Бдпу імя М. Танка, г. Мінск педагагічнае значэнне выкарыстання беларускіх народных прымет ў працэсе азнаямлення дашкольнікаў з прыродай




Дата канвертавання30.03.2016
Памер75.66 Kb.
Страха Алена Анатольеўна

БДПУ імя М. Танка, г. Мінск


ПЕДАГАГІЧНАЕ ЗНАЧЭННЕ ВЫКАРЫСТАННЯ БЕЛАРУСКІХ НАРОДНЫХ ПРЫМЕТ Ў ПРАЦЭСЕ АЗНАЯМЛЕННЯ ДАШКОЛЬНІКАЎ З ПРЫРОДАЙ
Народныя прыметы суадносяцца з жыццём чалавека, з надвор’ем, з адносінамі чалавека да прыроды. Прадметам асэнсавання, ацэнкі ў прыметах, станавілася практычна кожная з’ява прыроды, кожны прадмет прыроды, што акружалі чалавека і кожнае яго дзеянне ў прыродзе. У колькасных адносінах багацце народных прымет і павер’яў настолькі невычэрпнае, наколькі рознабаковае і бясконца разнастайнае само духоўнае і матэрыяльнае жыццё чалавека. Народная прымета – гэта прыкмечаныя чалавекам, незразумелыя для яго, але сталыя адносіны паміж якімі-небудзь часта паўтаральнымі з'явамі ці падзеямі ў фізічным свеце. Шляхам шматвяковых назіранняў за з’явамі надвор’я і шляхам перадачы досведу з пакалення ў пакаленне народ усталёўваў неаднаразова паўтаральную адначасовасць (супадзенне) ці паслядоўнасць дзвюх падзей ці з’яў. Кожная паасобку прымета паўстае як цалкам самастойны згустак інфармацыі, што мае сваю ўнутраную логіку, сваю прагматыку і структуру.

Найпершая і самая важная функцыя прымет - інфармацыйная. Праз прыметы чалавеку прадстаўляецца такая інфармацыя, якую неабходна правільна вытлумачыць. Важна падкрэсліць, што інфармацыя можа быць самай рознай — дождж, ранні снег, мароз і г.д. Розныя з’явы наваколля становяцца свайго роду знакамі, што інтэрпрэтуюцца як пэўныя паведамленні.

Дзякуючы ўважлівым назіранням за надвор’ем, за паводзінамі жывёл, асаблівасцямі раслін на працягу стагоддзяў быў створаны шэраг дакладных прымет. Такія прыкметы могуць быць выкарастаны ў працы з дзецьмі.


  1. Найбольш выразныя прыметы, звязаныя з прадказаннем надвор’я:

    • набліжэнне дажджу: “Месяц красен – к дажджу”

    • вецер: “Калі пры заходзе сонца воблакі чырвоныя, то назаўтра будзе вецер”

    • мароз: “Вераб’і ўмацоўваюць свае хованкі – праз некалькі дзён пахаладае” і г.д.

Уважліва назіраючы за зменамі надвор'я, людзі сталі прадказваць яе на найблізкі час і вызначалі нярэдка даволі дакладна. Так, калі пры ясным надвор'і неба раптам пачынала хмурыцца, а ўначы не выпадала раса, то казалі, што гэта да дрэннага надвор'я, да дажджу. І сапраўды, у хуткім часе неба завалакалася хмарамі і пачынаў ісці дождж. Такія прыметы, заснаваныя выключна на візуальных назіраннях, давалі ў большасці выпадкаў дакладныя звесткі.

  1. Цікавыя прыметы надвор’я па паводзінах жывёл:

    • насякомых: “Калі пчолы з раніцы сядзяць у вуллі і гудуць, то будзе дождж”

    • земнаводных: “Калі ўвечары жабы гучна квакаюць, то хутка будзе дождж”

    • птушак: “Калі ластаўкі лётаюць высока, то будзе добрае надвор'е, а калі нізка над вадою ці над самаю зямлёю, тое гэта на дождж”, “Куры церабяцца і купаюцца – дождж будзе”

    • звяроў: Кот на печку – сцюжа на двор”.

На сённяшні дзень навукай усталявана, што жывёлы задаўга да наступу дажджлівага надвор'я адчуваюць павышэнне вільготнасці паветра, падзенне атмасфернага ціску, паслабленне сонечнага святла і назапашванне паветранай электрычнасці перад навальніцай. Тыя насякомыя, якія пакрыты пушком і валасінкамі, якія добра ўбіраюць вільгаць, ужо пры невялікім павелічэнні вільготнасці змушаны лётаць нізка над зямлёй. Услед за насякомымі над зямлёй пачынаюць лётаць і птушкі, якія сілкуюцца імі. Тое ж робіць і рыба. Яна выскоквае з вады і ловіць насякомых, якія звычайна лётаюць над самай вадой. Ўзмоцненае кваканне жаб - таксама своеасаблівае рэагаванне на набліжэнне навальніцы.

3. Прыметы надвор’я па падметах і з’явах нежывой прыроды:



    • раса: “Калі пасля заходу сонца выпадае вялікая раса, то будзе добрае надвор'е, а калі няма - то хутка будзе дождж”

    • вясёлка: “Вясёлка ж пасля абеду паказвае, што будзе яснае надвор'е”

    • месяц: “Калі месяц агародзіцца вакол узімку, то будзе валіцца снег ці закруціць завея, а ўлетку варта чакаць непагадзь”

    • зоркі: “Калі зоркі блішчаць роўна, то будзе мароз ці яснае надвор'е, а калі яны міргаюць, то будзе непагадзь”

  1. Прыметы надвор'я на працяглы час:

  • сярод прадказанняў надвор'я на працяглы час адмысловае месца адводзілася дням выпадзення першага снегу, дням першага грому, першага марозу і г.д.: “Пасля таго дня, як выпадзе першы снег, вялікі снег выпадзе і пакрые зямлю толькі праз месяц”. У дадзеным выпадку прымета не можа лічыцца дакладнай, бо снег можа легчы і адразу, у асобныя ж гады сталы снег выпадае толькі перад Новым годам ці пасля яго, хоць да гэтага 2-3 месяца перыядычна снег то выпадаў, то хутка раставаў.

Такая прымета “Калі першы гром чуецца з поўначы, то надыходзячае лета будзе халоднае, з поўдня – цёплае” так сама з'яўляецца недакладнай, бо яна была заснавана на простым упадабленні з’яў, якія не маюць паміж сабой ніякай заканамернай сувязі. Напрыклад, у дадзеным паселішчы гром чулі з поўначы, а за 20 кіламетраў гэты ж гром чуўся з поўдня. Дадзеныя прыметы не адлюстроўваюць сапраўдных сувязяў, якія існуюць у прыродзе.

  • важным у прадказанні надвор'я на працяглы час быў стан яго ў дзень якога-небудзь свята, ці да, ці пасля яго: Калі добра прыкмячаць, якоя бывае надворе зімою да калядаў і пасля калядаў, такое надворе будзе перад Пятром і пасля Пятра”, “Калі на Пакровы мароз, то зіма будзе цяжкая”, “Якое надвор’е на Каляды да абеду, такое будзе вясною”.

  • часам спрабавалі вызначыць надвор’е па каляндарным цыклам розных з’яў ў прыродзе: “Якое надвор’е было падчас красавання садоў, такое ж будзе і падчас жніва жыта”, “Калі першы снег заспее лісце на дрэвах, то будучая вясна будзе халодная”;

  • вызначэнне будучага надвор’я па стане яго ў ту ці іншую пару года: “Калі роўная зіма, то будзе добрае лета”, “Якая зіма, такое будзе і лета, бо лета ідзе па зіме”. Варта адзначыць, што ў перыяды інтэнсіўнай сонечнай актыўнасці зіма і лета прыкметна адрозніваюцца надвор’ем ад наступных зімы і лета. Народныя назіранні маюць тут вызначаны разумны сэнс. Калі зыходзіць з навуковых дадзеных пра стан сонечнай актыўнасці ў вызначаныя гады і яе ўплыве на надвор'е, то часта надвор'е зімы не вельмі рэзка адрозніваецца ад надвор’я будучага лета. Калі, напрыклад, узімку надвор’е добрае і маразы дужыя, тое лета будзе пагоднае і гарачае, а калі ўзімку валіць снег, тое лета будзе мокрае.

Было б памылкай лічыць, што ўсе прыметы, якія тычацца прадказанняў надвор'я на працяглы час, былі няслушнымі. Асобныя з іх, у першую чаргу выпрацаваныя шляхам шматгадовых назіранняў, маюць рэальную аснову. Напрыклад, вядома, Калі мышы робяць свае гнёзды над зямлёю, то будзе мокрая восень, а калі ў зямлі - то сухая”. Цалкам лагічны змест гэтай прыметы, бо дажджлівае надвор'е пагібельна для мышэй, якія жывуць у норах на нізкіх месцах.

Другая функцыя прымет - мадэляванне імі чалавечых паводзінаў, стварэнне канкрэтных схем для арыентацыі ў той ці іншай сітуацыі. Прыметы паказваюць на неабходнасць усвядомленага стаўлення да ўласных учынкаў адносна наваколля, бо яно ў сваю чаргу можа «адказаць» якраз у адпаведнасці з атрыманым сігналам. У гэтай сувязі звяртае на сябе ўвагу форма прымет, якая можа быць у выразе:

  • прадпісанняў. Гэтыя прыметы, пабудаваны паводле схемы «рабі гэта, каб здарылася тое: “Што б не сеялі, то яно лепш атрымаецца, калі ў той час на небе не відаць сонца, а плывуць хмаркі ці аблокі”. Можна выказаць здагадку, што ў пахмурны дзень часам аддавалі перавагу сеяць у сувязі з тым, што зямля была больш вільготнай і насенне хутчэй прарастала.

  • забаронаў. Гэтыя тэксты, пабудаваныя паводле схемы «нельга рабіць гэта, каб не здарылася тое»: “Не ступай праз галень — забаляць ногі”. “Каб не балела галава, не кідай вычасаныя валасы абы куды”, “Як карова ацеліцца, то няможна з хаты нічога пазычаць”.

  • рэкамендацый. У данным выпадку чалавек выступае як атрымальнік пэўных паведамленняў. Напрыклад: “Каб звесці ў поле паганае зелле, бяруць шчэпку з таго дзерава, каторае разаб'е пярун, да й барануюць ёй поле”.

Асноўным лейтматывам выканання альбо невыканання правілаў выступае ўніверсальная формула «за ўсё трэба плаціць», інакш кажучы, кожны чалавечы ўчынак уключаны ў сітуацыю ўзаемадзеяння і на яго абавязкова знойдзецца адказ, «проста так» нічога не можа быць ні сказана, ні зроблена. Глыбіннай светапогляднай асновай прымет выступае ўсеагульная абумоўленасць, калі ўвесь свет уяўляўся сістэмай узаемаабумоўленых і ўзаемазамяшчальных элементаў, калі ўсё магло быць прычынай усяго. Назіраючы за прыродай, чалавек вучыўся мэтанакіраванасці і гарманічнасці. Адзначаную шматвяковымі назіраннямі ўзаемасувязь прыродных з'яў у розныя поры года народ злучае с заканамернасцямі ў прыродзе.

Вывераныя доследам шматлікіх пакаленняў, гэтыя выразы народнай мудрасці могуць выкарыстоўвацца ў рабоце па азнаямленню дзяцей дашкольнага ўзросту з прыродай. Важна адбіраць народныя прыметы, зыходзячы з наступных патрабаванняў:

- змест прымет павінен быць зразумелым для дашкольнікаў. Напрыклад, такія прыметы як "Калі на святога Фядота дубовы ліст разгарнуўся, зямля прынялася за свой род", "Позні лістапад - на цяжкі год" патрабуюць падрабязных тлумачэнняў і самі з’явы, якія закранаюцца ў прыметах, не з’яўляюцца блізкімі, значнымі для дзяцей;

- варта выкарыстоўваць прыметы, злучаныя з прыроднымі з’явамі, якія дзіця можа само назіраць. Напрыклад, "Ластаўкі лётаюць нізка - да дажджу", "Дождж пры сонцы - хутка дождж спыніцца";

- не варта выкарыстоўваць шмат доўгатэрміновых прымет, тыпу "Рабіны ўрадзіла шмат - да мокрай восені і суровай зімы", "Калі першы снег выпаў на зялёнае лісце, зіма будзе суровай", "Бяроза з восені жоўкне з верхавіны - вясна ранняя, знізу - позняя". Азнаямленне дашкольнікаў з такімі прыметамі патрабуе арганізацыі працяглых назіранняў на працягу некалькіх сезонаў, рэгулярнай фіксацыі назіраемых з’яў, аб'ектаў, падрыхтоўкі дзяцей да распавядання пра заўважаныя змены;

- не варта выкарыстоўваць прыметы, злучаныя з негатыўным стаўленнем да аб’ектаў прыроды ці якія дэманструюць адмоўную мадэль паводзін у адносінах да аб’ектаў прыроды. Напрыклад, "Чорная кошка перабегла дарогу - да няшчасця", "Калі задавіць жабу - пойдзе дождж";

- важна больш выкарыстоўваць прымет, якія падкрэсліваюць прыгажосць аб’ектаў і з’яў прыроды і стымулююць назіранне, любаванне імі. З нашага пункта гледжання гэтаму можа спрыяць і мастацкая апрацоўка народных прымет для азнаямлення з імі дзяцей дашкольнага ўзросту. Напрыклад; у ясныя вясновыя дні кветкі маці-і-мачахі гараць залатымі зорачкамі, але варта з’явіцца ў небе дажджлівай хмарцы, як кветачкі зачыняюцца, зорачкі згасаюць; яшчэ не стукнулі першыя кроплі дажджу, а далікатныя фіялкі ўжо сагнулі свае празрыстыя тонкія сцяблінкі і апусцілі "вочы" да зямлі, так ім лягчэй перанесці ўдары дажджавых кропель, перад дажджом пухнатыя шарыкі дзьмухаўца сціскаюцца і парашуцікі утрымліваюцца на месцы, не разлятаюцца.

Непасрэднае назіранне прывабных аб’ектаў прыроды ў спалучэнні з народнай мудрасцю, вобразнай гаворкай педагога стымулюе імкненне дзяцей любавацца прыродай, захапляцца яе прыгажосцю і адлюстроўваць яе падчас выяўленчай дзейнасці.


Літаратура

  1. Беларусы. Т. 7. Вусная паэтычная творчасць / Г.А. Барташэвіч, Т.В. Валодзіна, А.І. Гурскі і інш.; Рэдкал.: В.М. Бялявіна і інш.; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. – Мн.: Бел навука, 2004. – 586 с.

  2. Жыцця адвечны лад: Беларускія народныя прыметы і павер’і /уклад., прадм., пераклад, бібл. У. Васілевіча. – Кніга 2. – Мінск, 2010. – 614 с.

  3. Зямля стаіць пасярод свету... Беларускія народныя прыметы і павер’і /уклад., прадм., пераклад, бібл. У. Васілевіча. – Кніга 1. – Мінск, 2010. – 574 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка