Баруны на працягу стагоддзяў




старонка1/2
Дата канвертавання20.03.2016
Памер418.62 Kb.
  1   2
Тэкст абзорнай экскурсіі “Баруны на працягу стагоддзяў”

Баруны – дробная мясціна,

Але ў гісторыю сваю

Падзеяў розных шмат змясціла.

Старую ліру дастаю,

Каб скласці песню пра Баруны.

Ты, цётка-муза, падскажы

На лад які мне строіць струны,

Каб песня выйшла без ілжы.

На месцы сённяшняе вёскі,

Легенда кажа, бор шумеў,

Дык бор, Баруны – словы цёзкі,

Ад бору кут імя займеў

Шчыра вітаем і запрашаем узгадаць таямніцы і цуды барунскай зямлі, прыўзняць заслону яе славутай гісторыі, традыцый, даведацца пра знакамітых людзей, якіх яна ўзгадавала. Рады бачываць вас у гісторыка-этнаграфічным музеі “Спадчына” Барунскага вучэбна-педагагічнага комплекса.

Пачаткі пасялення губляюцца ў вяках. У канцы ХІІ – першай палове ХІІІ ст. на скрыжаванні шляхоў, адзін з якіх ідзе са сталіцы Вялікага Княства Літоўскага Вільні ў напрамку Мінска, Смаленска і Масквы, а другі злучае гарады-крэпасці Нясвіж, Мір, Навагрудак, Ліду, Гальшаны і Крэва, узнікла паселішча Баруны.

Назва Баруны, па меркаваннях Пятра Бітэля, наводзіць на думку, што пасяленне было закладзена ў лясной глушы, бо вядома, што ў той час большасць тэрыторыі нашага краю знаходзілася пад лясным покрывам. Ёсць думка, што вёска была закладзена на ўзбярэжжы баравога лесу і таму атрымала назву Баруны.

Дакументальных звестак аб пачатку Барунаў няма. Гэты недахоп запоўніла народная фантазія, стварыўшы нямала легенд, адна з якіх звязвае ўзнікненне вёскі з цудоўным з’яўленнем у бары іконы Багародзіцы, манахамі, кляштарам. Аднак вядома, што і касцёл і кляштар з’явіліся не на пустым месцы, а ў пасёлку.

Вось адна з легенд аб паходжанні назвы вёскі Баруны.



Жыў некалі ў нашым краі адзін заможны селянін. Звалі яго Барун. Дрэнны быў чалавек, сквапны, задзірысты. Кожную хвіліну думаў пра тое, каб больш грошай назбіраць: дзе недаесць, дзе ўкрадзе. Так і праходзіла яго жыццё.

Недалёка ў маёнтку жыў пан Слібада. Быў ён не скупы, любіў балі, розныя гулі, забавы. Часта браў пан Слібада пазыкі ў банку. Возьме грошы – і адразу іх прагуляе.

Але не магло так цягнуцца бясконца. З’явіліся аднойчы крэдыторы і прыгразілі пану, што калі не разлічыццца з даўгамі праз месяц, то пасадзяць яго ў турму, а маёнтак пойдзе з малатка. Слібада вельмі спалохаўся, ды не за сябе, а за дачку Анэтку – прыгожую, разумніцу, якой нядаўна споўнілася 19 гадоў. Ходзіць пан сам не свой, а выйсця з гэтага становішча не бачыць.

Выпадкова дачуўшыся пра беды Слібады, Барун прапанаваў пану: “Аддай за мяне сваю дачку, а я за цябе даўгі заплачу”. Выслухаў пан Слібада прапанову, і не адразу даў згоду, бо ведаў сквапнага і жорсткага Баруна. Шкада было яму адзіную дачку, а тэрмін плацяжу набліжаўся. Анэтка сама прыйшла да бацькі і аб’явіла сваё рашэнне: “Я выйду замуж за Баруна, ні аб чым не хвалюйся”. Дзяўчына, ахвяруючы сваім шчасцем, хацела выратаваць бацьку ад турмы.

Вось і вяселле адбылося. Пераехаў Барун са сваёй вёскі ў маёнтак. Зрабіўся гаспадаром, а праз месяц атруціў пана Слібаду, падсыпаўшы яд у кубак з гарбатай.

Да сялян вельмі жорстка адносіўся новы пан. Сек іх бізунамі, прымушаў працаваць на полі ад цямна да цямна без палудня, патрабаваў называць яго пан Барун. Але найгорш было Анэтцы. Барун кожны дзень біў яе і цягаў за валасы. А аднойчы забіў бедную кабету да смерці. Гэта стала апошняй кропляй. Сяляне згаварыліся тады падпільнаваць Баруна і правучыць яго. Калі той вяртаўся вечарам з шынка, мужыкі напалі на яго і забілі. Затым выкапалі магілу і пахавалі яго тут, ля дарогі. “Сабаку – сабачая смерць”, - гаварылі людзі. А вясной на месцы пахавання Баруна выраслі аранжавыя кветкі з вельмі непрыемным пахам. Назвалі іх людзі барунамі, а мястэчка – Баруны.

Паводля даследавання Васіля Грыня, назва Баруны мае цюркскае паходжанне. У перакладзе з цюркскіх моў “барун” азначае “вершнік”. У Вялікім Княстве Літаўскім быў таксама шляхецкі род татарскага пахаджання Барунскія. Больш таго, вядома, што наваколлі Крэва і Барун гістарычна з’яўляюцца рэгіёнамі татарскіх асадаў з часоў Вітаўта. Недалёка ёсць вёска Ардашы, назва якой мае цюркскае паходжанне, а ў самім Крэва нават дагэтуль жывуць патомкі татар і вызнаюць іслам.

На сучасным этапе развіцця гістарычнай навукі вувучэннем уніяцкай царквы на Беларусі займаецца доктар гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі Беларусі факультэта гісторыі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Святлана Валянцінаўна Марозава. Святлана Уладзіміраўна з’яўляецца аўтарам выступлення на навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі на тэму “Барунская базыльянская школа і яе выхаванцы”.

Менавіта ў яе працы мы знаходзім звесткі, што ў ХVII - першай трэці ХІХ ст. мястэчка Баруны было адным з цэнтраў уніяцтва на Беларусі. У канцы ХVІ ці першай палове ХVІІ ст. тут узводзілася невялікая драўляная царква, аднак, яшчэ незавершаная, згарэла. У 1692 г. прыхільны уніі Мікалай Песляк заклаў тут уніяцкую царкву і прызначыў да яе 7 манахаў-базыльян, якім аддаў ва ўтрыманне мястэчка Баруны з жыхарамі, будынкамі, зямельнымі участкамі. Фундатар завяшчаў устанавіць у царкве вялікі алтар, праводзіць у ёй "рымскае і грэчаскае набажэнствы" са спевамі і музыкай, а ў дні рэлігійных святаў, калі ў мястэчка прыязджае шмат людзей, арганізоўваць у ім кірмашы. Сябе ён завяшчаў пахаваць ў гэтай царкве, запрасіўшы ўніяцкага і каталіцкага святароў. Свайму нашчадку наказаў пабудаваць у Барунах каменную царкву.

Базыльяне, якім у 1702 г. са згоды ўрада Баруны з усімі жыхарамі і ўгоддзямі былі перададзены ва ўласнасць, прывезлі з сабой ікону Маці Божай, якая лічылася цудадзейнай.

Цудадзейны абраз забяспечыў багатыя ахвяраванні, і ў хуткім часе (1700-1707 г.) на месцы драўлянай была ўзведзена і забяспечана ўсім неабходным мураваная царква. Але ў 1707 г. мястэчка амаль цалкам знішчыў вялікі пажар. Згарэў драўляны будынак манастыра, а ад царквы засталіся толькі сцены. Царкву адбудаваў у 1715 г. уніяцкі мітрапаліт Леў Кішка. У 1747-1757 г. быў пабудаваны сённяшні будынак барунскага касцёла паводле праекта манаха Барунскага манастыра архітэктара Аляксея Асікевіча (дабудавана ў 1760-1770 гг.). У 1778-1793 г. пабудавалі двухпавярховы мураваны манастырскі корпус. Манастыр валодаў тады больш за 300 дзесяцін зямлі, не лічачы выпасаў, лугоў, лесу. Усе жыхары мястэчка былі манастырскімі прыгоннымі.

Да канца ХVIII ст. Барунскі базыльянскі манастыр быў адным з буйнейшых кнігапісных цэнтраў Беларусі. Калі друкарні выпускалі кнігі масавага попыту шматтысячнымі накладамі, то скрыпторыі выраблялі асабліва шыкоўныя заказныя або адсутныя на рынку «дэфіцытныя» кнігі. Вядомы імёны шэрагу барунскіх кнігапісцаў ХVІІІ ст.: Паісій Сахоўскі з Барун, Антон Завадскі.

Шырокую вядомасць набылі ў свой час Баруны як значны адукацыйны асяродак.

Да нашага часу дайшлі звесткі, што каля 1617 года ў Полацку, Жыровіцах і ў Барунах была адчынена базыльянамі пачат­ковая школа для манахаў і святароў.

Гэта была тыповая базыльянская навучальная ўстанова. Паводле звестак Пятра Бітэля, спачатку гэта была 3-гадовая установа свецкага напрамку, у 1700 г. пераведзеная сюды разам з маёмасцю і настаўнікамі з мястэчка Вішнева (Ашмянскі павет). У 1740 г. па патрабаванню клерыкалаў яна змяніла сваю праграму і стала рыхтаваць кандыдатаў у духоўнае званне. У 1780 г. зноў стала свецкай і пераўтварылася ў 6-гадовую школу з прэфектам на чале і існавала да 1833 г. Сучасныя энцыклапедыі і даведнікі памылкова называюць датай заснавання ў Барунах публічнай 6-класнай школы базыльян верасень 1793 г.

Гэта навучальная установа закрытага тыпу, дзе спачатку ў школе выкладалі выключна вучоныя манахі, аднак у ХІХ ст. з'яўляюцца і свецкія выкладчыкі. Навучанне першапачаткова вялося на польскай мове. Педагагічны калектыў складаўся з шасці прафесараў (выкладчыкаў): лацінскай мовы, арыфметыкі, красамоўства, гісторыі, фізікі і матэматыкі, якія штодня па чарзе выкладаліся свае прадметы ва ўсіх класах. Сярод школьных настаўнікаў вядомы базыльяне Ф.Бялдоўскі, М.Лебель, Б.Ляўковіч, Г.Лебель, Б.Гамалінскі, С.Катовіч, С.Ушацкі. Пры школе быў манах, які валодаў лекарскім майстэрствам, і патрэбны набор лекаў.

Вучылі тут таксама геаграфіі, батаніцы, праву, эканоміцы, гісторыі святога пісання, сельскай гаспадарцы, французскай, нямецкай, а з 1800 г. - расійскай мове. Візітатар Барунскай школы ў 1804 г. раіў яе настаўнікам больш часу адводзіць грунтоўнаму вывучэнню польскай і лацінскай моў.

Уяўленне аб характары вывучаемых дысцыплін дае факт набыцця Барунскай школай ў 1820-я гады ў Вільні, у прыватных друкарнях і кнігарнях Юзафа Завадскага і Францішка Морыца, польскай, лацінскай, французскай і нямецкай граматыкі, «Выпісаў расійскіх», рускага слоўніка, катэхізіса, біблейскай гісторыі, а таксама падручнікаў батанікі, заалогіі (Станіслава Юндзіла), арыфметыкі, геаметрыі, трыганаметрыі, мінералогіі, геаграфіі, гісторыі, фізікі, хіміі, агародніцтва і іншых падручнікаў.

У пачатку ХІХ ст. Баруны ўяўлялі сабой звычайную вёску, жыхары якой займаліся сельскагаспадарчай працай. Мястэчкам яна звалася таму, што мела прыгожую мураваную уніяцкую царкву і двухпавярховы базыльянскі манастыр. Царква і манастыр, разам з рынкавай плошчай, на якой стаяла так званая студэнцкая капліца, утваралі цэнтр мястэчка. Ад яго ў розныя бакі адыходзілі тры вуліцы (у тым ліку Мінская і Віленская) з выбоінамі і каляінамі, забалочаныя пасля дажджу. Вуліцы былі забудаваны 25-30 простымі драўлянымі дамамі, сярод якіх былі школа, 4 карчмы. Пратакол генеральнай візіты Барунскай школы, праведзенай у 1804 годзе, зафіксаваў, што школьны будынак уяўляў сабой асобны дом з памяшканнямі для правядзення ўрокаў. У ім была бібліятэка, якая складалася з 285 кніг, меліся матэматычныя інструменты для практыкі.

У розныя часы ў школе займаліся ад 140 да 200 юнакоў ва ўзросце ад 9 да 18 гадоў, найперш сыноў шляхты з з Ашмянскага і суседніх паветаў. У 1783 г. школа мела 180 вучняў, у 1803 г. - 150, у 1804 г. - 140, у другім дзесяцігоддзі XIX ст. - каля 200. Найбольш здольныя да навукі выпускнікі працягвалі вучобу ў Віленскім універсітэце. Раз у год візітатар, назначаны саветам гэтага ўніверсітэта, інспеціраваў школу.

У XIX ст. школа праславілася сваімі выхаванцамі, якія пакінулі след у навуцы, культуры, грамадска-палітычным жыцці Беларусі, Літвы і Польшчы.

На чале школы стаяў прэфект, які быў, па словах Адынца, "калі не дыктатарам, то па меншай меры консулам гэтай студэнцкай Рэчы Паспалітай". Усім манастыром кіраваў суперыёр. Ён займаўся, галоўным чынам, царкоўнымі і маянтковымі справамі і непасрэдна ў студэнцкія справы не ўмешваўся Два першыя класы зваліся ніжэйшымі. Іx вучні пагардліва зваліся мінімусамі і не смелі ўздыхаць аб роўнасці, якая панавала сярод вучняў чатырох наступных - вышэйшых класаў. У гэтым вясковым, малым, ціхім закутку, як піша Антон Адынец, аднак жа верна адбіўся, як сонца ў кроплі, характар і звычаі "літоўскіх" школ і студэнцкага жыцця ў ix моладзі.

Вучні жылі ў дамах мяшчан вакол рынку. Ім звычайна адводзіліся два пакоі, у якіх жыло столькі чалавек, колькі ложкаў можна было паставіць уздоўж сцяны. Да жыхароў абодвух пакояў або кожнага паасобку быў прыстаўлены гувернёр - звычайна выпускнік гэтай жа школы, званы пенсіянерам. Гувернёры складалі школьны патрыцыят, які непасрэдна сутыкаўся ca школьнымі ўладамі - прэфектам i прафесарамі.

Парадак школьнага жыцця быў наступны. У 6.30 раніцы - студэнцкая імша, у час якой аднаму з прафесараў дапамагалі добраахвотнікі, а гувернёры i шасцікласнікі, седзячы на лавах, спявалі на лаціне літанію да Маці Божай. У 7 гадзін - сняданак, з 8 да 10 і з 12 д 14 гадзін - урокі. Заняткі па мовах працягваліся да 17 гадзін. Рэшта дня служыла для навучання дома, a пасля гэтага - для забаў. Раніцай, з 7.30 да 8.00, на школьным двары стаяў шум i pyx. Тут уголас адбывалася навуковая споведзь адных перад другімі -дэкламаванне ўрокаў.

Прафесары, не маючы часу штодня правяраць урокі ў кожнага вучня, выбіралі для гэтага абавязку найбольш здольных i старанных вучняў - аўдытараў, якія павінны былі рэгулярна напярэдадні заняткаў выслухаць давераных яму калегаў (найбольш-6 чалавек) i паведаміць сваю думку аб ix ведах прафесару. Адказы ацэньваліся па шасці ўзроўнях у спецыяльным спісе - "эраце": "умее", "сумняваецца", "памыляўся ў адказах", "умее не добра", "не дэкламаваў", "не ўмее". На уроках прафесары правяралі справядлівасць выстаўленых адзнак, апытваючы тых ці іншых вучняў. Бяда тады аўдытарам, якія робячы камусьці паблажкі або з-за ўласнай ляноты складалі фальшывыя сведчанні.

Самым высокім саноўнікам у класе быў імператар. На гэту пасаду па чарзе прызначаліся самыя лепшыя вучні. 3 7.30 да 8 гадзін раніцы імператар сядзеў за прафесарскім сталом i ўпісваў у эрату думкі аўдытараў аб іншых i сваю - аб аўдытарах. Утрыманне i запаўненне гэтага спіса было галоўным атрыбутам улады імператара Такая годнасць забяспечвала яму павагу вучняў i прывілеі - ён ніколі ўжо не меў над сабой аўдытара. Гэты парадак меў месца ў першых трох класах, у наступных разлічвалі ўжо на сталы розум i стараннасць саміх вучняў.

Вось у такіх умовах i ў такіх іерархічных стасунках з году ў год у Барунах развівалася каля двух соцень юнакоў. У ix ліку ў першай чвэрці XIX ст. аказаўся Ігнат Ходзька (1794-1861) - ураджэнец вёскі Заблошчына Вілейскага павета Віленскага ваяводства, які потым скончыў са ступенню кандыдата філасофіі Віленскі універсітэт, з'яўляўся членам таварыства шубраўцаў i масонскай ложы ў Мінску, стаў вядомым пісьменнікам, найперш як аўтар шматтомных твораў "Літоўскія малюнкі" і "Літоўскія паданні", створаных пераважна на беларускім матэрыяле. Уладзіслаў Сыракомля прысвяціў яму нарыс "Жыццё і творы Ігната Ходзькі".

Выхаванец Барунскай школы Леанард Ходзька (1800-1871), выхадзец з вёскі Аборкі Ашмянскага павета Віленскай губерні, у далейшым - студэнт Віленскага універсітэта, член таварыства філарэтаў, сакратар М. К. Агінскага, актыўны дзеяч эміграцыі ў Парыжы (з 1826 г.), гісторык, публіцыст, збіральнік i выдавец матэрыялаў па гісторыі Беларусі i Польшчы, член многіх навуковых таварыстваў.

Антон Эдвард Адынец (1804-1885) - таксама ураджэнец Ашмянскага павета, які стаў знакамітым паэтам, перакладчыкам, публіцыстам, мемуарыстам, сябрам Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана, Ігната Дамейкі; філарэтам, адбываўшым у 1823-1824 г. заключэнне, рэдактарам "Віленскага весніка" у 1841-1859 г.

Барунскі выхаванец Юльян Корсак (1806-1855) са Слонімскага павета - паэт, перакладчык на польскую мову Гарацыя, Шылера, Байрана, Шэкспіра i іншых класікаў сусветнай літаратуры, прыяцель юнацтва I. Ходзькі, сябар А. Міцкевіча. Усе яны -ураджэнцы нашага краю, выхадцы са шляхты, дзеячы беларускай польскамоўнай культуры. Усе ў 1800-я -1810-я гг. пачыналі ўзыходжанне на вяршыні еўрапейскай навукі i культуры ў Барунскай базыльянскай школе. Іx усіх перажыў Антон Адынец, адзін з апошніх засталых у жывых філарэтаў. 60 год яго цяжкай творчай працы склалі цэлую эпоху ў жыцці некалькіх пакаленняў, якія вучыліся жыць i кахаць па творах Адынца.

Паводле Iгната Ходзькі, жыццё ў Барунах у цэлым не было надта вясёлым: жыццё ў аддаленні ад родных, сум, нудная i прымусовая праца, безагаворачная паслухмянасць, кара, часта незаслужаная, - усе гэта давала дзецям пакаштаваць першыя горычы самастойнага жыцця. Канікулы, праведзеныя дома, успрымаліся выхаванцамі як рай. Зусім розныя, супрацьлеглыя пачуцці i ўспаміны пакідалі ў студэнтаў царква i школа. Яны былі як неба i зямля, як рай i пекла. Калі дзеці ў царкве, успамінае пісьменнік, школа закрытая i чакае, каб ix зноў прыгнятаць. "У царкве гімны і песні, паўтараемыя гучным хорам, мілыя сэрцу i вуху студэнта, ... ў школе штодзённы плач i архіплач кожную суботу".

У студэнцкай капліцы, паводле мемуараў Iгната Ходзькі, захоўвалася школьная харугва. На ёй з аднаго боку была выява школьнай заступніцы Маці Божай, вышытая на белым атласе, на другім баку - каласісты сноп збожжа - эмблема плёну навукі, якую вучні растлумачвалі па-свойму: "Вучыся, асёл, добра - будзеш мець хлеб".

Найлепшыя ўспаміны пісьменніка пакінуў "ксёндз фізік". Паводле даных Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Пецярбургу, прафесарам фізікі "во всенародном Борунском училище" у 1804-1811 г. быў Юльян Іванавіч Спірыдовіч, выхадзец з беларускай шляхты.

У рукапісным аддзеле бібліятэкі Віленскага універсітэта намі выяўлены штомесячныя рапарты дырэктараў (гувернёраў) Барунскай школы за 1816-1818 г. з характарыстыкай стараннасці, паслухмянасці, паспяховасці і паводзін вучняў. У ix спісе - Антон Адынец i Леанард Ходзька, якія мелі ў гэтым журнале найлепшыя характарыстыкі. Згодна з рапартам за студзень 1817 г., Антон Адынец - гэта вучань IV класа, які меў 13 гадоў, жыў на кватэры, рэгулярна наведваў школу, вучыў урокі, быў старанны, добры характарам, паслухмяны.

Леанард Ходзька быў старэйшым, з'яўляўся сваяком Антона Адынца i не раз наведваў яго дом як бліжэйшы да Барун. Ix адносіны насілі характар сардэчнай прывязанасці, якая з гадамі перарасла ў сяброўства. Леанард аказаў вялікі літаратурны ўплыў на Антона, перапісваючы для сябе i даючы сябру чытаць розныя вершы. Менавіта такім чынам А.Адынец упершыню, будучы ў школе, пазнаёміўся з творамі Шылера. Чытанне Шылера ў польскім перакладзе падштурхнула да самастойнага вывучэння нямецкай мовы, якая, у адрозненне ад моў расійскай i французскай, не ўваходзіла ў абавязковую праграму навучання.

Школьнае дзяцінства Антона Адынца пачалоcя ў верасні 1813 г. Няпростымі былі яго першыя крокі ў навукі. Аддаленне ад бацькоўскага дома (недзе на мілю), выключна хлапечае таварыства абудзілі ў ім спачатку такі сум, што адзінай палёгкай было глядзець з-пад званіцы на ўзгорку на дах і дрэвы роднай хаты і плакаць. Аднойчы, не вытрымаўшы і нікому не сказаўшы, пайшоў дамоў. У пагоню прыскакаў конны пасланец ад яго гувернёра Брадоўскага. Энергічны і здольны чалавек, удзельнік вайны 1812 г, таксама барунскі выхаванец, Баніфацый Брадоўскі меў рэпутацыю найлепшага школьнага педагога. Пазней, закончыўшы Віленскі універсітэт, ён стаў настаўнікам, a потым і дырэктарам гімназіі ў Вільні.

Бацька Антона сам адвёз уцекача ў Баруны. Пазбегнуць пакарання дапамагла паэзія - школьны прэфект, прыяцель бацькі А.Адынца, неяк хваліў вершы Антона. Ф.Брадоўскі ж устроіў тады сапраўдную педагагічную камедыю.

3 тых часоў Антон Адынец стаў адным з самых паслухмяных і старанных вучняў, дзякуючы чаму меў прыхільнасць і ласку з боку педагогаў, якая ўвесь час узрастала і была відавочнай для школьных калег, даўшых яму мянушку "Любімчык". Антон і на самай справе аказаўся ў шэрагу самых лепшых вучняў - вучоба яму давалася лёгка, без вялікіх намаганняў. 3 першых жа тыдняў знаходжання ў школе ён удастоіўся гонару стаць аўдытарам, a ў другім квартале ужо быў прызначаны імператарам

Каб пасароміць старэйшых узростам і рослых невукаў, быўшых, як пра ix гаварылі, "пад вусам", Антона як маладзейшага і найменшага ростам прызначылі аўдытарам менавіта над імі. Калі прыходзіў час "дэкламавання ўрокаў" (праверкі заданняў), гэтыя паны, расказвае ў сваіх успамінах А.Адынец, каб улагодзіць мяне, завялі звычай катаць мяне на плячах па школьным двары, адказваючы пры гэтым урокі. Язда так падабалася, што ў знак падзякі ён запісваў у эраце лепшыя адзнакі, чым таго заслугоўвалі яго падапечныя. Гэтым ён нярэдка даваў повад для ўласнага пакарання - часта пакутаваў сярод класа на каленях. Але гэта не шкодзіла рэпутацыі пачынаючага аўдытара сярод прафесараў, якія не толькі не папракалі яго, але нават і ўпаўнаважвалі на гэту язду "на аслах", жартуючы нават тады, калі з прычыны яе загадвалі караць Антона. Усе гэта замацоўвала за ім прозвішча Любімчыка. У асобе ж сваіх падапечных ён меў заўзятых абаронцаў у час патасовак і боек.

Тры гады па ўсіх прадметах імператарская карона па чарзе пераходзіла ад Антона да яго аднакласніка Гераніма Умястоўскага, старэйшага на 2 гады, стараннага, акуратнага, разумнага, але зусім непадобнага да Антона. Геранім меў практычны розум, творчасці ж яму не хапала - гаварыў толькі пра тое, што бачыў i рабіў. Натуры хлопцаў адрозніваліся настолькі, што яны не маглі стаць сябрамі.

Антон Адынец не ўспамінае ў мемуарах, каб у першых двух класах ён пісаў вершы. Школьныя навукі пра ix не ўпаміналі, а штуршка збоку не было. Аднак чытанне літаратурных твораў з'яўлялася яго любімым заняткам. Яно развівала ўяўленне, давала магчымасць марыць. У трэцім класе пачалася размова аб лацінскай і польскай паэзіі і літаратуры. Вучылі на памяць вершы на абедзвюх мовах, а для практыкаванняў тлумачылі лацінскі тэкст па-польску. Шмат увагі ўдзялялі тлумачэнню старажытнарымскіх аўтараў Гарацыя, Плінія, Цыцэрона, Няпота, Вергілія. Аўтарытэт А.Адынца сярод калегаў стаў узрастаць, бо вершаваныя практыкаванні 11-гадовага хлопца былі найлепшымі.

Агульная цікавасць да чытання звязала Антона з Каролем Ласковічам, Юрыем і Сікстам Ясевічамі і Янам Турчынскім - усе яны равеснікі, шляхецкія сыны. На глебе цікавасці да чытання і паэзіі ўзнікла сяброўства са старэйшым на 4 гады вучнем V класа Антоніем Фрэйентам - слаўным школьным паэтам, імя якога і нават абрыс характару ўвекавечаны ў паэзіі Адама Міцкевіча. Фрэйента, вясёлага, жывога, жартаўлівага, нават прынялі ў свае таварыства гувернёры-пенсіянеры, любілі прафесары. Фрэйент вельмі падабаўся Адынцу ўжо ў І-ІІ класе, але той не звяртаў на яго як на мінімуса ніякай увагі. Далучыўшыся да сяброўскай групы, Фрэйент ажывіў яе сваёй весялосцю. Закончыўшы Барунскую школу, ён паступіў у Віленскі універсітэт і там таксама стаў улюбёнцам калегаў, прыяцелем усіх вершаскладальнікаў, з якімі А.Адынца першы і знаёміў.

Кнігі сябры бралі з асабістых бібліятэк суседніх паноў Заблоцкага і Закрэўскага, чыталі ix па чарзе, а потым разам абмяркоўвалі. Гэта была для ix больш цікавая забава, чым гульні на рынку ў мяч ці ў снежкі, што рабілі астатнія вучні. У коле Г.Умястоўскага ў той жа час абмяркоўвалі знаёмых жыхароў павету.

У III класе сябры пазнаёміліся з "Энеідай" і "Іліядай" Гамера. "Мая галава запалала як Троя,"-успамінае Антон. Пасля гэтага вучні падзяліліся на траянцаў і грэкаў. Рынкавая плошча, якая для іншых была звычайным месцам бегатні і гульняў, стала для ix полем бітваў пад Трояй. Цэлыя 2 гады гулялі ў гэтую гульню. Часамі, назіраючы за ёй, спачувалі таму ці іншаму боку гувернёры і нават прафесары.

Усе выхадцы з гэтай сяброўскай трупы, як піша А.Адынец, занялі ў жыцці больш-менш выдатныя месцы - кожны ў сваёй сферы дзейнасці - і пакінулі пасля сябе след і годную памяць. У той час, як ніхто з рэалістаў групы Г.Умястоўскага, хоць і добра вучыліся ў школе, не перасягнуў магчымасці свайго стану і не распаўсюдзіў сваю дзейнасці і ўплыву далей межаў сваёй "парафіі".

Сікст Ясевіч, для якога на першым плане заўсёды былі гераізм і рэлігійны аскетызм, вучыўся потым у Віленскім універсітэце. У 1828 г. пакінуў яго і пайшоў на руска-турэцкую вайну, дзе вылучыўся ў баях. Па вяртанні быў абраны начальнікам земскай паліцыі Вілкамірскага павету. Слава пра яго як пра абаронцу пакрыўджаных, ахоўніка грамадскага парадку і гразу ўсякага роду злачынцаў разышлася ў краі, і ён быў абраны членам апеляцыйнага суда ў Коўне. Але пасля смерці жонкі ім авалодалі думы аб вечным. Ён парваў са светам, хацеў стаць манахам ордэна капуцынаў, чаму, адна, перашкодзілі фармальнасці. Сікст стаў весці жыццё пустэльніка. У амаль 50-гадовым узросце паступіў у Віленскую епархіяльную семінарыю, потым быў прызначаны яе інспектарам.

Чыноўнікам міністэрства асветы стаў Кароль Ласковіч.

У школьным жыцці А.Адынца пакінуў добры след яго гувернёр, выпускнік Барунскай школы Ігнат Ясюковіч - чалавек здольны і працавіты, чаму і абавязаны сваёй далейшай кар'ерай: атрымаў у Вільні ступень магістра, займаў пасаду ў міністэрстве юстыцыі ў Пецярбургу, быў старшынёй апеляцыйнага суда ў Коўне. Ён не пераставаў даваць сваім падапечным добразычлівыя парады i перасцярогі. Ясюковіч хацеў адвярнуць Антона ад пісання вершаў i пагоні за літаратурнай славай, павярнуць да нечага больш практычнага, хацеў умясціць яго думкі ў вузкія рамкі навукі, чым нямала пашкодзіў маладому паэту. Але сваёй мэты не дасягнуў. Антон жа застаўся абавязаным яму многім добрым як у школе, так i ва ўніверсітэце.

Будучы ў IV класе, А.Адынец ездзіў у Вільню, дзе разам са сваімі сябрамі, тады ўжо студэнтамі універсітэта Фрэйентам і Людвікам Шпіцнагелем, сынам вядомага прафесара медыцыны-уладальніка вёскі Загор'е ля Барун, удзельнічаў у студэнцкай маёўцы. Тады і адбылося знаёмства з Тамашам Занам, Янам Чачотам, Ігнатам Дамейкам ды іншымі філаматамі. Па просьбе Чачота Антон дэкламаваў на маёўцы вершы. Калі ж закончыў, Т. Зан пацалаваў яго. "Гэта было для мяне нібы першае памазанне," - піша Адынец. На наступны год на гэткай жа самай маёўцы яго пазнаёмілі з Адамам Міцкевічам. 3 усіх гэтых знаёмстваў потым на дзесяцігоддзі вырасла шчырае ўзаемнае сяброўства.

Самай страшнай з'явай і прывідам для вучняў усіх павятовых школ быў візітатар, які штогод па даручэнню Рады Віленскага універсітэта аб'язджаў школы, аглядаў, экзаменаваў, а потым даваў справаздачу пра вынікі інспекцыі на пасяджэнні гэтага ж Савета. Савет прызначаў у візітатары прафесараў універсітэта, найбольш знакамітых i "светлых" абывацеляў (напрыклад, Адама Храптовіча, Яна Ходзьку) ці правінцыялаў базыльянскага ордэну. Візітатар для студэнтаў увасабляўся ў святло і жах каметы, час прышэсця якой клапатліва вылічваўся, а самое з'яўленне віталася з перапудам. Ды й самі прафесары не без пэўнай боязі чакалі, якую ж думку аб ix школе прадставіць універсітэту візітатар. У час адной з такіх інспекцый адбылося знаёмства Адынца з візітатарскім сакратаром, паэтам-сатырыкам Ігнатам Легатовічам, а потым і з самім візітатарам - паэтам, ксяндзом, прафесарам кананічнага права і дэканам юрыдычнага факультэта Віленскага універсітэта Янам Канты Хаданіем.

Вучэбны год, як і ва ўсіх школах, штогод завяршаўся публічным экзаменам. Ён адбываўся ў дзень святога Пятра і Паўла, 29 чэрвеня, ужо не ў класе, а ў царкве. Так было i ў 1820 г., калі заканчваў школу А.Адынец.

Царкву запоўніла публіка: бацькі, бліжэйшыя суседзі, павятовыя чыноўнікі з Ашмян. Але ўсе гэтыя зоркі гаслі пры бляску славы прэлата Віленскай капітулы, візітатара Я.К.Хаданія, які ў кананічным адзенні і доктарскім берэце сядзеў на крэсле, устаноўленым на памосце, нібы на троне. Па баках ад яго сядзелі ашмянскі павятовы маршалак і суперыёр Барунскага манастыра. Усе класы па чарзе давалі справаздачу перад гэтым трыумвіратам. Але толькі лепшыя вучні мелі права адказваць на пытанні і дэкламаваць вершы, дэманструючы такім чынам дасягненні свайго класа.

Галоўнымі дзеючымі асобамі на такіх урачыстасцях былі выпускнікі. У тым, 1820 годзе, іх было толькі 7 - з больш чым трыццаці вучняў, якія прышлі ў першы клас, але або на палове шляху перарвалі навучанне і пайшлі ў свет з ніжэйшых саслоўяў, або засталіся ззаду за гэтай сямёркай. Плеяду выпускнікоў 1820 г. складалі бліжэйшыя прыяцелі і прыхільнікі Антона Адынца. Усе яны збіраліся далей вучыцца ў Віленскім універсітэце. Але на той год з Ашмянскага павету прыбыў у Вільню толькі адзін Антон. З лагеру рэалістаў закончылі школу толькі сам Геранім Умястоўскі і яго брат Гілярый, але ва універсітэт яны не пайшлі.

Паводле звычаю, экзамен пачынаўся і завяршаўся прамовамі выпускнікоў з трыбуны, устаноўленай пасярод царквы і пакрытай дыванамі. Адынцу выпала выступаць з апошняй прамовай. Ён завяршыў яе такім прачулым і патэтычным пажаданням прафесарам, школе, калегам, што да глыбіні душы закрануў слухаючую публіку, якая шчодра адарыла яго апладысментамі. Пасля публічных экзаменаў старэйшыя вучні ставілі тэатральныя прадстаўленні дзеля забавы тых, хто прыязджаў на гэты выпускны абрад.

Пасля ўсіх урачыстасцяў - гэта ўжо расказваў Ігнацій Ходзька - заслона з царкоўнага алтара ападала і адкрываўся цудадзейны абраз Маці Божай ў абрамленні зорак з дарагіх камянёў і крышталёў. Усе, старыя і маладыя, падалі на калені і пакорліва схілялі да зямлі галовы. Пеў хор чыстых добрых дзіцячых галасоў. Колькі сэрцаў адразу, колькі малітваў у гэты час узносілася да Бога, колькі надзей усялялася ў сэрца. Потым алтар зачыняўся. Гучаў марш. Усе выходзілі з царквы і і раз'язджаліся. Баруны заставаліся пустымі і глухімі».

Мала было тады школ, як адзначаў А.Адынец, якія б славіліся такой колькасцю выпускнікоў, што буйнымі літарамі ўпісалі свае імёны ў гісторыю ХІХ ст., як Барунская. Адны з іх занялі высокія пасады ў органах дзяржаўнай улады, мясцовага кіравання ў сваіх паветах i губернях (напрыклад, губернатар Плоцка, а потым Любліна Станіслаў Мацкевіч), у царкоўнай іерархіі. Імёны некаторых настаўнікаў i выпускнікоў гэтай школы ўзышлі на навуковым гарызонце: Антоні Вырвіч - прафесар матэматыкі Віленскага універсітэта; Вінцэнт Карчэўскі - ад'юнкт прафесара астраноміі ў гэтай жа навучальнай установе, Антон Камінскі - аўтар прац па асновам геаграфіі і матэматыкі. Свой след у еўрапейскай літаратуры пакінулі Леанард i Ігнат Ходзькі, Антон Эдвард Адынец, Юльян Корсак. Менавіта выпускнікі ордэнскіх школ накшталт Барунскай, як піша А.Адынец, прыўносілі ў Віленскі універсітэт той чысты ўзнёслы эстэтычны кірунак i душэўны настрой, які там развіваўся i з якога расцвітала наступная паэзія.

Імператарскім загадам 1828 г. базыльянскія свецкія вучылішчы былі прыгавораны да паступовага знішчэння. На працягу 1828-1836 г. закрываюцца для моладзі, якая жадала прысвяціць сябе свецкай кар'еры, Жыровіцкая, Талачынская, Барунская, Вярбілаўская, Беразвецкая, Ляданская і інш. школы разам з самімі манастырамі. Базыльянская сістэма свецкай адукацыі была разбурана. Педагагічная дзейнасць ордэна ўжо не магла служыць алібі пасля паўстання 1830-1831 г., якое перакрэсліла гэты пазітыўны аспект яго існавання .

У 1831 г. была прынята пастанова аб скасаванні базыльянскай свецкай школы ў Барунах i стварэнні замест яе духоўнай школы, абавязанай даваць выхаванне 20 сіротам або дзецям беднага духавенства. Паводле іншых звестак, свецкую школу закрылі ў 1835 г.. У 1833 г. Барунскі манастыр і царква былі перададзены ў праваслаўнае ведамства, а пазней (ў 70-80-я г. ХІХ ст.) і зусім перастаў існаваць самастойна - стаў аддзяленнем Віленскага Свята-Духава манастыра. Духоўная школа працавала ў ім да 1845 г. Перад скасаваннем у 1833 г. базыльянскага манастыра абраз Маці Божай Барунскай быў аддадзены Важынскім. Вярнуўся ён у храм амаль праз стагоддзе, у 1922 г. Дарэчы, пра цудадзейны барунскі абраз успамінаў Адам Міцкевіч - у сваіх творах "Анэля" і "Начлег".

У сталым узросце, будучы ўжо знакамітым пісьменнікам, любімцам чытачоў, I. Ходзька наведаў апусцелыя Баруны i ўбачыў паўразваленыя дамы. Па могілках прасоўваўся пануры манах, па вуліцах валачылася абдзёртая галота, на рынку пад капліцай сядзела баба ў лахманах i сярод глухога маўчання мурлыкала вячэрнюю малітву. Стоячы на плошчы перад царквой, ён успомніў, як некалі яна агалашалася вясёлымі галасамі хлапчукоў, што высыпалі пасля заняткаў на вуліцу. I залатыя хвіліны дзяцінства паўсталі перад вачамі пісьменніка...

У 1833 годзе замест школы было адкрыта прыходскае духоўнае вучылішча з 2-х гадовым курсам навучання, затым яно становіцца народным вучылішчам з трыма класамі. З 1884 года пераведзена ў статус царкоўна-прыходскай школы.

У 1919 годзе вядомы беларускі дзеяч і асветнік Сымон Рак-Міхайлоўскі распачаў актыўную работу па адкрыццю беларускай настаўніцкай семінарыі ў нашым мястэчку. Стварэнне такой семінарыі было не выпадковым. Па-першае: у гэты час у Барунах існаваўбеларускі дзіцячы прытулак для сірот вайны, па-другое: Баруны знаходзіліся ў выгадным геаграфічным становішчы.

Беларуская настаўніцкая семінарыя размясцілася ў двухпавярховым мураваным манастырскім будынку, які быў пабудаваны ў 1808 годзе. Семінарыя пачала працаваць у 1920 годзе. Першы набор вучняў склаў 60 чалавек, былі адчынены першыя два класы, увесь курс навукі быў разлічаны на 4 гады. Дырэктарам семінарыі быў настаўнік матэматыкі Сымон Рак-Міхайлоўскі.

Здавалася справа навучання беларускіх дзяцей роднай мове была наладжана, і заставалася чакаць добрых вынікаў, але…

Пасля Рыжскага трактату 1921 года на заходніх землях беларусі распачалася мэтанакіраваная палітыка паланізацыі. У такіх умовах беларуская семінарыя існаваць не магла і 15 чэрвеня 1921 года па загаду дырэктара Дэпартаменту Асветы настаўніцкая семінарыя была зачынена, а затым у гэтых мурах пачала дзейнічаць польская настаўніцкая семінарыя, нягледзячы на шматлікія просьбы і пратэсты жыхароў Барун.

Такім чынам, семінарыя была ліквідавана не зрабіўшы ні аднаго выпуску. Калі вучні даведаліся пра гэта, то сваімі сіламі паставілі “Паўлінку” Янкі Купалы. Сам дырэктар семінарыі Сымон Рак-Міхайлоўскі пакінуў Баруны ў 1922 годзе, пасля таго, як цалкам былі страчаны надзеі працягваць вучобу ў базыльянскіх мурах.

Нягледзячы на такі кароткі і складаны лёс, беларуская настаўніцкая семінарыя ў нашым мястэчку яскрава паказала, што на нашай зямлі ёсць і будуць беларусы,якія імкнуцца да навукі і будуць абараняць сваё роднае і дарагое – мову.

Люблю цябе, мой родны краю

І калі мой апошні час праб’е

Скажу табе без пахвальбы, што паміраю,

Аддаўшы ўсё, што меў найлепшага, табе

  1   2


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка