Баравікова Раіса Стужка ордэнская




Дата канвертавання12.05.2016
Памер102.03 Kb.
Баравікова Раіса

Стужка ордэнская

I лёгкакрылы матыль можа навеяць успаміны...
3 нататніка астранаўта.

Я ўжо даўно не быў у космасе, як, дарэчы, і доктар Савіч. Займаліся выключна зямнымі справамі. На сваёй сядзібе доктар адвёў мне невялікі ўчастак зямлі, куды я перавёз з карабля свой батанічны сад і цяпер цэлымі днямі быў заняты доследамі. Многія расліны не прыжываліся ў зямным грунце і мне даводзілася іх бясконца перасаджваць у розную глебу.

Быў пачатак верасня, а адна расліна — ну проста бы вылепленая са снегу — якую я выкапаў на адной з планет далёкага сузор'я Вялікага Пса, так і не памяняла свайго белага колеру і толькі-толькі выпусціла першы лісток на Зямлі, у што я ўжо не верыў. Таму і хацеў як мага хутчэй паказаць яго доктару Савічу. Але той ужо сам гукаў мяне:

— Сы-ымон! Сымо-он, не паверыш: у нас госць!

Я, вядома ж, пайшоў да альтанкі, адкуль чуўся голас доктара, і пабачыў там Антона, камандзіра нашага экіпажа, з кім найчасцей даводзілася вылятаць у космас. Антон прыехаў да нас з прапановай, і калі мы выслухалі яго, дык адразу і пагадзіліся паляцець да сузор'я Цяльца ў накірунку Крабападобнай туманнасці.

Справа ў тым, што ўжо недзе з год таму назад Міжнародная асацыяцыя зоркавых палётаў паслала туды экспедыцыю паназіраць з невялікай адлегласці за гэтай загадкавай газавай туманнасцю, і карабель, дзе пілотам быў саксонец Ганс Мюлер, на адной з планет (трэба меркаваць, сузор'я Цяльца) пацярпеў катастрофу. Ніхто з членаў экспедыцыі, а іх было толькі чацвёра, не загінуў, але на Зямлю яны вярнуцца не маглі. Зоркалёт пад уздзеяннем невядомых энергій распаўся на некалькі частак. Саксонец настойваў на тым, каб па іх паляцелі менавіта мы — беларусы. Маўляў, пабачым там нешта надзвычай цікавае для сябе. А самае галоўнае, што адным з членаў той экспедыцыі была псіхолаг Галя, якую мы неаднойчы бралі з сабою ў касмічныя падарожжы. Як было не паляцець?

I праз паўгода, дзесьці ўжо пад канец зімы, мы стартавалі...

Яшчэ была бачная ў зімовым небе прамяністая зорка Альдэбаран, якую нехта аднойчы назваў «вокам быка». Туды, да яе, і пралёг наш маршрут. Але да Альдэбарана мы не даляцелі, хаця былі зусім блізка ад гэтай зоркі і яе планетнай сістэмы. Так блізка, што маглі бачыць дзве планеты на сваіх экранах. Нечакана на сувязь з намі выйшаў саксонец, і наш робат-пілот адхіліўся ўправа ад іх, прытрымліваючыся тых каардынатаў, якія нам даў Ганс. I ўжо неўзабаве мы завіслі над зусім невялікім астэроідам, усяго кіламетраў пятнаццаць у дыяметры. 3 вышыні ён меў форму глыбокай талеркі: па краях — горы, а ў сярэдзіне — зялёная пляма, на ўскрай якой мы і апусціліся.

Перад намі ляжаў трапічны пальмавы лес, ды такі высокі, што белыя з чырвонымі дахамі пабудовы між пальмаў выглядалі як казачныя домікі, у якіх жывуць гномы. Але каля гэтых казачных дамкоў мы пабачылі не гномаў, а самых сапраўдных людзей-ліліпутаў у вельмі стракатым адзенні. Калі б яны мелі за спінамі крылы, дык іх можна было б прыняць і за казачных эльфаў. Наш карабель не прыцягваў іхняй увагі. Ён не быў для іх дзівам, і нас гэта, у адрозненне ад іх, здзіўляла. Можна было падумаць, што яны тут бачаць зоркалёты з іншых светаў штодня.

Ужо недзе з паўгадзіны мы ўзіраліся ў мясцовасць і вось пачулі радасныя крыкі: «Анто-он! Доктар Саві-іч! Сы-ымон!» Да карабля беглі Ганс Мюлер і Галя. Мы з палёгкаю ўздыхнулі. Робат-пілот не памыліўся, пасадзіў карабель там, куды і павінен быў пасадзіць. I пасля кароткіх слоў прывітання, пасля радасных абдымкаў, калі мы спусціліся на паверхню, саксонец прапанаваў прайсці да абломкаў іх карабля, дзе яны размясцілі некалькі палатак. Па дарозе ён расказаў што тут з імі знаходзяцца яшчэ і астрафізік — бельгіец Алекс, і бортмеханік, імя якога яны не ведаюць дагэтуль. Што, зразумела, нас усіх здзівіла.

— Як гэта такое можа быць? — адразу запытаўся доктар Савіч. — Ты пілот і не ведаеш імя свайго бортмеханіка?

А гэта не мой бортмеханік, — адказаў Ганс. — Мой у шпіталі на Месяцы, паляк Ромусь. А гэтага мы падабралі там... на родненькім падарожніку. Ён папрасіўся на карабель, і мы не змаглі яму адмовіць. Тым больш што нам патрэбен быў бортмеханік.

I далей саксонец расказаў што, як толькі яны пакінулі зямную атмасферу, Ромусь адразу захварэў на касмічную дэпрэсію, ды ў такой цяжкай форме, што за ім увесь час трэба было назіраць, што і рабіла Галя. Касмічная прастора гняла яго, выклікала трывогу і неспакой. У такім стане ён не мог ляцець у глыбокі космас, і яны зрабілі незапланаваную пасадку на Месяцы. Каб хвароба не перайшла ў хранічную форму, Ромусь пагадзіўся паказацца там дактарам у шпіталі хуткай дапамогі, дзе і застаўся. Ганс паабяцаў яму, што яны забяруць яго на зваротным шляху. Калі ўжо рыхтаваліся стартаваць, да іх і падышоў незнаёмец, які на касмічным слэнгу папрасіўся на карабель, маўляў, я — бортмеханік, вас не падвяду. Астатняга ведаць вам не трэба.

Мы ўжо падыходзілі да палатак і адразу пабачылі даволі высокага чалавека, які спрабаваў падняць кавалак жалеза. Падобна, што гэта была дэталь насавой часткі карабля.

— Гэ-эй, бортмеханік, — крыкнуў саксонец. — Што ты там робіш?

— Я так разумею, мы хутка стартуем адсюль, — адказаў той. — Не пакідаць жа гэтае жалеззе тут! Трэба перанесці яго ў горы. Ліліпутам цяжка будзе гэта зрабіць.

У яго была жахлівая мова — сумесь самых розных слоў: англійскіх, беларускіх, французскіх, рускіх... Але мы зразумелі бортмеханіка.

— Добра, нясі, — сказаў Мюлер і паглядзеў на нас. У гэты момант з палаткі выйшаў зусім яшчэ малады чалавек прыемнай знешнасці, і саксонец позіркам паказаў у яго бок. — Знаёмцеся, наш астрафізік... — і тут жа запытаўся. — Хто хоча дапамагчы бортмеханіку?

Я быў не супраць падняцца ў горы. Карцела хутчэй агледзець гэтую малюпасенькую маляўнічую планетку, таму і сказаў:

— Я дапамагу!

I мы пацягнулі з бортмеханікам той цяжкі кавалак жалеза пад гару. Пальмы ўжо скончыліся. Мы падні-аліся, дакладней, прадзіраліся праз густы зараснік незямных карлікавых дрэў. I тут раптам зусім блізка пачуўся крык. У голасе былі і жах, і боль.

— Чакай, — сказаў я бортмеханіку. Кінуў жалезіну і пачаў прабірацца праз гушчар у напрамку голасу. Хутка я пабачыў у густой траве ліліпутку. Яна ляжала ніцма і кідалася з боку ў бок, спрабуючы скінуць з плячэй звярка, ну, рыхтык зямную кошку.

— Р'ісь! Р'ісь! — крычала ліліпутка, а звярок упіўся зубамі ў яе шыю, і з раны сцякала кроў. Я спрабаваў ухапіць звярка, але ён зашыпеў і ашчэрыўся.

— Ко-оця, мой ты харошы коця, — раптам вырвалася ў мяне, чаго я і сам не чакаў, і тут жа паспрабаваў пагладзіць звярка. Гэта яму спадабалася. I вось нарэшце я змог узяць яго на рукі і ўжо збіраўся дапамагчы падняцца ліліпутцы, якая цяпер толькі тоненька ўс-хліпвала і ўсё яшчэ спуджана паўтарала:

-Р'ісь! Р'ісь!

Але тут з зарасніку выскачыў бортмеханік, а праз некалькі хвілін з'явіліся і ліліпуты. Адзін з іх падышоў да мяне, нешта сказаў, чаго я, вядома ж, не зразумеў. А астатнія трое падхапілі ліліпутку на рукі і зніклі ў зарасніку. За імі кінуўся і той, што нешта сказаў мне.

— Звер мог яе загрызці, — адазваўся бортмеханік.

— Ды які ж гэта звер? Самая сапраўдная кошка!

— Яна дзікая. Адпускай яе.

А кошка ўжо і сама выслізнула з маіх рук, церанулася аб нагу і пабегла ў зараснік.

— Ну што, бортмеханік? — сказаў я. — Дзе тая жалезіна? Пойдзем цягнуць яе далей...

I дзесьці праз гадзіну мы спусціліся з гары назад да палатак, дзе нас ужо чакаў прыгатаваны абед. Але есці селі не адразу. Я расказаў пра здарэнне.

— Цяпер да нас абавязкова прыйдуць ліліпуты, каб неяк цябе аддзячыць, — сказаў саксонец.

— А чаму толькі яго? — не то абурана, не то з крыўдаю запытаўся бортмеханік.

— Хто ўратаваў ліліпутку, таму і падзяка, — адказаў Ганс. — Яны міралюбныя. Я за гэты даволі доўгі час, што тут мы прабылі, пачаў трошкі разумець іх мову.

— А я з некаторымі з іх нават пасябравала, — пасміхнулася Галя.

— Ну і што яны з сябе ўяўляюць? — пацікавіўся доктар Савіч.

— Усю сваю тэрыторыю, а гэта, лічыце, невялічкі горад, яны называюць сваім каралеўствам, — пачаў расказваць Ганс. — У іх ёсць кароль. Вельмі стары і нямоглы, да ўсяго, кепска бачыць. У яго сем дачок і дванаццаць сыноў. Ну, а што да астатніх жыхароў, іх тут тысячы дзве, не болей. Нярэдка складваецца ўражанне, што яны перасяленцы з нейкай іншай планеты, якія калісьці таксама пацярпелі тут катастрофу.

— I як жа яны называюць сваё каралеўства? — запытаўся Антон.

— Не паверыце: Бычыны хвост. Такое дзіўнае супадзенне, — адазваўся бельгіец. — Самі яны, мяркую, не ведаюць, што гэты астэроід знаходзіцца ў сузор'і Цяльца.

— Дарэмна ты так мяркуеш, — запярэчыла Галя. — У іх ёсць зоркавыя карты.

У гэты момант пачуліся музычныя гукі, быццам хтосьці некалькі разоў стукнуў па клавішах фартэпіяна. Мы ўсе пабачылі двух ліліпутаў, якія падыходзілі да нас. I Галя перавяла гаворку на іншае.

— Не ведаю, ці ўмеюць яны спяваць, — яна запытальна паглядзела на саксонца. — А вось іграюць бліскуча і без інструментаў Пэўна, у іх языкі такія музычныя?

— Учора я прайшоўся па адной з іхніх вуліц, — сказаў саксонец, — і, пакуль ішоў, увесь час чуў гукі скрыпкі. У доміках расчыняліся вокны, з іх выглядвалі ліліпуты і адразу ж пачынала гучаць вельмі прыемная мелодыя.

Мы ўсе ўздрыгнулі, здалося, што нехта зусім блізка ўдарыў у літаўры. Пасля гэтага лілінуты звярнуліся да нас з прамовай. Ганс адразу ж пачаў перакладаць.

— Ты, Сымон, — звярнуўся ён да мяне, — уратаваў ад дзікага звера прынцэсу, малодшую дачку караля. I за гэты геройскі ўчынак кароль хоча ўзнагародзіць цябе ордэнам. Заўтра ён гэта зробіць тут, у нас. Прыйдзе сюды са сваёй світай. Але кароль не любіць, калі яму нешта падказваюць. Таму, каб каралю самому адразу было бачна, каму ўручаць ордэн, табе спачатку прышпіляць ордэнскую стужку. I паколькі кароль кепска бачыць, стужка будзе каляровая, вельмі яркая.

Саксонец прамовіў апошнія словы і паглядзеў на ліліпутаў. Яны варухнулі губамі, і зноў пачуліся лі таўры. Пасля гэтага ліліпуты развіталіся і пайшлі, а мы ўсе, не без хвалявання, пачалі чакаць наступнага дня, які пачаўся для нас з непрыемнага паведамлення. Прыйшоў адзін з ліліпутаў і сказаў, што ордэнскія стужкі, якія знаходзіліся ў кабінеце іх вайсковага міністра, гэтай ноччу некуды зніклі, але цырымонія ўзнагароджання не адмяняецца. Таму, як толькі з'явіцца кароль са світай, нам усім трэба будзе стаць у строй і, калі кароль падыдзе да нас, я павінен буду зрабіць некалькі крокаў наперад, каб атрымаць ордэн.

Усё так і адбылося. Праз некалькі гадзін мы пабачылі шэсце, якое накіроўвалася да нашых палатак. Мы глядзелі на ліліпутаў і адначасова чулі цэлы аркестр. Усё навокал грымела, пілікала, звінела, пакуль шэсце не наблізілася да нас. Мы ўсе ўжо стаялі роўным строем. Я на некалькі крокаў выйшаў наперад і пабачыў што тое ж самае зрабіў бортмеханік. Але кароль упэўнена ішоў да мяне, не звяртаючы ніякай увагі на бортмеханіка. I тут я згледзеў, што на маіх грудзях на світэры трапеча матыль, крылы якога нагадваюць ордэнскую стужку, а кароль ужо з нейкімі словамі (і няцяжка было здагадацца, што гэта былі словы падзякі) працягнуў мне чаканку ў форме медаля. Я зірнуў на яе і ў мяне нават не знайшлося слоў, каб нешта сказаць у адказ, настолькі я быў уражаны. Адно глядзеў і глядзеў на гэты свой ордэн. А кароль і яго світа тым часам пакідалі ўжо нас. Зноў зазвінелі, запілікалі, загрымелі гукі аркестра, а я ўсё ўзіраўся ў выяву на чаканцы.

— Пакажы, што ты там разглядваеш, — папрасіў доктар Савіч.

— Не паверыш, — сказаў я. — На гэтай чаканцы наш Кастусь Каліноўскі!

I ўсе пачалі разглядваць чаканку, перадаючы з рук урукі. Толькі бортмеханік пайшоў у адну з палатак і ўжо ледзь не да самага старту амаль не выходзіў з яе.

— Зазлаваўся, што не яму далі ордэн, — зазначыла Галя. А да мяне падышоў Ганс Мюлер.

— У іх не толькі такія чаканкі ёсць, — сказаў ён. — Шмат іншых. Мне паказваў іх вайсковы міністр адразу пасля таго, як мы пацярпелі тут катастрофу. Запомнілася выява жанчыны, пад якой прачытаў надпіс: Еўфрасіння Полацкая. Хто яна?

— Вядомая асветніца, святая. 3 нашай глыбокай гісторыі, — адказаў я. — А Кастусь Каліноўскі — наш нацыянальны герой, які таксама застаўся ў нашай гісторыі. Але як гэтыя чаканкі тут апынуліся? Адкуль узяліся?!

На мае пытанні адказаў Антон:

— Пра гэта можна толькі здагадвацца. Думаю, яны з тых лятальных апаратаў, якія пасылаліся ў космас на самым пачатку, вельмі даўно. У іх часта ўкладваліся дыскі з запісамі пасланняў да чужых цывілізацый у іншыя светы і, канечне ж, чаканкі з выявамі нашых самых славутых людзей. Напэўна, адзін з тых апаратаў трапіў сюды, на гэты астэроід. I цяпер атрымалася ўсё як нейкае дзіва.

— Матыль таксама з серыі цудаў, — зазначыў доктар Савіч. — Не выпадкова ж ён сеў табе на грудзі якраз у той момант, калі з'явіўся кароль. Думаю, ён умее мысліць, ва ўсякім выпадку адрозніваць, хто герой, а хто толькі хоча выглядаць героем.

Той матыль так і застаўся на світары ў мяне на грудзях. I я ўзяў яго з сабою на карабель, бо тым жа днём мы вырашылі пакінуць астэроід. I, калі ўжо ўзляталі, знізу, з паверхні да нас даносіліся гукі чароўнай музы-кі — гэта ліліпуты развітваліся з намі, а ў адсеку, дзе размясцілася Галя, пачуўся крык. Я кінуўся да адсека, дзе ўжо быў доктар Савіч, і пабачыўу кутку раз'юшанага звярка, якога не мог не пазнаць. Адразу ж згадалася ліліпутка і той яе поўны жаху крык: «Р'ісь! Р'ісь!»

— Гэта, мае дарагія, рысь, — сказаўя, і ў мяне апошняе слова вымавілася больш цвёрда, чым у ліліпуткі. Але мне трэба было сказаць рысяня, там што за час нашага палёту назад на Зямлю, звярок вырас і стаў сапраўднай рыссю. Але перад тым, як мы прызямліліся на нашым касмадроме за Раўбічамі, у нас яшчэ была пасадка на Месяцы, дзе трэба было забраць паляка Ромуся.

I як толькі мы селі там на паверхню, Ганс адразу выклікаў месяцаход, і ўсе выйшлі з карабля. Вырашылі, што ў шпіталь хуткай дапамогі паедуць Ганс і бельгіец. I калі яны ад'ехалі, Антон пачаў разважаць, што мінаюць дзесяцігоддзі, а Месяц усё яшчэ як след не абсталяваны, каб стаць сапраўднай калоніяй Зямлі.

— Усе захапіліся глыбокім космасам, — уздыхнуў ён. I тут жа адазвалася Галя:

— Цішэй, Антон, —у яе голасе чуўся спалох. — Вунь, зірніце, ля таго валуна... Там ляжыць бортмеханік!

Мы сапраўды пабачылі ля валуна бортмеханіка, які на працягу ўсяго палёту амаль ні з кім з нас не кантактаваў.

— Можа, яму кепска? — сказаў я і асекся. На нашых вачах бортмеханік пачаў раздвойвацца. Адзін заставаўся нерухома ляжаць ля валуна, а другі, захоўваючы тую самую форму, павісеў імгненне над ім распасцёрты і стаў на ногі. I ў той жа момант ён пачаў выцягвацца, расці. I калі дасягнуў метраў чатырох, увесь страсянуўся і пайшоў, няўклюдны і цыбаты, у маўклівую прастору. Ён ніводнага разу не азірнуўся. Відаць, нічога акрамя абыякавасці ў адносінах да нас у яго не было.

— Вось цяпер бачу, што ён сапраўды незнаёмец і, здаецца, не зямнога паходжання, — сказаў доктар Савіч.

А я глядзеў, як аддаляецца гэтая чатырохметровая постаць, і мяне агортваў сум. Яму так хацелася, каб яго ўзнагародзілі! Я шкадаваў, што мы не сталі сябрамі, калі разам цягнулі тую цяжкую жалезіну пад гару на маленечкім астэроідзе ў сузор'і Цяльца.



Гэтыя сум і шкадаванне не пакідалі мяне і на Зямлі. Я радаваўся, што мы прывезлі з далёкага чужога свету матыля, якога назвалі стужкай ордэнскай. Цешыла мяне думка, што недзе ў нашых глухіх лясах блукае дзікая рысь, якую, як паказаў час, так і не ўдалося прыручыць. I, вядома ж, распіраў гонар, як толькі браў у рукі сваю каштоўную рэліквію, тую чаканку з выявай Кастуся Каліноўскага. А вось, калі згадваў самотную чатырохметровую постаць, што аддалялася ад нас, усё ішла і ішла — у бязлюдную маўклівасць Месяца, я пачынаў і сябе адчуваць самотным...






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка