каб беларусы парвалі са сваім мінулым (35). Аўтар мае рацыю ў тым сэнсе, што на ўзроўні сваёй свядомасці (за выключэннем вельмі вузкіх элітаў краіны), а таксама ў сферы глыбінных каштоўнасцяў, якія рэалізуюцца ў грамадскім жыцці, беларусы па­рвалі з традыцыяй былой Рэчы Паспалітай, а значыць, і з прыналежнасцю да лацінскай Еўропы (не столькі ў яе рэлігійным разуменні, колькі ў сэнсе тамтэйшай сістэмы палітычных і эканамічных каштоўнасцяў). Паводле сваёй культуры яны цяпер бліжэйшыя да Расіі, чым да Еўропы. Таму ажыццяўленне нацыянал–радыкальнай, а асабліва ліберал–радыкальнай канцэпцыі са­праў­ды прывяло б да разрыву з савецка–ўсходнеславянскім, трохі арыентальным шляхам развіцця. Значная частка беларусаў — як паказвае шматвяковая гісторыя краю — не прымае гэтага напрамку развіцця, асабліва разрыву з Расіяй. Тут, аднак, можна задаць пытанне: якая з дзвюх арыентацыяў будзе больш карыснаю для рэалізацыі беларускіх нацыя­нальна–дзяржаўных (маецца на ўвазе развіццё моцнай і суверэннай дзяржаўнасці і нацыянальнай супольнасці) і эканамічных (багацце грамадства) інтарэсаў — праеўрапейская ці прарасій­ская? Хоць гэтае пытанне мае характар хутчэй рытарычны, беларускі гісторык лічыць, што якраз прыхільнікі другога і трэцяга напрамкаў развіцця краіны разглядаюць Беларусь у аб’ектных, а не суб’ектных катэгорыях (34). Тэзіс, што яднанне з Расіяй забяспечвае нацыі большую ступень суб’ектнасці, чым уваход у структуры Еўрапейскага Звязу, — надзвычай смелы, асабліва калі яго выказвае прафесійны гісторык, знаёмы з гісторыяй царскай імперыі, а пазней — яе прадаўжальні­ка (як ён сам лічыць) — СССР.

Лагічны вынік гэтага стылю мыслення — прыняцце першай альтэрнатывы (рэканструкцыя саюзу дзяржаваў вакол Расіі на новых прынцыпах) як „наиболее эффективн[ой] и в результате приемлем[ой] для белорусского общества“. З працэсу фармавання нацыянальнай дзяржаўнасці беларусаў не­льга, на думку аўтара тэксту, „выбросить БССР, которая является непосредственной основой для дальнейшего прогресса в сфере построения государственности. С опорой на БССР возникла суверенная Республика Беларусь“ (36). Разам з тым у шмат якіх месцах працы падкрэсліваецца, што Беларусь — сацыяльна арыентаваная дзяржава. Гэта сведчыць, што грамадзяне трактуюць яе хутчэй інструментальна, а не як нацыя­нальную каштоўнасць саму па сабе. Мова гэтага раздзелу працы нясе на сабе адзнакі шматгадовай практыкі артыкулявання думак у савецкіх рэаліях.

Сказ „Укрепление приоритета прав человека перед правами общества, нации и государства является одной из самых характерных черт Конституции Республики Беларусь“ (36) сведчыць не толькі пра незнаёмства з канстытуцыяй сваёй краіны, але і пра спосаб мыслення аўтара тэксту, які дапускае магчымасць таго, што ў канстытуцыі можа апынуцца гэткі кур’ёзны запіс. Пытанні ў канцы раздзела ўражваюць сваёй тэндэнцыйнасцю, як і рэкамендаваная літаратура, якая не змяшчае салідных працаў сур’ёзных гісторыкаў, што вылучаюцца на агульным фоне беларускай гістарыяграфіі.

Тэкст М.С.Сташкевіча мае несумненныя рысы ідэйна–па­лі­тычнага маніфеста. Цяжка даць веры, што прафесійны гіс­торык пісаў яго на пачатку XXI ст., а не дзесяцігоддзі таму. Аўтар падбірае факты да наперад прынятых тэзаў, фальсіфікуючы такім чынам гістарычную праўду. Гэты раздзел падручніка — відавочны прыклад навуковай нядобрасумленнасці. Ідэалогія можа апеляваць да гісторыі, не канечне яе фальсіфікуючы. Беларускі гісторык прадстаўляе ўжо нават не анацыянальны, а беларускі анацыянальны пункт гледжання. Калі ён меў на мэце фармаваць у беларусаў пачуццё нацыянальнай еднасці, абапертай на эмацыйна ўспрынятай ідэі ўласнай дзяржавы, то напісаны ім тэкст не мае шанцаў спрычыніцца да гэтага. Аўтар апелюе — змяняючы толькі лозунгі — да традыцыйнага набору каштоўнасцяў, які прысутнічае ў савецкай Беларусі ўжо шмат дзесяцігоддзяў. Яны не спарадзілі ні беларускай нацыі еўрапейскага тыпу, ні моцна закарэненай, трактаванай як самакаштоўная мэта ідэі беларускай дзяржавы, — рэчаў, у імя якіх беларусы маглі б, як людзі еўрапейскіх нацыяў, „масава ісці на барыкады“ (гэта не значыць, што такая патрэба павінна ўзнікнуць). Зусім невядома, чаму гэты механізм мае цяпер зазнаць нейкія змены. Калі ёсць жаданне ісці шляхам пабудовы моцнай беларускай супольнасці і ўмацавання беларускай дзяржавы, то нельга распаўсюджваць каштоўнасці, супярэчныя гэтаму малюнку. Таму або да пастаўленай мэты падабраныя неадпаведныя сродкі, або гэтая мэта — звычайная індактрынацыя ў (пост)савецкім стылі, якая паказвае беларусам адзіна слушную лінію — лінію ўлады.

Тэкст гэты, як і значная частка працы, выяўляе слабасць бе­ларускай палітычнай думкі, яе няздольнасць, як часта бывае, да „халоднага“, сумленнага аналізу беларускай рэчаісна­сці. Калі дыягназ фальсіфікуецца — праз ідэалагізацыю і палітызацыю працэсу яго пастаноўкі — то дасягнуць пастаўленых мэтаў няма шанцаў, бо падбор сродкаў для іхняй рэалізацыі зыходзіць з памылковых прадпасылак. Шмат якія фундаментальныя тэрміны, скарыстаныя ў разгляданай працы, выкарыстоўваюцца тут без напаўнення іх канкрэтным зместам, без­рэф­лексійна — як аздоба для ідэалагічна і палітычна абумоў­ле­ных поглядаў аўтараў падручніка. Асабліва гэта тычыцца та­кіх паняццяў, як „нация“ і „национальные интересы“: маючы выразнае акрэсленне і пэўнае тэарэтычнае абгрунтаванне, яны павінны былі б служыць аналізу беларускіх рэаліяў, аднак гэ­тага не адбываецца. Сур’ёзнай спробе пабудовы беларускай дзяр­жаўнай ідэалогіі, здатнай згуртаваць грамадства, павінен па­­пярэднічаць глыбокі аналіз повязяў, якія лучаць людзей у гэ­тым грамадстве на макраўзроўні, вывучэнне сістэмы каш­тоў­насцяў, якая спараджае гэтыя повязі, і ацэнка таго, на­коль­кі моцна гэтая сістэма закарэнена. Нішто не сведчыць, што беларусы ўжо прарабілі гэтую працу. Асабліва ў першы пе­­­­рыяд пасля здабыцця незалежнасці відавочнаю была ня­здоль­насць беларускіх інтэлектуальных асяродкаў, у тым ліку на­цыянальных, да сумленнай дыягностыкі новай сітуацыі, у якой апынулася грамадства. Казаць, што ў наступныя гады стан рэчаў прынцыпова змяніўся, было б відавочнай няпраўдаю.

1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка