Беларусь І Францыя: фатаграфічныя “Паралелі” прэс-рэліз




Дата канвертавання27.05.2016
Памер31.59 Kb.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь


Беларусь і Францыя: фатаграфічныя “Паралелі”

ПРЭС-РЭЛІЗ
Сілуэт спалучаецца з эмоцыяй, погляд знаходзіць сваё адлюстраванне, разбураючы бар’еры і стэрэатыпы. Аб’яднаныя пачуццём адлюстраванасці горада ў чалавеку і чалавека ў гарадской прасторы, французскі фатограф Цьеры Клеш і беларускія фатографы Вольга Лойка і Віктар Байкоўскі ствараюць новыя віртуальныя і фатаграфічныя паралелі.

Разбураючы і “рэаніміруючы” горад сваім фатаграфічным поглядам, яны адышлі ад яркіх турыстычных выяваў і глянцавых пейзажаў, каб знайсці сябе ў чорным і белым, пабачыць цень і святло, сувязь і хаатычнасць дэталяў, замкнёных у межах адной гарадской прасторы.

Але фатаграфія не ізаляваная. У розны час, у розных гарадах і краінах, фатографы з розным досведам і стылем трапляюць пад уплыў падобных эмоцый і ўражанняў. Так нараджаюцца паралелі. Спачатку віртуальныя – паміж архітэктурай і чалавекам, матэрыялам і душой, станам і эмоцыяй. Затым фатаграфічныя – у межах беларуска-французскага фотапраекта “Паралелі” – паміж гарадамі і культурамі, што і стала асновай сумеснай выставы трох аўтараў.

Адкрыццё фотавыставы “Паралелі” адбудзецца ў галерэі “Панарама” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі 16 верасня 2010 года ў 17.00. На цырымонію адкрыцця запрошаныя: мастацтвазнаўца Яўген Шунейка, пісьменнік Навум Гальпяровіч, акцёрскі дуэт “Сігаль” (Мікіта Сідарэнка і Уладзімір Галак). Вядучыя Юлія Новік і Віка Трэнас. Куратар Фёдар Ястраб.

Выстава праходзіць пры падтрымцы фоталабараторыі FotoMAX (www.fotomax.by) і дызайн-студыі Pix.by (www.pix.by).

Мэта праекта – аб’яднаць творчасць беларускіх і французскага фатографаў у межах адной канцэпцыі, паказаць адзінства вобразаў горада і гарадскога жыхара, які адначасова і блізкі агульнай урбаністычнай абстаноўцы, і адчужаны ад яе.

Гараджанін аддае гораду сваю сутнасць, зліваецца з ім і становіцца яго часткай, напаўняе сваімі перажываннямі і эмоцыямі гарадскую прастору. Ён пакідае свой след не толькі як стваральнік антрапагенных пейзажаў і архітэктурных збудаванняў, але і з’яўляецца неад’емнай часткай унутранага духоўнага зместу горада.

Фатограф здымае свае гісторыі, арганічна ўліваючыся ў рытм горада. Разам з тым ён імкнецца пераасэнсаваць іх суадносна са сваім светаглядам, праз успрыняцце навакольнага асяроддзя, пераадолець абмежаванні, закладзеныя ў геаметрычных формах гарадской архітэктуры. Ён стварае кампазіцыю ў межах адной выявы, асноўваючыся на ўжо вядомых элементах гарадской інфраструктуры, відазмяняе і трансфармуе вобраз і абрыс горада, паказваючы яго гледачу з боку, не бачнага для большасці, адкрываючы новае ў звычайных рэчах.

Праект далучае беларускае фотамастацтва да еўрапейскага кантэксту, можа быць асновай для новых сумесных праектаў і можа паспрыяць развіццю міжкультурных сувязяў.



Выстава працуе ў галерэі “Панарама” (Нацыянальная бібліятэка, пр. Незалежнасці, 116, 22-гі паверх) з 16 верасня па 6 кастрычніка 2010 г.

Тэл. галерэі 8017-2932955.




Даведка
Цьеры Клеш нарадзіўся ў 1965 годзе ў Брэтані, Францыя. Аўтар фотакніг "Deja vu" (з Філіпам Жэнада), "Imprimer le monde" (з Бернарам Шамбазам), а таксама падрыхтаванай да друку фотакнігі “Стамбул” (з Людавікам-Стэфанам Улісам). Пачынаў свой творчы шлях як журналіст, у прыватнасці, кінакрытык часопіса "Cahiers du cinema", працаваў сцэнарыстам і выкладчыкам. Цяпер жыве ў Парыжы, актыўна ўдзельнічае ў выставах і фотапраектах, здзяйсняе фотавандроўкі па розных краінах (Марока, Гішпанія, Італія, ЗША, Сенегал, Мексіка, Партугалія, Турцыя, Кіпр, Балі, Кітай, Бельгія, Індыя).
Вольга Лойка нарадзілася ў 1978 годзе. З 1997 года працуе ў навуковай журналістыцы. Захапілася фатаграфіяй тры гады таму. Брала ўдзел у калектыўных фотавыставах, прызёр рэспубліканскіх фотаконкурсаў, у 2010 годзе – персанальная фотавыстава ў НФК “Мінск”, удзельнік медыя-праекта “Q.E.D”
Віктар Байкоўскі нарадзіўся ў 1967 годзе. Фатаграфаваць пачаў яшчэ ў дзяцінстве, але больш сур’ёзнае разуменне і ўспрыняцце фотамастацтва з’явілася нашмат пазней. Жыве і працуе ў Брэсце. Па спецыяльнасці праграміст. Удзельнік калектыўных фотавыставаў, прызёр рэспубліканскіх і міжнародных фотаконкурсаў.

Кантакты:
Аўтар праекта Юлія Новік

+375 29 5627427,

+375 29 3497398.

e-mail: novik.julia@gmail.com



http://julienovik.unblog.fr/
Менеджэр праекта Віка Трэнас

+375 29 5607793,

+375 29 1354495,

e-mail: trenas007@gmail.com



http://vika-trenas.livejournal.com/ 


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка