Бду, Мінск з гісторыі вывучэння беларускай фальклорнай спадчыны




Дата канвертавання24.03.2016
Памер71.12 Kb.


Любецкая К.П.

БДУ, Мінск


З ГІСТОРЫІ ВЫВУЧЭННЯ БЕЛАРУСКАЙ ФАЛЬКЛОРНАЙ СПАДЧЫНЫ
Сёння, калi навуковая грамадскасць спрабуе асэнсаваць дасягненні і здабыткі мінулага, наспела патрэба ўвесцi ў айчынную навуку невядомыя як спецыялістам, так і шырокім колам грамадства даследаванні, якiя складаюць асобную, цікавую старонку ў гісторыі беларускай фалькларыстыкі, вызначыць iх ролю. Незалежна ад умоў распрацоўкі пэўнага даследавання і яго аўтарства, выяўленыя матэрыялы – гэта варты ўвагі, каштоўны здабытак. Адной з крыніц, якая яшчэ не трапіла ў айчынны навуковы абыходак, але, відавочна, уяўляе навуковы інтарэс, з’яўляецца “Славянская хрэстаматыя”1 Э.Бернэкера2.

На пачатку ХХ ст. на Захадзе не было пэўных уяўленняў пра беларускі край, яго культурную спадчыну. “У нямецкіх навуковых і палітычных колах Беларусь звычайна трактавалі як гаспадарча і культурна адсталую частку Расіі, якая вылучалася толькі сваёй этнічнай спецыфікай” [1, с. 11]. Кароткую і фрагментарную інфармацыю давала часам берлінская газета “Polnische Blätter” і венскі штотыднёвік “Polen”. Але паступова, дзякуючы працэсу адраджэння ў Беларусі, які разгарнуўся на пачатку ХХ ст., з аднаго боку, і станаўленню славістыкі, з’яўленню прац польскіх, а затым заходнееўрапейскіх вучоных, – з другога, звесткі пра Беларусь і беларускую культуру пранікалі на Захад, у тым лiку i ў Германію. Навуковыя даследаванні друкаваліся галоўным чынам у вядомым нямецкім славістычным часопісе “Archiv für slavische Philologie” (“Архіў славянскай філалогіі”) і закраналі шэраг значных праблем беларускай філалогіі. У грамадскіх колах абуджаўся інтарэс да вывучэння Беларусi, якi, у прыватнасці, выяўляўся ў тым, што рабіліся спробы апрацоўкi лексiчнага багацця беларускай мовы i стварэння перакладных слоўнiкаў.

У гэты час у заходнееўрапейскіх універсітэтах ствараюцца кафедры славянскай філалогіі, вядучымі філолагамі-славістамі распрацоўваюцца курсы лекцый і семінараў па славістыцы і параўнальным мовазнаўстве. Адсутнасць падручнікаў і тэкставых матэрыялаў з розных славянскіх моў значна ўскладняла навучальны працэс у неславянскіх краінах. Таму прафесар Нямецкага універсітэта ў Празе Э. Бернекер вырашае скласці хрэстаматыю, у якой былі б прадстаўлены тэкставыя матэрыялы з усіх славянскіх моў. Распрацаваная кніга-падручнік атрымала назву “Славянская хрэстаматыя са слоўнікамі”. Пасля свайго першага выдання ў 1902 г. у Страсбургскім выдавецтве К.Й. Трубнера яна перавыдавалася яшчэ два разы: у 1907 г. і ў 1980 г. у выдавецтве “Гіронімус” горада Нойрыда. Другое і трэцяе выданні з’яўляюцца перадрукам хрэстаматыі 1902 г. Як адзначаюць В. Геземан і Х. Шалер у прадмове да трэцяга выдання, “Славянская хрэстаматыя са слоўнікамі” сёння, як і раней, схіляе да вывучэння ўсіх славянскіх моў і дапамагае паглыбіць атрыманыя веды” [3, c. 3].

У прадмове да хрэстаматыі адрасатам кнiгi называюцца найперш студэнты, якія вывучаюць курс славістыкі. Аўтар спадзяецца, што кніга, у якой сабраны тэкставыя ўзоры з розных славянскіх моў, будзе карыснай, а невялікія перакладныя слоўнікі стануць зручнымі дапаможнікамі пры перакладзе тэкстаў хрэстаматыі і вывучэнні моў.

Як адзначае пазней адзін з рэцэнзентаў кнігі, “задача гэта ўяўлялася надзвычай цяжкай і складанай, паколькі аўтару ў многіх выпадках прыходзілася вызначаць, мае ён справу з мовай ці з дыялектам, і аргументаваць сваё рашэнне” [6, c. 2521].

Хрэстаматыя – гэта падборка тэкстаў для чытання з 12 славянскіх моў і іх асноўных дыялектаў. Да дзвюх беларускіх казак са зборніка М. Федароўскага “Аб мерцу, які да дзяўчыны з таго свету прыехаў” і “Бяда”3, што ўвайшлi ў склад хрэстаматыi, далучаны невялікі перакладны слоўнік “Wörterverzeichnis” (спіс, паказальнік слоў). Ён мае выключна практычнае прызначэнне – даць тлумачэнне слоў, якія сустракаюцца ў казках i ўскладняюць разуменне тэксту чытачом. Пры гэтым, як адзначаецца самім аўтарам, выбар слоў для перакладу быў адвольны. Як і ўсе іншыя лексіконы ў хрэстаматыі, слоўнік падрыхтаваны на лацiнцы; ён невялікі аб’ёмам (139 слоў займаюць 3 старонкі), “што было прадыктавана намерам, з аднаго боку, не пашыраць хрэстаматыі, а з другога, не вельмі спрашчаць перакладчыцкія задачы студэнтаў” [2, c. 5].

Пры распрацоўцы лексікону быў выкарыстаны “Словарь белорусского наречия” I.I. Насовiча (СПб, 1870), нямецкая ж частка перакладнога даведніка распрацавана Э. Бернекерам.

У корпус слоўніка ўвайшлі лексічныя адзінкі, якія з’яўляюцца назвамі міфічных істот і герояў казак, напрыклад: čart, mrec, dźeŭčýna, bahatýr, dźećúk, pan, péveń. З мэтай характарыстыкі казачных персанажаў для перакладу выбраны лексемы chítry, bedák, ńéjaki, strašýdło. Назвы прадметаў у лексіконе прадстаўлены адзінкамі kryž, kśónčka, maładźík, kałóček. Значную па колькасці групу складаюць словы, што называюць дзеянні і падзеі, звязаныя з героямі казак, працэсы мыслення і маўлення, напрыклад: ahlanúć, dźákavać, lećéć, navalíć, pytáć, šychaváć, zhínuć, zbahaćéć і інш. Акрамя таго, нямецкія эквіваленты прапануюцца для лексем, якія называюць месца дзеяння: cháta, chlev, mésco, mahíłka, vóska, ńédźe, а таксама абазначаюць час яго працякання: ńikóli, tymčásam, ćipér, daŭńéj.

Большасць лексічных адзінак, выбраных аўтарам для перакладу, адносяцца да разраду агульнаўжывальных: adźéža, dźákavać, kazáć, zlažýć і інш. Невялікую групу складаюць дыялектныя словы: adźétok, ćuómńik, namaŭláć, naménčy se і інш.

Рэестравыя словы беларускай мовы падаюцца ў алфавітным парадку. Пры перакладзе формы дзеяслова прыводзiцца таксама інфінітыў на беларускай i нямецкай мовах. Напрыклад: išóŭ f. išłá präteritum zu iśći ipf. gehen; leź Imperativ zu légći pf. sich legen. Калi загалоўным словам з’яўляецца неазначальная форма i яна ж перакладаецца на нямецкую мову, у складзе слоўнiкавага артыкула прысутнiчаюць некаторыя беларускiя дзеяслоўныя формы: meć, praes. máju ipf. haben. Трыванне аўтар пазначае ў кожным дзеяслове (pf. – закончанае, ipf. – незакончанае).

Прыслоўi ў простай форме вышэйшай ступенi параўнання суправаджаюцца паметай adv.: daŭnéj adv. früher; buolš adv. mehr; barždžéj adv. so schnell als möglich. Пры перакладзе некаторых прыназоўнiкаў указваецца, з якiм склонам ён ужываецца: ad c Gen. von, seit; praz, prez c Acc. durch, über; z c Instr. mit; с Gen. aus.

У складзе перакладзеных адзiнак фіксуюцца таксама прыметнiкi, займеннiкi, выклiчнiкi, часцiцы: hólynackt, kahl, bloss; oho! – oh, oho!; hétydieser; jakiwelcher; ninicht; nenein. Слоўнік мае спрошчаную структуру: аднаму беларускаму слову адпавядае пераважна адно нямецкае. Адзначаныя сінанімічныя варыянты раздзяляюцца коскамі, напрыклад:



hadóŭla f – Pflege, Mast;

handel m – Handel, Geschäft; narabíć pf – machen, anrichten; navalíć pf – heraufwerfen, wälzen.

Каштоўным у слоўнiку можна лiчыць тое, што беларускiя фразеалагiзмы ў ім не перакладаюцца на нямецкую мову, а да iх падбіраюцца нямецкiя адпаведнiкi, напрыклад: ad mała da vélalang und breit; to śóje to tójebald dies, bald das.

“Славянская хрэстаматыя са слоўнікамі” была значнай і важнай падзеяй у нямецкай славістыцы. Па словах сучаснікаў Э. Бернекера, яго кніга “з’яўляецца грунтоўным дапаможнікам пры вывучэнні славянскіх моў у Германіі не толькі для тых студэнтаў, якія праходзяць курс славістыкі, але і для тых, хто жадае атрымаць веды па якой-небудзь адной славянскай мове” [5, c. 371]; “прыкладзеныя да тэкставых матэрыялаў слоўнікі маюць важнае практычнае значэнне, і толькі пры іх дапамозе можна асэнсаваць незразумелыя месцы ў тэкстах” [4, c. 70]. Калега Э. Бернекера В. Вондрак заўважае, што “слоўнікі, якія суправаджаюць кожны раздзел, з’яўляюцца даволі падрабязнымі і патрэбнымі” [6, c. 2522]; “выкарыстанне слоўніка будзе карысным і неабходным для тых, хто толькі пачынае вывучаць славянскія мовы і атрымоўвае першыя веды” [7, c. 402].

Распрацоўка перакладнога лексікону ў пачатку ХХ ст. сведчыла, што беларуская мова ўспрымалася заходнееўрапейскімі вучонымі як адметная ад іншых славянскіх моў. У адным з першых беларуска-нямецкiх слоўнiкаў толькi пачыналi фарміравацца асноўныя прыёмы лексiкаграфiчнай апрацоўкi беларускага слова, вызначалiся спосабы тлумачэння слоў.



Спіс літаратуры

1. Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй / Ю. Туронак; пер. з польскай В.Ждановіч. – Мн.: Беларусь, 1993.

2. Berneker E. Slavische Chrestomathie mit Glossaren / E. Berneker. – Strassburg, 1902.

3. Gesemann W., Schaller H. Vorwort zum Nachdruck 1980 / W.Gesemann, H. Schaller // Berneker E. Slavische Chrestomathie mit Glossaren. – Neuried: Hieronimus Verl., 1980.

4. Hirt H. (Rez.) Berneker E. Slavische Chrestomathie mit Glossaren / H. Hirt // Literarische Zentralblat für Deutschland. – 1903. - № 2. – S. 69.

5. Muke E. (Rez.) Slavische Chrestomathie mit Glossaren / E. Muke // Neues Archiv für Sächsische Geschichte und Altertumskunde. - 1903. – Bd. 24. – S. 371.

6. Vondrak W. (Rez.) Erich Berneker. Slavische Chrestomathie mit Glossaren / W. Vondrak // Deutsche Literaturzeitung. – 1902. – № 40. – S. 2521-2522.

7. Vondrak V. (Rez.) Prof. Dr. Erich Berneker. Slavische Chrestomathie mit Glossaren / V. Vondrak // Allgemeines Literaturblatt. – XII Jahrgang. - 1903. - S. 401-402.




1 [Berneker E.] Wörterverzeichnis // Berneker E. Slavische Chrestomathie mit Glossaren. – Strassburg, 1902; [Berneker E.] Wörterverzeichnis // Berneker E. Slavische Chrestomathie mit Glossaren. – [2 Aufl.]. – Strassburg, 1907; [Berneker E.] Wörterverzeichnis // Berneker E. Slavische Chrestomathie mit Glossaren. – [3 Aufl.]. – Neurid, 1980.

2 Доктар, прафесар Эрых Бернекер (3.2.1874 – 15.3.1937) – вядомы лінгвіст пачатку ХХ ст., які працаваў у галіне славістыкі і балтыстыкі, аўтар “Славянскай хрэстаматыі са слоўнікамі”. Падчас вучобы ў Маскве (1895–1896) будучы навуковец наведваў Беларусь і Польшчу з мэтай вывучэння моўных асаблівасцей гэтых тэрыторый. Найбольш значнымі яго навуковымі работамі з’яўляюцца: “Пруская мова” (1896), “Парадак слоў у славянскіх мовах” (1900), “Славянская хрэстаматыя са слоўнікамі” (1902), “Славянскі этымалагічны слоўнік” (1908–1914).

3 Беларускія казкі, запісаныя М. Федароўскім у ваколіцах мястэчка Ваўкавыск Гродзенскай губерні, былі пададзены ў “Славянскай хрэстаматыі” паводле зборніка “Lud Białoruski na Rusi Litewskiej” (Т. 1. – Kraków, 1897).




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка