Belarusian historical review




старонка12/21
Дата канвертавання14.03.2016
Памер4.71 Mb.
1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   ...   21

The Belarusian Youth Union in Germany

Jury Turonak

The idea of creating a Belarusian youth organisation was favoured by the head of Minsk occupation civil government com­missioner Ge­neral Wilhelm Kube. From the autumn of 1941 he supported initiatives of teachers and the Belarusian National Charity activists in the field of upbringing young people. How­ever, to found an official regional orga­nisation, it was necessary to obtain consent from the Minister of the Occupied Eastern Territories Alfred Rosenberg. Being rather sceptical about the prospects of reorienting young Belarusians, he postponed taking a decision more than once. It was Fabijan Akinčyc and his young associate Henryk Baranovič who played an important role in the for­mation of the Belarusian Youth Union (BYU). The latter wor­ked up a draft statute and was able to gain support from the Reichs­jugend­führung and the head of the youth department of Rosenberg’s Ministry. In the early 1943 both the insti­tutions recommended appointing Bara­novič as the head of the BYU. However, following Baranovič’s clash with the Belarusian Natio­nal Charity Head Ivan Jermačenka and his team, in February 1943 Kube turned down Baranovič and charged Michaś Hańko with co–ordinating the BYU activities, although the appointment faced some opposition. In addition Kube cut Baranovič’s provi­sions out of the draft statute, so that the latter could not represent the BYU in Germany.

It was only after Kube’s death that the situation changed. On No­vember 12, 1943 Baranovič was appointed the head of the BYU Work Group in Germany. Later on he became the BYU repre­sentative in Berlin. As such, he was taken on staff of the Ministry’s youth department and had his office at 79 Klössersträsse, Berlin. Among other things, Baranovič published Małady Zmahar month­ly for the BYU workers. Following the evacuation from Belarus in the autumn of 1944, the number of BYU members in Germany reached 10 to 11 thousand. Ap­proxi­mately half of them belonged to the BYU Work Group with Ba­ranovič at its head, while the others participated in the German military units, supervised by Hańko. A lot of BYU members studied at Kryvija school, to come then in charge of children and teenagers forcefully displaced by Wermacht from Belarus. In the spring of 1945, the Be­larusian Central Council sent some of the youths to Division 30 (Bela­rusian Division No. 1), that in late April were taken prisoners by the American army. However, most of the young workers found themselves in the Soviet occupation zone and were re–patriated.
Кваліфікацыя літаратурна–пісьмовай мовы Кіеўскай Русі

(гістарыяграфія аднаго заблытанага пытання)

Ігар Клімаў

Уводзіны

Пытанне аб характары і паходжанні літаратурна–пісьмовай мовы Кіеўскай Русі (X—XIII ст.) дагэтуль застаецца дыс­ку­­сій­ным і вырашаецца даследчыкамі неадназначна. Яшчэ ў XIX ст. былі выказаныя розныя погляды на гэты конт1, якія ў XX ст. развіліся ў закончаныя тэорыі. Аднак іх супрацьлегласць нарадзіла працяглую і, магчыма, не заўжды плённую дыс­кусію. Яе ўскладнялі аб’ектыўныя праблемы метадала­гіч­нага і крыніцазнаўчага характару. Апрача таго, у гэтае пытанне было прынесена шмат суб’ектыўных ці проста кан’юнктурных момантаў, якія прывялі да панавання міфаў і спекуляцый.

Мову пісьменства Кіеўскай Русі звычайна называюць старажытнарускай ці нашмат радзей (пераважна іншаземныя аўтары) усходнеславянскай. З XIX ст. расійскія (а ўслед за імі і замежныя) вучоныя называлі гэтую мову проста „рускай“, тэрмін „старажытнаруская мова“ для іх быў толькі больш грувасткім і таму рэдка ўжываным сінонімам. Доўгі час сама­стойнасць беларускай і ўкраінскай моў многімі вучонымі не прызнавалася, а руская мова Расіі лічылася агульнай (ці адзінай) мовай усіх усходніх славян. Зразумела, што такое выкарыстанне вяло да неадназначнасці ва ўспрыманні аб’екта да­следавання, і тэрмін „старажытнаруская мова“ для мно­гіх навукоўцаў пазначаў проста старажытны этап развіцця рускай мовы. На гэта ў сярэдзіне XX ст. звяртаў увагу расійскі мова­знавец Л. Якубінскі:

Карыстаючыся тэрмінам старажытнаруская мова, трэба цвёрда памятаць, што ў гэтым тэрміне слова рускі ўжываецца ў іншым сэнсе, чым мы яго ўжываем цяпер (г. зн. рускі, вялікарускі). У старажытнарускую эпоху не было яшчэ ні рускіх–вялікарусаў, ні ўкраінцаў, ні беларусаў. У тэрміне старажытнаруская мова слова рускі ўтвараецца ад слова Русь, якім называлі сябе і сваю зямлю і продкі ўласна рускіх (вялікаросаў), і продкі ўкраінцаў і беларусаў2.

З мэтай увідавочніць гэтае палажэнне і графічна пад­крэс­ліць яго далей у працы тэрмін выкарыстоўваецца ў напісанні ст.–руськая, хаця больш адэкватным і карэктным (але, праўда, цяжкаватым) застаецца тэрмін „усходнеславянская мова“.

Мову царкоўна–рэлігійнага пісьменства старажытных Балкан і Русі называюць стараславянскай ці царкоўнаславянскай3 (так — у французскай і ўсходнеславянскай традыцыі, тады як нямецкая, англа–амерыканская і польская навука называе яе старацаркоўнаславянскай мовай, а балгарскія вучоныя і некаторыя іх нямецкія і польскія калегі — старабалгарскай мовай)4. Далей у працы гэтая мова называецца царкоўнаславянскай.


Традыцыйная канцэпцыя (канцэпцыя імпартавання)

Пераважная большасць вучоных у 1–й палове XX ст. лічыла, што першапачатковай літаратурна–пісьмовай мовай усходніх славян была прынесеная з балканскага Поўдня царкоўна­славянская мова, якая паступова ўлягала „абрусенню“ (усходнеславянізацыі) пад уплывам мясцовай гаворкі. Най­больш выразную фармулёўку гэтае гледжанне знайшло ў працах выдатнага расійскага мовазнаўца А. Шахматава5.

Паводле Шахматава, у пісьменстве Кіеўскай Русі існавала адна мова — царкоўнаславянская, якая была перанесена з Балгарыі як мова царквы і духоўнай асветы. Але на Русі гэтая мова развівалася пад уплывам усходнеславянскіх дыялектаў6. Асабліва моцна іх уплыў праяўляўся ў арыгінальным пісьменстве Кіеўскай Русі — летапісах, юрыдычных кодэксах і актах, хаця і яны дэманструюць сваю залежнасць ад царкоўнага пісьменства7. Нават узорам старажытнаруськіх (далей ст.–руськіх) былінаў пра кн. Ула­дзі­міра і яго дружыну, на думку Шахматава, маглі служыць творы балгарскай народнай паэзіі пра кн. Святаслава8.

А. Шахматаў падкрэсліваў, што менавіта царкоўнаславянская мова стала асновай рускай літаратурнай мовы, якая ў сваім лексічным і сінтаксічным складзе і дагэтуль застаецца ў значнай ступені царкоўнаславянскай9. Руская літаратурная мова, сцвярджаў ён, з’яўляецца перанесенай на рускую глебу царкоўнаславянскай, якая паступова насыцілася ўсходнеславянскім элементам10. Гэтая думка падтрымлівалася і іншымі ўплывовымі славістамі, якія падзялялі высновы А. Шахматава11, хаця савецкія вучоныя імкнуліся іх абвергнуць12. Зразумела, руская літаратурная мова не развівалася непасрэдна ці напрасткі ад эпохі Кіеўскай Русі13, „стартавай базай“ для яе паслужыла царкоўнаславянская мова Масковіі XVII—XVIII ст., а ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. яна зазнала моцны ўплыў французскай мовы14, але гэта не перашкаджала расійскім вучоным разглядаць мову Кіеўскай Русі як пачатковы этап рускай літаратурнай мовы.

Традыцыйны погляд вызначаў у пісьменстве Кіеўскай Русі толькі адну мову — царкоўнаславянскую, з усходнеславян­скімі дамешкамі (большымі ці меншымі ў залежнасці ад жанру помніка). Праўда, А. Шахматаў меркаваў, што царкоўна­славянская мова стала размоўнай для эліты (пераважна духавенства) Кіева, што прывяло да ўтварэння размоўнага кайнэ Кіева15. Аднак у большасці выпадкаў у гутарцы мясцовага насельніцтва захоўваўся свой дыялект, які, праўда, у слабой ступені адлюстроўваўся ў пісьмовых тэкстах.

Паводле традыцыйнай канцэпцыі ў Кіеўскай Русі існаваў культурны білінгвізм: пісьмовая царкоўнаславянская мова функцыянавала ў пісьменстве, а гутарковая ўсходнеславян­ская — у вуснай галіне, знаходзячы нераўнамернае і ў цэлым слабое адлюстраванне ў пісьмовых помніках. Запазычаная ад балканскіх славян мова ўжывалася ў кніжнай сферы і была пэўным чынам унармавана на ўзор замежнай традыцыі. Асоб­ныя ўсходнеславянскія элементы хаця і рана праніклі ў склад гэтай мовы, былі ў цэлым нязначныя. Апрача відавочных царкоўнаславянізмаў, якія структурна (фанетычна і марфалагічна) адрозніваліся ад усходнеславянскіх элементаў, ва ўсходнеславянскай гутарцы прысутнічала вялізная колькасць элементаў, агульных з царкоўнаславянскай мовай. Паміж дзвюма мовамі існавалі пераходныя сферы дыскурсу, блізкія, верагодна, да вуснай гаворкі — гэта былі юрыдычна–актавыя тэксты, якія адлюстроўвалі гібрыдную, мяшаную мову16.

Некаторыя погляды А. Шахматава цяпер выглядаюць ана­хра­ністычна, напрыклад, меркаванне пра тое, што царкоўна­славянская мова магла быць гутарковай у той ці іншай страце насельніцтва17. Паводле свайго генезісу царкоўнаславянская мова была кніжнай мовай, прызначанай для абслугоўвання хрысціянскага набажэнства і царкоўнага дыскурсу, і ніколі не была гутарковай у ніводнага славянскага народа. Аднак адрозненне паміж паўднёваславянскімі і ўсходнеславянскімі мовамі на той час было нязначнае і закранала толькі асобныя рысы18.

У цэлым погляды А. Шахматава падзяляліся большасцю вучоных XX ст., як расійскіх, так і замежных (В. Істрын, Л. Шчэбра, М. Дурнаво, А. Ісачанка, А. Сялішчаў, Б. Унбегаўн, Г. Лант, Л. Булахоўскі, М. Трубяцкой, М. Талстой і інш.). Буйны расійскі мовазнавец А. Сабалеўскі таксама згаджаўся, што царкоўнаславянская мова зрабілася літаратурнай мовай Кіеўскай Русі, дзе хаця і набыла ўсходнеславянскія рысы, але за­хоў­вала свае асаблівасці да XVIII ст.19 Аднак пазней ён лічыў, што ў пісьменстве Кіеўскай Русі склаліся дзве літаратурныя мовы: царкоўнаславянская і ст.–руськая, адносячы да апошняй толькі мову юрыдычна–актавых крыніц — чыста ўсходнеславянскую мову20. Падобных поглядаў пазней трымаліся таксама А. Шахматаў і М. Дурнаво21. Нечаканае развіццё гэты погляд знайшоў у сярэдзіне XX ст.


Аўтахтонная канцэпцыя

Малапрыкметны, але дастаткова кваліфікаваны мовазнавец С. Абнорскі ў 1934 г. выказаў, а ў 1946 г. паўней абгрунтаваў канцэпцыю пра самабытнасць ст.–руськай мовы22. Паводле гэтай канцэпцыі, першая літаратурна–пісьмовая мова Кіеўскай Русі была ўсходнеславянскай мовай, толькі пазней у яе склад былі занесены царкоўнаславянізмы. Гэтая ст.–руськая мова існавала ад самых пачаткаў пісьменства сярод усходніх славян (і нават раней) і доўга функцыянавала паралельна з прынесенай царкоўнаславянскай мовай. Царкоўнаславянскі ўплыў на яе першапачаткова адсутнічаў ці быў мінімальны, і толькі паступова (з XV ст., у час г. зв. 2–га паўднёваславянскага ўплыву) узмацніўся, праўда, аднабакова, галоўным чынам у лексічных і стылістычных адносінах.

На думку С. Абнорскага, апірышчам усходнеславянскага элемента быў Ноўгарад, які не меў трывалых сувязяў з Візантыяй; менавіта з Поўначы ст.–руськая літаратурная мова распаўсюджвалася па Русі, а славянізацыя ішла з Поўдня, з Кіева23. Гэтая паўночнаруськая мова, паводле Абнорскага, адрознівалася стылістычнай і сінтаксічнай простасцю і адсутнасцю царкоўнаславянізмаў пры наяўнасці слядоў больш ранніх запазычанняў са скандынаўска–германскага арэалу24. Праўда, ужо ў пасляваенны час даследчык адмовіўся ад гіпотэзы пра адпачатныя кантакты Паўночнай Русі з германскім і заходнеславянскім светам. У манаграфіі 1946 г., наадварот, пад­крэслівалася самабытнасць і самастойнасць развіцця ст.–руськай мовы, у якую ў лепшым выпадку пранікалі ізаляваныя, амаль непрыкметныя запазычанні, прычым германскія сярод іх (прысутныя ў мове „Руськай Праўды“) не згадваліся зусім25.

Паводле аўтахтоннай канцэпцыі, у Кіеўскай Русі існаваў білінгвізм, які праяўляўся ў пісьмова–літаратурных тэкстах, дзе выступалі дзве літаратурныя мовы: ст.–руськая і царкоўнаславянская. Гэты погляд, да якога схіляўся ўжо А. Сабалеўскі, пярэчыў традыцыйным поглядам. Высновы Абнорскага і яго прыхільнікаў былі дыяметральна супрацьлеглыя вы­сновам, да якіх прыходзілі Шахматаў і іншыя вучоныя пры знаёмстве з тымі самымі помнікамі. Асаблівую пікантнасць сітуацыі надаваў той факт, што С. Абнорскі з’яўляўся прызнаным вучнем А. Шахматава26.

Выказаны ў 1934 г. погляд С. Абнорскага нарадзіў тады цэлую дыскусію, якая, аднак, не трапіла ў друк27. Але пасля 2–й сусветнай вайны аўтахтонная канцэпцыя атрымала асабістую ўхвалу І. Сталіна28 і на пэўны час зрабілася афіцыйнай догмай у савецкім мовазнаўстве. Яна ўвайшла ва ўсе навучальныя пра­грамы і падручнікі па гісторыі рускай літаратурнай мовы, прапагандавалася ў папулярных выданнях і перыядычным друку. Аднак пасля смерці Сталіна „яе аўтарытэт рэзка зменшыўся“, як сарамліва пісалі савецкія аўтары29, і яна ўжо больш не папулярызавалася30.

Крыху інакшы погляд на паходжанне літаратурна–пісьмовай мовы Кіеўскай Русі меў Л. Якубінскі31, які ў пэўнай ступені прызнаваў вядучую ролю царкоўнаславянскай мовы. Аналізуючы мову варажскіх дамоў з грэкамі X ст., ён прыйшоў да вы­сновы, што царкоўнаславянская мова напачатку выконвала функцыі адміністрацыйнай мовы Русі32. Пасля хрысціянізацыі краіны яна зазнала некаторы ўсходнеславянскі ўплыў, што прывяло да стварэння ст.–руськай рэдакцыі царкоўнаславян­скай мовы33. Аднак ст.–руськая мова ўзнікла самастойна, як перадача славянскімі літарамі жывой усходнеславянскай гутаркі34. Царкоўнаславянская мова саступіла ст.–руськай сваю ролю афіцыйнай мовы35, і на жывой народнай гутарцы з пачатку XI ст. пісаліся акты і юрыдычныя кодэксы36, а таксама некаторыя літаратурныя творы (да якіх даследчык аднёс казанне Лукі Жыдзяты, павучанне Ўладзіміра Манамаха і „Слова пра паход Ігаравы“)37. На яго думку, „царкоўнаславянская мова ператварылася ў стылістычную разнавіднасць ст.–руськай літаратурнай мовы“38.

Як можна заўважыць, аўтахтонная канцэпцыя з’яўляецца люстэркавым адбіткам традыцыйнай канцэпцыі: там — напачатку царкоўнаславянская мова, якая паступова насычаецца мясцовым элементам, тады як у Абнорскага — напачатку ўсходнеславянская мова, якая паступова прымае прышлы, чужынны элемент. Аднак тэорыя Абнорскага ў сваёй эмпірычнай і тэарэтычнай базе атрымліваецца слабейшай за традыцыйную. Таму для знаходжання „карэнных рускіх асаблівасцяў рускай у сваім абліччы мовы“39 ён патрабаваў даследаваць у ст.–руськіх тэкстах перш за ўсё ўсходнеславянскі элемент, паколькі ўвага да царкоўнаславянскіх элементаў, на думку Абнорскага, была перабольшана40. Фактычна, гэтым ён заклікаў да маніпуляцыі моўнымі адзінкамі41.

Зразумела, што ў вачах улады аўтахтонная канцэпцыя мела перавагу над канцэпцыяй імпартавання, паколькі пастулавала наяўнасць ранняй ды развітай дзяржаўнасці і культуры ва ўсходніх славян. З 1930–х г. у працах некаторых савецкіх гісторыкаў і філолагаў (Б. Грэкава, А. Арлова, М. Прыселкава і інш.) сцвярджалася самабытнасць і высокі ўзровень культуры Кіеўскай дзяржавы, яе этнічнае і культурнае адзінства. Аўтахтонная канцэпцыя з лінгвістычнага боку цудоўна абгрунтоўвала гэтыя цверджанні, тады як канцэпцыя імпартавання якраз замінала ім. Традыцыйная канцэпцыя пярэчыла дзяржаўнай ідэалогіі, якая пачала распаўсюджвацца з 1930–х г., а з 1940–х зрабілася афіцыйнай палітыкай, што дасягнула свайго апагею ў кампаніі супраць касмапалітызму.

Прыхільнікі аўтахтоннай канцэпцыі сыходзілі з таго, што ў X ст. у Кіеўскай Русі склалася высокая культура пісьменства, заснаваная выключна на мясцовай традыцыі, а ст.–руськая літаратурная мова ўзнікла яшчэ ў дагістарычную эпоху42. Таму С. Абнорскі ў сваёй манаграфіі падкрэсліваў архаічнасць мовы помнікаў, абраных ім для разгляду43, хаця паводле часу стварэння яны адносіліся сама раней да пачатку XI — канца XII ст. Тым не менш, свае пабудовы прыхільнікі аўтахтоннай канцэпцыі адносілі ў дагістарычныя часы (VIII—X ст.), ад якіх не дайшло ніякіх пісьмовых звестак і пра якія бракавала пэўных гістарычных дадзеных.

Погляды на паходжанне пісьма ва ўсходніх славян

Аўтахтонная канцэпцыя sua conditio sine qua non мела прыпушчэнне аб раннім развіцці пісьма сярод усходніх славян. Менавіта пры ўмове ранняга старту пісьменства Кіеўскай Русі можна было вытлумачыць аднастайнасць і ўнармаванасць мовы яе першых помнікаў. Знаходкі гнёздаўскага надпісу ў 1949 г. і берастовых грамат у 1951 г., здавалася, падмацоўвалі гэтае прыпушчэнне.

З’яўленне пісьма савецкая навука адносіла ў дадзяржаўную эпоху44. Пад час кампаніі па барацьбе з касмапалітызмам у канцы 1940–х — пачатку 1950–х г. улады стымулявалі па­шы­рэнне ў навуковым асяроддзі гіпотэз аб раннім ды сама­быт­ным узнікненні „руськага“ пісьма45, якія нярэдка падавалі­ся на правах фактаў46. Як даводзіў Дз. Ліхачоў, пісьменства ў Кіеў­скай Русі прайшло доўгі час развіцця па–за межамі бага­служ­бовай літаратуры яшчэ да афіцыйнага хрышчэння, так што ў розных рэгіёнах Русі маглі самастойна ўзнікнуць нават роз­ныя сістэмы пісьма47. Той самай думкі пра ранняе дахры­сці­ян­скае развіццё ст.–руськага пісьма трымаліся М. Ціхаміраў48 і П. Чарных49. На думку апошняга, глагалічнае пісьмо ўзнікла ў Паўночным Чарномор’і ў выніку развіцця „рыс і рэзаў“ задоўга да Кірылы і Мяфодзія50. С. Абнорскі нават дапускаў узнікненне ўсходнеславянскага пісьма ў часы дзяржавы антаў (III—IV ст.)51, вядомай са згадак антычных гісторыкаў. Праўда, неўзабаве П. Кузняцоў быў вымушаны адмаўляць існаванне самабытнага пісьма ў дахрысціянскія часы52. Але і пазней некаторыя аўтары дапускалі стыхійнае складванне нейкага „протапісьма“ ва ўсходніх славян да Мараўскай мі­сіі53. Час ад часу рабіліся спробы абгрунтаваць існаванне да­хрысціянскіх „протаазбук“ ці ранніх кірылічных азбук54, што заўжды выклікала скептыцызм у спе­цыя­лістаў55.

Усе такія „гіпотэзы“ грунтаваліся на няясных і фрагментарных звестках розных гістарычных крыніц, а таксама на сумнеўных ці проста неверагодных інтэрпрэтацыях розных эпіграфічных і археалагічных матэрыялаў, што дапускалі неадназначнае тлумачэнне56. Іх аўтары імкнуліся давесці самабытны і арыгінальны характар славянскага (а часта — вы­ключна „рускага“) пісьма, ігнаруючы ўплыў больш развітых культур і адмаўляючы запазычанне ад суседзяў57.

Між тым, суседнія з Руссю культуры мелі ўсталяваныя сіс­тэмы пісьма: грэцкае пісьмо Візантыі, заходнееўрапейская ла­цін­ка, рунічнае скандынаўскае і рунічнае цюркскае, яўрэйскае пісьмо Хазарыі, а з канца IX ст. — і славянскае ў Балгарыі58. Неверагодна, што ў такім атачэнні ўсходнія славяне маглі за­й­­мац­ца вынаходніцтвам ці ўдасканаленнем нейкіх „рыс і рэзаў“ або „протапісьма“, як сцвярджалі прыхільнікі ідэі са­мабыт­на­га паходжання „руськага“ пісьма. Сапраўды, шмат якія народы ў Паў­ночным Прычарнамор’і, не маючы сталага пісь­менства, ужывалі нейкія знакі накшталт рунаў ці рысак. Але гэ­тыя зна­кі выкарыстоўваліся толькі для аказіянальных ці ма­ну­мен­тальных кароткіх надпісаў (родавыя знакі і імёны) на ка­мя­нях, дрэве, кераміцы, цэгле і не маглі развіцца ў сама­быт­нае пісьменства59. Ва ўсялякім выпадку, фанетычныя алфа­віты ў свеце пашыраліся практычна заўжды шляхам запазычання60.
Крытыка аўтахтоннай канцэпцыі і яе карэктывы

Пасля смерці Сталіна ў СССР пачалі раздавацца крытычныя галасы супраць гіпотэзы Абнорскага і ўжытай ім метадалогіі ды аргументацыі61. Ужо напачатку 1950–х г. рашуча выступаў супраць яе Б. Ларын62. У канцы 1950–х г. з крытыкай беспадстаўных і недарэчных цверджанняў Абнорскага і яго паслядоўнікаў выступіў У. Левін63. Тады ж акрэсліў гіпотэзу Абнорскага як кан’юнктурную В. Вінаградаў64, найбольш уплы­вовая асоба ў савецкім мовазнаўстве65. Але толькі ў сваёй пасмяротнай працы ён з усёй пэўнасцю ахарактарызаваў гэтую гіпотэзу як тэндэнцыйную, аднабаковую і антыгістарычную66. Выступілі супраць аўтахтоннай канцэпцыі і вучоныя ў замежжы67; ці не найбольшы ўнёсак па яе дыскрэдытацыі належыць А. Ісачанку68.

Прычына недаверу навукоўцаў да гіпотэзы Абнорскага па­ля­гае не толькі ў яе відавочнай кан’юнктурнасці і спрэчнай ар­гументацыі, але таксама і ў тым, што яна спараджае некаторыя супярэчлівасці. Так, калі прыняць ідэю аб самабытнасці ст.–­руськай мовы, то цяжка вытлумачыць, як у слабаразвітым гра­мадстве Кіеўскай Русі, ды яшчэ ў дагістарычныя часы магла самастойна з’явіцца такая складаная і распрацаваная сістэма, як ст.–руськая мова, з яе рознастылёвасцю і шмат­жан­ра­васцю. Адэпты аўтахтоннай канцэпцыі напачатку адводзілі гэ­ты аргумент спасылкамі на ранняе развіццё ў дагі­ста­рыч­ныя часы, аднак усур’ёз прымаць іх цверджанні было немагчыма69.

Таксама паводле Абнорскага атрымлівалася, што мова Кіеўскай Русі (па меншай меры, яе юрыдычна–актавая сфера) з’яўляецца фіксацыяй усходнеславянскай гаворкі70. Але на той час гаворка была звязана з тым ці іншым дыялектам і не магла мець адзінай стабільнай нормы, тады як нават у юрыдычна–актавых помніках якраз назіраецца пэўная ста­біль­насць і слаба праяўляюцца дыялектныя ўплывы71. Першыя і самыя раннія помнікі фіксуюць зусім не дыялектнае маўленне72.

Каб адвесці гэты аргумент, прыхільнікі аўтахтоннай канцэпцыі высоўвалі шэраг гіпотэз: 1) ст.–руськая мова склалася на грунце вуснага кайнэ Кіева73, хаця доказаў яго існавання так і не было прыведзена пасля Шахматава74; 2) дыялектная адметнасць ва Ўсходняй Славіі ў IX—XI ст. была нязначная, што неверагодна75; 3) наддыялектны характар ст.–руськай літаратурнай мовы, што склаўся ў выніку мяшання дыялектаў76 (але калі паспела адбыцца такое мяшанне і чаму няма яго адлюстравання ў іншых помніках, апрача кіеўскіх?)77; 4) мінімальнасць адрозненняў паміж прышлай мовай і мясцовымі дыялектамі78, што неверагодна, улічваючы сакральны і штучны характар царкоўнаславянскай мовы79.

Апрача таго, Абнорскага дакаралі ў аднабаковым і тэндэнцыйным падборы моўнага матэрыялу, да таго ж вельмі сціп­лага і непаказальнага80. Пры аналізе ст.–руськай мовы ён звярнуўся ўсяго да 4 помнікаў: „Малення“ Данілы Заточніка“ (спісы XVI ст. і пераважна XVII ст.), „Слова пра паход Ігаравы“ (паводле спіса прыкладна XVI ст.), „Павучання Ўладзіміра Манамаха“ (спіс з Лаўрэнцьевага летапісу 1377 г.) і „Руськай праўды“ (спіс у складзе Наўгародскай кормчай 1282 г.)81. Аднак сваю гіпотэзу ён пабудаваў галоўным чынам на аналізе „Руськай праўды“ — найбольш старажытнага твора, у мове якога тым не менш прысутнічалі царкоўнаславянскія элементы82. Гэта не перашкодзіла яму зрабіць выснову, што помнік мае ўсходнеславянскую аснову, на якую наклаліся царкоўна­славянізмы, абвешчаныя пазнейшымі ўстаўкамі перапісчыкаў83. Праўда, усе іншыя помнікі, прыцягнутыя да разгляду С. Абнорскім, дэманстравалі яшчэ большую прысутнасць царкоўнаславянізмаў, што даследчык тлумачыў жанравай спецыфікай ды нагрувашчаннем пазнейшых эпох84.

Тым не менш, прыцягненне разнастайных помнікаў пры­му­сіла Абнорскага і яго паслядоўнікаў казаць ужо не аб ад­сут­­нас­ці царкоўнаславянскага ўплыву, а аб тым, што „доля цар­коў­­­наславянскага ўздзеяння... вагаецца ў залежнасці ад пом­ні­ка“85. Такім чынам, першапачатковы тэзіс пра са­ма­стойнасць і самабытнасць ст.–руськай мовы быў пакрысе скарэктаваны.

У паслясталінскія часы высновы Абнорскага былі кваліфікаваныя як занадта катэгарычныя і не заўжды абгрунтаваныя, хаця і правільныя ў сваёй існасці86. Толькі асобныя з прыхільні­каў Абнорскага захоўвалі вернасць усім яго палажэнням87. Асабліва пікантна выглядалі іх аповеды пра дахрысціянскае ўзнікненне пісьменства на Русі88. Але прыхільнікі традыцыйнай канцэпцыі атрымалі магчымасць выказваць і абгрунтоўваць свае погляды ў СССР89, хаця іх ганілі як памылковыя і фантастычныя, не абгрунтаваныя фактычным матэрыялам90. У сувязі з гэтым крытыку зазнаў нават А. Шахматаў91.

Аднак аўтахтонная канцэпцыя захавалася ў сваёй аснове: у пісьменстве Кіеўскай Русі існавалі дзве літаратурныя мовы — цар­коўнаславянская і ст.–руськая, а ў вуснай сферы — яшчэ і дыя­лектная ўсходнеславянская гаворка92. Такім чынам, у Кіеў­­скай Русі фактычна было прызнана існаванне ў адну эпоху цэлых трох і нават больш моў93! Гэты погляд зрабіўся ў са­вец­кім мовазнаўстве аксіёмай і, падтрыманы ўладай, увайшоў ва ўсе падручнікі і навучальныя праграмы, стаў абавязковым для ўкраін­­­­скіх94 і беларускіх95 мовазнаўцаў, а таксама для славістаў у „братніх краінах сацыялізму“96. Расійскім вучоным у ста­­ліцах дазвалялася падтрымліваць альтэрнатыўныя ідэі ці аспрэч­ваць некаторыя палажэнні афіцыйнай канцэпцыі, але для „малодшых братоў“ на перыферыі гэта было амаль немагчыма.

Калі з царкоўнаславянскай мовай і ўсходнеславянскімі дыялектамі ніякіх тэарэтычных праблем не было, то генезіс і функцыянаванне ст.–руськай мовы выклікалі шмат пытанняў. Па–першае, няяснай заставалася структура гэтай мовы: наколькі значнымі былі ў ёй дамешкі царкоўнаславянізмаў і якімі граматычнымі, лексічнымі і сінтаксічнымі рысамі яна адрознівалася ад царкоўнаславянскай97? Многія такія рысы, што лічыліся спецыфічна ст.–руськімі, прысутнічалі і ў царкоўна­славянскай мове. Па–другое, як размяжоўваліся функцыі паміж дзвюма пісьмовымі мовамі, калі яны былі „блізкароднасныя, але самастойныя мовы“98? Па–трэцяе, няясны быў склад помнікаў ст.–руськай мовы: розныя аўтары налічвалі розную колькасць тэкстаў. Як вынік, ст.–руськая мова або пашыралася на ўсё пісьменства Кіеўскай Русі99 ці на ўсё арыгінальнае і перакладное пісьменства100, або зводзілася да некалькіх помнікаў (мастацкія творы з моцным фальклорным струменем — перш за ўсё „Слова пра паход Ігаравы“, ня­гле­дзячы на значную прысутнасць у ім царкоўнаславянізмаў, — летапісы, павучанне Ўладзіміра Манамаха, маленне Да­нілы Заточніка, некаторыя казанні)101. Спрэчным застава­ла­ся аднясенне сюды юрыдычна–актавых тэкстаў: адны са­вец­кія даследчыкі выводзілі іх за межы літаратуры (і разгляда­лі як „дзелавое“ пісь­менства)102, тады як іншыя, наадварот, лі­чы­лі ці не самымі яскравымі ўзорамі ст.–руськай мовы103, ад­носячы да іх таксама берастовыя граматы104. Па–чацвёртае, няясныя былі суадносі­ны гэтай мовы з жывой гутаркай. Напачатку савецкія мовазнаўцы спрабавалі атаясамліваць ст.–руськую пісьмовую мову з тагачаснай жывой гаворкай, але пазней, наадварот, адзначалі дыстанцыю паміж імі і нават падкрэслівалі штучнасць пісьмовай мовы ды яе наддыялектны характар105. Для развязання ўсіх гэтых супярэчлівасцяў было прапанавана некалькі тэорый.

1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   ...   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка