Бдукм, г. Мінск Сон як выяўленне патаемнага жадання героя ў паэмах “Сон Алесі” А. Э. Адынца І “Дзяды” А. Міцкевіча




Дата канвертавання17.03.2016
Памер61.62 Kb.
Тычына Софія Міхайлаўна

БДУКМ, г.Мінск


Сон як выяўленне патаемнага жадання героя ў паэмах “Сон Алесі” А.Э. Адынца і “Дзяды” А. Міцкевіча
Народныя традыцыі тлумачэння сну, успрыманне мроі як шляху ў іншасвет, з аднаго боку, і амбівалентныя адносіны да сну хрысціянскага светапогляду, з другога, знайшлі адлюстраванне ў творах такіх пісьменнікаў Беларусі ХІХ ст., як А. Міцкевіч, А.Э. Адынц, Я. Чачот, Т. Зан, Ф. Савіч, Я. Баршчэўскі, В. Дуніна-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч. Зварот пісьменнікаў да мастацкіх магчымасцей сну ў значнай ступені быў выкліканы ўплывам рамантызму, які ў пошуках альтэрнатыўнай рэчаіснасці, што задавальняла б духоўныя патрэбы чалавека, засяродзіўся на гісторыі і фальклоры, дзе сон адыгрываў прыкметную ролю (сны вялікіх людзей прадвызначалі разгортванне важных для гісторыі падзей, фальклорныя тэксты адлюстроўвалі спецыфічную канцэпцыю сну).

Значная частка сноў у беларускай літаратуры ХІХ ст. выконвае выключна сюжэтастваральную функцыю і звязана з народным уяўленнем пра прароцкія магчымасці сну. Прароцкія літаратурныя сны – найбольш яскравы і няўдалы (безумоўна, не з пункту погляду мастацтва, а псіхалогіі) узор імітацыі сноў, паколькі яны, як правіла, скіраваныя на выкананне адной мэты – прадказання альбо папярэджання наступных падзей у творы, для чаго аўтар робіць сімволіку такіх сноў як мага болей празрыстай, даступнай для разумення і тлумачэння. Асабліва гэта справядліва ў адносінах да сноў тых герояў, якія не маюць магчымасці звярнуцца да прафесійнага тлумачальніка сноў (жраца, ведзьмака альбо чараўніцы і г. д.). Іншая справа, калі ў творы з’яўляецца “спецыяліст” па снах. У гэтым выпадку сімволіка сну ўскладняецца, і магчымасць раскрыцця яе патаемнага сэнсу даецца толькі гэтаму тлумачальніку (у якасці прыкладу можна прывесці сон Гедыміна ў творах А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш” і Я. Чачота “Радзівіл, альбо заснаванне Вільні”, “Заснаванне Вільні. 1322”, дзе вобраз жалезнага ваўка на гары мог быць інтэрпрэтаваны па-рознаму, у залежнасці ад таго, як паставіцца да сну паганскі жрэц, адгадаць жа ў ім будучы слаўны горад самастойна чытачу даволі складана).

У рамантычнай паэме А.Э. Адынца “Сон Алесі” мроя дзяўчыны, як і значная частка літаратурных сноў наогул, мае прагнастычную, прароцкую афарбоўку, але насамрэч з’яўляецца відавочным выяўленнем жадання дзяўчыны. Аўру прароцтва, як і ў выпадку сну Гедыміна, надае яму прысутнасць прафесійнага тлумачальніка – вядзьмаркі, якая разглядае мару дзяўчыны пра каханага як перспектыву шлюбу. Праз неспакой, збянтэжанасць Алесі, ваганні яе перад аповедам сну, аўтар вельмі ўдала паказвае, наколькі важны сон для яе, бо сама дзяўчына здагадваецца, што выдасць сябе, свае таемныя думкі, жаданні і пачуцці праз пераказ сну, таму яна ўдае раўнадушша:

Lecz nie sądż matko, że ja w sny wierzę,



Lub żem przyszłości ciekawa,

Śmiejesz się! wierz mi! mówię ci szczerze,

Że to jest tylko zabawa” [6, с. 26].

Сімволіка сну вельмі празрыстая: вобразы дзяўчыны і яе каханага замяняюцца вобразам галубінай пары. “Голуб – улюбёны вобраз у песеннай творчасці, сімвал вернасці ў каханні, пяшчотных дачыненняў у сям’і. “Як галубкі” – азначае суладна, палюбоўна” [4, с. 122]. Вобраз гняздзечка, безумоўна, трэба звязваць з стварэннем сям’і, домам. Маладыя таполі, кветкі (рамантычны пейзаж) падкрэсліваюць узрост дзяўчыны, пару яе “цвіцення”, росквіту яе хараства. Відавочна, што дзяўчына сама здагадваецца пра значэнне свайго сну, але яе турбуюць паводзіны голуба (каханага), які па незразумелай прычыне пакідае галубку (каханую), а потым вяртаецца. Алеся спрабуе ўтаіць ад варажбіткі, хто быў з ёю ў сне, прыкідваецца, што не памятае, але ўсё ж паддаецца і збянтэжана прызнаецца, што гэта быў мужчына. А.Э. Адынец перадае сарамлівасць дзяўчыны, яе імкненне кахаць і быць каханай.

Наогул крыніцы самога сюжэту паэмы трэба шукаць у вясельна-абрадавай паэзіі, дзе сны дзяўчыны пра галубоў прадказваюць вяселле: “Да з суботы да на нядзелю // Гануля сон сасніла // Да матачцы да спавясціла: // – Ой, мамачка мая родная, // Ой, што ж бо я за сон сніла: // Сівы голубы да паляцелі, // Белы жэмчуг развярцелі, // А золата пасыпалі. // – Ганулька, маё дзіцятка, // Дурны ты розум маеш, // Свайго сну не разгадаеш: // Сівы голубы – то сваты твае, // Белы жэмчуг – коскі твае, // А золата – слёзкі твае” [1, с. 53].

Калі ў жаданні-сне Алесі пануе атмасфера рамантычнай пяшчоты (ніякіх жарсцяў каханых, а толькі чыстае, беззаганнае пачуццё), то сон-жаданне сенатара з паэмы “Дзяды” А. Міцкевіча атрымлівае іншае гучанне. Варта адзначыць, што на сна-творчасць А. Міцкевіча паўплывала не толькі веданне народных традыцый тлумачэння сноў. У сваёй манаграфіі “Майстры сну: Міцкевіч-Славацкі-Красінскі” М. Пясецка пералічае і іншыя крыніцы натхнення славутага пісьменніка: дзіцячыя ўражанні ад назіранняў за народнымі абрадамі, Стары і Новы Запавет, “Віленскі магнетычны дзённік” (вялікай папулярнасцю карысталася вучэнне аўстрыйскага ўрача Франца Месмера пра “жывёльны магнетызм”, пры дапамозе якога, як лічылася, можна было падпарадкаваць волю чалавека, прадказаць лёс, пераўвасобіцца, зазірнуць у патаемныя сферы душы, перайсці мяжу паміж светамі), літаратура з матывам сну (асабліва рамантычная літаратура), уласныя сны паэта ці сны знаёмых пра яго (напрыклад, вялікае значэнне для яго меў сон Генрыеты Анквіч, у якім А. Міцкевіч з’явіўся ў белых шатах), спецыфічныя творчыя прасвятленні-імправізацыі паэта і інш.

У сне сенатара няма раўнавагі, але ёсць кантраст, кіданне з адной крайнасці ў іншую, нечаканы, рэзкі пераход ад шчасця да жаху, ад жыцця да смерці, ад прыемных герою малюнкаў уласнага жыцця да агіднага тлення. У сцэне пад назваю “Сон сенатара” А. Міцкевіч паказвае амбівалентнасць з’явы сну. У дадзеным выпадку гэта і “салодкі сон”, калі сенатару сніцца тое, што яму жадаецца (у духу высноў З. Фрэйда, пра тое, што сон – выява нашых патаемных жаданняў: “Сенатар зноў у ласцы, ласцы, ласцы, ласцы” [2, с. 175]), і “кашмарны сон” (“Ах! Паміраю я! Ужо гнію ў магіле. // І прах мой чарвякі нашчэнт ужо стачылі. // Усе пакінулі мяне. Як пуста, глуха!” [2, с. 175]).

Паэт падкрэслівае іронію лёсу людзей з пасадай, кшталту сенатара: іх шчасце, якім яны хваляцца і ганарацца, залежыць усяго толькі ад позірку цара ці ад таго, як слушна заўважыла польская даследчыца М. Пясецка, на якім баку сенатар спіць [7, с. 68]. Шчаслівы сенатар перавярнуўся на іншы бок і сон “пераварочваецца” з ім: цар ужо холадна глядзіць, а гэта – прысуд, смерць. Падзенне сенатара з ложка ў канцы сну полісемантычнае. Гэта і маральнае падзенне, гэта і спусканне ўніз па кр’ернай лесвіцы, гэта і скідванне з неба на зямлю (ці ў пекла). Матыў скідвання ў пекла, які сустракаецца ў рамантычных творах, паходзіць, на думку даследчыка Д. Нячаенка, з антычнасці (скідванне ў Тартар). М. Пясецка так піша пра гэты момант у “Дзядах”: “Сувязь паміж тым, што робіцца з целам Сенатара, які спіць, і акцыяй сну, паэт даводзіць да гратэскнай кульмінацыі ў тым моманце, калі грэшнік падае з ложка на зямлю” [7, с. 68-69].

Трэба дадаць, што апісанне “прыемнай” часткі сну сенатара і самога працэсу сну, А. Міцкевіч зрабіў максімальна агіднымі. Рухі сенатара ў сне (“пераварочваецца”, “плюе”, “калупае пальцам у вуху”) даюць яму негатыўную характарыстыку – у сне чалавек не кантралюе сябе і таму ў сне выяўляецца сапраўдная сутнасць чалавека. У гэтай сувязі можна згадаць цікавы эпізод з аповесці Дж.Д. Сэлінджэра “Над бяздоннем у жыце“, дзе брат назірае за сном сваёй сястры і думае: “Дзіўная штука: калі дарослыя спяць, раскрыўшы рот, у іх агідны выгляд, а ў дзяцей – ніколькі. З дзецьмі – усё інакш. Нават калі слінкі ў іх цякуць у сне – і тое на іх глядзець не агідна” [5, с. 113]. Прыём назірання за чужым сном часта выкарыстоўваецца пісьменнікамі. Праз успрыняцце таго, хто назірае, у чытача фармуецца ўяўленне пра спячага і пра стасункі, адносіны назіральніка і спячага. Наогул матыў віжавання за чужым сном прысутнічае ў многіх рамантычных тэкстах: у творах А. Міцкевіча “Рамантычнасць” і “Дзяды”, у Я. Баршчэўскага ў “Шляхціцы Завальні”, “Жыцці сіраты”. Гэта – яшчэ адна асаблівасць літаратурных сноў: у іх заўжды ёсць матыў падглядвання. Падглядвання за патаемным, схаваным, віжавання за чужой душой, за чужымі думкамі. У ролі таго, хто назірае, могуць выступаць іншыя персанажы (яны глядзяць за спячым ці той, хто сніць/сніў, пераказвае свой сон каму-небудзь), а можа і сам чытач, які пачынае рабіць пэўныя вывады адносна характару героя паводле яго сну. Такім чынам, адзін сон заўжды бачаць двое.

Па вялікім рахунку, сон сенатара мае прагнастычную функцыю. Сенатар у сне бачыць сваю жудасную будучыню, тое, што яго чакае: смерць, пакаранне за грахі, за несумленнасць (тут дарэчы і д’яблы, якія радуюцца ў прадчуванні таго, як яны расправіцца з сенатарам).



У прынцыпе, аўтары (і Адынец, і Міцкевіч) у снах герояў выяўляюць досыць стандартныя жаданні людзей. Пра што можа марыць, так бы мовіць, сярэднестатыстычная дзяўчына? Пра шчаслівы шлюб, пра каханне. Пра што марыць чалавек з пасадай? Пра яшчэ большае ўзвышэнне, а ў выпадку сенатара яно магчымае толькі тады, калі да яго мае ласку цар. Такім чынам, у гэтых снах адлюстроўваюцца патаемныя жаданні герояў, што дапамагае раскрыццю іх характараў. Сны спрыяюць асэнсаванню ідэйнага зместу твораў.

Літаратура

  1. Вяселле. Песні ў 6 кнігах. / Склад. Л.А. Малаш; Рэд. М.Я. Грынблат, А.С. Фядосік. – Мінск: Навука і тэхніка, 1980. – Кн.1. – 680 с.

  2. Міцкевіч, А. Дзяды: Паэма. / А. Міцкевіч / Пераклад з польскай К. Цвіркі. – Мінск: Беллітфонд, 2001. – 304 с.

  3. Нечаенко, Д. М. Сон, заветных исполненный знаков: Таинства сновидений в мифологии, мировых религиях и художественной литературе / Д.М. Нечаенко. – М.: Юрид. лит., 1991. – 304 c.

  4. Салавей, Л. Голуб / Л. Салавей // Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч [і інш.]. – Мінск, 2004. – С. 122.

  5. Сэлинджер, Дж.Д. Над пропастью во ржи / Дж.Д. Сэлинджер // Над пропастью во ржи. Выше стропила, плотники. Хорошо ловится рыбка-бананка. Человек, который смеялся. Голубой период де Домье-Смита. Лапа-растяпа. – М., 1965. – C. 9 –148.

  6. Odyniec, A.E. Poezye / A.E. Odyniec. – Poznań: Nowa Drukarnia Pompejusza i Spółki, 1832. – 126 s.

  7. Piasecka, M. Mistrzowie snu: Mickiewicz-Słowacki-Krasiński / M. Piasecka. – Wrocław. Warszawa. Kraków: Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk, 1992. – 255 s.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка